| |
Ад рэдакцыі
Украінскі нумар “ARCHE” паўстаў найперш з практычнай патрэбы: даць беларусам прыклады таго, як можна пісаць, дасьледаваць, аналізаваць, мысьліць у сытуацыі, набліжанай да бепарускай. Па-другое, з корці адкрыць для нашых людзей кірунак найноўшага ўкраінскага мысьленьня, самабытнасьць украінскае літаратуры апошніх гадоў. Па-трэцяе, з ахвоты зьмяніць вобраз Украіны ў вачах беларускага чытача.
Цягам 90-х “Украіна” стала азначаць для беларусаў развал. Як адзначае ў сваім артыкуле кіеўскі палітоляг Максім Стрыха, па паказчыку валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва Беларусь цяпер роўна ўдвая апярэджвае Ўкраіну (6876 даляраў супраць 3458). 3-за разрыву ва ўзроўнях жыцьця і прававой сьвядомасьці насельніцтва, у справядлівасьці разьмеркаваньня нацыянальнага багацьця многія беларусы сталі ўспрымаць Украіну як краіну “поўдня” ня толькі ў геаграфічным сэнсе. Нягледзячы на адчайнае сацыяльна-эканамічнае становішча, ува Ўкраіне за апошнія дзесяць гадоў былі напісаныя тэксты, інтэлектуальнае і эстэтычнае багацьце якіх стане шмат для каго з чытачоў “ARCHE” неспадзяванкай.
Амаль увесь нумар прысьвечаны пісьменству і думцы 90-х. Апошняе дзесяцігодзьдзе стала надзвычай плённым для ўкраінскай літаратуры і гуманістыкі. Украіна дасягнула значна большага культурнага сувэрэнітэту, чымся Беларусь. Маштаб зьдзейсьненага ўкраінцамі ў ліку іншага паказвае, як мала зроблена беларусамі за першую дэкаду незалежнасьці. Адбіраючы матэрыялы для Ўкраінскага нумару, мы зьвярталі найбольшую ўвагу на тыя галіны, у якіх беларускае “адставаньне” ад Украіны найбольш відавочнае, — гісторыю ідэяў, тэорыю нацыяналізму, палітычную думку. І на жанры — эсэ, рэцэнзіі, агляду. Аднак побач друкуюцца і прыўкрасныя ўзоры ўкраінскае прозы 90-х: Юр’я Андруховіча, Уладзімера Дзібровы, Аксаны Забужкі, Іздрыка. Шэраг вершаў выбітных украінскіх лірыкаў Наталкі Белацэрківец, Уладзімера Рымарука, Васіля Стуса, Рыгора Чубая падаюцца на мове арыгіналу — роднаснасьць нашага культурнага досьведу гэта дазваляе, а ў перакладзе яны амаль непазьбежна шмат страцілі б. Творы ж Сяргея Жадана, Аляксандра Ірванца перастварыў па-беларуску Андрэй Хадановіч, блізкі ім эстэтычна і духоўна.
Наш падыход да адбору тэкстаў вызначыўся ў нечым па апазыцыі да “ўкраінскага нумару” часопісу “Полымя”, што пабачыў сьвет летась. Тады як крытычныя артыкулы Канстанціна Маскальца і Міколы Рабчука стануць каштоўным дапаўненьнем да падборкі матэрыялаў, прысьвечаных постаці Васіля Стуса, у часопісе “Крыніца”.
Стэрэатыпнаму ўяўленьню пра Ўкраіну як тэрыторыю заняпаду адпавядае зваротнае клішэ пра Беларусь як пра тэрыторыю цемры, краіну, у якой спыніўся час, навязанае ўкраінцам украінскімі СМІ. Хоць гэтыя стэрэатыпы небеспадстаўныя — як дакладна зацеміў беларускі мовазнаўца Юрась Бушлякоў, 90-я гады выявілі, што Беларусь была русіфікаваная мацней за Ўкраіну, тады як Украіна была саветызаваная мацней за Беларусь, — яны шкодзяць рэалістычнаму ўспрыманьню сябе і для разбурэньня іх патрэбны высілак і нас, і нашых украінскіх сяброў.
Дзякуй богу, мы ўзаемна цікавыя яснаю думкаю, гаючым словам. 3 такіх і склаўся гэты таўшчэзны нумар.
Застаецца толькі скласьці падзяку “Перакладчыцкай майстэрні” пры Львоўскім унівэрсытэце імя Франка і яе кіраўніцы Марыі Габлевіч за дапамогу ў ажыцьцяўленьні працы над перакладам раману Ю.Андруховіча “Маскавіяда”, ягонага ж эсэ “Шаўчэнка is OK” ды апавяданьня У.Дзібровы “Дзень нараджэньня”.
Увогуле ж нумар не пабачыў бы сьвету бяз шчодрай дапамогі Ўкраінскага Фонду “Відродження”, сяброўскіх парадаў Віталія Панамарова, мудрага ўплыву Аксаны Забужкі і Міколы Рабчука, энэргіі Рамана Кабца.
Летась часопіс “ARCHE” выдаў Габрэйскі нумар, цёпла стрэты як беларускімі, так і жыдоўскімі коламі. Сёлета падрыхтаваны фундамэнтальны Ўкраінскі нумар, які вы трымаеце ў руках. Налета, дасьць Бог, зьявіцца Літоўскі. Ёсьць задумы адчыніць старонкі “ARCHE” здабыткам польскай культуры апошніх гадоў, прысьвяціць некалькі месяцаў рэдакцыйнае працы падсумаваньню расейскіх дасьледаваньняў, што вядуцца ў Беларусі. І безумоўны прыярытэт — падрыхтоўка “Нямецка-беларускага нумару” часопісу.
|
|