A R C H E S k a r y n a № 4 (9) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


42000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ВАЛЕРКА БУЛГАКАЎ
Вокладка ARCHE Skaryna 4-2000.

   Мінулыя нумары:

   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Валерка Булгакаў
Дэклясаваная эліта
„Беларуская думка“ і беларуская
рэальнасьць канца стагодзьдзя

Беларуская думка/Белорусская мысль.
Штомесячны навукова-тэарэтычны
і грамадска-публіцыстычны часопіс. № 1. Студзень 2000.


1.

Пры канцы стагодзьдзя міжволі зьяўляецца жаданьне абагульняць і параўноўваць. Паспрабуем абагульніць і параўнаць і мы: што зьмянілася ў жыцьці беларускага народу за апошнія сто год? Што мы шчасьліва набылі і што незваротна страцілі?

Калі йсьці ў рэчышчы павярхоўнага абагульненьня, то можна скласьці гэткі рахунак. Сто год таму беларусы ўяўлялі сабой адносна гамагенную традыцыйную аграрную супольнасьць з патрыярхальнымі этыка-маральнымі нормамі, разьяднаную рэлігійна і культурна, але сцэмэнтаваную адной мовай і мэнтальнасьцю. У сацыяльным пляне гэта быў збольшага сялянскі народ, сувязі зь якім за рэдкім выняткам выракліся верхнія слаі аграрнай супольнасьці фэўдальнага тыпу — шляхта, клер, дробныя і буйныя ўраднікі. Горад быў у сутнасьці закрыты для беларусаў. Нават трапіўшы ў яго, яны выконвалі найменш прэстыжныя сацыяльныя ролі. „Беларус“ фактычна быў сынонімам разгубленага селяніна, дэзарыентаванага новымі павевамі часу, носьбіта размытай, у многім прамежкавай ідэнтычнасьці, пад’ярэмленага, прыбітага і падуладнага вонкаваму панаваньню. Яго галоўным клопатам было фізычнае выжываньне.

З пункту гледжаньня ідэнтычнасьці мала што зьмянілася за гэтыя сто год. Яна па-ранейшаму застаецца недааформленай і плыткай. Адначасна адбылася рэзкае зьмяншэньне колькасьці носьбітаў беларускай мовы, відавочна, больш як у два разы, прычым сфэра распаўсюджаньня мовы істотна не пашырылася. Вынятак тут складае мастацкая літаратура.

XX стагодзьдзе — гэта час раскладаньня і пэрманэнтнага крызысу традыцыйнага беларускага сьветагляду і стыхійнага засваеньня новых, выпрацаваных у Савецкім Саюзе стэрэатыпаў паводзінаў і ўяўленьняў пра рэчы і людзей. Гэта таксама час „рэпрэсіўнай урбанізацыі“, абумоўленай няроўнымі магчымасьцямі існаваньня (альбо гібеньне на сяле, альбо эвэнтуальнае працьвітаньне ў мястох).

Беларусы перасталі быць вузкай сацыяльнай групай — паляцелі ў космас, хадзілі ў партызанах, рабіліся дырэктарамі саўгасаў, народнымі пісьменьнікамі, заслужанымі артыстамі і функцыянэрамі КПСС. Пад канец стагодзьдзя Беларусь сталася незалежнай, і неўзабаве ў нас зьявіўся першы свойскі прэзыдэнт і яго апарат.

Карацей, беларусы займелі собскую эліту, якая вядзе за сабой свой народ.
 

галоўны рэдактар часопіса ARCHE, аўтар эсэ „Мой Багушэвіч. Дыялектыка клясычнага тэксту" (1998). Апошняя ягоная публікацыя — артыкул „Каляндарык для кастрата" ў мінулым нумары ARCHE Скарыны.
   

 
2.

Як выхадцы з народных нетраў, прадстаўнікі новасьпечанай эліты перанялі бальшыню рысаў свайго сілкуючага асяродзьдзя. Першая і галоўная зь іх: надзвычайная, звышканфармісцкая гнуткасьць перад уладу трымаючымі. Другая й таксама вельмі важная: адсутнасьць свайго інстытуцыйна замацаванага сацыяльнага статусу, калі, зразумела, ня браць пад увагу тую частку элітаў, што складаецца з былой савецкай партнамэнклятуры і таго, ува што яна вырадзілася сёньня. Гэта натуральна: ад нашых элітаў ніколі не патрабавалася быць на інтэлектуальнай, прафэсійнай і проста чалавечай вышыні.

Новыя беларускія эліты пры гэтым вельмі неаднародныя. Часам нават здаецца, што паміж імі існуе больш разьдзяляльных лініяў, чымся яднальных пачаткаў. Вельмі неаднародныя яны і лінгвістычна, і паводле свайго нацыянальна-этнічнага складу, і паводле сьветапоглядных установак ды вартасьцевых арыенціраў.

Апошняя пазыцыя заслугоўвае асаблівага разгляду, таму што дзякуючы ёй можна вылучыць тры асноўныя складовыя часткі, якія ўрэшце і ўтвараюць гэты гетэрагенны масіў беларускіх элітаў. Насоўваецца такая спантанічная спроба клясыфікацыі: а) ужо згаданая былая савецкая намэнклятура — апаратчыкі, функцыянэры, ідэолягі, партыйныя і савецкія кіраўнікі, дырэктары, галоўныя інжынэры etc. заводаў і фабрыкаў, работнікі міністэрстваў і ведамстваў — цяпер яна альбо абслугоўвае лукашэнкаўскі рэжым, або займае прывілеяванае становішча ў беларускім бізнэсе, верхні аддзел якога так ці інакш падкантрольны ўсё тым жа „прэзыдэнцкім структурам“; б) нованароджаная праслойка дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, якая сваім зьяўленьнем абавязаная гаспадарчым ператварэньням канца 80-х — пачатку 90-х. Нягледзячы на свой дзяціны век, некаторыя прадстаўнікі групы ўжо цяпер дабіліся пераканаўчых посьпехаў у сваёй справе. Гэта дае надзею на тое, што зь цягам часу яны стануцца касьцяком новай беларускай эканамічнай эліты; в) інтэлігенцыя ў шырокім, „савецкім“ разуменьні гэтага слова. У нас традыцыйна вылучалі „творчую“ ці „гуманітарную“, „навукова-тэхнічную“ і г.д. інтэлігенцыю. Да яе прылучалі настаўнікаў, выкладчыкаў, лекараў, работнікаў культурных установаў. Гаварылася, што, каб стаць інтэлігентам, ня трэба мець вышэйшай адукацыі, галоўнае, быць носьбітам высокіх маральна-этычных якасьцяў. Існаваў нават эўфэмізм „інтэлігент з народу“.

Так зразуметая „інтэлігенцыя“ прадукуе „беларускую палітычную апазыцыю“ (перакінчыкі накшталт Юр’я Захаранкі ці Пятра Краўчанкі з стану былой намэнклятуры тут ня ў лік — колькасна яны пакуль у меншыні). Не дасягнуўшы перамогі тады, калі яна была магчымая, беларускія апазыцыянэры аддаюцца тыпова інтэлігенцкім — не хваробам, а так, слабасьцям. Беларускія апазыцыянэры страшна некамфортна пачуваюцца ў рэальным беларускім грамадзтве, далёка не дасканалым і, можна сказаць, амаральным. І іх палымяныя, агністыя позіркі скіроўваюцца некуды наперад, а можа быць, назад — ува ўсякім разе, туды, дзе шматпакутная Беларусь ужо аквецілася вясёлкавымі промнямі і зацурчэла жыватворнай крыніцай беларуская мова. У сапраўднасьці ўсё інакш: калі рэальная палітычная актыўнасьць не скіраваная на рэальныя палітычныя аб’екты і не прыносіць у агляднай пэрспэктыве жаданых вынікаў, значыць, у разьлікі, у аналітычныя пабудовы закралася памылка.

Шмат сказана пра беларускую раздвоенасьць, калізію „дзьвюх душаў“ у целе беларускага інтэлігента. Выглядае на тое, што цяпер беларускі інтэлігент мае ня толькі „дзьве душы“, але й жыве ў двух сьветах. Першы не залежыць ад яго і існуе як аб’ектыўная сапраўднасьць, другі ж сьвет канструюецца ягонай ня ў меру буянай уявай. Гэты сьвет напоўнены такімі субстанцыямі і рэчамі, як „талерантнасьць“, „памяркоўнасьць“, „альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары“. Тое, што сёлета беларуская палітычная апазыцыя салідарна адмаўляецца браць удзел у „недэмакратычных выбарах“, нам здаецца рэчай таго ж самага парадку. Ад нязноснага ўціску рэальнасьці ў сьвядомасьці чыніцца свайго роду „паўстаньне супраць нячыстай рэальнасьці“, вынікам чаго стаецца „перанос“ выбараў у плашчыню гульні ўяўленьня і ўзьвіваў фантазіі. У такіх выбарах перамагчы можа кожны.

Сказаць, што беларускія эліты неаднародныя, што аб’ектыўна і адначасна ў Беларусі існуюць гаспадарчыя, культурныя, інтэлектуальныя і г.д. эліты, паміж якімі ня толькі не вядзецца дыялёгу, але і адсутнічаюць найменшыя адзнакі паразуменьня, значыць не сказаць усяго. Фактычна адразу пасьля іх нараджэньня адбылася нацыяналізацыя эліт. Сёньня мы назіраем адваротны працэс — іх частковае разьдзяржаўліваньне. Перашкодзіць яму ня ў стане нават прэзыдэнт Лукашэнка.
 

 
   

 
3.

Лукашэнка, гэты інтэлігент з народу, выявіў усю праблематычнасьць і беларускай нацыі, і беларускага грамадзтва, і беларускіх элітаў. Яго абраньне на прэзыдэнта ў пэўных колах тлумачылі прыкрай выпадковасьцю, фатальным зьбегам абставінаў, непамыснай палітычнай кан’юнктурай. За нейкі час, аднак, стала ясна, што іншага проста не было дадзена, што гэта заканамернасьць. Так сама ў гэтых колах мянялася стаўленьне да асобы Лукашэнкі. Ад страху і адкрытай непрыязьні яно пачало хінуцца ў бок асьцярожнага зацікаўленьня яго няўрымсьлівай асобай. У гэтых колах пачалі справядліва аддзяляць сэнс палітычнай дзейнасьці Лукашэнкі ад яго яскравай, маляўнічай індывідуальнасьці.

Сваім зьяўленьнем Лукашэнка абавязаны гістарычнай мэтамарфозе. Раней такія, як ён, былі дырэктарамі саўгасаў, нізавымі актывістамі, сакратарамі пярвічных партыйных арганізацый, настаўнікамі ў школах, участковымі міліцыянэрамі, пажарнымі, лекарамі, вясковымі фэльчарамі. Ніколі іх не дапускалі на пасады, на якіх у іх зьявіліся б рэальныя інструмэнты ўлады, рэальны апарат уціску — ня важна, якога, уяўнага ці сапраўднага — на рэчаіснасьць, а таксама гэтулькі апаратных рэсурсаў. Стаўшы ля стырна ўлады, Лукашэнка стаўся пародыяй на вышэйшага прадстаўніка савецкай кіраўнічай эліты — прадмета яго насьледаваньня і абагаўленьня.

Адчуваючы сваю непаўнавартасьць і, часткова, увесь камізм свайго палажэньня як вышэйшага кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка мусіў штодня і шточасіны пацьвярджаць свой высокі статус перадусім самому сабе. Для гэтага ён выкарыстоўвае шырока пашыраны ў нашых краёх стэрэатып носьбіта ўлады і ўладных паўнамоцтваў. Згодна зь ім, першакрыніцай улады ёсьць нічым не ўтаймаваная сіла, а не выкананьне літары закону. Быць валадаром азначае выпраменьваць гэтую сілу на сваіх падданьнікаў, усьцяж трымаць іх у стане жорсткага падпарадкаваньня. Добрым начальнікам будзе толькі той начальнік, ад якога дранцьвее ўсё навокал. Карацей, галоўным атрыбутам такой улады стаецца паранаідальная воля да панаваньня ўзапар з адкрыта садысцкімі ўхваткамі.

У такім грамадзтве менавіта ўлада дае ўсё. Ні сумленная шматгадовая праца, ні прарыў на навуковай ніве, ні геройскі вайсковы чын ня здольныя дабіцца таго, чаго носьбіт найвышэйшай улады можа здабыць махнуцьцём свайго пешчанага/спрацаванага пальчыка. Каб зрабіць сваю ўладу сакральнай, найвышэйшы кіраўнік прымушае ўсё грамадзтва лічыць усіх астатніх прэтэндэнтаў на ўладу „экстрэмістамі“ і „адмарозкамі“. Адно на яго чале ляжыць боскі знак. Зрэшты, так пачынае думаць ня толькі ён, але і маса грамадзян, у якіх наіўныя палітычныя пагляды шчасьліва спалучаюцца з рабскай псыхалёгіяй.

Засяродзіўшы па магчымасьці ўсю ўладу ў сваіх руках, зрабіўшы гэтую ўладу, наколькі гэта магчыма ў дадзеных варунках, абсалютнай, Лукашэнка тым самым пераняў абсалютную віну за ўсё тое ліхое, што дзеецца наўкола. Будучы адзіным і паўсюдна культываваным увасабленьнем рэальнай улады, Лукашэнка стаецца адказным за ўсё — майскія замаразкі, зьнішчэньне флёры і фаўны, прайгранку беларускай зборнай на чэмпіянаце сьвету па хакеі. Некалі, думаецца, надыдзе момант пералому ў масавай сьвядомасьці — цяжар адказнасьці пераважыць той афэктыўна каштоўны і ўгрунтаваны на інстынктах комплекс найвышэйшага правадыра-кіраўніка.

Сваім зьяўленьнем Лукашэнка выявіў таксама праблематычнасьць і „беларуса“ як такога, і „простага чалавека“, і „беларускага інтэлігента“. Можна сказаць нават больш: беларуская інтэлігенцыя, як ніхто іншы, усяляк рыхтавала прыход Лукашэнкі да ўлады.
 

 
   

 
4.

Але што трэба для таго, каб быць беларускім інтэлігентам? Валодаць некалькімі заходнеэўрапейскімі мовамі і свабодна разьбірацца ў францускім жывапісе канца XIX ст.? Не. Атрымаць адукацыю ў сусьветна прызнаных унівэрсытэтах Захаду і выкарыстоўваць здабытыя веды для таго, каб жыла Бацькаўшчына? Таксама не. Выступаць на роўных з сваімі калегамі з Польшчы ці Нямеччыны, ствараючы пазытыўны інтэлектуальны імідж Беларусі? Ізноў не. Напружана працаваць, стаўляючы сабе мэту ператварыць Беларусь з культурнай пустыні ў культурную аазу? Не, не і яшчэ раз не.

Галоўны варунак, пры спаўненьні якога да апошняга часу можна было лічыцца беларускім савецкім інтэлігентам, трэба сфармуляваць так: быць расейскім нацыяналістам і, у пэўнай колькасьці выпадкаў, умець гаварыць і пісаць па-беларуску.

У 30—40-х гадох адыходзячага стагодзьдзя для беларускіх пісьменьнікаў настала новая пара: часіна актыўнага і пасьлядоўнага выяўленьня ляяльнасьці крываваму імпэрскаму рэжыму. Мова беларускіх пісьменьнікаў таксама зьмянялася. Каб ня быць абвінавачаным у нацыяналізьме, шкодніцтве, дывэрсіі, правакацыі, каб увогуле выжыць, у свае літаратурныя творы, перадусім вершы, яны пачалі жыўцом устаўляць расейскія словы. „Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе“ ці ня самае сакрамэнтальнае з гэтага доўгага шэрагу. Падобныя фігуры ляяльнасьці на добры лад пазначалі адно капітуляцыю перад агрэсіўнай расейшчынай.

У 80-я мы фактычна ўвайшлі з тым багажом, які быў назапашаны часткова ў 20-я ў савецкай Беларусі, часткова ў міжваенны пэрыяд у Заходняй Беларусі, часткова беларускімі пасьляваеннымі эмігрантамі на выгнаньні. Парадаксальна, але якраз гэтыя часы вызначаліся тварэньнем аўтэнтычных зьместаў беларускай культуры. Паводле свайго культуратворчага значэньня яны, відаць, не саступаюць, а нават пераўзыходзяць тыя збольшага ўяўныя культурныя дасягненьні, пра якія савецкая прапаганда ў Беларусі безупынна трубіла з 30-х і па сярэдзіну 80-х гадоў. У гэты час на гэтай тэрыторыі была замарожана сапраўдная культуратворчая актыўнасьць. Не разьвівалася, а засьмечвалася мова, трымалася ў падвешаным стане літаратура. Беларускія пісьменьнікі пісалі нуднаватыя і манатонныя тэксты. Нават найлепшыя зь іх накшталт Уладзімера Караткевіча так і не здабылі хоць нейкага сур’ёзнага прызнаньня вонках Беларусі. Здавалася, час спыніўся.

Адсутнасьць культурнага разьвіцьця для нас была роўная сьмерці.
 

 
   

 
5.

„Штомесячны навукова-тэарэтычны і грамадска-публіцыстычны часопіс“ „Беларуская думка“, адзіным заснавальнікам якой выступае „Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь“, хоць і „выдаецца з кастрычніка 1991 г.“ (мы сумысьля абстрагуемся ад таго, што зьдзеялася ў верасьні-кастрычніку 1991 і што папярэднічала ўзьнікненьню гэтага часопісу — няўжо „Политический собеседник“?), але арыентуецца на цяпер ужо падзабытыя часы, якія акурат і папярэднічалі „кастрычніку 1991 г.“. Гэтая арыентацыя выяўляецца ня толькі на ўзроўні ідэяў, але і моўных канструкцый, тэрміналягічнага апарату, нават асноўных уяўленьняў пра сьвет і жыцьцё.

„Беларуская думка“ — выданьне шырокага профілю. Будучы галоўным рупарам такога „часопіснага“ фармату сучаснага палітычнага рэжыму на Беларусі (тут друкуюцца артыкулы буйных лукашэнкаўскіх начальнікаў — „Председателя Совета Национального собрания Республики Беларусь“ Паўла Шыпука „Каждый держит вотчину свою, но будем сердцем едины…“ пра патрэбу як мага цясьнейшай інтэграцыі з Расеяй і Ўкраінай, „Заместителя премьер-министра Республики Беларусь“ Аляксандра Папкова „Трактор сдвинет воз проблем“ пра абнаўленьне машыннага парку рэспублікі і г.д.), часопіс публікуе літаратурную крытыку пяра Алеся Марціновіча, публіцыстыку Ўладзімера Глушакова, паэзію і прозу, па-свойму адгукаецца на пякучыя праблемы сёньняшняга дня, а таксама праяўляе сваю грамадзянскую пазыцыю па розных іншых пытаньнях, знаёміць чытача зь цікавымі і займальнымі зьявамі навакольнай рэчаіснасьці.

У рэдакцыйную калегію „Беларускай думкі“ ўваходзяць такія прадстаўнікі беларускага істэблішмэнту, як кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Міхаіл Мясьніковіч, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Русакевіч, былы дэкан факультэту журналістыкі БДУ і цяперашні намесьнік міністра адукацыі Алег Слука, міністр эканомікі Ўладзімер Шымаў, і ўжо згаданы публіцыст і па сумяшчальніцтве першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па справах друку Ўладзімер Глушакоў.

Думаецца, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка не ўваходзіць у рэдакцыйную калегію толькі з прычыны асабістай мяккасьці, прыроджанай сьціпласьці і вечнай занятасьці*.

 
   

 
Рубрыкацыя часопісу сталая, у нумарох можа зьмяняцца толькі парадак рубрык (усе яны даюцца беларускай моваю). Напрыклад, у №1 за 2000 іхная пасьлядоўнасьць была гэткай (тут і далей захоўваюцца арыгінальныя моўныя асаблівасьці. — Аўт.): „Момант ісціны“, „Філасофія і сучаснасць“, „Эўрыка!“, „Улада“, „Вытокі“, „Права“, „Эканоміка“, „Духоўнасць“, „Сацыяльныя праблемы“, „Адукацыя і выхаванне“, „Спорт і здароўе“, „Гістарычная памяць“, „Планета і Мы“, „Крытыка і бібліяграфія“, „Свет мастацтва“, „Літаратура і жыццё“. У №10 за 1999 г. фігуравалі, апрача гэтага, рубрыкі „Этыка і псіхалогія“, „Экалогія“, а ў №9 за 1999 г. напрыканцы стаяла рубрыка „Пошта“.

Да гэтага трэба дадаць, што, апрача асноўных рубрык, пазначаных у зьмесьце нумару, існуюць дапаможныя рубрыкі, якія беспасярэдне папярэднічаюць публікацыі кожнага тэксту і схематычна акрэсьліваюць яго сэнсавую дамінанту. У №1 за 2000 год іх столькі ж сама, колькі і матэрыялаў: „Слова галоўнага рэдактара“, „Беларусь-XXI“, „Поиски и решения“, „Гримасы жизни“, „Философское эссе“, „По страницам зарубежных изданий“, „Идеология“, „Многопартийность крупным планом“, „І гэта ўсё — Беларусь“, „Компетентно“, „Будни ГАИ“, „Прокурор поднимает проблему“, „Лицо бизнеса“, „Опыт регионов“, „Подробности“ і г.д. Мова такой дапаможнай рубрыкі заўсёды беспамылкова паказвае, на якой мове напісаны наступны за ёй матэрыял.

На працягу доўгага часу не мяняецца памер „Беларускай думкі“ — 192 старонкі фарматам 70x108 1/16. Вокладка часопіса кардонная, афарбоўка — ад сьветла-зялёнай да цёмна-чырвонай. Наклад выданьня вагаецца паміж 8500 асобнікаў (№9 за 1999 г.) і 5500 (№10 за 1999 г.). №1 за 2000 год выйшаў накладам у 6901 асобнік. Адны думаюць, што гэта адбылося дзякуючы павелічэньню падпіскі. Другія, больш назіральныя, упэўненыя, што болей грошай дае Лукашэнка на прамываньне мазгоў і што гэта не рэальны наклад. Увесь наклад, на іх думку, да таго ж рэальна не прачытваецца і ляжыць у культпрасьветустановах, кабінэтах, бібліятэках і вайсковых часьцях. Кошт „Беларускай думкі“ напрыканцы мінулага году складаў 10—12, а во сёлета падвысіўся да 30 амэрыканскіх цэнтаў.

Выданьне штомесячнае і дзьвюхмоўнае. У №1 за 2000 г. зьмешчана агулам 32 артыкулы і тэксты, зь іх 21 матэрыял дадзены па-расейску, а 11 — па-беларуску. Расейская мова ў часопісе практычна адзінаўладна абслугоўвае рубрыкі „Момант ісціны“, „Філасофія і сучаснасць“, „Улада“, „Права“, „Эканоміка“, „Сацыяльныя праблемы“, „Планета і Мы“, „Эўрыка!“, карацей, для яе зарэзэрваваныя ці мала ня ўсе „агульнагуманітарныя“, „забаўляльныя“, „інфармацыйныя“ тэмы. Беларуская мова, на думку рэдакцыі, больш арганічна прыдаецца для „Слова галоўнага рэдактара“, а таксама для асьвятленьня краязнаўчых, літаратуразнаўчых, мастацтвазнаўчых пытаньняў, ну і, натуральна, для пісаньня літаратурных твораў.

Могуць запярэчыць, маўляў, сама рэдакцыя засьцерагае: „Часопіс выходзіць на беларускай і рускай мовах у залежнасці ад мовы аўтарскага арыгінала“. Гэтая стылёва недасканалая і сэмантычна двухсэнсоўная фармулёўка, безумоўна, хавае ад нас ладную часьціну праўды: канкрэтныя матэрыялы ў канкрэтных аўтараў замаўляе рэдакцыя, і ніякая „самаадвольнасьць“ тут недапушчальная. Пагатоў у выпадку з такім салідным выданьнем нявыпрабаваных аўтараў і выпадковых тэкстаў проста не бывае.

Выданьне ілюстраванае, прычым ілюстрацыйны шэраг тут складаецца ня толькі з фотаздымкаў, а з фотакаляжаў. Пад фотаздымкамі там-сям стаяць подпісы „Задушевная беседа о жизни ветеранов труда“, „День руководителя в ПМК-65“, „Президент Республики Беларусь А.Г.ЛУКАШЕНКО с членами Совета по развитию предпринимательства в Республике Беларусь...“

Карэктура часопіса ўвогуле добрая, хоць там-сям стрэліся абмылачкі.

Рэдагуе „Беларускую думку“ „Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вялічка“.

* Адсутнасьць Аляксандра Рыгоравіча ў рэдкалегіі зь лішкам кампэнсуецца тымі вобразнымі вызначэньнямі яго нястомнай актыўнасьці, прыклады якіх дае нам „Беларуская думка“. На яе старонках Лукашэнка прадстае змагаром за сацыяльную і агульную справядлівасьць, вопытным пэдагогам са стажам работы па спэцыяльнасьці, мудрым і прадбачлівым кіраўніком, незалежным у сваіх меркаваньнях аналітыкам, лабістам цяжкой прамысловасьці, ініцыятарам пабудовы новых мікрараёнаў і распрацоўкі новых тралейбусных маршрутаў, гарачым патрыётам арміі і флёту, актывістам шырокамаштабнай рэформы аховы здароўя, клапатлівым і ўважлівым прыяцелем пэнсіянэраў, добраахвотным памочнікам міліцыі, натхняльнікам пажаратушэньня ў асобных абласьцях і раёнах рэспублікі, заўзятым інтэрнацыяналістам, які ўжо ачомаўся ад напаткалых яго балесьцяў і робіць усё для аб’яднаньня дробнага ў цэлае, чалавекам, які прыклаў руку да рэканструкцыі і пераабсталяваньня менскага заапарку, ну, і проста дагледжаным і салідным мужчынам. Аднак пасьля азнаямленьня з нумарам у нас склалася ўяўленьне пра Лукашэнку хутчэй як пра самотнага беларускага духа, якому цесна ў любой цялеснай абалонцы.

   

 
Было б сур’ёзнай памылкай спыняцца на фармальным зьмесьце першага сёлетняга нумару „Беларускай думкі“ і спрабаваць максымальна дакладна апісаць усё тое, што знаходзіцца за яго непаўторнай, у белых разводах, вокладкай. Значна цікавей у пазнавальным сэнсе будзе сканцэнтравацца на тым, якія праблемы ставяць перад сабой аўтары часопіса і якім чынам яны вырашаюцца.

А праблема перад імі стаіць адна: ідэалягічнае забесьпячэньне стабільнасьці сучаснага беларускага палітычнага рэжыму, прапаганда, папулярызацыя і данясеньне ў выразьліва пазытыўным сьвятле да кожнага чытача ўсяго таго, што робіць прэзыдэнт Лукашэнка.

Разьвязваецца гэтая праблема некалькімі шляхамі. Перадусім вульгарнай, з характэрнымі перакурчаньнямі і дэмагагічнымі дадумваньнямі, крытыкай незалежніцкіх культурных ініцыятываў і грамадзянскіх акцый. Прызнаны спэцыяліст у гэтай дзялянцы, згаданы вышэй У.Глушакоў у №10 за 1999 год так фармулюе сутнасьць пытаньня:

„На жаль, сёння пакуль няма дакладна распрацаванай ідэалагічнай праграмы, і вось тут, мне думаецца, хаваецца адказ на набалелае пытанне: чаму частка „эліты“, арыентаваная на БНФ, была і застаецца ў ролі суддзі, які вырашае, што такое беларуская гісторыя і беларускі народ, беларуская культура і родная мова. Дзіўная і незразумелая атрымліваецца рэч: страціўшы палітычныя рычагі ў ідэалогіі, БНФ па-ранейшаму тлумачыць, указвае, патрабуе, папярэджвае, нападае, прымушае апраўдвацца. І мы апраўдваемся, неўпрыкмет здаючы адну пазіцыю за другой. Важна нарэшце ўсвядоміць, што флірт, як сведчыць падобны заганны вопыт, часцей перарастае ў звычайнае падлашчванне перад БНФ, у выніку чаго, хочаш ці не хочаш, вымушаны часткова агучваць аргументы, маўляў, у іх (рускіх) у вёсцы ўсё быллём парасло, а мы, беларусы, умеем працаваць і г.д.…

Варта ўсвядоміць, што беларуская культура, нацыянальная свядомасць народа — гэта зусім не тое, што спрабуюць працягнуць пад гэтымі шыльдамі (вылучана намі. — Аўт.) БНФаўскія ідэолагі, якія чамусьці прысвоілі сабе манапольнае права вырашаць, хто сапраўды „шчыры“ беларус, а хто не. Варта сказаць, што беларуская культура — гэта не прамовы Пазняка, артыкулы Лябедзькі, „шэдэўры“ К.Тарасава або У.Арлова“**.

** Беларуская думка. №10. 1999. С.14—15.

   

 
Ня можа не выклікаць мэлянхалічнага замілаваньня атаесамленьне Ў.Глушаковым, уласьцівае таксама прафаннай сьвядомасьці, незалежніцкіх ініцыятываў зь дзейнасьцю БНФ. Пагатоў, зь лёгкай рукі гэтага беларускага любіцеля В.Розанава „артыкулы Лябедзькі, „шэдэўры“ К.Тарасава або У.Арлова“ залічаны ў разрад элемэнтаў ідэалёгіі БНФ. Такі трук, аднак, стварае момант дадатковай мабілізацыі ўсіх сілаў супраць „калектыўнага непрыяцеля“.

Багата такіх трукаў і прыёмаў і ў разгляданым намі №1 за 2000 г. (тут і далей усе спасылкі даюцца на гэтае выданьне з указаньнем у дужках адпаведнай старонкі. — Аўт.). Прывядзем толькі некалькі цытатаў:

„В последние годы и в Беларуси появились организации, рассматривающие возможность политического насилия, в том числе и свершение террористических актов как приемлемый, действенный метод борьбы. К ним относятся “Белорусская националистическая организация”, “Белый легион”, “Правый реванш”...

Об этом красноречиво свидетельствуют события 17 октября 1999 года в Минске, когда так называемая оппозиция на деньги западных покровителей устроила на улицах столицы беспорядки, вызвавшие осуждение широкой общественности...“ (с. 20, с. 24).

„Экс-спикер Семен Шарецкий, литовский сиделец, объявивший себя „заложником Конституции 94-го года“ и одновременно и.о. главы государства, намерен вести диалог лишь о передаче ему президентских полномочий. Оппозиционные партии обставляют начало переговоров таким множеством условий, что создается впечатление, что они заинтересованы не в переговорах, а в том, чтобы обвинить власть в их срыве... Что может означать на практике требование освободить всех “политзаключенных”? Ведь оппозиция считает “узниками совести” даже тех, кто находится под следствием за экономические преступления. По разряду “борцов с тоталитарным режимом” идут и организаторы массовых беспорядков в Минске 17 октября“ (с. 54).

„Правым, к которым принадлежат у нас БНФ, Объединенная гражданская партия, Белорусская социал-демократическая партия “Народная грамада”, предстоит преодолевать свой разрушительный радикализм, отрыв от народа и адаптировать свои программы к белорусской реальности“ (с. 56).

„...Оказывается, как полагает автор одной из опубликованных там (“Народная воля”. — Заўв. рэд.) статей небезызвестный С.Шарецкий, в отечественной истории есть две группы фактов или исторических событий. Одни из них, скажем так, “хорошие”: это, например, 1514 год — победа “Под Воршай”, 1252 — коронация первого короля Белорусско-Литовского государства, годы принятия статутов Великого княжества Литовского. Другие — “плохие”: годы разделов Речи Посполитой, захват Полоцка новгородским князем Владимиром, 1832 год — закрытие Виленского университета, 1996 год — дата “государственного переворота” и так далее.

В данном случае, видимо, нет необходимости вспоминать о диалектике, которой, к слову, обучают не только по марксистским учебникам, но и во всей “Эўропе”...“ (с. 30—31).

Апошні пасаж сваім, на думку яго аўтара, зьедлівым „во всей „Эўропе“ дае рэальную падставу прыпусьціць, што тут гэтаксама вядзецца прыхаваная палеміка з усё тымі ж „БНФовскими идеологами“. Часам гэтая палеміка перарастае ў адкрытую непрыязь да заходняй культуры ў цэлым і да яе складовых частак у прыватнасьці. Чатыры прыклады: „…На думку спецыялістаў, міжнацыянальная разня на Каўказе і ў іншых “гарачых кропках” планеты на 90% ствараецца СМІ. Невыпадкова ў ЗША за апошнія 15 гадоў толькі расходы на інфарматыку ў інтарэсах ваеннай стратэгіі выраслі ў 4 разы“ (с. 4—5, “Слова рэдактара”). „По существу, однополюсный мир постепенно деформируется в некую особую форму тоталитаризма, для которой существует уже и название: “мир золотого миллиарда”. 20 процентов населения планеты будут жить в условиях демократии и благоденствия, в “экологически чистых деревнях”, куда будут стекаться все основные ресурсы планеты, в том числе и интеллектуальные. А остальные 80 процентов — обеспечивать эту жизнь“ (с. 118). „Одновременно с такой тенденцией наблюдается и обратная: в восьми крупных городах из 50 вообще прекращено фторирование. Это Лос-Анджелес, Сан-Антонио, Сан-Хосе, Портленд (штат Орегон), Сакраменто, Сан-Диего, Гонолулу и Тусон (большинство их в той же Калифорнии, два последних — Гавайи и Аризона). Так что на вкус и цвет и там товарищей, то есть господ, нет“ (с. 36). „И разумно ли, наконец, допускать к управлению страной политиков, для которых благосклонный кивок Клинтона или Шредера важнее судьбы собственного народа?“ (с. 56).

Другі кірунак рэдакцыйнай актыўнасьці можна акрэсьліць як нічым ня стрыманае ўзьнясеньне і папулярызацыю асобы й дзейнасьці першага беларускага прэзыдэнта. Для аўтараў часопіса стала ўжо трывалай традыцыяй у сваіх матэрыялах пра адукацыю, эканоміку, экалёгію гаварыць пра натхняльную і кіруючую ролю Аляксандра Лукашэнкі. Аб гэтым па парадку:

„Президент Республики Беларусь А.Г.Лукашенко в ежегодном послании Национальному собранию 7 апреля 1999 г. определил ряд важнейших элементов экономической политики, решение которых должно обеспечить общий успех на инновационном пути“ (с. 6—7).

„Состоявшийся в ноябре 1999 г. саммит ОБСЕ в Стамбуле, в котором приняла участие официальная делегация нашей страны во главе с Президентом А.Г.Лукашенко, несмотря на призывы представителей некоторых стран Запада о так называемом „гуманитарном вмешательстве“ в дела России в связи с событиями в Чечне, пришел к консенсусу об отношении к раковой опухоли терроризма“ (с. 19).

„Можно спорить об эффективности шагов Президента Республики Беларусь А.Г.Лукашенко в той или иной сфере народнохозяйственного комплекса, соглашаться или не соглашаться с его взглядами. Но непреложным фактом является то, что он, его деятельность стали во многом символизировать новое качество и политической жизни, и отношения к этой политике людей. Речь идет об укреплении государственности, об упрочении авторитета власти, международного авторитета страны и о ликвидации унижающей людей бедности“ (с. 29—30).

„По поручению Президента Республики Беларусь работа над Концепцией уже ведется. При этом возникает немало проблем, по которым точки зрения разработчиков не всегда совпадают“ (с. 41).

„В своей деятельности опираемся на установки Президента Республики Беларусь по совершенствованию воспитательной сферы… И, конечно же, учитываем рекомендации Гомельского облисполкома“ (с. 48). І так бясконца.

Прапагандысцкае нутро „Беларускай думкі“ знаходзіць сваё рэльефнае адлюстраваньне ў трэцім кірунку ідэалягічнай апрацоўкі масаў. Яго мы вызначым дваяка, з аднаго боку, як уласную вытворчасьць ідэалягічных клішаў і стэрэатыпаў, а з другога, — як прапаганду „ўсяго таго харошага, што зьявілася ў нас за апошнія гады“, а таксама штучнае ўзьвелічэньне розных другарадных праблем з мэтай адцягваньня ўвагі ад „магістральных“ пытаньняў сучаснасьці, зьвядзеньне рахункаў зь мінуўшчынай (паэтызацыя недалёкай мінуўшчыны і падкрэсьлена дыфэрэнцыяванае стаўленьне да мінуўшчыны сівой), культываваньне „славянскай духоўнасьці“ і г.д. Возьмем самае паказальнае:

„Ва ўмовах бушуючай у свеце інфармацыйна-псіхалагічнай вайны вялікая сіла праўдзівага слова. Сёння ў ім асабліва востра зацікаўлены ідэалагічныя кадры, запатрабаваныя жыццём... Мы ўпэўнены, што ўзмацненне індывідуальнай работы з людзьмі палепшыць маральна-псіхалагічны клімат, выб’е глебу з-пад ног герастратаў, якія налаўчыліся маніпуліраваць грамадскай свядомасцю“ (с. 5, “Слова рэдактара”).

„Да, у врачей небольшая зарплата. Но мы уверены: будь она хоть в 10 раз больше, качество лечения не улучшится“ (с. 125).

„Бренчало ли золото в кармане нашего пращура? Знающие люди отвечают: на протяжении всей истории Беларуси золото в кармане простолюдина никогда не бренчало. Золотые монеты в Великом княжестве Литовском были привилегией знатных и богатых людей“ (с. 95).

„Трэба сказаць, кніга “Апазнаецца асоба мужчыны...” стваралася акурат у той час, калі ў нашай краіне адбываўся пераход ад таталітарнай сістэмы да шырокай дэмакратыі, вызначаліся новыя інстытуты ўлады. Простым людзям яшчэ мала што гаварыла і прозвішча першага беларускага Прэзідэнта. Напрыклад, “малады, чырванашчокі, кругленькі вадзіцель” знаёмую кабету суцяшае так: “Нічога, бабуся, пацярпі. Хутка ў нас новы “бацька” будзе, Кажуць, гэты ўжо сапраўды нікога не пакрыўдзіць, спагадлівы і разумны, сам некалі нагараваўся...” Размову выпадкова чуе бомж, ён жа Чалавек з вялікай літары, чуе і сур’ёзна задумваецца над сваім і чужым жыццём: як быць далей, хто з людзей мае рацыю?“ (с. 142).

„Немногим более двадцати лет назад, стылым зимним утром 27 декабря 1979 года, Советская Армия впервые после победоносного завершения Великой Отечественной войны выступила в боевой поход, выполняя союзнические обязательства перед дружественным тогда афганским государством... История обязательно скажет свое слово и об афганском походе Советской Армии. Правдивое и прямое, как солдатское: „Я тебя прикрою!“ И я уверен, что она скажет нашим ребятам: Вы не обманули народ, который позвал вас на помощь. Вы не изменили Знамени, у которого присягали. Вы не опозорили седины матерей, воспитавших вас. Вы были и остались достойными сынами великой и прекрасной страны“ (с. 130).

Як бачым, перад намі адкрываецца багаты эмпірычны матэрыял, які адкрывае шырокую дарогу для роздумаў і абагульненьняў. Чытаючы „Беларускую думку“, паддаешся ўражаньню, што ўсе зьмешчаныя ў ёй тэксты напісаныя адным і тым аўтарам — настолькі безаблічнымі падаюцца яны. Няясна, дзе тут канчаецца звычайная чалавечая сьлепата і пачынаецца сьвядомы аўтарскі выбар, але як інакш патлумачыць паталягічнае няўменьне адрозьніць сваё ад чужога, жывое ад мёртвага, прыгожае ад звыродлівага? Часопіс робіцца людзьмі, якія страцілі — а можа, і ніколі ня мелі — нутраную незалежнасьць і якія заўзята праектуюць гэтую страту незалежнасьці навонкі. Тыя думкі, ідэі, канцэпцыі, якія фігуруюць у іхных тэкстах, як правіла, не зьяўляюцца прадуктамі іх уласнай інтэлектуальнай дзейнасьці, а больш ці менш удалым плягіятам добра вядомых узораў. Ім не патрэбная ні свабода ад, ні свабода для — такім людзям і бяз гэтага свабодна.

Тое, што часопіс робіцца людзьмі ўнутрана несвабоднымі, адразу кідаецца ў вочы. У яго аснове ляжыць архаічная на сёньня тэхніка моўнай гульні, якая была распрацаваная яшчэ шмат дзесяцігодзьдзяў таму і якая ўмела выкарыстоўвае навязьлівыя станы сьвядомасьці „савецкага чалавека“. Пэўнае апраўданьне рэдакцыі „Беларускай думкі“ палягае ў тым, што яна служыць ідэі, так, як сама сабе гэта разумее. Але гэтае служэньне ідэі ў дадзенай сувязі спалучаецца з а) кепскім эстэтычным густам, б) рэтраградна-кансэрватыўнымі сьвядомаснымі ўстаноўкамі, в) прымітыўнымі адсталымі ўяўленьнямі пра асобу і жыцьцё, г) культываваньнем казёншчыны ў яе самых радыкальных праявах.

Рэжым Лукашэнкі, як лішні раз падкрэсьлівае „Беларуская думка“, ідэалягічна грунтуецца на перадусім мэханічнай мабілізацыі ірацыянальных, але пры гэтым афэктыўна каштоўных комплексаў ідэяў, уяўленьняў і сьветапоглядных канструкцыяў, якія за савецкім часам склаліся ў адносна цэльную сыстэму. Цэнтральнымі вузламі гэтай сыстэмы ёсьць вульгарнае непрыняцьцё заходняга ладу жыцьця, дамарослы панславізм***, антымадэрнізм і вечная туга за нязбытным.
 

*** Старшыня верхняй лукашэнкаўскай палаты Павел Шыпук у №9 за 1999 г. выказваецца на гэты конт досыць адназначна: „Россия, Украина, Беларусь — страны славянски неоднородные, многонациональные. Потому панславизм как фактор этнический не должен быть единственным объединительным мотивом“ (Беларуская думка. №9. 1999. с. 12; вылучана намі. — Аўт.).

   

 
6.

Калі задуменна пазіраць на беларускую рэальнасьць канца стагодзьдзя, міжволі пачынае здавацца, што неўзабаве надыдзе час, калі ўсё, што ёсьць наўкола, застыгне, а можа, закупорыцца. Надта ўжо штучнымі, нацягнутымі падаюцца дачыненьні паміж асобамі і людзкімі калектывамі. Неспакой узбуджае знадворны выгляд дамоў, іншых будынкаў. Выглядае на тое, што даволі толькі піхнуць, і ўсё рассыплецца ўдрузачкі.

Такія нездаровыя і алягічныя думкі ўзьнікаюць таму, што ў беларускім грамадзтве нават на пачуцьцёвым узроўні адсутнічае пазытыўны сацыяльны ідэал. Беларускае грамадзтва ні да чога не імкнецца. Гэта адбываецца з маўклівай згоды, больш таго, з ініцыятывы тых эліт, якія цяпер карыстаюцца ўладнымі паўнамоцтвамі.

Ідэолягі з партыйна-савецкім мінулым, якія па першым клічы рынуліся абслугоўваць рэжым, хочуць заткнуць гэтую зьзяючую дзіру, выкліканую адсутнасьцю пазытыўнага грамадзкага ідэалу, рознымі хімэрамі ўласнай вытворчасьці, а таксама зацяганымі дагматычнымі канструкцыямі мінулых-прамінулых гісторыка-філязафічных эпохаў.

Сваёй бязьдзейнасьцю гэтаму як ніхто іншы дапамагаюць так званыя беларускія інтэлектуалы з процілеглага ідэалягічнага стану.

Што, як не аналіз і інтэрпрэтацыя тых ідэалягічных фігураў, на якіх так актыўна паразытуе цяперашні рэжым, можа быць адной з пэрспэктыўных задачаў беларускага мысьленьня?

 
7.

Праблемай імпэрыі заўсёды ёсьць праблема ідэнтычнасьці. Імпэрскі цэнтр у ходзе свайго гістарычнага разьвіцьця немінуча дасягае такога пункту, калі разрыў у інтэлектуальным пляне паміж ім і шматлікімі ўскраінамі стаецца асабліва цямкім і відавочным. У нейкі момант інтэлектуалам з імпэрскага цэнтру стаецца нязносна цяжка назіраць і прымаць заведзены спрадвеку парадак рэчаў — усю гэтую жывёльную агрэсію і пабытовую тупасьць. А адсюль недалёка і да больш важкіх высноваў.

Выданьні накшталт „Беларускай думкі“ амаль немагчымыя ў імпэрскім цэнтры, якім бы той ні быў — былым ці цяперашнім. Гэта прэрагатыва ўскраінаў, дзе яшчэ не закончыўся і доўжыцца ў дадзены момант крызыс клясычнай імпэрскай ідэнтычнасьці. Такімі запаведнымі мясьцінамі на постсавецкай мапе будуць Прыднястроўе, Беларусь, шматлікія рэгіёны Ўкраіны і Расеі.

Узьнікае ў нейкім сэнсе парадаксальная сытуацыя, калі мы маем [адносна] лібэральны [пост]імпэрскі цэнтр і [глыбака] цемрашальскую пэрыфэрыю. Гэтае цемрашальства пэрыфэрыі, абумоўленае ў канцавым выніку ўплывам комплексных калянізацыйных працэсаў на масавую сьвядомасьць пэрыфэрыйных грамадзтваў, ідзе ад агульнай коснасьці і неразьвітасьці. Агрэсіўнае непрыняцьце новых, адпаведных духу часу вартасьцяў і ўстановак, тут можа набываць такі масавы маштаб і ўсеагульны характар, што ўжо немагчымыя для [пост]імпэрскага цэнтру.

Патас „Беларускай думкі“ — гэта патас культываваньня агрэсіі на ўзроўні ідэнтычнасьці. Далёкасяжны ідэал „Беларускай думкі“ — захаваньне імпэрскай кампанэнты ў сьвядомасьці нашых суграмадзян. Іронія гісторыі акурат і палягае ў тым, што часу нельга павярнуць назад, але можна цешыцца кароткачасовымі і малаэфэктыўнымі экспэрымэнтамі штучнага стрымліваньня яго хады. Пры дапамозе гэтага параноікі набіваюць сабе цану і павышаюць свой аўтарытэт у сваіх і чужых вачах. Надта ж рупіць патэнцыйным кліентам лячэльных установаў выглядаць барацьбітамі супраць дыктату абсалюту і ўціску сапраўднасьці.

 
8.

Крызыс клясычнай імпэрскай ідэнтычнасьці, пра які мы кагадзе гаварылі, мае сваім наступствам беспрэцэдэнтны выбух расстройстваў сьвядомасьці. Ён можа выклікаць доўгатрывалыя паталёгіі сьвядомасьці як у „простага чалавека“, так і ў „прадстаўніка элітаў“. І першым, і другім у галаву беспрычынна і начэпна лезуць своеасаблівыя „паразыты мазгоў“ — так перакручаны і дэфармаваны сьвет уявы ўзаемаскрыжоўваецца з рэальным сьветам. Ад гэтага хаўрусу нараджаюцца істоты больш цялесныя — пачварныя мяшанцы мутацыі.

Вот што зрабілі з нашым народам.

Новае крытычнае мысьленьне, пачаткі якога можна назіраць ужо цяпер, з частковым пераводам аб’екту дасьледаваньня і зацікаўленьня ў беларускім дыскурсе ад абстрактна-інфантыльных разважаньняў на агульнагуманітарныя тэмы да навукова карэктнай і ўзважанай аналітыкі ўласна беларускага матэрыялу, зь неабходнасьцю будзе нечым паміж хірургіяй і вівісэкцыяй. Каму, як не яго аніматарам, давядзецца ўрэшце рэшт ускрыць гнайнікі, выдаліць пухліны, зьнішчыць паразытаў нашай сьвядомасьці і самасьвядомасьці? І ці нехта, хто яшчэ ня страціў розуму, будзе адмаўляць патрэбу такога хірургічнага ўмяшальніцтва?

 
9.

Савецкая імпэрыя, як і кожная іншая таталітарная дзяржава, трымалася на канструкцыях цэнтралізацыі. Абсалютны імпэрскі цэнтр трымаў пэрыфэрыйныя імпэрскія цэнтры ў стане залежнасьці і безумоўнага падпарадкаваньня. Для індывіда жыцьцё ў абсалютным цэнтры імпэрыі абярталася рэзкім узростам магчымасьцяў самарэалізацыі, больш таго, пэўныя прафэсійныя пэрспэктывы былі фактычна закрытыя для людзей з імпэрскіх ускраінаў. Ступень канцэнтрацыі культурных элітаў у гэтым „райскім“ месцы намнога перасягала ступень іх канцэнтрацыі ўва ўсіх бяз вынятку іншых пунктах імпэрыі. Натуральна, што і цэнтральная імпэрская — у нашым выпадку расейская — мова паводле сваіх выяўленчых патэнцыяў далёка пераўзыходзіла ўсе ўскраінныя „іншародныя“ мовы. Іншага быць проста не магло — такая жалезная імпэрская лёгіка.

Люстэркавае адбіцьцё такога становішча назіралася і назіраецца ў Беларусі. Пасьля апошняй вайны Менск стаўся для Беларусі тым, чым для ўсёй імпэрыі была Масква — горадам-цмокам, які высмоктваў усе жывыя сокі з навакольнай прасторы. Асабліва сумны стан рэчаў тут назіраўся ў галіне культуры, бо калі эканамічна Беларусь мела колькі буйных прамысловых цэнтраў, то сапраўдным культурным цэнтрам быў і ў вялікай ступені застаецца толькі Менск. Акурат тут былі засяроджаныя ўсе беларускія выдавецтвы, а таксама пераважная бальшыня культурных і навучальных установаў, рэдакцый газэт і часопісаў. Падобная імпэрская мадэль культурнай палітыкі, адаптаваная для калёніі, якой была Беларусь, давала свой бясспрэчны плён, праўда, са знакам „мінус“. Яна, ведама, забясьпечвала пэўную — такую, у якой была зацікаўлена каляніяльная адміністрацыя, — канцэнтрацыю культурнай эліты ў беларускай сталіцы (якая ўсё роўна была пастаянна недастатковай, каб атрымаць, прынамсі, эўрапейскае прызнаньне), але адбывалася за страшны кошт вымываньня колькі-небудзь пэрспэктыўных кадраў зь месцаў. Тым самым беларуская вёска выракалася на пэрманэнтны крызыс і выраджэньне: пазбаўленай уласнай інтэлігенцыі, ёй не заставалася нічога іншага, як ціха трызьніць пра свой скон, адначасна стаючыся ўсё больш і больш анахранічнай.

Гэта была трагічная зьява пагатоў з увагі на тое, што беларуская вёска здаўна была найважнейшым аргумэнтам супраць русіфікацыі. Якраз выхадцамі зь вясковага асяродзьдзя, перадусім з гістарычнай Віленшчыны і Меншчыны, сілкавалася беларускае адраджэньне на пачатку стагодзьдзя. Дый на сёньняшні дзень для шмат каго вёска застаецца той ідэальнай інстанцыяй, тым выточным пунктам, зь якога і пачынаецца ўсьведамленьне чалавекам самога сябе. Ператварэньне вёскі ў колхоз, у нездаровы дэфэктыўны арганізм, дзе жывуць адно паджылыя жанчыны, недалугі-небаракі і п’яніцы, фізычна няздольныя ўцячы зь яе ў места, істотна спрыяла запаволеньню, калі не спыненьню працэсу ўтварэньня беларускай нацыі. А як жа ж: людзі, неабыякавыя да беларушчыны, у мястох апыналіся пад жорсткім прэсінгам гнятлівай бальшыні, пазбаўленыя гаючай лучнасьці з матчыным улоньнем. Каму быў на руку гэты абрыў зваротнай сувязі, думаецца, адумысьля гаварыць ня трэба.

Іншымі словамі, доступ да культурных і іншых дабротаў у імпэрыі беспасярэдне залежаў ад палажэньня суб’екта. Чым бліжэй ён знаходзіўся да цэнтру, тым больш сацыяльна, культурна і г.д. прэстыжным быў яго статус, і наадварот, у меру аддаленьня ад цэнтру адпаведна меншаў і гэты статус.

Для Заходняй Эўропы гэты досьвед быў характэрны не ў такой меры. На гэтай частцы кантынэнту пачынаючы з Новага часу мела месца і адваротная тэндэнцыя, скіраваная на сьціраньне якасных адрозьненьняў паміж цэнтрам і пэрыфэрыяй. Напрыклад, у Нямеччыне найбольш знакамітымі ўнівэрсытэтамі заўсёды былі „правінцыйныя“ ўнівэрсытэты ў Гайдэльбэргу, Фрайбургу, Тубінгене, Франкфурце-на-Майне; у апошнім месьце засяроджаныя найбуйнейшыя нямецкія выдавецтвы. Ува ўнівэрсытэце Базэлю, што на ўскрайку Швайцарыі, выкладалі Фрыдрых Ніцшэ і Карл Яспэрс. У сучаснай Чэхіі Канстытуцыйны суд знаходзіцца не ў сталіцы, а другім месьце паводле велічыні — Бырне. Нідэрлянды пайшлі яшчэ далей: там нават органы дзяржаўнага кіраваньня, міністэрствы і ведамствы, разьмешчаныя ня толькі ў сталіцы.

У адрозьненьне ад гэтага, лёгіка імпэрскай дактрыны прадугледжвала поўнае і беззасьцярожнае атаесамленьне культурных, палітычных і эканамічных цэнтраў дзяржавы. Будучы прадуктыўнай на пэўным этапе існаваньня апошняй, яна стаецца яўным анахранізмам і нават тормазам для тых утварэньняў, якія ўзьнікаюць пасьля яе немінучага распаду і ў якіх нацыятворчы працэс і фармаваньне структуры эканомікі прыпадаў на савецкі час. Гэтыя (Беларусь, Малдова, краіны Сярэдняй Азіі і Закаўказьзя) фармальна незалежныя дзяржавы, калі яны так і не пераадолелі ўспадкаваныя мэханізмы функцыяваньня, у сутнасьці застаюцца пародыямі на імпэрыю: з аслабленымі дазваньня, зьнявечанымі ўскраінамі і несувымерным гіпэртрафаваным цэнтрам, які спажывае пераважную бальшыню існуючых у краіне рэсурсаў, як матэрыяльных, так і людзкіх.

Нэгатыўная дынаміка імпэрскай (ці постімпэрскай) цэнтралізацыі вартая асаблівай увагі таму, што беларусы ў той ці іншай меры дагэтуль уяўляюць сабой аграрную супольнасьць, якая жыве паводле аграрнага календара. Тэндэнцыя да цэнтралізацыі ўзьвяла адвечныя беларускія хваробы ў абсалют, зрабіўшы ўставічную інфантыльнасьць масаў найвышэйшай цнотай.

Гэтай інфантылізацыі як нішто спрыяюць розныя надуманыя ўяўленьні і стэрэатыпы, напрыклад, так званая „славянская духоўнасьць“, гэтая цынічная міталягізаваная абгортка безагляднага расейскага імпэрыялізму. У аснову яе пакладзена паранаідальнае і таму як бы самадастатковае адчуваньне собскай адрознасьці ад астатняга сьвету. Як паталёгія, „славянская духоўнасьць“ ня можа ня быць высакамернай і мэсіянскай: яна апэлюе да супэркаштоўных маральных ідэалаў і незаплямленых этычных нормаў. Рэальныя носьбіты „славянскай духоўнасьці“ ў сапраўднасьці проста жахлівыя: яны спалучаюць сваю першабытнасьць з разьвітым комплексам собскай выключнасьці. Жывучы ў безнадзейна адсталым грамадзтве, маючы нізкі інтэлектуальны ровень, носьбіт „славянскай духоўнасьці“ сьвята перакананы, што яго грамадзтва ўсё-ткі дасьць шанец сьвету.

За гады незалежнасьці беларусы так і не павярнуліся да самых сябе і працягваюць жыць, як было заведзена заежджымі начальнікамі. Пэўная рэгіяналізацыя, нягледзячы ні на што, усё-ткі адбылася. Усё часьцей у якасьці рэгіянальных культурных цэнтраў называюцца Горадня, Полацак з Наваполацкам, Віцебск, Мазыр, Магілёў, Жлобін. Цяпер стала зусім ясна, што будучыня незалежнай Беларусі наўпрост залежыць ад таго, ці здолеюць рэгіянальныя эліты пераняць цяжар адказнасьці за лёсы бацькаўшчыны цалком у свае рукі.

Ня трэба, натуральна, сьпісваць з рахункаў Менску. Правінцыя, ня маючы собскай мэтраполіі, немінуча стаецца правінцыяй чужой мэтраполіі. Калі Беларусі ўсё-ткі наканавана стаць беларускай, Менску абавязкова давядзецца зьмяніць свой статус, выйсьці на самастойную арбіту. У такім выпадку Менск чакаюць вялікія ператварэньні, так бы мовіць, у дыскурсіўным пляне. Першае ператварэньне можна спрагназаваць як пасьлядоўнае разбурэньне комплексу собскай непаўнавартасьці і ў канцавым рахунку адмову ад ролі культурнага мэдыюму, пасярэдніка паміж чужым цэнтрам і сваёй ускраінай, важнага чыньніка і асноўнага каналу пашырэньня расейскіх уплываў. Па-другое, у сьвядомасьці менскіх элітаў мусіць нарэшце давяршыцца паварот да Беларусі як да экслюзіўнага адрасату іх творчай актыўнасьці. Часткова гэты працэс ужо адбываецца й сёньня. Ну, і нарэшце найважнейшае: беларускія эліты мусяць стварыць такія ўзоры мас-культуры, якія будуць сапраўды запатрабаваныя беларускімі масамі.

 
10.

Гіпатэтычна, слабасьць нацыянальна арыентаваных элітаў і, што самае галоўнае, нязьмерная дыстанцыя паміж імі і тымі элітамі, што на сёньняшні момант ажыцьцяўляюць уладныя паўнамоцтвы, дае нам шанец. Ён зьвязаны зь вераю ў тое, што некалі нарэшце да ўлады прыйдуць сілы, ня сплямленыя ганьбай дзяржаўнай здрады, ня спляжаныя псыхапатычнасьцю савецкага адміністраваньня, сілы, вольныя ад ранейшых прымхаў і забабонаў, сілы, чый стваральны патэнцыял ня будзе выклікаць ні ў кога жаднага сумляваньня.

Дагэтуль мы ўжывалі слова „эліты“ блізу цалкам у тэхнічным сэнсе, як пазначэньне пэўных сацыяльных групаў і праслоек, факт існаваньня якіх у беларускім грамадзтве ёсьць аб’ектыўнай дадзенасьцю. Але прызнаемся сабе: гаварыць пра беларускія эліты можна толькі ў фармальным сэнсе або ўва ўмоўным ладзе. Гэтыя эліты так і ня здолелі споўніць тэлеалягічна закладзенай у іх місіі — пераадолець дыктатуру пасярэднасьці.

Пасярэднасьць у сваіх бясконцых формах і праявах ёсьць той інстанцыяй, якая прадвызначае культурнае, палітычнае і любое іншае жыцьцё ў сёньняшняй Беларусі. Ёй належыцца аўтарства як шматлікіх літаратурных твораў, якія цяпер вывучаюцца ў беларускіх школах і ўнівэрсытэтах, так і заканадаўчых актаў, прынятых беларускім парлямэнтам, а таксама палітычных ініцыятываў, падтрыманых беларускім народам.

Застаецца дадаць, што паняцьце „беларускага народу“ карэлюе з паняцьцем „беларускіх элітаў“. І першы, і другія могуць лічыцца такімі толькі ўмоўна. Мець поўнае права на такое словаўжываньне мы будзем тады, калі „беларускі народ“ адбудзецца як народ, а „беларускія эліты“ адбудуцца як эліты.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 4 (9) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-07-2000