A R C H E | S k a r y n a | №
4 (9) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Наста Гулак
|
„Паабапал дарогі ўсё было зялёным, пафарбаваным у чэрвеньскую сьвежую яшчэ зеляніну“. „А затым паабапал шляху, можа ў паўкілямэтры адзін ад аднаго пайшлі прагалы зарослага чарналесьсем поля, на якім яшчэ нешта сеялася і расло“. „Дарога выходзіць зь лесу і праваруч адкрываецца вялікая прагаліна, якую можна назваць сапраўдным полем. Паабапал шляху стаяць два хутары…“ Даверлівы чытач суцяшае сябе тым, што аб беларускі краявід можа зламіць пяро ня толькі Кавальчук. Аднак невыносная трывіяльнасьць апаноўвае старонкі і робіць іх малачытэльнымі. „— Бляха, як хочацца кінуць усё і пайсьці з гэтага зас… гораду. Вось так жыў бы і жыў, — з зайздрасьцю сказаў я, паглядаючы на гэты аўтаномны і незалежны сусьвет. — Усё адно, ад прагрэсу далёка не ўцячэш, — мэлянхалічна заўважыў жаніх. — На халеру мне прагрэс. Хадзіў бы ў Ракаў па хлеб ды соль, — адгукнуўся я. За хутарам па дарозе паказаўся невялікі ставок, са старымі вербамі паабапал, каля якога нас чакалі паненкі. — Вось так жывуць людзі, — з сумам заўважыў я, паглядаючы на вербы, што нахіліліся вакол стаўка да самай вады.“ |
Але сам я больш люблю срэбра, бо калі золата — чысьціня, і кожны, хто мае золота, уяўляе, што мае часьцінку дасканаласьці, недасягальнага ідэалу, (? — Н.Г.) дык срэбра — гэта вада. А там, дзе ёсьць вада, ці яе сымбаль, срэбра, чалавек заўсёды можа наблізіцца да чысьціні, ці, па меншай меры, супакоіць сябе гэтай уяваю. (? — Н.Г.) Тло гэтай шэрай прозы расквечваюць некаторыя даволі ўдалыя эпізоды. Аднак гэтыя апісаньні „дагружаюцца“ трывіяльна-напышлівымі філязафаваньнямі. Бясспрэчна ўдалым месцам у „Вясельлі“ зьяўляецца сцэна ля стаўка. Аднак дамінуе ўсё ж бытаапісальніцтва. Тое вясельле на хутары паўстае звычайнай саўковай п’янкай: п’юць шмат і апантана, баяцца, што ня хопіць, блююць. „Гарэлкі было шмат. Увесь час падыходзілі госьці, кожны прыносіў сваё, а мы ўсё пілі і пілі, аж пакуль Колік-алкаш, які і тады быў прыпёрся хвастом за Сысом, не званітаваў лішкамі кубінскага рому проста на стол, заліўшы нашыя відэльцы і лыжкі“. „Не пасьпелі мы лыкнуць, як з-за хлява паказаліся Сева з Наталяю“. „Ліхаманкава пачалі шукаць закусь. Са стала на адкрытай вэрандзе пад шляхецкімі слупкамі папрыбіралі ўвесь брудны посуд і паставілі знойдзеныя Сысом пляшкі. Хутка вызначылі, што на літр гарэлкі засталося ў нас два літры пітное вады і два няпоўныя пачкі цыгарэтаў. Ды гэта нікога асабліва не турбавала. Паненкі паўздыхалі дзеля прыліку, але ніхто ўсур’ёз не ўспрыняў іхніх уздыхаў“. Кідаецца ў вочы ярка выражанае нэгатыўнае мысьленьне галоўнага героя, якое выражаецца ў акцэнтаваньні ўвагі на адмоўных рысах асобаў, іх учынкаў. І, што ня дзіўна, менавіта гэтыя моманты найбольш таленавітыя. Партрэт лішэнца-алкаша Коліка самы рэльефны з астатніх: „Колік, з выгляду хлопчык зь пячоры Ташык-Таш…“ „Колік — траянскі конь з саламянымі косамі і бурачковым прапітым фэйсам…“ „Колік палыпаў запухлымі вочкамі і нешта рохкнуў у адказ“. |
„Яна з прагнасьцю накінулася на гарэлку. Крылы носа ў яе ўзьнесьліся, паказаліся маленькія жоўтыя клычкі, якія драпежна цокнулі аб край кілішка“. Заганаў гэтай пары, аб якіх бязь ценю сумненьня паведаміў нам аўтар, хапіла б на некалькіх п’яніцаў, альфонсаў і юрлівых блудніц. Госьць Пётра зьвяртае на сябе ўвагу лірычнага героя тым, што багацейшы: „Троху падфарцоўваў, а таму лічыў даляры і паліў “Marlboro”“. Аднак найбольш кепска і нематывавана агрэсіўна аўтар ставіцца да Севы, гаспадара хутару. Сам жа гаспадар шчыры ў праяўленьні сваіх эмоцыяў і ня можа зразумець злараднасьці сваіх гасьцей. Ягоныя эмоцыі раздражненьня — бадай адзіныя сапраўдныя, некрывадушныя ўва ўсім апавяданьні: „…[Гаспадар — Н.Г.] казаў ёй, што ноччу было жаданьне падперці ўсіх і спаліць хату разам з намі“. Госьці п’юць за сталом, потым пераходзяць да вогнішча. То яны таўкуцца ў хаце, кладучыся спаць… Лірычны герой увесь час адчувае сябе дыскамфортна. Ён, старэйшы амаль за ўсіх сябрукоў, выглядае сумным напаўізгоем з уласнага жаданьня: не жартуе, не кахаецца, толькі іранічна, часам зьдзекліва, пасьміхаецца сам сабе. Вось Кавальчук вымаўляе Астраўцу сэнтэнцыю пра безыменны фальклёр. Вось Кавальчук расьпівае дармавую пляшку каньяку зь вядомым паэтам, спэкулюючы на ягоным славалюбстве. Вось Кавальчук бадзёрыць стомленага Скоблу лімаўскай абвесткай пра прыняцьце яго, Скоблы, у Саюз пісьменьнікаў. Вось Кавальчук дакарае Сыса за п’янства. Вось Кавальчук адганяе хахлоў і сам распальвае вогнішча. Вось Кавальчук сьмяецца з Коліка і паблажліва называе яго касьцюкоўскім вахлаком. Вось Кавальчук ляканічна супакойвае Паліну, кажучы ёй ты, у той час як яна яму кажа вы. Вось Кавальчук ля калыскі беларушчыны ў Гомельскім унівэрсытэце. Асабістая натурфілязофія лірычнага героя немудрагелістая: „Ну, што гэтаму чалавеку трэба,… кавалак зямлі зь якога паўгектару, азерца, пасечку, цяплічку — жыві сабе, калупайся, гадуй сьвіньні ды дзеці, любуйся прыродай, лаві імгненьне свайго непаўторнага зямнога жыцьця…“. Гэтая натурфілязофія аб’ядноўваецца з думкамі іншага міжвольнага аўтара чацьвертага нумару АRCHЕ: „Нам такая демократия надо, когда человек работает, получает хоть какую-то зарплату, чтобы и хлебушка купить, молочка, сметаны, творожку, иногда кусочек мяса, чтобы накормить ребенка и так далее“. Іх аб’ядноўвае пераважна нэгатыўнае, трывожнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці, боязь навакольнага сьвету, жаданьне замкнуцца ў сваей ракавіне. Таму і мастацкае крэда аўтара „Вясельля“ ня можа быць складаным. У творы Кавальчука няма ні інтрыгі, ні характараў, ні арыгінальнасьці. Гэта якраз і азначае, што там няма літаратуры. Чытач, безумоўна, мае права на псыхааналітычныя разважаньні адносна асобы галоўнага лірычнага героя „Вясельля“. Ды і глеба ўдзячная: у дзяцінстве Кавальчук любіў, схаваўшыся, адкалупваць і есьці пячную гліну (не раўнуючы, як гераіня Маркеса); у юнацтве быў схільны да эпатажных учынкаў; у маладосьці, пра гэта мы здагадваемся па цэлым шэрагу дэталяў, жанчыны ня песьцілі нашага героя ўвагай… Аднак, хаця ён і псэўданім, пашкадуем Кавальчукова самалюбства ды спакой. На жаль, сам ён, публікуючы свой опус васьмігадовай даўніны, не схацеў паставіцца так да сваіх былых сяброў.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 4 (9) – 2000 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |