A R C H E | S k a r y n a | №
6 (11) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ПАВАЛ АБРАМОВІЧ | |||||
|
Павал Абрамовіч
|
асьпірант факультэту журналістыкі БДУ. Сталы аўтар газэты „Рабочы" |
2. Прадузятасць некаторых меркаванняў, выказаных Дубаўцом і Ластоўскім у сваіх артыкулах, спярша прыгаломшвае. Напрыклад, Ластоўскі гняўліва дакараў беларускіх паэтаў і празаікаў за бясконцыя песімістычныя матывы ў іх творах, за аднастайны „перапеў“ адных і тых жа тэмаў і вобразаў, за тое, што яны быццам не „выпаўняюць свайго пасланніцтва“, іншымі словамі, марнуюць божы дар і не клапоцяцца пра стварэнне твораў, роўных лепшым узорам еўрапейскай класікі. Для ілюстрацыі сваёй спрэчнай думкі пра агульны „плаксівы“ настрой беларускай літаратуры Ластоўскі выкарыстоўваў, у прыватнасці, радкі з верша Янкі Купалы „З песень аб сваёй старонцы“, датаванага паэтам… 1905–1907 гадамі! Наша Беларусь: Людзі — Янка ды Сымонка, Птушкі — дрозд ды гусь. Што гэтым хацеў сказаць Ластоўскі? Ці не правакацыя — ацэньваць сучасны стан развіцця беларускай літаратуры паводле не найлепшых яе ўзораў пяці-сямігадовай даўніны? Быццам сакратар „Нашай Нівы“, літаратар і эрудыт Вацлаў Ластоўскі не сачыў за беларускім літаратурным працэсам і не ўсведамляў, што на час напісання яго артыкулу беларускае краснае пісьменства дасягнула значных поспехаў. Быццам не чытаў Ластоўскі паэмаў Купалы „Сон на кургане“, „Курган“, яго камедыі „Паўлінка“, пейзажнай, інтымнай, філасофскай лірыкі Багдановіча, Гаруна, Буйлы. Канечне, чытаў, больш за тое, высока цаніў! Менш чым праз восем месяцаў пасля напісання артыкулу „Сплачвайце доўг“ Ластоўскі-крытык з пафасам скажа: „І мы беларусы унясьлі ужо нашу цэннасьць у агульналюдзскую скарбніцу… мы ужо далі плады“ (артыкул „Па сваім шляху!“ у „Нашай Ніве“). Сяргей Дубавец у „ЛіМе“ з не меншай катэгарычнасцю заяўляў: „Нічога не вылушчыш з кніг Броўкі, Глебкі і нават яшчэ блізкіх Мележа, Танка… Там паўсюль ёсць або няпраўда, або метастазы сатанізму, ачалавечвання бесчалавечнасці. …Раю перачытаць іхнія кнігі. Калі вы самі выбраліся з савецкага кантэксту, з ружовага туману, вам гарантаванае суцэльнае расчараванне“. |
Але ж той, хто ўважліва сочыць за творчасцю Дубаўца, ведае ягонае эсэ „Энігма“, напісанае ў 1993 годзе, у якім ён выказаў адваротную думку пра творчасць Максіма Танка: „…Танк — не ад д’ябла. У ім ня знойдзеш нічога прынцыпова нездаровага“. І напрыканцы: „Недалёкі“ — занадта простая разгадка ягонае таямніцы. Паэт узроўню Купалы й Багдановіча — недалёкі чалавек, — гучыць занадта парадаксальна для дэфініцыі. І таму, думаю, яшчэ не адно пакаленьне будзе шукаць сапраўднага Танка ў ягоных дзёньніках, лістох і вершах, тлумачыць яго й зноў не задавальняцца тлумачэньнем“. Што прымусіла Дубаўца ў артыкуле „Ружовы туман“ значна спрасціць сваё ранейшае ўзважанае меркаванне? Верагодна, Ластоўскі і Дубавец гэтак хапілі цераз край у сваіх артыкулах з-за свядомага імкнення распаліць палеміку. І не нудную, сухую, разважлівую, а гарачую, напружаную, як мага больш інтэнсіўную. Вобразна-эмацыйная, „прамоўніцкая“ форма артыкулаў, памножаная на катэгарычнасць меркаваннняў, кранула аўдыторыю, прымусіла многіх узяцца за пяро. Ластоўскі і Дубавец віртуозна дасягнулі мэты, якая апраўдала сродкі: артыкулы „Сплачвайце доўг“ і „Ружовы туман“ прыцягнулі ўвагу грамадскасці, а дыскусіі сталі культурнай падзеяй. |
3. У творчай манеры Ластоўскага і Дубаўца, характары іх публіцыстыкі і крытыкі шмат супольнага. Найперш гэта палымянасць у перадачы думак і пачуццяў. У сваёй публіцыстыцы абодва аўтары ў першую чаргу — змагары, якія з пафасам і энэргіяй адстойваюць уласныя перакананні. (Параўнайце поўныя запалу, кідкія назвы артыкулаў Ластоўскага і Дубаўца: „Па сваім шляху!“ і „Час дзейнічаць!“, „Кудой дарога?..“ і „За што?“, „Літаратарам з кальцом у носе“ і „Папытайся ў ветру“, „Да ўбогіх духам“ і „Вінаватыя ў сваім адчаі“, “Гульня ў „беларусы“” і „Гульня шасцёркамі“.) Уладзімер Конан у артыкуле „Валхвец беларускага фундаменталізму“ ў часопісе „Крыніца“ назваў стыль публіцыстыкі Ластоўскага гарачым, прамоўніцкім, мітынговым. На думку Язэпа Янушкевіча, што напісаў прадмову да „кнігазбораўскага“ тому Ластоўскага, крытыка і публіцыстыка пісьменніка выразна пазнавалася „бескампраміснасцю, баявітасцю і разам з тым шчымлівым пачуццём сыноўняй любові, прагі хутчэй пабачыць родны край і люд не ў рабскім ярме. Колькі творцаў і простых чытачоў закранула яна за жывое!“. Тое самае можна сказаць і пра творчасць галоўнага рэдактара адноўленай у 1991 годзе „Нашай Нівы“, вядомага, паводле выразу Уладзімера Конана, „рыцарскай танальнасцю“ сваіх поглядаў. У артыкулах „Сплачвайце доўг“ і „Ружовы туман“ „байцоўскія“ рысы творчай манеры Ластоўскага і Дубаўца ўвасобіліся найбольш яскрава. У абодвух матэрыялах гаворка ідзе пра асабістую адказнасць літаратараў перад нацыяй. Гэтыя невялікія па памеры артыкулы лёгка чытаюцца і гэтак жа лёгка ўспрымаюцца на слых, бо напісаны жывой, даходлівай мовай, не ўтрымліваюць навуковай тэрміналогіі, хоць і тычацца гуманітарных пытанняў. Абодва аўтары выкладаюць свае думкі страсна, з той розніцай, што Ластоўскі робіць гэта голасна, з імпэтам, а Дубавец — прыглушана, але з непрытоеным гневам. І той, і другі дакарае, заклікае, звяртаецца да аўдыторыі. Ластоўскі (папракаючы беларускіх пісьменнікаў): „…вы … чаму маўчыцё, калі забіваюць у душах — незапісаных картах, красу, чаму ня вучыце нас любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы, задуму змеркоў, яснату ўсходоў, — чаму не распаляеця душ нашых пажарам любові, ня сыпеця чырвонцоў у жар гэты?“; Дубавец: „Натуральнае пытанне — а што ж рабіць з тымі сотнямі літаратараў і дзесяткамі класікаў, якія цалкам упісаліся ў савецкі перыяд? Выбіраць з іхнае творчасці тое, дзе не згадваюцца дыктатары? … Пакінуць усё на водкуп чытачу?“. |
Для абодвух характэрная вобразнасць у выкладанні думак. Ластоўскі іранізуе з тых беларускіх паэтаў і празаікаў, „каторые (цыбуляй хіба крыху паціраючы вочы) плачуць над доляй селяніна“; Дубавец дазваляе сабе жорстка казаць, што культура сацрэалізму была „прадметам сатанісцкага культу“. А вось вынікі дыскусій аказаліся розныя. Распачатая Ластоўскім палеміка аб сутнасці, форме і метадах мастацтва, шляхах развіцця нацыянальнай літаратуры прайшла ў зычлівай атмасферы, нягледзячы на з’едліва-іранічны тон артыкулу і крытычныя выпады на адрас літаратараў. Напамін Ластоўскага беларускім пісьменнікам і паэтам аб непадзельнасці мастацкага і грамадзянскага абавязкаў літаратуры і літаратара, адказнасці за лёс нацыі („… за вамі, калі вы не апраўдаеця паложэных на вас надзей, народ будзе лічыць доўг і доўг гэты будзе чысьліцца за вамі давеку“) быў успрыняты імі вельмі сур’ёзна. Так, адзін з апанентаў Ластоўскага, празаік, крытык і публіцыст Мечыслаў Бабровіч у артыкуле „Яшчэ аб сплачваньні доўгу“ пісаў, што „думкі ягомасьця Верэшчакі (псеўданім Ластоўскага, якім быў падпісаны „Сплачвайце доўг“. — Аўт.), трэба гэта прызнаць, дужа арыгінальные і калі іх акуратна выразумець, саўсім справядлівы“. Да словаў Ластоўскага аб „сплачванні доўгу“ далучыўся Максім Гарэцкі: „Пісьменьнікі беларускіе! …Шукайце брату свайму дарогу да праўды. І памятайця: ня будзеця вы шукаць яе або станеця дрэнна шукаць, Бог вас пакарае“. Увогуле дыскусія 1913 году на старонках „Нашай Нівы“ з усёю пераканаўчасцю дэманструе нам разуменне тагачаснай беларускай крытыкай ходу літаратурнага працэсу і яе жаданне разам з літаратурай шукаць адказы на актуальныя пытанні сучаснасці. Што тычыцца дыскусіі вакол „Ружовага туману“ Дубаўца, то тут склалася адваротная сітуацыя. Удзельнікі палемікі, паводле словаў Уладзімера Конана, „ухіліліся ад сутнасці праблемы: замест аналізу феноменаў „савецкая“ альбо „таталітарная“ літаратура абмежаваліся самавыяўленнем, публічнай споведдзю, дэманстрацыяй сваёй „profession de foi“, сваіх уласных каштоўнасцяў. Дэмакрат і хрысціянін Сяргей не любіць таталітарызму і „савецкага кантэксту“ ў грамадстве і літаратуры, а ягоны апанент Валянцін Акудовіч з пафасам нападае на ім жа сканструяваны прывід „камуна-хрысціянства ““. Гэтае ж заўважыў і Сакрат Яновіч: „…здзіўляюся, як мала гаворкі пра саму, менавіта, літаратуру нашай нацыі. Спрачаюцца вельмі ж па-савецку, г.зн. не пра галоўнае. Сварацца за другараднае, за нейкія ілюзіі ды грамадскія выдаткі“. |
На адрас Дубаўца пасыпаліся абвінавачванні, прозвы „блазан на дроце“, „трукач“, „змагар з таталітарызмам“ і г.д., што пазней дало Леаніду Галубовічу нагоду зазначыць: „Адзін нават у экстазе роднага бацьку Дубаўцовага ўспомніў да драбніц — да ўсіх яго былых савецкіх рэгалій і чыноў“. Многія ўдзельнікі палемікі вакол „Ружовага туману“ зразумелі правакацыйную сутнасць артыкулу. Але дыскусія не пайшла ў кірунку ацэнкі савецкай літаратурнай спадчыны, а засяродзілася на ацэнцы асобы Дубаўца і стылю дыскусіі, пайшла не ў кірунку галоўнага паслання Дубаўцовага тэксту, а ў кірунку формы гэтага тэксту. Адны ўпарта раілі звярнуць увагу на тое, што Дубавец ужо неаднаразова агучваў пастулаты, выкладзеныя ў „Ружовым тумане“, і прапаноўвалі не звяртаць увагі на аўтара і яго артыкул. Другія віталі намер Дубаўца „наэлектрызаваць“ літаратурную атмасферу. „Нас увогуле трэба добра трасянуць, каб пачалі разважаць і крыху глядзець перад сабою“, — адзначыла Лідзія Куратава. За ўсім гэтым галоўнае пытанне палемікі — пераацэнка творчай спадчыны беларускай савецкай літаратуры — так і не было вырашана. Большасці ўдзельнікаў „лімаўскай“ дыскусіі не хапіла настойлівасці, каб развіць тэзіс Дубаўца аб неадпаведнасці беларускай савецкай культуры нацыянальным інтарэсам нашага народу. Тым самым апаненты Дубаўца прадэманстравалі фактычна сваю вернасць думцы аб вялікіх духоўных здабытках беларускай савецкай літаратуры, яе роўнасці з еўрапейскімі літаратурамі. Яны не лічаць нечым жахлівым практыку камуністычных часоў, калі пісьменнік — прадукт савецкай сацыяльнай інжынерыі — ператвараўся ўва ўласнага цэнзара. Некаторыя з удзельнікаў дыскусіі вакол „Ружовага туману“ нават спрабавалі запэўніць астатніх у тым, напрыклад, што „паводле таленту Максім Танк — на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх. Нават Броўка і Шамякін, не кажучы ўжо пра Куляшова і Панчанку — кожны па-свойму выявіў душу беларусаў“ (Уладзімер Конан). Для таго каб належным чынам ацаніць унёсак беларускай савецкай літаратуры, вызначыць яе месца і ролю ў развіцці нацыянальнага краснага пісьменства, сёння неабходная аб’ектыўная і поўная „Гісторыя беларускай савецкай літаратуры“ (або, паводле Дубаўца, „Гісторыя таталітарызму ў Беларусі“). Заклікі да яе стварэння ў нашай краіне ўпершыню прагучалі ў 1988 годзе. Аднак калі праз дзесяць гадоў Сяргей Дубавец актуалізаваў праблему і прапанаваў свой варыянт яе рашэння, то ад свайго апанента Алеся Аркуша пачуў, быццам распачатая ім дыскусія „не вартая выедзенага яйка“, бо „ўсё таталітарнае літаратурнае шалупінне асыплецца, як хвоя з навагодніх ёлак“. Атрымліваецца, усё за нас вырашыць час. Ці гэта не спроба ўхіліцца ад складанае праблемы? Відавочна, што пераасэнсаванне вартасцяў беларускай савецкай літаратуры — справа не аднаго году. Аднак да сённяшняга часу дзеля гэтага мала што зроблена. З усіх удзельнікаў палемікі адзін пісьменнік Юры Станкевіч заўважыў, што Дубавец толькі падышоў да праблемы, вырашыць якую магчыма выключна ўсёй грамадой. Аднак апаненты аўтара „Ружовага туману“, быццам будаўнікі Вавілонскай вежы, пачалі гаманіць на розных мовах, перабіваючы адзін аднаго, блытаючыся і шалёна жэстыкулюючы. У 1913 годзе Ластоўскі ўпэўніўся, што беларускія літаратары гатовыя прыслухоўвацца да думкі крытыкаў і ўсведамляюць сваю нацыянальную місію. У 1998 годзе Дубавец пераканаўся найперш у разгубленасці і раз’яднанасці беларускіх літаратараў, чытачоў штотыднёвіка „Літаратура і мастацтва“, іх няўпэўненасці ў заўтрашнім дні і няздольнасці адэкватна рэагаваць на выклікі сённяшняга дня. Ці мо сапраўды было нешта няслушнае ў ягоным спосабе пастаноўкі пытання? Калі б удзельнікі „лімаўскай“ дыскусіі скарысталі плённы вопыт зычлівай, канструктыўнай палемікі 1913 г. на старонках „Нашай Нівы“, забыліся на асабістыя амбіцыі, адмовіліся ад састарэлых міфаў, выказваліся толькі па галоўным пытанні, цалкам магчыма, што дыскусія не засталася б незавершанай, а яе ўдзельнікі — кожны пры сваіх меркаваннях. Згода, якой удалося дасягнуць 75 гадоў таму, напрыканцы ХХ стагоддзя пакуль не дасягнута. А значыць, мы бярэм дыскутаваную праблему з сабой у новае тысячагоддзе. Нічога добрага нам гэта не абяцае.
Іншыя выданні, цытаваныя ў артыкуле: „Літаратура і мастацтва“, 1998–1999. Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы. — Менск: Беларускі кнігазбор, 1997. Леанід Галубовіч. Зацемкі з левай кішэні. — Менск: Эўрофорум, 1998. Сяргей Дубавец. Дзёньнік прыватнага чалавека. — Менск: Эўрофорум, 1998.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (11) – 2000 |
|
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |