A R C H E S k a r y n a № 6 (11) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АНДРЭЙ ДЫНЬКО
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Дынько
 
Найноўшая гісторыя
яцвягаў

Частка І. Стварэнне народу.
Няпоўная храналогія з каментарамі, цытатамі і замалёўкамі з натуры

1985 — першая адмысловая публікацыя на заходнепалескіх гаворках (часопіс „Беларусь“, 1985/12).

Гэта была паэзія Міколы Шэляговіча, напісаная „белым вершам“, з прадмоваю да яе Івана Шамякіна („у асобе Міколы Шэляговіча мне бачыцца добры беларускі паэт, які і стаў то паэтам дзякуючы сваёй роднай гаворцы“). Надрукаваная яна была падвалам, і не менш сімвалічна, што побач на развароце другім падвалам, з прадмоваю Міхася Стральцова, былі апублікаваныя вершы будучага лідэра новай беларускай літаратуры Адама Глобуса, якія пазней увайшлі ў кнігу „Парк“. Затое зверху на абедзвюх старонках друкаваліся вершы Людмілы Пятруль і Яўгеніі Мальчэўскай. Наколькі ж неўміручае ўменне беларускіх рэдактараў тапіць самых перспектыўных творцаў!

1988 — утварэнне Грамадcка-культурнага згуртавання „Полісьсе“, першай адмысловай арганізацыі, якая прэтэндавала на выражэнне інтарэсаў усяго насельніцтва Берасцейшчыны й Піншчыны і ставіла на мэце аўтаномнае нацыянальна-культурнае будаўніцтва.

Міколу Шэляговічу, супрацоўніку ачольванага аграрыем Іванам Чыгрынавым Беларускага Фонду Культуры, гэтага фантасмагарычнага прытулку ціхіх нацыяналістаў, удалося калі не заангажаваць, дык прынамсі заінтрыгаваць вялізную частку менскай і берасцейскай інтэлігенцыі, прычым не толькі выхадцаў з Берасцейшчыны й Піншчыны. Перакладчык Васіль Сёмуха ўдзельнічаў ва ўстаноўчых паседжаннях „Полісься“, галоўны рэдактар выдавецтва „Мастацкая літаратура“ Міхал Дубянецкі паспеў паспрыяць узнікненню „Полісься“. Будучага дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода, а тады журналіста „Звязды“ Аляксандра Лукашука выклікалі ў ЦК КПБ, патрабуючы з „Полісься“ выйсці. Празаік Аляксандр Трушко (Алесь Наварыч), цяперашні карэспандэнт France Pressе Валер Каліноўскі і літаратарка „нашаніўскага прызыву“ Наталля Бабіна працавалі рэдактарамі газеты „Збудінне“, крытык „Мыхалко Тычына“ ахвяраваў на ягонае выданне 10 рублёў і вітаў узнікненне заходнепалескай літаратуры на Заходнепалескай (Яцвяжскай) навукова-практычнай канферэнцыі. Картограф Леў Казлоў і мовазнавец Хведар Клімчук бралі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтай канфэрэнцыі. Філолаг Іван Лучыц-Федарэц і філосаф Георгі Антанюк падпісвалі звароты да ўраду за стварэнне сістэмы адукацыі на заходнепалескай мове. Культуролаг Енё Сінчук друкаваў свае філасофскія зацемкі, гарадзенскі гісторык Едрусь Мазько — вершы. Педагог-тэарэтык Сафрон Жлоба развіваў на старонках „Збудіння“ палескую тэорыю выхавання дзяцей, а педагог-практык Мікола Мынзар — вёў мілую дзіцячую старонку, у якасці ілюстрацый да якой друкаваліся здымкі дачок Шэляговіча.

Аформілася і супрацьлежная партыя. Лідэры Таварыства Беларускай Мовы Ніл Гілевіч, Яўген Цумараў і Алег Трусаў (вось дзе гняздо беларускага фундаменталізму) узначалілі фронт змагання супраць „яцвяжскага сепаратызму“ на старонках „ЛіМу“, „Нашага Слова“ і ў Вярхоўным Савеце, і „Збудінне“ кляйміла іх выступы як „провокашыны лытвынських шовыныстив“. Паэт Мікола Федзюкевіч усхвалявана выкрываў, што ягоныя дарагічынскія дзядзькі яцвяжскай мовы не разумеюць і што „асаблівую насцярожанасць выклікалі ў палескіх хлебаробаў наступныя радкі:

перакладчык, публіцыст, дырэктар часопіса „АRCHE“.
   
А то бачыш ты, пановыч:
„Нырозуме, ныпрывык...“
Почытаj, шо Шыляговыч
Пышэ про родныj язык!..“ —

Гаворка ішла пра надрукаваны на палескай старонцы „Чырвонай змены“ патрыятычны верш „Дідова наука“ дырэктара вясковай школы з вёскі Чухава Пінскага раёну Валера Саланевіча.

Грошы, вялікія грошы, давалі дырэктар менскае „моторовыровыробныці“ Канстанцін Устымчук і міністар „водогосподаркі“ Аляксей Шахновіч, дырэктар берасцейскае „летрыко-тыхныцькиjі выробныцы“ Рыгор Шкурдай, дырэктар Бярозаўскае аграфірмы Іван Данілевіч, прэзыдэнт “лытвынсько-гамэрыцько-полецького супилного заклада „Ankor“” Іван Анташкевіч. Чаму давалі? На гэтае пытанне не так проста даць адказ. Можа дзеля гордасці сваёй малой радзімай, а можа дзеля загаду зверху.

Малады мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі вітаў выданне ў „Чырвонай змене“ („яно дапаможа нам раскрыць яшчэ не вядомыя нам галінкі славяншчыны“), гісторык і авантурыст Алег Дзярновіч надрукаваў артыкул у „Збудінні“. Журналіст Анатоль Казловіч выказваў шчырую падзяку „Балесам Полісься“ і „як паляшук, і як чалавек, што сваё жыццё звязаў са Словам“.

Алесь Разанаў рыхтаваўся стаць кіраўніком Беларускага таварыства Рэрыха (доля якога, як падаецца сёння, у шмат чым нагадвае лёс „Полісься“) і ўшанаваў сваёй прысутнасцю заходнепалескую вечарыну ў Доме літаратара. На пытанне ўзрушанай палескай актывісткі ён сказаў, што з выступоўцаў вылучыў бы маладога Наварыча й берасцейскага школьніка Дынька, у якіх моцная энергетыка, толькі ў Наварыча — цёмная, а ў Дынька — светлая.

1989 — заснаванне газеты „Збудінне“, першага рэгулярнага выдання на заходнепалескай (яцвяжскай) мове ў варыянце Міколы Шэляговіча.

„Збудінню“ папярэднічала літаратурнае выданне „Балесы Полісься“, што выходзіла спачатку на старонках „Чырвонае змены“, а пасля ў самвыдаце. Выпуск газетаў, што многім здаліся „сваімі“, зрабіла магчымым „така неждана, така чудова“ перабудова. Журналіст „Советской Белоруссии“, актывіст „Полісься“ і паэт Васіль Брыль, няйначай класік украінскага постмадэрнізму Аляксандр Ірванэць, цешыўся ў сваім вершы „Дзякуем перабудове“:

Батьку, мамо, свето в нас, свето!
Выйшла на нашиjі мовы газэта!
Шэ ны газэта — шэ но бочына,
Алэ зрадніты сыба ны прычына?
 
Славмо-жэ ріднэньку пырыбудову,
Шо отчынее заганьбляну мову!
 
   

„Збудінне“ было сапраўдным знакам эпохі. Радасна адкрывала яно свае палосы ўсім, хто хацеў у ім друкавацца: і сталічным філосафам, што пісалі пра „путь западных полешуков во всемирной истории“ і іх „язык, богатый первозданной лексикой“, і правінцыйным фатографам, якія публікавалі на першай паласе здымкі жабінкоўскіх топ-мадэлек з подпісамі кшталту „Такы хорошы j даровыты жывуть на Етвызі дывчета. На здымковы Ларыса Абульмамбетова“. Без каментару перадрукавала „Збудінне“ з віленскай „Нашай Нівы“ адказ Зянона Пазняка ў апытанні пра эротыку. Карацей, гэтая газета давала народу магчымасць у розных даступных формах і дыялектах выказваць тыя пачуцці, якія яму не ўдавалася адэкватна выражаць у канвенцыйных мовах і жанрах.

У Берасці газету мала хто ведаў. Затое не перагарнуць „Збудіння“ лічылася кепскім тонам сярод маладое менскае багемы. У сталіцы Беларусі яна мела ўдвая болей чытачоў, чым у няспраўджанай „чолотвэрді Етвызі“ Пінску. Менскія наваспечаныя нацыяналісты вельмі ганарыліся, што не толькі незалежнасць заваявалі, але й займелі ўласную аўтэнтычную і аўтахтонную нацыянальную меншасць.

Дэклараваны наклад газеты скакаў у 1990–91 гадах між 5 і 12 тысячамі асобнікаў, што, верагодна, не заўжды адпавядала рэчаіснасці, бо, як толькі газета перайшла на фабрыку „Чырвоная зорка“, дзе прыпісак не дазвалялі, ён упаў да 2700 паасобнікаў і вагаўся між 2700 і 3300 экземпляраў аж да 1993 году, пакуль напярэдадні выбараў 1994–1995 гадоў Мікола Шэляговіч не сказаў: „Даеш рост тыражу на 1000%“! Калі верыць рэдакцыйнаму артыкулу першага (і апошняга) нумару „Збудіння“ за 1995 год, на яго ў тым годзе падпісаліся аж 56 тысяч „пудпысувалныкэj“ і наклад мусіў бы вырасці ў 18 разоў проці чэрвеня 1993 году. На жаль, рэкорднага росту накладу зафіксаваць у кнізе Гінэса не ўдалося, бо, як паведамляў той самы нумар, „здарылоса так, шо „Збудінне“ нывыjшло, бо нызмогло рышыты всіх фынансовых пытаннюв“, і вярнула грошы ўсёй гэтай грамадзе таямнічых падпісчыкаў.

Сімвалічна і тое, што апошні нумар газеты выйшаў рэкламна-агітацыйны — за кандыдатаў у Вярхоўны Савет ад блоку яцвягаў і беспартыйных у Пінску ў складзе самога М.Шэляговіча, а таксама кіраўніка Пінскага аддзялення Ашчадбанку М.Івашэвіча і намесніка дырэктара прадпрыемства „Діло“ Г.Качаноўскага. Усе трое праляцелі.

Лагатып газеты мяняўся разам са зместам: ад псеўдарунічнага ў першых нумарах праз геаметрычна-прагматычны ў 1992–1993 гадах да ўсё большай стылізацыі пад стараславяншчыну напрыканцы. Так і існавала газета да 1995-га, да „пабеднага“ майскага нацыянальнага рэферэндуму, мяняючыся разам з пераменамі палітычных модаў.

У палескім руху адбіліся ўсе беларускія павевы й вятры, толькі некаторыя ў гіпертрафаваным або дэфармаваным выглядзе: вершапісанне, этнаграфізм і збіранне памятак даўніны, рамантызм, гульні ў дэмакратыю і нацыяналізм, пошук балцкіх каранёў, захапленне моўнымі эксперыментамі, лацінкай і ўрэшце вяртанне да славянcкага карэння.

1990 — правядзенне Заходнепалескай (яцвяжскай) навукова-практычнай канферэнцыі, што абвясціла права насельніцтва Берасцейшчыны, Піншчыны, а таксама Паўночнай Валыні й польскага Падляшша і Холмшчыны на фармаванне самастойнага этнасу.

Канферэнцыя мелася прайсці ў Пінску. Тагачасная „агурковая сталіца Беларусі“ была зусім не такой, як цяпер, яе яшчэ не абяскровіў крах лёгкай прамысловасці і рачнога флоту. Тады Пінск (разам з Наваполацкам, Магілёвам, Гомелем, Менскам і Горадняй) меў адносна „дэмакратычны“ гарсавет. Але, нягледзячы на гэта, Пінск аказаўся не гатовы прыняць канферэнцыю, і яна сабралася ў Менску.

Поспех канферэнцыі можна патлумачыць тым, што, як адзначыў Генадзь Цыхун, „у адрозненне ад некаторых адміністратараў і культурных дзеячаў, славянская лінгвістыка з прыхільнасцю сустрэла з’яўленне яшчэ адной літаратурнай мікрамовы“. Пра новую „паэтычную мову“, як яшчэ называе яе сп.Цыхун, пісалі нябожчык маскоўскі славіст Мікіта Талстой (прапраўнук Лява), Аляксандр Дулічэнка з Тарту і Алег Палякоў з Вільні, мянчук Хведар Клімчук.

Лінгвісты, аднак, унікалі контраверсійнага азначэння „яцвяжская“, аддаючы перавагу назве „заходнепалеская (літаратурная) мова (мікрамова)“, выкарыстоўваючы назвы „русінска-палеская“, „палеска-русінская“ ці проста „палеская“ або „русінская“. Апошнюю назву выкарыстаў і М.Шэляговіч у адной з першых сваіх і найбольш гучных публікацый у газеце „Голас Радзімы“ (1987). Дарэчы, перш чым спыніцца на слове „мова“, ён ужываў два іншыя словы: рэмза (параўнайце з „румзаць“) і волода (параўнайце з латышскім „valoda“).

Якраз недзе ў гэты час, калі добрая вядомасць руху дасягнула кульмінацыі, Шэляговіч перастае акцэнтаваць увагу на культурніцкай, краязнаўчай і „паляшуцкай“ сутнасці руху і пераключаецца на распрацоўку „яцвяжскай тэорыі“.

 
   

1990 — публікацыя праекту праграмы Суйдіння, то бо Руху, першай парапалітычнай арганізацыі заходніх палешукоў.

„Суйдінне“ на добры лад так і не стварылася. Пад канец таго ж году М.Шэляговіч ставіць пытанне аб стварэнні Яцвяжскай нацыянальнай партыі. Праз некаторы час, калі стала ясна, што назвы і Суйдіння, і ЯНП выклікаюць у палешукоў, берасцейская актывістка „Полісься“ Голэна Мазько паспрабуе стварыць Заходнепалескую краёвую партыю, але ізноў беспаспяхова. Праз нейкі час з’явяцца на свет перадвыбарчыя аб’яднанні „Берасцейскі выбар-94“ і „Пінскі выбар-94“, гэтыя ўжо ў поўнай адпаведнасці з новымі палітычнымі рэаліямі, без палітактывістаў-дысідэнтаў, затое з удзелам дырэктараў аддзяленняў банкаў і прэзідэнтаў кампаній з кангеніяльнымі назвамі кшталту „Girstvo“ (то бо па-шэляговіцку „спадарства“), што будавалі хмарачосы на блатных пляцоўках у цэнтры Менску.

Па сканчэнні кар’еры яцвяжскага кунігаса Мікола Шэляговіч і сам стане адным з найбольш паспяховых менскіх бізнесменаў.

1994 — вылучэнне Міколы Шэляговіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

З перадвыбарчых улётак М.Шэляговіч прадстае паэтам, граматыстам, навукоўцам, асветнікам, знаўцам шасці замежных моваў, генеральным прад’юсэрам Фестывалю заходнепалескай песні (фота: сядзіць у мажорскім гальштуку за столікам з садавінай, побач — жонка). „Не злопамятен, не мстителен, но решителен и тверд“. „Будем бдительны, выберем достойного кандидата!“ — гэтак канчалася ўлётка Шэляговіча. У ёй адзначалася таксама, што ён валодаў „незаурядными вокальными данными“, але „оперным певцом стать ему было не суждено — сорвал голос“. Карацей, Фіцкаральда палескае Амазоніі.

На час, калі Шэляговіч памкнуўся ў прэзідэнты, у складзе „Полісься“ ўжо не было першага кіраўніка ягонае пінскае „гуртыны“ і правадыра пінскіх уніятаў Каленіка Лукашавіча Удавідчыка, чалавека, што ўжо адным сваім імем сімвалізаваў экзотыку вытокаў. Не заставалася больш у руху ні рамантыкі, ні рамантыкаў.

Калі не зважаць на дэманічную постаць Шэляговіча — гэта асобная гісторыя, — палескае адраджэнне было рамантычным парываннем маладое інтэлігенцыі, што прагла — як ні пошла гэта гучыць усяго праз 10 гадоў пасля тае пары — аднаўлення гістарычнае справядлівасці ў дачыненні да мільёну насельнікаў Берасцейшчыны й Піншчыны, хоць і не ведала дакладна, у чым гэтая гістарычная справядлівасць мусіць заключацца. Не магла ведаць, выйшаўшы з савецкае вечнае ночы на сляпучы свет вальнейшага жыцця. Украінскасць гэтых тэрыторыяў ужо не была відавочнаю. Беларускасць на іх усё яшчэ заставалася нечым чужым, фармальным, радыйна-літаратурным. Жывой з’явай, замацаванай і легітымізаванай барацьбою за захаванне незалежнасці й дэмакратыі, беларускасць стане на гэтых тэрыторыях, як і ва ўсёй Беларусі, за гады кіравання Лукашэнкі.

Парыванне было цынічна выкарыстанае амбітным геніем Міколы Шэляговіча, якім, магчыма, маніпулявалі спецслужбы. Але ці гэта помніцца з тых гадоў? Не, не вусы Шэляговіча, які набіваўся ў паплечнікі да Гайдукевіча й Лукашэнкі, устаюць у памяці. Успамінаецца іншае. Прыгадваецца, як мы з Надзяй Крышчук, Наталляй і Змітром Бабінымі ставілі ў 1989 годзе ў іх на кватэры, у панельным доме ля ўніверсаму „Рыга“, „Пінскую шляхту“ Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў арыгінале („Хрін тобі в гочі!“). Узгадваецца не „Збудінне“ часоў ягонага змяркання, аддадзенае на водкуп пакрыўджаным філосафам-вар’ятам. Успамінаецца надрукаваны ў 1987 годзе на палескай старонцы „Голасу Радзімы“ (газета друкавалася тады на рэдкай у Савецкім Саюзе бялюткай паперы, на першай старонцы быў здымак 85-гадовай бялыніцкай ткачыхі на фоне ручнікоў і гарбузоў, на апошняй — спіс пунктаў падпіскі на „Голас Радзімы“, падпісацца можна было нават у Заіры і Перу) верш Мынзара:

Знов быру былета до Янова
На курjерський бырыстэйський поjізд
Відаю, шо проводныця словом
Знов поліським душу мні напоjіть...

Верш называецца „Риднэ“.

Усё астатняе называецца „законам людской памяці“. Зрэшты, можа варта пераставіць націск: „людскай памяці“.

Той рух быў палескім для большасці ягоных удзельнікаў, а яцвяжскім толькі для Шэляговіча, Трушка і яшчэ некалькіх чалавек. Ягоная гісторыя хоча застацца ў памяці не як антыбеларуская ці антыўкраінская інтрыга, а як досвед, што лучыць два народы, дзве традыцыі. Застацца спробаю настальгічнага падарожжа ў краіну мроі. Спробаю жыць — і пісаць — заплюшчыўшы вочы, у свеце, дзе ўсё — палітычнае. Заплюшчыўшы вочы, хоць тыя, хто жыве заплюшчыўшы вочы, заведама прайграюць.

Пасля, з часам, з векам, прыходзіла да рознавекавых удзельнікаў палескага руху інтэлектуальная і маральная „даросласць“ з новым глыбейшым пачуццем сваёй „украінскасці“ й „беларускасці“ і з новым вымярэннем інтэлектуальнай і творчай адказнасці. Прыходзіла і горкае пачуцце дарослага désillusion.

Палессе як паняцце культурнае аказалася пахаваным пад Яцвеззю, паняццем палітычным, груба палітычным, няўдала палітычным, бяздарна палітычным, шарлатанскім. Ідэя культывавання і зберажэння рэгіянальных асаблівасцяў Берасцейшчыны й Піншчыны прыцягвала і арганізоўвала людзей. Яцвяжская тэорыя сваёй адвольнасцю і махлярствам дэзарыентавала і сапраўды нанесла вялікую шкоду беларускаму і ўкраінскаму адраджэнням у рэгіёне — калі нехта дабіваўся гэтага, дык дабіўся. Русіфікацыя зрабіла яшчэ адзін крок наперад.

Аднак русіфікацыя, як аказалася, мае непазбежным наступствам нацыянальную кансалідацыю беларусаў. Русіфікацыя была непазбежным пераходным этапам на шляху да такой кансалідацыі — непазбежным з-за пачатковай слабасці надрэгіянальнай ідэнтычнасці і відавочнай разнароднасці этнічнай масы.

1996 — апошні Фестываль заходнепалескай песні (першы быў праведзены ў 1994 годзе), неўзабаве пасля якога прападаюць апошнія знакі дзейнасці аўтанамісцкага руху.

Што засталося ад яцвягаў? Пуставаты сайт у Інтэрнэце пад назвай „Звырок“ (слова простае, але не ўсе беларусы адразу сцямяць, што гэта азначае проста „звярок“), з удакладненнем „Про шляхетну лывірочку“ — http://mensk.newmail.ru. Але не спяшайцеся падлучацца да Сеціва, калекцыянеры экзотыкі: і гэны сайт апошнім часам ягоны невядомы мне гаспадар перавёў на беларускую мову.

Адклаўся яшчэ ў галаве ўбогі, мясарубачны матыў нязбытнага яцвяжскага гімну — застаўкі Тэлефестывалю заходнепалескай песні: „Етвызь! Ту-ту-ту!.. Сымбол нашиj завшыні!.. Етвызь! Ту-ту-ту!.. Память нашиj давныні!..“ Гэтае паскудства якраз і хочацца з памяці сцерці, яно начэпна вяртаецца. Мабыць, да смерці не адстане.

Етвызь — што загарадзіла дарогу да Палесся.
 

 
   

 
Частка ІІ. Народ, што не стварыўся.
Накіды структурнага аналізу

Праграма ГКЗ „Полісьсе“ (Збудінне, 1990/4), даволі поўнае тлумачэнне якой даў Мікола Шэляговіч у сваім артыкуле „С кем идет „Полісьсе“?“ (Збудінне, 1990/8), была тыповым дакументам нацыятворчага руху на ягонай аўтанамісцкай стадыі. Яна патрабавала для заходніх палешукоў дзяржаўнасці ў форме аўтаноміі пры нязменнасці дзяржаўных межаў з наданнем Берасцейшчыне й Піншчыне статусу аўтаномнага краю, які ў перспектыве ўтварыў бы з уласна беларускай часткай краіны федэратыўнае Беларуска-Яцвяжскае гаспадарства. Яна дэкларавала прыхільнасць да шматукладнай эканомікі з акцэнтам на дасягненне самадастатковасці рэгіёну; урэшце, праграма ўяўляла сабой характарыстычны для той эпохі набор папулісцкіх лозунгаў. У сваім артыкуле „Ятвяжская национальная партия“ (Збудінне, 1990/7) Мікола Шэляговіч пісаў, што „працэс абнаўлення яцвяжскага грамадства мае патрэбу ў яцвяжскай нацыянальнай сацыял-дэмакратыі“. Акцэнт рабіўся на моўнай, культурнай і адукацыйнай палітыцы, прычым, зазначала „Збудінне“, „калі стварэння яцвяжскай навукова-метадычнай базы дабіцца не ўдасца“, дык навучанне ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах прапаноўвалася весці на ўкраінскай мове — паводле стратэгіі „меншага зла“.

Ідэалагічная дактрына руху імкліва мянялася ад панбалтызму да панславізму, разам з саюзнікамі, у залежнасці ад кан’юнктуры. На першых парах Менская гуртына „Полісься“ (якая адлюстроўвала пазіцыю М.Шэляговіча) уступіла ў БНФ, пасля выйшла стуль, гэтак і вагалася аж да ўступлення ў прамаскоўскі Народны Рух Беларусі ў 1994 годзе і выхаду з яго ў знак нязгоды з тым, што НРУ падтрымаў на выбарах кандыдатуру Кебіча, а не Лукашэнкі (здаецца, зрэшты, гэта адбылося ўжо пасля таго, як Кебіч прайграў у першым туры, так што не варта пераацэньваць палітычную інтуіцыю Шэляговіча).

Заходнепалескі рух на першым этапе сваёй дзейнасці насіў найперш філалагічны характар. Усе „новаяцвягі“, у тым ліку пратаганіст праекту Мікола Шэляговіч, пачыналі з літаратурнай творчасці. Амаль усе яны былі калі не празаікамі, дык паэтамі. Яны наследавалі шляху, які прайшлі іншыя нацыі Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы, што пачалі фармавацца запознена і на першым этапе не мелі ўласнай нацыянальнай буржуазіі: украінцы, беларусы, славакі. Пісьменнікі, філолагі, гісторыкі былі кавалямі іх нацыянальных ідэнтычнасцяў. Таму протанацыяналістычная праграма дзеянняў ГКЗ „Полісьсе“ прадугледжвала найперш кадыфікацыю літаратурнай мовы і пашырэнне тэкстаў на ёй.

Як мовазнавец, Шэляговіч прадпрымаў тэарэтычна правільныя крокі па стварэнні літаратурнае мовы: прыняў фанетычны прынцып правапісу, канструяваў наватворы. Але ён не меў эстэтычнага дару і ігнараваў сацыякультурную рэальнасць. Ягоная мова выклікала эмацыйнае непрыняццё ў аўдыторыі.

Стратэгія

Мала сфармуляваць нацыятворчую праграму. Трэба мець яшчэ гістарычныя, этнічныя ды эканамічныя перадумовы для паўстання нацыі.

Перадумоваў на Берасцейшчыне й Піншчыне бракавала. Стратэгі, аднак, на гэта мала зважалі.

Асновай стратэгіяў прыхільнікаў стварэння „яцвяжскай“ нацыі, як і любой новай нацыі, была паступовая падмена элементаў дамінуючай культуры элементамі новастваранай культуры. Гэта мусіла адбывацца праз пашырэнне газеты, падтрымку самабытнае нацыянальнае літаратуры, заснаванне фольк-гурту „Етвызь“, спансараванне поп-выканаўцаў і тэлефестывалю заходнепалескай песні, падрыхтоўку да стварэння ўласнай адукацыйнай сістэмы праз „яцвяжскі“ цэнтр пры НДІ педагогікі, асцярожныя спробы палітычнай дзейнасці (найперш уплывы на дзяржаўныя структуры і паступовае ўмацаванне парапалітычнай арганізацыі). Уся гэтая дзейнасць мусіла прывесці да ўтварэння трэцяга балцкага народу і чацвёртае ўсходнеславянскае мовы. Аднак такі балтаславянізм ад пачатку быў крыніцай унутранай супярэчнасці.

Мікола Шэляговіч тады паспрабаваў зняць супярэчнасць, шукаючы ці фабрыкуючы доказы таго, што слова „яцвяг“ было ў познім Сярэднявеччы не этнонімам, а азначала канфесійную прыналежнасць, што „яцвягамі“ называлася паганская супольнасць, або што этнонім „яцвягі“ абазначаў палітычнае ўтварэнне, у склад якога ўваходзілі і балцкія, і славянскія элементы. Было, аднак, ужо позна. Эпоха нацыянальна-палітычных трансфармацыяў канчалася.

Ідэалагічныя і арганізацыйныя формы нацыяналізму, а таксама мадэлі для фармавання нацыянальнае мовы Мікола Шэляговіч проста капіяваў з беларускіх і літоўскіх узораў. Інтэлігенцыя, згуртаваная вакол ягонай харызматычнай фігуры, знаходзілася пад уплывам рамантычнай канцэпцыі нацыі, перанятай савецкай навукай, паводле якой нацыя атаесамлялася з простанароднай мовай. Раз існуе асаблівая гаворка на Берасцейшчыне й Піншчыне, значыць, існуе тутака і асобная нацыя, лічылі яны. Будзіцелі народу Берасцейшчыны і Піншчыны не рабілі адрознення між этнічнай нацыяй і палітычнай нацыяй і лічылі, што нацыя, як і яе мова, — прадукт прыроды, надзелены прыроджаным правам на развіццё сябе і сваёй культуры. Пры гэтым дзяржава і дзяржаўнасць здаваліся ім, рамантыкам, нечым штучным і плынным. Не дзіва ж, калі ўлічыць, як часта розныя рэжымы ўлады змянялі адзін аднаго на лясных і балотных абшарах міжрэчча Буга і Прыпяці ў ХХ стагоддзі.

Адкуль прыйшлі яцвягі

Сярод умоваў затрымкі нацыянальнага развіцця берасцейцаў і пінчукоў былі моцная асіміляцыя, запозненая, непаслядоўная і палавіністая мадэрнізацыя каланіяльнага тыпу, ажыццёўленая адсталай расійскай метраполіяй, непаўната сацыяльнай структуры, замена гарадскога і вышэйшых слаёў сельскага насельніцтва з габрэйскага і польскага на расійскае ў сярэдзіне ХХ ст., ментальныя траўмы, прычыненыя таталітарнымі рэжымамі, адкрытае вынішчэнне адукаваных або сацыяльна ці нацыянальна актыўных грамадзянаў таталітарнымі рэжымамі ў 40–50-я гады ХХ ст., выключная слабасць грамадзянскае супольнасці як наступства камуністычнага кіравання.

Сапраўдным бацькам „яцвяжскага“ праекту быў Іосіф Сталін. Пры правядзенні межаў УССР і БССР у 1939 годзе Берасцейшчына і Піншчына, дзе насельніцтва гаварыла на дыялектах украінскай мовы, апынуліся ў складзе Беларусі — каб прасцей было кіраваць транспартнай магістраллю Масква—Берасце. Беларусі Берасце па вялікім рахунку было непатрэбнае, яно было патрэбнае метраполіі. (Пытанне вызначэння прыналежнасці гаворак Берасцейшчыны й Піншчыны, як лакмусавая паперка, выяўляе палітызаванасць, а часам і павярхоўнасць савецкага мовазнаўства. Калі нехта з менскіх лінгвістаў дзяліў усе гаворкі на ўкраінскія й беларускія роўненька па лініі беларуска-ўкраінскай мяжы, гэта можна аднесці на палітычны рахунак, але калі карыфеі ўкраінскага мовазнаўства праводзяць мяжу між беларускімі і ўкраінскімі гаворкамі па гэтай граніцы або па поўначы Камянецкага і ўсходняй адміністрацыйнай граніцы Пружанскага і Кобрынскага раёнаў, гэта ўжо немаведама што, бо паміж гаворкамі Кобрыншчыны і Дарагічыншчыны няма зусім ніякай розніцы.)

Працэс фармавання ўкраінскай ідэнтычнасці ў асяроддзі аўтахтонаў і лініі прыцягнення да ўкраінскае нацыянальна-дзяржаўнае арбіты былі гвалтоўна перарваныя. Рэпрэсіўны апарат запрацаваў на вынішчэнне ўсяго ўкраінскага.

Толькі паводле афіцыйнай савецкай статыстыкі за прыналежнасць да ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацыяў у 1943–1953 гадах на Берасцейшчыне й Піншчыне было арыштавана 1282 чалавекі, большасць з якіх дадому не вярнулася. Драму тутэйшых сялянаў, заціснутых між рознымі няроўна ўзброенымі сіламі, цяжка апісаць. Дастаткова хіба што нагадаць звесткі, якія прывёў у сваім артыкуле, надрукаваным у часопісе „Архівы і справаводства“, супрацоўнік архіваў КГБ Ігар Валахановіч: падчас толькі адной пацыфікацыі антысавецкага падполля на Берасцейшчыне і Піншчыне, якая праводзілася з 15 студзеня да 20 лютага 1945 году, савецкія войскі і сілы МДБ атачылі 839 населеных пунктаў, абшукалі 48 479 двароў, праверылі 165 137 чалавек, прачасалі 12 тыс. кв. км лясоў і балотаў. У выніку яны разграмілі 33 узброеныя групы, забілі 98 і арыштавалі 3808 чалавек. Свабоду і жыццё можна было страціць за адну наяўнасць у хаце твораў украінскіх класікаў, за найменшыя праявы ўкраінскіх нацыянальных пачуццяў. Сутнасна такая ж палітыка праводзілася і ў 60–80-х, толькі менш гвалтоўнымі метадамі.

Затое беларуская ідэнтычнасць пачала фармавацца позна і прыцягненне да беларускага цэнтру не паспела ўмацавацца (гэта адбудзецца толькі ў 90-х). У выніку на Берасцейшчыне і Піншчыне захоўвалася этнічная група з аслабленай ідэнтычнасцю, якая пад сярэдзіну 80-х яшчэ валодала, актыўна ці пасіўна, мясцовымі дыялектамі ўкраінскай мовы. Новая „вясна народаў“, забушаваўшы ў рэгіёне, не магла не пасеяць пакутлівай збянтэжанасці ў душах няўпэўненых у сваёй нацыянальнай прыналежнасці пашпартных беларусаў Берасцейшчыны і Піншчыны. Пагатоў што за час знаходжання ў складзе Беларусі за кошт русіфікацыі і беларусізацыі ўзмацніліся адрозненні мясцовай культуры і дыялектаў ад украінскіх.

Знайсці гістарычную легітымацыю самастойнаму нацыятворчаму праекту, аднак, было не проста: сярэднявечныя Берасцейскае і Пінскае княствы ніколі не ўяўлялі самастойнай сілы. Мікола Шэляговіч вылучыў „яцвяжскую тэорыю“, хоць так і не змог пераканаць у ёй большасць сваіх паплечнікаў (як сведчаць пратаколы паседжанняў Управы ГКЗ „Полісьсе“, ягоныя сябры ўвесь час падкрэслівалі стрыманае стаўленне да яе).

Этнічны матэрыял, з якога меркавалася вырабіць чацвёрты ўсходнеславянскі або трэці балцкі народ, быў на той момант ужо моцна зрусіфікаваны (паводле Хведара Клімчука, які грунтаваўся на звестках перапісу 1989 г., расійскую мову назвалі тады роднай 22,5% карэнных жыхароў Берасцейшчыны й Піншчыны, рэальная ж лічба тых, хто карыстаўся расійскай мовай у побыце, была яшчэ вышэйшаю). Расійская мова была мовай адміністрацыі, буйнейшых гарадоў, шматлікіх вайсковых базаў. Носьбітамі загародскіх (берасцейскіх)гаворак заставаліся пераважна сялянскія і работніцкія слаі. Паколькі ўмовай сацыяльнага прасоўвання, уваходжання ў вышэйшыя слаі расійскага, польскага і савецкага грамадстваў быў пераход на мову паноўнай нацыянальнасці і прыняцце ейных культурных кодаў, толькі нязначная колькасць інтэлігенцыі працягвала атаесамляць сябе з „тутэйшай“ традыцыяй.

Апроч таго, большасць інтэлігентаў, што ўпрэгліся ў рэалізацыю заходнепалескага праекту, жыла ў Менску, а не на Берасцейшчыне і Піншчыне (іншасць лепш адчуваецца ў параўнанні). Самабытнай культуры сучаснага, урбаніcтычнага кшталту палешукі не мелі, ды нават горш — урбаніcтычная ўкраінская й беларуская культуры самі на той час былі недастаткова развітыя, не даючы адэкватнага ўзору. Прыходзілася шукаць сабе святыні ў архаіцы.

А ў краіне бушавала перабудова. Падаў Савецкі Саюз, паўставала Рэспубліка Беларусь. Логіка цэнтралізаванай эканомікі ў муках канала. Надыходзіла логіка капіталізму.

Плён працы

„Новаяцвягі“ прэтэндавалі і на ўкраінскія ды польскія землі: Роўна, Луцк, Сарны, Белую Падляскую, Бельск. Гэтыя прэтэнзіі, аднак, не падмацаваліся колькі-небудзь значнымі аргументамі. Украінскія і польскія сябры „Полісься“ (сярод іх былі, напрыклад, беластоцкая журналістка Ганна Кандрацюк і луцкі філолаг Віктар Давыдзюк) спачатку проста не разумелі, куды іх зацяглі, а калі зразумелі, пачырванелі і паразбягаліся. Дзейнасць групы Шэляговіча фактычна абмежавалася Беларусяй. Але і тутака характар дзейнасці быў пераважна філалагічны (хоць пры гэтым корпус створаных „новаяцвягамі“ тэкстаў не перавысіў некалькі соцень старонак, а газета „Збудінне“ так і не набрала больш за 400 рэальных, а не фікцыйных, падпісчыкаў, пры тым, што ў рэгіёне праз кіёскі прадаецца асобнікаў не больш, чым разыходзіцца па падпісцы).

Палітычны нацыяналізм „яцвягаў“, якому супрацьстаялі расійска-савецкая, беларуская, украінская і польская нацыянальна-дзяржаўныя ідэі, быў зусім слабы і няздольны да канкуравання з іншымі нацыяналізмамі.

Крытычны момант падзення Савецкага Саюзу і цэнтралізаванай эканомікі надышоў, калі заходнепалескі аўтанамісцкі рух па сваёй вядомасці ў народзе не быў да гэтага гатовы. Мікола Шэляговіч заўсёды бачыў перспектывы ачольванага ім руху ў кантэксце абноўленага Савецкага Саюзу. Менавіта падчас апошняга ўсесаюзнага перапісу ў пералік нацыянальнасцяў і народнасцяў былі ўключаныя „пінчукі“ (з якімі амаль ніхто сябе не атаясаміў), ува ўсесаюзным Камітэце па друку было першапачаткова зарэгістраванае „Збудінне“.

Аўтанамісцкі рух аказаўся слабы на Палессі. Колькасць ягоных актывістаў так і не перавысіла сотні, а сімпатыкаў — некалькіх тысячаў.

Але ўкраінскі рух тамака, падзелены на некалькі канкуруючых на непрынцыповай глебе арганізацыяў, аказаўся не мацнейшы, чым заходнепалескі аўтанамісцкі. Непараўнальна слабейшы, чым у 20–30-х і 40–50-х гадах, ён згуртаваў пераважна або былых палітвязняў, або мігрантаў з Вялікай Украіны. Але ні першыя сваіх унукаў, ні другія сваіх дзяцей у рух ужо прывесці не змаглі. Украінцы выдавалі газету „Берестейський край“ — нешта сярэдняе між насценным баявым лістком і раёнкай, правялі пару псеўдафальклорных песенных фестываляў, трошкі пашумелі ў медыях, спрабавалі арганізаваць выкладанне ўкраінскай мовы ў школах — няўдала. Украінскасць аказалася непрыцягальнаю перадусім дзеля жахлівай беднасці і эканамічнай адсталасці суседняй Валыні, якая і фармуе ў берасцейцаў вобраз Украіны.

Фактычна, аказалася, што савецкая дзяржава здолела за 40 гадоў вынішчыць украінскую свядомасць на Берасцейшчыне й Піншчыне. Малапрыемны факт поспеху прымусовае дэнацыяналізацыі. Яцвяжскі праект засведчыў найперш крызіс украінскай ідэнтычнасці ў рэгіёне.

 
   

 
Згортванне

Сканчэнне пераходнага перыяду ў грамадстве, адсутнасць чаканай рэакцыі шырокіх масаў, паступовае запаўненне ідэалагічнага вакууму, з якога імкнуліся скарыстаць палескія будзіцелі — усё гэта прымушала апошніх паступова згортваць сваю дзейнасць. Яшчэ некалькі гадоў, і іхны рух цалкам знік з культурнай і палітычнай мапы Беларусі.

У 1994 годзе Мікола Шэляговіч далучае „Полісьсе“ да рэваншысцка-савецкага Народнага Руху Беларусі, удзельнічае разам з кіраўніком кампаніі „Лада-ОМС“ Ваганавым і адыёзным журналістам Гукоўскім у стварэнні Партыі ўсебеларускага адзінства і згоды, едзе ў Маскву дзеля падпісання пратаколу аб намерах сумесных дзеянняў з партыяй ПРЕС (з расійскага боку паперу падпісаў цяперашні палітэмігрант Сяргей Станкевіч), спрабуе вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзідэнты краіны, але набірае толькі 3700 — пры патрэбе 100 тысячаў — подпісаў у сваю падтрымку (пытанне, колькі з іх было зроблена адною рукою, не высвятлялася). Праз год ён яшчэ балатуецца ў парламент, але прайграе ў Пінскай акрузе, не прайшоўшы нават у другі тур, саступаючы і кандыдату ад „партыі ўлады“, і камуністу, і прадстаўніку БНФ. Такі самы вынік напаткаў іншых актывістаў руху ў Янове і Кобрыні. Старыя паплечнікі Шэляговіча з шэрагаў дэмакратычнай інтэлігенцыі цураюцца „Полісься“, абураныя ягонымі гешэфтамі з чырвона-зялёнымі, Аляксандр Лукашэнка тым часам умацоўвае свой рэжым асабістай улады.

І так, нібы заданне ягонае выкананае, Шэляговіч-паэт, Шэляговіч-палітык, Шэляговіч-лінгвіст, Шэляговіч-выдавец раптоўна знікаюць, толькі Шэляговіч-бізнесовец працягвае раз’язджаць па Менску то на сваім шэрым „Мерседэсе“, то на зялёным „БМВ“.

Параўноўваючы з схемай Гроха

Паводле чэшскага гісторыка М.Гроха, класічная схема разгортвання нацыятворчых рухаў бездзяржаўных народаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы складалася звычайна з трох этапаў. Першая фаза характарызуецца актыўнасцю малога кола, складзенага збольшага з інтэлігенцыі, якая не абавязкова нават гаворыць на нацыянальнай мове. Гэтая невялікая група дакументуе традыцыйную народную культуру і спрабуе акрэсліць агульныя ўяўленні пра свой народ. Падчас другой фазы бездзяржаўны народ адраджае сваю мову, якая раней лічылася простанароднай гаворкай, усё больш выкарыстоўвае яе ў адукацыі, літаратуры, культуры, на гэтай мове ўзнікае прэса. На трэцяй фазе ствараюцца арганізацыі нацыянальнага тыпу, узнікаюць палітычныя партыі і адбываецца палітычная мабілізацыя — апошняя фаза доўжыцца аж да ўтварэння нацыянальнае дзяржавы. Калі ісці за гэтай схемай, дык заходнія палешукі прайшлі (мовазнаўцы Клімчук, Лучыц-Федарэц, археолаг Кухарэнка, філолаг Шэляговіч і інш.) першую стадыю, распачалі другую (газета „Збудінне“, пісьменнік Трушко, тэлефестываль „Етвызь“, уключэнне Міністэрствам адукацыі Беларусі заходнепалескай мовы ў спіс моваў, на якіх можа весціся навучанне і г.д.), але рэалізацыя гэтых этапаў была хутчэй прыватным інтарэсам адзіночак, а не арганізаванага кола, прычым адзіночак, для якіх гэтая справа часцяком была проста кепскім кампрамісам, легальным заменнікам цалкам нелегальнага ўкраінафільства. І „Полісьсе“ так і не стала арганізацыяй у поўным сэнсе гэтага слова.

Стратэгіі заходнепалескага „адраджэння“, імпульсы да рэалізацыі якіх паступалі звонку, не выклікалі зменаў у масавай свядомасці і псіхалогіі людзей, за выняткам вузкага, у пару дзесяткаў чалавек, кола актывістаў, культурны даробак не пакінуў следу ў свядомасці тутэйшага насельніцтва. Цікавасць да мясцовага фальклору, дыялектаў, гісторыі, тэрытарыяльны патрыятызм не знайшлі пунктаў счаплення з палітычным праектам.

Сярод прычынаў адсутнасці такой зваротнай сувязі можна назваць і няўдала выбраны этнонім „яцвягі“, і ўжыванне надмернай колькасці вузкараённых словаў, уласцівых адным паўднёваянаўскім гаворкам, і залішак архаізмаў і не заўсёды ўдалых неалагізмаў у мове, усіх гэтых словаў, незразумелых нават адукаванаму чытачу, і складаны алфавіт мовы („самая аддаленая берасцейска-пінская гаворка нам бліжэйшая, чымся той варыянт заходнепалескае літаратурнае мікрамовы Шэляговіча“, — такое характэрнае выказванне мясцовай інтэлігенцыі цытуе Х.Клімчук), і спрэчны выбар протанацыянальнага цэнтру — не ўніверсітэцкае і прамысловае Берасце (што праўда, моцна зрусіфікаванае), а раённы Пінск, і палітычны апартунізм лідэра, і слабасць сувязі з мясцовымі палітычнымі і эканамічнымі элітамі (стаўленнем уладаў, як цэнтральных, так і мясцовых, было хутчэй ігнараванне), і брак натуральных межаў, адасобленага рынку і гістарычнае традыцыі, і няпэўнасць сімвалічнай легітымацыі, тых падставаў для „гордасці малой радзімай“, дзякуючы якім паступова пераадольваюцца сувязь і ідэнтыфікацыя з „вялікай радзімай“, вялікай нацыяй, і адбываецца змена ідэнтыфікацыі, якая заключаецца не столькі ў перамене мовы, колькі ў перамене культурных кодаў, сістэмы нацыянальных сімвалаў і міфаў. „Яцвяжскі“ міф a priori пазбаўляе іх: не было ў мінуўшчыне магутнай яцвяжскай дзяржавы, не было нацыянальных герояў ці прарокаў.

Падазрэнні

Таму некаторыя лічаць, што „яцвяжскі“ праект ад самага пачатку быў скіраваны не на шырокія масы — праз розныя сродкі камунікацыі ад царкоўных казаняў да электронных медыяў, бо толькі так магчыма закласці падмурак нацыі — а на вузкую, уразлівую на сепаратысцкі дыскурс і папярэдне падрыхтаваную культурна-краязнаўчым рухам групу інтэлігенцыі. І меў на мэце гэты праект, лічаць яны, не падрыхтаваць удзельнікаў руху да шырокай асветніцкай, а ў перспектыве і палітычнай працы, а наадварот, адвярнуць іх ад далучэння да якога-кольвек руху нацыянальнай эмансіпацыі, скіраваўшы на заведама тупіковую каляіну.

Рух „новаяцвягаў“ сапраўды можна разглядаць як спробу рэалізацыі нацыятворчага праекту, а можна — як маштабную палітычную інтрыгу ці ўмелую правакацыю КДБ супраць беларускага і ўкраінскага нацыянальна-вызвольных рухаў. Маўляў, як Малдове стварылі Прыднястроўе, так тутака хацелі стварыць Яцвязь.

Застаецца без вычарпальнага адказу пытанне, што найбольш рухала нядаўнім выкладчыкам беларускай мовы й літаратуры ў Менскай школе КДБ і супрацоўнікам наскрозь кадэбісцкай газеты „Голас Радзімы“ М.Шэляговічам: жаданне закласці падмуркі новай нацыянальнай тоеснасці або, наадварот, заданне знішчыць перадумовы да гэтага, здыскрэдытаваўшы рух у зародку.

Як толькі Шэляговіч адмахнуўся ад сваіх, як ён цяпер кажа, „юнацкіх аблудаў“, і ягоныя „яцвягі“ зніклі, „акі обры“. Зрэшты, хто можа гарантаваць, што некалі яны не выйдуць з пушчы зноў? Разрывы паміж „адраджэннямі“ не ўспрымаліся і не ўспрымаюцца як нешта незвычайнае ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе, рэгіёне з драматычнай гісторыяй.

Праўда, якой можа быць у будучыні легітымацыя адроджанага руху ўва ўмовах, калі імкліва і, усё выдае на тое, незваротна знікаюць украінскія дыялекты Берасцейшчыны й Піншчыны?

Параза „яцвяжскага праекту“ засведчыла яшчэ раз, што развіццё нацыяналізму з’яўляецца найперш палітычным, а не культурным пытаннем. Нацыятворчы праект аказваецца паспяховы тады, калі ён абапіраецца на гістарычную традыцыю і супадае з шчаслівай палітычнай кан’юнктурай. Толькі тады „супольнасць“ аказваецца здольнаю „ўявіць сябе“ супольнасцю і рэалізаваць сваё адзінства.

А ў заходнепалескім адраджэнні 80–90-х усё цяпер здаецца сном постмадэрніста: адзінаю кнігай, што выйшла на „заходнепалескай мове“, была кніга па шахматнай кампазіцыі цудоўнага кобрынскага трэнера Стэпана Давыдзюка, а адзінай граматыкай заходнепалескай мовы, што так і не выйшла друкам, была граматыка, складзеная ў якасці дыпломнай працы студэнта філфаку Міколы Шэляговіча. „Кубыла ысториjі“ (няхай Юзё Дынысюк даруе мне крадзеж назвы ягонага верша) панесла гэты сон у вечнасць.


З падзякай за каштоўныя парады
ссп. Алегу Латышонку,
Аляксандру Рыбалку
і Хведару Клімчуку.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (11) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Вадзім Каранковіч
Апошняе абнаўленьне: 6-11-2000