|
|
Ежы Гедройц
(1905–2000)
Сьмерць Гедройца рэзкім болем згукнулася ў сэрцах беларускай інтэлігенцыі. Адышоў у вечнасьць мянчук, ліцьвін, паводле нараджэньня і пранесеных праз усё жыцьцё сымпатыяў. Будучы цэнтральнай фігурай польскай інтэлектуальнай сцэны XX стагодзьдзя, Гедройц стаўся сымбалем культурнага супраціву агрэсіі звонку. Ён паказаў, што і як трэба рабіць, калі ратунку, здаецца, ужо няма.
Беларуская тэма прысутнічала на бачынах рэдагаванай ім „Кultury“ ад самога пачатку і да самога канца. Ня так даўно якраз ён сваім аўтарытэтам паспрыяў адкрыцьцю ў Беластоку катэдры беларускай культуры, а таксама зьяўленьню беларускага выпуску „Kultury“. У адным з інтэрвію, паказаных пасьля выхаду нумару па польскай тэлевізіі, Гедройц, памахваючы нумарам перад тэлекамэрай, казаў, што, калі такія рэчы ўдаюцца ў Менску, то трэба паспрыяць, каб іх было больш а больш.
Цяпер парыская „Kultura“ не выходзіць.
Ежы Гедройц больш не жыве.
|
|