A R C H E | S k a r y n a | №
6 (11) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
ЖАН-ШАРЛЬ ЛЯЛЬМАН | |||||
|
Жан-Шарль Ляльман
|
палітоляг, супрацоўнік парыскага Інстытуту навуковых дасьледаваньняў. Укладальнік і рэдактар зборніка Les confins de l'OTAN: l'espace mer Baltique - mer Noire / Nouveaux Mondes (Жэнэва-Парыж, 1999), паводле якога перакладзены артыкул у гэтым нумары. Ён публікуецца з ласкавае згоды аўтара і жэнэўскага Цэнтру дасьледаваньняў прадпрыемстваў і грамадзтваў, выдаўца альманаха Nouveaux Mondes. |
Несымэтрычнасьць саюзу між дзьвюма настолькі рознакалібарнымі краінамі тлумачыць пэўныя разьбежкі ў падыходах і той факт, што кожны з бакоў трымаецца сваіх пазыцыяў. На Беларусь прыпадае толькі 3% аб’ёму замежнага гандлю Расіі. Затое для Беларусі Расія — бясспрэчна галоўны гандлёвы партнэр, куды ідзе 64,9% беларускага экспарту і адкуль паступае 54,3% імпарту*. Расійскі рынак фармуе пад 40% беларускага ВНП. Вось чаму на замежным гандлі Беларусі гэтак моцна адбіўся расійскі крах лета 1998 году. Агульны аб’ём замежнага гандлю Беларусі ў 1998 годзе склаў 15,5 мільярдаў даляраў, што на 2,9% меней, чым у 1997 годзе, і гэта тлумачыцца найперш крызысам расійскага рубля. Але скарачэньне расійскай долі ў беларускім імпарце ды экспарце адбылося за кошт згортваньня грашовых апэрацыяў, тады як аб’ём бартэрных зьдзелак істотна ўзрос (з 34% ад агульнага аб’ёму экспарту да 42%). Беларускі імпарт з Расіі цяжка скараціць, бо ён складаецца пераважна з энэргарэсурсаў, безь якіх нельга абысьціся. У свой час Беларусь адмовілася ад праектаў пабудовы нафтавага калектару, што злучаў бы тэрміналы Ўкраіны й Латвіі, а таксама паставіла крыж на праекце пабудовы ўласнай атамнай электрастанцыі. Энэргетычная залежнасьць і запазычанасьць за энэрганосьбіты — гэта той камень, аб які спатыкаюцца яе двухбаковыя адносіны з Расіяй, і адначасова галоўная тэма для абмеркаваньня на кожным паседжаньні выканкаму саюзу. Запазычанасьць найбуйнейшых беларускіх дзяржаўных канцэрнаў расійскім дзяржаўным ці прыватным групам — гэта фактычна „нябачнае“ фінансаваньне Беларусі Расіяй. Бо сапраўды, імпарт энэрганосьбітаў мог бы паглынаць 90% усіх валютных паступленьняў Беларусі, калі б ён часткова не пакрываўся за кошт бартэру. Найбольшым цяжарам для Беларусі застаецца закупка газу, хоць Расія і прадае яго Беларусі па цане, удвая ніжэйшай за сярэднеэўрапейскую. Запазычанасьць „Газпрому“ з 1998 году трымаецца на ўзроўні прыкладна 250 мільёнаў даляраў, яшчэ 80 мільёнаў краіна вінная за нафту. У 1998 годзе „Газпрому“ прыйшлося пагадзіцца з тым, што Беларусь на 74% расплочвалася за газ бартэрам (згодна зь міжурадавымі пагадненьнямі Менск адпраўляе ў Маскву розную тэхніку і абсталяваньне беларускай вытворчасьці, мясныя кансэрвы, а таксама… збожжа й рыс, вытворцам якіх Беларусь не зьяўляецца). Галоўны атрымальнік гэтых тавараў з расійскага боку — Міністэрства абароны, бо „Газпром“ расплочваецца гэтым самым бартэрам за свае запазычанасьці перад фэдэральным бюджэтам, і фэдэральны цэнтар, ня маючы іншага выйсьця, мусіць пагаджацца. Цяжка вызначыць, па якіх цэнах праводзяцца гэтыя ўзаемазалікі; становішча з бартэрам нельга лічыць доўгатэрміновым вырашэньнем. У сакавіку 1999 году „Газпром“ скараціў свае пастаўкі ў Беларусь з 44 да 32 мільёнаў кубамэтраў газу штодзённа. Беларусь хацела б атрымліваць газ па цане, устаноўленай для расійскіх спажыўцоў. „Газпром“ жа пагаджаецца на такое толькі пры ўмове, што за пастаўкі Беларусь будзе расплочвацца валютай. Іншы прыклад непаразуменьняў у эканамічнай сфэры між Беларусяй і Расіяй — спрэчкі вакол таго, хто будзе кіраваць беларускай нафтавай і нафтахімічнай галіной. Складаная гульня вядзецца вакол двух буйных нафтаперапрацоўчых заводаў (Наваполацкага і Мазырскага). А.Лукашэнка, з аднаго боку, хоча захаваць дзяржаўны кантроль над гэтымі прадпрыемствамі ў складзе канцэрну-гіганта „Белнафтахім“, а з другога — выкарыстаць іх у якасьці інструмэнта інтэграцыі з расійскімі нафтавымі кампаніямі, у першых шэрагах якіх — „Лукойл“, „Юкас“ і „Слаўнафта“. |
* Артыкул быў напісаны ў 1999 годзе. Некаторыя лічбы, што тутака прыводзяцца, нязначна зьмяніліся за год, што прайшоў пасьля ягонага надрукаваньня. — Зацем рэдактара. |
Моцным ходам А.Лукашэнкі ў адносінах Беларусі й Расіі ў апошнія гады быў выхад на расійскія рэгіёны. Адным з галоўных шляхоў, якім улады Беларусі разьлічваюць разьвіваць замежны гандаль краіны, зьяўляецца беспасярэдняе супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. У Расіі рэгіянальныя лідэры (губэрнатары вобласьцяў і прэзыдэнты рэспублік) ад 1990 году ўвесь час павышалі свой уплыў. Яны дасягнулі высокай ступені аўтаноміі ад Масквы і паўнаўладна пануюць у сваіх землях. Так, у 1996 годзе прэзыдэнт Ельцын урэшце пагадзіўся на беспасярэднія ўсеагульныя выбары мясцовых кіраўнікоў, тады як з 1991 да 1996 году ён іх прызначаў. А.Лукашэнка выкарыстоўвае цяперашнюю „дзікую“ рэгіяналізацыю Расіі ў сваіх інтарэсах (хоць ніякай самастойнасьці беларускім рэгіянальным кіраўнікам не дае). Стратэгія беспасярэдніх „гарызантальных“ кантактаў з расійскімі рэгіёнамі атрымала бурнае разьвіцьцё пасьля 1997 году. Палітыка актыўнай падтрымкі буйных беларускіх прадпрыемстваў, што пачала рэалізоўвацца з 1996 году, адразу прывяла да рэзкага росту запасаў гатовай прадукцыі на складах — не было пакупнікоў. Рэгіёны Расіі былі вызначаныя як патэнцыйныя рынкі збыту, здольныя паглынаць танныя беларускія тавары, якасьць якіх мо й саступае самым высокім міжнародным стандартам, але ўсё ж пераўзыходзіць сярэднерасійскі ўзровень. За адзін 1997 год гандаль між Беларусяй і расійскімі рэгіёнамі ўзрос больш чым на 30%. |
Гандаль Беларусі з расійскімі рэгіёнамі ажыцьцяўляецца найчасьцей праз бартэр (які складае да 60% ад агульнага аб’ёму). Рэч у тым, што эканоміка расійскіх рэгіёнаў за апошнія гады няспынна дэманэтарызавалася. Са свайго боку, беларускі рубель моцна абясцэніўся з-за інфляцыі і ў выніку расійскага фінансавага краху ўлетку 1998 году. Таму ніводзін з бакоў ня мог расплочвацца цьвёрдай валютай за атрыманую прадукцыю. Дэманэтарызацыя вонкавага гандлю прыводзіць да ўзмацненьня ролі беларускай бюракратыі і бюракратыі расійскіх рэгіёнаў у справе мабілізацыі рэсурсаў гаспадарчых структураў. Уцягваючы беларускія прадпрыемствы ў складаныя ланцужкі натуральнага абмену, што бяруць пачатак на расійскай тэрыторыі, А.Лукашэнку ўдаецца, так бы мовіць, іграць у пасярэдніка між Масквою, губэрнатарамі і буйнымі расійскімі прамысловымі групамі. Расійскія рэгіёны асабліва ахвотна купляюць беларускія прадукты, угнаеньні і тэхніку: трактары, грузавікі, сельгасмашыны. Варта адзначыць, што трактары МТЗ „Беларус“ практычна замянілі сабой беларускі рубель у замежным гандлі краіны, прычым ня толькі з расійскімі рэгіёнамі, але і з краінамі Бліжняга Ўсходу і Азіі. Гэтак, 60% трактарнага парку Пакістану — беларускага паходжаньня. „Беларусы“ шчыруюць таксама ў Іране, Сырыі, Эгіпце, Кітаі, Індыі. А.Лукашэнка заўзята праводзіў сярод расійскіх губэрнатараў сапраўдную рэклямную кампанію беларускіх тавараў. Палітыка прыватных візытаў Лукашэнкі выклікала нават дыпляматычны скандал улетку 1997 году, калі Барыс Ельцын забараніў яраслаўскаму й ліпецкаму кіраўнікам прымаць А.Лукашэнку, які не хацеў арганізоўваць свае кантакты з расійскай глыбінкай праз пасярэдніцтва Масквы. Але ўрэшце Барыс Ельцын саступіў і асабіста дазволіў візыт А.Лукашэнкі ў Яраслаўль (дзе знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод, што належыць расійска-беларускай кампаніі „Слаўнафта“). І зь зімы 1997 году А.Лукашэнка без канца сноўдаецца па Расіі, а дэлегацыі расійскіх краёў і вобласьцяў наведваюцца ў Менск. За 1998 год Лукашэнка нанёс 8 такіх візытаў, а ў Менск прыехалі 23 дэлегацыі расійскіх рэгіёнаў. Сярод самых гучных візытаў Лукашэнкі былі паездкі ў Навасібірск і Ўладзівасток у лютым, у Мурманск і на Паўночны флёт у сакавіку, у Кемерава, Омск і Томск у кастрычніку. Так, рэгіён за рэгіёнам, Беларусь усталявала сувязі амаль з усёй Расіяй, падпісваючы двухбаковыя пагадненьні (такіх дамоваў на май 1999 году налічвалася 67). Гандлёвыя сувязі зь Беларусяй падтрымліваюць больш за 80 расійскіх рэгіёнаў. Больш за тое, у 15 рэгіёнах Беларусь адкрыла свае сталыя гандлёвыя прадстаўніцтвы, якімі кіруюць прадстаўнікі найбуйнейшых дзяржаўных канцэрнаў, мэта якіх — разьвіваць бартэрны гандаль. |
Галоўны спажывец беларускай прадукцыі ў Расіі — Масква. Расійская сталіца купляе танныя беларускія харчовыя тавары. Вось ужо некалькі гадоў гэтыя сувязі змацоўваюцца асабістым сяброўствам А.Лукашэнкі і маскоўскага мэра Юр’я Лужкова. Гэтыя два палітыкі хваляць адзін аднаго, называюць „моцнымі гаспадарнікамі“. Масква і вобласьць спажываюць каля 40% беларускага экспарту ў Расію, але тутака варта ўдакладніць, што да фінансавага краху, які адбыўся летам 1998 году, у Маскве канцэнтравалася 80% расійскага капіталу. Іншыя важныя рэгіёны беларускага экспарту — Цюмень, Татарстан, Інгушэція, Пецярбург. Імпарт паступае ў Беларусь з тых самых Цюмені, Масквы, Пецярбургу, але таксама зь Яраслаўлю ды Сьвярдлоўску. А.Лукашэнка выкарыстоўвае магчымасьці для ўдзелу ў любых расійскіх структурах, адкрытых для Беларусі. У ліпені 1999 году чатыры беларускія вобласьці (Менская, Віцебская, Магілёўская, Гомельская) далучыліся да міжрэгіянальнай асацыяцыі „Цэнтральная Расія“, у якую ўваходзяць 11 расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку Масква, з яраслаўскім губэрнатарам, блізкім да Юр’я Лужкова, на чале. Беларускі прэзыдэнт знайшоў сабе таксама ўплывовых партнэраў сярод кіраўнікоў Міжрэгіянальнай асацыяцыі „Паўночны Захад“, у якую ўваходзяць 12 рэгіёнаў на чале зь Пецярбургам. Эканамічнае супрацоўніцтва з гэтай асацыяцыяй паглыбілася з 1998 году. Ленінградзкая вобласьць атрымлівае зь Беларусі трактары МТЗ у абмен на пецярбурскія трактары „Кіравец“. З Валагодзкай вобласьці Беларусь атрымлівае сталь, вырабленую на Чарапавецкім мэталургічным камбінаце ў абмен на менскія, бабруйскія і гомельскія сельгасмашыны. У Волагдзе ж пусьціў карані і канцэрн „Белнафтахім“, адкрыўшы там сваё пастаяннае прадстаўніцтва. З пачатку 1999 году завязаліся таксама паўнакроўныя сувязі Беларусі з кіраўнікамі Валгаградзкай вобласьці й Прыморскага краю. Цікавую ролю ў гэтых кантактах іграюць аўтаномныя рэспублікі Расіі, што ўжо даўно самастойна вырашаюць замежнаэканамічныя пытаньні. Гэтак, беларускае кіраўніцтва вельмі часта сустракаецца з кіраўнікамі Ўдмуртыі, але вызначыць накірункі супрацоўніцтва тутака вельмі няпроста. Ня выключана, што гэтыя кантакты зьвязаныя з закупам зброі для беларускага войска. Неадназначна разьвіваюцца і стасункі Беларусі з Татарстанам. Татарскі прэзыдэнт Мінтымер Шайміеў адзін з галоўных праціўнікаў аб’яднаньня Беларусі й Расіі паводле мадэлі, якую адстойвае А.Лукашэнка (стварэньне двухсуб’ектнае фэдэрацыйнае дзяржавы), бо пры гэтым адносна зьнізіўся б цяперашні прывілеяваны статус Татарстану ў Расійскай Фэдэрацыі. Татарскі прэзыдэнт пабойваецца таксама, што ўтвораная такім чынам дзяржава-гібрыд будзе грунтавацца на ідэалёгіі панславізму на шкоду неславянскім народам Расіі. Аднак, кіраўнікі Беларусі й Татарстану знаходзяць супольную мову ў тым, што датычыць эканамічных стасункаў: абодвума рухае аўтарытарны і індустрыялісцкі дух. Пэўныя кантракты былі падпісаныя між Беларусяй і дзяржаўнай кампаніяй „Татнафта“. Менавіта ў гэтым кантэксьце ўлады Беларусі пачалі рабіць знакі ўвагі сваёй татарскай меншасьці і нават далі згоду на адбудову старога мячэту ў Менску. |
Згодна з дамоўленасьцю аб стварэньні „адзінай мытнай прасторы“ ад 1995 году (пагадненьне пра гэта было падпісанае ў студзені, а ўступіла яно ў сілу ў траўні), што пасьля была замацаваная дамовай аб „мытным саюзе“, краіны мусілі адмовіцца ад мытнага кантролю за перамяшчэньнем церазь беларуска-расійскую мяжу любых тавараў, апроч тых, што абкладаюцца акцызамі (алькаголь, тытунь, аўтамабілі). Аднак час ад часу свабоду міждзяржаўнага гандлю ўсё ж парушаюць адміністрацыйныя абмежаваньні. Часта гэта адбываецца з ініцыятывы беларускага боку. Рознагалосьсі ўзьнікаюць з прычыны несупадзеньня эканамічных курсаў дзьвюх краінаў, іхнай фінансавай і бюджэтнай палітыкі. Расія спрабуе паставіць адміністрацыйныя бар’еры на шляху некаторых гандлёвых патокаў зь Беларусі. Па-першае, расійцы церпяць ад несумленнай канкурэнцыі з боку шэрагу беларускіх вытворцаў, па-другое, спрэчкі між краінамі выклікае таксама няўзгодненасьць падыходаў да ўніфікацыі падаткавага заканадаўства. Узроўні акцызаў на шэраг тавараў у Расіі былі вышэйшыя, чым у Беларусі. Зьняцьцё мытных і фіскальных бар’ераў ня толькі дазволіла беларускім вытворцам экспартаваць у Расію тавары па цэнах, ніжэйшых за ўнутрырасійскія, але яшчэ й дало магчымасьць рээкспарту прадукцыі трэціх краінаў празь Беларусь. Вось чаму ў 1998 годзе кіраўніцтва расійскай падаткавай службы прыгразіла ўвядзеньнем мытных збораў на ўсе тавары, што паступаюць зь Беларусі. Расійскі бок хоча пакласьці канец пануючай на расійска-беларускай мяжы анархіі і прымусіць Беларусь адмовіцца ад дэмпінгу. У прынцыпе, краіны ўжо прынялі законы, што ўніфікуюць сыстэму падаткавых збораў, і Беларусь пачала спаганяць мыты з пэўных транзытных грузаў, каб павялічыць цану тавару ў Расіі, на месцы прызначэньня. З 1998 году расійскія ўлады патрабуюць, каб на ўсе тавары, што паступаюць на продаж у Расію зь Беларусі, былі дакумэнты, якія б пацьвярджалі аплату збораў у Беларусі. Выдаткаваная на беларускія зборы сума пасьля вылічваецца з сумы збору, якую трэба плаціць у Расіі. Але пры ажыцьцяўленьні гэтага захаду ўзьнікла іншае канкрэтнае пытаньне. А па якім курсе расійскі бок мае вылічваць валютны эквівалент сумы, заплочанай у Беларусі ў беларускіх рублёх? Фіктыўны курс беларускага рубля, устаноўлены зьверху рашэньнем менскіх уладаў, значна заніжаны проці курсу беларускай валюты на маскоўскай біржы. Гэта дазваляе беларускім уладам і далей працягваць гандаль па дэмпінгавых цэнах, імітуючы спагнанне высокіх збораў. Разблытаць гэты вузел можна было б, спаганяючы мыты і іншыя ўскосныя падаткі на месцы прызначэньня тавару ўва ўсіх краінах СНД. На гэта ўжо аднак не пагаджаецца Расія, якая больш экспартуе ў краіны былога СССР, чым імпартуе зь іх. |
У дадатак да гэтых спрэчак 17 студзеня 1999 году расійскае міністэрства транспарту аднабакова ўвяло правілы, паводле якіх беларускія перавозчыкі, калі транспартуюць грузы трэціх краінаў, мусяць атрымліваць спэцыяльны дазвол на перасячэньне беларуска-расійскай мяжы. У гэтым кантэксьце канчатковай уніфікацыі мытных кодэксаў дзьвюх краінаў у разьвіцьцё мытнага пагадненьня 1995 году пакуль чакаць не даводзіцца, як і ўвядзеньня адзінай стаўкі ПДВ (20%), што прадугледжвалася зрабіць у 1999 годзе. Паколькі мяжа між Расіяй і Беларусяй празрыстая, дык кантрабандаю ў поўным сэнсе гэтага слова перавозяцца перадусім тавары, якія падлягаюць дадатковаму падаткаабкладаньню, або прадметы, гандаль якімі без спэцыяльнага дазволу забаронены (зброя, наркотыкі, прадметы мастацтва). Аднак падпольны гандаль, што вядзецца цераз расійска-беларускую мяжу, рэгулярна дае зачэпкі для звадаў, прычым бакі звычайна перакладваюць адказнасьць з аднаго на другі. Гэта азмрочвае пэрспэктывы расійска-беларускага саюзу. У памежных рэгіёнах Расіі расьцьвіў кантрабандны транзыт па „беларускім калідоры“, дзякуючы шматлікім „дзіркам“ у мытных бар’ерах на заходняй мяжы Расіі, дзе, як і ўва ўсёй адміністрацыі гэтай краіны, буяе карупцыя. Апроч карупцыі, Заходняе ўпраўленьне Мытнага камітэту Расіі вельмі клапоціць тое, што на Браншчыне й Смаленшчыне фіксуецца ўсё больш фактаў перахоўваньня наркотыкаў і іх траспартаваньня з Расіі ў Эўропу. Смаленская вобласьць перайшла пад кантроль „сонцаўскай“ мафіёзнай групоўкі, асяродак якой — пад Масквой. Гэтая групоўка кантралюе транзыт какаіну і гераіну. Бранская вобласьць увогуле мае рэпутацыю „наркарэгіёну“. У склад груповак наркамафіі ў гэтым рэгіёне ўваходзяць каля 700 чалавек (расійцы, беларусы, украінцы, малдаване…). Крайняе пагаршэньне сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў гэтым рэгіёне палягчае ім найманьне наркакур’ераў, якія перавозяць наркотыкі ў Беларусь і Ўкраіну. На Браншчыне разросься шчэ адзін спэцыфічны тып памежнага гандлю зь Беларусяй, зьвязаны з ільготамі, якія маюць чарнобыльцы. Браншчына — рэгіён Расіі, які найбольш пацярпеў ад Чарнобылю (хоць у цэлым 70% усіх радыёактыўных ападкаў выпала ў Беларусі). Пасьведчаньне „чарнобыльца“ дае ў Расіі права ўвозіць з суседняй Беларусі аўтамабілі, сьпіртное і тытунёвыя вырабы, ня плоцячы за іх акцызаў. Таму тутака назіраецца сапраўдны гандаль чарнобыльскімі пасьведчаньнямі, у які аказаліся ўцягненыя як тутэйшыя, гэтак і маскоўскія мафіёзныя структуры, што наймаюць „чарнобыльскіх кур’ераў“ зь ліку мясцовых ліквідатараў і пацярпелых. |
Моцнае разьвіцьцё атрымала кантрабанда гарэлкі зь Беларусі ў Расію. Беларусь стала апорнай базай вытворчасьці падпольнага алькаголю для многіх расійскіх кампаніяў, у тым ліку й маскоўскіх, растоўскіх і маздоцкіх злачынных групаў. Менавіта пашырэньне гэтага бізнэсу, да якога вельмі цярпіма паставіліся беларускія ўлады, па ўсёй верагоднасьці, стала прычынаю росту колькасьці забойстваў па палітычна-эканамічных матывах у Магілёўскай вобласьці пасьля 1997 году. Смаленскі гарэлачны завод „Бахус“ нясе вялікія страты ад таго, што ягонае кіраўніцтва называе „несумленнай канкурэнцыяй“. Да гэтай карціны застаецца толькі дадаць, што ў Расіі асобныя структуры атрымалі ад дзяржавы права не плаціць падаткаў на імпарт (праваслаўная царква, вэтэранскія і некаторыя спартовыя арганізацыі). Беларускія ўлады іншы раз бралі чынны ўдзел у падобным гандлі, прычым часам нават адкрыта. Гучная справа „Торгэкспо“ стала тыповым прыкладам дзейнасьці беларускай прэзыдэнтуры. Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта (а не сама дзяржава) узяло пад свой кантроль прыбытковыя галіны, сярод якіх турыстычная інфраструктура і гатэлі, запаведнікі і нацыянальныя паркі, лясная гаспадарка, а таксама часткова гандаль зброяй і транзыт аўтамабіляў, гарэлкі і цыгарэтаў у Расію. Нарэшце, на транспартных шляхах квітнеюць розныя формы рэкету, у тым ліку й паўафіцыйнага, на памежных пунктах пропуску і беларускіх аўтамагістралях. Смаленская кіраўнічая эліта таксама ўспрымае аўтамагістраль з Эўропы Берасьце—Менск—Масква як аб’ект, зь якога можна стрыгчы купоны. Аднаго смаленскага губэрнатара зьмяніў другі, але пры гэтым сума г.зв. экалягічнага збору, што спаганяецца з кіроўцаў усіх машынаў, якія праяжджаюць праз Смаленшчыну, толькі павялічылася, хоць такі збор не прадугледжваецца ніякімі заканадаўчымі актамі. Цяпер на адміністрацыйных межах Смаленшчыны стаяць міліцэйскія пасты (юрыдычны статус якіх таксама ня вызначаны) і зьбіраюць гэты падатак. Абласная адміністрацыя так ясна і не патлумачыла, куды разыходзяцца сродкі, спаганяныя з кіроўцаў, калі не лічыць некалькіх „дабрачынных акцыяў“, праведзеных ёю. Беларускія ўлады ў адказ таксама ўвялі збор з расійскіх машынаў, што ўяжджаюць на тэрыторыю Беларусі. У сапраўднасьці беларускія ўлады, як і кіраўніцтва сумежных расійскіх правінцыяў, зацікаўленыя ня так у абмежаваньні гандлёвых патокаў празь мяжу Беларусі й Смаленшчыны, як ува „ўмелым рэгуляваньні“ іх. |
У эканамічным і палітычным супрацоўніцтве між Беларусяй і памежнымі рэгіёнамі Расіі мае значэньне ня столькі аб’ём, колькі якасьць. Гэта геапалітычнае па сваім характары значэньне, бо ў выніку разьвіцьця стасункаў з расійскім паўзьмежжам вакол беларускае дзяржавы паўстае міні-зона ўплыву, якая дае Беларусі важныя казыры ў яе адносінах з Масквою ў рамках „саюзу дзьвюх“. Таму ў 1998 годзе ў Беларусі было абвешчана, што беларускае дзяржаўнае радыё будзе вяшчаць таксама на значную частку заходняга рэгіёну Расіі. Смаленскі й бранскі губэрнатары мусяць вучыцца кіраваць сваімі вобласьцямі, не разьлічваючы на рэальную падтрымку з Масквы, і, здаецца, усё больш павяртаюцца тварам да „старэйшага беларускага брата“ (так яны ўспрымаюць суседнюю краіну), у якога больш ладу і толку. Беларусь і саюзная тэматыка, нягледзячы на ўсю іх неадназначнасьць, робяцца ўсё больш важнымі чыньнікамі ў мясцовай палітычнай гульні на Браншчыне і Смаленшчыне. А.Глушанкоў, смаленскі губэрнатар з 1993 да 1998 году, займаў пасаду намесьніка старшыні парлямэнцкай асамблеі саюзу, а ў 1999 годзе яго на гэтым пасту зьмяніў бранскі кіраўнік І.Лодкін. Няхай гэткія пасады і створаныя ў наднацыянальных псэўдаўстановах, што існуюць адно на паперы, усё ж яны маюць ня толькі фармальна-ганаровае значэньне. І Глушанкоў, і Лодкін усяляк падкрэсьлівалі свае пачэсныя функцыі, што давала ім магчымасьць здабыць дадатковую легітымацыю ў вачах выбарцаў, а таксама дадатковую вагу ў Маскве й Менску. Незалежнасьць Беларусі і Ўкраіны моцна ўдарыла па Смаленшчыне і Браншчыне. Апроч псыхалягічных і тоеснасных наступстваў гэтага (тутэйшыя ўлады падтрымлівалі ўяўленьне пра г.зв. „вечную дружбу славянскіх народаў“), гэтыя рэгіёны, асабліва Браншчына, што мяжуе з Украінай, адчулі на сваёй скуры наступствы разрыву эканамічных сувязяў. Украінскія ўлады, імкненьне якіх да ўмацаваньня незалежнасьці было мацнейшым, чым у беларускіх, увялі вельмі жорсткі мытны кантроль. У 1992–1993 гадох на Ўкраіну прыпадала трэцяя частка аб’ёму замежнага гандлю Браншчыны (збольшага імпарт), а на Беларусь — 12%. У 1999 годзе ўжо Беларусь займала цьвёрдае першае месца (траціна замежнагандлёвага абарачэньня Браншчыны), а Ўкраіна — другое месца з 19%. Пасьля жнівеньскага крызысу 1998 году ў бартэрныя абмены пачалі ўцягвацца вытворцы ўсё новых і новых тавараў. Гэтак, Беларусь цэнтралізавана пастаўляла на Смаленшчыну прадукты, бэнзын, аўтобусы, трактары і іншыя сельгасмашыны на агульную суму 2 мільёны даляраў у абмен на электраэнэргію (з Смаленскай АЭС) і ўгнаеньні з Дарагабускага хімзаводу. Прамое супрацоўніцтва зь беларускім прэзыдэнтам успрымаецца як адзіны спосаб пераадоленьня крызысу. Цяпер ужо ідзецца ня толькі пра „фальклёрныя сустрэчы“ і заклінаньні пра „вечную дружбу славянскіх народаў“. Завязваецца сапраўднае супрацоўніцтва, найперш эканамічнае, на ўзроўні ўладаў. Пад гукі няўгасных прамоваў пра пільную неабходнасьць інтэграцыі зь Беларусяй, якія падхопліваюцца і на ўзроўні расійскіх правінцыяў, некаторыя тамтэйшыя прадпрыемствы ўжо ня вытрымалі спаборніцтва зь беларускімі канкурэнтамі, што атрымліваюць датацыі зь менскага дзяржбюджэту: прыкладам могуць быць смаленскія цагельні або бранская мэблевая прамысловасьць. |
На Смаленшчыне й на Браншчыне пабольшала сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў. Яны займаюцца пераважна продажам тавар аў, што ўвозяцца зь Беларусі напаўзаконным ці незаконным шляхам. На Браншчыне 40% сумесных прадпрыемстваў (з замежным капіталам) — беларуска-расійскія**. А смаленскі губэрнатар, імкнучыся мінімізаваць нэгатыўны ўплыў сучаснай беларуска-расійскай інтэграцыі на эканоміку вобласьці, прыдумаў выраз „смаленска-беларускія прадпрыемствы“. Разьвіваюцца прамыя сувязі між расійскімі рэгіёнамі й сувэрэннай беларускай дзяржавай. У выпадку Бранскай вобласьці гэтыя адносіны ў пэўнай ступені „закамуфляваныя“: кіраўніцтва аддае перавагу падпісаньню пагадненьняў зь беларускімі вобласьцямі, каб прыхаваць наяўнасьць прамых сувязяў з А.Лукашэнкам. Абласныя ўлады тутака імкнуцца ў меру магчымасьцяў рэгуляваць супрацоўніцтва сваіх памежных раёнаў зь Беларусяй. Насельніцтву гэтых пэрыфэрыйных нават для самой Браншчыны раёнаў, дзе калгасьнікам іншы раз заробкаў не плацілі з 1994 году, Лукашэнкава Беларусь уяўляецца сапраўдным узорам парадку і сацыяльнай стабільнасьці. Менавіта таму ўлады Краснагорскага раёну (які на ўсіх выбарах галасуе за камуністаў і ультранацыяналістаў), што на захадзе Браншчыны, расьпісваючыся ўва ўласнай няздольнасьці даць рады сытуацыі, у сакавіку 1999 году афіцыйна папрасілі Лукашэнку анэксаваць тэрыторыю іхнага раёну. Смаленскае абласное кіраўніцтва менш хавае свой клопат пра разьвіцьцё супрацоўніцтва зь Беларусяй. Гэтак, 24 верасьня 1998 году смаленскія ўлады абнародавалі асноўныя накірункі шырокай праграмы разьвіцьця супрацоўніцтва зь Беларусяй, якая афіцыйна мела на мэце дапамагчы пераадолець наступствы жнівеньскага крызысу і адказаць на адсутнасьць увагі з боку Масквы. 7–8 кастрычніка смаленскі губэрнатар Аляксандар Прохараў сустрэўся зь беларускім прэзыдэнтам у Менску, каб прадоўжыць абмеркаваньне асноўных пунктаў гэтай праграмы. Сярод тых праектаў, пра якія гаварылася, найважнейшым уяўляецца стварэньне смаленска-беларускага канцэрну па вытворчасьці электрычнасьці на базе Смаленскай АЭС (меркавалася неўзабаве ўвесьці ў дзеяньне новы энэргаблёк, а ў пэрспэктыве пабудаваць другую АЭС побач зь першай). Гэтае прадпрыемства мусіла б ня толькі забясьпечваць электраэнэргіяй патрэбы Смаленскай вобласьці (яна спажывае толькі 16% выпрацоўванай цяпер энэргіі), але й Беларусі, а лішкі мерыліся экспартаваць у Польшчу й Нямеччыну. Апроч таго, смаленскія ільногадоўчыя ды ільноперапрацоўчыя прадпрыемствы зьбіраліся перадаць беларускім уласьнікам, здольным аздаравіць гэтую галіну і спыніць рост колькасьці беспрацоўных у ёй, а смаленскі завод па шліфоўцы алмазаў „Кристалл“ мусіў атрымаць кантроль над аналягічным гомельскім, што сутыкаецца зь вялікімі праблемамі з сыравінай ад часоў распаду СССР. Плянавалася таксама стварэньне смаленска-беларускай авіякампаніі на базе смаленскага і гомельскага авіязаводаў, а ў галіне адукацыі — зьліцьцё Смаленскага і Віцебскага ўнівэрсытэтаў у адзін „Славянскі ўнівэрсытэт“. Вывучаліся таксама магчымасьці стварэньня свабоднай эканамічнай зоны адначасова ў Віцебскай і Смаленскай абласьцях і выпрацоўкі адзінай палітыкі спагнаньня грошай за праезд па аўтамагістралі Масква—Берасьце. У чэрвені 1999 году большасьць з гэтых праектаў яшчэ заставалася толькі на паперы, а кіраўнічая эліта Смаленску ганарылася адкрыцьцём у горадзе новага беларуска-расійскага сумеснага прадпрыемства, якое мае займацца мадэрнізацыяй мэдычнага і стаматалягічнага абсталяваньня. Аналягічныя адносіны ткуцца і з памежнай Пскоўскай вобласьцю, і з Калінінградзкім анклявам. Пскоўскі губэрнатар, жырыновец Міхайлаў, падтрымлівае найлепшыя стасункі з А.Лукашэнкам. Была адноўленая і ўступіла ў дзеяньне чыгуначная нітка з Пскова да Віцебску ў абход балтыйскіх краінаў. Чвэрць замежнагандлёвага абароту Пскоўскай вобласьці прыпадае на Беларусь. У Калінінградзкай вобласьці дзейнічаюць больш за 30 прадпрыемстваў зь дзяржаўным беларускім капіталам. Беларусь разьлічвае выкарыстоўваць калінінградзкія парты для пашырэньня сваіх гандлёвых сувязяў і рыбалоўства ў Балтыйскім моры. |
** Гэта зьвесткі на пачатак 1999 году. За мінулы год колькасьць такіх прадпрыемстваў яшчэ больш узрасла, бо многія беларускія кампаніі перанесьлі сваю дзейнасьць у памежныя рэгіёны Расіі. — Зацем рэдактара. |
Важнасьць утварэньня геапалітычнае цэласнасьці, у рамках якой расійскія рэгіёны, што суседнічаюць зь Беларусяй, уцягваліся б ва ўсё больш цесныя эканамічныя адносіны зь ёю, трэба разглядаць у зьвязку з праектам стварэньня „адзінай вайсковай групоўкі“ на базе беларускага войска і Маскоўскай ваеннай акругі, рэактуалізаваным увесну 1999 году. Маскоўскія і менскія мэдыі надалі вялікую ўвагу ўдзелу беларускіх частак у маштабных манэўрах расійскага войска ў чэрвені 1999 году, што называліся „Захад 99“ і ў часе якіх адпрацоўвалася якраз адбіцьцё агрэсара, які наносіць галоўны ўдар з эўрапейскага кантынэнту. Адбываюцца сынхранізаваныя манэўры войскаў супрацьпаветранай абароны. Паводле беларуска-расійскага пагадненьня, падпісанага 1 ліпеня 1999 году, большая частка вайсковых аб’ектаў Беларусі прадастаўляецца ў распараджэньне Крамля. Сфэра ваеннага супрацоўніцтва — адна з тых, дзе расійска-беларускі саюз рэалізоўваецца найбольш эфэктыўна, асабліва беручы пад увагу адсутнасьць канкрэтных дасягненьняў у гэтай галіне ў рамках СНД, калі не лічыць падпісаньня Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў 1992 годзе ў Ташкенце. Аднак і ў гэтай галіне, як і ўва ўсіх астатніх, цесныя сувязі між Расіяй і Беларусяй упісваюцца перадусім у простую лёгіку двухбаковых адносінаў і існавалі нават да фармальнага падпісаньня дамовы пра стварэньне саюзу. Пры гэтым вайсковыя пытаньні зьяўляюцца той сфэрай, у якой і менскія, і маскоўскія ўлады ўвесь час блефуюць. Паколькі пытаньні эўрапейскай бясьпекі ў 90-х прайшлі пад знакам пашырэньня NATO і ўмяшаньня Атлянтычнага альянсу ў Косаве, беларускія і расійскія кіраўнікі спрабавалі супрацьстаяць гэтым працэсам, ствараючы думку, што яны ўсё яшчэ ўяўляюць сабой магутнасьць, зь якой Захад мусіць лічыцца. З пачаткам бамбардаваньняў Сэрбіі ў адказ на дзеяньні югаслаўскай арміі ў Косаве беларускія і расійскія прэзыдэнты і міністры абароны сталі сустракацца часьцей. Менавіта ў гэтым кантэксьце мэдыі падхапілі праект стварэньня аб’яднанай расійска-беларускай групоўкі (не даючы ёй больш дакладнага вайсковага азначэньня). Ува ўласьцівым яму стылі, захапляючыся ўласнай рыторыкай, А.Лукашэнка заявіў у часе свайго візыту ў Валгаград 9 траўня 1999 году, што „Беларусь — гэта заходні фарпост Расіі“ і што „ад Масквы да Смаленску няма расійскіх войскаў, гэтую прастору фактычна ахоўвае беларускае войска“. Насамрэч Смаленская вобласьць далёка не дэмілітарызаваная: якраз тут былі разьмешчаныя часткі, выведзеныя зь Нямеччыны і краінаў Балтыі. Беларускі сындром, што заключаецца ў зацятым разыгрываньні ролі „шчыту Масквы“, узьнік як наступства таго стратэгічнага значэньня, якое мела Беларусь (тады гэта была Беларуская вайсковая акруга) для савецкай ваеннай дактрыны. Якраз тутака пры канцы 80-х стаяла наймацнейшая танкавая групоўка (супэрсучасныя Т-80), якая мелася прарваць абарону NATO аж да Атлянтыкі. У Мазыры й Лідзе несьлі баявое дыжурства стратэгічныя ядзерныя ракеты SS-25. Беларусь была на той момант самай мілітарызаванай тэрыторыяй сьвету (адзін салдат прыходзіўся на 43 жыхары: 160 тысячаў чалавек было пад ружжом у КБВА і яшчэ 40 тысячаў падпарадкоўваліся камандаваньню стратэгічных сілаў). |
Для Масквы стварэньне ў Беларусі нацыянальнай арміі (прычым значна скарочанай) у 1992 годзе азначала страту важнага абароннага эшалёну на эўрапейскім накірунку. Масква з раздражненьнем і неразуменьнем успрыняла падкрэсьліваньне нэўтралітэту Беларусі кіраўніцтвам краіны ў першыя гады незалежнасьці (ваенная дактрына 1992 году). З прыходам да ўлады А.Лукашэнкі быў падпісаны шэраг выгадных Расіі пагадненьняў у вайсковай сфэры. Міжурадавае пагадненьне ад 6 студзеня 1995 году, дапоўненае ў сьнежні таго ж году, увяло паняцьце „супольнае ваенна-стратэгічнае прасторы“. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем Расія атрымлівае ў бясплатнае карыстаньне на 25 гадоў дзьве базы стратэгічнага прызначэньня. Будынкі гэтых базаў абвешчаныя ўласнасьцю Беларусі, але ўся рухомая маёмасьць застанецца ў расійскай уласнасьці. Гаворка ідзе пра радыёлякацыйную станцыю раньняга папярэджаньня нападаў у Ганцавічах і Вялейскую радыёстанцыю, што забясьпечвае сувязь паміж расійскімі субмарынамі ў Белым, Чорным і Балтыйскім марах. За гэта Беларусь атрымала некаторыя эканамічныя выгоды: напрыклад, былі зьніжаныя цэны, па якіх Расія прадае ёй энэрганосьбіты, а ў вайсковай галіне ёй дазволілі рыхтаваць афіцэраў супрацьпаветранай абароны ў маскоўскіх вайсковых акадэміях і на расійскіх палігонах. Адначасова з 1995 году расійская стратэгічная авіяцыя можа бясплатна карыстацца трыма беларускімі аэрадромамі (Бабруйск, Баранавічы й Быхаў). Прысутнасьць расійскага вайсковага пэрсаналу прадугледжваецца таксама пагадненьнем пра ахову беларускіх межаў ад 21 лютага 1995 году. 1 красавіка 1996 году, напярэдадні падпісаньня дамовы пра стварэньне супольнасьці, Расія й Беларусь падпісалі ўгоду пра супрацоўніцтва войскаў СПА. Новае беларуска-расійскае пагадненьне, што яшчэ пашырае сьпіс ваенных аб’ектаў, якія прадстаўляюцца ў супольнае выкарыстаньне, было падпісанае ў ліпені 1999 году, як заўжды, у гарачай атмасфэры магчымага аб’яднаньня дзьвюх дзяржаваў. Яно мелася спрыяць утварэньню „супольнай вайсковай групоўкі“. Тутака, праўда, праект спатыкаецца на пытаньні пра аб’яднанае камандаваньне. Да таго ж, згодна зь беларускай вайсковай дактрынай, Беларусь ня можа адпраўляць свае войскі за межы краіны. У прыватнасьці, А.Лукашэнка не дапускае магчымасьці, каб беларускія часткі бралі ўдзел у баёх у Чачэніі на расійскім баку. Расія й Беларусь узаемназалежныя ў сфэры вайсковай прамысловасьці. У Беларусі няма ні сродкаў, ні неабходнай інфраструктуры, каб выпускаць вайсковыя матэрыялы самастойна. Зброю яна закупляе найбольш у Расіі. Але падзел функцыяў у былой савецкай сыстэме рабіў Беларусь манапалістам у некаторых высокатэхналягічных вытворчасьцях, зьвязаных з вайсковай прамысловасьцю, такіх, як оптыка, радыёэлектроніка, мікраінфарматыка, машынабудаваньне (у тым ліку вытворчасьць буйнагабарытных шасі пад стратэгічныя і супрацьпаветраныя ракеты). Таму і атрымліваецца, што менскі завод „Інтэграл“, прадукцыя якога выкарыстоўваецца ў сыстэмах ракетнага навядзеньня, вырабляе 90% мікрапрацэсараў усяго былога Савецкага Саюзу. Дарэчы, на сусьветным рынку Беларусь самастойна перапрадае савецкую і расійскую зброю і прапануе свае паслугі ў галіне „вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва“. У гэтым сэнсе яна ўсё часьцей канкуруе з Расіяй, хоць, вядома, да расійскага патэнцыялу ў гэтай сфэры ёй яшчэ далёка. Беларускія базы па рамонце і мадэрнізацыі танкаў у Барысаве і самалётаў у Баранавічах ня маюць аналягаў ува ўсім былым СССР і ўжо актыўна працуюць на Кітай. |
У красавіку 1999 году, калі NATO ўмяшалася ў югаслаўскія падзеі, плян ператварэньня „саюзу дзьвюх“ у „саюз трох“ выношвалі маскоўскія палітыкі (прэзыдэнт Ельцын, мэр Масквы Лужкоў, камуністы і Ўладзімер Жырыноўскі). Праект далучэньня Сэрбіі-Югаславіі быў амаль аднадушна падтрыманы расійскай Думай, беларускай палатай прадстаўнікоў, а таксама югаслаўскімі дэпутатамі ў бамбардаваным Бялградзе. Цяжка прадказаць будучыню магчымага „славянскага траістага саюзу“. Непадобна, каб на сьвет зьявілася нейкая моцная, кшталту новага, падпраўленага варыянту Варшаўскага дагавору, унія. Ужо й „саюз дзьвюх“, Расіі й Беларусі, сутыкаецца з разнастайнымі праблемамі, зьвязанымі зь непаразуменьнем наконт таго, які канкрэтны палітычны выгляд ён мае набыць. Удзел Югаславіі ў паседжаньнях парлямэнцкае асамблеі саюзу на сёньня мае хутчэй сымбалічнае значэньне, калі ўлічыць „дэкаратыўны“ характар самой установы. А цікавасьць Масквы й Менску да Бялграду ня можа кампэнсаваць часам вельмі нацягнутых адносінаў з Украінай. У свой час насэраўская Аб’яднаная Арабская Рэспубліка доўга не праіснавала. Зь іншага боку, дзяржаўныя хаўрусы такога кшталту дазваляюць іхным удзельнікам захаваць сваю прысутнасьць на міжнароднай арэне, ствараючы вобраз грознай сілы. Вось чаму нельга выключыць таго, што цесныя сувязі і поўная салідарнасьць у асобных сфэрах будуць захоўвацца. У сакавіку 1999 году беларускія ўлады абвесьцілі Югаславію сваім прыярытэтным партнэрам, такім жа важным, як Расія. Нягледзячы на гэта, можна яшчэ задумацца, чаго ў доўгатэрміновым пляне вартыя гэтыя інтэграцыйныя праекты — і „саюз трох“ зь Югаславіяй, і „расійска-беларускі саюз“, асноўны плён якога назіраецца ў сфэры вайсковага супрацоўніцтва. Гэтыя праекты нараджаюцца ў абстаноўцы псыхадрамы кожны раз, калі мусова адказаць на дзеяньні NATO, але зусім не нясуць адказаў на пытаньні эканамічнага разьвіцьця. Друкуецца ў скарочаным перакладзе з францускай паводле
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (11) – 2000 |
|
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |