A R C H E S k a r y n a № 6 (11) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

• Кнігі
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Віктар Мухін
 
Анталёгія
з прыкметамі мафіёзнасьці

Беларускія пісьменнікі Польшчы.
Другая палова ХХ ст./ Укладальнік Я.Чыквін; Прадмова У.Конана. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 576 с., іл.


Калі я думаю пра Беларусь, дык думаю пра яе, як пра зямлю — ад Вільні да Пінску, ад Беластоку да Смаленску (няхай Дзяржаўны камітэт у справах друку не падкопваецца), калі я думаю пра Рэспубліку Беларусь, дык думаю пра недаразьвітую форму нацыянальнае дзяржаўнасьці, гэткі гот-дог — маскоўскую сасіску ў беларускай булачцы. Беласточчына, як і іншыя часткі краіны, што не ўвайшлі ў склад „рэспублікі“, — гэта часьціна Беларусі, наша зямля, хоць і ў іншай дзяржаве.

Гэткія думкі віравалі ў маёй галаве па праглядзе кнігі „Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ стагоддзя“, выдадзенай сёлета „Беларускім кнігазборам“. Гэта літаратурная анталёгія, што „дае магчымасць шматлікім айчынным чытачам пазнаёміцца з 18-цю беларускімі паэтамі і празаікамі, якія жывуць па той бок беларуска-польскай мяжы“. У зборнік увайшлі тэксты самых розных жанраў і аўтараў: Янкі Жамойціна, Георгія Валкавыцкага, Віктара Шведа, Дзьмітрыя Шатыловіча, Васіля Петручука, Алены Анішэўскай, Яшы Бурша, Алеся Барскага, Міколы Гайдука, Юркі Геніюша, Сакрата Яновіча, Яна Чыквіна, Уладзімера Гайдука, Надзеі Артымовіч, Зосі Сачко, Міхася Шаховіча, Юр’я Баены й Міры Лукшы.

Што кідаецца ў вочы адразу ж — гэта няроўнасьць кніжнае плошчы, аддадзенае пад кожнага з аўтараў: у аднаго — пара дзясяткаў, у іншага — пад сотню старонак. Не заўсёды ясныя прычыны гэткага разьмеркаваньня: чаму, прыкладам, найвядомейшаму зь беларускіх пісьменьнікаў Польшчы Сакрату Яновічу дасталіся толькі 32 старонкі? З 560 старонак зборніку 250 займаюць споведзі былога СБМаўца, удзельніка Другога Ўсебеларускага Кангрэсу і сталінскага вязьня Янкі Жамойціна й рэдактара беластоцкай „Нівы“ Георгія Валкавыцкага — успаміны пра маладыя гады ды змагарныя дарогі.

Выдадзена кніга не як сэрыйнае выданьне „Залатое бібліятэкі Беларусі“, але ў чырвонай вокладцы, падобнай да сэрыйнае. Як сказаў у прыватнай размове выканаўчы дырэктар „Беларускага кнігазбору“ Генадзь Вінярскі: „Яна не дацягвае да сэрыі“. Чаму ж? — падумалася мне. — Арэшчыха „дацягнула“ да сэрыі, а Яновіч, Чыквін і яшчэ шаснаццаць „беларускіх паэтаў і празаікаў, якія жывуць па той бок беларуска-польскай мяжы“, „не дацягнулі“?.. Дапамагае паглыбіцца ў разуменьне гэтага казусу прадмова да кнігі, напісаная доктарам філязафічных навук Уладзімерам Конанам.
 

• Рэакцыі
• Лісты ў рэдакцыю
   

Даўно заўважана — павевы „перабудовы“, вяртаньне „тарашкевіцы“, здабыцьцё незалежнасьці разьняволілі беларускую мову, размываючы савецкія догмы. Але часта несавецкія формы мяшаюцца з савецкімі, блытаючы чытачоў і разбураючы ўсякі закон і лад у мове. На жаль, і гэтае выданьне паважанага „Кнігазбору“ зрабіла свой унёсак у „хто как хаціт, той так і гаварыт“. „Раней гарады былі цэнтрамі культуры, але ў іншым сэнсе. Горад (беларускае мейсца, польскае място, літоўскае места) ствараўся на прынцып сельскай абшчыны, яго прыкметай была „ограда“ (адсюль — горад), сцены, што сімвалізавалі аседласць чалавека, яго адзінства з зямлёю, краем“, — пачынае свой уступ Уладзімер Конан. Сказ цьмяны, стылістычна непрычасаны, але самая прыкрая памылка — тое, што аўтар (і рэдактар Міхась Скобла, і карэктарка Ларыса Гедзімін) паблытаў слова мейсца (іншы варыянт слова месца, па-польску miejsce), зь местам, сынонімам слова горад (па-польску miasto). (У Багушэвіча: „Не люблю я места, па-расейску — горад“). Зрэшты, няясна, навошта шукаць „гораду“ нейкія „нацыяналістычныя“ адпаведнікі, калі побач ужываюцца „абшчына“ (без тлумачэньня, што па-беларуску гэта будзе „грамада“), „ограда“ (па-беларуску „агароджа“), „аседласць“ (у клясычнай беларускай мове „аселасьць“), „сьцены“ (у сэнсе гарадзкіх умацаваньняў звычайна ўжываюць слова „муры“). Далей — балей: „...Не хацелася б быць нядобрым прарокам, але здаецца, што ў сённяшнім „дынамічным“ і „крызісна эканамічным“ свеце такі род паэтаў вымірае, а калі захаваўся (на жаль, з паніжанай творчай энергіяй), то хіба што ў славянскім свеце (накшталт зуброў і куланаў, якіх мне пашчасціла сустрэць на загонах Белавежскай пушчы)“. Вось так заўжды. Пачынаецца з моўнае неахайнасьці, а канчаецца апалёгіяй славянскае расы. „Трэба ўжо сёння пачаць грунтоўнае даследаванне беларускай літаратуры і культуры на Беласточчыне і ў рэгіёнах „беларускага рассеяння““, але, замест таго каб сваім невялічкім уступным словам „пачаць“, спадар Конан добра апісвае зубра, „элітнага волата, якога ў натуры раней не бачыў“, „унікальную з’яву ў Польшчы — штогадовае выданне двух-трох кніжак Бібліятэчкі Беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа““ (пакуль слова „кніжка“ яшчэ жаночага роду, афіцыйным правапісам трэба пісаць „дзвюх-трох кніжак“), а пра літаратуру ды літаратараў толькі адпіскі: „Бясспрэчным прызваннем Міколы Гайдука (ён вучыўся ў 50-я гады на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта) з’яўляецца гістарычная проза“. Або: „Да цікавай, яшчэ „нашаніўскай“ разнавіднасці навелістыкі звярнулася журналістка з „Нівы“ Міра Лукша. Гэта элегічныя апавяданні пра беларускія народныя тыпы“ — і гэтак далей у тым самым духу. Няўжо гэта кон наш — ведаць пра „беларускіх пісьменнікаў Польшчы“ адно, дзе яны вучыліся й да якое „разнавіднасці“ (а па-беларуску лепш было б — адмены) навэлістыкі належаць?

Трохі болей, як пра іншых, спадар Конан піша пра Яна Чыквіна: ён і „старшыня літаратурнага аб’яднання „Белавежа““, і сябар, і ўкладальнік гэтае кнігі, і „закліканы творчым лёсам аб’яднаць вельмі неадназначны літаратурны рух на Беласточчыне“, і „ўзяў на сябе нялёгкую ношку літаратурнага рэдактара „Бібліятэчкі““. Дарэчы, пра яго Ўладзімер Конан піша ў пару разоў болей, чым зноў жа пра найславуцейшага (што нам гэтая мэдыйная шуміха?) літаратара Беласточчыны Сакрата Яновіча — пра апошняга ўсяго шэсьць радкоў. Але чым жа тады адметны гэны Яновіч, што яго ведаюць ня толькі на Беласточчыне, але і на Меншчыне, і на Віленшчыне, і Нью-Ёрччыне?
 

 
   

А можа, гэтае ўзьвелічэньне адных і маўчаньне пра другіх ёсьць праяваю групаўшчыны або, інакш кажучы, літаратурнае мафіёзнасьці? „Беларуская літаратура ў Польшчы мае сваю паўвекавую гісторыю, склалася свая мастацкая традыцыя. Склаліся тры эстэтычныя плыні: традыцыйная нацыянальна-адраджэнцкая, мадэрнісцкая і постмадэрнісцкая. Урэшце, чытачы самі пераканаюцца ў гэтым“ (с. 10) — заканчвае свае ўводзіны ў творчасьць 18 беларускіх літаратараў Польшчы Ўладзімер Конан. (Ізноў мова: нарматыўныя слоўнікі настойліва раяць пісаць „адраджэнскі“. Няма, зрэшты, нічога дзіўнага, што спсп. Конан, Скобла і Гедзімін паблыталі, бо тыя ж слоўнікі прапануюць напісаньне слова „паўстанцкі“ праз „ц“.)

Што ні сказ, то пытаньні. Што такое „паўвекавая гісторыя беларускай літаратуры ў Польшчы“? Летась у Беластоку выйшла кніга „Вяртаньне да сваіх“ — паэтычныя творы трох заходнебеларускіх паэтаў, якія пісалі перад вайной і ў часе нямецкай акупацыі і больш вядомыя ў якасьці палітычных дзеячаў: Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча і Ўладзіслава Казлоўшчыка. Творчасьць гэтых ураджэнцаў Беласточчыны нельга, выходзіць, залічыць да літаратуры Польшчы. А калі разглядаць творчасьць Натальлі Арсеньневай, Максіма Танка, Ларысы Геніюш, Хведара Ільляшэвіча, Піліпа Пестрака неадлучна ад беларускіх савецкіх пісьменьнікаў даваеннага часу, дык чаму трэба адмяжоўваць паваенных беластоцкіх літаратараў ад савецкіх паваенных? Карацей, ёсьць над чым падумаць.

Уладзімер Конан сьцьвярджае ў прадмове, што ў беларускай літаратуры Беласточчыны „склаліся тры эстэтычныя плыні: традыцыйная нацыянальна-адраджэнцкая, мадэрнісцкая і постмадэрнісцкая“, але ўкладальнік зборніка Ян Чыквін „падвёў“ свайго калегу: няма абяцаных постмадэрністаў і мадэрністаў. Ці, можа, аўтар прадмовы залічае ў постмадэрністы Зосю Сачко, якая піша дыялектам свае вёскі? Праўда, спадар Конан паўсловам згадвае, што сярод першых кніжак „Бібліятэчкі „Белавежы““ быў „постмадэрнісцкі зборнік вершаў Надзеі Артымовіч „Сезон у белых пейзажах““. Тады неразьвязанаю застаецца праблема, чым ёсьць постмадэрнізм зь ягонага гледзішча, зважаючы на модную цяпер тэндэнцыю называць кожную нетрадыцыйную для беларускае літаратуры форму мастацкага твору постмадэрнісцкаю.

Цікавае іншае сьцьверджаньне Ўладзімера Конана: „Паэзія і, шырэй, літаратура, мастацтва, філасофія, культура страчваюць сваё духоўнае прызначэнне, сваю прарочую місію, якую яны выконвалі, пачынаючы з біблейскіх часоў і, пазней, у класічную эпоху“. Літаратура не магла (і ня можа) выконваць сваю „прарочую місію“ ў залежнасьці ад эпохі. Калі эпоха дае прарокаў, дык яны прымаюцца ці не прымаюцца „масамі“, але прарокамі застаюцца незалежна ад стаўленьня да іх. Бальшыня прарокаў заўжды былі выгнанцамі, адрынутымі грамадзтвам. Гэта найлепей пацьвярджае гісторыя беларускае літаратуры. І калі да пэўных прэтэндэнтаў на Прарокаў паўстаюць прэтэнзіі, дык ім застаецца суцяшацца надзеяю на тое, што гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. Толькі бясконцы плач пра мову й дзяржаву ёсьць не прароцтвам, а сьведчаньнем слабасьці й няздатнасьці зьмяняць сябе й навакольле. А ці ня гэткую „прарочую місію“ мае на ўвазе доктар філязафічных навук Уладзімер Конан у сваіх прасякнутых катастрафізмам радкох?
 

 
   

З гэтага самага шэрагу іншае выказваньне з прадмовы, што, маўляў, „мастацтва… страчвае быційную повязь з нацыяй, народам, гэта значыць — з вечнасцю“. „Паміж еўрапейскім і славянскім масівамі згубілася ў шматмоўным літаратурным моры зялёная беларуская выспа…“ — піша Ўладзімер Конан пра беластоцкую беларускую літаратуру. Ну, дзякуй Вам: значыцца, Польшча — „еўрапейская“, а Беларусь — „славянская“? Ад гэтых радкоў становіцца нудна: як жа мы ўсе падпалі пад уплыў афіцыйнае прапаганды пра сінявокую Беларусь, заціснутую амаль з усіх бакоў у „брудных натаўскіх лапах“, што імкнуцца ня менш „бруднымі лапамі“ мясцовых „эўрапейцаў“ зацягнуць нашу славянскую Бацькаўшчыну ў пашчу Эўропы, Польшчы, NATO, ну й Амэрыкі. Як пісаў у 1844 годзе чэх Карал Гаўлічак, расейцы любяць называць усё расейскае славянскім, каб пасьля ўсё славянскае назваць расейскім. Але беларусы, мяшаючыся ў гэтыя славянскія гульні, заўсёды калі не аказваюцца, дык выглядаюць дурнямі.

„Гісторыкі і крытыкі… яе (беластоцкую беларускую літаратуру — В.М.) чамусьці абміналі“. Зусім не „чамусьці“. Апроч „жалезнай заслоны“ між сацыялістычным і капіталістычным лягерамі, існавала яшчэ адна заслона між „нутраной імпэрыяй“ і „вонкавай імпэрыяй“, Савецкім Саюзам і „братнімі краінамі“. Прычым як рэальная мяжа між Беларусяй і Польшчай ахоўвалася куды мацней, чымся мяжа між Вугоршчынай і Аўстрыяй, так і нябачная „жалезная заслона“ тутака была куды шчыльнейшая. Бо краіны „сацлягеру“ дапускалі ў сябе зашмат вольнасьцяў, бацылам якіх пільная ідэалягічная варта не магла дазволіць пранікнуць у „здаровы“ савецкі арганізм. Менавіта таму любыя кантакты зь беларусамі Беласточчыны абмяжоўваліся — ня толькі літаратурныя, але і асабістыя. Ведалі, каго баяцца: варта было Сакрату Яновічу пабываць у Менску на мяжы 80-х, як ён адразу вывез айцу Надсану ў Лёндан крамольныя творы беларускіх мастакоў-нацыяналістаў.

Нізкая самаацэнка беларусаў, недафармаванасьць нашай нацыі, русіфікацыя з адзінкавымі выпадкамі паўстаньня супраць лінгвацыду й этнацыду ў савецкай Беларусі, прыстасавальніцкая сьведамасьць бальшыні беларускіх літаратараў савецкае пары, іх ператварэньне ў пасіўных сьведак злачынстваў рэжыму ў выніку далі тое, што маем. Выняткі былі, але Караткевіч, Быкаў ды яшчэ колькі „бунтароў“ хіба маглі нешта зьмяніць?

„Чытачы, якія не здрадзілі беларускай літаратуры (а такія, здаецца, усё яшчэ ёсць)“ чакаюць нечага большага за бедную моваю й вобразамі беларускую „літаратуру другое паловы ХХ стагодзьдзя“, прасейваную праз густае сіта літаратурнае мафіі, што і па той, і па гэты бок беларуска-польскае мяжы заўсёды дзейнічае аднолькавым мэтадам. Каб не заўважылі ўласнай лянотнасьці розуму, мяшай у адну кучу ўсіх і ўсё, паэтаў і празаікаў, мэмуары і дыялекты, геніяў і графаманаў. Няхай гэты таленавіты, а гэны — графаман, але ўсё адно атрымаюць пароўну ад агульнага пірага. Уявеце сабе Васіля Быкава й бум-бам-літаўца пад аднэю вокладкаю ў кнізе „Беларускія пісьменнікі Віцебшчыны“. Скуль жа возьмуцца тады Прарокі, калі яны ляжаць пад „трупамі“ няздар?
 

 
   

„З 1956-га года выдаецца штотыднёвік „Ніва“. З-за нейкіх бюракратычных зачэпак газета часта не даходзіць да нашага чытача“, — піша з падтэкстам Уладзімер Конан, а сам, напэўна, думае пра іншае. А „іншага“ хіба не стае сьмеласьці выказаць, бо „бюракратычныя зачэпкі“ — ня што іншае, як адмысловая дзяржаўная палітыка. „Часта“ (а калі быць дакладным, дык усе апошнія восем гадоў) падпісацца можна толькі на расейскія ды казахскія газэты й часапісы, але не на польскія, латыскія ды іншыя „варожыя“. Рынак адкрыты для расейскае прэсы й закрыты для ўсіх іншых, думаецца, невыпадкова. „Мабыць, справу гэтую паправяць Міжнароднае аб’яднанне беларусаў „Бацькаўшчына“ і Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Але яны не маюць дастатковай фінансавай базы, могуць вырашыць гэтую праблему толькі пры падтрымцы дзяржаўных устаноў…“, — сам у сваіх словах сумняецца прафэсар Конан. Ад гэных дзяржаўных устаноў, спадарства, не прыжджэш нічога, апроч якога палкоўніка „для кантролю гаспадарча-фінансавае дзейнасьці“ і пагромнікаў са свастыкамі на рукавох, навучаных на спартовай базе Міністэрства абароны.

Дарэчы, сам назоў уступнага слова — „Белая вежа літаратуры“ — не зусім карэктны. Вядома, што Камянецкую вежу пачалі называць Белаю толькі пасьля таго, як расейскія акупацыйныя ўлады пабялілі яе (хоць гэткаю яна трывала нядоўга — расейская пабелка аблушчылася), а Белавежа — гэта мястэчка ў Польшчы, у пушчы, недалёка ад дзяржаўнае мяжы Польшчы й Беларусі. Таму, нават каб усе „беларускія пісьменьнікі Польшчы“ жылі ў Белавежы, шукаць аналёгіяў з Камянецкаю (ці хай сабе й „Белаю“) вежаю было б не зусім дарэчна.

Гэтак, пачынаючы ад прадмовы, непадрыхтаваны чытач трапляе ў раку плыняў і віроў, сумневаў ды трывог. Дзе ж кантэкст, дзе ж гіерархія, дзе канон? Дзе хоць слова пра гарачыя дыскусіі, што неаднойчы разгараліся, прыкладам, вакол польскамоўнай кнігі Сакрата Яновіча „Беларусь, Беларусь…“ і працягваюць бушаваць на Беласточчыне?
 

 
   

Дый зноў пра мову. Зося Сачко піша вершы на дыялекце роднае вёскі Волька Бельскага павету. Мова тэй вёскі не беларуская, але й не ўкраінская — адна зь пераходных гаворак. Творчасьць Зосі Сачко — адметная зьява, чаму ж ёй не аддадзена адмысловае ўвагі ў прадмове? Дыялектная літаратура, можна падазраваць, — важная тэма для Беласточчыны.

Гэтыя замоўчваньні й недагаворваньні і робяць літаратуру Беласточчыны — „сякой-такой“, „славянскай“ і „здраджанай“ — таму й не ў „залатой сэрыі“. Блізка, але „не дацягвае“.

Пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы, мастакі Віленшчыны, Беласточчыны беларускімі былі, ёсьць і будуць, калі твораць па-беларуску й дзеля Беларусі працуюць. Але калі яны пачынаюць мысьліць стандартамі нацменшасьці, дык ператвараюцца ў падвойных правінцыялаў.

Адной з пазыцыяў выдавецкага пляну „Беларускага кнігазбору“ быў пункт — выданьне кнігі „Пісьменнікі Беласточчыны“. Ня скора яна выйдзе, але ў гэтым разе — лепш ня скора, але дбайна і грунтоўна: без адхіленьняў у прыродазнаўства й „плач вечны аб старонцы“, затое з экскурсамі пра славутую друкарню ў Заблудаве, „Мужыцкую праўду“, пакуль малавядомых шырокаму колу чытачоў паэтаў міжваеннае й ваеннае пары з-пад Беластоку, Гарадку й Супрасьлю — гэта ўсё Беласточчына, terra incognita, адрэзаная мяжою заходняя часьціна Беларусі.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (11) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Вадзім Каранковіч
Апошняе абнаўленьне: 6-11-2000