A R C H E S k a r y n a № 6 (11) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АНАТОЛЬ СIДАРЭВIЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Анатоль Сiдарэвiч
 
Поўны не акадэмічны
 З нагоды першых шасцi тамоў
поўнага збору твораў Янкi Купалы
i каментароў да iх

У 1945 г. урад БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову аб увекавечанні памяці Янкі Купалы. У дакуменце было прадугледжана, што да пятае гадавіны з дня смерці песняра будзе падрыхтавана акадэмічнае выданне ягоных твораў. Панцеляймон Панамарэнка, падпісваючы тую пастанову, або крывадушнічаў, або не разумеў, што акадэмічнае выданне немагчымае без публікацыі ўсіх вядомых твораў таго ці іншага аўтара, іх варыянтаў і рэдакцый. Каб выпусціць Поўны збор Купалавых твораў, спатрэбілася чакаць 50 гадоў пасля панамарэнкаўскае пастановы. Да гэтага часу такіх выданняў — поўных збораў твораў каго-небудзь з беларускіх пісьменнікаў — у нас не было.

Адчуваю, што мяне зараз папракнуць: а Збор твораў Максiма Багдановiча ў трох тамах хiба не поўны? На гэта я адкажу: на вальеры з вярблюдам можна напiсаць „слон“, але хобат у вярблюда не вырасце i горб не знiкне. Мелася магчымасць надрукаваць усё вядомае, што выйшла з-пад пяра Максiма-кнiжнiка, але, мусiць, наша лiтаратуразнаўства (цi наша грамадства?) яшчэ не даспела, каб друкаваць iнтымныя запiсы беларускiх пiсьменнiкаў. Мiф пра цнатлiвасць беларусаў, якi стваралi нацыяналiсты пачатковай пары i перыяду нацыянал-эйфарыi, падмацаваны паказным пурытанствам познесавецкіх часоў, спрычынiўся да таго, што складальнiкi Збору твораў Багдановiча не адважылiся апублiкаваць у „поўным зборы твораў“ дзённiк вялiкага паэта. Нам пакуль што лягчэй каментаваць Генры Мiлера, высвятляць падрабязнасцi iнтымнага жыцця Арцюра Рэмбо, смакаваць творы Iвана Баркова, чым выдрукаваць Багдановiчаў дзённiк цi поўныя тэксты лiстоў Паўлюка Труса.

Лягчэй нам з Купалам. Ягоная любоўная лiрыка, вершы, звернутыя да асоб прыгожага полу, прэсныя. Iншая справа — алегорыя „Явар i калiна“ i пастараль „Яна i я“ (праўда, Люба Тарасюк залiчвае „Явар i калiну“ да ўзорных твораў пейзажнае лiрыкi). Што ж да Купалавага эпiсталярыю, дык любоўныя лiсты песняра даследчыкам невядомыя; невядомы i хоць якi ягоны дзённiк. I дзякуй Богу, а то давялося б нам чакаць Поўнага збору Купалавых твораў.
 

філёзаф, літаратуразнаўца, ідэоляг адроджанай беларускай сацыял-дэмакратыі. Ягоная апошняя публікацыя - артыкул „Луцкевічы і Луцэвіч" („Крыніца", 1999).
   

За пяць гадоў (1996–2000) убачылi свет шэсць тамоў. На „палепшанай паперы нiзкае якасцi“ ў падбор, а не такім спосабам, калі кожны твор друкуецца з новае старонкi, як гэта рабiлася суполкаю „Загляне сонца i ў наша ваконца“ (за царом), Беларускiм выдавецкiм таварыствам (за польскiм часам) i Белдзяржвыдавецтвам (за камунiстамi), ужо надрукаваны ўсе вершы i паэмы (акрамя драматычных) Янкi Купалы. Змешчаны „iншыя рэдакцыi i варыянты“ шмат якiх твораў. Карацей, праведзена немалая тэксталагiчная праца. У раздзеле „Dubia“ надрукаваны творы, аўтарам якiх, iмаверна, быў Купала, даецца абгрунтаванне гэтых публiкацый. Вершы надрукаваны ў храналагiчным парадку. Каб чытачу лепш было арыентавацца, што трапiла ў прыжыццёвыя паэтавы зборнiкi, а што — дзеля цэнзурных ды iншых меркаванняў — засталося па-за iмi, падаецца змест „Жалейкi“, “Гусляра“, „Шляхам жыцця“ i „Спадчыны“. Першая публiкацыя кожнага з вершаў паказваецца ў каментарах да iх. Аналiзуючы гэтыя нататкi, робiш выснову: Купала цярпеў i ад царскае, i ад бальшавiцкае цэнзуры. Можна пры жаданнi вывесцi адпаведную статыстыку i заключыць, што ў 20-х гадах бальшавiцкая цэнзура была лiберальнейшая за царскую.

1.

Выхад Поўнага збору твораў Янкi Купалы будзе, вядома ж, падзеяй. У лiтаратуразнаўцаў i эстэтыкаў, гiсторыкаў i палiтыкаў, студэнтаў i аспiрантаў, школьнiкаў i настаўнiкаў з’явiцца магчымасць чытаць усяго Купалу, без купюр i падчыстак. Але гэта спародзiць i праблемы. Скажам, маё пакаленне вучыла верш „Хлопчык i лётчык“ без тае страфы, якая мелася ў выданнях да 1956 году: „Ляцецi далёка, высока, // Ды так пабываць i ў Крамлi...“ Калi ёсць Поўны збор, ёсць i канон. I тут пытанне: цi будуць уключаць гэты твор у чытанкi без тае страфы, у якой Хлопчык марыць праляцець над Крамлём ды прывiтаць таварыша Сталiна? Мяркую, што ў такiм разе складальнiкам чытанак давядзецца друкаваць верш са словам „скарочана“ ў зносцы або пад загалоўкам.

Поўныя зборы твораў карысныя тым, што пазбаўляюць класiкаў арэолу святасці, i перад намі паўстаюць жывыя людзi з усiмi iх вартасцямi i слабасцямi. Поўны збор твораў Янкi Купалы дае магчымасць згадаць словы Антона Луцкевiча, прамоўленыя ў 1929 годзе. Чалавек, якi разам з братам Iванам, Уладзiмерам Самойлам, Алесем Бурбiсам ды Сяргеем Скандраковым спрычынiўся да таго, што польскамоўны паэт-самавук Ян Луцэвiч стаў Янкам Купалам, чалавек, якi мог назiраць за творчасцю песняра i зблiзку (у рэдакцыi „Нашае Нiвы“), i здалёк, у публiчнай лекцыi „Напевы лiры Янкi Купалы“ сказаў: “I жыцьцёвы, i пясьнярскi шлях Купалы вызначыўся ўжо хiба даканца. Трудна спадзявацца ад яго нечага нечаканага, што з сучасным духоўным воблiкам Купалы магло б аказацца ў супярэчнасьцi...“1 Будучы дыялектыкам, Антон Луцкевiч сваiмi „хiба“ ды „трудна“ не выключаў дарэшты таго „нечаканага“, што магло б прыйсцi ў супярэчнасць з Купалавым рэнамэ, якое склалася да 1929 году. У гэтым фрагменце чытаецца i тое, пра што выхаваны Луцкевiч не мог сказаць з кафедры: ён ведаў Купалавы слабасцi.
 

1 Навіна Антон (Луцкевіч А). Адбітае жыцьцё. Лекцыі і стацьці з беларускае адраджэнскае літэратуры. Кніжка І. Вільня, 1929. С.57.

 
   

Цытаваныя словы Луцкевiча прагучалi 6 студзеня 1929 году. Да сталiнскага артыкулу „Год вялiкага пералому“ заставалася роўна 10 месяцаў i 1 дзень, да пастановы ЦК ВКП(б) аб тэмпе калектывiзацыi — адзiн год без аднаго дня. Луцкевiч быў палiтык i не мог не сачыць за тым, што дзеецца ў СССР. Ён атрымлiваў лiсты ад тых заходнiх беларусаў, якiя пабывалi ў Савецкiм Саюзе, i былых савецкiх грамадзян, якiя ўцяклi з краiны „победившего пролетариата“. Луцкевiч добра ведаў, што такое бальшавiзм, i ў адрозненне ад iншых сацыял-дэмакратаў (Бранiслава Тарашкевiча, напрыклад) не верыў у шчырасць маскоўска-менскiх эмiсараў, якiя спрабавалi i яго зацягнуць у свае цянёты.

Калi ў асноўных жытніцах СССР пачалася калектывiзацыя, калi КП(б)Б па падказцы з Масквы вырашыла не адставаць ад гэтых раёнаў i з ухвалы тае ж Масквы вызначыла „бальшавiцкiя тэмпы “ калектывiзацыi i ў БССР, быў гатовы спiс тых, хто яўна цi тайна мог выказацца супраць калектывiзацыi, асудзiць яе, сабатаваць. Гэта быў цвет беларускае сацыялiстычнае iнтэлiгенцыi. Правых сярод iх не было (калi не лiчыць правых камунiстаў), але ўсе (нават камунiсты) былi прыхiльнiкамi цi то дэмакратыi, цi то цярпiмасцi да iншадумцаў. Патрэбна было нейкае кляймо, агульнае i для сацыял-дэмакрата Аркадзя Смолiча, i для сацыялiста-федэралiста Аляксандра Цвiкевiча, i для сацыялiста-рэвалюцыянера Вацлава Ластоўскага, i для камунiста Змiтра Прышчэпава. Не назавеш жа iх сацыялiстамi-дэмакратамi, а „камунiст-дэмакрат“ i наагул гучыць ненатуральна. Каб заблытаць справу, кампартыя i яе ўзброены атрад — АГПУ — прыдумалi гэтым людзям мянушку „нацыянал-дэмакраты“, бо нацыяналiзм i дэмакратыя ў вачах „сапраўдных бальшавiкоў“ былi злачынствам. Думку аб злачыннасці нацыяналiзму й дэмакратыi ўжо паспелi ўбiць у галовы значнай часткi савецкiх грамадзян. Не надта мудруючы, назву „антысавецкай арганiзацыi“ — „Саюз Вызвалення Беларусi “ — прыдумалi па аналогii з „Саюзам Вызвалення Ўкраiны“. Прыдумалi, ведама ж, не ў Менску. I не ў Харкаве.

У той кампанii, што нярэдка збiралася ў Купалавым доме, адзiн Купала не меў партыйнае мiнуўшчыны i цяпершчыны. Парадокс Купалы ў тым i заключаецца, што ён, дэманструючы сваю партыйную незаангажаванасць (як, напрыклад, у „Тутэйшых“), не мог — у адрозненне, скажам, ад Барыса Пастэрнака — дэманстраваць сваю апалiтычнасць. Ён быў моцны цi не ў першую чаргу менавiта як паэт палiтычны, майстар грамадзянскае лiрыкi. Доктар Станiслаў Станкевiч пiсаў пра Купалаву антысацыялiстычнасць, антымарксiзм. Але ж Купала не стаў i сябрам правае партыi, хрысцiянскае дэмакратыi.
 

 
   

Аб прычынах свае беспартыйнасцi сам паэт прызнаўся ў адным з лiстоў да Лява Клейнбарта: быў, маўляў, я iндывiдуалiстам, не мог падпарадкавацца партыйнай дысцыплiне. Да гэтага можна дадаць: з паэзii ХIХ ст. ён добра засвоiў, што паэт — гэта Вяшчун (Адам Мiцкевiч). Прарок (Аляксандр Пушкiн), Кабзар (Тарас Шаўчэнка). Найбольш блiзкi быў Кабзар. Таму Купала i назваў сваю другую кнiжку „Гусляр“, але найменне „гусляр“ да яго не прыстала. Гэта пазней, у 1932-ім, Луцкевіч назаве яго прарокам Беларускага Адраджэння, і наступным даследчыкам нічога не застанецца, як згадзіцца з гэтым мяном ды паўтараць яго. (Вось і Ўладзімер Гніламёдаў не змог не ўставіць гэтае слова ў загаловак уступнага артыкулу да Поўнага збору твораў.)

У нашаніўскага Купалы было жаданне самому, непасрэдна „з цэлым народам гутарку весцi“; мала таго, ён узяўся сам шукаць для ўсяго народу шлях „К яснаму сонцу з цьмы, беспрасвецця, // К славе з бясслаўя...“* Малады (яшчэ не дасягнуў веку Iсуса), не жанаты паэт абвяшчаў:

За лепшу долю роднага краю,
За сваiх браццяў ў святой барацьбе —
Гэтакай толькi смерцi жадаю,
Памяткi гэткай жадаю сабе.

Такою дэкларацыяй завяршаўся верш „З кутка жаданняў“ (1912).

За Купалавым домам сачылi, на бяседы ў гэты дом прыходзiлi людзi з учэпiстай памяццю. За тым сталом гаманiлi шмат пра што. Нават, наколькi мне вядома, пра „мангалаiзацыю“, або ператварэнне Беларусi ў поўнага, але фармальна незалежнага, сатэліта Масквы, якім была Манголія: нiкуды не падзенешся, будзем сатэлiтамi Масквы, але няхай у нас будуць свае грошы, сваё войска... Калi пачалiся выклiкi ў ГПУ, удзельнiкi тых застолляў спачатку спрабавалi аднеквацца, спасылацца на няпамяць, а iм казалi: „Такога i такога чысла праваруч ад вас сядзеў той i той, леваруч — той i той, а насупраць вас... Успомнiлi? Вы яму сказалi...“ Зрэшты, доктар гiсторыi Ўладзiмер Мiхнюк можа распавесцi пра гэта цiкавей за мяне.

Купалава спроба самагубства... Самы цяжкi для раскрыцця перыяд жыцця паэта.
 

* Усе вершы цытуюцца паводле Збору твораў у 9 - х тамах.







 
   

Ранейшае, 1912 году, жаданне, як выявiлася, было празмернае. Не ў дакор Купалу не магу не згадаць, што мужныя людзi знайшлiся сярод беларускiх камунiстаў: Усевалад Iгнатоўскi (застрэлiўся), Мiкалай Галадзед (паводле адной з версiй, выкiнуўся з трэцяга паверху), Аляксандр Чарвякоў (застрэлiўся), Змiцер Жылуновiч (засiлiўся), Апанас Кавалёў (прайшоў праз усе кругi пекла, але нiкога не здаў у мясарэзку)... Не магу не згадаць i былога сацыял-дэмакрата Сымона Рак-Мiхайлоўскага, якi перайшоў у камунiстычны стан. Апынуўшыся на Салаўках, ён казаў: „Так нам i трэба...“2.

Згадваючы абставiны таго замаху i з’яўлення сумнавядомага „Адкрытага лiста Янкі Купалы“, Уладзiмер Гнiламёдаў у прадмове да Поўнага збору твораў пiша: “Пасля гэтага Купала быў канчаткова зломлены“. Тут трэба звярнуць увагу на слова „канчаткова“. Што ў Купалы не было трывалага iдэйна-палiтычнага стрыжня, што ён хiстаўся i спакваля надломваўся, — усё гэта можна прасачыць, чытаючы адзiн за адным ягоныя вершы i паэмы 1915–1929 гадоў.

Надлом, думаецца, пачаўся ў часе першае сусветнае вайны. Загадкаю (прынамсi не да канца высветленым пытаннем) з’яўляецца Купалаў ад’езд з Вiльнi перад прыходам нямецкага войска. Луцкевiчы, Ластоўскi, iншыя туляюцца па прывiленскiх лясах, каб iх не эвакуавалi сiлком, у перыяд мiжуладдзя ў дружынах падтрымлiваюць парадак у месце, а Купала iдзе на службу да цара... Мажлiва, частковы адказ на гэтае пытанне дае верш „На суд“ (1915) i наступныя радкi ў iм: „Мiнаў я вашу фарысейскую сям’ю, // Мяне не збэсцiў вашым iдалам паклон...“ Каментатары адзначаюць, што пад фарысейскаю сям’ёю маюцца на ўвазе „браты Луцкевiчы i В.Ластоўскi, з якiмi ў Я.Купалы былi складаныя адносiны“. Дый верш „Таварыш мой“ (1915) таксама пра нешта кажа: „О, чэсць табе, маё ты Адзiноцтва, чэсць!..“
 














2 Беларуская мэмуарыстыка на эмiграцыi. — (Беларускi iнстытут навукi й мастацтва) — Нью-Ёрк, 1999. С.125.
 
   

З адраджэнцаў не адзiн Купала паехаў з Вiльнi. Вацлаў Iваноўскi, дакладна вядома, пакiнуў родныя мясцiны дзеля таго, каб весцi працу сярод уцекачоў цi сiлком выпхнутых на Ўсход беларусаў. Тым часам лiецца кроў, сотнi тысяч беларусаў туляюцца па чужыне, Беларусь разарваная на кавалкi, адбываюцца дзве рэвалюцыi, а Купала тры гады (восень 1915 — восень 1918) маўчыць. Камусьцi магла прымроiцца ягоная постаць на Ўсебеларускiм з’ездзе, але факт застаецца фактам: Купала маўчаў i калi ствараўся Беларускi Нацыянальны Камiтэт, i калi пачалi гуртавацца хрысцiянскiя дэмакраты, i калi паўстала Беларуская Рада, i калi разагналi Ўсебеларускi з’езд, i калi бальшавiкi падзялiлi Беларусь з кайзераўскай Германiяй, i калi была абвешчана БНР. Хто разгадае гэтую загадку песняра? Яўхiм Кiпель, якi ў канцы 1918 году жыў у Смаленску, згадвае, што сустракаў Купалу на палiтычнай сходцы, якую ладзiлi беларускiя эсэры ды камунiсты, у тым лiку Ўсевалад Фальскi, актор, а неўзабаве i народны камiсар замежных справаў у першым урадзе БССР. „Янка Купала, — пiша Кiпель, — трымаўся асьцярожна, i ў мяне стварылася ўражаньне, што Купала не бярэ ўдзелу ў тагачасным палiтычным жыцьцi“3.

Паэт узяў у рукi асадку ў кастрычнiку 1918 году.

Я зноў заснуўшую было жалейку
Бяру i пробую ў ёй галасоў:
Цi хопiць светлых, звонкiх думак-слоў,
Цi гладка пойдзе песня-дабрадзейка?

I пачынаю йграць з трывогай нейкай,
Хоць песня як i з даўных б’е часоў, —
Звiнiць, як вецер памiж верасоў,
I ўперагонкi рвецца з салавейкай.

А ўсё ж, як тамка сваякi-суседзi
Яе паймуць, хацелася бы знаць, —
Цi блаславяць, цi ўтопчуць гiдка ў гаць?

Адно, снуючы з сумам па праследдзi,
Я голасна йграць буду ў тайным брэдзе,
Для Бацькаўшчыны-мацi буду йграць!

У вершах 1918 году прафетызм („Свайму народу“, „На сход!“, „Час!“, „Матцы“) чаргуецца з паняверкаю, роспаччу („У дарозе“, „У вырай“, „Як ценi“, „Паязджане“). I завяршаецца 1918 год у найвышэйшай меры парадаксальным i адначасна паказальным вершам „Мая вера“. „У народ i край свой толькi веру“, — дэкларуе пясняр. Але ж у гэтым народзе ёсць людзi, якiя ўмеюць „выракацца Беларусi“ („У вырай“), але ж гэты народ супрацьпастаўлены iншым i ўжо паказаны як самы няўцямны ў вершы „Як ценi“: „Iдуць народы з лета ў лета // К жыццю, к святлу з бяды, з жуды, // А мы, як ценi з таго свету, // Iдзём, не знаючы куды“. Пасля гэткiх радкоў словы пра веру ў народ i свой край гучаць парадаксальна. Парадокс i ў самiм вершы: як суаднесцi
„Ў народ i край свой толькi веру“ з
„I веру ў самаго сябе“? Iсцiна, насмелюся сцвярджаць, у апошнiм радку: паэт верыць толькi ў свае высновы, пачуццi й прадчуваннi. Яго „лiрычны герой“ i „брата маладога“ павучае: „...О, нiколi не йдзi да людзей, // Бо не могуць яны тваiх слёз зразумець; // Ад халодных каменняў iх сэрцы цвярдзей, — // Нi слязой, нi журбой iх табе не сагрэць!“ („***Калi часам табе сэрца ные, балiць...“, 1919).

Пераменлiвасць настрояў уласцiвая i лiрыцы 1919 году. Сярод нешматлiкiх вершаў, як на маю думку, паказальныя два: „Паўстань...“ i „Мая навука“. У першым з iх паэт не бачыць у сваiм народзе анi прарока, анi песняра, анi ваяра, анi Ўладара, здольных сабраць усю Беларусь у адну сям’ю, распалiць пажар у сэрцах, павесцi народ у бой i „адбудаваць свой збураны пасад“. Не бачыць анi прарока, анi песняра, анi ваяра, анi Ўладара нi з бээнэраўскага, нi з бээсэсэраўскага боку. Дарма пазней бальшавiкi нарабiлi вакол гэтага верша столькi гвалту. „Мая навука“ сваiм загалоўкам i сутнасцю перагукаецца з „Маёю вераю“.

Мне мудрасцi кнiжнай не даў Бог пазнацi,
Мой бацька не мог даць раскошаў такiх —
Наўчыўся я слоў беларускiх ад мацi
I дум беларускiх без школы i кнiг.

Тры першыя радкi як для Купалы цалкам аўтабiяграфiчныя, чацвёрты ж правакуе тых, хто ведае бiяграфiю паэта, на роздум. Дзесяць наступных катрэнаў — гэта гiмн прыродзе й рэчам („Каса, i сякера, i цэп малацьбiтны...“) як настаўнiкам песняра. Iншых настаўнiкаў, апроч мацi, прыроды й рэчаў, у яго не было:

Так iншай не знаўшы навукi i школы,
Ў пацёмках шукаў i знайшоў Божы дар;
Цяпер маймi скарбамi — думы-саколы,
Цяпер беларускай я песнi ўладар.




























3 Кiпель Яўхiм. Эпiзоды. Нью-Ёрк, 1998. С.67.
 
   

Супаставiм заключныя радкi „Мае веры“ i „Мае навукi“. Атрымлiваецца: 1) „...веру ў самаго сябе“; 2) „...беларускай я песнi ўладар“. З гэтае прычыны паэт не можа прыстаць да нейкае партыi, групы.

Паэт вярнуўся ў Менск разам з бальшавiкамi. Ён ужо служыў у iх. Абставiны не далi яму магчымасцi выехаць перад прыходам палякаў. Ён друкаваўся у газеце „Звон“ i яе пераемнiцы „Беларусi “, на чале якiх стаяў Язэп Лёсiк. Ён супрацоўнiчаў з Беларускаю вайсковаю камiсiяй (БВК), у якой працавалi Сымон Рак-Мiхайлоўскi, Алесь Гарун ды iншыя. Ён першы i апошнi раз атрымаў магчымасць выдаваць свой часопiс („Рунь“). З БВК у песняра звязана была нейкая надзея, i ў сваiм часопiсе ён надрукаваў цыкл „На вайсковыя матывы (Песнi на ваяцкi лад)“. Але ў той жа перыяд ён напiсаў i поўную смутку ды роспачы „Гадаўшчыну-памiнкi“, прысвечаную другiм угодкам БНР, i верш „Пяць сенатараў“, да якога я яшчэ вярнуся. Але вось зноў прыйшлi бальшавiкi. Калi ў канцы 1919 г. Купала апублiкаваў у „Беларусi“ свой пераклад „Слова аб палку Iгаравым“, дык у 1921-ым перакладае „Iнтэрнацыянал“, калi ў першай палавiне 1920 г. з’явiлiся „Песнi на ваяцкi лад“, дык пасля прыходу бальшавiкоў — новыя песнi: „Беларусы не будуць рабамi“, „Ну, таварышы, ў паход!“, „Шаг у шаг...“ з прыпевам, якi пачынаецца словамi „Узнiмiся, Сцяг Чырвоны!“, проста песню „Узнiмiся, Сцяг Чырвоны!“ i „На штыхi!“. Парадокс вiдавочны, але ёсць i пытанне: чаму Купала не надрукаваў гэтых песень тады ж, у першай палавiне 20-х?

„Неспакойная душа паэта“. Iншых слоў не знаходжу. 1921 г. — „На смерць Сцяпана Булата“ („Забуяе ў славе буйнай, // Зазвiнiць залатаструнне // Родны Край адной Камунай...“). 1922 г. — „Перад будучыняй“ („Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць! // А там — „Паўстань пракляццем“... Ну, а мы?“ Да каго звернута пытанне? Паэт усё яшчэ спрабуе гаварыць за ўвесь народ, пра ўвесь народ, як быццам не заўважае, што народ, iнтэлiгенцыя падзеленыя. Беларусь, незалежнасць для песняра — абстракцыя, нешта высненае („маладая мая“?). I ў тым жа 1922-iм пясняр пiша тэкст для менскiх дзяцей, каб тым вершам дзецi пацешылi дэлегатаў Усебеларускага з’езду Саветаў. Калi нехта, карыстаючыся словам Якуба Коласа, кажа, што Купала сам называў свае калгасна-савецка-юбiлейныя вершы дрындушкамi, дык дрындушкi пачалiся ўжо ў 1922 г. А потым былi „Арлянятам“ (1923), „Сей, вольны сейбiт!“ i „Пiянерскае“ (1926)... I гэтак аж да „Аб Сталiне-сейбiту“ (1939). Верш „Пiянерскае“ цiкавы адной „дыверсiяй“:

Беларусь спадзяецца з цябе
Мець свайго абаронцу,
Будзь жа iм, i ў жыцця барацьбе,
Ужо даросшы гадкоў,
Яе весцi да сонца —
Будзь гатоў!

 
   

Што ж адказваюць пiянеры на гэты патрыятычны заклiк?

Хоць бабулi мне бурчаць, не маўчаць,
Што з багамi нiяк не мiруся...
Чым папала я гацiць буду гаць;
Я не толькi ваяваць проць багоў, —
Нават чорта ганяць з Беларусi
Заўсёды гатоў!

Цi ёсць падтэкст у гэтым адказе? Пра тое, што дзiцяцi цяжка прачытаць гэты верш, не кажу.

I памiж вершаў такога кшталту або шмастслоўных, дыдактычных, як „Гутарка аб кепскiм гаспадару“, „Праз гультайства...“, „Гутарка аб кепскай гаспадынi“ (таксама 1926), вырываюца раптам „...О так! Я — пралетар!..“, „Акоў паломаных жандар...“, „I прыйдзе“. Два апошнiя вершы (1926) можна лiчыць апошняю праяваю купалаўскага вальнадумства. 1927-мы будзе годам без вершаў, затое паэт надрукуе паэму „З угодкавых настрояў. Да дзесяцiгоддзя Кастрычнiцкай рэвалюцыi “. А потым з’явяцца савецка-юбiлейныя „Летапiснае“ ды „Цi хто думаў...“ (увесь паэтычны даробак 1928-га). I нарэшце 1929 год: безумоўныя шэдэўры савецкай паэзii „Дыктатура працы“ й „Сыходзiш, вёска, з яснай явы...“

Сярод гэтых твораў другое паловы 20-х быў адзiн — як прызнанне, што паэт не можа быць правадыром. Я маю на ўвазе верш „За ўсё...“ (1926). Ён выдатна сведчыць аб прымiрэннi Купалы з уладаю, якая надала яму ў 1925-ым годнасць народнага паэта (нiбыта дэкрэтам вырашаецца, хто народны, а хто — не), спачатку дала пажыццёвую рэнту, пасля нават легкавiк. Гэтая ўлада, даўшы песняру льготы, ужо выкарыстала яго дзеля развалу беларускае палiтычнае эмiграцыi. Увосень 1925 г. яна паслала Купалу з Цiшкам Гартным ды Мiхасём Чаротам „у камандзiроўку“ (гл. Энцыклапедычны даведнiк „Янка Купала“) у Чэхаславаччыну i Нямеччыну. Дзейнiчаў Гартны разам з намеснiкам савецкага паўнамоцнага прадстаўнiка ў Польшчы, агентам АГПУ Аляксандрам Ульянавым, а Купала з Чаротам прыкрывалi тылы. Кульмiнацыя камандзiроўкi — Берлiнская канферэнцыя, на якой нiбыта адбылося складанне паўнамоцтваў ураду БНР на карысць ураду БССР. У вершы „За ўсё...“ паэт абвяшчае: „За кут у родным краю, // За хлеб-соль без клапот, — // Я адплацiў народу, // Чым моц мая магла...“ Рахунак падведзены, баланс гатовы. Адплацiў паэт i ўладзе, калi разглядаць тэкст у кантэксце рэальных падзей. Але ўчэпiстая ўлада яшчэ не раз прымусiць адрабляць крэдыт.
 

 
   

Такiм чынам, 1925–1926 гады — пераломныя ў творчасцi Купалы. Ён ужо савецкi паэт. Iм ужо можна кiраваць. Георгiй Колас у сваёй кнiзе „Каранi мiфаў (Жыццё i творчасць Янкi Купалы)“ цытуе адзiн з дакументаў ГПУ. У лiстападзе 1926 г. Купала, як цытуе яго (відавочна перакладаючы на расійскую мову, агент), сказаў: „Мы живем в Сов. Белоруссии потому, что нет другого места, нет где прислониться...“4 У 1929 г. А.Ульянаў натхнiў напiсаць верш „Сыходзiш, вёска, з яснай явы...“ У вялiкiм каментары да гэтага твору можна вычытаць шмат чаго, але вось даведацца, як, пры якiх абставiнах першапачатковы варыянт першага i шэсцьдзесят другога радкоў („Як сон i смутны i жаданы“) загучаў зусiм iнакш („Як сон маркотны, нежаданы“), даведацца немагчыма. А тая „паправачка“ надала твору зусім iншае гучанне. Няўжо каментатарам невядомыя былi матэрыялы ГПУ й паказаннi наконт гэтага верша Змiтра Прышчэпава, Аркадзя Смолiча ды iншых? Чытачам, якiх зацiкавiў гэты сюжэт, раю прачытаць адпаведны раздзел (с. 238–270) у цытаванай тут кнiзе Георгiя Коласа.

У 1930 г. сакратар ЦК КП(б)Б Канстанцiн Гей, паведамляючы ў Маскву пра Купалаву спробу самагубства, пiсаў: „Мы решили не требовать от Я.Купалы признания участия в союзе вызволения Белоруссии и сосредоточить свои силы на требовании выступить с открытым осуждением контрреволюционной деятельности группы белорусских интеллигентов, арестованных по делу СВБ. Думаю, что нам это удастся“5. Удалося ж у 1929-ым прымусiць Купалу перарабiць верш „Сыходзiш, вёска, з яснай явы...“, удалося ж выцягнуць з яго паказаннi супраць Алеся Дудара. Таварыша Гея прадчуванні не падвялі: „Адкрыты лiст Я.Купалы“ неўзабаве чытала ўся Беларусь — i Савецкая, i Заходняя.

Малады Купала, якi ў 1912 г. выказваў жаданне памерцi „За лепшу долю роднага краю, // За сваiх браццяў ў святой барацьбе “, у тым жа годзе уклаў у вусны свайго героя вядомыя, запамiнальныя словы: „Гуслям, княжа, не пiшуць законаў“. Яшчэ не стары (48-гадовы) Купала ў 1929 г. не знайшоў сiлы запярэчыць агенту ГПУ i зайграў на сваiх гуслях гэтак, як ад яго запатрабавалi.

Да 1930 г. пяснярскi шлях Купалы, кажучы словамi А.Луцкевiча, „вызначыўся ўжо даканца“. Далей пачалося тое, што прыйшло ў супярэчнасць з ранейшым духоўным воблiкам Купалы. Праўда, гэтае новае аблiчча было ўжо не такое нечаканае. Але гэта мы цяпер можам зразумець i сказаць. Тады ж, калi Луцкевiч чытаў сваю лекцыю, усё было яшчэ не вельмi пэўнае.
 









4 Колас Георгiй. Каранi мiфаў (Жыццё i творчасць Янкi Купалы). Менск, 1998. С.66.
























5 Тамсама. С.202.
 
   

2.

Вернемся да пытання пра публiкацыю двух вершаў: „25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына-памiнкi“ i „Пяць сенатараў“.

Вершы напiсаны ў 1920 годзе. I Найвышэйшая Рада (сядзела ў Менску), i Народная Рада (у Коўне) высiльвалiся, каб дамагчыся прызнання БНР мiжнароднаю супольнасцю i ў першую чаргу суседзямi — Польшчаю ды Расiяю. Паэт меў рацыю, калi пiсаў: „У гэту нашу гадаўшчыну // Звiнiць ланцуг, як i звiнеў, // I там, i тутка без упыну // Шалее катнi здзек i гнеў“. „Там“ — на тэрыторыi пад уладаю РСФСР (БССР i Лiтбел цiха сканалi яшчэ ў 1919-ым); „тутка“ — на тэрыторыi пад уладаю Польшчы. „Народ спраўляць памiнкi будзе — // Не свята светлае вясны, — // За стол жалобны сядуць людзi // Там, дзе крыжы, дзе курганы!“

Паэт мае права на выказванне сваiх поглядаў i думак, i грэх яму ў гэтым адмаўляць, але чаму Купала палiчыў магчымым надрукаваць гэты верш у 1930 годзе? З гiстарычнае перспектывы ўжо зразумела было: абвяшчэнне БНР i яе незалежнасцi — не марны акт, гэта акт смелых, адважных людзей. Хоць Беларусь не заняла „свайго пачэснага пасаду мiж народамi“, але не ўлiчваць беларускага чыннiка стала немагчыма анi Маскве, анi Варшаве. Няўжо Купалу так рупiла выдрукаваць усё, што калiсьцi напiсаў? А тым часам гэты верш выкарыстаў супраць паэта сумнавядомы Лукаш Бэндэ...

Яшчэ больш бянтэжыць публiкацыя верша „Пяць сенатараў“: чаму толькі ў 1933 годзе? Ужо пракацiлася хваля арыштаў па „справе“ „Саюзу Вызвалення Беларусi“. У маi 1931 г. забралi Гаўрылу Гарэцкага, Радзiвона Бонч-Асмалоўскага (сына славутага эсэра) ды дзесяткi iншых па „справе“ „Беларускага фiлiялу Працоўнае Сялянскае Партыi“, у лiпенi — дзесяткi людзей па „справе“ „Беларускага Фiлiялу Меншавiкоў“. Амаль адначасова з „меншавiкамi“ хапалi „членаў“ „Беларускага Фiлiялу Прампартыi“. У лютым 1933 г. пачалi браць „сяброў“ „Беларускай Народнай Грамады“ (сярод iх Змiтрок Астапенка, Лукаш Калюга, Максiм Лужанiн, Юлi Таўбiн). Увосень 1932 г. пасля абмену палiтзняволенымi памiж СССР i Польшаю з Заходняе Беларусi прыехалi былыя паслы на сойм (грамадаўцы i змаганцы) Максiм Бурсевiч, Павел Валошын, Флягонт Валынец, Iгнат Дварчанiн, Пётр Мятла, Сымон Рак-Мiхайлоўскi... На iх адразу ж (у вераснi 1932 г.) пачалi рыхтаваць „справу“ „Беларускага Нацыянальнага Цэнтру“ (кодавая назва „Закардоннiкi“). Машына „чырвонага тэрору“ працавала нястомна... I вось у гэты час Купала друкуе ў часопiсе „Полымя рэвалюцыi“ верш „Пяць сенатараў“ са сваiм каментаром: „Верш напiсаны ў часы iснавання „Беларускай Рады“, калi там адбыўся раскол i ў вынiку арганiзавалася так званая „Найвышэйшая Рада“ (правае крыло)“.
 

 
   

Мне ўжо даводзiлася характарызаваць гэты твор: злая сатыра. А цяпер, паколькi гэтага не зрабiлi каментатары, назавем тых сенатараў — сяброў Прэзiдыуму Найвышэйшае Рады БНР, якiх Купала вiнавацiць у своекарыслiвасцi: Язэп Лёсiк (старшыня), Сымон Рак-Мiхайлоўскi, Аляксандр Ўласаў, Янка Серада i Кузьма Цярэшчанка. Якую ролю адыгралi ў творчай бiяграфii Купалы рэдактар-выдавец „Нашае Нiвы“ Ўласаў, у якога Купала быў наступнiкам, фактычны кiраўнiк „Звону“ i „Беларусi“ Лёсiк, рэдактар „Беларусi“ Цярэшчанка, казаць не трэба. Дзякуючы намаганням „своекарыслiвых“ сенатараў i БВК Купала атрымаў магчымасць выдаваць з мая 1920 г. свой часопiс.

У 1930 годзе Купала ўжо звальваў на Лёсiка „вiну“ за публiкацыю верша „Паўстань...“ Маўляў, Лёсiк справакаваў гэты верш. Як жа было на самой справе? Рэдактар жа проста змясцiў яго, як i не адзiн iншы Купалаў твор, на першай паласе, выказаўшы гэткiм чынам павагу да песняра. Атрымалася так, што верш апынуўся побач з iнфармацыяй аб галоўнай палiтычнай падзеi — прыездзе Пiлсудскага. Праз дзесяць год бальшавiкi вытлумачылi, што Купала бачыў у асобе начальнiка Польскае дзяржавы й прарока, і песняра, і ваяка, і Ўладара. Паэт жа не прыдумаў нiчога лепшага, як скласцi „вiну“ на Лёсiка. Зрэшты, калi Аляксандр Ульянаў (той самы, што штурхаў Тарашкевiча, Рак-Мiхайлоўскага ды iншых да стварэння Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады, якая б стала прыкрыццём для падрыўной камунiстычнай дзейнасцi ў Заходняй Беларусi, i развальваў беларускую палiтычную эмiграцыю) папракнуў Купалу за тое, што той напiсаў антысавецкi верш „Пасеклi край наш папалам“, паэт „сразу же назвал автора — А.Дударя...“6.

Тэма нязломнасці творцы, тэма класіка й калабарацыі яшчэ чакае свайго даследавання.

Дзе апынулiся Лёсiк i Серада, вядома. Цярэшчанка пазбег такое долi таму, што памёр у 1923 г. Уласаў не паддаўся на бальшавiцкiя правакацыi i датрываў да 1939 г. Ды вось Рак-Мiхайлоўскi прыехаў у БССР. Добры ж „падарунак“ падрыхтаваў яму Купала!..
 

6 Тамсама. С.270.








 
   

Што цi хто прымусiў паэта друкаваць той даўнi твор? Чаму менавiта ў 1933 годзе? I яшчэ пытанне: а цi сапраўды верш напiсаны ў 1920 г.? Даць станоўчы цi адмоўны адказ немагчыма: рукапiсу няма. Зрэшты, верш мог iснаваць i на пачатку красавiка 1920 г.: Купала, яшчэ не атрымаўшы грошай на выданне часопiса, мог вiнавацiць Лёсiка ды ягоных калегаў. Можна дапусцiць, што Купала й не насiў таго верша ў 1933 г. у рэдакцыю „Полымя рэвалюцыi“, бо, прыкладам, у „ЛiМ“, як згадвае Ян Скрыган, паэт амаль нiколi не прыносiў сваіх твораў: гэта звычайна рабiла ягоная жонка. Яна й ганарар атрымлiвала7. Дык вось, цi не занесла „Пяць сенатараў“ у рэдакцыю „Полымя рэвалюцыi“ Купалiха? Яна ж, паводле сведчання Паўлiны Мядзёлкi, трымала ў сябе ключы ад шуфлядаў, у якiх захоўвалiся рукапiсы паэта. Мы трохі ведаем пра яе ўплыў на мужа8. Дастаткова згадаць, што „Iнтэрнацыянал“ пясняр перакладаў з дапамогаю жонкi (а дакладней — цешчы, Эмiлii Манэ, якая паходзiла з аднаго роду з мастаком-імпрэсіяністам Клёдам Манэ. Цi не падстрахоўвала ў 1933 г. Купалiха свайго мужа ад магчымых непрыемнасцяў (сувязь з „польскiм шпiёнам“, „луцкевiчаўцам“ Рак-Мiхайлоўскiм)?

Перыяд маўчання i ваганняў у Купалы цягнуўся год дзесяць. I шэсць тамоў Поўнага збору твораў пра гэта сведчаць як найлепш. Чытаць пяты том (вершы 1930—1942 гадоў) вельмi цяжка. Так, ад Купалы патрабавалi песняў „сацыялiстычнаму будаўнiцтву“, i адпаведную цытату з Лукаша Бэндэ каментатары падаюць. Не мог паэт, хоць i пiў, удаць з сябе горкага прапойцу ды пайсцi ў дворнiкi, як Андрэй Платонаў; не магла ўлада запраторыць яго, як Восiпа Мандэльштама, у лагер на Далёкiм Усходзе: у Расii быў не адзiн лірык маштабу Мандэльштама, а Купала ў Беларусi — адзiн. (Эпік Якуб Колас мог i ў прозу адысцi, i ў Акадэмii знайсцi сабе занятак).

3.

Кожны поўны збор твораў каштоўны не толькi варыянтамi i рэдакцыямi твораў, але й каментарамi, якiя даюць магчымасць паглыбiцца ў атмасферу часу, калi жыў i працаваў творца.

Мы не кажам пра тое, што само па сабе зразумелае: у каментарах не павiнна быць памылак, а калі яны ёсць, назавем iх карэктарскiмi. Бо калi ў каментары да верша „Брату-беларусу“ з’яўляецца прозвiшча нейкага А.Чорнага, а не тлумачыцца, хто такi гэты Чорны, дык чытач можа разгубiцца: мо ўжо Сашу Чорнага Аляксандрам празвалi? Я, напрыклад, ведаю, што гаворка iдзе пра чэшскага прыяцеля нашае лiтаратуры Адольфа Чэрнага, але цi кожны чытач ведае пра тое? Такi прыкры недагляд у Зборы не адзiны. Хто такi П.Любецкi? Мiж тым гэты псеўданiм рэцэнзента Купалавага зборнiка „Спадчына“ згадваецца не адзiн раз. Вось бы й патлумачыць, што П.Любецкi — гэта Павал Каравайчык, лекар паводле адукацыi, цiкавы публiцыст, якi стаў ахвяраю сталiнскага тэрору.

Наагул, каментарная частка кожнага тому мяне турбавала найбольш. Калi браў у рукi першы том, пытаўся: цi здолелі каментатары пераадолець фiлалагiчную абмежаванасць (маю на ўвазе ганебна нізкi ўзровень палiталагiчных, рэлiгiязнаўчых, фiласофскiх ды гiстарычных ведаў у выпускнiкоў беларускіх фiлфакаў), цi здолелі яны пераадолець стэрэатыпы, выпрацаваныя пры камунiстычным рэжыме?

Аб’ектыўны, акадэмiчна вытрыманы каментар не патрабуе тлумачэння словаў, сэнс якiх вынiкае з кантэксту. У Поўным зборы Купалавых твораў выклiкае неўразуменне наяўнасць лiшнiц, часта смешных цi абсурдных. Прыкладам, у каментары да верша „А як мы з хаткi выходзiм...“ чытачу тлумачаць, што бадылi — гэта быллё. Мiжволi згадваецца класічнае „Вяроўка ёсць вервіем звычайным“. А вось слова „гуголле“. Нiбыта зразумела й трэ было б, калi на тое пайшло, i ў каментары запiсаць, што гэта дыялектная назва куколю (Agrostemma). Запiсана ж яшчэ прасцей: травянiстая раслiна, пустазелле. А вось што такое лёхi? Калi верыць каментару да паэмы „Курган“, лёхi — гэта норы.
 















7 Скрыган Ян. Выбраныя творы: У 2-х тамах. Менск, 1985. С.172.


8 Колас Георгiй. Каранi... С.269.
 
   

У вершы „Песня званара“ трапляецца слова „сцежары“. Каментатары тлумачаць яго як кастры, але не дроваў, а ў сэнсе вогнiшча. Аднак слова „сцежар“ (дыялектнае) мае iншае значэнне: гэта асаблiвым чынам выкладзеная аснова, спод стажка сена на балоце або лузе. Робяць сцежары (у слоўнiках лiтаратурнай беларускай мовы — стажар’е) дзеля таго, каб сена не ўсырэла, не змокла знiзу. Мо яны й гарэлi?

Або вось яшчэ каментар. Да верша „Тканне намёткi“. Слова „цэўка“ тлумачыцца так: прыстасаванне ў выглядзе трубкi, на якое навiваюцца нiткi i якое ўстаўляецца ў чаўнок пры тканнi. Акурат як у Тлумачальным слоўнiку беларускае мовы. Але тут недарэчы слова „навiваюцца“, бо нiткi на цэўку насукваюць, а дзеля гэтага ёсць сукала (гл. у тым самым слоўнiку).

Праблема i з храналогiяй.

У каментары да верша „На Купалле“ пiшацца, што твор упершыню апублiкаваны ў „Нашай Нiве“ 24 чэрвеня 1910 году, № 26. А далей iдзе такое тлумачэнне: „Верш апублiкаваны 24 чэрвеня — па старому стылю 7 лiпеня. Як вядома, у ноч з 6 на 7 лiпеня адзначаецца старажытнае язычнiцкае свята — Купалле. Можна меркаваць, што гэты твор напiсаны менавiта да свята. У згаданым нумары газеты змешчаны таксама верш А.Паўловiча „Ноч на Iвана Купалу...“, прысвечаны паэту-сябру, чый псеўданiм звязаны са святам нашых продкаў“.

Што Купалле мае паганскiя каранi, рэч вядомая, але 24 чэрвеня каталiкi святкуюць дзень святога Яна Хрысцiцеля. Таму сыну каталiкоў Дамiнiка i Бянiгны Луцэвiчаў, якi нарадзiўся 25 чэрвеня, было дадзена ў святым хросце iмя Ян. Адзначым, што каталiк Ян Луцэвiч нарадзiўся 25 чэрвеня паводле новага стылю, бо Каталiцкая Царква жыве паводле яго з 1583 г., пра што i Баркулабаўскi летапiс сведчыць. 24 чэрвеня паводле новага стылю каталiкi адзначаюць Купалле i цяпер. Трэба ж памятаць, што Расійская Праваслаўная Царква не перайшла на новы каляндар, а таму й атрымлiваецца, што праваслаўна-царкоўнае 24 чэрвеня ў грамадзянскiм календары сталася 7 лiпеня паводле новага стылю. Калi б Праваслаўная Царква ў 1918 г. прызнала новы — еўрапейскі — каляндар, яна й сёння святкавала б дзень св. Яна 24 чэрвеня.

З рэлiгiйнымi святамi праблем у каментатараў шмат. У каментары да верша „Сёмуха“ паведамляецца, што апублiкаваны ён напярэдаднi рэлiгiйнага свята Сёмухі, якое адзначалася на 7-ы тыдзень пасля Вялiкадня. Тут адна недакладнасць: не на сёмы тыдзень, а праз сем тыдняў пасля Пасхi Хрыстовай, а таму па-царкоўнаму называецца Пяцiдзесятнiцай. Але чаму Сёмуха адзначалася? Хiба ўжо не святкуюць яе добрыя хрысцiяне? I, вядома ж, абавязкова дата падаецца толькi паводле старога стылю. Для католiкаў гэта дата новага стылю, а праваслаўным, каб перавесцi на новы стыль, трэба лiчыць на пальцах: на якую ж гэта дату прыпадае свята?
 

 
   

Слова „адзначалася“ ў дачыненнi да рэлiгiйных святаў паўтараецца да начэпнасці шматкроць. А Поўны збор твораў чытаюць, мусiбыць, i вернiкi. Гэта тым болей трэба мець на ўвазе, калi каментуеш падзеi святое гiсторыi Старога цi Новага Запаветаў. Анiяк нельга назваць акадэмiчным наступны каментар да верша „Жыды“:

„...мудрага Iсуса... — Паводле евангельскай мiфалогii, Хрыстос нарадзiўся ад „святога духа“ ў Вiфлееме (Палесцiна) у Марыi, жонкi Iосiфа; мiфiчны заснавальнiк хрысцiянства, „богачалавек“. Прапаведаваў новае рэлiгiйнае вучэнне ў Iудзеi, Галiлеi, Самарыi i iнш.; зрабiў шмат цудаў“.

Першая частка каментару абражае пачуццi вернiкаў. Можна было напiсаць па-акадэмiчнаму стрымана, ды не робячы лішніх памылак. Бо калi Iсус — мiфiчная асоба, дык як ён мог прапаведаваць новае вучэнне?

Або вось яшчэ адзiн каментар — да верша „Усяночная“:

„Прэтэкстам верша з’яўляецца культавая ноч перад мiфiчным уваскрасеннем Хрыста...“

Цi трэба каментар да гэтага каментару?

Дарэчы, наконт Вялiкадня. Да верша „Вялiкдзень“ такi каментар: „Напiсаны напярэдаднi хрысцiянскага свята, якое па ст.ст. прыпадала на 29 сакавiка“. Вось i думай: рухомае свята Пасха цi не? Мо на 29 сакавiка яно прыпадала ў год публiкацыi верша?

Застаецца толькi пашкадаваць, што каментатары не паклiкалi на дапамогу спецыялiста ў галiне рэлiгiязнаўства, а хоць бы й святара. Ён бы растлумачыў, што сакраменты (сакраманты) — не „нешта свяшчэннае, рытуальнае“, а тайны, таемствы, таінствы. Растлумачыў бы, колькi ўсяго тайнаў i ў Заходняй, i ўва Ўсходняй Царкве. (Калi ўжо размова пайшла пра каментар да верша „А ў Вiсле плавае тапелец...“, дык адцемiм, што Бэльвэдэр — рэзiдэнцыя не польскага ўраду, а кiраўнiка дзяржавы).

Учарашнiм днём патыхае, калi чытаеш звесткi аб перакладах Купалавых твораў на мовы iншых народаў. На першым месцы, вядома ж, расійская, потым iдуць мовы народаў былога СССР, за iмi — астатнiя. Памятаю, як у 1982 г. перад урачыстаю вечарынаю, прысвечанай 100-годдзю Купалы, у Тэатры оперы i балету прадавалi том з вершам „А хто там iдзе?“ на мовах народаў свету. Пераклады былi размешчаныя ў дэмакратычным алфавiтным парадку. Нехта з пiльных таварышаў згледзеў ерась, i больш гэтага тому не прадавалi. Друкарня вырабiла наклад па-новаму, i на першае месца стала расійская мова. (А „няправiльны “ асобнiк у мяне захаваўся!)
 

 
   

Здаецца, усе мовы ў Бога роўныя, але адна з iх раўнейшая з пункту гледжання пэўных асоб ды iнстытуцыяў.

У тым „няправiльным“ зборнiку былi, праўда, свае вады. Напрыклад, было напiсана: „Яўрэйская мова“. Якая яўрэйская — iўрыт, iдыш?..

Мне здаецца, што ўлiк перакладаў — пэўная праява правiнцыялiзму (глядзi-тка, i нас заўважылi!). Апрача таго, наўрад цi мажлiва ўлiчыць усе пераклады. Так, у каментары да паэмы „На Куццю“ (у Поўным зборы напiсана „На куццю“) пазначана, што яе пераклаў на расійскую В. (Валянцiн?) Тарас. Аднак жа ёсць пераклад гэтага шэдэўру i на ўкраiнскую мову, дыхтоўна зроблены Паўлом Гiрныкам (гл.: Сузiр’я: Лiтературно-художнiй збiрник. К., Днiпро, 1990. С.42–47). Падкажу каментатарам, што ў тым самым зборнiку надрукавана й п’еса „Тутэйшыя“ (перакладчык Васiль Сiдарэнка).

Каментар да паэмы „На Куццю“ прымушае мяне задумацца й над такiм пытаннем: а цi сапраўды ў Поўным зборы твораў дадзена аб’ектыўная iнфармацыя пра публiкацыi паасобных Купалавых твораў? Вось жа каментатар катэгарычна сцвярджае, што гэтая паэма ў пасмяротных выданнях паэта не друкавалася. Мне ж вядомыя прынамсi тры публiкацыi: 1) На Куццю: Паэма. Мiхельсдорф, 1946; 2) Спадчына: Выбар паэзii Янкi Купалы. — (Беларускi Інстытут Навукi й Мастацтва) — Нью-Ёрк — Мюнхен, 1955; 3) Выйдзi з сэрцам, як з паходняй!.. — (Укладальнiк Алесь Разанаў) — Мн., 1982.

Сцвярджаецца таксама, што верш „Паўстань...“ у пасмяротныя выданнi твораў Янкi Купалы ўключаецца толькi з 1993 году. Зноў няпраўда. У зборнiку „Спадчына“ (1955) можна прачытаць не адзiн твор, забаронены на той час у БССР, у тым лiку й „Паўстань...“ (праўда, там трохi iншы загаловак: „Паўстань з народу нашага...“).

Закрадваецца думка: мо каментатары не лiчаць Купалавы кнiгi, надрукаваныя беларускiмi эмiгрантамi пасля другое сусветнае вайны, пасмяротнымi выданнямi? I наагул выданнямi? Мiж тым i рэдактарам, i каментатарам карысна было б зазiрнуць у „выбар паэзii Янкi Купалы“ хоць бы дзеля таго, каб лепш прадумаць укладанне тамоў Поўнага збору. У нью-ёркска-мюнхенскай „Спадчыне“ да жанру паэмы аднесены пяць твораў, якiя ў Поўным зборы пададзены як вершы. Гэта — „Грабар“, „Паляўнiчы i пара галубкоў“, „Забытая скрыпка“, „Чараўнiк (Забытая казка)“9 i „Ў Купальскую ноч“. Можна здзiўляцца, чаму „Грабар“ аднесены да паэм, можна растлумачыць, чаму „Яна i я“ змешчана сярод вершаў, але што датычыць чатырох твораў („Паляўнiчы i пара галубкоў“, „Забытая скрыпка“, „Чараўнiк (Забытая казка)“ i „Ў Купальскую ноч“), дык тут ёсць пра што падумаць i паспрачацца. Ва ўсякiм разе адзначыць у каментары, што той i той твор квалiфiкаваны складальнiкамi зборнiка „Спадчына“ як паэма, трэ было б. I абгрунтаваць, чаму ў Поўным зборы твораў ён падаецца як верш. Гэтага вымагае элементарная навуковая карэктнасць.
 

9 Калi верыць каментару, i гэты твор не публiкаваўся ў пасмяротных выданнях.







 
   

Навуковая карэктнасць патрабуе таксама, каб пра пэўных асоб падавалася аб’ектыўная iнфармацыя: нарадзiўся, вучыўся, скончыў, займаў тую цi iншую пасаду, браў удзел у той цi iншай грамадска-палiтычнай арганiзацыi, напiсаў тое i тое. На жаль, пры каментаваннi пэўных палiтычных падзей або падачы звестак пра палiтычных дзеячаў не абышлося без „дасягненняў“ учарашняга дня — ацэнак з пазiцый „самага перадавога вучэння “.

Ёсць у Купалы, як я лiчу, ганебны верш „Мала iх павесiць...“. Ганебны i таму, што паэт злiўся ў iм з охласам, i таму, што паэт, як я мяркую, не можа патрабаваць смерцi для чалавека. „Мала iх павесiць...“ — гэта пра вядомых бальшавiкоў, якiх разам з Рыгорам Зiноўевым ды Лявом Каменевым Сталiн вырашыў прыбраць з гэтага свету. Каментар да верша просценькi: „Рытарычны водгук на выкрыццё здраднiцкай дзейнасцi трацкiстаў“. Нiшто сабе рыторыка! I пра якую здраду гаворка? На той час, калi выйшаў 5-ы том Поўнага збору (1998), i Пятакоў, i Муралаў, i Радэк, i iншыя ўжо дзесяць гадоў як былi рэабiлiтаваныя юстыцыяй той краіны, што іх асудзіла.

А вось звесткi пра ўкраiнскiх палiтыкаў (каментар да верша „З’езду Саветаў“). Пятлюра Сiмон Васiлевiч — адзiн з кiраўнiкоў украiнскай буржуазна-нацыяналiстычнай контррэвалюцыi... Махно Нестар Iванавiч — адзiн з кiраўнiкоў контррэвалюцыйнага анарха-кулацкага руху ў перыяд грамадзянскай вайны на Украiне. Дасталося ж сацыялiсту Сэмэну Пятлюру! Буржуем назвалi. Дый бацьку Махно перапала. А ён на чале сялянскае армii i супраць белых (у саюзе з чырвонымi), i супраць чырвоных ваяваў. Цiкава, з якое бальшавiцкае энцыклапедыi перапiсаныя гэтыя даведкi? Маглi б каментатары схадзiць у Беларускую Энцыклапедыю (недалёка ж) i параiцца, як складаюцца навуковыя даведкi без iдэалагiчных клiшэ.

Не пашанцавала i дзеячам больш далёкае мiнуўшчыны. Цiкава было чытаць у каментары да верша „Суд iдзе“, што Адам Мiцкевiч быў славянскiм паэтам, якi „паклаў пачатак польскай нацыянальнай iдэi“. Цiкава даведацца, што ў Польшчы быў кароль Сыгiзмунд III Ваза. Тлумачачы значэнне Купалавых слоў „Хаўтурныя вашы званы зыгмунтовы“, каментатары пiшуць: „Можна меркаваць, што гэта намёк на польскага караля Сігiзмунда III Ваза (не Вазу. — Аўт.)...“ Меркаваць можна ўсё што заўгодна, але ў Яна Матэйкi ёсць карцiна „Zygmunt Stary słucha dzwonu Zygmunta“, што на беларускую перакладаецца “Жыгімонт Стары слухае звон „Зыгмунта“”. А „Зыгмунт“ — гэта звон, вылiты з столку за часоў караля польскага i вялiкага князя лiтоўскага Жыгiмонта I Старога i названы ў гонар гэтага манарха. Знаходзiцца ён у Кракаве на Вавэлi. У ХIХ — пачатку ХХ ст. палякi лiчылi яго сiмвалам дзяржаўнага адраджэння, вяртання „залатога часу“ (i ў нас час панавання Жыгiмонта Старога сёй-той называў i называе залатым). Вось Матэйка й напiсаў карцiну, якая ў палякаў выклiкала пэўныя эмоцыi й памкненнi. Для Купалы ж, якi выхоўваўся ў польскай культурнай традыцыi й пра Зыгмунтаў (Жыгiмонтаў) звон ведаў, ён чамусьцi загучаў як хаўтурны.
 

 
   

Цяжка растлумачыць, чаму пасля iменi вялiкага князя Альгерда ў дужках напiсана Альгiрдас, а пасля iменi Кейстута — Кестуцiс (дарэчы, па-лiтоўску гучыць Кястуцiс). Каб падкрэслiць iх балцкае паходжанне? Няхай так, але для нас важней, наколькi аб’ектыўная iнфармацыя пра Альгерда i Кейстута (каментар да Купалавага перакладу „Трох Будрысаў“). Не раю давяраць ёй. Лепш зазiрнуць у адпаведныя артыкулы Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi. Там можна прачытаць, што Альгерд хадзiў на Маскву не два, а тры разы.

...Уладзiмер Гнiламёдаў пiша ў прадмове: „Купала, як i ўсе (цi пераважная большасць), трапiў у сталiнскi палон i заставаўся бездапаможным вязнем вялiкага — на ўсю краiну! — ГУЛАГу“. Вязнем можна стаць i добраахвотна, i па наiўнасцi. Купала, вагаючыся, сам абраў камунiстычны стан, бо спадзяваўся цi то верыў, што нацыянальны iдэал можна ажыццявiць i ў БССР. (Зрэшты, не ён адзiн такi. Нават Аляксандр Цвiкевiч i Вацлаў Ластоўскi, якiя ўзначальвалi ўрад БНР, пераехалi ў Менск.) Апынуўшыся ў вязнiцы, Купала клiкаў у яе i iншыя народы. Адна справа верасень 1939 г., калi паводле пакту Рыбентропа—Молатава амаль усе беларускiя землi апынулiся ў складзе аднае рэспублiкi. Тут нельга не згадаць словы Ленiна пра тое, што рэакцыйныя сiлы часам, самi таго не жадаючы, робяць прагрэсiўныя справы. Iншая рэч — канец 1939 г., калi пачалася савецка-фiнляндская вайна (у Еўропе яе называюць Зiмоваю). Купала падтрымаў дзеяннi сталiнскага ўраду (верш „Фiнляндыi “). Мала таго, Купала, якi ратаваў сваіх маці й сясцёр ад высылкi ды на сабе спазнаў жорсткасць рэжыму, у гэтым творы прарочыў фiнскаму народу шчаслiвую долю ў еднасцi „з вялiкiм усходнiм суседам“. Пры гэтым паэт звяраў свой радок з кожнымі новымi тэндэнцыямi ў замежнай палiтыцы бальшавiкоў. Ён не мог не ведаць, што ў Фiнляндыi моцныя прагерманскiя настроi й пазiцыi нямецкага капiталу, аднак пасля 23 жнiўня 1939 г. згадваць Гiтлера ў адмоўным плане (як гэта паэт рабiў у вершы „Мала iх павесiць...“) ужо нельга было. Таму, праракуючы шчаслiвую долю Фiнляндыi, Купала пiсаў:

Горды народ твой не будзе згiбацца
У ёрмах прыгонных, у здраднiцкiх лапах,
Болей не будзе ён з торбай жабрацкай
Жыць, як прыкажа з-над Тэмзы сатрапа.

А Брытанiя была ўжо ў стане вайны з Германiяй, субмарыны адмiрала Дзёнiца тапілi брытанскiя караблi... (Я ўпэўнены: калi б раптам памянялася савецкая замежная палiтыка, Купала лёгка памяняў бы ў гэтым вершы слова „Тэмзы“ на слова „Шпрэе“.)
 

 
   

Марна шукаць каментару да верша „Фiнляндыi“ ў 5-м томе Поўнага збору твораў. Нават не сказана, з якое такое прычыны ён напiсаны. Цяжка вытлумачыць такую пазiцыю рэдактараў Поўнага збору твораў.

Верш „Фiнляндыi“ разам з наступным — „Аб Сталiне-сейбiту“ — давалi Купалу падставу спадзявацца на Сталiнскую прэмiю (у Поўным зборы яна называецца Дзяржаўнаю). Хоць у 1940 г. паэт не напiсаў нiводнага верша, у 1941-ым прэмiю яму далi.

…Купала-паэт, Купала-драматург, Купала-публіцыст, Купала-перакладчык... Творца Купала — гэта больш, чым паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Поўны збор твораў песняра дае мажлівасць адно пазначыць вешкі на ягоным творчым шляху. Купала-нашанівец, Купала перыяду БНР і ранняе БССР і Купала пасля ўмацавання бальшавіцкае сістэмы. Свет Купалы — гэта не толькі тэксты. Свет Купалы, які спрабаваў даследаваць Рыгор Бярозкін, яшчэ не спазнаны ў дастатковым набліжэнні. Дзеля гэтага патрабуюцца высілкі спецыялістаў у галіне кампаратывістыкі, лінгвістыкі, псіхалогіі, гісторыі культуры. Мо тады й атрымаецца не толькі поўны, але й акадэмiчны збор твораў. Знаёмства ж з першымi шасцю тамамi (наперадзе — яшчэ тры) дае падставу казаць: панамарэнкаўская пастанова пра акадэмічнае выданне твораў Янкі Купалы не выканана ні праз пяць, ні праз пяцьдзесят пяць гадоў пасля паэтавай смерці. Яшчэ не даспела наша навука да такіх выданняў.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (11) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkсім Масkалёў
Апошняе абнаўленьне: 23-03-2001