A R C H E S k a r y n a № 6 (11) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

АНДРЭЙ СКУРКО
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Скурко
 
Чырвоны казуркаед
 Па старонках часопіса „Вожык“

Найгалоўнай татэмнай жывёлінай беларускага сьмехавага дыскурсу, безумоўна, зьяўляецца „Вожык“. Ён у(ва)ліўся ў стройныя шэрагі іншых гэткага ж кшталту „Кракадзілаў“ ды „Пэрцаў“ напрыканцы вайны і, трэба сказаць, дробным драпежнікам атраду казуркаедаў стаўся не адразу. Гэта адбылося ў выніку паступовае дэактуалізацыі адпачатковае назвы — „Раздавім фашысцкую гадзіну“, — якая, калі ўспрымаць яе як Nominativ (кшталту „Піонэр Беларусі“, „Скарына“), нагадвае, хутчэй, поўнае імя („ФІО“) якога-небудзь харызматычнага правадыра аднае з экзатычных народных дэмакратыяў Цэнтральнае Афрыкі.

Я слышу топот быстрых ножек —
То вышел в свет задорный „Вожык“
Тебя приветствовать я рад,
Расти и крепни, мой собрат,
Стахановцам будь верным другом,
Они краса родной земли,
А нерадивых по заслугам
Покрепче иглами коли. —

гэткімі словамі вітаў Вожыкава зьяўленьне на сьвет старэйшы таварыш, расейскі „Крокодил“: гадуйся, маўляў, baby, ды глядзі трымайся ідэалягічнай лініі…

Зьмена назвы, выкліканая зьнікненьнем памянёнай „фашысцкай гадзіны“, ніякім чынам не адбілася на ідэйнай зададзенасьці часопіса: калі баявы лісток заклікаў „давіць“ („мачыць“ па-нашаму), „Вожык“ абавязаўся „калоць“ — „жорстка і бязлітасна — палітычнага слепака ў вока, гультая ў бок, хабарніка ў далонь, балбатуна ў язык… У кожнага абармота я знайду балючае месца, каб укалоць…“.

Перш за ўсё, калі праглядаеш нумары розных гадоў, вока чапляецца за дзьве рэчы: паступовую зьмену габарытаў часопіса (у пэрыяд з 1957 па 1977 гады „Вожык“ зьменшыўся амаль што ў два разы), і тэматычныя мэтамарфозы. Справа ў тым, што першыя колькі год, покуль сувязі з пэрыфэрыяй замінала пасьляваеннае бездарожжа, а патэнцыйныя селькоры перабывалі ў стане пасьляпераможнай эўфарыі, „Вожык“ ня меў той характэрнай для сёньняшняга часопіса агратэхнічна-прамысловай арыентацыі і быў выданьнем нават крыху ўрбаністычным — зьмяшчаў шмат гарадзкіх навінаў, празаічных і паэтычных рэфлексіяў на менскія тэмы (кшталту паэмы пра нядзельнае сьвята ў гарадзкім садзе і футбол у прыцемку, якім яно скончылася) і, па вялікім ліку, характарызаваўся большай канкрэтнасьцю, суаднесенасьцю зь межамі пасьляваеннага Менску. Асабліва гэта тычыцца фэльетаністыкі і карыкатурыстыкі, якія тады яшчэ не ператварыліся ў абстрактна-дыдактычнае шальмаваньне абагулена-тыповых заганаў: на бачынах „Вожыка“ чытач мог убачыць і менскі кінатэатар „Беларусь“, у якім страха цячэ, і кілямэтровую чаргу ў Менскай абласной бібліятэцы (бачыце, у якую даўніну сягае карэньне такіх звыклых для нашае сёньняшняе рэчаіснасьці зьяваў — на добры толк іх даўно ўжо трэ было б абвясьціць нацыянальным набыткам і ўзяць пад ахову дзяржавы).
 

асьпірант філялягічнага факультэту БДУ. Сябар рэдакцыі „ARCHE" ад яе заснаваньня
   

Літаратурная частка тагачаснага „Вожыка“ каштоўная ўжо тым, што адкрывае нам пэўныя біяграфічныя і творчыя таямніцы клясыкаў беларускае літаратуры — так, напрыклад, з артыкулу „Запіскі Віктара Татарынчыкава“ (1945, № 2, с.7) можна дазнацца, што паэт, кінадраматург, перакладчык, сябар СП Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі Беларусі „і прочая“ — Анатоль Вялюгін — не адразу стаўся гэткім шаноўным ды заслужаным, а быў некалі звычайным хлопчыкам Толем, які на самым пачатку шляху ў літаратуру ня грэбаваў „граматным перапісваньнем“ вершаў іншых пісьменьнікаў: „Верш Толі ў „Піонэры Беларусі“ пад назваю „Перамога“… зусім не Толі, а Пятра Глебкі. Толя перапісаў верш з газеты „Літаратура і мастацтва“ зусім граматна, нават не прапусціўшы ніводнае коскі“.

Засьвяціўся ў літаратурнай рубрыцы „Вожыка“ і беларускі завочны Міклуха-Маклай — Янка Маўр. Ад ягоных этнаграфічных зацемак з жыцьця і побыту японскіх мілітарыстых вее лёгкім сумам па далёкіх краінах, куды могуць езьдзіць толькі савецкія дыпляматы, а простаму менскаму настаўніку дарога заказаная. Апісаньне таго, як робіцца харакіры, уражвае сваёй праўдзівасьцю і, безумоўна, укладаецца ў рэчышча мастацкае канцэпцыі натуралізму: „Заядлы самурай, не міргнуўшы вокам, сапраўды распароў сабе трыбух. Блізкія глядзелі, як выплываюць яго кішкі, і захапляліся самурайскім духам“. (Дый дзіцячыя кніжкі Янкі Маўра — што „Палескія рабінзоны“, што „Сын вады“ — не вызначаюцца асаблівым гуманістычным пафасам.)

А вось так рэагавалі зайздросьнікі на посьпехі выдатнага літаратуразнаўца Алеся Кучара на ніве беларускае крытыкі:

Што за дым? Няўжо гарым?
Гэта, брат, з газеты „ЛіМ“
Фіміям клубамі валіць —
Кучар густа сябе хваліць.
— Мо яму для гэтай мэты
Даць яшчэ адну газету?

Як кажуць, насіў воўк, панясуць і ваўка… Хаця гэты, сапраўды адзін з самых характэрных, крытыкаў тае эпохі, калі негатыўная рэцэнзія дароўнівала судоваму выраку, мог, з вышыні свайго п’едэсталу, не зважаць на дробныя падкопы пасрэднасьцяў, якім заўсёды сьвярбіць дробненька напаскудзіць „генію“. Бо — як казаў іншы прэтэндэнт на геніяльнасьць (які, дарэчы, доўгія гады быў рэдактарам „Вожыка“) — „каб сонца засланіць, вушэй асьліных мала“.
 

 
   

Сучасны „Вожык“ таксама часам зьвяртаецца да творчасьці вялікіх суайчыньнікаў. Так, у №4 за 2000 год зьмешчаныя фрагмэнты паэмы „Гора ад розуму“ ў беларускай інтэрпрэтацыі М.Лужаніна. Перакладчык здолеў спалучыць дакладнасьць у перадачы тэксту арыгіналу з шыкоўным беларускім калярытам. Проста бліскуча Максім Лужанін падкрэсьліў надзвычайную палкасьць, экспрэсіўнасьць беларускіх жанчын, у параўнаньні нават з расейскімі:

Жанкі канчаліся: ура!
І каптуркі ўгару шпурлялі!

З часам „Вожык“ набываў усё больш выразную этнаграфічна-пабытова-калгасную скіраванасьць. Ужо напрыканцы 50-х на кожнай яго старонцы квітнее і пахне сельская гаспадарка — старшыні, брыгадзіры, сьвінаркі, МТС… Часопіс робіцца больш абстрактным, ляяльным, бесканфліктным (калі б ня подпіс „У некаторых калгасах дрэнна ахоўваюцца маладыя сады“ пад адной з тагачасных карыкатураў — ніколі б не здагадаўся, што крытыкуецца ўсё-ткі нядбайліца-вартаўнік, а не выяўленыя на малюнку зайцы, якія прагна абгрызаюць кару з дрэўцаў).

Сяргей Харэўскі ў сваіх „Зьвярох-суайчыньніках“ адзначае, што нацыянальным сымбалем Беларусі — у намінацыі „свойскія жывёлы“ — можна бясспрэчна лічыць сьвіньню. На бачынах „Вожыка“ гэтая думка пасьлядоўна праводзілася ў жыцьцё ледзьве ня сорак год. Сьвіньня зьяўлялася там ува ўсіх магчымых гіпастазіях ды інтэрпрэтацыях — можна нават сьцьвярджаць, што гэты вобраз набыў рысы ўнівэрсальнага сымбалю і мог пазначаць абсалютна любую праяву ў межах беларускага савецкага сьмехавага дыскурсу.

Дзесьці на другую палову 50-х прыпадае і зьяўленьне яшчэ аднаго — ужо наднацыянальнага — архетыпу: грубога (або наадварот, доўгага, худога і насатага) Дзядзькі Сэма, які пасьля трывала абжыўся на апошняй старонцы часопіса і, разам са сваімі дружбакамі з NATO, рабіў там, што хацеў. Адным з найулюбёных ягоных заняткаў былі зьдзекі з мурына ў сінім працоўным камбінэзоне. Дзядзька Сэм неадменна выяўляўся з абавязковымі катэгарыяльнымі адзнакамі: пульхным пачкам даляраў (часам грашовыя адзінкі праклятай Дзядзькасэміі мелі выгляд манэтаў з жоўтага мэталу, якія ён высыпаў зь меху проста ў рукі розных „контрас“, „хунты“, „ізраільскай ваеншчыны“ і іншых „душманаў“) ды атамнай бомбай пад пахай. Сёньняшняя нашая пост(нэа)савецкая рэчаіснасьць — калі пачак даляраў у кішэні Дзядзькі Сэма адназначна ўспрымаецца як грант, а бомба лічыцца не абы-якім прыярытэтам на самым высокім дзяржаўным узроўні — перавяла яго ў шэраг станоўчых герояў і, тым самым, пазбавіла месца на Вожыкавых бачынах.
 

 
   

Зазнала пэўнае трансфармацыі і рубрыка „Ў джунглях капіталістычнага раю“, зь якой цнатлівы чытач сярэдзіны 70-х мог даведацца пра пэўныя асаблівасьці дзікага капіталізму: яна трансфармавалася ў Богу душою вінную лагодна-падкалодную калёнку „Па сакрэту з Інтэрнэту“, якая запрашае пасьмяяцца з кур’ёзаў амэрыканскага заканадаўства (кшталту таго, што ў адным са штатаў забаронена насіць з сабою зброю, даўжыня якой перавышае шэсьць футаў (180 см)… Згадваецца старая показка: „Колькі атрымлівае савецкі інжынэр?“ — „А затое ў вас нэграў лінчуюць!“).

Час ад часу кранаўся „Вожык“ і сьлізкае тэмы беларускага нацыяналізму: звычайна да ўгодкаў кастрычніцкае рэвалюцыі ў ім зьяўляліся малюнкі мастака Волкава з сэрыі „Ворагі народу“, на якіх у фэльетанізаваным выглядзе выяўляліся дзеячы беларускага адраджэньня. Вось, скажам, што было напісана пра нястомнага змагара з бальшавіцкай навалай генэрала С.Булак-Балаховіча:

Здаў экзамен на бандыта я,
Галава мая прабітая,
І патрапіў скора я
На памыйніцу гісторыі.

А Радаслаў Астроўскі характарызаваўся так:

У яго было работы —
Ён лізаў фашыстам боты.

(На малюнку, пад якім зьмяшчаўся надпіс, быў адлюстраваны вышэйазначаны працэс).

„Вожык“ ад другой паловы 50-х да году так дзесьці 86-88-га істотна не зьмяняўся: харчаваўся сабе, фігуральна кажучы, мышамі ды жабкамі: лаяў на чым сьвет стаіць п’яніцаў-трактарыстаў, нядбайліц-даярак, аднак вышэй зладзея-брыгадзіра рэдка калі ўздымаўся. Будучаму электарату давалася выдатная мажлівасьць пасьмяяцца зь сябе самога, іншая справа, што ніякіх высноваў з гэтага ніхто ніколі не рабіў — проста не патрабавалася. Наадварот, п’янства ды нядбайства пачыналі ўспрымацца як агульная норма, як адзіны магчымы спосаб існаваньня. На тых месцах, дзе высновы рабіць было трэба, ставіўся акцэнт, як, скажам, на рубрыцы „Дзе, як, калі?“, больш прыдатнай назвай для якой былі б словы „Каго, за што, на колькі?“, бо распавядалася там выключна пра тое, хто, дзе, што і як украў і на колькі яго за гэта пасадзілі. Прычым распавядалася грунтоўна — часам нават падаваліся адпаведныя артыкулы крымінальнага кодэксу. (Рубрыка шчасьліва дажыла да нашага часу і, больш за тое, — нават павялічвае „пасяўныя плошчы“ — у „Вожыку“ №4 за 2000 год яна займае аж палову першай старонкі).
 

 
   

У другой палове 50-х, дарэчы, паліграфічная якасьць часопіса дасягнула вяршыні. Мяркуйце самі: у 1957 годзе ён выдаваўся на крайдаванай паперы, у адрозьненьне ад „Вожыка“ сёньняшняга, дый увогуле жаўтавата-шэрай большасьці сучасных беларускіх часопісаў. Хаця найгоршыя ў гэтым пляне часы для „Вожыка“ ўжо, здаецца, мінулі. Прыпалі яны на першую палову 90-х, калі пад уплывам грамадзка-палітычных мэтамарфозаў часопіс пачаў узмоцнена зьмяняцца. Перш за ўсё адбылася крыху запозьненая, паводле эўрапейскіх стандартаў, сэксуальная рэвалюцыя: аголеная жаночая натура (і часткова аголеная мужчынская) занялі дамінантнае становішча на бачынах „Вожыка“ і маглі нават скласьці канкурэнцыю старой добрай сьвіньні (пра Дзядзьку Сэма і казаць няма чаго — ён на той час ужо знаходзіўся ў стадыі глыбокага заняпаду). Пасьля прыйшла пэўная палітычная свабода — яе кульмінацыя прыпала на 93–94-ы гады. Тады „Вожык“ дазваляў сабе калоць у пэўнае месца нават сьвятая сьвятых — першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь: „Пабіліся аб заклад Іван Сусанін з Аляксандрам Лукашэнкам: хто далей, хто глыбей, хто болей... Прайгра-а-аў Іван Сусанін“. Аднак нават гэтыя зьмены былі павярхоўна-касмэтычнымі, што і спрычынілася да сёньняшняга стану „Вожыка“. Як і іншыя дзяржаўныя выданьні, ён працуе з абабітым за дзясяткі год колам сваіх „вечных сюжэтаў“, якія проста крыху трансфармуюцца — часам без усякай суадноснасьці з рэчаіснасьцю — і мяняюцца месцамі з нумару ў нумар. Перавага абстрактна-побытавай тэматыкі ды алькагольныя рэмінісцэнцыі несьвядома падмацоўваюць каляніяльную зададзенасьць часопіса, маючы на мэце звужаць прастору мысьленьня чытача, каб ён страціў мажлівасьць успрымаць як сьмешныя ды абсурдныя зьявы вышэйшага кшталту і, цераз гэта, зрабіць яго бясьпечным для існае палітычнае сыстэмы. Зь іншага боку, „Вожык“ — гэта цэлая эпоха, гэта адбітак беларускага жыцьця — астабрыдлага ўмоўнасьцю і адпачатковай марнасьцю любых зьменаў, безвыходнай цыклічнасьцю. І ўсьведамленьне гэтага стае стымулам для пошукаў выйсьця з замкнёнае прасторы.

Адам Глёбус, выпадкова натрапіўшы ў рэдакцыі „Нашай Нівы“ на сьвежы нумар „Вожыка“, адразу адгарнуў апошнюю старонку: „Колькі ў іх наклад? Сем тысяч? А было сто…“

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (11) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkсім Масkалёў
Апошняе абнаўленьне: 23-03-2001