A R C H E S k a r y n a № 6 (11) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


62000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ТАЦЯНА СНІТКО
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Тацяна Снітко
 
Як я не сустрэлася
 з Асланам Масхадавым

Я ехала на Каўказ з Кіева. Гэтым разам мэтай маёй каўказскай камандзіроўкі меў быць не толькі збор інфармацыі для „Нашай Свабоды“, але і выкананьне гуманітарнай місіі. Разам з украінскімі журналістамі і праваабаронцамі мы планавалі пераправіць канвой лекаў і харчу, нарыхтаваных у Беларусі і Ўкраіне, для чачэнскіх уцекачоў у Грузіі ды Інгушэціі. Паколькі ў Горадні і Менску, дзе дапамогу ўцекачам паўгоду збіралі БНФ і Малады Фронт, не знайшлося добраахвотнікаў, каб суправаджаць сабранае ў Кіеў, вызвалася я.

Гуманітарны груз, сабраны ўкраінскімі праваабаронцамі і каталіцкай царквой, адрозніваўся ад сціплага беларускага вагой і коштам. Усе, хто суправаджаў караван, не хавалі сваіх сімпатый да чачэнцаў. Кантраст з стаўленнем беларусаў да гэтай вайны, з якім я сутыкалася ў Менску, быў надта выразны.

Я выйшла на Хрышчацік і зрабіла міні-апытанне людзей на вуліцы: як яны ацэньваюць падзеі на Каўказе? Адказы былі надзіва аднолькавыя — усе людзі выказвалі сімпатыі да чачэнскай незалежнасці. Хоць менавіта ў тыя дні ў расійскамоўнай кіеўскай прэсе з’явіўся шэраг публікацый пра „чачэнскую мафію“. Публікацыі сцвярджалі, што чачэнскія ўцекачы часоў мінулай вайны, аселыя ва Ўкраіне, б’юцца за сферы ўплыву з украінскімі бандытамі. „А ці не робіць наш урад памылкі? Ці трэба даваць уцекачам нейкія правы?“ — пыталася жоўтая прэса.

Аднак кіеўцы, відаць, лічаць: мафія не мае нацыі.

Чачэнскім уцекачам ва Ўкраіне дапамагае не тая частка каўказскай дыяспары, што ездзіць на шасцісотых „мэрсах“. Гэта часцяком робяць людзі, што не валодаюць ні вялікімі грашыма, ні чачэнскай мовай. А мафія... Яна скрозь аднолькавая ў сваёй маргінальнасці.

У першую расійска-чачэнскую вайну ўкраінскія журналісты схітраліся вазіць гуманітарку на Каўказ на ўрадавым самалёце. Цяпер жа ўлады Ўкраіны імкнуцца стрымліваць сваіх грамадзянаў у іх спробах паўдзельнічаць у вырашэнні праблемаў Каўказу. Таму праходжанне гуманітарнага грузу праз украінскую мытню расцягнулася на доўгія тыдні. Беларуска-ўкраінская „гуманітарка“ дасягне свайго месца прызначэння і адрасата, толькі калі гэты тэкст будзе ўжо завярстаны.

У Кіеве кажуць, што неафіцыйная падтрымка з Украіны чачэнцам ідзе. Але ніякіх „украінскіх наёмнікаў“ у Чачэніі на баку чачэнцаў цяпер быццам няма. Хіба што пара чалавек, якія засталіся там з мінулай вайны. Самі чачэнцы кажуць, што яны не настолькі дурныя, каб выкарыстоўваць наёмнікаў. У адрозненне ад добраахвотнікаў, яны — патэнцыйныя здраднікі і адна з разнавіднасцяў „бяссмяротна-маргінальнай мафіі“.

Адзіны жывы кавалер ордэну „Гонар Ічкерыі“ — украінец, Аляксандр Музычко, больш вядомы як Сашко Білы, — праз пару месяцаў пасля пачатку цяперашняй вайны ў Чачэніі, па дзіўным супадзенні, апынуўся ў турме. Нібыта з некім пабіўся ў родным горадзе. Там жа, у Роўне, і сядзіць. Суду дагэтуль не было.

Перспектыва тырчання на ўкраінскай мытні з канвоем мяне цешыць мала — усё ж я болей журналістка, чым гуманітарная актывістка. Груз мае дабірацца да месца прызначэння марскім шляхам. Гэта танней, чым самалётам, і надзейней, чым цягніком праз Расію. А я пры першай магчымасці сядаю на „Боінг-737“ і лячу з Кіева ў Тбілісі, каб пабачыць тыя мясціны, куды наш канвой мае прыбыць праз пару тыдняў.

Нібы назло, у дарогу мяне праводзяць грозныя паведамленні расійскіх медыяў: „У Панкіскай цясніне, на мяжы Грузіі і Чачэніі, канцэнтруюцца баевікі для прарыву мяжы. Паводле звестак расійскай выведкі, каля трох тысяч маджахедаў узброеныя пісталетамі, аўтаматамі, „Стынгерамі“, бранятэхнікай… Масква не выключае прэвентыўных удараў па згуртаваннях баевікоў“.

Гэта ж там, куды я лячу! Адрэналіну мне бракаваць, здаецца, не будзе. На мапу Беларусі, што на маніторы ў „Боінгу“ зелянее вышэй чырвонай траекторыі нашага палёту, з усіх сілаў імкнуся не глядзець.
 

журналістка, уласная карэспандэнтка газэты „Україна молода“ ў Беларусі, сталая аўтарка газэтаў „Наша Ніва“ і „Наша Свабода
   

 
Чачэнскія дыпляматы

— Лукашэнка не дасць за мяне і капейкі выкупу…

Мае спадарожнікі ў машыне маўчаць, але, як відаць у люстэрку, яны злёгку пакрыўджаныя жартам. Я пазнала тых, хто мусіў мяне сустракаць у стракатым грузінскім натоўпе, адразу — па спакойнай цвёрдасці поглядаў і асаблівай, такое ўражанне, толькі чачэнцам уласцівай годнай паставе. Гэтак знаёмыя мне з папярэдніх паездак суворасць, стрыманасць рухаў і адначасна спакой — флегматычнасць на мяжы з фаталізмам!

— Ну дык куды вы падзелі вашага Завадскага? — пытаюцца чачэнцы.

— Куды-куды… Куды і вы — усіх закладнікаў.

Сапраўды, вельмі падобны стыль. У Чачэніі гэта рабілася, каб запалохаць замежнікаў, дыскрэдытаваць краіну, маніпуляваць сітуацыяй. У Беларусі — каб спарадзіць недавер, страх, разгубленасць, сеяць нестабільнасць. Застаецца пралічыць, каму выгадная нестабільнасць.

Калі ідзе вайна, шпіёнаманія — рэч нармальная і часам неабходная. На месцы чачэнцаў я падумала б, што да іх прыляцела або вар’ятка, або дужа хітрая і смелая шпіёнка. Я не ведаю Грузіі, не ведаю Тбілісі, ніводнай вуліцы, ніводнага чалавека. Па-грузінску (а па-грузінску — 99% шыльдаў і надпісаў) ведаю толькі назву віна „Цынандалі“. І ніводнай літары… Я нават не ведаю, як выглядаюць грузінскія лары і які іхні курс!

— Між іншым, з вашымі сябрамі… я знаёмы выключна праз тэлефон, — карэктна ўшчувае мяне мой спадарожнік з прадстаўніцтва Ічкерыі ў Грузіі.

Называю імёны чачэнскіх журналістаў, знаёмых мне з мінулых камандзіровак у Чачэнію. Нікога з іх у Грузіі, на жаль, няма.

У пакоі прыватнага грузінскага гатэльчыка мы частуемся вадой з ільдом (вада ў Грузіі ў кранах, на шчасце, ёсць у любы час сутак, і прытым крынічная, а тэмпература паветра ўначы +26оС). Тэлефаную ў Кіеў. Чачэнцы прыслухоўваюцца да маёй беларускай гаворкі. Паэт-рамантык напісаў бы, што гэта ад яе мілагучнасці памякчэлі іхнія погляды…
 

 
   

 
Грузінскі амонавец-апазіцыянер

Званкі сваіх чачэнскіх апекуноў зранку я праспала: ахоўваючы мой сон, гаспадары гатэлю адключылі тэлефон у пакоі. Выхад на міжгорад, натуральна, вырублены. (Увогуле, у Тбілісі вялікія праблемы з тэлефонамі ўсіх відаў і нават інтэрнэтам — фірмы-правайдэры, як і кампаніі, што забяспечваюць мабільную сувязь, час ад часу перажываюць фінансавы крызіс, Грузія — бедная пасляваенная краіна і г.д. І колькі б вы ні тыкалі пальцам у мабільнік, ветлівы жаночы голас будзе вам на ўсіх мовах тлумачыць, што ў сувязі з… мабільная сувязь адновіцца толькі з…)

Арыенцірам у маіх пошуках служыць будынак грузінскага МУС. Усе вакол ведаюць МУС і не ведаюць вулачкі, якая мне патрэбная. Пытаюся дарогу ў нейкіх маладзёнаў у камуфляжных штанах і вайсковых ботах.

— А што вам трэба ў міліцыі? — цікавяцца яны.

Я называюся ўкраінкай, бо для грузінаў пасля вайны ў Абхазіі гэта лепш, чым што іншае. Сімпатыі да ўкраінцаў тут дужа вялікія. Яны матэрыялізуюцца ў белую „Волгу“, на якой мяне ўжо прапануюць падвезці. Звілістыя вуліцы грузінскае сталіцы мільгаюць за вакном аўто з хуткасцю няйначай 200 км на гадзіну.

— Кучма не дасць за мяне ні капейкі выкупу! — перакрыкваючы роў матору, папярэджваю я.

— Абіжаеш! У гэтым горадзе ты цяпер пад маёй аховай. Мы знойдзем тваю вуліцу. Але спачатку трэба забраць грошы ў людзей, якія мне вінаватыя.

Пад „дахам“ майго новага знаёмца Мамукі працуе аўтарамонтная майстэрня і прыдарожная кавярня па шляху ў аэрапорт… На сёння ўсё. Але тут у „Волгі“ сканчаецца бензін! Іду да фантана і п’ю з яго ваду (так у Тбілісі робяць усе — спёка ўжо +38оС!). Зноў сядаю. „Волгу“ штурхаюць з горкі. Праз два павароты я пачынаю разумець, што мой лёс — загінуць зусім не на вайне, а на адным з гэтых жахлівых віражоў, такіх нязвыклых жыхару раўніны. Калі мы ляцім ад запраўкі з ранейшай хуткасцю, нарэшце, „Волгу“ спыняе ДАІ.

Але Мамука крычыць на даішнікаў па-грузінску, тыя аддаюць чэсць і перапрашаюць. Аказваецца, у Мамукавым пасведчанні кіроўцы стаіць запіс „Войскі МУС спецыяльнага прызначэння“…

Пакуль мы знаходзім „маю“ вуліцу, я шчэ паспяваю даведацца ад спецназаўца, што ў краіне — бардак, улада карумпаваная, Шэварднадзэ — незразумелая асоба, народ зарабляе па 5–10 даляраў у месяц з затрымкамі на год. Што краіне не мінуць паўстання, у турмах — 70 палітвязняў, у гарах — звіядысты…

— А паслязаўтра я еду ў Зугдыды — у кардоне буду стаяць на мітынгу, — дадае Мамука. — Там забілі аднаго апазіцыянера… Не, двух…

Загадкавая краіна! Кагэбісты тутака кіруюць паўстаннямі, а ў кардонах стаяць амонаўцы-апазіцыянеры.
 

 
   

 
„Амбасада“ Ічкерыі

У жыцці чачэнскага прадстаўніцтва ў Тбілісі ўражвае зацятае імкненне да „нармальнасці“: тут не плачуць, не праяўляюць ваеннай істэрыі, спрабуюць жартаваць і намагаюцца ўнікаць і панікі, і эйфарыі.

Вымушана стрыманае стаўленне грузінскіх уладаў да чачэнскіх прадстаўнікоў успрымаецца тутака як нармальнае. Пры мне намеснік афіцыйнага прадстаўніка Ічкерыі ў Тбілісі Ваха Ібрагімаў супакойвае расійскіх чачэнцаў з Самары, што прыехалі ў Грузію па справах і мелі некаторыя праблемы з-за графы „нацыянальнасць“ у пашпартах (нашыя беларускія пашпарты — самыя „несавецкія“ ў былым Саюзе, калі ацэньваць па адсутнасці „пятай графы“ і ператварэнні агульнаграмадзянскага пашпарта ў замежны праз адну пячатку „…ва ўсе краіны свету“). Чачэнцы з Самары хваляць свайго губернатара, які стварыў нармальныя ўмовы жыцця для ўцекачоў. А тут, маўляў…

— Ну дык і я маю праблемы з паездкамі! — усклікае спадар Ібрагімаў. — Калі б Чачэнія была прызнаная міжнароднай супольнасцю, а Грузія не баялася Пуціна, я меў бы дыпламатычны статус…

Я, як і іншыя замежныя журналісты, хачу ўзяць інтэрв’ю ў Аслана Масхадава. Расійскае ТV кажа, што месцазнаходжанне Масхадава невядомае. У прадстаўніцтве мне адразу кажуць: „Ён там, дзе і мае быць лідэр“. У гарах. Існуюць, кажуць мне, два спосабы пагутарыць з чачэнскім прэзідэнтам асабіста. Першы — чакаць, калі ён сам выйдзе на сувязь у зручны для яго момант. Другі — перакрочыць грузіна-чачэнскую мяжу і знайсці яго ў гарах. Першае цяжка, другое — немагчыма, кажуць мне… Або наадварот: першае немагчыма, другое — цяжка.

У прэс-цэнтры прадстаўніцтва супольную мову з калегамі знаходзім адразу.

— Разбіраешся ў Інтэрнэце? Зірні, што ў нас тут здарылася?..

А ўжо праз хвіліну:

— Глядзеце, яна ўлезла ў наш сакрэтны файл! Та-ак, замыкаем дзверы! Куды будзем спускаць труп?

Адарваўшыся ад чытання інфармацыі пра пасяджэнне масхадаўскага ўраду ў горным сяле, я рагачу.

— А што ты смяешся? Хіба ты не глядзела ОРТ, што мы тут людзей жыўцом ямо?! — усклікае адна з чачэнак.

Мы знаёмімся. Бялявую гаранку завуць зусім па-наску — Марына. Яна працуе тут жа, у прадстаўніцтве.

Якое дзіва, што гэтыя людзі, чачэнскія журналісты, яшчэ ўвогуле ў стане смяяцца і жартаваць!

Яны таксама ірвуцца на поўнач, праз памежны перавал, але не столькі па здымкі і інфармацыю, як я, колькі каб даведацца пра лёсы сваіх родных. Вось калега з тэлебачання, Раіса, вясёлая, прыгожая маладая жанчына, з моднай стрыжкай, відаць, па характары гарэза… Яна згубіла сваіх маці і 6-гадовую дачку. Ведае толькі, што іх няма ў лагерах у Інгушэціі і што ў Чачэніі ніхто са знаёмых іх не бачыў. Вось і ўсё. Але працягвае працаваць. Мы з Раісай аднагодкі. Мне робіцца сорамна, што „кісну“ ад трохтыднёвага расстання з дачкой. Чачэнцы гордыя, ніколі на свае цяжкасці незнаёмаму чалавеку, хоць сабе і журналісту, не скардзяцца. Проста канстатуюць факт. Падобных да Раісінай гісторыяў у розных варыянтах я пазней пачула шмат. Толькі калі сыдзешся з імі бліжэй, можна адчуць таксама нейкія эмоцыі.

— Фактычна шанцаў выжыць у нас няма, — кажа Раіса ці то пра журналістаў, якія маюць хутка ехаць здымаць фільм пра вязняў расійскіх канцлагераў, ці то пра ўвесь свой народ.
 

 
     

Вяселле ў часе вайны

У суботу ўсіх чачэнцаў запрашаюць у Ахмецкі раён, сяло Амала — на вяселле. Гэта памежныя тэрыторыі, тут жывуць, акрамя грузінаў, кісцінцы (грузінскае карэннае насельніцтва чачэнскай нацыянальнасці). Мы праязджаем таксама армянскае і габрэйскае сёлы. Дзе жывуць людзі мусульманскай веры, вызначыць проста: там вакол вёскі пасвяцца не кабанчыкі, а авечкі. Часам сустракаюцца маленькія мячэты са срэбнымі купаламі.

У Панкіскай цясніне знайшлі прытулак не менш за 6500 уцекачоў з Чачэніі — іх ці не больш, як саміх кісцінцаў. Прычым гэта толькі лічба тых, хто атрымаў пасведчанне ўцекача, паводле неафіцыйных звестак эмігрантаў удвая болей. Агульнай жа колькасці ўцекачоў ува ўсёй Грузіі ніхто не можа даць: многія знаходзяцца тутака транзітам, кіруючыся пасля ў ісламскія ці заходнія краіны. Калі ў канцы мінулага году праз перавал сюды хлынулі ўцекачы, мясцовае насельніцтва разбірала іх жыць у хаты па некалькі сем’яў на падворак і раздавала ўсе нарыхтаваныя на зіму запасы. Потым у Панкіскай цясніне з’явіліся заходнія медыкі з арганізацыі „Лекары без межаў“. Яны і цяпер працуюць у шпіталях (адзін з іх мы бачылі ў ваколіцах Амала), а таксама ў Тбілісі. Замежныя дабрачынныя арганізацыі прывезлі для ўцекачоў лёгкія пераносныя дамкі, якія збіраюцца з фанеры й дошак. Мы бачылі цэлы квартал такіх хатак у сяле Дуісі. Трэба сказаць, што ад самага пачатку чачэнцы арганізавалі ахову замежных лекараў. Некаторыя з іх нават кажуць, што кроку без ахоўніка не ступіш, і хочуць больш смастойнасці ў перамяшчэннях. Начальнік аховы лекараў, Беслан, гэтага не дазваляе. „Перад самай вайной у Дагестане бандыты ўзялі ў закладнікі майго стрыечнага брата, — кажа ён. — Адрэзаныя пальцы і здзёртыя пазногці, што паказвала тэлевізія — усё гэта было з ім. Патрабавалі за брата 200 тысяч даляраў, і каб мы не назбіралі, дзе маглі, большую частку — яго закатавалі б!“ Беслан яшчэ раз паўтарае, што гэта было яшчэ перад вайной, а ўжо што можна чакаць зараз?! Таму лекары мусяць слухацца аховы.

Платы з аблезлай фарбай, перасохлыя ад спёкі рэчышчы, дарогі, на якіх машыны ездзяць зігзагамі, мінаючы яміны… Але беднасць краіны — а Грузія сапраўды глядзіцца як вельмі бедная краіна — у кісцінскіх сёлах чамусьці не так моцна кідаецца ў вочы. Людзі тутака вядуць амаль натуральную гаспадарку. Абсалютна ўсё, чым нас частавалі на вяселлі ў Амала, ад хлеба й рыбы да віна ды традыцыйнае алычовае падлівы, вырашчана, выгадавана, злоўлена, выраблена самымі гаспадарамі тутсама, ля вытокаў ракі Алазані.

Кісцінцы аднолькава лёгка гавораць як на грузінскай, так і на чачэнскай мовах. Тут, у цясніне, стагоддзямі перапляталіся дзве культуры, спаконвеку жывуць людзі розных вераў. Тосты на вяселлі, доўгія і красамоўныя, прамаўляліся пераважна па-чачэнску. Паводле каўказскіх традыцый, мужчыны выслухоўваюць тост, стоячы, насупраць жанчын. Апошнія ж не мусяць уставаць, нават калі тост — за Бацькаўшчыну, інакш будзе закрануты мужчынскі гонар.

Грузіны ў цэлым, а пагатоў на чачэнскім памежжы, настроеныя да чачэнцаў вельмі прыхільна. На вяселле дачкі сям’я вывесіла нацыянальны чачэнскі сцяг, машыны гасцей былі аздобленыя партрэтамі палявых камандзіраў чачэнскага супраціву, а самы эмацыйны тост вясельны маршалак прамовіў не за здароўе маладых, а за Вольную Ічкерыю. Менавіта ў гэты момант перастала плакаць 15-гадовая нявеста. Маладому было 18 гадоў, ён прывёз абранніцы белую сукенку і, згодна з традыцыяй, паехаў чакаць яе ўдома, у суседнім сяле Джакола. Чачэнцы кажуць, што цяпер такі ранні шлюб — рэдкасць, хоць маці маладой пад традыцыйнай хусткай выглядала на гады 32. Зрэшты, нават у ваеннай Чачэніі я не бачыла жанчыны, якая б не выглядала маладзейшай за свой век.

Бялявая чачэнка Марына аказалася родам менавіта з Джакола. Тут нярэдка сустракаюцца славянскія жаночыя імёны.

Не ўсе жанчыны-мусульманкі былі на вяселлі ў хустачках. Незамужнія і разведзеныя галоваў не спавіваюць. Астатнім часам некаторыя чачэнкі завіваюць хусты вельмі мудрагеліста, як у часопісах моды. (Пры гэтым, хітра падміргнуўшы, адна з кісцінак цішком весела пытаецца ў мяне: „Як табе мая новая паранджа?“)

Адзін раз у Амала я чула стрэлы. Гэта быў салют. Чачэнскае вяселле без салюту немагчымае. У першую вайну пасля падзеяў у Будзёнаўску, калі баевікі дамагаліся перамоваў з расійскімі войскамі, Масхадаў строга забараніў салюты — абстаноўка была вельмі напружаная, нягледзячы на кароткае замірэнне. У сяле Гермянчук у маладога на вяселлі душа не вытрымала. У адказ на салют пачаўся артылерыйскі абстрэл. Нявеста была параненая ў нагу.

У Амала салютуюць з аўтамата хлапчукі гадоў адзінаццаці. Яны паляць у неба з надзвычайным захапленнем, пакуль аўтамат не адбіраюць і не хаваюць дарослыя. Я гутару з малымі, і яны ўсе, як адзін, кажуць, што, калі вырастуць, будуць героямі Ічкерыі…

Адзіныя людзі ў вайсковай форме ў Панкіскай цясніне — грузінскія паліцыянты. Летась пад восень тут збудавалі пару блок-пастоў і пастарункаў. Аднак нас у дарозе ў Амала ніхто ні разу не спыніў. Кантроль паліцыі над памежжам быў узмоцнены летась пасля візіту ў Грузію кіраўніка расійскага МУС Рушайлы на ягонае запатрабаванне. Але кантроль гэты досыць фармальны, бо грузінскія сілавікі, і асабліва памежнікі, самі скрайне незадаволеныя дзеяннямі Расіі. Маладыя грузінскія сілы бяспекі з вялікаю рэўнасцю й недаверам пазіраюць на войскі чатырох расійскіх ваенных базаў у Грузіі; пачуццё крыўды ўзмацнілася й тым, што ўзімку памежныя грузінскія сёлы (Шацілі і іншыя) бамбіла расійская авіяцыя.

Існуе й тэрытарыяльная спрэчка: над Курой лічаць, што Расія незаконна адхапіла два грузінскія паселішчы, перанёсшы памежную лінію сама менш на два кіламетры ў нутро грузінскай тэрыторыі. Матывацыя Расіі — гэтак граніцу праводзілі на мапах часоў СССР.

Грузінскія палітычныя эліты пры маўклівай згодзе прэзідэнта Шэварднадзэ дазваляюць сабе перыядычныя антырасейскія выпады. Напрыклад, калі на Шэварднадзэ быў зроблены замах, старшыня парламенту Зураб Жванія адразу звярнуў увагу на тое, што напярэдадні замаху дзіўны самалёт прылятаў на расійскую вайсковую базу ў Вазіані, што пад Тбілісі…

Грузінскія ўлады не маюць дастатковай вайсковай сілы, каб перашкодзіць бамбаванням Ахмецкага раёну расійскай авіяцыяй. Усё ж, нягледзячы на гэта, жыхары Панкіскай цясніны весяляцца. У сяле Джакола мы пабачылі народнае свята са старажытным чачэнскім цыркам. На вышыні 4—5 метраў нацягнута вяроўка для спаборніцтваў эквілібрыстаў-добраахвотнікаў. Вяртлявы „чорт“ у масцы пужае народ, сцябаючы па нагах бічом. Усе смяюцца, некаторыя дзеці плачуць, але іх ніхто не суцяшае — няхай самі разбіраюцца, дзе страшна і хто насамрэч злы.
 

 
   

 
Іса і Магамет

Мой праваслаўны абразок (дарэчы, талісман з мінулай расійска-чачэнскай вайны) і каталіцкі малітоўнік (выдадзены беларускай лацінкай у Вільні) ляжаць побач з Каранам і ружанцам... Каран падарылі сябры. Адзін з іх — кісцінец з памежжа, другі — студэнт Грузінскага ўніверсітэту родам з Грознага, трэці служыў у ахове Масхадава (і, здаецца, нават вёз нас некалі да кіраўніка Ічкерыі на інтэрвію — прынамсі, мы недзе бачыліся). Каран выдадзены ў Мэдыне, вельмі прыгожа аздоблены.

Сябры час ад часу моляцца у суседнім пакоі.

Ісус, альбо Іса, у мусульманаў лічыцца вялікім прарокам. „Гэта перадапошні пасланец Бога. Людзі не сталі жыць па Божых запаветах, і тады Ён паслаў ім Магамета. Больш нікога не будзе…“

Ісусава жыццё мусульмане ведаюць лепш, чым некаторыя з хрысціянаў. Каран прыпісвае прароку Ісу словы, якія тлумачаць запавет „Не забі“. Сэнс такі: нельга праліваць на зямлі кроў, бо яна змываецца з зямлі толькі крывёю тых, хто яе праліў. Нельга рабіць зло, інакш яму не будзе канца…

Пераважная большасць чачэнцаў вызнае суфізм — найбольш містычную і фаталістычную плынь у ісламе. Містыцызм суфізму мяжуе з паганствам, перажыткі якога, нягледзячы на семсот гадоў ісламізацыі (монатэістычная рэлігія прыйшла ў Чачэнію прыкладна ў адзін час, як і ў Беларусь), усё яшчэ жывыя на поўнач ад Каўказу.

— Прапаведаваць іслам — святы абавязак кожнага мусульманіна, — паведамляюць мне хлопцы, і частка іх спяшаецца на лекцыю арабскай мовы.

— А прымушаць мяне прыняць іслам — таксама?

— Не, пра гэта ў Каране нічога не напісана!

Мае сябры — не вахабіты, але многія з іх не бяруць у рот спіртнога, нават піва. „Гэта грэх, бо наш народ цяпер пакутуе. Мы разам з ім душой. А таму мы нават тут — воіны Аллага!“

І мне згадаліся менскія кухні і іншадумства беларусаў пад звон чарак…
 

 
   

 
Баевікі і камікадзэ

— Ну дык і што вы хацелі даведацца ў Масхадава? — пытаецца ў мяне адзін з сапраўдных, як кажа расійскае тэлебачанне, „баевікоў“.

Мы гутарым доўга. Ні ў кога з іх няма ні вахабіцкіх бародаў, ні прыкметаў вайсковага чалавека.

Даведваюся ў іх сёе-тое і пра сваіх знаёмцаў. Аказваецца, мой калега з інфармацыйнага агенцтва „Чачэнпрэс“ Хамід Хатуеў, які шмат дапамог некалі ў папярэдніх паездках у Чачэнію, сядзіць у турме за распаўсюджанне на акупаваных тэрыторыях незалежнай чачэнскай прэсы. Легендарны былы камандзір спецвойскаў дзяржбяспекі Ічкерыі Ваха па мянушцы „Адзінокі Воўк“, хоць мне і распавялі раней мо пяць варыянтаў яго гібелі, на самой справе толькі паранены асколкам. Ваха лечыцца ў адной з краінаў Каўказу. Ваха — гэта чачэнскі Штырліц, пра яго ніхто нічога дакладна ведаць не можа, акрамя яго самога.

Згодна з указам прэзідэнта Масхадава, усё мужчынскае насельніцтва Чачэніі, акрамя параненых, не мае права пакідаць тэрыторыю рэспублікі. Выключэнне — на лячэнне альбо для выканання заданняў ураду Ічкерыі.

У самой Чачэніі працягваюцца масавыя арышты і бамбёжкі мяцежных паселішчаў. Любыя перамяшчэнні ад сяла да сяла, ад гораду да гораду забароненыя. З прадстаўнікоў СМІ права свабодна ездзіць па „вызваленых“ тэрыторыях маюць толькі супрацоўнікі вайсковага прэс-цэнтру. Астатнія — толькі ў суправаджэнні федэралаў.

Пытаюся пра чачэнскіх камікадзэ.

Першымі бамбісткамі-смяротніцамі сталі дзяўчаты. 6 чэрвеня гэта зрабілі ў Алхан-Юрце 22-гадовая Хава Бараева, стрыечная сястра палявога камандзіра Арбі Бараева, і яе 18-гадовая сяброўка Фаціма, накіраваўшы нагружаныя выбухоўкай грузавікі на казармы расійскіх войскаў. Загінулі 27 вайскоўцаў. Учынак Хавы і Фацімы чачэнцы параўноўваюць з падзеямі ў сяле Дадзі-Юрт у ХVIII стагоддзі. Царскія войскі зраўнялі аул з зямлёю, пакінуўшы толькі 46 дзяўчат дзеля сваіх уцехаў. Калі дзяўчат вялі праз вісячы мост пад канвоем салдат, кожная з іх кінулася на канваіра і разам з ім упала ўніз, разбіўшыся насмерць і забіўшы свайго ворага.

А вось гісторыя з вайны, што адбываецца ў 2000 годзе.

У Шалях федэралы месцяцца ў камендатуры, якая моцна ахоўваецца і мае доўгі двор. Будынак стаіць у некалькіх дзесятках метраў за высокім плотам. Але штовечара ў камендатуру сталі залятаць і разрывацца гранаты. Штодня прачэсваліся ваколіцы, але расійцы не маглі знайсці ні баевікоў, ні гранатамётаў.

І толькі праз тыдзень затрымалі 12-гадовага падлетка. Яго злавілі на адным з бліжэйшых дрэваў. У засені лістоты дзеці змайстравалі прыладу накшталт вялізнай рагаткі. Калі цямнела, яны рассоўвалі галіны і выстрэльвалі гранатамі.

Хлопчыка быццам бы моцна білі, але не забілі. Ён аказаўся сынам аднаго з мясцовых прарасійскіх актывістаў.

Нажай-Юрцкі, Вядзенскі і Каланчорскі (былы Савецкі) раёны Чачэніі цяпер застаюцца пад уладай Масхадава. У гэтых жа раёнах сабралася нямала ўцекачоў з поўначы краіны, ніхто з якіх не жадае вяртацца дадому. Масхадаву некалькі разоў удавалася выходзіць з паходнага тэлетранслятара ў жывы эфір ОРТ. Прэзідэнт Ічкерыі даў федэральным войскам месяц на роздумы — да восені. „Калі сыдзеце з нашай зямлі самі, будзе менш стратаў і крыві“. Калі гэты нумар часопіса будзе надрукаваны, тэрмін, вызначаны Масхадавым, міне.

„Сакрэт чачэнскага поспеху ў тым, што няма ніякіх сакрэтаў, — смяюцца „баевікі“. — Памятаеш штурм Грознага ў 96-м? Мы ж казалі, што 6 жніўня возьмем горад. Усе смяяліся. 6-га мы пайшлі і ўзялі“.

…У дзень майго ад’езду тэлефон у гатэлі рвецца на часткі. Усе чачэнскія знаёмыя лічаць абавязкам пакарміць мяне на дарогу. Многія зайздросцяць мне: у 97-м я была ў Масхадава дома! Я па-журналісцку зайздрошчу ім: у іх болей шанцаў сустрэцца з кіраўніком чачэнскага супраціву ў 2000-м.

Самалёт пералятае Вялікі Каўказскі хрыбет. На схілах гор бялее снег, Грузію і Ічкерыю падзяляе цёмны лес і скалы з белымі плямамі снегу. Дзесьці тут вытокі ракі Алазані. Да Масхадава адсюль якая сотня кіламетраў!..

Праз два дні тэлефонны званок у Менск сведчыць: мае новыя знаёмцы перасеклі грузіна-чачэнскую мяжу… „Ты не чачэнка, а значыць — маеш шанец жыць“, — з чорным гумарам жартуюць яны. А мне застаецца яшчэ раз нагадаць ім, што падкантрольныя Масхадаву тэрыторыі жывуць па ўсходнееўрапейскім часе, а значыць — па тым жа самым, што і мой Менск.

 
Калі тэкст вярстаўся, гуманітарны канвой яшчэ так і не пакінуў тэрыторыі Ўкраіны: Служба Бяспекі краіны не дапусціла „несяброўскага“ акту напярэдадні саміту СНД у Ялце.

 

 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 6 (11) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine. Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
дызайн: mk   майстраваньне: Маkсім Масkалёў
Апошняе абнаўленьне: 22-03-2001