A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | №
7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
А
Аблігацыя Антаніна Хатэнка Тонкія паперыны ўшыркі з даланю бабуля загортвала ў бялюткі кужэльны лахман і клала на дно куфра. Туды, дзе яна хавала фотакарткі сыноў, што згінулі ў войнах, і хатулёк з апранкаю, якую звала „сьмяртэльнай“. Да куфра не даступіцца — там жывуць лёс і надзея. Ключ ад маленькага кулачка-замочка, нанізаны на адную ніціну з крыжыкам, бабуля носіць за пазухай. Час ад часу яна адмыкае ў цішыні сваю скарбніцу, дастае пацьмянелыя здымкі й невідушча ўглядаецца ў мінуласьць. Затым, быццам для раўнавагі, выцягвае зь цёмнага закутка перацяты паўразом скрутак і замілавана разгладжвае зеленавата-шэрыя паперы, падобныя да грошай. Усьміхаецца, распавядае, як будзе хораша, калі нехта добры й праўдзівы верне ёй пазыкі, ды яшчэ й зь ліхвою. Зьберагліся ў хаце аблігацыі і тады, калі бабуля ўжо была высока, над сваімі спадзевамі. Ейная праўнучка дала скурчаным у трубачку паперам сваё найменьне — абылгацыі. І пусьціла іх аднойчы на вецер — палётаць. Вырваўшыся на волю, яны ўздымаліся й павольна падалі. Няспраўджаныя мары, нязбытная вера. Недачаканая адплата. Папяровае займаньне людзкога даверу. Абылгацыі. Авітаміноз Антаніна Хатэнка „Вітаю!“ — усьміхаецца мне прыязьнік. „Вітаю!“ — шапоча лістотаю мая зямля. Прывітаньнем поўныя прастора й час. Поўныя жыцьцём, бо vita — з прадалёкіх вякоў лацінян і ёсьць жыцьцё, сьвет-вітамін, які мы спажываем штохвільна. Але ўсё часьцей паперадзе гэтага нягаснага віта- паўстае недарэчнае неразумнае а-. Авітаміноз. Бач, якое адважнае гэтае а! Адпрэчвае самое красаваньне-наліваньне — жыцьцё. І мы паволі зьмірваемся, мы дазваляем упартай часьціцы адмаўленьня выракаць нас на пакуты, на балючую нястачу жыцьця. Ці згадваем калі, што самі творым жыцьцё? І што самі мы — ягоная ладная часьціна? Ці жывімся ратавальнай энэргіяй віта? Не! Здаецца, нам, дзівакам, зручней жыць у бядноцьці, чымся адказна распараджацца заможным жыцьцём. І пануе ў пахмурным краі авітаміноз, недахоп жыцьцёвае сілы, прыгоства й веры. А чаму паддаемся авітамінозу? Чаму не выбіраем чыстае, першароднае віта? Яно вядома, жаліцца прасьцей, чым выбіраць, а вінаватыя заўжды знойдуцца. Пасьміхаецца зьдзекліва авітаміноз: „Якія ж вы, чалавекі, хісткія, няўклюдныя здані, зьбялелыя безь вітаміну шчасьця“. Задрыгвела нашае беларускае шчасьце, віта-жыцьцё. І мы, як баязьлівыя зайцы на купінах, азіраемся — хто адымае вітаміны? Таго ж ня хочам прызнаць, што самі лянуемся скінуць зь сябе прычэпістую часьціцу а- ды чэрпаць нагбом віта-жыцьцё. Агмень Сяржук Сокалаў-Воюш Агмень — слова, адроджанае досыць нядаўна. Калі Анатоль Сыс назваў ім свой паэтычны зборнік, гэта адразу было заўважана беларусамі на Захадзе, а Радыё Свабода адразу пракамэнтавала ягонае зьяўленьне. Аўтар камэнтару казаў, што агменю не фіксуе ніводзін слоўнік беларускай мовы, апрача „Расейска-крыўскага слоўніка“ Вацлава Ластоўскага. Адраджэнцы пачалі ўжываць слова агмень за некалькі гадоў да выхаду Сысавага зборніка. Перадусім таму, што былі нязгодныя з увядзеньнем у афіцыйны ўжытак немілагучнага ачаг. Хіба „ачах“ можна было асацыяваць з агнём? Агмень быў адным з нашых гонараў, адной малой перамогай над палітыкай зрасейваньня беларускай мовы, якая вялася пры дапамозе савецкіх сродкаў масавай інфармацыі і „навукоўцаў“, што ўводзілі ў нашую мову ўсялякія карандашы, бацінкі ці сьпічкі. Агмень паўстаньня, сямейны агмень, агмяні й паходні, агмень душы — гэтыя выразы напоўнілі нашу літаратуру. Агменны, агмянёвы, агмяністы — гэтыя словы сталі магчымыя і вабныя. І цяжка цяпер уявіць нашу мову бязь іх.Агітацыя Віталь Цыганкоў Ці не выклікае ў вас слова агітацыя асацыяцыю са словам агіда? Беларуская агітацыя паходзіць з лацінскага agitatio, што азначае „прывядзеньне ў рух“. У жыцьцё і мову гэтае слова шырока ўвайшло толькі ў савецкі час, калі паняцьце агітацыя набыло нэгатыўна-ідэалягічны сэнс. Камуністычная агітацыя, масавая агітацыя, наглядная агітацыя. Гэткае самае адмоўнае стаўленьне знайшло сваё адлюстраваньне і ў гутарковай мове: „Што ты мяне агітуеш?“, „Яшчэ тут агітатар знайшоўся...“ і нават „Агітуй не агітуй...". А новаўтварэньні якія красамоўныя! Агіткалектыў, агітплякат, агітка, агітпрап. Калі нехта забыўся значэньне апошняга слова, нагадаем, што гэта „агітацыя і прапаганда“. Тыя, каму выпаў гонар альбо няшчасьце вучыцца на факультэце журналістыкі ў савецкі час, на ўсё жыцьцё запомнілі цытату зь Леніна: „Газэта — ня толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар“. Агітатар — чалавек, перад якім ня хочацца адчыняць дзьверы свайго дому.Адгазьнік Сяржук Сокалаў-Воюш Слова aдгазьнік нарадзілася пару гадоў таму ў нашай рэдакцыі як адпаведнік слову працівагаз, якое ў беларускай мове мае яшчэ адпаведнікі процігаз і супрацьгаз. Апошняе фігуравала на старонках беларускіх раёнак у 20—40-я гады, калі папярэднік ДОСААФу — ОСОАВІАХІМ (Таварыства спрыяньня абароне, авіяцыі і хімічнаму будаўніцтву) вяло сярод насельніцтва актыўную працу ў справе абароны ад магчымага вонкавага агрэсарa. Менавіта тады модна было рапартаваць, што ў такім і такім калгасе працоўная брыгада і конь паўгадзіны завіхаліся на полі ў супрацьгазах. Першы вугальны адгазьнік быў створаны ў 1916 годзе акадэмікам Мікалаем Зялінскім. Адкрыцьцё было выкліканае тым, што 24 красавіка 1915 году ў бітве пры Іпры ў Бэльгіі нямецкае войска ўпершыню ў гісторыі ўжыло атрутны газ у якасьці зброі. У часы першай сусьветнай вайны газавыя атакі былі і на тэрыторыі Беларусі. Недзе ў 70-ых у горадзе вялікай нафтахіміі Наваполацку хадзілі чуткі, што насельніцтву, на ўсялякі выпадак, раздадуць адгазьнікі. Чуткі хадзілі — адгазьнікаў не давалі. Напэўна, баяліся, што „народныя ўмельцы“ прыстасуюць гэтую рэч пад іншыя патрэбы, скажам, будуць у іх апырскваць сад альбо бяліць хату. Зрабілі ж тамтэйшыя вудалі з адгазьніцкай торбы валізку для ежы і сваіх рыбацкіх прыладаў. Прыдумала ж міліцыя форму катаваньняў — „слонік“, калі адгазьнік надзяваюць на твар затрыманага і пераціскаюць кіслародную трубку. Адгазьнік — адзін з элемэнтаў экіпіроўкі вайскоўцаў. Каманда „газы“, пры якой кожны шараговец павінен адразу нацягнуць на сябе маску, гучала ў войску дзе заўгодна: у сталоўцы, у клюбе і нават у прыбіральні.Адліга Натальля Ўлан У ХХ стагодзьдзі рамантычныя адчуваньні, зьвязаныя з адлігай і яе спадарожнікамі — празрыстымі велізарнымі ледзякамі на стрэхах, капяжом і першым подыхам вясновага паветра — набываюць новы палітычны сэнс. Зьяўляецца палітычны тэрмін „адліга“, які зьвязалі са зьменамі ў савецкім грамадзтве пасьля сьмерці Сталіна, калі засталіся ў мінулым гучныя палітычныя справы, арышты і лягеры. Стала лягчэй дыхацца грамадзянам Савецкага Саюзу, дыхнула воляй. Азярод Вінцэсь Мудроў Дзіўнае слова азярод. Гэтыя „а“ і „я“, і „о“ зьбегліся ў адно і цьвеляць слых, нараджаючы ў сьвядомасьці штосьці няўцямнае, патаемнае, старажытнае. У гэтым слове чутны і царкоўнаславянскі „аз“, і протаславянскі „род“, і беларускае „азяро“. А ў сярэдзіне яго пусьціў карэньне пракаветны „яр“ — аснова жыцьцядайнасьці, сьвятла і жару. Менавіта з гэтага кораня паўсталі тры словы, на якіх трымаўся крывіцкі сьвет і мацаваўся крывіцкі дух — Ярыла, ярына і ярасьць. А між тым азярод — гэта ня што іншае, як немудрагелістае прыстасаваньне з слупоў і жэрдак дзеля дасушваньня збажыны. Калісьці яны стаялі за кожнай хатай, і ўвосень іх танклявыя жэрдкі-рэбры гнуліся пад цяжарам снапоў. Цяпер жа азярод рэдка дзе ўбачыш, і сушыцца на ім не збажына, а ў лепшым выпадку канюшына. І наагул слова гэтае ўжо мала каму знаёмае з навачасных беларусаў. І бог наш Ярыла мёртвы, і ярына, што пачала была прабівацца на ніве, здратаваная палкоўніцкім ботам, і, як збажына на азяродах, у душах нашых дасьпявае хмельная ярасьць. Аквітызм Уладзімер Конан Аквітызм — ад лацінскіх словаў aqua vitae: „жывая вада“ або „вада жыцьця“ — „узвышэнскі“ кірунак у беларускай літаратуры 20-х гадоў гэтага стагодзьдзя. Ягоная назва ўтвораная ад унівэрсальнага архетыпу сусьветнае культуры — „жывой вады". Спачатку будучы тэарэтык „узвышэнства“ Адам Бабарэка ў лістападзе 1923 году прапанаваў самабытны назоў для літаратурнага кірунку „вітаізм“ ад слова vita — „жыцьцё“. Ідэя „вітаізму“ апярэдзіла „маладнякізм“ — кірунак афіцыёзны, клясавы, з ідэалам усясьветнай камуны, хоць рэальная творчасьць таленавітых „маладнякоўцаў“ аказалася бліжэйшай да „вітаізму". Пазьней, у 1927–30-х гадох узвышэнцы — стваральнікі літаратурнага аб’яднаньня „Ўзвышша“, перш за ўсё Бабарэка й Дубоўка, у праграмных дакумэнтах, у артыкулах Бабарэкі „Аквітызм у творчасьці Ўладзімера Дубоўкі“, „Узвышэнская паэзія — аналіз паняцьця“, „Паэзія як уяўленьне“ абгрунтавалі „аквітызм“ — новую плынь беларускае літаратуры, альтэрнатыву афіцыёзнаму „сацыялістычнаму рэалізму“. Аквітызм уяўляўся ўзвышэнцам як сынтэз нацыянальнае традыцыі й новаэўрапейскага мастацкага наватарства.У паэме „І пурпуровых ветразей узьвівы“ Ўладзімер Дубоўка, карыстаючыся скарочаным беларускім варыянтам гэтага паняцьця, пісаў: А дух трымаем на галоднай норме,
Вось такі кірунак у нашай літаратуры пачаўся, але не адбыўся, не зрэалізаваўся да канца ў зьвязку зь ліквідацыяй „Узвышша“ й ліквідацыяй узвышэнства ў беларускай літаратуры наагул у эпоху бальшавіцкае дыктатуры. Акцябронак Рыгор Барадулін Акцябронак — слова-адгалосак кастрычніцкага перавароту 1917 году. Сам пераварот дазвалялася перакладаць як „кастрычніцкая“ „вялікая“ рэвалюцыя, а вытворныя словы вымушалі бязглузда калькаваць. Адсюль — і акцябронак. Шануючы мову, трэ было б, каб хоць „акцябраня“ ўжывалі. Яно й праўда, „кастрычыня“ нечым з „кастратам“ перагукаецца. Але бальшавікам закон быў ня пісаны. У іх і прыгожае мястэчка Рудабелка стала пасёлкам Акцябрскім. Хто такія акцябраты? Гэта вучні малодшых клясаў, якія рыхтаваліся стаць чырванагальштучнымі, а пакуль насілі пяцікутную зорку з выяваю херувімчыка-Леніна ў маленстве. Акцябратаў называлі ўнучанятамі Леніна, хоць сам правадыр сусьветных пралетароў ніколі дзяцей ня меў.Дзіцячы часопіс, сёньняшняя „Бярозка“, называўся „Іскры Ільліча“. Хоць ізноў жа, форма Ільліч — не беларуская, і на слых чуецца — „і лыч“, „і лыча“. Але партыйнае, хай сабе і беларускае, вуха не магло і ў жахотным сьне пачуць такое. Акцябратаў выхоўвалі ў прасавецкім духу, абагаўляючы Леніна. Неяк мая маленькая дачушка Ілона прыйшла са школы (а ў школах у акцябраты заганялі статкам), маці ёй падае есьці, яна — „Ня буду! Ленін нічога ня еў! Ён дзецям усё аддаваў! Так нам настаўніца казала“.У Беларусі, як у запаведнай савецкай зоне, піянэрская арганізацыя захавалася да 2000 году. Алергія Валянцін Акудовіч Некалі ў мяне быў сябар — карачаевец Махці. Сталін выселіў ягоны народ у Казахстан. Махці нарадзіўся і рос сярод стэпавых прастораў. Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец ня змог застацца з суайчыньнікамі — пасярод гор і далінаў ён пакутаваў на алергію. „У мяне алергія на Бацькаўшчыну“, — неяк з сорамам прызнаўся Махці. Я кожны раз згадваю сябра, калі бачу, як блага робіцца якому чалавеку ад пачутага беларускага слова, ад пабачанага бел-чырвона-белага сьцяга ці герба Пагоня. Я гляджу, як ён смыкае вуснамі, шчэрыць зубы, курчыцца целам, і з жалем думаю — гэты чалавек хворы, у яго алергія на Бацькаўшчыну. Хворы на алергію варты жалю ня менш, чым які іншы хворы. І было б залішне жорстка ганіць чалавека за нянавісьць да беларушчыны, калі яна чыніць яму адны пакуты. Таму я зусім ня маю намеру кагосьці ўпікаць. Мяне ў гісторыі гэтай адмысловай немачы хвалюе іншае. Калі Махці казаў пра сваю хваробу, дык ягоныя вочы поўніліся сорамам. Чаму тады ў нашых людзей, якія маюць алергію на Бацькаўшчыну, вочы поўняцца нянавісьцю? Альфабэт Юрась Бушлякоў Каб назваць мноства, у гэтым выпадку хапiла дзьвюх зь яго адзiнак — дзьвюх першых паводле парадку грэцкiх лiтар — альфы й бэты. Некалi ў фiнiкiйцаў, ад якiх пабагацiлiся грэкi, альфа выглядала галавою быка, а бэта — домам. Таму, ясна, зусiм нездарма скопiшча лiтар назвалi альфабэтам — там яны ўсе, ад пачатку й да канца, ды шчэ й пры парадку. Зрэшты, парадак тут умоўны, i яго, як пацьвердзяць беларускiя настаўнiцы, далёка ня кожны ў нас ведае. Як ня кожны ведае й пра тры нашыя альфабэты — кiрылiцу, лацiнку ды арабiцу. Самi беларусы парупiлiся найбольш пра кiрылiцу — за часы расейскага цара Пятра І новы шрыфт для яе стварыў амсьцiславец Гальляш Капiевiч — нат называлi раней тыя лiтары беларускаю азбукаю, а ў ХХ стагодзьдзi мовазнаўца Янка Станкевiч назваў капiеўкаю. І карыстаюцца гэтаю капiеўкаю расейцы й баўгары, украiнцы й сэрбы, дый усе iншыя народы, якiм за альфабэт цi, iначай кажучы, азбуку кiрылiчныя лiтары. Грымоты гэтага стагодзьдзя скаланалi й беларускi альфабэт — давалi прастор i накiдалi рамкi. Ня сталася ўсiхнаю лiтара ґ — на ґанак, ґузiк, ґарсэт; пiльнуючы пралетарскае еднасьцi, апекуны адпрэчылi на ўзьлёце j, пакасавалi пазычаныя ў пабрацiмцаў-сэрбаў лiтары для [дз’] i [дж]; нават у нашае нескладовае згарнулi ў правох — зьвялi да аднае малое формы. Пераймаючы ад iншых, наказалi забыцца на альфабэт i ўзялiся вучыць алфавiту. Прыцьмелае алфа — зусiм не бесканкурэнцыйная альфа, а ў позьнiм вiце — ужо пачужэлы ў замкнёным савецкiм жыцьцi родны дом. Адзiн Янка Станкевiч, якi ўсюдых жыў у беларускiм часе, ня трацiў надзеяў на наш iдэальны альфабэт: зважаючы на пераходы гукаў, ён кiраваўся беларускаю дамэтнасьцю. О, А, Э — так пачынаецца Станкевiчава абэцада — прэцэдэнт, якi дазволiў спадзявацца, што ў наступным стагодзьдзi мы такi патрапiм уладзiць наш альфабэт па-беларуску. Амністыя Сяргей Навумчык Слова амністыя паходзіць са старагрэцкай мовы, дзе яно азначала „дараваньне“. У юрыдычным сэнсе амністыя ўжываецца да пэўных групаў асуджаных і абвяшчаецца, як правіла, найвышэйшаю ўладаю — манархам, прэзыдэнтам, парлямэнтам. Звычайна амністыя прымяркоўваецца да нейкай падзеі ці да юбілею — у краінах з манархічным ладам гэта можа быць нараджэньне нашчадка трону альбо ягонае вясельле. У Злучаных Штатах, да прыкладу, — юбілей прыняцьця Канстытуцыі. У Савецкім Саюзе амністыя гэтаксама абвяшчалася з нагоды юбілеяў — 50-, 60- або 70-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Напярэдадні гэтых сьвятаў родныя зьняволеных уважліва праглядалі газэты — інфармацыя пра амністыю зьмяшчалася ў самым непрыкметным месцы. Самая масавая амністыя савецкіх часоў зьвязаная зь імем Берыі — пасьля сьмерці Сталіна ён выпусьціў на волю дзясяткі тысячаў крымінальных злачынцаў, большасьць зь якіх адразу ж вярнулася на свае „маліны“. Пры гэтым мільёны палітычных зьняволеных засталіся паміраць у ГУЛАГу. У сучасную беларускую гісторыю слова „амністыя“ ўвайшло ў сувязі са зьняволеньнем Аляксея Шыдлоўскага — пасьля знаходжаньня за кратамі яго амніставалі за два дні да сканчэньня паўтарагадовага тэрміну. Тым самым улада пакінула за сабой права на працягу 10 гадоў зноў кінуць яго за краты. У Беларусі канца ХХ стагодзьдзя рэпрэсыўны зьмест укладаецца нават у словы, якія ў сьвеце атаясамліваюцца з гуманнасьцю. АМОН Сяржук Сокалаў-Воюш Абрэвіятуры — справа няўдзячная і нясмачная. Ад пачатку году была ў нашых плянах абрэвіятура АМОН, і ніводзін аўтар не пагадзіўся пра яе напісаць. Пра „БНР“ напісалі, нават пра „ЦК“ напісалі, а вось пра „АМОН“ — не. Гэта, відаць, таму, што скарачэньне ня толькі чужое, а й ненавіснае. Атрад Міліціі Особого Назначенія , які мусіў бы выклікаць у народу пачуцьці абароненасьці, упэўненасьці і спакою, выклікае нешта наўпрост процілеглае.Асацыятыўна АМОН зьвязаны са словамі манкурт, зомбі, дубінка, разгон, зачыстка, катаваньне, зьдзек. Спробы перакласьці АМОН на беларускую мову як АМАП да канца не прыжыліся. Безаблічны, схаваны за шчытамі й маскамі АМОН усё ж складаецца з канкрэтных людзей. Як дзіўна, што ў іх ёсьць бацькі, каханыя і сябры. І як дзіўна, што ў некага ёсьць сын, каханы ці сябра — АМОНавец. Мой сын — АМОНавец, мой каханы — АМОНавец. Гучыць зусім не па-беларуску. Паэта, які наважыцца шукаць да слова АМОН дакладнай рыфмы, найперш сутыкнецца ня толькі з сугучнымі, а і з цалкам адпаведнымі АМОНу словамі: шмон і гамон. Анахранізм Вінцэсь Мудроў Тлумачальны слоўнік беларускае мовы так тлумачыць слова анахранізм — зьявы, погляды, думкі, якія зьяўляюцца састарэлымі для пэўнай эпохі. Мовазнаўцы зьвязваюць яго этымалёгію з грэцкімі словамі „ана“ (назад) ды „хронас“ (час). І... відавочна ж, памыляюцца! Анахранізм у нашым, беларускім, разуменьні паходзіць без усякага сумневу ад народнага выразу „а на храна?“. Няма патрэбы казаць пра папулярнасьць гэтага моўнага звароту.„А на храна нам гэтая мова?“ — гукаюць, узяўшыся ў бакі. Тое ж самае кажуць пра незалежную дзяржаву, дэмакратыю, беларускую школу, рынак, нацыянальныя сымбалі й прэзыдэнцкія выбары... Анахранізм стаўся ня толькі ідэалягічным падмуркам улады, але й падставовым элемэнтам мэнтальнасьці электарату, арбітаю ягонага, пазбаўленага прыцягненьня роднае Зямлі, касьмічнага руху.І хаця суседзі называюць такое жыцьцё „савецкім анахранізмам“, яно тым ня менш ідзе сваім ладам. Анахраністы падчэпваюць відэльцам тлушчапырскую скварку, куляюць поўную чарку, паволі развальваюць народную гаспадарку, а ўсіх незадаволеных б’юць гумовым дручком па карку.Анэкдот Уладзімер Арлоў „Анэкдот“ у сучасным разуменьні — гэта кароткі аповед пра сьмешнае або незвычайнае здарэньне. Слова паходзіць ад грэцкага „анэкдотас“, што значыць „нявыдадзены“. Анэкдот жыве, пакуль яго расказваюць, пераказваюць, кажуць. Адсюль беларускі сынонім гэтага слова — показка. Анэкдоты суправаджаюць нас з маленства да скону. Мы сталеем, і разам з намі сталеюць нашыя анэкдоты. Некалі ў іх дзейнічалі хлопчык Вовачка і герой грамадзянскай вайны Васіль Іванавіч Чапаеў. Потым гэтых збольшага бяскрыўдных пэрсанажаў зьмянілі вусьцішны Сталін, кукурузьнік Хрушчоў, маразматык Брэжнеў ды іхныя пляшывыя ці вусатыя папярэднікі і наступнікі.Анэкдот заўсёды меў свой кошт — ад рогату прысутных да тэрмінаў ГУЛАГу. Анэкдоты заўсёды ўтульна пачуваліся ў сэрыях — палітычныя, мэдычныя, армейскія, габрэйскія.У герояў большасьці анэкдотаў ёсьць славуты пяты пункт — нацыянальнасьць. Хто ня чуў анэкдотаў пра Рабіновіча, пра Гогі ды Гіві або пра чукчу, які на зьезьдзе КПСС нарэшце даведаўся, што Маркс і Энгельс — зусім ня муж з жонкай, а Слава КПСС і ўвогуле не чалавек. Беларус у анэкдотах-показках паўстае ў розных іпастасях. То ён шчыра цешыцца, што старэйшыя браты-расейцы займаюцца сэксам сем разоў у нядзелю, але ня можа ўцяміць, што яны робяць у будныя дні. То на жартоўнае пытаньне кіраўніка дзяржавы: „Как жывёцца?“ — беларус гэтаксама жартам адказвае: „Спасіба, харашо“. Але найчасьцей беларус вылучаецца сваёй паталягічнай цярплівасьцю. Беларуса вядуць расстрэльваць, а ён прапануе свайму кату паднесьці стрэльбу, каб той не стаміўся. Беларуса прысуджаюць да шыбеніцы, а ён клапатліва пытаецца, ці ня трэба браць сваёй вяроўкі. Каб апрача гэткай ідыёцкай цярплівасьці ў беларуса не было пачуцьця гумару, яму б сапраўды заставалася адно павесіцца. Але, на шчасьце, пачуцьцё гумару ў беларуса ёсьць. Пра гэта сьведчаць новыя анэкдоты. Едзе Лукашэнка на свае ўлюбёныя дажынкі, а беларусы ўсьцяж дарогі крычаць яму: „Да жынкі! Да жынкі!“ Апазыцыя Сяргей Навумчык У сьвядомасьці апошніх пакаленьняў беларусаў слова гэтае — апазыцыя — трывала замацавалася побач з такімі выказваньнямі, як „бухарынска-зіноў’еўскі блёк“, „суровы, але справядлівы прысуд працоўнага народу“, „як шалёных сабакаў“, „расстраляць“. Крамлёўская крывавая бойка паміж колішнімі натхняльнікамі і арганізатарамі кастрычніцкага перавароту 1917-га году адгукнулася ў Беларусі зьнішчэньнем ці ня ўсёй эліты, у тым ліку і эліты палітычнай. З адкрытым вальнадумствам было надоўга скончана. Палітычная лексыка фармавалася Масквой, і вось што цікава: да тых, хто выступаў супроць „генэральнай лініі“ партыі, ужываліся якія заўгодна тэрміны — „антыпартыйная групоўка“, „палітычныя памылкі“, „валюнтарызм“, нават „шпіянаж“ — але толькі не „апазыцыя“. Бо савецкі чалавек не павінен быў нават на хвіліну ўявіць магчымасьць арганізавана выступіць супроць існуючага парадку. Палітычная эліта трансфармавалася ў намэнклятуру і ўяўляла адзіны арганізм, які сілкаваўся страхам. Было неверагодна, каб нехта з партыйных сакратароў выступіў з крытыкай Машэрава — хоць бы самай дробязнай. Але грамадзтва не магло жыць па законах казармы бясконца. Узначаленая Зянонам Пазьняком у 1990 годзе „Апазыцыя БНФ“ складала толькі дзясятую частку дэпутацкага корпусу, але дамаглася незалежнасьці Беларусі і аднаўленьня яе дзяржаўных інстытуцыяў, — выключны выпадак у практыцы парлямэнтарызму. Праўда, гісторыя зрабіла яшчэ адно выключэньне: насуперак клясычным канонам, паводле якіх апазыцыя ўрэшце бярэ ўладу, — Народны Фронт да ўлады не прыйшоў. Стаўленьне ж лукашэнкаўскай улады да апазыцыі выявілася, калі дзевятнаццаць апазыцыйных дэпутатаў былі жорстка зьбітыя ў парлямэнцкай залі за імкненьне адстаяць беларускую мову, бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“. Затое існуе заканамернасьць, дзе Беларусь выняткам не зьяўляецца: чым больш жорсткі рэжым у краіне — тым меней магчымасьцяў у апазыцыі. Існуюць краіны, дзе гэтыя магчымасьці абмежаваныя сьценамі вязьніцы, ёсьць рэжымы, якія загналі апазыцыянэраў у магілы, а іншыя дыктатары апускаюць сваіх апанэнтаў у басэйны з салянай кіслатой. Ёсьць і адваротныя прыклады: у Канадзе „ценявы кабінэт“ фінансуецца зь бюджэту, а ў Вялікабрытаніі лідэр апазыцыі суправаджае каралеву на ўрачыстых цырымоніях. Вольнае грамадзтва зацікаўленае ў існаваньні апазыцыі — таму што безь яе можна згубіць волю. Армія Сяргей Навумчык Гістарычна, рэгулярнае ўзброенае фармаваньне ў Беларусі называлася „войскам“. Гэтае слова сустракаем і ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, прынятым у XVI стагодзьдзі. Што ж да слова „армія“, дык яно ў XVII стагодзьдзі выкарыстоўвалася ў польскай мове, адтуль перайшло ў расейскую, і толькі потым прыжылося ў нас. Этымалягічны слоўнік пацьвярджае, што расейскі ўплыў у XIX стагодзьдзі спрыяў замацаваньню гэтага слова ў беларускай мове. Але ці ня больш спрыялі гэтаму палітычныя рэаліі XX стагодзьдзя. Савецкая Армія была аўтаномным асяродкам з уласным побытам, звычкамі ды фальклёрам. Армія лічылася школай жыцьця, прычым ейныя ўрокі былі далёкія ад ідэалаў гуманізму. Квітнела „дзедаўшчына“ — зьнявага маладых салдатаў тымі, хто ўжо адслужыў адзін год.„Дзяды“ ў сваім навучаньні „салагаў“ кіраваліся прынцыпам, які можна мякка пераказаць гэтак: „Служы, сынок, як дзед служыў, а дзед на службу палажыў“. Адлыніць ад фіззарадкі, баявой падрыхтоўкі ці працы ў сталоўцы лічылася ў Савецкай Арміі верхам адвагі. Але яшчэ большую зайздрасьць выклікалі тыя, каму ўдалося „закасіць“ ад арміі — гэта значыць, з дапамогаю мэдычнай даведкі пазьбегнуць прызыву. Цікава, што ў сучаснай Беларусі слова „армія“ ўжо страціла сваё значэньне як назоў буйнога вайсковага фармаваньня — замест арміяў ды дывізіяў уведзеныя карпусы і брыгады. Відаць, спрацавала калгасна-брыгадзірская мэнтальнасьць камандуючых. Археоляг Уладзімер Арлоў Слова археоляг паходзіць ад грэцкага „архэа“, што значыць „старажытны“. Слоўнікі сьцьвярджаюць, што археоляг — гэта навуковец, які вывучае быт і культуру старажытных народаў паводле матэрыяльных помнікаў, знойдзеных пад час раскопак. Магчыма, для ўсяго астатняга сьвету такое азначэньне й можа лічыцца вычарпальным, але толькі не для Беларусі. З часоў заснавальнікаў айчыннае навуковае археалёгіі братоў Яўстаха ды Канстанціна Тышкевічаў беларускія археолягі ня толькі займаліся раскопкамі ды друкавалі сухія акадэмічныя справаздачы... Яны адчынялі музэі, засноўвалі грамадзкія камітэты, стваралі мастацкія творы, цярпелі ад рэпрэсіяў. Пасіянарнасьць нашых археолягаў яскрава выявілася ў найноўшы пэрыяд гісторыі Беларусі. Дый сам гэты пэрыяд адкрылі археолягі. Праўда, гэтае адкрыцьцё цяжка залічыць у разрад чыста археалягічных... Бо Зянон Пазьняк знайшоў у Курапатах не старажытную цывілізацыю, а матэрыяльныя помнікі эпохі, якая на беларускім абшары ня канула ў Лету, а небясьпечна агрызаецца, як недабіты зьвер. Непараўнальна болей, чым на раскопках, беларускія археолягі зрабілі й робяць для краіны па-за межамі археалёгіі. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя археолягі ствараюць палітычныя партыі, парлямэнцкія фракцыі — як Зянон Пазьняк і Міхась Ткачоў, пішуць школьныя падручнікі й гістарычныя аповесьці — як Георгі Штыхаў і Міхась Чарняўскі, узначальваюць Таварыства Беларускае Мовы — як Алег Трусаў, і засноўваюць незалежныя часопісы — як Генадзь Сагановіч. Ня дзіва, што сёньняшнім уладам штосьці крамольнае чуецца ўжо ў самім слове археоляг. Ці не таму ніяк ня можа пабачыць сьвет кніга аднаго вядомага беларускага паэта, якую ён неабачліва вырашыў назваць „Археалёгія душы“? У археалёгіі ёсьць такое паняцьце — культурны пласт. Стварэньне культурнага пласту незалежнае Беларусі немагчыма ўявіць бяз нашых археолягаў. Архіпэляг Валянцін Акудовіч Раней слова архіпэляг для беларусаў нічым не адрозьнівалася ад іншых экзатычных словаў. Больш свойскім яно зрабілася пасьля выхаду кнігі Аляксандра Салжаніцына „Архіпэляг ГУЛАГ“, бо ў канцэнтрацыйных лягерох, раскіданых па ўсёй бальшавіцкай імпэрыі, адпакутавалі і загінулі дзясяткі, калі ня сотні, тысяч нашых землякоў. Але апошнім часам мэтафара архіпэлягу ўсё часьцей ужываецца для абазначэньня Беларусі як цэлага. І не бяз дай прычыны. На палітычнай мапе Эўропы Рэспубліка Беларусь замаляваная аднастайнай фарбаю. Аднак калі б нехта паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе заўважана прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да краіны Беларусі, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады б мы ўбачылі нешта накшталт архіпэлягу. Унутры дзяржаўных межаў паасобку ці групамі раскіданыя астравы і Насамрэч мы, быццам якія палінэзійцы, жывем на выспах архіпэлягу і самотна выглядваем адзін аднаго на даляглядзе. Бадай, адзінае, што рэальна зьвязвае нас між сабой — дык гэта беларуская кніга, часопіс, газэта. Толькі на прасторы беларускага тэксту мы можам сустрэцца разам. І тым самым пераадолець усё, што нас разьяднала — ад каляніяльнай спадчыны да зрусіфікаванай гісторыі. Але ў эпоху сродкаў электроннае камунікацыі для архаічнага тэксту ўжо амаль не засталося месца. А хвалі расейшчыны ўздымаюцца ўсё вышэй і вышэй... І пакрысе становіцца зразумелым, што беларушчыну калі што й выратуе, то гэта магутны землятрус. Бо толькі тэктанічным зрухам пад сілу зьяднаць архіпэляг у мацярык. Архіў Аляксандар Лукашук Які юнак ці чалавек сталы, які любіць жыцьцё, змагаецца зь сёньняшнімі праблемамі ці марыць пра будучыню, не папярхнецца ад быццам неядомага, сухога, шаршава-мярцьвячага слова архіў... Сэрца якога чалавека, які цікавіцца загадкамі жыцьця, думае пра будучыню, не адгукнецца ўсхваляваным бурным стукам, чые вочы не загарацца, у чыіх жылах не ўскіпіць кроў паляўнічага-продка пры ўрачыста-ганаровым, падобным да храму слове архіў! Салодка-салёны арахісавы смак, пах закансэрваванага часу, даўгія паліцы, поўныя тайнаў, сховішча спрэсаваных гадоў, дзе сьпіць, як зачараваная царэўна, наша мінуўшчына. Архівы БНР сталіся першай ахвярай бальшавіцкай палітыкі ў Беларусі: засакрэчаная дзяржава, украдзеная памяць, замкнёнае ў вязьніцы спэцсховішчаў мінулае, якое ня стала будучыняй — пакуль ня стала.У архівах захаваная ня толькі мінуўшчына, але і прышласьць. Беларускія архівы раскіданыя па сталіцах суседніх дзяржаваў і недаступныя ў сваёй сталіцы: хто бачыў калі-небудзь поўны вопіс архіву ЧК—ГПУ—НКВД—КГБ? Нават у ХХ стагодзьдзі зь ягонымі сродкамі зьнішчэньня спаленае і разьвеянае, пахаванае і перапахаванае мінулае ўсё ж хоць адным атамам, ды не зьнікае. Напісанае застаецца. Архівы бесьсьмяротныя.Вечная памяць. Памяць — вечная. Асаднік Кастусь Бандарук Асаднік — імя, утворанае ад дзеяслова „асаджвацца“, які ў паўночна-славянскім арэале мае значэньне „пасяляцца“. У польскай, чэскай, славацкай, украінскай мовах „асада“ азначае пасяленьне, сядзібу, калёнію. Менавіта як калянізацыя асадніцтва мае нэгатыўнае адценьне, паколькі яно заўсёды зьвязана зь асыміляцыяй чужога, калі не захопам, дык, прынамсі, прыўлашчваньнем. У гісторыі Беларусі вядомае паняцьце „асадных“, або „чыншавых сялян“, у свой час за ваенныя заслугі зямлю і шляхецкую годнасьць атрымоўвалі нават татары. Але не яны засталіся ў народнай памяці беларусаў „асаднікамі". Асаднікі — адметны фэномэн XX стагодзьдзя. Гэта вайсковыя і цывільныя каляністы, якіх у міжваенны пэрыяд польскі ўрад перасяляў з цэнтральных раёнаў дзяржавы ў заходнюю Беларусь і Ўкраіну. „Асадніцтва“ пачалося на аснове Закону сьнежня ад 20-га году пра надзяленьне зямлёю жаўнераў, якія асабліва вызначыліся ў вайне супраць бальшавікоў. Асаднікаў надзялялі ўчасткамі зямлі па некалькі дзясяткаў гектараў і сялілі пераважна ўздоўж савецка-польскай мяжы. Яны ў асноўным мелі зброю, аб’ядноўваліся ў „Саюз былых абароньнікаў усходніх ускраін“, выконвалі паліцэйскія, адміністрацыйныя і антыдывэрсійныя функцыі. Усяго ў Заходняй Беларусі было „асаджана“ каля 9-цёх тысяч такіх каляністаў разам зь сем’ямі. Мэтай гэтай акцыі было зьмяніць этнічны склад насельніцтва ў памежных раёнах, палянізаваць мясцовых беларусаў, адгарадзіцца ад Савецкага Саюзу надзейнай сьцяной карэнных палякаў. Для беларуса „асаднік“ нагадвае „рассаднік“, і прытым не блакітнавокай, роднай валошкі, але калючага пустазельля-чартапалоху. Асфальт Сяржук Сокалаў-Воюш Усё новае — добра забытае старое. Слова „асфальт“ нашыя продкі ведалі яшчэ ў XII стагодзьдзі. Яно прыйшло з грэцкай мовы і тады азначала ў прадметным сэнсе рэчыва, якое зьвязвае будаўнічы матэрыял. Тады слова „асфальт“ у нашай мове не прыжылося. На ягоным месцы цьвёрда трымалася знаёмая і зразумелая будаўнічая рошчына. Асфальт вярнуўся да нас у XX стагодзьдзі як тып дарожнага пакрыцьця. Ён так прыйшоўся даспадобы савецкім кіраўнікам, што тыя пачалі зьнішчаць калярытныя брукаваныя вуліцы практычна па ўсёй Беларусі. Там, дзе езьдзілі ўрадавыя машыны, мусіў ляжаць асфальт. Кажуць, калі кіраўнік беларускіх камуністых Пётра Машэраў вырашыў наведаць месцы свайго партызанскага мінулага — Расоншчыну, туды заасфальтавалі дарогу, а народ ад гэткага падарунка яшчэ больш пачаў шанаваць свайго правадыра. Доўгі час асфальт быў прывілеем вялікіх местаў. Зборнік апавяданьняў Міхася Стральцова „Сена на асфальце“, які выйшаў у 1966-ым годзе, паказваў, як вясковец зжываецца з новай для яго стыхіяй. Вясковец перабіраўся ў места, а места цягнула свае асфальтавыя рукі да вёскі. „Асфальтавымі аналітыкамі“ называюць тых, хто разважае пра вёску, але зусім яе ня ведае. „Пысай аб асфальт“ — пра ўжываньне грубай сілы. „Асфальтавая хвароба“ — слэнгавая назва сінякоў, атрыманых пры падзеньні ў нецьвярозым стане. Некалі замежныя госьці былі ў захапленьні ад беларускіх асфальтавых трасаў... Аўталаўка Сяргей Харэўскі Аўталаўка — стары жалезны фургон, у якім развозяць спажывецкія тавары паўсядзённага попыту: хлеб, гарэлку й мыла. Часам да гэтага набору дадаюцца мацаваныя пладова-ягадныя віны, цукар, соль, крупы, печыва й цукеркі (чамусьці заўсёды нясьвежыя)... Аўталаўка — надзея на хлеб. Жалезны фургон імкне туды, дзе ўжо не пякуць свайго... Цёплы хлеб, цёплыя цукеркі, цёплая гарэлка. Горш зімою. Аўталаўка не ўсюдыход, з-за сьнегу можа і не прыехаць. Гэтае слова паходзіць з расейшчыны. Аўтамабіль плюс лаўка. Ня блытаць з лаваю! Лаўка — па-расейску крама. Аднак назваць аўталаўку крамай альбо хоць магазынам беларускі язык не паварочваецца. Крама — слова паважнае. А аўталаўка — гэта прыкрая непазьбежнасьць. Паўмашына, паўгандаль, паўтавар... Аўталаўка — элемэнт сацыяльнага разьмеркаваньня. Адна з падпорак калгаснае сыстэмы. Прыедзе — будзе хлеб, не прыедзе... Як і ў тайзе. Аднак у адрозьненьне ад жыхароў тайгі ў беларусаў была альтэрнатыва. Млыны, крамы, корчмы... Раней аўталаўка была часткаю савецкае сыстэмы нарыхтовак сыравіны. Сяляне нарыхтоўвалі сала, масла, воўну, атрымоўваючы наўзамен з аўталаўкі сякую-такую савецкую ежу. У 50-я можна было прыдбаць кітовага мяса, а ў 80-я — канцэнтраваных супоў. Пазьней нарыхтоўшчыкі зьбіралі анучы і косткі. Пазьней — жалезьзе, якое тонамі ўжо ржавела на нашых палетках. Пазьней — садавіну, зь якое гналі мацаваныя напоі і... прывозілі садаводам назад у аўталаўцы. Цяпер даўно няма тае сыстэмы. Нікому не здасі лішкі воўны ці яблыкаў. Затое засталася аўталаўка. Будуць каціцца па вясковых дарогах мурзатыя фургоны. Аўталаўкі. Бязь іх ніяк. Пакуль няма млыноў, крамаў ды корчмаў... Аўтобус Сяргей Харэўскі Зьявіліся аўтобусы ў Беларусі разам зь беларусізацыяй у 1924 годзе. Іх было тады 15. Тых першых, ня новых, ангельскіх ды нямецкіх, размаляваных бальшавіцкімі лёзунгамі ды буржуйскімі рэклямамі. І езьдзілі яны толькі ў Менску. Колькі гадоў пазьней зьявіліся аўтобусы і ў Заходняй Беларусі. Але гэта былі навюткія швайцарскія машыны фірмы Arbonne, і ў народзе іх звалі папросту арбонамі. На мяжы 80-х і 90-х гэтае слоўца ўвайшло было ў лексыкон нэафіцкае беларушчыны — сваё ж слова. Але не прыжылося. Аўтобус застаўся аўтобусам. Па вайне аўтобус перамог усё, што рухалася. Пераважная колькасьць беларускага люду толькі ім перамяшчаецца па сваёй зямельцы. На працу і на адпачынак, у госьці і дахаты. Па ягоных раскладах жыве цяпер беларус. Аўтобусных шляхоў у Беларусі больш за 120 тысяч кілямэтраў. Яны злучылі ўсё. Гэта, пэўна, і ёсьць наш беларускі экватар, які ў тры разы большы за экватар усёй зямлі.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |