A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Б

База

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Пазычанага расейцамі ад французаў слова база не прызнаваў яшчэ Ластоўскі і перакладаў яго цэлым шэрагам сынонімаў: аснова, апора, спод, астоя. Няма гэтага слова ні ў слоўніку Яна Станкевіча, ні ў слоўніку Некрашэвіча і Байкова. І ўсё ж база нейкім чынам уплішчылася ў нашую мову, а з часам нават пачала адыгрываць у ёй не абы-якую ролю.

„Трэба будзе вырашыць грандыёзныя задачы стварэньня матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму“, — сказаў некалі галоўны беларускі камуніст Пётра Машэраў і павёў за сабой народ на рэалізацыю гэтай ідэі. Як грыбы пасьля дажджу, пачалі ўзьнікаць на Беларусі, так бы мовіць, „падбазкі“ той матэрыяльна-тэхнічнай базы: сыравінная, кармавая, экспэрымэнтальная, паліграфічная, кніжная. Нават артыкуляцыйная база была пастаўленая на рэйкі служэньня ідэі — беларус мусіў ламаць язык на расейскі манер і заміж сьнега і песьні казаць „песня“, „снег“.

Тым часам народ абураўся капіталістычнымі ваеннымі базамі, якія пагражалі ягонай сацыялістычнай радзіме, і пакрысе будаваў свае зь верай у тое, што савецкія боегалоўкі — самыя гуманныя боегалоўкі ў сьвеце.

Аб’ектам любові народу была спажывецкая база. Яна мела дэфіцыт і ня ведала дэфіцыту. Зубныя шчоткі, прасьціны, гарэлка, цьвікі, селядцы, каўбасы, кава... Кожная рэч у краіне калі-нікалі зьнікала з крамаў, але была на базе.

А ў нашай эміграцыі праз увесь гэты час была толькі адна БАЗАБеларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, арганізацыя беларусаў у Паўночнай Амэрыцы.


Байка

            Антаніна Хатэнка

Ходзіць Бай па сьцяне ў чырвоным жупане: „Баіць ці не?“ Карціць выгукнуць: „Бай!" Баю ж таго толькі й трэба — бае сабе ды бае несусьветныя прыдумкі. Ён жа ж балбатун-пустабрэх.

А слоўнік падае яшчэ такія значэньні гэтага слова: „Баіць — вядзьмарыць, гаварыць, заварожваць“. Праўда, ці ня ў кожнай байцы мараль навідавоку.

Навучае Бай розуму. Мякка сьцеле — мулка спаць.

Дарэчы, байкаю яшчэ ж завецца й мяккая тканіна з прыгладжаным ворсам. І саматканая спадніца. І моладзевыя апранкі, падобныя да спартовых кашуляў.

Здаецца, мы ўсе ўрасьлі ў байкі — у байкавыя пялюшкі, коўдры, байкавыя нагавіцы, сукні, ды байкавыя супэрабяцанкі нашага Бая ў чырвоным жупане.

Ходзіць Бай па сьцяне...

А калі ж ён зваліцца?


Балоньня

            Рыгор Барадулін

У 60-х гадох, калі пасьля сусьветнага фэстывалю моладзі й студэнтаў у сіх-тых маскоўскіх кабетак зьявіліся „дзеці розных народаў“ (так пачыналася адна з камсамольскіх песьняў пра барацьбу за мір), пашырылася мода на плашчы й курткі з капронавай тканіны з аднабаковым непрамакальным пакрыцьцём. Тканіна гэтая называлася балоньня. Пачаўся цэлы, як на той час, бізнэс па прывозе турыстамі балоньні на прагны да ўсяго заходняга савецкі рынак.

Калі пачынаўся дождж, вуліцы й праспэкты сэксуальна рыпелі. Плашчы гэтыя звалі прэзэрватывамі. Калі мода ў моладзі знайшла новы ўхіл, у балоньню апранулі савецкую міліцыю. Няцяжка задагадацца, як звалі міліцыянтаў у гэтай спэцвопратцы.

Цікавы анэкдот зь літаратурнага жыцьця: прафэсар Мальдзіс прыехаў аднекуль з-за мяжы, вядома ж, у балоньні. Сядзяць яны за чаркаю з Уладзімерам Караткевічам і разважаюць. Адам кажа: „Штучныя тканіны там танныя, вось мой плашч каштаваў пляшку гарэлкі“. На гэта задуменны Ўладзімер зазначае: „Затое якая там гарэлка танная...“


Банан

            Сяргей Харэўскі

Гэтая трапічная садавіна ўпершыню зьявілася ў Беларусі ў XVІІІ стагодзьдзі, калі ў магнацкіх рэзыдэнцыях завялі моду на экзатычныя аранжарэі. Але нішто ня вечнае, прагналі панаў, і ня стала бананаў.

Вярнуліся яны на сталы беларусаў толькі ў 70-ыя гады нашага стагодзьдзя як прыклад салідарнасьці з народамі Афрыкі ды Азіі, якія абралі сацыялістычны шлях. Аднак другім пачуцьцём, пасьля гонару за братнія народы, было глыбокае расчараваньне. Мякаць дзіўнага плоду, якая пахла шампунем, была слотнаю і коўткаю, ажно ледзьве можна было разамкнуць пашчэнкі. У тыя гады бананы ў Беларусь завозілі зялёнымі й нясьпелымі, каб была магчымасьць іх доўга перахоўваць у непаваротлівым савецкім гандлі. „Дастаць банана“ — у 70-ыя гады азначала выпадкова набыць добра вядомую з кніжак, але невядомага спосабу ўжываньня садавіну. Вынаходлівыя беларусы, каб дасьпяліць, клалі іх на ацяпляльныя батарэі альбо замарожвалі ў лядоўках, а пасьля аблівалі кіпенем…

У 1980 годзе падчас сусьветнае Алімпіяды ў Менску нарэшце зьявіліся добрыя, сьпелыя й духмяныя бананы, але іх пасьпяхова зьелі студэнты з тых самых братніх краін Азіі і Афрыкі.

Напрыканцы 80-х значэньне слова „банан“ рэзка пашырылася. „У вушах бананы“— гэта стан пахмельля. „Банан“ — штаны моднага калісьці крою, завужаныя ніжэй лытак. Новыя моды!

„Рускі! Біг-банан! — крычалі зьбянтэжаным беларусам у вясёлых кварталах заходніх сталіцаў. Гэты эўфэмізм, аднак, у нашай мове не прышчапіўся.

Затое беларуская моладзь добра засвоіла значэньне гэтага слоўца ў сэнсе міліцэйскае дубінкі. Не адзін дэманстрант „дастаў“ амонаўскага „банана“. Упершыню гэткія „бананы“ былі шырока ўжытыя падчас шэсьця на Курапаты ў 1989 годзе. З таго часу гэткіх бананаў ды іх мадыфікацыяў істотна паболела. Зьявіліся дубінкі даўжэйшыя і таўсьцейшыя, з рознымі тронкамі, з электрашокерамі і вельмі эфэктыўныя, са схаванымі шыпамі, якія разьдзіраюць вопратку і скуру. Беларусь стала вялікай аранжарэяй міліцэйскіх бананаў.

А для большасьці беларускае дзятвы банан — садавіна па-ранейшаму далікатэсная.


Балота

            Антаніна Хатэнка

Здаўна-спрадаўна жыве ў беларусаў паданьне, як у багне-балоце агні начамі сьвецяцца, запаленыя мітычным Балотнікам. Здавён балота палохае і насьцярожвае. Аж да таго, што захацелі людзі асушыць яго. Хацелі з дрыгвы сухімі вылезьці. Але ж мы — „людзі на балоце".

Дзе, бывала, ні ступіш у Беларусі — забалаці ды балаціны спаткаеш. Балотная мы грамада, дрыгвяная. Бывае, закалыхаемся ў нейкім памкненьні... Ды зноў суцішымся, да супакою вернемся. Устойлівасьць надта любім. У стаячай вадзе лілеяў чакаем. А вакол — асака, твань ды застой.

Вось, вось — сёньняшнія „людзі на балоце“ — зусім ня мележаўскія тыпажы. Наасушаліся, ды зноўку ў сваю багну пашыліся. Дзе пустэльні паўтваралі — там церпім рахмана. Дзе яшчэ купістая багна раскашуе — звыкла пабойваемся... Аднак, прымаем. Аго, як прымаем! Жытка нашая — суцэльнае балота. Ні жывога дзеяньня, ні зруху, ні павароткі... Зачараванае пагойдваньне дрыгвы... дзе які агеньчык міргане — і згасьне ў няволі.

Нам, добра застаялым, і выбірацца боязна.

Балота напрыканцы стагодзьдзя — гэта ўжо не балотная мэнтальнасьць палешука, што чэпка трымаецца свайго, жыве ў сваім адметным рытме. Балота цяпер — насамрэч гнілая багна. Усё перажылося й згінула. Адно бурбалкі йдуць. Яшчэ ж дыхае нашае балота.


Басовішча

            Ян Максімюк

Слова Басовішча зьявілася ці то пад канец 1989, ці то на пачатку 1990 году, калі беларускія студэнты высьпельвалі ідэю фэстывалю беларускай рок-музыкі ў Гарадку пад Беластокам. Гісторыя неяк не занатавала, хто першы прапанаваў такі назоў. Але, без сумневу, можна сьцьвярджаць, што слова прынялося на Беласточчыне адразу. Яно было растыражавана бадай ці не трыма тысячамі плякатаў з анонсам першага фэстывалю ў ліпені 1990-га. А пасьля гэтай імпрэзы стала вядомае і ў Беларусі.

Этымалёгія слова даволі простая — гэта абрэвіятура БАС (Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў, арганізатар фэстывалю) плюс салідны беларускі канчатак -овішча. Нехта потым спрабаваў зьвязаць паходжаньне слова з бас-гітарай — маўляў, на фэстывалі моцна „басуюць“, то бок граюць на „басе“, інакш, бас-гітары — але студэнцкі БАС адкінуў гэткую „народную этымалёгію“ як прынцыпова няслушную. Затое студэнтам спадабаўся калямбур пісьменьніка Ўладзімера Арлова, які, пабачыўшы бурную рэакцыю гарадоцкай публікі на выступы беларускіх „цяжказбройных“ гуртоў „Мроя“ і „Ўліс“, ахрысьціў фэстываль Бясовішчам.

Басовішча было словам зусім новым, бо прэзэнтавала зусім новую зьяву — беларускую рок-культуру, пазбаўленую савецкага штампу і расейскамоўнай афарбоўкі. Гэта была першая культурная зьява, у якой і дзякуючы якой беластоцкія маладыя беларусы знайшлі поўнае духоўнае паразуменьне з пад- і постсавецкімі суродзічамі. А таксама адчулі гонар за беларускую культуру перад маладымі палякамі, якія, пачынаючы зь першага фэстывалю, нязьменна складалі сама менш палову публікі ў гарадоцкім лесе, дзе йшлі канцэрты.

Бадай ці паўторыцца яшчэ дзе-небудзь такое, як у Гарадку, калі сотні маладых галасоў сьпявалі разам з Касяй Камоцкай, Сержуком Сокалавым-Воюшам, Віктарам Шалкевічам песьні пра Беларусь. А таксама пра „Радыё Свабода“ з гуртам „Уліс“...


Батлейка

            Міхась Скобла

Мелі беларусы замілаваньне да пацешных спэктакляў пра крыважэрнага цара Ірада ды яго паслухмянага жаўнера Ваяку, пра добрага анёла ды падступнага чорта, што намаўляе цара-шаленца на забойства Божага Сына.

Перасоўны тэатрык вандраваў ад вёскі да вёскі, ягоныя ўдзельнікі моклі ў дажджэвіцу, прадавалі дрыжыкі ў мароз. Затое якой радасьцю запальваліся вочы малечы, калі над вільчаком казачнай хаткі ўспыхвала калядная зорка, а нябачны батлейнік выпускаў на сцэну гаваркія лялькі.

Беларуская батлейка мела і сваякоў — польскую шопку ды ўкраінскі вяртэп.

Вярнуцца да жыцьця батлейка здалела толькі напрыканцы шматспадзеўных 80-ых дзякуючы майстру Алесю Ласю ды Музэю Максіма Багдановіча, пад чыёй страхой яна жыве і сёньня.

Батлейка і за тры стагодзьдзі не састарэла. Яе клясычныя сюжэты пра змаганьне дабра зь ліхам для беларусаў ізноў надзённыя, хіба што ня шкодзіла б троху паднавіць рэквізыт. Бо нараджаюцца новыя ірады:

Зноў спакой мяне пакіне,
Чуў я, што ў маёй краіне
Аб’явіўся новы цар —
Людзкіх сэрцаў валадар.
Хоча ўладу захапіць,
Мой загад — яго забіць.

Уся Беларусь напрыканцы другога тысячагодзьдзя ператварылася ў лялечны тэатар: хтосьці тузае за нітку, хтосьці прамаўляе чужым голасам.

Батлейка, батлейка, чароўная дзея...


Бацькаўшчына

            Ігар Бабкоў

Сёньня слова „Бацькаўшчына“ з асаблівай асалодаю вымаўляюць беларускія рок-музыкі, а Кася Камоцкая нават вынайшла слова „мацькаўшчына“ як адказ на закладзеную ў слове полавую дыскрымінацыю.

Бацькаўшчына“ найлепш гучыць з крыху іранічнай інтанацыяй: „дзеткі-грамадзяне“ любяць „маці-Радзіму“ і пабойваюцца „бацьку“ з нашай і ягонай „Бацькаўшчынай".


Беларусізацыя

            Аляксандар Лукашук

Пра Слова Дня Беларусізацыя прапанавала расказаць наша слухачка зь места Шосткі Сумскай вобласьці Ўкраіны Яня Мірашнічэнка:

„Здоров’я вам!

Слово дня — білорусизація.

На початку незалежності шовіністи загорлали про „насильницьку білорусизацію“. На їхню ненависть зважали. Як наслідок, термін „білорусизація“ замінив тэрмін „фінляндизація“. „Білорусизація України! Ми можемо опинитись в Білорусі!“ — бояться українські патріоти.

Білорусизацією називають антибілоруські явища“.

Так напрыканцы стагодзьдзя пачула слова беларусізацыя нашая ўкраінская слухачка, 20-гадовая Яня Мірашнічэнка.

Беларусізацыяй ў 20-я гады называлі палітыку пабудовы нацыянальнае сацыялістычнае дзяржавы. Нават абмежаваная дзяржаўная падтрымка культуры, адукацыі, навукі дала амаль імгненны вынік. Але, калі схаваная нацыянальная энэргія пачала ўвасабляцца ў сталыя формы дзяржаўнага жыцьця, беларусізацыяй занялося АГПУ: арганізатары сталі „нацдэмамі“, „змоўнікамі“ з „Саюзу Вызваленьня Беларусі“ й іншымі ворагамі народу.

Другая кароткая спроба беларусаў уздыхнуць вольна ў сваім доме адбылася, калі Чырвоная Армія дала драпака ад салдат вэрмахту: пад нямецкай акупацыяй прабіліся парасткі беларускага жыцьця, якое потым было або зьнішчана, або працягнулася на эміграцыі.

У 1953 годзе падчас барацьбы за ўладу ў Маскве пры дапамозе беларусізацыі спрабаваў дасягнуць сваіх мэтаў Лаўрэнці Берыя — мясцовае начальства гаварыла й пісала па-беларуску аж два тыдні, пакуль Берыю не арыштавалі.

Спроба апошняй у гэтым стагодзьдзі беларусізацыі была зноўку задушаная ў сярэдзіне 90-х, і цяпер гэтым словам нашы суседзі пужаюць малых дзяцей: беларусізацыя якой-небудзь краіны азначае, што там ня будзе анічога свайго, а будзе, як цяпер у Беларусі.

Хацелася б верыць, што гэтае значэньне слова беларусізацыя, якое ня мае анічога супольнага зь Беларушчынай, гэтак і застанецца ў ХХ стагодзьдзі і не пяройдзе ў стагодзьдзе ХХІ-ае.


Беларушчына

            Сяргей Дубавец

Слова беларушчына нарадзілася ў ХХ стагодзьдзі. Гэта сучаснае слова. Хоць сама словаўтваральная мадэль вядомая ў нас здаўна. Яшчэ ў першай палове XVII ст. Ян Казімер Пашкевіч напісаў эпіграму „Польшча квітнее лацінаю, Літва квітнее рушчызнаю“. Словы з такім суфіксам пазначалі звычайна розныя зборныя зьявы — краіну, як у прыкладзе зь Нямеччынай ці Вугоршчынай, або войска, як у выпадку з казаччынай ці рэкрутчынай. Уласную радзіму або спадчыну беларусы называюць Бацькаўшчынай. У беларускай мінуўшчыне хаваецца наша старасьветчына. Беларушчына ў гэтым шэрагу прыкладаў абазначае родную мову. „Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус забіць трывогу аб тэй мове, якой азваўся беларус?“ — пісаў Янка Купала ў вершы „Ворагам беларушчыны".

У міжваенныя гады, за польскім часам, беларускія вёскі Татаршчына і Каралеўшчына сталі Татаршчызнай і Круляўшчызнай, як яны называюцца і сёньня. Што да беларушчыны, дык яна не перайначваецца на іншамоўны лад, бо існуе і можа існаваць толькі ў беларускай мове. Гэта наша з вамі ўнутранае слова, інтымнае.


Бел-чырвона-белы

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Нацыянальных колераў не выбіраюць. Іх дае гісторыя. Якая б улада ні была ў Беларусі, якія б падзеі ні адбываліся на нашых абшарах, асноўнымі колерамі народных вышывак былі й застаюцца спалучэньні белага й чырвонага.

Цікава, што й літаратура, незалежна ад палітычнай ці нацыянальнай арыентацыі яе стваральнікаў, поўніцца бела-чырвонымі спалучэньнямі:

Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазыцыі“ — Крапіва; „Ішоў чырвоны ранак па сьвеце за акном“ — Куляшоў; „У сьветлай залі за чырвоны стол“ — Аўрамчык. „Бела-чырвона-белае цела і кроў, гэта яно, адвечнае: вера, надзея, любоў“, — сьпявае Андрэй Савельеў-Рымкевіч і працягвае гэтую колеравую лінію: хлеб і віно.

Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, які на пачатку ХХ стагодзьдзя прапанаваў бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўнага, меў на тое ўсе падставы. Тады ж Макар Краўцоў напісаў тэкст гімну і ўпершыню ўжыў у ім скарочаную першую частку словазлучэньня. „Штандар наш бел-чырвона-белы“, а ня бела-чырвона-белы, як таго патрабавалі б законы мовы. Гэтак і прыжылося.


Блат

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Слова блат у слоўніках пачатку стагодзьдзя няма. Гэта зусім не азначае, што зьява адсутнічала. Яна была, але тычылася іншых, чымся цяпер, сфэраў жыцьця і абазначалася іншым словам: пратэкцыя. Побач з пратэкцыяй існаваў і блат, але тычыўся ён справаў цёмных, зладзейскіх і рабунковых, а таму існаваў толькі ў крымінальным жаргоне.

Мова заўсёды чуйна рэагуе на ўзровень жыцьця і культуры. Атрымаць начальніцкую пасаду на прадуктовай базе ў савецкі час можна было толькі паводле пратэкцыі, іншую працу на той самай базе — па знаёмстве, а вось дастаць дэфіцытны тавар з базы — вылучна па блату.

Блат ува ўмовах адміністрацыйнай сыстэмы быў, так бы мовіць, змазкай сацыяльнага мэханізму. Не на начальніках, не на партыйных босах, а на нефармальных сувязях трымаўся падмурак гэтай зьявы. Блат непарыўна зьвязаны са словамі „дастаць“ і „дэфіцыт“. Менавіта па блату даставалі лепшыя прадукты, лекі, мэблю, часам кватэры й машыны, а таксама пуцёўкі, модную вопратку і нават кніжкі.

Першакрыніцай слова блат маглі быць некалькі моваў. Польскае блат абазначае чалавека, які нешта хавае, і польскае ж блат у крымінальным жаргоне мае значэньне „хабар“.

У габрэйска-нямецкай блат — згодны альбо ўведзены ў таямніцу.

Нямецкае блат — папяровыя грошы.

Ад слова блат паходзіць і выраз блатная мова, а таксама блатныя песьні — песьні крымінальнікаў ці блатных. У сваю чаргу самі блатныя — элемэнт, сацыяльна блізкі савецкай люмпэнскай уладзе.

Яшчэ адно значэньне выразу „блатныя песьні“ — нецэнзурныя песьні вуліцы. У адной зь іх ваяка выпраўляецца на вайну і бярэ з сабой торбу сала, якая і робіцца ягоным асноўным клопатам. Вынік гэтага ваярства досыць сумны:

А затым я ў шпіталь папаў,
На спружынным я ложку ляжаў,
Там зь мяне абутак зьнялі,
Торбу з салам адабралі,
Ой, браткі, нашто ж я яе браў!


Блін

            Антаніна Хатэнка

Блін. Ці ня ўсім беларусам адразу згадалася: „Прапахлая блінамі раніца сонцам коціцца ў хату“. І бліны, як тое Сонца, узыходзяць на стол урачыста і велічна.

Бліны са скваркамі, з вачастай яечняй, з грыбной поліўкай, са сьмятанай, з сочывам альбо мёдам. Бліны масьленічныя, велікодныя, дзядоўскія і будзённыя, што надавалі дням сьвяточнасьць. І калядныя бліны ладныя.

Здаецца, мы вырасьлі на блінох, як тыя блінцы на дражджах. Здаецца, нашыя пульхныя блінцы і тонкія, як лісьціны, названыя ў народзе „божымі анучкамі“, насамрэч прыцягваюць да Беларусі шчодрае сонца, сьвятло й цяпло.

А хто ж забудзецца пра слодыч і жар блінцоў з Коласавае „Новае зямлі“, якія смакуюць дзядзька Антось і гурт малечы.

А якія шыкоўныя бліны пяклі багі на Парнасе, зь якім гонарам падавала іх на стол цудная Геба!

Далібог, варта разьбіцца ў блін, каб усмакавацца беларускімі блінамі. Уганараваныя ды аблашчаныя ўсенароднай любоўю, блінцы вяршаць разам з намі ды вялікім сонцам вечны кругазварот жыцьця. Гадуюць, мацуюць і жывяць Яе Вялікасьць Нацыю.

З блінцамі лягчэй адольваюцца памінаньне і скруха. Блінцом найперш частуюць дух продка, а затым каштуюць самі.

Таму й кажуць спрадаўна — першы блін сабаку, бо першы прапануецца роду, дзядам. Узяў сабе — засядзе ў горле.

Як позіркам кінуць у мінуласьць ды прышласьць, дык з блінамі перажываюцца і згуба, і адчай.


БНР

            Сяргей Навумчык

Абрэвіятура БНР ня толькі пазначае палітычную рэальнасьць, але й мае духоўную праекцыю. Новая незалежная беларуская краіна была названая за прыкладам паўднёвых суседзяў, украінцаў, якія ў лістападзе 1917 году ўтварылі Ўкраінскую Народную Рэспубліку. Менавіта Ўкраіна першай і прызнала БНР як сувэрэнную дзяржаву, і менавіта ўкраінцы найбольш спрыялі беларускаму незалежніцкаму ўраду.

Пасьля вымушанай эміграцыі кіраўнікоў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ідэі БНР захоўвалі пакаленьні беларускіх эмігрантаў як сымбаль, як сьцяг. Для ўсіх тых тысячаў юнакоў ды дзяўчат, якія ў сакавіцкі дзень пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, БНР — сымбаль волі, дэмакратыі, незалежнага ды заможнага жыцьця. Сымбаль нашай прыналежнасьці да Эўропы. Зрэшты, шмат хто перакананы, што Беларуская Народная Рэспубліка будзе ня проста сымбалем, а назвай Беларусі ў трэцім тысячагодзьдзі.


Бронь

            Андрэй Лапцёнак

Браніраваньне — значыць „замацаваньне каго-, чаго-небудзь, за кім-, чым-небудзь, а таксама дакумэнт на такое замацаваньне“. Слоўнікавае значэньне нагадвае пра важныя рэаліі савецкага часу, дзе бронь, або броня стаяла ў адным шэрагу са словамі „ільгота“ і „блат“.

Напрыклад, броняй называлі спэцыяльнае пасьведчаньне на браніраваньне жыльлёвай плошчы. Браніраваным жыльлём, акрамя „загранкамандзіраваных“ і „палярнікаў“, маглі пахваліцца толькі супрацоўнікі Ўсесаюзнага аб’яднаньня дзяржаўных цыркаў, якія падоўгу знаходзіліся на гастролях.

Разам з нападам Гітлера на „маладую краіну Саветаў“ выявілася, што браніраваць можна ня толькі караблі і танкі, але і людзей. Бронь ад фронту выдаваў Наркамат абароны, і страх пазбавіцца тае броні прымушаў рабочых стаяць ля станкоў столькі, колькі патрабавала начальства. Жаданьне жыць зрабіла бронь часоў вайны прадметам гандлю і спэкуляцыяў. У газэтах 1944–45 гадоў зьяўляліся абвесткі інстытутаў пра прыём студэнтаў з наданьнем броні. А празь дзесяцігодзьдзі, калі СССР уступіў у вайну ў Аўганістане, бронь са студэнтаў ВНУ пачалі здымаць. Бацькі разьвітваліся з сынамі, плачучы: „Барані цябе Божа!“

Барані Божа вярнуцца ў тыя часы.


Брат

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Блізу сарака вытворных ад слова брат падае ў сваім слоўніку лексыкограф ХІХ стагодзьдзя Іван Насовіч, больш сарака — ягоны наступнік з ХХ-га Ян Станкевіч.

Пабачыўшы малодшага брата-беларуса больш расейскім, чым самі расейцы, Мікіта Хрушчоў прадказаў, што і ў камунізм беларусы прыйдуць раней, чым іншыя. І ўсё ж людзі добра разумелі сутнасьць савецкага братэрства народаў. Адсюль і жарт: як будзем дзяліць, роўна ці па-братэрску? Надта ж добра мы зьведалі сьмяротнасьць так званых братніх абдымкаў...


Брук

            Сяргей Шупа

Слова брук — зь нямецкага Brucke — зьявілася разам з нараджэньнем мадэрнага беларускага гораду. Яно прыйшло да нас з Эўропы разам з магдэбурскім правам, гарадзкой прадстаўнічай дэмакратыяй, цэхавай культурай, кнігадрукаваньнем ды іншымі цывілізацыйнымі зрухамі XV—XVI стагодзьдзяў.

Старадаўнія актавыя кнігі фіксуюць шмат вытворных словаў — брукаваць (масьціць брукам), брукаваньне, брукар (той, хто брукуе), брукавыя грошы, або брукавое (падатак за пераезд і пастой на бруку).

Брук зазначыў новы ўздым пабытовай культуры. Разам з дахоўкай ён стаўся на стагодзьдзі сымбалем новай эстэтыкі беларускіх местаў і мястэчак.

З часам брук наагул стаў азначаць горад як месца сацыяльнага дзеяньня. На бруку — значыць: у горадзе. На віленскім бруку — гэта ня проста на пэўнай вуліцы, на пэўным чынам замошчанай паверхні, гэта — у тым сацыяльным сусьвеце, які завецца Вільняю.

Але нашы зваяваныя каралі паснулі на пагорках нашай Эўропы, і наўзамен з Усходу прыйшла іншая культура. Мястэчкі ператварыліся ў посёлки городского типа, замест разбураных старасьвецкіх камяніцаў нарасьлі пачварныя спаруды з шкла й бэтону, замест дыхтоўнай дахоўкі на стрэхах ляжыць прагнілы шыфэр, а наш брук заліты сьмярдзючым асфальтам.

Выглядае, што ў ХХІ стагодзьдзі нас чакаюць цяжкія рамонтныя працы...


Бугор

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Слова „бугор“ прывандравала з мовы старажытных арыяў. Там яно мела значэньне „гнуты“, адкуль ужо няцяжка вывесьці: выгнуты, гарбаты груд.

Некаторыя сьцьвярджаюць, што слова „бугор“ роднаснае з Бугам — памежнай беларускай ракой. Можа, таму беларусам сталася зусім блізкім і зразумелым гутарковае значэньне слова бугор, якое ўзьнікла за нашай памяцьцю. Бугор — як мяжа. Прыежджых з-за бугра, хай сабе і з сацыялістычных краінаў, нязьменна суправаджалі гэбэшнікі. Ці ў асобе гіда, ці перакладчыка, ці падасланага суразмоўцы.

Разам з замежнымі таварамі разбэшчвалі душу і сеялі зерне сумневу ўва ўсім савецкім галасы з-за бугра. Яны былі розныя: палітычныя, музычныя, кінэматаграфічныя. У выніку чалавек пачынаў цікавіцца: а як там насамрэч?

Тыя, хто тым ці іншым чынам апынуліся за бугром, пісалі лісты, слалі пасылкі і фатаздымкі. Тыя, хто ўсё гэта атрымлівалі, а таксама іхныя знаёмыя, марылі хаця б адным вокам глянуць на гэта ўсё пэрсанальна. Ня стала СССР, пачаў зьнікаць і выраз „з-за бугра".


Бульба

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Бульба — слова-агрэсар. Яго ведаюць усе прышлыя на Беларусь іншаземцы. Бульба — слова-пятля, якое ашчапервае за глотку адарванага ад сябе беларуса і нагадвае яму, хто ён.

Кажуць, што нават у тых мясьцінах, дзе бульбу называюць картопляй, замежнік аднекуль выпорвае недыялектнае: бульба.

Навука цьвердзіць, што слова „бульба" прыйшло да нас зь нямецкай альбо лацінскай моваў. Між тым пісьменьнік Кастусь Тарасаў аднойчы заўважыў, што да зьяўленьня бульбы ў Беларусі гэтым словам называлі любыя клубні іншых расьлінаў. Так што, калі тая бульба і была запазычаньнем, то цяперашняя — зусім не!

Ані ў жыцьці, ані ў мове бульба ня мае сынонімаў. Часам яе называюць беларускім хлебам, а часам з хлебам і ядуць.

На бульбу!“ Які беларускі школьнік ці студэнт ня ведае гэтых словаў! Выезд дзяцей на дапамогу самай перадавой у сьвеце эканоміцы, хаця й перарываў навучальны працэс — быў усё ж часам прыемным. Бульба адбірала частку ведаў, але дадавала адноснай ды супольнай свабоды.

Танец „Бульба“, мянушка „бульбашы“, першы пэрсанаж першай беларускай тэлевізійнай калыханкі — Бульбінка. Ніводзін пісьменьнік не абмінуў у сваёй творчасьці сымбалю нашага стала. Бульба здаецца беларусу нагэтулькі спрадвечнай, што напісаная адным з аўтараў ХХ стагодзьдзя п’еса, у якой пэрсанажы ХІ стагодзьдзя гавораць пра бульбу, ня выклікала пярэчаньняў ні ў рэдактара, ні ў чытача.

Між тым бульбу ў Беларусі ведаюць усяго якіх гадоў 250–300. Яна з тых нямногіх, хто пакінуў амэрыканскі кантынэнт дзеля Беларусі.


Бульбаш

            Сяржук Сокалаў-Воюш

„Гэй ты, бульбаш!“ — кінутае у твой адрас сэржантам-расейцам толькі ў першую хвіліну выклікала жаданьне адказаць крыўдніку і толькі таму, што прамоўлена гэта было як дакор ці абраза. Але зараз жа ты разумеў: які там дакор, якая абраза! „Бульба", „бульбіна", „бульбянікі“ — з лупінамі, з журам, каплуном, квасам, капустай, саладухай і яшчэ Бог ведае з чым былі традыцыйнай штодзённай ежай тваіх бацькоў. Па ўжывальнасьці гэтыя словы і сёньня спаборнічаюць са словамі „хлеб“, „маці“, „бацька“, „хата“.

Ані ў водным беларускім слоўніку вы ня знойдзеце слова „бульбаш“. Вытворнае ад „бульбы“, яно сустрэлася толькі ў слоўніку „солдатского жаргона“, складзеным яшчэ за савецкім часам. Беларускі прызыўнік зь Бешанковічаў ці Лельчыцаў, выхаваны на бульбе, прыносіў з сабой у савецкую армію культ гэтага клубню.

Паглыналі простыя расейскія „парні“ тваю бульбу і называлі цябе „бульбашом“. Мы не крыўдавалі. „Бульбаш“ — гэта тая мяжа, дэмаркацыйная лінія, якая назаўсёды аддзяліла нас ад „хахлоў“, „маскалёў“, „лабусаў“ і „пшэкаў“.


Буракі

            Алена Ціхановіч

У буракох ёсьць цымус: у чырвоных — колер, у цукровых — слодыч.

У буракох ёсьць пэрспэктыва — як станеш на пачатку калгаснай баразёнкі, то канец далёка-далёка.

За буракамі — літаратурная традыцыя. Францішак Багушэвіч выдаў „Дудку беларускую“ пад псэўданімам Мацей Бурачок.

Бурак — ежа сьціплая і кампанейская: ён ніколі не бывае ў цэнтры стала і сам па сабе: ён ці ў баршчы, ці ў вінэгрэце, ці „пад шубай“.

Зрэшты, слова гэтае рэдка ўжываецца ў адзіночным ліку — хіба толькі ў аднайменных прозьвішчах. А так увесь час — буракі ды буракі.

У адрозьненьне ад бульбы, буракі асабліва не паддаліся мэханізаванай культывацыі, і таму зь імі зьвязваюць увесь цяжар калгаснага прыгону. Калгасныя буракі дзялілі на дзялкі — на пачатку заўсёды доўгіх барознаў брыгадзір убіваў тычкі з прозьвішчамі калгасьнікаў, не выключаючы і пэнсіянэраў. Тыя мусілі адбыць дзьве праполкі, а часта — калі калгас ня меў іншай сілы — дагледзець да канца, выкапаць, пачысьціць і пагрузіць на трактары. Не пайсьці на буракі было раўназначна бунту ці адкрытай апазыцыі. Не апалоўшы буракі, нельга было атрымаць сена, каня ці талёнаў на цукар.

Таму на буракі хадзілі да сьмерці. Чым больш старэла вёска — тым ніжэй згіналіся постаці на бураковых палетках — пакуль урэшце самыя нямоглыя не станавіліся ў баразёнках на калені.

Бурак — адно са словаў, якому ўдалося амаль цалкам выцесьніць зь беларускага лексычнага поля свой іншамоўны адпаведнік. Нават на трасянцы мала хто кажа „сьвякла“. І нават беларускія расейцы стараюцца вымавіць: бурякі.


Бусел

            Рыгор Барадулін

Бусел, бацян, служка перуна, ногі ў пажары, сьвятая птушка ў беларусаў...

У тую хату ніколі ня ўдарыць пярун, якая на гарбе страхі нясе буслова гняздо.

На дрэве кладуць зьежджанае кола — сымбаль руху і сонца, каб бусел ладзьбаваў сабе гняздо, бусьлянку.

Паданьне распавядае, як Госпад даў чалавеку мех і сказаў занесьці ў пекла. І адначасна не глядзець, што ў мяху. Чалавек, вядома, не ўтрываў і разьвязаў мех, а адтуль нечысьць распаўзлася па зямлі. За гэтую правіну Госпад зрабіў цікаўнага чалавека буслом і загадаў зьбіраць нечысьць. А каб хоць трошкі скрасіць ягонае жыцьцё, даручыў буслу прыносіць вясну, прылятаць на зьвеставаньне, на самае сьвятое сьвята, на якое сам бусел гнязда не ладзьбуе, а дзяўчына касы ня чэша.

Малым тлумачылі, адкуль яны — іх бусел прынёс у капусту.

Бусел адчувае ліхалецьце, галодны год. Тады ён скідвае з гнязда лішнія яйкі, каб не выводзіць дзяцей у галоднае жыцьцё.

Уладзімер Караткевіч назваў сваю найвыдатнейшую кнігу пра прошласьць і прышласьць Беларусі „Зямля пад белымі крыламі“.

Дзеці нязлосна цьвеляцца з буслом: „Бусел-бусел-клекатун, схапіў жабу за каўтун, валачыў, валачыў і ў балоце памачыў“. Ці так: „Бацян, бацян, даўганосы, прапіў боты, а сам — босы“.

У нас, на вушацкай зямлі, каб бусел рабіў шырэйшыя кругі, падпявалі: „Буцян, буцян, круці кола, дам курыцу на Міколу“.

А цяпер мне часам гучыць рэклямна: „Буцян, буцян, круці кола, дам бутэльку „кока-колы“.


Бюракрат

            Вольга Караткевіч

Чалавек, які сядзіць пры пісьмовым століку (франц. bureau) з тоўстым сукном і мае на ім уладу (грэцкае kratos) — гэта й ёсьць бюракрат. Бюракрат абазначае, паводле слоўніка Булыкі, службовую асобу, якая пры выкананьні сваіх абавязкаў асноўнае значэньне надае форме, а ня сутнасьці справы.

У Беларусі бюракратаў заўсёды бязьлітасна выкрывалі. Вельмі шчыравалі тут літаратары — і Андрэй Мрый, і Якуб Колас, і Аляксей Карпюк. Аднак наймацней іх закляйміў Пімен Панчанка ў „Паэме сораму і гневу“:

Няхай агнём бязьлітасным гарыць
Сьвет бюракратаў, махляроў і гадаў.


Бюст

            Сяргей Харэўскі

Бюст па-француску — гэта грудзі. Або яшчэ паясны скульптурны партрэт.

У Беларусь гэтае слова патрапіла з Расеі разам зь бюстамі расейскіх цароў. Напрыклад, бюсты Аляксандра Другога — „асвабадзіцеля“ стаялі ў Менску і Магілёве, у Шклове ды Бабруйску і нават у купалаўскіх Бяларучах на Лагойшчыне.

Але сапраўдны шал бюстызацыі пачаўся за бальшавікамі. Спачатку скінулі бюст цара й замянілі яго бюстам Карла Маркса з гіпсу. Яго ж беларусы й разьбілі першым, калі бальшавікі ўцяклі былі зь Менску. Калі ж яны вярнуліся, дык заставілі ўсю Беларусь бюстамі. Першым жа помнікам у паваенным Менску стаў бюст Дзяржынскага, які глядзеў на будоўлю гмаху КГБ. Пасьля пачалі ставіць бюсты на радзіме герояў: спачатку — вайны, потым — космасу і, нарэшце, — сацыялістычнай працы. Апошнім савецкім бюстам стаў помнік Грамыку, міністру замежных справаў СССР, у вёсцы Старыя Грамыкі на Гомельшчыне. І цяпер гэтая самотная галава, прыцярушаная радыяцыяй, сузірае спусьцелую „радзіму героя“. І першым жа бюстам, скінутым пры незалежнасьці, стаў помнік Карлу Марксу, што стаяў разам зь бюстам Леніна ля будынку былога ЦК.

У сваім першародным сэнсе слова бюст прыйшло да нас у 80-ыя гады. Слова бюстгальтар, вывернутае на ўсялякія лады ў беларускім роце, было вядомае крыху раней, калі ім сталі замяняць уласныя станікі ды гарсэцікі. Але тое, што грудзі ў жанчын завуцца па-культурнаму бюстам, стала ведама люду паспалітаму зь „перастройкаю“. Кароткае замежнае слова эканоміць і час, і адчуваньні. Але й блытае. „Шыкоўны бюст! Прыгожы бюст!“ — можна сказаць і пра гранітную халодную галаву, і пра стан дзявочы. Аднак нават самы гарадзкі беларус усё ж скажа, што маці дае немаўлятку цыцку, а ня бюст. Бо бюст — гэта слова, пазбаўленае цела.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000