A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Ц
Цемрашал Сяржук Сокалаў-Воюш Цемрашал — слова вясёлае. Яно — асноўны атэістычны тэрмін, пры дапамозе якога савецкая прапаганда вяла барацьбу з рэлігійнасьцю масаў. Слова цемрашал прыдумаў Кандрат Крапіва на ўзор расейскага „мракобес“. Чаму слова ўзьнікла ў нашым стагодзьдзі — ня ведаю. Ці то раней у Беларусі гэткай зьявы, як цемрашальства, не было, ці то зьява была, ды заставалася безназоўнай. „Цемрашалы настойліва ўбівалі ў галовы сваіх ахвяр: несупраціўленьне злу, нянавісьць да зброі, сьвяшчэннасьць і непарушнасьць законаў сэкты“ — чытаем прыклад у тлумачальным пяцітамовіку беларускае мовы. У розныя гады ХХ стагодзьдзя цемрашаламі ў Беларусі абвяшчаліся розныя людзі: цемрашал Будны, цемрашал Цяпінскі, цемрашал Сваяк. Усе яны былі рэлігійнымі дзеячамі ды працавалі на нашую культуру.А вось рэлігійны дзеяч Сымон Полацкі, які шмат сілаў паклаў на культуру расейскую, цемрашалам не абвяшчаўся. Вясковыя бабулі на слова цемрашал хутчэй за ўсё нездаўменна паціснуць плячыма — маўляў, пра што гэта? ЦК Сяргей Навумчык У слоўніку беларускай мовы адно слова пачынаецца гэтымі дзьвюма літарамі, цк — цкаваць. ЦК ж як абрэвіятуры не было ў слоўніках — і, відаць, ужо ня будзе. Хоць на працягу трох чвэрцяў дваццатага стагодзьдзя менавіта ЦК вызначаў лёсы людзей і народаў, цкаваў і ўзьвялічваў, распачынаў войны і плянаваў перасоўваньне рэк. ЦК панаваў дзесяцігодзьдзямі, а сканаў — за адзін жнівеньскі дзень 1991 году. Для пісьменьніка, акадэміка ці дырэктара заводу ўвайсьці ў склад ЦК лічылася больш прэстыжным, чымся ў Вярхоўны Савет — бо уключэньне ў ЦК было найвышэйшаю ступеньню партыйнага даверу. Затое выключэньне з ЦК было ня проста стратаю прывілеяў, а прадвесьцем публічнай ці нават фізычнай сьмерці. Наагул, розных ЦК было шмат — у кожнай саюзнай рэспубліцы, акрамя ЦК кампартыі і ЦК камсамолу, былі яшчэ і ЦК галіновых прафсаюзаў. Але ўсе яны былі толькі часткаю бюракратычнае піраміды, на вяршыні якой знаходзіўся ЦК КПСС на чале з Палітбюро. Звычайны беларус слова „цэка“ амаль не ўжываў, бо просты чалавек меў дачыненьні з начальствам зусім іншага маштабу — з брыгадзірам, старшынём калгасу, участковым. Некалі ў энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі ЦК будзе стаяць ў адным шэрагу з такімі паняцьцямі, як ЧК і Чарнобыль. Цнатлівасьць Андрэй Дынько Цнота, то бо чэснота, спачатку была якасьцю мужчыны, чэснага ваяра. Яе можна было заслужыць сьмеласьцю, разумнай стрыманасьцю, сілай духу, адданасьцю. Пра гэта сьведчыць і лацінскі адпаведнік цноты, virtus, ад vir — мужчына; гэта значыць — „заслуга мужчыны“. Мужчынскае неўнікнёна ставала агульначалавечым, і цнота паступова стала абазначаць дабрачэснасьць увогуле, каб урэшце ня ўнікнуць дэвальвацыі ў цнатлівасьць, уласьцівасьць хутчэй жаночую. Добра быць цнатліваю дзяўчынаю, кепска быць цнатлівым хлопцам. Мужчыны дамагаюцца ад жанчын цнатлівасьці. Мужчынам падабаецца разбураць. Бо разбурэньне — гэта авалодваньне. Зруйнаваць — значыць апанаваць. Расейцы насадзілі сваю ўладу ў Беларусі, ламаючы ўсе нашы цноты — ад цэркваў і ратушаў да ляндшафтаў і правапісу. Калі Купалава „Раскіданае гняздо“ мэтафара, дык гэта мэтафара зваяванай і падуладнай краіны. Паніч дурыць галаву Зосьцы, а Сымонка грае на скрыпачцы… Імпэрская ідылія! Ёсьць нешта рамантычнае ў слове „цнота“ і нешта трагічнае ў слове „цнатлівасьць". Беларусы й цяпер застаюцца ў стане вартай жалю мужчынскай цнатлівасьці. Вобразна кажучы, у Беларусі няма алькагалізму, у Беларусі спойваюць малалетак. Цукар Сяржук Сокалаў-Воюш Цукар — слова заходняе, нямецкае. Затое сам цукар мы маем свой — беларускі, зроблены з цукровых буракоў. Хто зь беларусаў не прайшоў бураковага выхаваньня! Побач з калгасьнікамі стаялі на полі літарай Г і зьбіралі салодкі ўраджай рабочыя, студэнты, школьнікі, вайскоўцы і навукоўцы. Хто-хто, а яны добра ведаюць горкую цану збору цукровых буракоў. У савецкія часы нашыя буракі, з ідэйных прычынаў, здалі свае салодкія пазыцыі ідэйна блізкаму кубінскаму цукроваму трысьнягу, зь якога братні кубінец вырабляў і прысылаў нам жоўты цукар. Апрача цукровых буракоў у Беларусі вядомыя цукровы гарох і цукровы боб. Ад слова цукар паходзяць цукернік, цукраварня і цукерка. Прымаўка кажа, што саладзейшыя за цукар для беларуса толькі сон і каханьне. Дома дзеці бралі цукар у лыжку, грэлі яе на агні. Цукар плавіўся, пеніўся, і зь яго выплаўляліся брунатныя, хрумсткія з прысмакам дыму лізунцы. Падфарбаваныя ў розныя колеры, але зробленыя тым самым спосабам пеўнікі на палачках прадавалі на вуліцах цёткі. А ў гэты самы час іншыя дарослыя бралі 20 грамаў дрожджаў, 10 літраў вады, 5 кіляў цукру і… Але гэта ўжо не пра цукар. Цывілізацыя Валянцін Акудовіч Цывілізацыя — гэта калі куды вокам ні кінь, усюды бачна ня створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя зямная куля, як цесны пакой, спрэс застаўленая людзкім наробкам. І гэты рукатворны сьвет ужо мае сваю веру — тэхнічны прагрэс, свайго Бога — атамную бомбу, свой судны дзень — ядравы апакаліпсыс. Тут усё амаль як і ў тым, нерукатворным. З адной толькі розьніцай — Бог стварыў белы сьвет для птушак, зьвяроў, Адама і Эвы, а чалавек выштукаваў цывілізацыю выключна дзеля самога сябе. 6 мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайну сусьветнай цывілізацыі, каб забясьпечыць хлебам і камфортам свой біялягічны від. Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак гэты маленькі чалавек, які стварыў такую магутную цывілізацыю! Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага існаваньня, гіганцкі малох цывілізацыі бяз роздыху перамолваў на друз той жыцьцядайны сусьвет, што аднойчы быў створаны Богам? Я таксама запытаўся ў сябе, і мне зрабілася вусьцішна. Цэгла Сяргей Харэўскі Безь яе няма ані добрай печы ў вясковай хаце, ані трывалага падмурку. З цэглы складзены палацы ды вязьніцы. У Максіма Танка яна — сымбаль няволі: „…Шэрай цэглай шэра муры глядзелі“. А ўва Ўладзімера Дубоўкі — гэта сымбаль стварэньня: — Выдатна,— кажа майстар,— малайчына! — Гэтае слова, як і многія іншыя, прывандравала да нас разам з вандроўнымі дойлідамі зь Нямеччыны. Цэгла, кахля, цыгель… А датуль цэглу звалі плінфаю. З тых плінфаў складзены Сафійскі сабор ў Полацку. Цэглу выраблялі ў Беларусі там, дзе была гліна. Ца-Гліна. А гліна была паўсюль. Таму ў кожным мястэчку існавалі адмысловыя прадпрыемствы — цагельні. Толькі ў Менску іх было зь дзясятак. На цагельнях выраблялі і цэглу, і дахоўку, і кахлю. Кожная цагліна ганарыста пазначалася фірмовым кляйном гаспадара цагельні: Макарэвіч, Сьлепян, Рубенчык… Прадукцыя менскае цагельні Авэрбуха нат атрымала залаты мэдаль на сусьветнай выставе 1909 году ў самім Рыме… Цэгліна — цяжкая ў руках. Цаглінка — маленькая ў вялікім муры. Паў-цагелак — прыдатны куды падаткнуць, але непаўнавартасны, ня цэлы… Трывалы, як цагляны. Плыве, як цэгла. За гады савецкае ўлады ўсе цагельні былі закрытыя. Паўсталі вялізарныя заводы. Аднак цэглы станавілася ўсё меней, а дахоўка ды кахля зьвяліся наагул. Пачалі вырабляць белую, сылікатную цэглу, якая хутка цьвіце й крышыцца. Зь яе паналепвалі ў 60-ыя цэлыя раёны „хрушчовак“. Нарэшце, і гэтая цэгла стала дэфіцытам. Савецкія дамы пачалі складаць з бэтонных блёкаў. Дом блёчны ці цагляны? — пытаюцца беларусы. Цагляны, вядома, лепшы. Здаравейшы, цяплейшы. Цярэшка Рыгор Барадулін Асабліва на Полаччыне захавалася даўняя, лічы, паганская традыцыя жаніць Цярэшку. Усе ўдзельнікі гэтай каляднай дашлюбнай гульні моладзі становяцца ў два шэрагі, па чарзе выбіраюцца „дзед“ і „баба“. Спачатку „дзед“ ловіць „бабу“. Пачынаецца вясёлая прыгода, усе падпяваюць: Дзед бабу лавіў, лавіў, Па традыцыях паганства словы ня дужа выбіраюць: Пастаі, бабулька, у кутку, Мэлёдыя традыцыйная, а словы дасьціпныя і юрлівыя. Дзед бабе чугай пашыў, Калі „дзед“ зловіць „бабу“, „баба“ пачынае лавіць „дзеда“: Пастаі, дзядулька, у кутку, Калі „дзед“ і „баба“ ўзаемна папераловяцца, тады пачынаецца застольле — бліны, каўбасы, розныя прысмакі і, вядома, гарэлка свайго вырабу. Над закусьсю мудрылі дзяўчаты, стараліся, каб смашней. Гарэлка была клопатам хлопцаў. Дзеці таксама жэняць Цярэшку. У іх таксама застольле, праўда, не пяршак, а так званая „перагонка“ на стале. Ну, вядома, дзеці не сьпявалі: Цярэшку бяда стала — Так моладзь рыхтавалася да сямейнага жыцьця, вясёла і незаклапочана. Клопат прыйдзе пасьля.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |