A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Х
Хабар Сяргей Навумчык Слова хабар паходзіць зь цюрскай мовы. Хабар у ХХ стагодзьдзі — гэта зусім ня тое, што было ў мінуўшчыне. Пляшка самагону брыгадзіру ад бабулькі, каб даў каня ўзараць соткі пад бульбу. Мех той самай бульбы ад брыгадзіра — начальніку рамонтнай майстэрні, каб па-за чаргой давёў да ладу трактар. Скрыня каньяку ці зуброўкі начальніку маскоўскага глаўку ад менскага міністра, каб уключылі ў плян дабудову якога-небудзь прамысловага гіганта. У падобных выпадках хабар выглядаў спосабам выйсьці зь лябірынтаў сацыялістычнай эканомікі, адміністрацыйнай сыстэмы ці так званага „самага справядлівага правасудзьдзя“. І ніхто ня кіне камень у маці, якая несла хабар пракурору, каб вызваліць несправядліва засуджанага сына. Але было і інакш, і хабарам магла выступаць — пэўны факт — калекцыйная стрэльба за дзясяткі тысячаў рублёў, якую Машэраў ад ЦК КПБ падараваў Леаніду Брэжневу на ягоны чатырохзорны юбілей. У апошнія пяць гадоў нашага стагодзьдзя ў хабара зьявілася слова-спадарожнік — такса. Любая паслуга — ці то паступленьне ў інстытут, ці то пазачарговае атрыманьне візавага штампіку ў пашпарце — мае свой дакладны грашовы эквівалент. Заўважана, што хабарніцтва буяе там, дзе ўлада начальства, а ня ўлада закону. Халява Рыгор Барадулін Бот складаецца зь перадоў, заднікаў, падэшвы, запяткаў, альбо абцасаў, і самае галоўнае — з халявы. Халявы могуць быць кароткімі і даўгімі, калянымі, наглянцаванымі, мяккімі ірховымі, суровымі іхтовымі. Халявы, можна сказаць, аблічча ботаў. Адсюль і прыказка: „Відаць пана па халявах“. А пра тое, калі ад ботаў толькі засталіся халявы, кажуць: „Пан у ботах, а сьлед босы“. І на пачатку ХХ-га стагодзьдзя, і асабліва ў сярэдзіне яго адмысловую ўвагу шаўцы аддавалі халявам: каб сонечных зайчыкаў ганялі, як люстэркі — так патрабавалі заказчыкі. Апошнім часам слова „халява“ было адарвана ад ботаў і пачало ўжывацца ў іншым сэнсе. Халява — значыць дармаўшчына. На халяву — гэта значыць на дурня напіцца, наесьціся, ці чым палатацца. Ст’юардэсы любяць анэкдот. Міжнародная лінія. Разносяць выпіўку, закусь... Падыходзіць ст’юардэса да саўка і прапануе выпіць ды падмацавацца. Ён у адказ: „Бабак няма“, і так некалькі разоў. Тады ст’юардэса зьвязалася з сваім аэрапортам, там растлумачылі, што бабкі — гэта гатоўка, грошы. І ўжо сьмела падыходзіць ст’юардэса да саўка дый кажа: „Халява, сэр“. Прасьвятлеў савок і пачаў даваць два пляны — па выпіўцы і закусі. Сапраўды, як у прыказцы: „Піў, як у бот ліў“. Таго, хто любіць жыць на халяву, завуць халяўшчык. Відаць, у нас насьпела ўжо неабходнасьць стварыць таварыства халяўшчыкаў і назваць яго „Халява“. Адны і тыя ж на прэзэнтацыях, на прыёмах, на ўгодках. Гэта халяўшчыкі кажуць: „На халяву і гарчыца салодкая". Хапун Віталь Цыганкоў Хапун — красамоўнае сьведчаньне трагічнай пераемнасьці беларускай гісторыі ХХ стагодзьдзя, калі добра вядомыя словы набываюць новы сэнс і новае жыцьцё. Калі сёньня журналісты апісваюць падзеі, зьвязаныя з вулічнымі масавымі акцыямі апазыцыі, то „хапун“ — лепшае слова для перадачы экспрэсіі моманту. Затрыманьне, рэпрэсіі, перасьлед — усё гэта недастаткова, усё гэта занадта агульна і бесстаронна. „Хапун“ — іншая справа, ад слова адразу вее гарачынёй падзеяў. Сказаў „хапун“, і адразу ўсё зразумела, адразу ў галаве паўстае маляўнічая карціна разгону мітынгу альбо дэманстрацыі, калі людзі ў цывільным вылоўліваюць удзельнікаў акцыі ў дварах альбо на вуліцах. Гэта якраз тое, што журналісты дый самі актывісты падобных акцыяў называюць найчасьцей „хапуном". Хапун — гэта калі бяруць усіх без разбору, не зважаючы, хто ўдзельнік, а хто проста цікаўны мінак. Калі на працягу дня некалькі сябраў Цэнтравыбаркаму атрымліваюць позвы ў пракуратуру альбо затрымліваюцца ў аўтамабілях, гэта таксама хапун, толькі трошкі іншага кшталту. Самы вялікі і страшны хапун адбываўся ў Беларусі ў 1930-ыя гады, калі ўначы чорныя варанкі вывозілі людзей назаўсёды. Калі ў канцы 1980-ых сталі шырока гаварыць пра маштабы сталінскіх рэпрэсіяў, слова „хапун" у гэтым кантэксьце ўпершыню зьявілася ў беларускай прэсе. Зразумела, што пяцітомны Тлумачальны слоўнік 1977–1984 гадоў выданьня ня кажа нічога пра сталінскія рэпрэсіі. Хапун мае там два наступныя значэньні. Першае — тое, што і „хапуга“. Але другое значэньне ня можа ня ўразіць: хапун — атрад карнікаў. Слоўнік дае прыклад: „У вёскі пацягнуліся паліцэйскія і нямецкія атрады праводзіць аблавы... Гэтыя атрады называлі хапунамі“ (М.Лынькоў). Вось такія гістарычныя паралелі. А беларуска-расейскі слоўнік Яна Станкевіча сягае яшчэ глыбей: „Хапун — паводле народнага павер’я: чорт, які хапае жыдоў у ноч пад Новы Год“. Так што хапун мае багатае мінулае ў нашай мове і рэчаіснасьці. І, здаецца, багатую будучыню. Хартыя Вольга Караткевіч Хартыя нясе з сабою дэкляратыўнасьць. Хартыя суадносіцца са словам грамата й паходзіць ад лацінскага charta, якое, у сваю чаргу, ад грэцкага chartion — памяншальнае формы ад chartes, што азначае папера. Слова chartion у множным ліку і ёсьць хартыя, такім чынам, шмат паперак ці дакумэнтаў. Першапачаткова хартыяй называлі старажытны рукапіс або матэрыял, на якім пісалі, — папірус ці пэргамэн. У першых нашых летапісах ужо фігуравала гэтае слова — хартыя. У сярэднявеччы слова хартыя азначала дакумэнт, грамату, якая давала або пацьвярджала правы або вольнасьці. Добра вядомая „Вялікая хартыя вольнасьцяў“ — грамата, паводле якой ангельскі кароль Джон Безьзямельны ў 1215 годзе змушаны быў прызнаць абмежаваньні каралеўскае ўлады на карысьць фэўдальных баронаў. Ангельскі чартызм таксама ад хартыі. „Народная хартыя“ — гэта праграмны дакумант чартызму. Зь ёй ангельскія рабочыя ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя патрабавалі роўнасьці. У беларускі кантэкст ХХ стагодзьдзя слова хартыя прынесла хваля рэвалюцыяў. Слова хартыя займела патэтычны характар. Прыкладам, „хартыя Леніна“. І нават паэтычны — вось што пісаў беларускі паэт Мікола Хведаровіч: Раскрыты старонкі праўдзівых законаў, Але ня „ленінская хартыя“ стала самай слыннаю ў ХХ стагодзьдзі. Найперш — Хартыя, або Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, прынятая падчас канфэрэнцыі ААН у Сан-Францыска. Гэтая хартыя ўвайшла ў моц 24 кастрычніка 1945 году. „Хартыя-77“ была прынятая ў сьнежні 1976 году і абвешчаная 1 студзеня 1977-га. Гэта — ініцыятыва чэскіх і славацкіх апазыцыянэраў. Пазьней у Эўропе паўстала яшчэ адная хартыя — беларуская „Хартыя-97“. Яна дзейнічае як грамадзкая ініцыятыва і выступае ў абарону незалежнасьці Беларусі і павагі да правоў чалавека. Нашая „Хартыя-97“ вельмі дэмакратычная — там нават няма кіраўнічага бюро. Усе актывісты й актывісткі называюцца хартмэнамі. Хата Сяргей Шупа Слова хата фіксуецца ў народных гаворках толькі трох моваў — беларускай, украінскай і польскай. Ягоная дарога да нас была вельмі даўгая і таямнічая — дасьледнікі выводзяць ягонае паходжаньне ці то з старажытнавугорскай мовы, куды яно трапіла з мовы авэстыйскай, ці то з гоцкай. Для беларусаў слова хата зрабілася адным з самых родных і дарагіх. Хата — нешта цёплае, роднае, блізкае і зразумелае, у адрозьненьне ад халодных абстракцыяў кшталту „народ“, „дзяржава“, „айчына“. Свая хатка як родная матка. Як у сваёй хатцы — кажа беларус пра месца, дзе адчувае сябе добра і ўтульна. З хаты пачынаецца гаспадарка і гаспадар. Хата — галоўны асяродак існаваньня, прастора назапашваньня жыцьцёвых скарбаў. Хата — гэта канкрэтны пункт лучнасьці чалавека зь зямлёю. Хата бароніць ад варожага сьвету, ад прыродных і чалавечых стыхіяў, аднак часам гаспадар мусіць ісьці ў сьвет, каб бараніць сваю хату і тое, што ў ёй. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сялянская хата была пераважным тыпам жытла беларусаў. З прыходам урбанізацыі беларусы паперасяляліся ў дамы, кватэры, камуналкі, хрушчоўкі. Аднак мінуў час, і слова хата перабралася за беларусамі ў горад. Гэтак сёньня — нават калі гавораць па-расейску — называюць любое сваё жытло. У хаце родзяцца і гадуюцца дзеці, у хаце кахаюцца, жывуць і паміраюць. У хаце прымаюць гасьцей — і частуюць іх, чым хата багата. З хаты чалавек сыходзіць у сьвет — каб зноў і зноў вяртацца. Дахаты. Хатынь Сяргей Дубавец Хатынь — назва беларускай вёскі, якая сымбалізуе тыя 136 нашых вёсак, што ў мінулую вайну былі спаленыя разам зь людзьмі і больш не адрадзіліся. За савецкім часам Хатынь стала самым яркім і вядомым знакам Беларусі ў сьвеце. Яе называлі ў адным шэрагу з чэскай Лідзіцэ, літоўскім Пірчупісам, францускім Арадурам. Але нідзе ў іншых краінах фашысты не спалілі столькі вёсак, колькі ў Беларусі. Чаму менавіта Хатынь абралі спачатку фашысты, а пасьля — савецкая прапаганда? Па-першае, перад тым, як вёску спаліў украінскі карны батальён, недалёка адсюль партызаны забілі нейкага фашыстоўскага чына. І спаленьне Хатыні было адказам на акцыю савецкіх партызанаў. Цяпер мы ведаем, што такі правакацыйны характар насіў увесь партызанскі рух, кіраваны з Крамля. Па-другое, справа ў сугучнасьці, у гульні словаў: Хатынь — Катынь. Катынь — месца на Смаленшчыне, дзе напярэдадні вайны чэкісты расстрэльвалі палонных афіцэраў польскага войска. Сугучнасьць дазваляла савецкай прапагандзе затуліць факт сталінскага генацыду фактам генацыду фашыстоўскага. У часе перастройкі Хатынь паступова перабралася ў шэраг новых сымбаляў беларускай трагедыі ХХ стагодзьдзя і заняла сваё месца паміж Курапатамі й Чарнобылем. Што да паспалітага народу, дык ён застаўся да гэтых сымбаляў абыякавым. Памятаю, у Менску дваццацігадовае даўніны, такую сцэну. Жанчына, магчыма, прыежджая, разам зь дзіцем доўга разглядала значкі ў кіёску „Саюздруку“. Нарэшце яна сказала: „Мне, пожалуйста, два значка — колокольчик и машинку“. „Які калакольчык?“ — пытаецца кіяскёрка. „Да вон тот, где Хатынь написано“. Хлеб Рыгор Барадулін „Хлеб наш надзённы дай нам сягоньня!“ — моліць людзтва Ўсявышняга ўжо якое тысячагодзьдзе. Хлеб — аснова жыцьця. Хлеб надзённы і хлеб духоўны. На ім трымаецца людзтва. Хлеб зь зерня — кроплі Вечнасьці, а зерне сьведчыць пра неўміручасьць жыцьця. Подавы хлеб, каравай вясельны — паўтараюць аблічча сонца. „У поце аблічча свайго“ сказаў Госпад чалавеку зарабляць хлеб. Хлебам вымяраецца праца, хлебам вымяраецца багацьце, хлебам вымяраецца вартасьць хлебароба. На дзяжу садзяць маладую, каб плоднаю была. Праз кажух вітаюць гасьця, каб быў багатым і касматым, як густая рунь. Не пералічыць усіх ідыёмаў, выразаў у мове, зьвязаных з хлебам. „Зарабіць на хлеб", „мець на хлеб", „жыць на ласкавым хлебе"... Падхлебіцца — значыць падлашчыцца. Падхлебнік — па-сучаснаму — падхалім. Хлебнік — карміцель. Перш чым адкроіць лусту, бохан цалуюць і ксьцяць нажом. „Хлеб-соль“ — жадаюць, заходзячы ў хату. „Хлеб на зямлі гаспадар“, а людзі — „соль зямлі“, — як сказана ў Сьвятым Пісьме. Хмара Рыгор Барадулін Хмара, хмурынка, хмарка. Нябёсы і хмурацца, і хмарацца. На хмары, як на агонь і ваду, можна глядзець бясконца. Хмары ніколі не надакучаць, хмары ніколі не падобныя, яны зьменлівыя, яны рознааблічныя. Глядзець на хмары — значыць чытаць думкі вышыні, бо нябёсы думаюць хмарамі. Хмары — думкі бяз словаў. Думкі бываюць сьветлыя і ценяпадныя, вясёлыя і цяжкія, адпаведна такія ж і хмары. У Эклезіяста „таму ня жаць, хто сочыць за хмарамі". У чалавека, як і ў нябёсаў, бывае хмарны настрой, хмарны стан душы. Казачны кілім-самалёт — гэта добрая хмара, якая ўздымае і акрыляе мару, робіць яе блізкай недасяжным абсягам прадоннае вышыні. Хмары кунежаць сонца. Дождж сьмяецца праз хмары. Хмары вяшчаюць, хмары прарочаць, хмары караюць. Чарнобыльская хмара засланіла нашую радасьць. Хмары, як людзі, і людзі, як хмары, — думаюць, маючы сподзеў на лепшае. Ахінуты хмараю, Усявышні зьяўляўся перад Богаабранцам. Хуліган Сяргей Дубавец Слова хуліган першымі згадкамі назаўсёды зьвязанае зь дзяцінствам. „Ат, хуліган!“ — ухвальна ківалі галавою дзядзькі, калі паўгадовы хлопчык пачынаў поўзаць, адразу парушаючы задуманы дарослымі маршрут. „Сярожа, не хулігань!“ — казала бабуля на чарговае свавольства ўнука. Пасьля, калі да дзіцячай кампаніі наведваліся хуліганы з суседняга двара, слова патроху набывала тое нядобрае гучаньне, зь якім увайшло ў крымінальны кодэкс. Там яго падзялілі на дробнае хуліганства, простае хуліганства і злоснае хуліганства — з асобым, так бы мовіць, цынізмам. Сэнс слова расшыфроўваўся тут як грубае парушэньне грамадзкага парадку. Сёньня названыя артыкулы часьцяком інкрымінуюцца за справы палітычныя — за насьценныя антылукашэнкаўскія графіці, дэмантаж помніка сувораму акупанту або і проста за пікеты й дэманстрацыі. Такая практыка жыва нагадвае сталіншчыну 30-х гадоў. Паэт Антон Бялевіч ува ўспамінах распавядае пра рэдактара пухавіцкай раёнкі Панкратава, які ў раённым клюбе пачаў разам з усімі танцаваць. Далей цытата: „І раптам, як бура, у клюб уварваўся першы сакратар райкому партыі таварыш Хіжынкаў: — Фуліган! — наскочыў ён на Панкратава. — Ты не рэдактар, а фуліган! Ты аўтарытэт камуніста топчаш тут“. Неўзабаве ў рэспубліканскай прэсе зьявіўся артыкул „Пухавіцкай газэтай кіруюць варожыя людзі!“ Ішоў 36-ы год. Няцяжка здагадацца, што стала зь вясёлым рэдактарам. Літара „ф“ у цытаваным „фулігане“ наводзіць на думку, што ў беларускай мове ён зьявіўся адносна нядаўна. Напэўна, у расейскай таксама. Скажам, у слоўніку Бракгаўза хуліган фігуруе як запазычаны з ангельскай. А этымоляг Фасмэр удакладняе — слова паходзіць ад ірляндзкага прозьвішча Хуліган.. Энцыкляпэдыя Брытаніка называе нейкага Патрыка Хулігана, які ў 1898 годзе добра нахуліганіў у Лёндане. Выходзіць, слова — раўналетак нашага стагодзьдзя. Што б там ні ўчыніў той бузацёр Патрык, а ягонае імя сёньня шырока гуляе па плянэце разам зь піўнымі і футбольнымі, паветранымі, вулічнымі і кампутарнымі, тэлефоннымі і фінансавымі, мясцовымі і заежджымі, айчыннымі й міжнароднымі і яшчэ Бог ведае якімі парушальнікамі грамадзкага спакою — хуліганамі. Хутар Сяржук Сокалаў-Воюш Наконт паходжаньня слова хутар ёсьць некалькі вэрсіяў. Паводле адной зь іх хутар — запазычаньне са старанямецкай, дзе яно мела значэньне часткі акругі, паводле другой — з вугорскай, у якой яно азначала мяжу. У Беларусі хутары існавалі з XVІ стагодзьдзя. Старадаўнія фальваркі або засьценкі — чым былі не хутары? Ад хутару ідуць: хутаранец, хутаранін, хутаранка, хутарок, хутарны, хутарскі, хутарэц. Асаблівае месца ў гэтым шэрагу займае слова „хутарызацыя“: перасяленьне сялянаў зь вёсак на хутары. Бальшавікі лічылі хутаранаў апірышчам самадзяржаўя. А вось самі хутаране лічылі сябе апірышчам сваёй сям’і і стваральнікамі ўласнага дабрабыту і дабрабыту краіны. Апантаны ідэяй „купіць зямлі, прыдбаць свой кут“, Міхал з Коласавай „Новай зямлі“ марыў пра хутар. Тады як героі Мележа, Чорнага, Зарэцкага жыцьцё паклалі на змаганьне з хутаранамі. І зьнішчылі хутаранаў як дробнаўласьніцкую варожую клясу, а хто супраціўляўся — расстралялі. Гэта быў пачатак канца дбайнага гаспадараньня на беларускіх абшарах. На зьмену яму прыйшлі калгасы й саўгасы, дзе ўсё было супольнае, гэта значыць — нічыё. А гаспадарлівасьць перавандравала на гэтак званыя прысядзібныя ўчасткі, якія дапамаглі выжыць, але зусім не пасаблялі жыць.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |