A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Ч
Чалавек Анатоль Вярцінскі Чалавек — чало і век — асобіна, што мае чало — мае свой, адметны воблік і мае сваё месца ў часе і гісторыі. Звацца чалавекам — было вышэйшым духоўным, грамадзкім, нацыянальным ідэалам для Купалы. Але хоць колькі жыць тут буду, І далей: А чаго ж, чаго захацелась ім, Гэта адвечнае імкненьне беларусаў было ўважана і знайшло ўвасабленьне ў словах Устаўнай граматы Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 году, а потым у артыкулах Канстытуцыі ад 15 сакавіка 1994 году, у якой чорным па беламу запісана: чалавек зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю грамадзтва і дзяржавы. Як склаўся лёс гэтых гуманных вясновых актаў — вядома. Уладам пэўнага тыпу больш зручна і выгадна гаварыць з папулісцкім пафасам ад імя народу і імем народу, і вельмі нязручна і цяжка вельмі вымаўляць гэта простае і добрае слова — чалавек. Чарга Рыгор Барадулін Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, між іншым, дае і такое значэньне слова „чарга“: „група людзей, якія чакаюць атрыманьня чаго-небудзь у парадку чарговасьці і разьмяшчаюцца звычайна адзін за адным“. Гэта — агульнае вызначэньне чаргі, амаль нармальнае. Але на працягу савецкай улады слова „чарга“ мела своеасаблівы сэнс. У слоўніку пра гэта падсподна вырвалася: „група людзей, якія чакаюць атрыманьня чаго-небудзь“. Не „чаго-небудзь“, а ўсяго, пачынаючы ад хлеба і солі і канчаючы месцам на могілках! У савецкі час у чэргах нараджаліся, у чэргах паміралі. Прыкладам, адзін чалавек выстойваў чэргі, каб накупляць хоць трошкі гарэлкі на памінкі па жонцы. Чарга задушыла — сканаў сам да памінкаў. У чэргах выхоўваліся ў духу адданасьці ідэям. У чэргах раскашавалі сэксоты — людзі казалі амаль усё, што думалі. Органы бясьпекі давалі заданьне сэксотам на распаўсюджваньне „патрэбных“ чутак, плётак пра асобаў, якія не падпарадкоўваліся рэжыму. Чарга была на ўсё: на кватэру, на стол, на тэлевізар, асабліва — на дэфіцыт. А дэфіцытам рабілася ўсё. Чаргу выручаў „блат“. Узгадваецца, як у менскім ЦУМе хлопчык румзаў: „Тата, купі!..“ Тата: „Не магу, няма“. А малы ў адказ: „Тады купі па блату!“. І не займалі толькі чаргу пленумы партыі, яны дзяліліся на „чарговыя“ і „нечарговыя“. Людзям заставалася адно ўсьміхацца. „Чарга — як качарга, вырабі ўсё, што „нельга“ і „льга“. Чарга — за чарговым дэфіцытам. Чарга Сяржук Сокалаў-Воюш Чарга, чаргаваньне, чарговасьць. У гэтых словах парадак жыцьця чалавека — сьпіс справаў на тыдзень, месяц, год. Правілы паводзінаў за сталом: у першую чаргу тое, потым другое, потым трэцяе. Першы тост за нагоду, другі за Беларусь, трэці за каханьне. У складзе савецкай імпэрыі беларусы спазналі чэргі па ежу, па жытло, па заробкі, па адпачынак ці да лекара. Адпаведна час нарадзіў чарговыя выразы: жывая чарга, у першую чаргу, па-за чаргой і без чаргі. Бальшыня зь іх тычыцца канкрэтнай сацыяльнай групы. Так, па-за чаргой або без чаргі маглі нешта атрымаць людзі ўлады альбо іхныя халуі. Выключэньні з правіла — вэтэраны вайны, маці-гераіні і хворыя-калекі ды двойчы героі сацыялістычнае працы, якія почасту выклікалі абурэньне ў тых, хто стаяў у чарзе. Затое выстаяць чаргу ці жывая чарга — прывілей людзей, не абцяжараных уладай. Савецкая чарга нумар 1 — чарга ў Маўзалей, куды прадстаўнікі прыўладнай вярхушкі краіны заходзілі без чаргі — як замежныя турысты. Хто апошні? Скажыце, што я за вамі. Вы тут не стаялі — выразы, народжаныя чэргамі. Яшчэ адно значэньне слова чарга: пэўная колькасьць боезапасу, выпушчаная з аўтаматычнай зброі за адзін прыём. Кулямётная, аўтаматная чарга. Сьведкі сталінскіх расстрэлаў згадваюць, што апрача разавых пісталетных стрэлаў, зь месцаў забойстваў чуліся і кулямётныя чэргі. Чарніла Уладзімер Арлоў Чарніла — сучасны адпаведнік старабеларускага атраманту. У 60-ыя гады ХХ стагодзьдзя слова чарніла пачало імкліва губляць свой ранейшы сэнс, перавандроўваючы ў слэнг. У малодшых клясах сярэдняе школы мы ведалі, што чарніла — гэта тое, чым мы пішам, зьмесьціва нашых шкляных або парцалянавых чарніліцаў. У старэйшых клясах мы ўжо спрэс карысталіся шарыкавымі самапіскамі й добра засвоілі, што чарніла — гэта паганае таннае віно: „Пладова-ягаднае“, „Яблычнае“, „Прамень“, „Вэрмут“. Украінскія вытворцы забясьпечвалі беларускіх аматараў чарніла папулярным гатункам „Біле міцне“. Азэрбайджан шчодра паіў Беларусь „Агдамам“ і „Санцадарам“. Беспрасьветна густы „Санцадар“ меў поўнае права звацца чарнілам і ў першасным сэнсе гэтага слова. Недапітым „Санцадарам“ можна было без праблемаў напісаць ліст. На пачатку 90-х гадоў быў час, калі здалося, што чарніла зьнікае з нашых крамаў, саступаючы свае пазыцыі напоям, якія мелі большыя падставы афіцыйна менавацца віном. Але новыя вятры дзьмулі нядоўга. Паводле шматлікіх просьбаў працоўных і нават без рэфэрэндуму чарніла трыюмфальна вярнулася і разам з гарэлкаю зрабілася адным з асноўных прадуктаў харчаваньня для катастрафічна вялікай часткі насельніцтва. Што праўда, пры гэтым чарніла набыло, так бы мовіць, сувэрэнны прысмак. На месцы колішніх „агульнасаюзных“ назваў на налепках зьявіліся найменьні кшталту „Белая вежа“ або „Водар мяты“, празваны ў народзе „Морда мятая“. Апошнім часам паўпустыя паліцы айчынных крамаў аздобілі магутныя батарэі пляшак з надзіва моташным паводле водгукаў спэцыялістаў чарнілам „Александрыя“. Пітушчы электарат замілавана перахрысьціў „Александрыю“ ў „Родзіну празідзента“, а найбольш дасьціпныя жлукты любоўна перайменавалі новы напой у „Сьлёзы Галіны Радзівонаўны“. Паведамленьне пра тое, што якраз гэтае пітво ўпрыгожвае сьвяточны стол грамадзяніна Лукашэнкі, зь незалежных крыніцаў пакуль не пацьвердзілася. Член Сяргей Дубавец Царкоўнаславянскае слова „член“ у гутарковай беларускай мове гучыць як звышэмацыйнае. Вінаватая ў гэтым прыналежнасьць слова да комплексу фізіялягічных тэрмінаў. Таму член не эстэтызуецца ў нас гэтаксама як, скажам, зона або орган. Палавы член і член КПСС або член-карэспандэнт — для беларускай мовы гэта непераадольнае збліжэньне звышэмацыйнага і эмацыйна нэўтральнага ў адной аманімічнай пары. Прычына, відавочна, у прадузятым стаўленьні беларуса да ўсяго цялеснага, найперш зьвязанага з эротыкай і сэксам. Вось чаму ўжо першыя рэфарматары і стваральнікі беларускай мовы імкнуліся „разьвесьці“ амонімы на два розныя словы. Вацлаў Ластоўскі прапаноўваў члены цела называць чэлесамі, а членаў таварыства — чальцамі. Да сёньня яшчэ нельга сказаць, што гэтыя наватворы прыжыліся. Але ўжо шмат хто карыстаецца імі. На хвалі моўнага адраджэньня часоў Дэклярацыі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі замест члена з агульнае маўклівае згоды пачаў шырока выкарыстоўвацца „сябар“. Гэты факт пацьвярджае зноў жа зусім не імкненьне адстароніцца ад расейскае мовы, а згаданае эстэтычнае непрыняцьце звышэмацыйнага члена. Праўда, „сябар“ на месцы члена стварае для карыстальніка беларускае мовы пэўныя праблемы. Сябар партыі або калегіі адвакатаў гучыць хутчэй як прыхільнік, а ня ўдзельнік партыі ці калегіі. Яшчэ больш блытаная сытуацыя стварылася з членам цела. Дзякуючы „Дамавікамэрону“ Адама Глёбуса прыдуманае Ластоўскім слова „чэлес“ устойліва асацыюецца цяпер з мужчынскім палавым органам і ні з чым іншым. Таму спроба Васіля Сёмухі выкарыстоўваць гэтае слова ў перакладах біблейскіх тэкстаў у шырэйшым значэньні прыводзіць часам да анэкдатычных вынікаў. Словы пра патрэбу даглядаць і берагчы чэлесы свае могуць успрымацца з эратычным падтэкстам. Акрамя ўжо згаданага ўдзельніка, „Слоўнік сынонімаў“ прапануе яшчэ і супольніка, і партнэра. Але й тут поўнае дакладнасьці няма. Не эўфэмізуецца ў беларускай мове член. І канца пошукам пакуль не відаць. У такіх выпадках справа, відаць, зрушыцца не мэханічнай заменай аднаго слова на другое, а зьменаю стэрэатыпаў, якія пануюць у грамадзтве, і самога грамадзтва. Некалі жывая плынь беларускае мовы, безумоўна, знойдзе прымальныя для ўсіх назовы згаданых паняцьцяў. І гэта ўжо ня будзе эстэтычна чужое і звышэмацыйнае слова „член".
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |