A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Д

Дакопкі

            Алена Ціхановіч

Апошнія барозны. Поўныя мяхі. Пот і стома. Павуціньне і залатое лісьце. Дакопкі.

Дакопкі, як адлёт журавоў, азначаюць істотную зьмену краявіду — па дакопках з палёў, разараных прыдарожных палосак, лапікаў-сотак зьнікаюць сагнутыя постаці. Узьнёслым стылем такая праца называецца „пакланіцца зямлі“, а простая цётка скажа: цэлае лета над гэтай бульбай рачкавала. Мала дзе ў сьвеце на зломе тысячагодзьдзяў выжываньне чалавека застаецца нагэтулькі залежным ад яго ўласных аграрных высілкаў.

Выкапаная бульба — пражыты год. Поўны склеп — сытая зіма. Ураджай мераецца ня толькі мяхамі, але якасьцю: буйная ці дробная, каросьлівая ці чыстая… Яшчэ больш парамэтраў выяўляюцца на стале: сопкая ці мыльная, жоўтая ці белая, свойская ці „кабанская“. Так апрабоўваюцца дзясяткі новых гатункаў, якія прыйшлі на беларускія палі: „тэмп“, „сантэ“, „ласунак“, „адрэта“, „аганёк“, „велікан“, „верас“, „траскуха“…

Дакопкі, як і дажынкі, знаёмыя і калгаснаму полю. Толькі дажынкам было суджана стаць дзяржаўным сьвятам, а дакопкі застаюцца нечым прыватным, сямейным.

Дакопкі — ня фэст, а факт: на гэты год — з бульбай. І так — з году ў год, стагодзьдзе за стагодзьдзем.


Даляр

            Алена Ціхановіч

За 20 кілямэтраў ад славутага чэскага курорту Карлавы Вары ляжыць мястэчка Яхімаў. Звычайнае правінцыйнае чэскае мястэчка, з касьцёлам, парай „піўніц“ і кавярняў, старымі дамкамі.

За нямецкімі часамі гэтае малое места называлася Яхімсталь. Тут у 1518 годзе была адбітая першая партыя высакапробных срэбных нямецкіх „яхімсталераў“. Яны хутка набылі папулярнасьць па ўсёй Эўропе, сталі ўзорам для біцьця манэтаў у іншых дзяржавах. Заскладаная назва скарацілася, і ў розных краінах сьвету яна зьведала невялікія мадыфікацыі — у Скандынавіі стаў вядомы далер, у Гішпаніі — далера, у Вялікім Княстве Літоўскім — талер, у Ангельшчыне — долар. Такім чынам, словы даляр і талер — аднаго кораня.

Талеры прыйшлі ў Беларусь у XVI стагодзьдзі, а ў XX-ым, абярнуўшыся па сьвеце, вярнуліся далярамі. Першыя даляры зараблялі й прывозілі з Амэрыкі эканамічныя эмігранты: у даваеннай Заходняй Беларусі на іх яшчэ можна было купіць зямлю. Потым для даляраў была адведзеная выключна запаведная гандлёвая тэрыторыя „Бярозак“. За незаконныя валютныя апэрацыі саджалі. Законапаслухмяныя грамадзяне баяліся даляра ня менш, як антысавецкай літаратуры. І толькі калі рублёвыя зьберажэньні пачалі ператварацца ў дым, калі абясцэнілася золата, амаль усе ўнівэрсальныя функцыі зьберажэньня, назапашваньня і гандлю перанесьліся на даляр. Зьявілася новая прафэсія валютнага мянялы ці валютчыка.

Паколькі ў апошнія гады стагодзьдзя даляры ходзяць паміж грамадзянамі і ў эканоміцы толькі пад прылаўкам, само слова стала таксама як бы невымаўляльным: яго раяць не гаварыць праз тэлефон ці на базары. Быў выпадак, калі адну з гандлярак стадыёну „Дынама“ цалкам распранулі міліцыянты — каб знайсьці ў яе забароненыя даляры. Таму гэтае слова набыло шмат сынонімаў — зялёныя, баксы, умоўныя адзінкі.


Даміно

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Даміно. Гульня. Найбольш папулярная ў гарадзкіх дварах, у заводзкіх бытоўках. Можна гуляць на два канцы, а можна і на чатыры. Той, хто прайграў, — казёл. Той, хто выйграў, мусіў бы быць даміно, але… Гэткае азначэньне ў нас не прыжылося…

Слова „даміно“ паходзіць ад лацінскага выразу „benedicamus Domino“, „славім Пана“ з каталіцкай літургіі. Словам „даміно“ спачатку называлі накідку з капюшонам, якія насілі ўзімку ксяндзы. Па іх колеры сталі называць костачкі для гульні.

У нас дамінавалі партыя, ідэалёгія, КГБ, генэральныя сакратары… Леанід Брэжнеў любіў даміно. Ён забіваў „казла“ разам са сваімі ахоўнікамі. Як бы ні скончылася гульня, ён заставаўся між імі панам, вечным даміно. А вось у дварах і бытоўках былі толькі казлы і тыя, хто выйграў.


Дастаць

            Антаніна Хатэнка

Усе людзі ад прыроды гульцы. Дый жыцьцё падобнае да вялікай заўзятай гульні. Ці хто каго, ці хто з кім.

Чалавеку малому й сталаму трэба цацка, якую ён будзе даглядаць, якою ён будзе выхваляцца. А дзе й сваю недасканаласьць цацкаю прыкрые — ці то аўтамабілем, ці то шыкоўнай кватэраю, ці футрам. Маўляў, вось маю, дасягнуў, ня горшы за ўсіх вас.

Але бываюць гэткія часы й гэткія краіны, калі цацку для жыцьцёвае гульні прыдбаць заскладана.

Памятаю, які дзясятак гадоў таму ці ня ўсе мы апантана гуляліся ў драматычную гульню пад назваю „дастаць".

У аднаго тут роля дабрадзея, які нешта дастае, у іншага — прашэньніка. Потым ролямі мяняюцца. І дастаецца ўсё, што душа сьніць — машыны, дываны, лекі, хаты, пасады, кнігі, сукенкі, мэбля, посуд.

Гульня закручвае, захапляе, робіцца падобнай да хованак.

Зьвялася цяпер ушчэнт гульня, а лёгкае слоўца „дастаць“ зьмяніла акрасу. Цяпер мы скрыўджана адмахваемся адно ад другога: „Адчапіся! Не даставай!“. Цяпер мы абураемся: „Ну й даставучы ж ты!“. А самыя дасьціпныя абразьліва кпяць: „Ня будзь Дастаеўскім!".

Жытка нашая вымучыла, дастала.


Дах

            Даніл Альпяровіч

Слова гэтае беларусы прыдбалі, кажуць, у Польшчы, а палякі, у сваю чаргу, завезьлі яго безь ніякіх зьмен зь Нямеччыны. Дах і па-нямецку, і па-польску гучыць аднолькава: „Dach, dach“. І калі тым жа шляхам, з Захаду на Ўсход, праехаць сёньня нават на пырхаючай „Ладзе“ і пачаць вандроўку ад яснай, чыстай, скрозь чарапічнай чырвані шатровых, мансардавых альбо ярусных дахаў нямецкай Баварыі, то далей фарбы дахаў нібыта згаснуць — значыць, вы ўжо недзе ў былой ГДР. А калі пераедзеце цераз Одэр, у Польшчы вам кінуцца ў вочы двухсхільныя дахі з прычолкамі, ці больш звычныя — двухспадавыя, але ўсё болей крытыя гонтай, дранкай ці яўна ваўкавыскім шыфэрам альбо ацынкаванай бляхай, прыдбанымі шчэ ў савецкія часы па мізэрным савецкім кошце, прыдбанымі „по блату“ не без дапамогі сваіх беларускіх сваякоў пасьля ўдалага гандлю чым-небудзь дэфіцытным недзе на гарадзенскай барахолцы.

Чым бліжэй да Беластоку, тым часьцей будзе трапляцца будыніна, крытая чаротам альбо саломай. Такія пакрыцьці не назавеш „дахам“, гэткія называюць страхою.

Але сёньня гаворка не пра іх. А пра дах.

Беларускі дах ведамы чытачу ня горш, чым мне. Ад Буга пачынаецца чарга дзівосных збудаваньняў, якія недасьведчаны чалавек можа прыняць за замкі альбо кляштары. Іх дахі, усіх ведамых будаўнікам кшталтаў, пакрыты часьцей за ўсё не якім-небудзь мясцовым шкадлівым для здароўя шыфэрам альбо, крый Божа, дранкай, а чырвонай нямецкай альбо прыбалтыйскай дахоўкай. І купленай не за канаючы беларускі рубель.

Калі нехта, нават чалавек з рызыкай альбо які-небудзь харызматычны народаабраньнік, рабіў давераную справу неахайна альбо недасьведчана, то яго спынялі, памінаючы і спасылаючыся на ўсё той жа дах — „Злазь з даху, ня псуй гонту!“…


Дача

            Віталь Цыганкоў

Вызначэньне слова „дача“ ў беларускім тлумачальным слоўніку пры канцы ХХ стагодзьдзя ўспрымаецца з тужлівай іроніяй: „Загарадны дом для адпачынку гараджан“. Які адпачынак?!! Сёньняшні „гома дачнікус“ штурмуе зь вёдрамі і торбамі электрычкі. Ягоная ідэалёгія ўнікальная па сваёй прастаце: „Працаваць трэба“. Гэтыя людзі ўважаюць, што адпачываць на ўчастку проста непрыстойна. Няшчасныя пяць сотак засланяюць для іх увесь сьвет. Тэатры, кіно, прагулкі зь дзецьмі на выходных, выезды на прыроду засталіся недзе там, у пераддачным жыцьці. Дачнікамі сталі журналісты і інжынэры, міністры і рабочыя.

Беларуска-савецкі дачнік апошніх дзесяцігодзьдзяў — гэта далёка ня той чэхаўскі тып, які шпацыраваў сярод садоў, што пахлі бэзам і чаромхай, вальяжна фліртуючы з млявымі паненкамі.

Тыя дачы разам з тымі дачнікамі зьніклі пасьля 1918 году, а наўзамен зьявіліся дзяржаўныя дачныя гарадкі для партыйных дзеячаў, акадэмікаў і пісьменьнікаў. Менавіта такім дачам пісьменьнікаў быў прысьвечаны ананімны „Тарас на Парнасе“ ХХ стагодзьдзя — „Сказ пра Лысую гару“, адзін з разьдзелаў якога прысьвечаны балючай для кожнага дачніка праблеме здабыцьця ўгнаеньняў:

Адзін празаік меў удачу:
Купіць гаўна ён бочку змог.
Прыпёр упоцемку на дачу
І начапіў цяжкі замок.

Замежнікі зьведваюць пэўныя праблемы пры перакладзе слова „дача“. Часьцей за ўсё яны мусяць проста адмовіцца ад пошукаў дакладнага адпаведніка і запазычваюць гэтае слова адзін у адзін: the dacha. Ну, праўда, ня вілай жа яе называць!

Слова „лецішча“ для дачы, кажуць, вынайшаў пісьменьнік Ян Скрыган яшчэ да эпохі гома дачнікусаў. Цяпер яно здаецца занадта лірычным для дачы, на якой працуюць, як валы.

Ёсьць нешта няшчасна-сацыялістычнае ў дачным шаленстве, у корпаньні ў гародзе ад ночы да ночы. Але большасьць сёньняшніх гараджанаў — былыя сяляне альбо дзеці сялянаў, і зямля для іх пасьля ўсіх войнаў і голадаў стагодзьдзя ўяўляецца адзінай карміцелькай. Дача — гэта савецкі сурагат свайго дому, прыватнай уласнасьці, што дазволіць сабе могуць вельмі нямногія. Беларускія гаспадыні горда хваляцца выгадаваным агурком, прыгаворваючы: „Са сваёй дачы!“ І гэта мае асаблівы сэнс у грамадзтве, дзе нельга сказаць: „Са сваёй крамы“.


Джаз

            Сяргей Дубавец

Нельга даслухаць да канца, нельга выключыць, бо гэта заўсёды толькі пачатак, працяг гучыць у табе. Ня можа надакучыць, бо не прэтэндуе на ўвагу. Як бы нехта сказаў: ня хочаш, ня слухай. Выкананьне джазу — нібы птушыны сьпеў: яго дастаткова самому сабе, галоўнае гучаць, а ня тое, каб нехта слухаў.

Джаз не патрабуе ад слухача акадэмічнай наструненасьці, як клясыка, або рок-н-рольнай разьвязанасьці. Пад яго добра весьці машыну ў далёкі горад або нясьпешна гутарыць зь сябрам.

Ніводная ідэалёгія ня можа паставіць яго сабе на службу, бо ён са сваімі сынкопамі-збоямі ўжо паводле вызначэньня „няправільны“ і адкідае канон. Таму ідэалёгія заўсёды помсьціла джазу, называючы яго то „музыкай тоўстых“, то музыкай здраднікаў: „Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст".

Джаз — музыка ХХ стагодзьдзя, што, паводле адной з вэрсіяў, атрымала сваю назву ад імя канкрэтнага чарнаскурага музыкі Чарльза. З таго часу джаз стаў велізарным культурным мацерыком з сваімі клясычнымі мэлёдыямі і культавымі творцамі. У Беларусі джаз не разьвіўся, бо ня мог зрабіць гэтага ў жорсткіх рамках таталітарнага быту. Але гэта ня значыць, што ў нас ня граюць і ня любяць джазу.

...Ён бярэ саксафон або сядае да фартэпіяна, найграе знаёмую мэлёдыю і зараз жа адрываецца ад яе, выходзіць у космас імправізацыі. Толькі зрэдку, штрышком-паўнамёкам ён дае зразумець, што гэта ўсё яшчэ „Караван“ Элінгтана, або, калі хочаце, беларуская „Купалінка“.

Джаз — музыка свабоды.


Джынсы

            Алена Ціхановіч

Джынсы — сіне-блакітная рэвалюцыя 70-х. Ідал моды, якому прынесеныя ў ахвяру камсамольскія ідэалы, студэнцкія стыпэндыі, вясковыя парсючкі. Адзежына, якая, сьцягваючы сьцёгны, фізычна занявольвае, але маральна разьнявольвае: „Я ўжо не такі савецкі, я іншы. На мне адзнака Захаду, болей самаўпэўненасьці“. Блакітная мара — джынсы.

Першыя джынсы заўсёды былі як удар маланкі — на танцах, у бары, на лекцыі, на экзамэне і нават на партсходзе. На джынсы азіраліся, зайздросьцілі, зьбіралі грошы.

Джынсы — ці не адзіная адзежа, якую беларусы, прадстаўнікі шляхотнай па прыродзе нацыі, не лічылі за абразу насіць з чужога — ну, хай не пляча, а самі ведаеце чаго. Таму што чым больш паношаныя, тым больш модныя. Каму ж даставалася новая апратка, мусіў для фасону пацерці яе пемзай ці цэглай, ці паварыць у хлёрцы. Як сьпявалі піянэры, „джынсы „Мантана“ ня рвуцца, а толькі труцца, труцца, труцца“.

Слоўнік Уэбстэра знаходзіць, што гэтая ўнікальная тканіна на самой справе нарадзілася не ў Амэрыцы, а ў італьянскай Джэнаве, ці Генуі. Цяпер гэта ня мае істотнага значэньня, бо джынсы сталі сваімі паўсюль. Шусь — нага, шусь — другая, джыг — замочак, і вас абляпілі джынсы.


Дзяды

            Рыгор Барадулін

Зь сівой даўніны ідзе беларускі народны звычай памінаць нябожчыкаў, заснавальнікаў роду. Сям’я зьбіралася ўвечары за памінальным сталом, і ўзгадвалі шчырым словам тых, хто пакінуў сьвет гэты, і маўчалі, і чарку бралі, каб Дзядом добра было на тым сьвеце.

На Дзяды гатавалася ад сямёх да адзінаццацёх страваў — вясковая куцьця, бліны, клёцкі з душамі, яечня, кумпячына. Стол мусіў быць багаты, каб Дзяды бачылі, як іх вяльмуюць, ведалі, што нашчадкі не зьвялі гаспадаркі. Гэта да катла зьвярталіся жартам: „Чорт бы на цябе гаварыў, каб ты варыў заўсягды, як на Дзяды“. Дзядам пакідалася чарка з гарэлкаю, на асобным посудзе клалася патрохі ад усіх страваў, уночы Дзяды мусілі прыйсьці і падсілкавацца, хоць яны і так сядзелі з усімі за сталом нябачна.

Дзяды бываюць зьмітраўскія, траецкія, піліпаўскія. Яны ідуць сваёй паравінаю. У беларускай паэзіі вобраз Дзядоў — адзін з самых небатаемных. Але найбольш глыбока раскрыў беларускі звычай Адам Міцкевіч у аднайменнай паэме.

Традыцыю шырокага сьвяткаваньня Дзядоў узрадзіў Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне“, кілямэтровыя шэрагі ішлі ў Курапаты, ставілі там крыж у памяць ахвяраў. Дзяды бароняць ад бяды.


Дранікі

            Юрась Бушлякоў

У шэрагу страваў з бульбы ёсьць у нас даступныя кожнаму дранiкi. Ядуць iх усюдых у Беларусi: яны й драчы, i драчонiкi, i дзербнiкi, i дзяронiкi, i дранкi, i нават дзеруны. Называюцца так, бо маюць першааснову — драную бульбу. А далей ужо хто як любiць цi ў каго на што ёсьць: або да бульбы дабавяць проста мукi й солi дый падсмажаць на распаленай i сквiрчлiвай ад алею патэльнi да скарыначкi, або нафаршыруюць цi грыбамi, цi яйкамi, цi рыбаю, цi мясам i возьмуцца смажыць, таксама да абавязковае румянае скарыначкi. І будуць тады дранiкi хрумсьцець на зубох. Дзiвяцца нярэдка, едучы дранiкi, прышлыя людзi — так смачна й добра, i нават iм ня верыцца, што гатуецца гэтая смаката так проста. Адзiн мой нядаўны румынскi госьць аж так упадабаў дранiкi, што ўсё ўдакладняў рэцэпт — замерыўся гатаваць iх у сябе дома.

Бяз дранiкаў не ўявiць беларускае кухнi. Памятаецца, як некалькi гадоў таму стваралi ў запале пошуку сваёй альтэрнатывы амэрыканскаму „Макдональдзу“ беларускае бiстро — сьледам за прыдуманым у Расеi бiстром расейскiм. Дык вось за адну з асноўных страваў нашага бiстра абралi дранiкi. Смажаныя на камбi-тлушчы, яны вельмi смакуюць наведнiкам пад слабанацэненую там беларускую гарэлiцу.

На мяжы тысячагодзьдзяў дранiкi застаюцца знакам беларускага. Нездарма адзiн зь беларускiх сайтаў у Інтэрнэце яго стваральнiкi назвалi максымальна ясна — дранiкi. І страва ўнiвэрсальная, i сайт на розныя густы. Дранiкi — той наш атрыбут, якому беларусы пакуль нязьменна верныя. Хто-нiхто нат ня супраць таго, каб процiпаставiць нашыя дранiкi зьненавiдным iншаземным прысмакам. Так вось i было на сёлетнiм „Славянскiм базары“, на адным з канцэртаў якога давялося пачуць прыпевачку:

Як я дранiкi ўсё ела,
Дык нiдзе мне не сьвярбела,
Як я „сьнiкерсаў“ паела,
Дык усё мне засьвярбела.


Друк

            Вінцэсь Мудроў

Друк, як сьведчыць Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, гэта ня што іншае, як сукаватая палка. Палка — рэч звычайная, але тым ня менш яна пакінула адметны сьлед у гісторыі нашага народу, бо часьцяком гуляла па сьпінах непакорлівых беларусаў.

І ў гэтым сэнсе самым важкім і сукаватым быў, безумоўна, партыйна-савецкі друк. Вось што пісала наконт гэтага, скажам не без іроніі, Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя: „Савецкі друк — важны сродак палітычнай асьветы масаў... Гэта прапагандыст, агітатар і арганізатар, дзейсная зброя ў ажыцьцяўленьні актуальных задач камуністычнай партыі“.

У наш час выхаваўчая роля друку яшчэ больш узрасла. Але сёньня друк — гэта ўжо ня нейкая там сукаванка, а літое, кампактнае, зручнае выкарыстаньне гумавае прылады. Яно вельмі дзейснае ў справе выхаваньня масаў, але карыстацца ім трэба са спрытам. Так, па студэнцкім карку трэба біць з замахам, з адцяжкаю, а па той жа прафэсарскай галаве наадварот — без замаху, але рашуча й хватка. Так, каб дручок аж загуў у напятай руцэ.

Прапагандысты й выхавальнікі сьціпла называюць гэтае прыладзьдзе спэцсродкам і тым самым прыніжаюць ягоную ролю ў жыцьці грамадзтва. Насамрэч гэты спэцсродак выхаваньня ўжо даўно стаў апошнім аргумэнтам і своеасаблівым сакральным сымбалем сёньняшняй улады.


Дрыгва

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Першае, з чым асацыюецца гэтае слова, — балота. Другое — аповесьць Якуба Коласа. А вось дрыгавічы, старажытнае племя, згадваюцца не адразу.

Дрыгва роднасная аднакарэнным літоўскаму і латыскаму словам са значэньнем „вільгаці“ і беларускаму дзеяслову „дрыгацца“.

Дрыгвяністы, дрыгвяны, дрыгвянае балота, дрыгвіна — адно месца ў дрыгве, а таксама назва ежы, якую цяпер мянуюць як „квашаніна“. Як бачым, вытворных ад дрыгва ня так і шмат. Няма ў нас ад гэтага слова ні назваў населеных пунктаў, ні прозьвішчаў. Выглядае, што для беларусаў гэтае слова штосьці большае, чымся топкая, балоцістая мясьціна. Гэта падсьвядома адчуваюць і беларускія пісьменьнікі, у якіх дрыгва амаль ніколі не асацыюецца зь нечым адназначна адмоўным. Дый наагул, беларус хутчэй скажа балота, багна, твань, імшара, імшарына, імшарышча, амшара ці нават алёс, чым дрыгва. Мы як бы ашчаджаем гэтае слова, бо адчуваем у ім паганскую пракаветнасьць.

„Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў“ — так паэтычна назваў адзін свой твор Караткевіч. У яго ж „Дзікае паляваньне караля Стаха“ паэтычна ляціць над той самай дрыгвой.

Як сьведчаць навуковыя крыніцы, на сёньня дрыгвяністыя месцы ў Беларусі засталіся пераважна на тэрыторыях некаторых запаведнікаў і заказьнікаў. Савецкая мэліярацыя амаль цалкам зьнішчыла дрыгву.


Дуда

            Міхась Скобла

Эх, скручу я дудку,
Такое зайграю,
Што ўсім стане чутка
Ад краю да краю.

І стала чутка, і стала жудка, і верш Францішка Багушэвіча як пракляты залом застаўся на беларускай ніве ў ХХ стагодзьдзі. Яго спрабаваў разблытаць Купала, дый ягоная дудка-жалейка дачасна зайшлася жалем. І Коласаў Сымон-музыка ня даў рады, хоць і сілкаваў свой талент „ад казак вечароў, ад песень дудароў“. А казка Дудара на імя Алесь у 20-я гады пачыналася зусім не на казачны лад: „Пасеклі наш край папалам“.

Вясёлыя сынонімы дудкі — сьверасьцёлка, сапёлка, шасьцяруха, пішчэлка, гульлівыя прыказкі накшталт „Без смыка і без дуды ходзяць ногі не туды“ ня здолелі адвадзіць містычнай багушэвіцкай жуды ад тых, хто адважваўся дудзець. І невядома, куды зайшлі ногі Ўладзімера Дудзіцкага, які бясьсьледна зьнік у 1968 годзе, даўшы згоду ачоліць Беларускую службу Радыё Свабода.

400 гадоў існуе дуда ў Беларусі. Нават на здольнага паэта ці песьняра сталі казаць „Божая дудка".

А калі на беларускім апазыцыйным мітынгу ў 90-я гады ўшаноўвалі хвілінай маўчаньня памяць Джахара Дудаева, чачэнскі герой не здаваўся чужаком, бо ягонае прозьвішча лёгла дзялілася на два беларускія словы.

А ў сучасных змагарных песьнях дуда нават захапіла першынство сярод вайсковых музычных інструмэнтаў.

Дуды над хлопцамі граюць трывожна,
Над полем бітвы сьпявае рог,
Тапчыце зямлю, легіёны Божыя,
Наперадзе вораг, за намі — Бог.

Гэта — гімн беларускага „Белага Легіёну“, чые ўлёткі прамаўляюць да людзей коратка, як стрэл — мы тут.


Дуст

            Вячаслаў Ракіцкі

Дуст — ядавітае рэчыва для зьнішчэньня шкодных вусякоў. І хоць гэтая атрута ўжо даўно забароненая для ўжываньня, памяць пра яе моцна жыве ў народзе.

Вось і я ўспамінаю сваё маленства, калі мы, „пионеры советской страны“, крочылі бясконцымі калгаснымі палеткамі, і хто клізмаю, а хто венічкам пасыпалі капусту, бульбу, кукурузу шэрага колеру атрутаю. А часам, бавячыся, і адзін другога.

А ўзімку елі тую ж капусту з дустам — атрутаю, якая дзесяцігодзьдзямі не раскладаецца.

Пазьней мы ў разумным часапісе прачыталі, што нават у ільдах Антарктыды знайшлі дуст, які няведама адкуль туды патрапіў, і ён захаваў свае якасьці.

Дзякуючы дусту засекі Радзімы поўніліся вітаміннай прадукцыяй. Зноў жа — дзякуючы яму, дусту, расла вытворчасьць клізмаў і венікаў.

Дуст паўплываў на тэхнічны прагрэс: зьявілася сельгасавіяцыя. Выплылі з аблокаў „кукурузьнікі“, і на вусеняў і на людзей пасыпаўся зь неба дуст..

Памяць фіксуе агітацыйны плякат: корчацца, дохнуць вусені, а над імі тры злавесныя літары: ДДТ, што на мове людзей простых і азначае дуст.

Дохлі вусені, калярадзкія жукі й птушкі. Савецкі народ аказаўся больш жывучым. Выжыў… І слова дуст ужывае цяпер ужо ў ядавітых жартах.

„Дустам іх пасыпаць, дустам!..“ — крычала сталага веку кабета на антыкамуністычнай акцыі ў Менску ў 90-м годзе. А зусім нядаўна ад сябра-ўкраінца я пачуў: „А вас Лукашэнка дустам яшчэ не спрабаваў?“ Падумалася: паспрабуе. Ні голадам, ні холадам, ні турмамі зламаць людзей не ўдаецца. Дустам трэба, дустам!

А ўвогуле, калі вяртаць камуну — дык з усімі яе атрыбутамі: і з дошкамі гонару замест заробкаў, і з палітінфармацыямі замест інфармацыі… І, натуральна, з дустам…

Працэс пайшоў. Вынік інтэграцыі з Усходам увасобіўся ў дусьце. Нядаўна на Камароўцы я пабачыў новы прэпарат:

ДУСТ
Кітайскі
супраць прусакоў


Душа

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Ува ўсіх славянскіх мовах слова душа гучыць падобна, бо паходзіць з праславянскай...

Шэсьць тлумачэньняў, а таксама 50 выразаў на слова душа падае Тлумачальны пяцітамовік беларускай мовы. У тлумачэньнях — абавязковыя процістаўленьні: у навуковым і антынавуковым разуменьні, у рэлігійным і атэістычным. Паводле савецкіх энцыкляпэдыяў, душа — гэта тое, чаго няма.

Кажуць, што сюжэт „Мёртвых душаў“ Гогаль адшукаў у Беларусі і вынес яго на сьвет цэлы. Ад таго часу і жывыя беларускія душы ў пошуку свайго месца пад сонцам церпяць пакуты. Таму душа беларуса часам пачынае дваіцца, што ўжо ў нашым стагодзьдзі заўважыў Максім Гарэцкі і напісаў „Дзьве душы".

Сказаць з адкрытай душой, што на душы маеш і па чым яна, гэтая самая душа, баліць — няпроста. Пагатоў, што ў адрозьненьне ад суседзяў душа беларуса — закрытая. Залезьці ў душу хацелі б многія, ды доступ туды — толькі для нямногіх абраных. Таму, хто прыйшоўся да душы, даруюцца хібы, пралікі, а часам нават і здрада. І ўсё ж ХХ стагодзьдзе спарадзіла ў дачыненьнях паміж людзьмі столькі бяздушнасьці, колькі наўрад ці было раней. На тых, хто верыў або меў душу, знайшліся душагубы ў выглядзе чэкістаў і іхных наступнікаў.

Праз усё існаваньне савецкай улады зьнішчаліся душы бязьвінных. У той самы час справаздачы пра посьпехі сацыялістычнай гаспадаркі крычалі пра эканамічныя дасягненьні ў разьліку на душу насельніцтва. Але паколькі душы — паводле савецкіх уяўленьняў — не было, то ёй нічога і не належала.


Дыван

            Антаніна Хатэнка

Ад самае восені пасьля дакопак кабеты хадзілі адна да адной у хаты й заўзята перамалёўвалі на вялізныя палотны паперы мудрагелістыя ўзоры. Гэтак задумваліся дываны.

Дываны расквечвалі жыцьцё ад народзінаў да праводзінаў. Дываны ў ромбікі, квадрацікі, вянкі, вясёлкі й птушкі — маляўнічыя сьведкі гісторыі, праява нацыянальнага сьветагляду.

Пэрсыдзкае слова дыван прыжылося ў нас, прынаравілася й пачувалася ня меней пашанотна, чым у Турцыі, дзе дыванам звалася раней рада саноўнікаў пры султане. Ня горай, чым увогуле ўва ўсходнім сьвеце, дзе дываны — і зборнікі лірычных вершаў, і ўрадавыя ўстановы.

Але пасьля... Пасьля ў гасподах зьявіліся замест канапаў „дзіваны“, бо гэтак зрабілася модна называць лежбішчы для мужчыны з газэтай. Пасьля рынуўся народ натоўпам ў сьпісы й чэргі, каб здабыць дыван — „кавёр“ — на сьцены й на дол, бо тое ж было знакам заможнасьці! „Жыву ня горш за суседа!“

А старое ласкавае слова дыван не пазнавала самога сябе, забывалася, што насамрэч яно азначае. Тканыя прабабулямі дываны, што зьберагалі магію ўлады ў шыфрах-узорах, перасяліліся на гарышчы, у цёмныя прыпечкі, нямыя каморы.

Цяпер у краіне раскашавалі „каўры“ і „дзіван“. Бабуля мая, калі ўрачыста ўнесьлі ў пакой канапу, абвясьціўшы яе „дзіванам“, заўпарцілася аддаваць дарагое слова, стала кпліва прыгаворваць: „ой, то ўжо выгода — на Йвана сяду, на Сідара ўглядацца буду“. „Сідарам“ яна празвала скрынку-тэлевізар, у Івана перахрысьціла „дзіван“.

Згадваю ейнае абурэньне й высновы. Праўду казала. На йванах пакорліва сядзім, на падманных сідараў углядаемся.


Дыяспара

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Дзьве тысячы гадоў таму грэкі назвалі расьцярушаны гэбрайскі народ „дыяспарай".

Нягледзячы на старажытнасьць зьявы, слова „дыяспара“ ў савецкіх слоўніках не было. Усіх, хто апынуўся па-за межамі СССР, апрача дыпляматаў, консулаў і шпіёнаў, на гістарычнай радзіме называлі здраднікамі, адшчапенцамі і нягоднікамі. Нават на дзе-якія прасавецкія эмігранцкія арганізацыі саветы пазіралі зь недаверам, хаця й выкарыстоўвалі іх у сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Пры канцы мінулага — пачатку гэтага стагодзьдзя дыяспара ў нашай мове з посьпехам замянялася словам „зямляцтва“, пагатоў што і зямляцтваў тых было няшмат. Пазьней, калі згуртаваная эміграцыя колькасна пабольшала і пачала складацца ў кожнай краіне зь некалькіх зямляцтваў, спатрэбілася новае слова, якое абымала б усе зямляцтвы таго ці іншага краю, а таксама зямляцтвы розных краёў. Гэтым словам і стала дыяспара. Аб’ектыўна беларуская мова не патрабавала такога наватарства. З посьпехам да значэньня дыяспара можна было разьвіць любое з наступных словаў: аб’яднаньне, супольнасьць, зьвяз, грамада, хаўрус, расьцярушаньне ды яшчэ многа іншых.

Слова „дыяспара“ ўвайшло ў нашую мову. Але дыяспарай не называюць беларусаў, якія жывуць па-за межамі сучаснай Беларусі, але на спрадвечна беларускіх землях — Смаленшчыне, Беласточчыне, Віленшчыне, Чарнігаўшчыне, Пскоўшчыне ці Браншчыне.

Найбольшыя беларускія дыяспары існуюць у ЗША, Аўстраліі, Аргентыне, Расеі. Адна з найбольш характэрных іхных рысаў — нацыянальная актыўнасьць у краінах жыцьця і ня меншая актыўнасьць у справе разнастайнай дапамогі Бацькаўшчыне. Дзякуючы дыяспары наш народ ня страціў ідэяў незалежнасьці, увасобленых у Беларускай Народнай Рэспубліцы.


Дэмакрат

            Вольга Караткевіч

На пытаньне „хто вы?“ беларускі апазыцыянэр сьціпла адкажа: дэмакрат. На пытаньне „хто прычына згаленьня насельніцтва?“ вялікая частка апошняга, якую дэмакраты грэбліва назвалі электаратам, упэўнена й адкажа — дэмакраты. У палітычных дэбатах каля гарадзкіх пад’ездаў і на вясковых лаўках беларускі люд чыхвосьціць хвалёную заходнюю дэмакратыю, якая навязвае братом па славянскай крыві свае, прымітыўныя, як гамбургер, дэмакратычныя стандарты. А таксама корміць тутэйшага дэмакрата, адзінай работай якога — ладзіць пэрформансы каля Менскае опэры ці дыскрэдытаваць палітыку дэмакратычна абранага першага прэзыдэнта Беларусі ў якім-небудзь Страсбургу.

Чаму на постсавецкай прасторы так ня любяць дэмакратаў? Таму што апроч „прыхільніка дэмакратыі“ для савецкага чалавека дэмакрат быў яшчэ „членам буржуазнай дэмакратычнай партыі“. У гэтым азначэньні тлумачальнага слоўніка слова „дэмакратычнай“ выразна саступае паводле экспрэсіі слову „буржуазнай“. Да таго ж першыя пазытыўныя дэмакраты хутка станавіліся злодзеямі — дэмакрат Гарбачоў разваліў краіну, Шушкевіч яму дапамагаў, а таксама будаваў лецішча маладэмакратычным шляхам — нібыта краў цьвікі.

Цяпер сярод беларусаў ёсьць нацыянальныя дэмакраты, хрысьціянскія дэмакраты, сацыяльныя дэмакраты і лібэральныя дэмакраты. Усе абсалютна розныя, але павязаныя адной мэтай — хутчэй гэтую дэмакратыю аднавіць.


Дэмбель

            Рыгор Барадулін

Кепскі той салдат, што зь першага дня службы ў арміі пра дэмбель ня думае, бо ў бацькоў-камандзіраў адна задача — каб служба раем не здалася.

Дэмбель — гэта дэмабілізацыя, дзень, калі падпісваюць загад аб сканчэньні службы ў войску. Тыя, хто падлягаюць дэмбелю, адлічваюць кожны дзень, і паўсюль, дзе можна, і нажамі выразаюць, а цяпер і флямастэрамі пішуць, колькі засталося да дэмбелю.

Дэмбелянты — гэта „старыя“, а маладое папаўненьне — „салагі“. Дэмбелянт загадзя рыхтуецца да чаканага дня, мяняе ўсё на новае — ад рэменя да чаравікаў.

„Салагі“ паслугоўваюць „старым“. Любяць дэмбелянты розныя фантазіі — ляжыць дэмбелянт, прыкладам, на койцы, а „салагі“ марудна нясуць койку й ціха пагойдваюць, а іншыя махаюць над ім галінамі — гэта дэмбелянт плыве ў дэмбель.

Дэмбелянтаў звычайна ня дужа загружаюць працаю. Праўда, калі патрапіць у няласку, начальства можа дэмбель падпісаць 31 сьнежня ўвечары або 1 студзеня. Сьвяткуй тады навагоднюю ёлку зь мядзьведзем, калі ён яшчэ дзе ацалеў.

Слова дэмбель грэе салдата сподзевам.


Дэфіцыт

            Сяргей Харэўскі

Колькі існуе цывілізацыя, гэтулькі ж існуе і дэфіцыт. Пра гэта сьведчыць і рымскае паходжаньне самога слова — брак, недахоп, нястача чаго-небудзь — прыкрыя, неадступныя спадарожнікі чалавецтва. Але ў лаціне яно гучыць як афіцыйнае паведамленьне: „дэ-фі-цыт“. Як непазьбежнасьць.

У савецкі час дэфіцытам магло стаць што заўгодна: ад кніг і чорнай ікры (чаму былі свае тлумачэньні) да невытлумачальнага дэфіцыту цукру ці гаспадарчага мыла. Дэфіцытам пачалі называць самі тавары, якіх бракавала. Гэтае слоўца было на вуснах у кожнага беларуса: „выкінулі дэфіцыт“, на прылаўку зьявіўся рэдкі тавар — „знайшоў дэфіцыт", „ухапіў дэфіцыту", „якіх бы дэфіцытаў да стала".

Каб разьмяркоўваць савецкія дэфіцыты пароўну, была і адмысловая форма гандлю — сталы заказаў. Для рабочых, для вэтэранаў, для дыябэтыкаў. Раз у месяц савецкі чалавек меў магчымасьць пакаштаваць дэфіцыту — таматнае пасты, марожаных курэй, кансэрваванага гарошку. Абавязкова ў нагрузку да дэфіцыту пакупнік мусіў прыкупляць і тое, што няма як прадаць: да томіка Караткевіча — палінялых вершыкаў, да польскага шампуню — зубнога парашку ў запыленай кардоннай пушачцы.

Зь перастройкай зьмест знаёмага слова пашырыўся: у мастакоў намеціўся дэфіцыт ідэяў, а ў моладзі заўважылі дэфіцыт маралі. Загаварылі пра дэфіцыт сумленьня і нават пра дэфіцыт духоўнасьці. Пакуль газэты й палітыкі дэбатавалі пра дэфіцытную эканоміку і дэфіцыт ідэйнасьці, аднекуль зьявіўся новы невядомы бязьлітасны сындром набытага імунадэфіцыту. Зь ягоным прыходам куча сацыялістычных дэфіцытаў ператварылася ў гару. Бракавала цяпер шпрыцоў, прэзэрватываў, посуду, лекаў, рыштунку і ўрэшце навукі.

Беларусі шмат чаго бракавала і бракуе сёньня. Колькі б людзі ні змагаліся з дэфіцытам, ён уваскрасае паўсюль, у розных праявах. А вось чаго ў Беларусі заўсёды хапала, на што дэфіцыту не было, як пісаў Караткевіч, дык гэта на кепскае начальства.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000