A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Э

Экстрэміст

            Павал Марціновіч

Карані слова „экстрэміст“ у лаціне — „схільны да скрайніх учынкаў“.

Скрайніх учынкаў у Беларусі ў гэтым стагодзьдзі было няшмат — усюдыісны рэжым перашкаджаў.

У 80-ыя мянушку прышчэпліваюць да ціхманага беларускага дрэўца: экстрэмісты з БНФ; экстрэміст Алесь Пушкін; пена экстрэмісцкая на хвалях перабудовы.

Страшылка „экстрэміст“ упала не на камень, а далучылася да жывучых у народзе страхаў. Страх, што заб’юць органы, што пасадзяць, што прападзе ўклад у ашчаднай касе. Кожны маладзён з Пагоняю і сапраўды быў экстрэмаю для абываталя. А вось экстрэміст — прадпрымальнік, экстрэміст — сябар Канстытуцыйнага суду, экстрэміст — генэрал-палкоўнік — не гучыць. Сямён Шарэцкі зь ягоным дабрадушным тварам на „акстраміста“ не выглядае.

Дало маху слова.


Электрычка

            Алена Ціхановіч

Цяпер баранавіцкія электрычкі наскрозь прапахліся клубніцамі. У Менск цёткі вязуць завязаныя бялюткімі марлямі кашы, назад — сьвежы хлеб.

Электрычка — сымбаль і сродак абмену месцамі. Электрычкай пераліваюцца, перацякаюць, перапампоўваюцца самыя вялікія масы людзей і рэчаў — з аднаго асяродзьдзя ў другое: з правінцыйнай стыхіі ў сталічную, гарадзкую. З паветра і прасторы — у тлум і цывілізацыю. І наадварот.

Электрычка — ня проста цягнік, які працуе на электрычнасьці. Гэта вагоны абкатаныя і абжытыя, дзе дарога складаецца з вольнага і нявольнага выбару — глядзець у вакно, чытаць, слухаць, есьці, спаць, гуляць у карты, купіць газэту ці марожанае, даць ці ня даць міласьціну...

Калі вы едзеце з расплюшчанымі вачыма, то электрычка перад вамі — і як вялізны групавы партрэт, і як краявід.

Гук электрычкі звычайна супакойвае. Голас нябачнага кіроўцы зьнітоўвае словы, парадак якіх на ўсё жыцьцё завучваецца, як пацеры: Фаніпаль, Бярэжа, Станькава, Койданава.


Эўра

            Аляксандар Лукашук

Эўра — слова эўрапейскае, але, на жаль, не беларускае — хоць выглядаць іначай магло.

Якога роду „эўра“ — жаночага, мужчынскага ці ніякага?

Папярэдні тэрмін, які прайграў эўра — экю — перакладаўся як „эўрапейская грашовая адзінка“. Эўра — таксама грашовая адзінка, кажуць прыхільнікі жаночага роду і дадаюць ускосныя аргумэнты: марка жаночага роду; апроч таго, у банках і біржах у канцы стагодзьдзя стала намнога больш брокераў і дылераў у спадніцах — ідзе фэмінізацыя фінансавай сфэры, і эўра павінна быць жаночага роду.

Другі пункт гледжаньня — эўра больш, чымся проста грошы, і таму найлепшы тут ніякі род, нэўтральнае паняцьце, якое ўсім у Эўропе сьвеціць аднолькава, як сонца. Праўда, няясна, што тады рабіць тым мовам, дзе няма ніякага роду, як, напрыклад, латыскай.

Прыхільнікі мужчынскага роду спасылаюцца на Нямеччыну, якая больш за ўсіх зрабіла для ўвядзеньня новай грашовай адзінкі. Немцы кажуць Der Euro — ён, мужчынскі род, як і ўва ўсякай цьвёрдай валюты кшталту даляра, фунта, франка. Патрыярхальную ідылію псуе хіба рубель.

Першыя дні актыўнага ўжываньня эўра далі такі вынік: па-расейску гавораць адзін эўра, па-ўкраінску — адна эўра, па-польску, па-чэску й па-славацку — адно эўра.

Стыхія беларускай мовы дапускае ўсе тры варыянты. Але мы маем прэцэдэнт — эскуда. Гэтая партугальская грашовая адзінка ўжываецца ў беларускай мове ў мужчынскім родзе: адзін эскуда.

Пакуль мы гаворым „адзін эўра“ — моўная практыка вызначыць канчатковы адказ на пытаньне, якога роду эўра па-беларуску. Дарэчы, наша мова таксама вызначыць, ці стане эўра беларускай валютай — калі гэта будзе сапраўды беларуская краіна, то эўра, безумоўна, стане і беларускай валютай, а Беларусь — эўрапейскай краінай.


Эўрарамонт

            Сяргей Харэўскi

Пра эўрапейскi памер, эўрапейскi стандарт, эўрапейскую якасьць мы сёньня чуем штодня. Ніхто ня скажа пра азіяцкі стандарт, нават калі гутарка ідзе пра японскія машыны або кітайскія тэрмасы.

Паказчыкам найвышэйшага дастатку стаў эўрарамонт.

Слова „рамонт“ паходзіць з францускае мовы. Гэтае слова прыйшло да нас у XVIII стагодзьдзі разам з францускімі, флямандзкімі ды саксонскімі дойлідамі і замяніла сабою ранейшыя: перарабленьне, адбудову, направу.

Эўрарамонт — зусiм сьвежы нэалягiзм. Ён зьявiўся ў 90-я гады з расейскае рэклямы, у якой мае пыхлiвае адценьне: маўляў, эўрарамонт — гэта не як ТУТ, а як ТАМ.

У беларускiм разуменьні гэтага слова пыхлівасьці няма. Эўрарамонт у Беларусi — гэта толькi якасна й хутка выкананая рапарацыя пры дапамозе найноўшых заходніх матэрыялаў i тэхналёгiяў. Эўрарамонт — гэта новыя вокны й дзьверы, столі й падлогі, бясконцы выбар фарбаў і прыладаў. А яшчэ — пераплянаваньне, калі ў стандартнай савецкай кватэры цесную кухню злучаюць з суседнім пакоем.

Калі багатыя беларусы сёньня робяць эўрарамонты, устаўляюць эўравокны і эўрадзьверы, дык паспалітым тое не па кішэні, але й яны шалююць свае буданы на шасьцi сотках эўравагонкай. Само памкненьне быць эўрапейцамi ня сьведчыць пра НЕэўрапейскасьць, а наадварот — пра невынiшчальнае жаданьне „людзьмі звацца“. Калi гэта адбудзецца, слова эўрарамонт выйдзе з ужытку. I якасны рамонт будзе звацца проста добрым рамонтам.


Эўропа

            Ігар Бабкоў

Ніхто ня ведае — далёка яна ці блізка, дзе яна пачынаецца і дзе сканчаецца. Ніхто ня ведае — ці яна ўвогуле ёсьць, ці гэта не чарговы міраж падчас шматгадовага блуканьня беларусаў па пустэльні.

Усё XX стагодзьдзе яна была прыязная альбо варожая, але перадусім недасяжная, схаваная за зялезнай заслонай. Сёньня яна сьвеціць нам, як зорка Вэнэра — недзе здалёк, зь недасягальных вышыняў. Кліча ў дарогу.

Калі мы прыйдзем — мы зразумеем, што сьвяціла ніякая ня зорка, а звычайны ліхтар з правага берагу парыскай Сэны, з вуліцы Гравёраў. Але гэта для іх — звычайны ліхтар. Для нас — зорка Вэнэра, залатое Руно, Эўрыдыка.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000