A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Ф
Футбол Віталь Цыганкоў Футбол і палітыка — дзьве рэчы, у якіх разьбіраюцца ўсе бяз вынятку. Футбалістаў, як і палітыкаў, зацята крытыкуюць людзі, якія самі ня могуць, вобразна кажучы, патрапіць па мячы. „Ты куды б’еш?“, „Ну што гэта за пас?“ і гэтак далей. Па-ангельску foot — нага, а ball — мяч. Футбол быў і застаецца ў Беларусі самым масавым і папулярным відам спорту, хоць тут у нас няма такіх выдатных посьпехаў, як, напрыклад, у гандболе, цяжкай атлетыцы ці гімнастыцы. Дый беларускія заўзятары ніколі не вылучаліся такой адданасьцю і фанатызмам, як грузінскія альбо ўкраінскія. Нават у 1982 годзе трыбуны сталічнага стадыёну „Дынама“ не былі запоўненыя, хоць у тым годзе менскае „Дынама“ стала чэмпіёнам СССР. У сярэдзіне 80-ых міліцыянты на стадыёне адбіралі ў маладых людзей бээсэсэраўскія сьцягі, як цяпер адбіраюць бел-чырвона-белыя. Беларуская міліцыя ўвогуле вылучалася нейкай асабліва тыповай для беларусаў строгасьцю. Міліцыянт мог — на стадыёне! — зрабіць заўвагу альбо нават затрымаць заўзятараў, якія, на ягоную думку, занадта горача выяўлялі свае эмоцыі. У пачатку 90-ых у юных фанатаў, далёкіх ад нацыяналізму пэтэвэшнікаў і школьнікаў, галоўным поклічам стала „Жыве Беларусь!“, якое яны пачалі скандаваць замест „Дынама—Мінск“. А галоўным і, на жаль, адзінкавым зорным часам беларускага футболу можна назваць перамогу нацыянальнай зборнай над чарадзеямі гэтай гульні галяндцамі — адзін-нуль. Зрэшты, я ж казаў: кожны думае, што ён разьбіраецца ў футболе і палітыцы... Фуфайка Антаніна Хатэнка Некалі па заходнебеларускіх вёсках кабеты фарсілі ў плюшавіках, аздобленых футравымі манто. Шляхетна плыла мая матуля па вуліцы — як пава. А на стрэчу ёй — гэткія ж упэўненыя, годныя сялянкі-пані. І нікому было няўцям, што найлепей маладзіцы й дзецюку, на думку новай улады, пасуе фуфайка. Гэткая цёплая, зручная, без фасонаў і выкрутасаў, — аднолькавая на ўсіх фуфайка. Апранаха, што вызваляе ад комплексаў і прэтэнзіяў. Унівэрсальная прыдумка новага ладу. Здаецца, не засталося па вёсках і мястэчках людзіны, што ня ўлезла б, як у ракавіну, у фуфайку. У фуфайцы настаўнік або аграном — ужо не гнілая інтэлігенцыя, а паўнапраўны „член обшчаства“. Фуфайка — як візытоўка ў „сьветлае будушчае“... Фуфайка ганарыста ўскараскалася нават на дзіцячыя плечы. Нібыта прырасла да беларускае нацыянальнае паставы. І ўрэшце — відочна стала праяваю нашае маўклівае пакоры. Фуфайка дзе трэба — прыгорбіла, дзе належыць — прыхавала гордасьць стану. Чалом, чалом савецкай вызваленчай фуфайцы! Сымбалю нашае аднолькавасьці й прыніжанасьці. Лягернаму ратунку ад сьцюжаў. Чалом вынаходніку самае перадавое ўніформы ў сьвеце — ватоўкі, якая пазбаўляе ад усялякага цяжару адметнасьці, якая ўшчэнт вынішчае індывідуальнасьць, непатрэбную „настаяшчаму чалавеку“, вызваляе ад сябе самога. І мы ў фуфайцы самі не свае. Надзіманыя, а значыць — падманныя.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |