A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Г
Газэта Сяржук Сокалаў-Воюш Словам „газэта“ некалі ў Вэнэцыі называлі манэту, якой плацілі за друкаваны інфармацыйны ліст, які ўласна і быў газэтай у цяперашнім сэнсе слова. Першая беларуская нелегальная газэта („Мужыцкая праўда“) зьявілася яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, а вось першая легальная — „Наша доля“ — толькі ў гэтым. Паколькі асноўнае прызначэньне газэты — праўдзіва інфармаваць — савецкія газэты не выконвалі, народ таксама ўжываў іх не паводле прызначэньня. Адны, ува ўмовах дэфіцыту паперы для прыбіральні, замянялі яе газэтай. Другія закаркоўвалі газэтай бутэлькі з алеем і самагонкай. Трэція — мылі газэтай вокны, білі ёй мух, скручвалі зь яе цыгаркі і распальвалі дровы ў печы, празь яе прасавалі штаны, у яе загортвалі ежу ў дарогу, рэзалі на ёй закуску. Пры гэтым газэта ніколі не ўжывалася як сурвэтка. Рот і рукі выціралі рукавом, аб штаны або яшчэ як. У войску, у зімовы час, газэты ўжываліся замест анучаў. Газэта лепш трымала цеплыню. Разам з тым газэта была апошняй надзеяй шукальнікаў праўды. У газэту скардзіліся, і надрукаваная скарга нярэдка дапамагала вырашыць праблему. У назвах савецкіх газэтаў адбівалася ўся ідэалёгія камунізму: старадароскі „Поступ кастрычніка“ пад лепельскім „Ленінскім сьцягам“ выходзіў на петрыкаўскія „Новыя рубяжы“ і крупскім „Ленінскім курсам“ ішоў да пружанскай „Зары камунізму“. Аповед можна працягваць... Чытачы ставіліся да газэтаў па-рознаму. Бальшыня сьвята верыла ў магію надрукаванага слова. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя газэту ўсё часьцей і часьцей пачаў замяняць тэлевізар. Газоўка Сяржук Сокалаў-Воюш Напрыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў, калі ў інстытуце гісторыі партыі рыхтавалі чарговае выданьне твораў Леніна па-беларуску, перакладчыкі сталі перад праблемай — як перакласьці словы „керосиновая“ і „газовая“ прамысловасьць, калі „керосин“ па-беларуску — газа. Праблему вырашыў адзін малады філёляг, які бяз доўгага роздуму сказаў: газавая прамысловасьць і газная. Вось жа газавая і была той, якая датычыла газы — роднай маці слова газоўка. Газоўка, газьніца, газьнічка — самаробная газавая лямпа бяз шкла. Зробленая з бляшанкі, яна асьвятляла беларускія хаты, з гільзы — партызанскія зямлянкі і сховы зялёнадубаўцаў. Газоўкі яшчэ называлі кураўкамі, капцілкамі. З маленства памятаю, як на зьмену газавай лямпе са шклом прыйшла электрычнасьць, і людзі павыкідалі лямпы. Але неўзабаве высьветлілася, што новы для вёскі род энэргіі — справа ненадзейная. Вецер блытаў і замыкаў драты, чамусьці почасту перагараў трансфарматар. І тады вяскоўцы вярталіся да газовак. Гэтым разам яны ўяўлялі сабой сподачак, у які наліваўся алей і ўкладаўся ніцяны кнот. Выходзіў гэткі каганец. Ад газы тут была толькі назва — газоўка. Напрыканцы стагодзьдзя газоўкі перасталі ўжывацца нават у курных лазьнях. Замест іх, у разе патрэбы, людзі карыстаюцца сьвечкамі. Бывай, газоўка! Галава Антаніна Хатэнка Хоць галавой аб сьцяну біся, хоць хапайся аберуч за галаву, а з хворае галавы на здаровую ня зваліш — самі хілім галовы перад авечымі галовамі адрачэнцаў, маўляў, карона з галавы ня зваліцца. Але і на калодку ці варта класьці нашую сьветлую галаву. Здаўна ж казалі пра мудрага, адказнага чалавека захоплена — галава! Здаўна ўшаноўвалі гаспадара-дбайцу за галаву, і ў сям’і, і ў дзяржаве. Цяпер на скрут галавы пнемся пад чужую ўладу, быццам самі парабіліся дзіравымі дубовымі галовамі. У іншага ж народу не знасіць было б галавы таму валадару, які з галавою кінуўся ў чужое балота бруд расхлёбваць. Мы з галавы да ног падданыя, адданыя рабы. Прачынаемся і засынаем азіраючыся на тых, хто вякамі нам дурыць галаву. А насамрэч гісторыя нястомна і доказна даводзіць: узьняўшы галаву — жыць сьвятлей. Глядзіш, выйдзе, што мы на галаву вышэйшыя за тых, каму чалом б’ем празь вякі. Але ж ня тым у нас пакуль галовы забітыя. Ганьба Валянцін Акудовіч „Ня лезь, жаба, туды, дзе коні падкоўваюць“, — неаднойчы казаў мне бацька. Слушна казаў. Толькі хто ў наш век слухае старых! Але калі шыхты амону насунуцца на мітынгоўцаў, і ўжо няма куды падзецца, я адразу згадваю бацькаву параду. Ды позна. Бачна, што зараз улупцуюць як мае быць. Зразумела, ня толькі мне аднаму бачна. І таму мы ўсе — беларусы, расейцы, габрэі, палякі — у адзін голас выенчваем зь сябе слова „Гань-ба!". Паразумецца чалавеку з чалавекам можна на якой заўгодна мове. Але ж супрацьстаяць гвалту магчыма адно на мове таго краю, у якім цябе гвалтуюць. І таму цалкам натуральна, што ў супраціве размаіты натоўп галосіць па-беларуску. Але хто б мне сказаў, чаму ён крычыць менавіта „ганьба“? Ці мала ў нашай мове цяжкіх словаў, якімі добра кідацца замест камянёў? Дык чаму тады „ганьба"? Можа, таму якраз гэта слова першым трапляе пад руку, што мы яго заўсёды маем пры сабе. Ганьба за патаптаную долю, за патаптаны край цяжкім каменем ляжыць на сэрцы кожнага, хто адважыцца на супраціў. І нам няма патрэбы нагінацца і шукаць камяні пад нагамі, мы іх бярэм проста з крушні свайго сэрца і шпурляем у міліцэйскія шчыты, што перагарадзілі нам шлях ад сораму за сябе да гонару за сябе. Гарбата Юрась Бушлякоў Гарбатаяк напой мае за сабою блiзу трохтысячагадовую гiсторыю. Пачалося ўсё ў Кiтаi — зь вечназялёных гарбатных дрэваў зьбiралi верхавiнкi лiсткоў, лiсткi пасьля апрацоўвалi, а тады настойвалi на iх напой — гарбату. Здавён ведалi, што гарбата танiзуе, ужывалi яе ўсё часьцей, i так ператварылася ў нярэдкiх народаў пiцьцё гарбаты ў рытуал. У Беларусi яе пiлi з ХVІІ стагодзьдзя: iшла да нас гарбата двума шляхамi — як з Эўропы, так i праз Расею з Азii. Таму й прыжылiся адначасна ў нашай мове два назовы — гарбата й чай. Першы зь iх паходжаньнем з Галяндыi — адтуль якраз шырыўся па Эўропе ўсходнi напой. У слове гарбата дзьве часткi — лацiнскi назоў расьлiны — гэрба ды частка та, якая ад тэ — паўднёвакiтайскага назову гарбаты. А вось з паўночнакiтайскага ча вядзе свае вытокi другi, а для каго й першы, наш назоў — чай. У першай трацiне ХХ стагодзьдзя ў маладой беларускай лiтаратурнай мове культывавалi ў асноўным гарбату — у Купалавай „Паўлiнцы“, напрыклад, п’юць усё гарбату, ня чай. Максiм Гарэцкi, мiж iншым, нават упiкаў у 1920-ых гадох Мiхасю Лынькову, што той пiша ў сваiх творах чай заместа лiтаратурнага гарбата. Пасьля, праўда, арыенцiры зьмянiлiся — i чай ледзь не напоўнiцу выцiснуў гарбату. У Беларусi чаявалi, ведалi пра дасягненьнi савецкага чаяводзтва, але iмкнулiся пры гэтым набыць усё ж iмпартаванага чаю, якi ў продажы называўся „Індыйскiм“ або „Цэйлёнскiм“. Калi-нiкалi можна было нат зайсьцi ў чайную — з эканамiчных i сацыяльных прычын чай там быў далёка не наймацнейшым напоем. Пад канец стагодзьдзя поруч з чаем ў Беларусi зноў аджыла гарбата. Выбар паболеў, дый смакi цяпер на розныя густы. Праўда, няма ўжо нi чайных, нi гарбатняў. На адной гарбаце, як ведама, далёка не заедзеш. Як кажуць у нас, што кажух — то ня вата, што капуста — то не гарбата. Гарышча Уладзімер Арлоў Гарышча — слова, настоенае на таямніцах. На гарышчы жывуць кажаны і ажываюць казкі. Гарышча вабіць бабуліным калаўротам і дзедавай шабляй. Гарышча страшыць затканымі павучынай кроснамі, за якімі ўдзень сьпіць Дамавік. Гарышча ўсьцешвае старымі беларускімі кніжкамі і календарамі. У Шчодры вечар дзяўчаты выглядваюць на гарышчы ў люстэрку свайго нарачонага. На гарышчы рэдка прызначаюць спатканьні. Гарышча любяць шпіёны і самагубцы. Гарышча палохае, але гарышча й ратуе. На гарышчы хаваюць забароненую літаратуру. На гарышчы хаваюцца тыя, што ідуць супроць улады. З гарышча выходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам на дах легендарны Мірон. Гарышча — неадменная частка нацыянальнае сьветабудовы. Гарышча лучыць беларусаў з космасам. Мы жывем у хаце, Гарэлка Віталь Цыганкоў Што трэба, каб пасадзіць соткі, прывезьці сена, насекчы дроваў, адрамантаваць кран, здабыць вядро цэмэнту? Грошы не дапамагаюць, ратуе пляшка гарэлкі. Гарэлка прайшла, прамаршавала праз усё ХХ стагодзьдзе ня проста як алькагольны напой, а як усеагульны эквівалент грошай у краіне, дзе тавараабменныя апэрацыі панавалі задоўга да зьяўленьня слова „бартэр“. Хто асьмеліцца спрачацца, што гарэлка — ня слова стагодзьдзя? Што б ні дзеялася, што б ні здаралася, а мы „па чарачцы, ды па малюсенькай…“. Гарэлка ўлілася ў беларускую мову ўдала, як у кілішак. Вымавіце „віно“ альбо „шампанскае“, ня кажучы ўжо пра розныя там віскі, ромы і лікёры — адразу адчуваецца нешта чужароднае, халоднае. Іншая справа — гарэлка! Адно гучаньне гэтага слова прымушае каго ўсьміхнуцца, каго нэрвова сьцепануцца, каго заплакаць. Народ заўсёды ставіўся да гарэлкі сур’ёзна, нават з залішняй павагай, як да прыкметы дабрабыту. Ладны стол мусіць быць укаранаваны пляшкай. Або цэлым гусаком. „Калі піць, дык ня кпіць“. „Паставіўшы талеркі, нап’емся гарэлкі“. „Гарэлка ня дзеўка, не цалуй“. Ну і сучасны варыянт: „Каб была чарка і скварка“. А зрэшты, пра што яшчэ марыць у краіне, дзе кіляграм мяса каштуе, як чатыры бутэлькі гарэлкі? Нездарма кажуць — „ад гарэлкі розум мелкі“. Але гары яно гарам… „Ад панядзелка да панядзелка дробны дождж ідзе, сабралася бедна басота ды гарэлку п’е“. Гаспадар Рыгор Барадулін Так і чуецца ў слове Гасподні дар, Божы дар, бо добрым гаспадаром быць — гэта трэба мець талент. Гаспадар — чалавек, які нечым валодае, нечым распараджаецца, пра нешта рупіцца, вядзе гаспадарку, і любая гаспадарка — галоўны клопат гаспадара. Жытло гаспадарова з усімі прыбудовамі недарэмна ўзвышана называецца гасподай. Мужчына мусіць быць гаспадаром свайго слова, гаспадаром свайго дому. Гаспадаром жонка называе мужа. У даўніну дзяржава называлася гаспадарствам. Памятаеце, як пачынаюцца казкі? У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве... І ўладароў Малдовы і Валахіі велічалі гаспадарамі. Гаспадар — чалавек незалежны, у адрозьненьне ад люмпэна. На гаспадарох трымаецца нармальная дзяржава, жыцьцё будзённае і асяжныя мроі. Калядоўшчыкі, прыйшоўшы ў гаспадароў двор, песьню звычайна пачыналі: „Гаспадарочак, сьлічны паночак...“. І паважная форма зьвяртаньня да каго-небудзь — „спадар“ — таксама ад слова гаспадар. Без гаспадара і нізінай стане гара. А над усімі намі, над усім сьветам — адзін Гаспадар Усявышні — Госпад. Гета Юрась Бушлякоў Да ХХ стагодзьдзя гетаў у нашым краi ня ведалi. Геты былi на Захадзе, былi на Ўсходзе, але ня ў нас. Само слова гэтае — гета — прабiралася да нас з Эўропы: з эўрапейскiх моваў першаю зьведала яго iталійская — на Апэнiнскi паўвостраў прынесьлi слова разам з сабою габрэi. Выпадала iм, найчасьцей з прымусу, iзаляцыя — заставалася для iх гета. Гета на смутак i на радасьць, на добрае й благое, гета як прыпынiшча сярод чужых, як выспа свайго парадку. У беларускiх местах было горай — геты пазаводзiлi акупанты ў часе апошняе вайны. Кожны ў нас ведае, куды вяла дарога з тых гетаў. Геты пладзiлi горыч, у гетах цярпелi людзi — у гетах раскашаваў страх i вiжавала сьмерць. Быў гэта сьвет, у якiм ня будзеш рады сьвету. Сьвет, калючым дротам аддзелены ад таго жыцьця, дзе блазнуюць на карусэлях гулякi ды вецер разьвявае жанчынам сукенкi... У безнадзейным сьвеце гета жылi ў надзеi загнаныя сьляпою сiлай у пастку людзi — на гэнай вайне яны былi найпершымi з ахвяраў... Вось чаму цягам усiх паваенных дзесяцiгодзьдзяў, ажыўляючы ў памяцi гэтае прышлае слова гета, наш чалавек звычайна не зьвяртаецца па прыклады здалёк. Навуку спачуваць i памагаць мы праходзiм, дазнаючыся пра кашмар, сьведкi якога пакуль яшчэ ёсьць сярод нас. Гешэфт Алена Ціхановіч Гешэфты — асноўны занятак гандляроў, перакупшчыкаў. Зрэшты, гэта шырэй, чым гандаль — любыя зьдзелкі, у аснове якіх — асабісты інтарэс. Слова, якое апярэдзіла англамоўны „бізнэс“, — запазычанае зь нямецкай і асвоенае найперш беларускімі габрэямі. Гешэфт мае адценьне сакрэтнасьці — дасьведчаныя дзялкі вядуць свае справы не афішуючы іх, негалосна, з хітрымі манэўрамі, з лабавой ці абходнай тактыкай. Прадаць за тое, за што купіў, — ня бізнэс. Зрабіць добры гешэфт — мастацтва. Гешэфт, як правіла, заканчваўся барышом ці магарычом. Зрэшты, такое мастацтва на працягу апошняга стагодзьдзя ніколі асабліва не заахвочвалася. У краіне пастаянных дэфіцытаў улады пастаянна вялі змаганьне са спэкуляцыяй. Спэкулянты, а ня дрэнная эканоміка, абвяшчаліся віноўнікамі дэфіцыту. З такой падачы ўсе астатнія, хто ня меў бізнэсовай жылкі, лічылі вайну са спэкулянтамі сьвятой. Найбольш выгадныя гешэфты цяпер робяцца палітычнымі мэтадамі. Продаж гарэлкі ў Расею — нішто ў параўнаньні з продажам сувэрэнітэту: Пойдзем, хлопцы, на гешэфты, Гітара Зьміцер Бартосік Сярэдзіна ХХ стагодзьдзя была адзначана на Беларусі неверагоднымі тэмпамі ўрбанізацыі ды русіфікацыі. І ў гэтых працэсах не апошняю была роля гітары. Па гарадзкіх дварох загучалі блатныя куплеты пад славутыя тры акорды, шляхетны інструмэнт усё часьцей называюць „лапатаю“, „балалайкаю“, а ў п’яной бойцы яна, разламаная на нечай галаве, можа стаць „гішпанскім каўняром“. Рэнэсанс гітары пачынаецца ў 60-х, калі ў Расеі нараджаецца жанр „аўтарскае песьні“. На інтэлігенцкіх кухнях, у атмасфэры замкнёнасьці й абранасьці, загучалі песьні Акуджавы, Высоцкага ды Галіча. У Беларусі расьце колькасьць клюбаў самадзейнае песьні. Беларускія (па пашпарце) барды намагаюцца імітаваць маскоўскіх „клясыкаў“. Беларусь у іхных песьнях прысутнічае адно як турысцкі аб’ект. Узгадваюцца радкі: „Всё леса, леса, леса Белоруссіі, да погода, по-девчоночьі капрізная“. Уласна беларускім інструмэнтам гітары наканавана было стаць зусім нядаўна. Ці не з таго самага часу, калі спачатку загучалі „Песьняры“, а праз колькі гадоў у краіну праніклі запісы Данчыка. Напрыканцы 80-х пачалося нараджэньне нацыянальнае бардаўскае песьні й беларускага рок-н-ролу. За які дзясятак гадоў у гэтага жанру зьяўляюцца тысячы прыхільнікаў. Свае культавыя асобы й пасярэднасьці, свае фэсты й тусоўкі. Гітара разам са сьцягам становіцца абавязковым атрыбутам дэмакратычных мітынгаў і нацыяналістычных вячорак. І хоць рана яшчэ казаць, што гітара стала выразьніцай беларускае душы, наступнае стагодзьдзе будзе безумоўна належаць ёй. Гной Леанід Галубовіч Гной пахне вясною. І гэты пах займае нам дух, пакуль не ўзрастуць вакол нас краскі жыцьця. Дзе тоўпіцца быдла — там топчацца гной і ўсё жывое загнівае, сабраўшыся ў адным стойле. Некаторыя ж узялі ў галаву дурное і даводзяць, што народ і ёсьць тым быдлам. Якое невуцтва й цемрашальства... Не, шаноўнае спадарства! Быдла ня ёсьць народам. Але і ў Вашых словах ёсьць доля праўды — гной адтуль. І нездарма, відаць, так кучна таўкуцца ў вастрозе беларускага слоўніка словы гнёт, гнеў, гнюс, гном і гной... А калі гною зьбіраецца многа, то мы задобрываем ім зямлю бацькоў сваіх, каб радзіла яна для дзяцей нашых. Што праўда, ад рознага быдла — іншы гной, які мае сваю адметнасьць і форму, і колер, і пах... Але сутнасьць яго — адна. Ён касмапалітычны, бо прыжываецца на любой зямлі й робіць яе хлебадайнай. І хоць разбурае арганічную самабытнасьць яе, а ўсё ж пакідае семя ў сувэрэннай памяці для адраджэньня згноенага. Ёсьць людзі, якія лепяць зь яго свой дом пад небам, і такія, што ўсчыняюць зь яго агонь для дому — і так грэюцца пры вечнасьці роду свайго. На гноі мінулага ўзыходзіць квет будучага. І самыя прыгожыя ружы пунсавеюць на ім цнатлівай чырваньню... Таму ані ў кога з нас не павінна ўзьнікаць сумневу, што наша будучае будзе пахнуць... вясной... Гоман Сяржук Сокалаў-Воюш „Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай“, — сьпявалі ў 20–30-х гадох нашага стагодзьдзя свой партыйны гімн беларускія эсэры. А яшчэ раней — напрыканцы XIX стагодзьдзя — назву „Гоман“ мела беларуская народніцкая суполка, якая ўтварылася зь беларускіх студэнтаў у Пецярбургу. Суполка выдавала часопіс „Гоман“. Апрача часопіса „Гоман“ у 1916—18 гадох мелі беларусы і газэту з такой самай назвай. Яна выдавалася ў Вільні і двойчы на тыдзень кірылкай і лацінкай заклікала наш народ да яднаньня, утварэньня незалежнай Беларускай рэспублікі, апавядала пра гісторыю, інфармавала. Гоман, гамонка, гамана, гаманіць. Крычаць, гамоняць, а ня ведаюць, дзе звоняць. Гаманілі, гаманілі, дагаманіліся — зманілі. І наадварот — угаманіцца, угаманіць, угамоньваць, угамон. Угамону няма — кажуць пра таго, каго няможна стрымаць ці супакоіць. Савецкія слоўнікі пад узьдзеяньнем расейскай мовы тлумачылі слова гоман як бязладны шум, мноства галасоў, ці — у пераносным значэньні — спалучэньне прыродных гукаў. Выходзіць, назвы пэрыёдыкаў „Гоман“ азначалі бязладнасьць і шматгалосьсе. Наўрад ці гэта слушна. Ян Станкевіч у сваім слоўніку выразна акрэсьлівае: гоман — жывая, у тым ліку й гучная гаворка. У іншых славянскіх мовах слова гоман гучыць амаль гэтаксама, як і ў беларускай — украінскае гомін, чэскае homon, польскае gomon. Паводле паходжаньня яно зьвязанае з усходнеславянскім gomъ, gamъ — „шум, галас“. У іншых эўрапейскіх мовах крэўныя нашага гоману — старажытнаісьляндзкае gaman — радасьць, весялосьць і ангельскае — game — гульня. Горад Сяргей Шупа „Не люблю я места, па-расейску — горад“, — напісаў бацька новабеларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Гэтая фраза нібы задала цэлую сацыяльную парадыгму нянавісьці беларуса да гораду, яе можна паставіць у адзін шэраг зь іншымі крылатымі фразамі, якія доўгі час складалі паэтычны партрэт беларуса, — „Людзьмі звацца“, „Бо я мужык, дурны мужык“, „Не забывайце... каб ня ўмёрлі“... Цікава, што складаная гісторыя дачыненьняў беларуса з горадам адбілася і на самой тэрміналёгіі. „Горад“ — слова старадаўняе, якое гадоў тысячу таму азначала нешта крыху іншае — агароджанае селішча зь сядзібай палітычнай і духовай адміністрацыі. Цывілізацыйна старадаўні горад, мабыць, мала розьніўся ад вёскі. За часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія землі разам з гарадамі набываюць новую якасьць, спазнаўшы цывілізацыйную трансфармацыю і далучыўшыся да Эўропы. Гэтая перамена адлюстравалася і ў зьмене тэрміну. Горад пачаў называцца „местам“. Tады ж узьнікла і польскае „miasto“, і літоўскае „miestas“, і ўкраінскае „місто“ — так абазначыўся наш усходнеэўрапейскі субкантынэнт. Беларусы ў месьце адчувалі сябе гаспадарамі. У месьце панавала старабеларуская мова, якою пісаліся акты й граматы, абвяшчаліся на пляцах загады й пастановы. Аднак надышлі часы, калі беларускую культуру зь местаў выцесьніла польская, а пасьля расейская. І беларусы незалюбілі места (па-расейску — горад). Якраз у гэты момант узьнікала новая беларуская палітычная нацыя, базаю якой ужо непадзельна была вёска. Места занялі расейцы і пераназвалі горадам. Супрацьстаяньне гораду/вёскі і спроба беларусізацыі гораду працягваліся ўсё XX стагодзьдзе. Ці палюбілі мы горад? Ці палюбіў горад нас?.. Грыб Сяргей Харэўскі Што можа быць больш беларускім за „грыбочкі“ на сьвяточным стале? Грыбы ў сьмятане, грыбы ў алеі, грыбы ў капусьце, ды, урэшце, наш нацыянальны шэдэўр — яйкі, начыненыя грыбамі. Грыб — расьліна таямнічая, нібы бяз кветак, нібы без пладоў. Грыб — плод сам па сабе, падораны беларусам шчодраю рукою Стваральніка. Гэта ж праўда, як ня ўродзіць поле, то ўродзіць лес. А ў беларускім лесе больш як дзьве сотні грыбоў, любы зь якіх упрыгожыць стол. Лісіцы, абабкі, апенькі. Ну каму яшчэ так пашанцавала? Грыбавец, Грыбаны, Грыбіна. Любімы плод даў назовы і беларускім селішчам, і самім людзям. З тым ці іншым грыбам беларусы параўноўваюць сябе: бледны, як паганка, ці здаровы, як баравік. А то і проста кажуць — Грыб. Адзін з Грыбоў — сакратар Усебеларускага зьезду, міністар БНР, другі — герой Савецкага Саюзу. І нават першую Канстытуцыю Беларусі падпісаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету. А віленскі паэт Мінкін нат паэму напісаў „Краіна Грыбонія“. У той краіне мы ўсе грыбы. Грыб — гэта па-простаму й капялюх, колісь модны, з загнутымі ўгару палямі. Грыбы — гэта й рот, як часам кажуць юнакі. Рабочыя грыбы — гэта пра вусны кампанейскае дзяўчыны. Але гэта зусім ужо па-простаму… Нішто ня спыніць беларуса спажыць грыба. Колькі б у ім ні было падазронага, радыяцыйнага, хімічнага… Памыўшы, паварыўшы, падсаліўшы. Бо грыб — што беларус. Што ў ім, тое і ў нас. А як нам без грыбоў? Губэрнатар Сяргей Харэўскі Апошнім часам гэтае слова ўсё больш навязьліва стракаціць у беларускіх газэтах, гучыць з радыё і тэлевізіі. Журналісты, зацыкленыя на расейскіх падзеях, аўтаматычна ўводзяць яго ў беларускі палітычны лексыкон. „Гу-бэр-на-тар“ — гучнае, фанабэрыстае рэха данесла нам гэтае слова бязь зменаў са Старажытнага Рыму. Не зьмяніўся і ягоны зьмест — валадар, уладца, загадчык, прызначаны кіраваць кавалкам краю. За часоў Расейскае імпэрыі Беларусь была падзеленая на губэрнi. Вiцебская губэрня разьлягалася ледзь не да Эстонii, а Браслаўшчына ўваходзiла ў губэрню Ковенскую. На чале губэрняў стаялi прысланыя з Расеi чыноўнiкi — губэрнатары, якiя разглядалi сваю пасаду як прыступку да далейшае кар’еры. Напрыклад, гарадзенскi губэрнатар Сталыпiн па вяртаньнi на радзiму стаў мiнiстрам унутраных справаў. Губэрнатараў прызначаў цар. Яны падпарадкоўвалiся толькi сэнату й пракуратуры ў далёкiм Пецярбургу. Дзясяткi губэрнатараў зьмянялi ў нас адзiн аднаго. Сярод іх былi розныя людзi — адны расстрэльвалi, другiя садзiлi паркi, але iх усiх лучыла тое, што яны былi ў Беларусi чужыя. Пасьля 1917 году губэрнатараў ня стала наагул. I пра iх забылiся. Напрыклад, iмёны апошняга вiленскага губэрнатара, нейкага Вяроўкiна, альбо вiцебскага, нейкага Галахава, ужо нiчога нiкому ня кажуць. Адзiная беларуская губэрня без губэрнатара была Гомельская, утвораная ў савецкай Расеi ў 1919 годзе, пакуль яе не далучылi ў 1926 годзе да БССР. Няма Расеi — няма i губэрняў з губэрнатарамi. Адпаведна, называць сёньня словам ГУБЭРНАТАР цяперашнiх вэртыкальнікаў — кiраўнiкоў беларускiх абласьцей, што часам робяць нашы журналісты — памылка. Гэта тое самае, што называць іх ваяводамі, на ўзор нашай другой суседкі — Польшчы. Губэрнатар — гэткай пасады ў Беларусi няма. На чале ўлады ў вобласьцi стаiць СТАРШЫНЯ АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМIТЭТУ. Даўжэй, але слушна i па-беларуску... Гульня Валянцін Акудовіч Што я, беларусаў ня ведаю? Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. Калі вып’е — можа і пазабаўляцца. Але каб сьвядомы беларус не працаваў, а гуляўся ў гульні — такога, лічы, не бывае. Беларус здатны прыдумаць кола, сякеру, млын. Але выдумаць шахматы ці футбол, не раўнуючы ўжо — бег прусакоў навыперадкі, яму б нават і да галавы не прыйшло. Бадай, мы маем толькі адну нацыянальную гульню — хованкі. Мы спрадвеку тым і бавіліся, што хаваліся ад розных прыхадняў. Калі не ў лясох, дык у саміх сабе. І ўрэшце так пахаваліся, што калі сталася магчымым выйсьці на людзі, то ніяк самі сябе не пазнаходзім. Пэўна, беларус ад прыроды няздольны да хоць якой умоўнай гульні, тым болей да палітычнай гульні ў беларускую дзяржаву. Усялякая дзяржава — гэта гульня ў правы і абавязкі паміж уладай і грамадзянамі. А беларусы замест таго, каб ствараць свае каманды і гуляць з уладай у беларускую дзяржаву, звыкла хаваюцца за фіранкамі. Гэтак дасюль не ўва ўласным доме, але як бы ў прымах жывуць. Раскіданыя па ўсім сьвеце габрэі празь дзьве тысячы гадоў выгнаньня стварылі нацыянальную дзяржаву таму, што ўсе гэтыя дзьве тысячы гадоў гулялі ў сваю гульню па правілах, выкладзеных у Бібліі, і пад наглядам судзьдзі, якога называлі Богам. Але беларусы, як вядома, не габрэі. Беларусы засур’ёзна ставяцца да жыцьця, каб гуляцца ў жыцьцё. І гэта, пэўна, таксама няблага. Толькі, як сьведчыць гістарычны досьвед, калі ты ня ўмееш забаўляцца сам, то табою забаўляюцца іншыя.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |