A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Я

Я

            Сяргей Шупа

Я — апошняя літара ў альфабэце“ — казалі нам у савецкай школе, калі мы празьмерна падкрэсьлівалі сваю індывідуальнасьць, асобнасьць, самасьць.

Старадаўняе АЗ, прайшоўшы праз тысячагодзьдзі, сталася для нас Я.

Я — мяне — мне — мяне — са мною — ува мне.

Даўгія гады замест гордага й адказнага Я нас вучылі казаць баязьлівае й халопскае МЫ. Так беларусы страчвалі адну з сваіх найкаштоўнейшых якасьцяў — індывідуалізм. Індывідуальнасьць, асобнасьць, самасьць — аснова гонару й адказнасьці, перадумова творчасьці й самазахаваньня. Замест індывідуальнай адказнасьці гаспадара беларусам у ХХ стагодзьдзі спрабавалі прышчапіць калектыўную безадказнасьць хамскага МЫ.

Я — гэта гаспадарка, МЫ — гэта калгас. Я — гаспадар, МЫ — электарат.

Той, хто кажа пра сябе Я, той ведае сабе цану. Прасіць аб праве „людзьмі звацца“ могуць толькі МЫ.

Віленскі мастак Аблажэй аднойчы сказаў:

„Я — гэта слова, адмытае ад МЫ“.

„Быў. Ёсьць. Буду“ — у гэтых словах Караткевіча Я не прамоўлена. Але хто наважыцца сказаць, што тут не гучыць Я.


Язык

            Андрэй Лапцёнак

Вялікую важнасьць органу, які забясьпечвае перажоўваньне ежы, глытаньне і смактаньне, адчуваеш яшчэ ў маленстве. Як толькі малое выказвае каму-небудзь сваю дзіцячую крыўду або насьмешку, яно зараз жа чуе: „Не паказвай языка!“ „Схавай язык!“ — кажуць спачатку бацькі, пасьля выхавальнікі ў дзіцячым садку.

Пасталеўшы, разумееш, што значыць не казаць абы чаго, „трымаць язык за зубамі“. Твайго дзеда саслалі пасьля суседзкага даносу. А бабуля дзівілася і ўвесь час паўтарала: „І хто гэта Васіля за язык цягнуў!“ — маючы на ўвазе дзедавага суседа. Вяскоўцы казалі, што ён ня проста прагаварыўся, а быў як зьмяя і здаў дзеда сьвядома. Цікава, ці ня быў ягоны язык раздвоены, як у зьмяі? — думалі вясковыя дзеці. Сваякі ж суседа Васіля, які памёр толькі у 80-ых, годна баранілі свайго прашчура і сьцьвярджалі, што ўсе плёткі й паклёп на вёсцы нясуць злыя языкі.

Пачаткам кар’еры для нашых дзядоў мог стаць і эпізод вайны, калі разьведчыку пашчасьціла „ўзяць языка". „Языком“ называлі палоннага жаўнера арміі непрыяцеля, які мусіў распавесьці важную інфармацыю. Разьведчыку давалі мэдаль.

А канцом кар’еры іншы раз ставаў эпізод мірнага часу, калі інтэлігенцыя, што марыла пра вольную Беларусь, за чаркай разьвязвала язык. У „курылках“ навукова-дасьледчых інстытутаў і іншых установаў, дзе „змагары“ маглі абмяняцца думкамі, пры набліжэньні каго непажаданага ўсе прыкусвалі, закусвалі, глыталі свае языкі. І ня дай Бог, нешта сарвецца з твайго языка.

Калі ў малога шчаняці пашча пад языкам чорная, пра такога кажуць, што будзе злым сабакам. „Чорна ў роце“ — гэта пра беларуса, які цураецца сваёй мовы.


Яйка

            Сяргей Дубавец

Ab ovo“ — лацінскі выраз, які заклікае пачаць спачатку — даслоўна перакладаецца „зь яйка".

Яйка можа быць качынае, індычынае, перапялінае ці стравусінае, але беларускае яйка перадусім — курынае. Вось чаму, асаджаючы наравістага маладзёна, старэйшы скажа: „Яйка курыцу вучыць…“

А яшчэ яйкі бываюць велікодныя. Расфарбаваныя ў розныя колеры, іх качаюць на ручніку і б’юцца — чыё крапчэйшае?

Яйкі займаюць адно зь першых месцаў у рацыёне беларуса. Іх п’юць сырымі, вараць, смажаць, іх дадаюць у безьліч страваў.

Зь недалёкае гісторыі мінулае вайны кожны з нас ведае словы акупанта, што ўвальваецца ў вясковую хату:

— Матка, яйка, — патрабуе ён, пагражаючы аўтаматам.

Не разумею толькі, чаму гэтыя зусім беларускія словы прыпісваюць немцам. Прынамсі, не яны гэта прыдумалі. А ў каго навучыліся? Хто цяпер ведае, можа ў паліцаяў, а можа і ў савецкіх партызанаў.

Расейскае „яйцы“ беларускае вуха ўспрымае як лаянкавае слова, што абазначае мужчынскія геніталіі. Вось чаму так сьмешна было чуць з вуснаў Лукашэнкі, які абураўся дэфіцытам то яек, то малака: „Калі мы ўзяліся за яйцы — малако прапала“.

На Каляды абавязкова пакладзіце ў мех калядоўнікам тры яйкі — сымбаль новага тысячагодзьдзя.


Яма

            Анатоль Вярцінскі

Яма, яміна, ямка — адно з самых сэмантычна напоўненых словаў нашай мовы. Для беларуса, для яго пабытовай сьвядомасьці, гістарычнай памяці, гэта — склеп, зямлянка, калдобіна і акоп, падвал і траншэя, нара і роў, канава і яр і, вядома ж, — магіла.

Жывым у яму не палезеш, не капай яму свайму бліжняму. Гэтак гучала спрадвечная мудрасьць народу.

Але насуперак ёй далакопы рабілі сваю чорную справу, стралялі і скідвалі ў ямы штабялямі гэтых самых ні ў чым не вінаватых сваіх бліжніх. У выніку гэтай іхняй кіпучай дзейнасьці на беларускай зямельцы ўтварыліся незьлічоныя ямы-магілы. Ямы-магілы ў Курапатах, ямы-магілы ў ваколіцах Магілёва, Воршы, Вялейкі, Бабруйску, Гомеля.

Яма. Яма эмацыянальная, яма духоўная, яма прававая, яма маральна-палітычная, і яма, у фігуральным сэнсе, ваўчыная — гэта ўжо калі чалавек падыходзіць да бездані, калі ў яго ўжо зьнікае магчымасьць жыць.

„Во трапіў у ваўчыную яму, колькі куды ні скачы — ня выскачыш“, — горка зазначае ў сваіх перадсьмяротных развагах герой аповесьці Васіля Быкава, якая так і называецца — „Ваўчыная яма".

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000