A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
К
Кабанчык Сяргей Харэўскi Гэтага значэньня няма ў слоўнiках. Яго не ўжываюць „салiдныя“ выданьнi. Але ў Нароўлi i ў Навагарадку, у менскiх мiкрараёнах i на вясковых вулiцах, паўсюль нас сустракае ён — „кабанчык". Гэтае значэньне ўзьнiкла ў 70-ыя гады. Менавiта так беларускiя будаўнiкi сталi называць керамiчную плiтку, якой заляплялiся цокалi, уваходы i цэлыя фасады дамоў. На нейкi час „кабанчык“ стаў фасадам сваёй эпохi. Усюдыiсны, ён трапляў на будынкi школ i цэркваў, райкамаў i музэяў... Яго можна было сустрэць на новабудоўлі i на кляштары XVI стагодзьдзя. Так Беларусь пазбаўлялася веку, а будынкi страчвалi сваю функцыянальную адметнасьць. У царкве можна было зрабiць пiўбар, i гэта ня рэзала вока. „Кабанчык“ зьнiшчаў усе адлегласьцi ў часе i ў прасторы: паўсюль нас сустракала стракацень з трох-чатырох фарбаў. Стандарты „кабанчыка“ стваралiся i захоўвалiся ў Маскве. Глiну для яго выраблялi на Ўкраiне, фарбавальнiкi — у Варонежы... Само слова паходзiць ад расейскае абрэвiятуры КОПОН — „керамическая облицовочная плитка для отделки наружная“. Каму першаму хапiла досьцiпу назваць КОПОН „кабанчыкам“, сказаць немагчыма. Паводле задумы стваральнiкаў неўмiручага „кабанчыка“, iм мусiлi прыкрываць будаўнiчыя хiбы i эканомiць на тынкоўцы i расфарбоўцы шэрых панэляў. Новы матэрыял прадыктаваў i новую архiтэктурную эстэтыку. З „кабанчыка“ пачалi выкладаць арнамэнты, абстрактныя кампазыцыi зь зiхоткiм сынтэтычным бляскам. Неўзабаве высьветлiлася, што ягонае выкарыстаньне нашмат даражэйшае, чым уяўлялася. Але ўжо была створаная адмысловая iндустрыя. „Кабанчык“ вырабляўся ў Менску ў фантастычнай колькасьцi — 8 мiльёнаў кубамэтраў за год. Хапiла ўсiм. Кароткая эпоха „кабанчыка“ скончылася ў 80-ыя. Пакладзеныя абы-як плiткi пакрысе адвальвалiся з бэтонных муроў. Сёньня, каб не рызыкаваць жыцьцямi людзей, „кабанчык“ адкалупваюць самi будаўнiкi. Мiне яшчэ колькi часу — i ён зусiм аблезе з твару нашае зямлi як яскравы прыклад колiшняга савецкага „единообразия“. Кава Сяргей Шупа Кава — слова вельмі беларускае. Гэта добра ведаюць тыя, каму даводзілася замаўляць гэты напой у якім-небудзь менскім гастраноме. Гэтае слова — як лякмусавая паперка, паводле яго цябе ідэнтыфікуюць у чарзе як беларуса. Слова кава прыйшло да нас з Усходу — з Асманскай імпэрыі, а асманскія туркі пазычылі яго ад арабаў, у якіх яно гучала „qahwa“. А вось да расейцаў, прыкладам, кава прыйшла значна пазьней і з Захаду — таму расейскае слова „кофе“ зусім непадобнае да нашага і застаецца дагэтуль чужое для самой расейскай мовы, якая так і ня здолела яго прыстасаваць да сваёй сыстэмы. Кава для Беларусі — новы нацыянальны сымбаль, знак далучанасьці да паўзабытай намі эўрапейскай цывілізацыі. „Кавы“, — папросім мы — і нас зразумеюць у любой кавярні ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Славаччыне, Украіне, карацей кажучы — у НАШАЙ Эўропе. ...Мы надоўга сыходзім у цемру ночы або ў шэрасьць дня, каб аднойчы на золку вярнуцца да старога сябра, які, перш чым пра што-небудзь запытацца, пачастуе нас добрай кавай. Каваль Юрась Бушлякоў У каваля на зямлi свой адвечны клопат — каваць. Каваль — стваральнiк, выкоўваючы мэтал, ён куе сваю долю. У нашага каваля шмат славянскiх блiзьнят: разам з рамяством замацавалася гэтае слова шчэ ў праславянскую пару. Беларускiя кавалi ў даўнiну былi адначасна гутнiкамi — вытаплялi з руды жалеза. Пазьней, у часе кавальскага буму, не рабiлi ўсе кавалi аднаго й таго ж самага — мелi свае дзялянкi: адзiн мечнiкам працаваў, другi замкi вырабляў, а трэйцi толькi за нажы браўся. Ня менш як тры гады займала навука кавальства — пасьля кавалёвы вучнi станавiлiся кавалькамi. Каб прызналi за майстра, мусiў кавалёк зрабiць штуку — выкаваць што-колечы бяз помачы. На мяжы мiнулага ды нашага стагодзьдзяў пакiдалi ў нас кавалi грамадзкiя кузьнi ў гарадох — куплялi ўласныя дый асядалi ў вёсках. А там заўжды было поўна працы — калёсы акаваць, коні падкаваць, зрабiць сярпок цi матычку, сякерку або сьвярдзёлак... Цанiлi каваля — вялiкi ён чалавек на зямлi. Данеслася пра гэта ў аднэй гiсторыi, дзе каваль саграшыў быў, а сьлесара павесiлi. Ведалi ўсе, што добры каваль рук не апячэ, у яго куецца ўсё й плешчацца. Якога лiха маглi чакаць адно ад кавалiхi, аднак тое ўжо льга было вытрываць... Але прыйшла савецкая iндустрыялiзацыя i клопат кавалёў абмежавала: шчыравалi тыя ў калгасных майстроўнях, куючы разам зь мiльёнамi суайчыньнiкаў iнакшую, нечуваную на сьвеце долю. Былi лепшае будучынi кавалямi. І так ад кавальства даўнейшага адступiлiся, але й шчасьця супольнага не прычакалi. Застаюцца цяпер, пры канцы стагодзьдзя, на нашай выбоiстай беларускай дарозе, дзе так няпроста стаць кавалём свайго шчасьця. Каваль Сяржук Сокалаў-Воюш Каваль — адна з самых таямнічых, спавітых легендамі, казкамі й забабонамі асобаў. Каваль быў чарадзеем, чалавекам, які вырабляе з агнём і жалезам тое, што ня можа зрабіць хто заўгодна. Магію кавальства адчулі бальшавікі, якія ўклалі ў рукі рабочага-малатабойца кавальскі молат і намовілі яго разьбіваць ланцугі рабства. „Кавалі“ — купалаўскі пераклад песьні „Мы кузнецы, и дух наш молод“, якая так і не загучала ў беларускім варыянце. Надта ж не стасуецца, у параўнаньні з кузьняцом, вобраз каваля, які куе ключы шчасьця. „Каваль“ — яшчэ адзін пераклад Купалы, але ўжо з польскай, дзе заміж гультайскіх прымройных ключоў гаворка ідзе пра нялёгкую, але ўзьнёслую працу і стаўленьне да гультаёў. Слова каваль паходзіць ад дзеяслова каваць, які ёсьць у славянскіх, балцкіх і нават лацінскай ды ірляндзкай мовах. Кавальства, кавальня, кавадла, падкаваць, падкова — словы аднаго гнязда. „Сам гартаваны, як меч на кавалдзе паходнай“ — пісаў пра Вітаўта Вялікага Мікола Гусоўскі. „Каваль-ваявода“ — п’еса Еўсьцігнея Міровіча. „Кавалі“ — народны танец. Павал і Дзьмітры Кавалёвы — пісьменьнікі. Уладзімер Кавальчук — сьпявак. Міхал Кавальчык — рэжысэр. Аўгіньня Кавалюк — паэтка. Віктар Каваленка — празаік. Соф’я Кавалеўская — фальклярыстка, а ейная аднайменьніца — першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Уладзімер Кавалёнак — касманаўт. Сяргей Кавалёў — праваабаронца. Сьпіс можна доўжыць да бясконцасьці. У сярэдзіне 80-ых кавальства як аднаасобная праца пачало адраджацца. Новы каваль — перадусім мастак, які ня толькі і падкову зробіць, і каня падкуе... Кавярня Алег Дзярновіч Гэтае месца заўжды лёгка пазнаць. Водар кавы, нягучная гамонка, ніхто нікуды не сьпяшаецца. У ХХ стагодзьдзі кавярні станавіліся легендамі культураў. У першай палове стагодзьдзя ў парыскай „Ратондзе“ стала зьбіраліся вядомыя літаратары, у віленскім „Чырвоным Штралі“ рэгулярна сыходзіліся нашаніўцы. Праская „Славія“ ў 60–70-х гадох была слынным дысыдэнцкім асяродкам. У Беларусі ўсё ж бракавала традыцыяў кавярняў. Іх папросту было замала. Але беларускі горад прагнуў кавярняў як асяродкаў іншай рэальнасьці. У Менску на працягу 70–80-х андэграўнд ды вальнадумцы абіралі для сустрэчаў не заўжды самыя шыкоўныя кавярні, галоўнае, каб больш-менш хапала месца. Для многіх менчукоў нешта значаць такія назовы, як „Рамонак“, „Хвілінка“, „Сьвіцязянка“, „Траецкае“, „На Паддашку“. Гэтыя назвы асацыююцца з добрай кавай, пераважна па-турэцку, павольнай дыскусіяй, тварамі сяброў. Кавярні былі тэрыторыяй свабоды, таму яны трапляюць у лік найважнейшых мясьцінаў сучаснага беларускага гораду. „Кафэ“, у адрозьненьне ад кавярняў, вельмі неканкрэтны тэрмін. Так маглі называць і рэстаран, і хуткую ядальню, і нешта падобнае да ўласна кавярні. Беларусы акультурваюць свае гарады ў тым ліку і праз кавярні — праз слова і зьяву. Цяпер беларускія кавярні часам выступаюць пад сваім уласным іменем, на іхных шыльдах так і напісана — „Кавярня". Кажух Рыгор Барадулін Кажух — абавязковая зімовая апранаха гаспадара. Прыказка заўважае: „Чалавек відаць зімой без кажушка, а летам без кароўкі“. У гаспадарцы вяліся авечкі — на кажух і валёнкі, на вязёнкі і рукавіцы. Кажух — з даўгімі крысьсямі, кажушок карацейшы. Кажэрка, кажара, вытворнае кажушына. Кажух — сымбаль багацьця й дастатку. Пажаданьне: „Каб табе было багата і касмата“. Праз крысо кажуха віталі, віншавалі. Каб вялося багацьце, казалі: „Рунь кажухом“. Кажухі з плячэй у гаспадароў зьдзіралі для Чырвонай арміі камісары: як некалі ў скуранках, зімой хадзілі ў кажухах. Партызаны асабліва ласыя былі да чужых кажухоў, сярод партызанскіх подзьвігаў быў і такі ў прыватнасьці. Акружылі ў нядзелю касьцёл у Глыбокім і ўсіх, хто выходзіў у кажухах, разьдзявалі. І валёнкі зьдзіралі ў дадатак. Скамарохі і калядоўнікі не абыходзіліся бяз вывернутых поўсьцю наверх кажухоў. Адзін час пры камуністых кажухі выцесьнілі баўгарскія дублёнкі, разам з пыжыкавай шапкай — уніформай партапаратчыкаў. А пасьля кажухоў ня стала, мо й авечак ліквідавалі як клясу. „...Кажух прамаўляў да сьвечкі: выйшлі мы ўсе з авечкі“. Калготкі Вольга Караткевіч Калготы — ценькія ці грубыя, элегантна ці неахайна нацягнутыя на нагу, празрыстыя ці матавыя штонікі, са шляхетным бляскам ад дарагога валакна лайкры ці танным адценьнем паліэстэру... Калготы, а таксама іх колькасьць на душу жаночага насельніцтва, былі і застаюцца паказьнікам дабрабыту беларускай жанчыны, а значыць, краіны.. Слова „калготы“ прыйшло ў беларускую мову з захаду, у чэскай мове „kalhoty“ значаць проста „нагавіцы“. У чэскую — з італійскай, дзе слова „caliggiotte“ абазначала цесьненькія шкарпэткі. Да нас калготы прыйшлі ў эпоху Адраджэньня, разам з паўднёвай і заходняй модаю. За савецкім часам добрыя жаночыя калготкі італійскага ці нямецкага паходжаньня каштавалі каля пяцёх рублёў за штуку. Як вынік, школьніцы сарамліва нацягвалі спадніцы на каленкі, каб не паказваць зашытых дзірачак ці пакрытых лякам для пазногцяў зацяжак. Цэлыя калготкі жанчыны ашчаджалі, каб апрануць у тэатар, на важнае спатканьне ці да лекара. А ў прыбіральнях ці ванных пакоях на сьценах можна было ўбачыць кардонныя фігуркі заходніх прыгажуняў, выразаныя з каробачак з-пад калготак. Напрыканцы 80-х у моду ўвайшлі калготкі двух колераў — ружовага і блакітнага. Іх насілі ўсе. Чорныя калготкі таксама не выходзілі з моды. Цяпер добрыя калготы ў Беларусі каштуюць каля пяцёх даляраў ЗША. Віцебскія і берасьцейскія вырабы назваць пяшчотным словам „калготкі“ цяжка, як і аддаць за іх нават сымбалічную грашовую суму. Самыя зграбныя ножкі будуць незаўважаныя: увага зафіксуе агідны цагляны колер. Мужчыны любяць паўтараць, што мацней вабяць усё ж панчохі. А беларускія жанчыны збольшага выбіраюць калготкі, і прычына не ў абыякавасьці да сябе, яны проста ведаюць — што ні апрані, мужчынская ўвага хуткаплынная. Калёнія Рыгор Барадулін На лаціне „colonia“ — селішча. Слова шматзначнае. Гэта — і супольнасьць птушак і жывёлаў, і сукупнасьць грамадзянаў якой-небудзь дзяржавы ў іншай краіне, гэта і краіна пад уладаю чужой дзяржавы, мэтраполіі. У калёніях птушак і жывёлаў дзейнічае закон сілы і парадку, натуральны адбор, суладзьдзе з прыродай. У людзей, як заўсёды, усё болей вытанчана ў сваёй жорсткасьці ды вонкава прыхавана. І розныя папраўчыя, жаночыя ды дзіцячыя працоўныя калёніі трымаюцца на прымусе, на прыдушэньні волі асобы. У савецкай імпэрыі калёніі называліся сацыялістычнымі рэспублікамі. У Беларусі ў свой час спрыялі прагрэсу каляністы, асабліва зь Нямеччыны. Яны ставілі элеватары, млыны, лесапільні, будавалі камяніцы. Калёніі гэтыя вылучаліся высокай культурай земляробства, рознай вытворчасьці і рамёстваў. Багата на нашых землях было і пасяленцаў-каляністаў латышоў. І ў гады рэпрэсіяў ці ня ўсе каляністы былі сасланыя ў Сібір, раскулачаныя. Адно назовы вёсак нагадваюць яшчэ пра каляністаў, руплівых ды кемлівых гаспадароў. Слова калёнія паступова сыходзіць з актыўнага ўжытку у размаітых сваіх значэньнях. Хіба толькі застаецца ў асноўным, як азначэньне месца адбыцьця пакараньня. Калыханка Віталь Цыганкоў Зьбеглі зайкі ўсе ў лясы, Напэўна, пасьля „Касіў Ясь канюшыну“ гэтая калыханка на словы Генадзя Бураўкіна застаецца адной з самых вядомых беларускамоўных песьняў. І выглядае, што гэта тая рэдкая беларуская песьня, якая падабаецца ўсім, незалежна ад веку і нацыянальнасьці. Калыханкі бацькі ўсяго сьвету адвеку сьпяваюць сваім дзецям. У суседніх славянскіх народаў „калыханка“ гучыць вельмі падобна: па-польску — „kołysanka“, па-ўкраінску — „колискова“, па-чэску — „ukolйbavka". Калыханка — гэта не народная песьня, якую сьпявалі ўсёй вёскай, усімі пакаленьнямі. Калыханка — справа больш інтымная, яна не падыходзіць да масавага выкананьня на вячорках. З-за гэтага, дарэчы, амаль не існуе фальклёрных збораў калыханак — такія песьні людзі сьпяваюць толькі сваім дзецям. На жаль, большасьць людзей ня памятае словаў і мэлёдый калыханак, што ім сьпявалі маці. Таму калыханкі заставаліся ў сямейнай памяці толькі ў тым выпадку, калі бабуля, гушкаючы ўжо сваіх унукаў, сьпявала старыя калыханкі. Зь пераездам беларусаў у гарады падобная сувязь абарвалася. Большасьць сёньняшніх гараджанаў ня ведае ніякіх сямейных калыханак, прыдумляючы сваё альбо сьпяваючы штосьці агульнавядомае. Хоць за апошнія гады зьявілася даволі многа разнастайнай беларускай музычнай прадукцыі, касэтаў зь беларускімі калыханкамі пакуль няма. Дзіцячай беларускамоўнай літаратуры, аднак, даволі шмат, і ў гэтых кніжках можна знайсьці і беларускія калыханкі. Нам з жонкай прыйшлася даспадобы такая: Ходзіць певень па капусьце, Зрэшты, часам бацькі пад калыханкі перарабляюць проста лірычныя песьні: тут і „Шуміце, бярозы“, і „У суботу Янка“, і нават застольная „Ад панядзелка да панядзелка“. Усё прыдасца, абы дзіцятка заснула. Каляды Сяргей Шупа Сярод усіх нашых сёньняшніх сьвятаў само гэтае слова — Каляды — самае нерэлігійнае, самае народнае, амаль нехрысьціянскае. Яно й ня дзіва — бо слова Каляды вядзе радавод ад рымскіх „календаў“ — вясёлых паганскіх сьвятаў на пачатку кожнага месяца. Таму розныя нашыя цэрквы наагул спрабуюць яго пазьбягаць — яны кажуць: Нараджэньне Хрыстова, Ражаство, Раство. Слова Каляды ёсьць бадай што ўва ўсіх славянскіх мовах, але значыць яно там пераважна толькі вясёлую й забаўную частку сьвята — звычай калядаваньня і самыя песьні, што пры гэтым сьпяваюцца. Затое літоўскі назоў „kalėdos“, запазычаны ў беларусаў, захоўвае ў нашых суседзяў увесь багавейны арэол сьвятасьці. А для беларусаў Каляды — лішняя нагода парадавацца. Нашы людзі казалі: Калядкі — вясёлыя сьвяткі: бліны ды аладкі. Што яшчэ чалавеку трэба для шчасьця? Камуніст Міхась Скобла Ня ведаю, як былі разьмеркаваныя 20 мільёнаў камуністаў па ўсім савецкім абшары, але на нашае заходнебеларускае мястэчка іх перапала амаль тры дзясяткі. Камуністамі, альбо „парцейнымі“, былі кіраўнікі ўсіх рангаў, пачынаючы ад школы і канчаючы калгаснай фэрмай. Нягледзячы на гэткую немалаважную акалічнасьць, бацькі почасту асьцерагалі сваіх самастойных ужо дзяцей ад уступленьня ў партыю. Адна цётка замест матчынага блаславеньня параіла сыну апамятацца і ня лезьці ў сабачую скуру. Калгасная сыстэма трымалася на прыгоне і крадзяжы, прычым апошні не лічыўся злачынствам. Сымбалічна, што сынонімам да слова „красьці“ стаўся нэалягізм „скамунізьдзіць". Надзвычайнай папулярнасьцю ў народзе ад часоў грамадзянскае вайны карысталася пагардлівае „камуняка". Слова камуніст, ужытае ў назьве мастацкага твора, як бы сыгналіла наверх, што мастак — свой, служыць верай і праўдай і заслугоўвае афіцыйнага прызнаньня. І прызнавалі, як мастака Савіцкага, чыя карціна „Пяюць камуністы“ мусіла сьцьвердзіць у вачох грамадзкасьці нязломнасьць і стойкасьць членаў КПСС. Перад словам камуніст бездапаможна ніякавелі нават народныя паэты. Яно нівэлявала паэзію, ператварала твор у рыфмаваны лёзунг. Талент здаваўся ў палон ідэалёгіі. Школьнікі завучвалі на памяць верш Куляшова, раз-пораз спатыкаючыся на розных хібах: русізмах, няправільных канчатках альбо не ўласьцівых для беларускай мовы націсках: Камуністы — гэта слова, як са сталі... Камуністы зьбілі з тропу ня толькі паэтаў... Камуфляж Анатоль Вярцінскі Гэтае слова зь незвычайнай лёгкасьцю прыжылося на нашай беларускай глебе. Чалавека з дубінкай і ў камуфляжы можна сёньня сустрэць на кожным рагу гарадзкой вуліцы, ды цяжка з прычыны камуфляжу зразумець, каго ці што ён беражэ і які парадак ахоўвае. І паколькі яго камуфляжная ўніформа вызначаецца ў залежнасьці ад канфігурацыі і афарбоўкі плямаў па-рознаму: „дзень — ноч“, „лета — восень“, „мыш — салома“, то застаецца гадаць, што гэта азначае — ці то канец сьвета, ці то пачатак новага жыцьця, ці то яркі, як летні дзень, росквіт дэмакратыі, прытым такой, якой, як мы ня раз чулі, няма ў ніводнай самай дэмакратычнай краіне, ці то яе імглісты вечар, яе прыцемак, ці то неабходнасьць варушыцца, бегаць з мэтай выжываньня, накшталт мышы-палёўкі, ці то знак сядзець ціха пад мятлой, як мыш хатняя. Здачу нацыянальнай дзяржаўнасьці можна камуфляваць гучнымі словамі аб непарыўнай еднасьці і супольнасьці лёсу народаў; агрэсыўны імпэрскі панславізм — псэўдааргумэнтамі наконт адмысловай славянскай роднасьці; а рост узроўню інфляцыі і цэнаў — разважаньнямі пра рост вытворчасьці ды павышэньне заробкаў і пэнсіяў. „Камуфляваць“ гучыць па-беларуску — чуеце! — амаль як „мухляваць“. Кандыдат Андрэй Лапцёнак Кандыдат — той, хто намечаны для выбраньня, прызначэньня або прыёму куды-небудзь. Іншае значэньне слова „кандыдат“ — навуковая ступень. У другой палове XIX стагодзьдзя такую ступень атрымлівалі выпускнікі ўнівэрсытэтаў. Кандыдатам права быў Кастусь Каліноўскі. У савецкія часы спалучэньне „кандыдат навук“ азначала навуковую ступень, якая прысуджалася на падставе абароны дысэртацыі, так называлі і чалавека, які ўжо атрымаў гэтую ступень. Слова „кандыдат“ паходзіць ад лацінскага „candidatus“ — „апрануты ў белае“, і ўжо адным тым блізкае беларусам. Раней у газэтах пісалі пра кандыдатаў у члены КПСС. Цяпер — пра кандыдатаў у дэпутаты. Затое ў гарадах нямногія ведаюць, што „кандыдат“ — гэта і сталовы гатунак бульбы, выведзены ў Беларусі, позьнесьпелы і ўраджайны. Канстытуцыя Антаніна Хатэнка Ох і любім жа мы выхваляцца сваёй рахманасьцю ды пакорлівасьцю. Ужо ж такія мы паслухмяныя, гэткія спакойныя, ажно сумнеў бярэ, ці бывае ўвогуле ў сьвеце гэтулькі трываньня і цярплівасьці ў адным месцы? А скажу ж я вам — бывае. Пэўне, такая нашая канстытуцыя, будова, гэткае ўстанаўленьне, склад нашай псыхікі. І якую ты нам Канстытуцыю звонку ні падкінь, як ні ўсталюй нашую дзяржаўную будову, як ні зьменьвай склад, усё роўна мы будзем цярпліва чакаць, калі і хто дазволіць жыць лепей. Як станеш чытаць якія гістарычныя нарысы, дык толькі дзівішся — чаму продкі здабывалі і мелі, а мы толькі страчваем тыя набыткі, разбураем тую будову? Якога ж мы складу, якое будовы? Няўжо маем канстытуцыю разбуральнікаў? Як добра ўгледзецца, дык якраз тое і відно. Складна, ладна жылося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Дбайны Леў Сапега склаў Статут і быццам умацаваў гэтай Канстытуцыяй наш нацыянальны хрыбет. Вядома, там рай — дзе нас няма. І Канстытуцыя самая мудрая, пакуль ня стане тваёй канстытуцыяй і тваім устанаўленьнем, — нічагуткі ня будзе адбывацца, акром трывушчага чаканьня. Адно беларускае дзіцятка дакладней акрэсьліла нашае канстытуцыйнае бытаваньне і пачуваньне, спытаўшыся: — Мама, а кастытуцыя, — гэта калі шмат касьцей? Канфіскацыя Сяржук Сокалаў-Воюш Агульнапрынятае значэньне слова канфіскацыя — прымусовае, бязвыплатнае і незваротнае адабраньне грошай або маёмасьці ўва ўласнасьць дзяржавы. Атабраць, вызьняць, — гэтак Вацлаў Ластоўскі перакладаў на нашую мову лацінскі з паходжаньня дзеяслоў „канфіскаваць“. Адна зь першых антыбеларускіх акцыяў нашага стагодзьдзя — канфіскацыя, а потым і закрыцьцё першай легальнай беларускай газэты „Наша доля“. З дапамогай канфіскацый савецкая ўлада змагалася з „эксплюататарамі“. Саветы канфіскоўвалі ў іх сродкі вытворчасьці, заводы, зямлю, грошы, прадукты, каштоўнасьці. Разам з канфіскаванай маёмасьцю савецкая дзяржава забірала й чалавечыя жыцьці. Канфіскацыя апошнім часам нарадзіла слова „канфіскат“, якім абазначаюцца тавары, што перавозіліся кантрабандай і былі сканфіскаваныя на мытні. Сярод апошніх канфіскацыяў стагодзьдзя — канфіскацыі незалежных выданьняў, вершаў і прыватных запісаў паэта Славаміра Адамовіча, перадвыбарчых улётак Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка. Капялюш Вячаслаў Ракіцкі Спрадвеку сямейства галаўных убораў сьвята захоўвала фамільную традыцыю — прыкрываць галовы, незалежна ад іх якасьцяў, ад сьпякоты і дажджу. Але і ў сямействе галаўных убораў, як і ў саміх галоў, ніколі не было роўнасьці. Расслаеньне адбывалася сынхронна. Таму і кажуць: па галаве й шапка. Якая галава — такая й шапка. Ці наадварот: якая шапка — такая і галава. Беларускае слова „капялюш“ паходзіць ад лацінскага „сapellus". За савецкім часам галовы падзяліліся на намэнклятурныя галовы і шараговыя галоўкі. А з галаўных убораў вылучыўся капялюш — шапачная намэнклятура. Галоўкі сталі сарамліва прыкрывацца барэтамі ды кепкамі. Галовы — напяльваць на сябе фанабэрыстыя капелюшы, нібы баравікі. У народзе іх, зрэшты, так і звалі — баравікі, грыбы. І па чырвоных сьвятах расьлі яны на мармурах маўзалею ды сотнях іншых трыбунаў па ўсёй краіне. Зь бегам часу капялюш стаў забывацца пра сваю функцыю. Ён станавіўся сымбалем прыналежнасьці да ўлады. Ад Крамля да раённых камітэтаў і сельскіх саветаў хавала пад ягонымі палямі абрысы сваіх галоваў новая знаць — сакратары, дырэктары, старшыні, брыгадзіры. Капелюшы прырасталі да іхных галоў. Здавалася, іх не здымалі ні пры якім надвор’і. Здымі — і ты ніхто. У капелюшы ты — сіла. Натуральна, капялюш станавіўся прадметам фальклёру. „А яшчэ ў капелюшы“, — чулася ў аўтобусах ды чэргах. Зноў вылучалі з шараговых гаспадара капелюша. Нічога вечнага на сьвеце не бывае. Зашмальцаваўся і знасіўся савецкі намэнклятурны капялюш, дый зьнік з нашага жыцьця разам з саветамі й намэнклятураю. Яго даношваюць на лецішчах пэнсіянэры. У ім фарсяць бамжы... Цяпер у модзе непрыкрытыя галовы. Якія б ні былі — сьветлыя і цёмныя, вялікія-малыя, лысыя ці валасатыя. Няма капелюша — няма й прыкрыцьця. Кар’ер Міхась Скобла У гэтым слове — і крык парушанай зямной кары, і кароткая скарга падрэзаных каранёў, і бязладнае карканьне чорнага птаства над ператворанымі ў сьметнікі былымі капальнямі. Кар’еры — мёртвая зямля, узрэзаная бульдозэрнымі тракамі й сплішчаная самазвальнымі каляінамі, спустошаная й пакінутая да другога ледавіковага прышэсьця. Пяшчаныя кар’еры пад Заслаўем выглядаюць, як сапраўдныя пустэльні, дзе вецер перасыпае жоўтую пытляванку ад выдмы да выдмы. Хіба што няма вярблюджых калючак, і не відно караванаў. Улетку ў заслаўскіх кар’ерах практыкуюцца будучыя скульптары зь Беларускай акадэміі мастацтваў. І на пяшчаных адхонах зьяўляюцца постаці волатаў і вялікіх князёў, паўстаюць фартэцыі і замкі. Зь першым дажджом яны зьнікаюць. Як відзежы. Вапнавыя кар’еры ў Росі пад Ваўкавыскам падобныя да скандынаўскіх фіёрдаў — каб вялікагрузныя аўтамабілі ня сьлізгаліся ў дажджэвіцу на выезьдзе, дарогі пасыпалі адмысловым рэчывам, ад якога вада ў кар’ерах набыла незвычайны малахітавы колер. З высокай стромы відно, як у ярка-зялёных хвалях мільгаюць даўгія чырвоныя рыбіны. Кар’ер — гэта парушаны культурны слой, патрывожаная памяць. Гэта кара й помста тым, хто жывую плоць Зямлі кроіў ашчэранымі экскаватарнымі каўшамі. Герой раману Васіля Быкава „Кар’ер“ асуджаны перабіраць па шчопцях кар’ерную гліну, шукаючы сьлядоў блізкага чалавека. Беларусь менавалі лапцюжнай, сярмяжнай, сінявокай, азёрнай... Але ёсьць яшчэ й Беларусь кар’ерная. Касманаўт Сяргей Навумчык Пачынаючы з 12 красавіка 1961 году, калі Юры Гагарын быў, як тады казалі, „запушчаны ў космас“, слова „касманаўт“ зрабілася на добрае дзесяцігодзьдзе ці ня самым папулярным. У менскім музэі Янкі Купалы экспануецца кніжка, на якой рукою маці першага касманаўта напісана, што Купалаў верш „Хлопчык і лётчык“ у дзяцінстве быў любімым вершам Юр’я Гагарына. Касманаўтамі ганарыліся, іх біяграфію і колькасьць праведзеных у космасе гадзінаў ведалі на памяць. Іх фатаздымкі ў касьмічных шлемах несьлі на дэманстрацыях, выстаўлялі ў вітрынах крамаў, вешалі над ложкамі ў студэнцкіх інтэрнатах. Кожны школьнік у 60-ых гадох марыў стаць касманаўтам, што пазьней выразна ўвасобілася ў некаторых апавяданьнях Уладзімера Арлова. Ледзь не ўва ўсіх гарадах Беларусі ёсьць вуліцы Гагарына, Цітова і Церашковай. Эўфарыя перамогі над Сусьветам зьнікла пасьля гібелі касманаўта Камарова, а пасьля высадкі амэрыканскіх астранаўтаў на Месяц аслаб і гонар, што „мы — першыя“. Слова „касманаўт“ зноў замільгацела на старонках беларускіх газэтаў у 70-ых гадох, ужо прывязанае да Пятра Клімука і Ўладзімера Кавалёнка. Зусім няшмат краінаў, акрамя Расеі і ЗША, могуць пахваліцца наяўнасьцю двух касманаўтаў, якія да таго ж тройчы пакідалі межы стратасфэры. Аднак у даведніках Клімук і Кавалёнак усё часьцей пазначаюцца як „касманаўты Расеі“. У 1991 годзе касманаўт Кавалёнак быў адным з тых, хто ўнёс у залю беларускага парлямэнту бел-чырвона-белы сьцяг, але потым стаў адным зь першых, хто адмовіўся ад беларускага грамадзянства дзеля працы ў Маскве. Бацька мой быў добра знаёмы з Гагарыным і неяк прывёз з Масквы цюбік касьмічнай ежы, які на выгляд быў зусім як ненавісная тады зубная паста. Смак таго парэчкавага джэму застаўся ў памяці зь дзяцінства. Аднак дзень 12 красавіка для мяне назаўсёды будзе зьвязаны ня з тварам Гагарына ў касьмічным шлеме, а з падзеямі ў Авальнай залі Дома ўраду, калі нас, дэпутатаў апазыцыі, зьбівалі людзі ў чорных масках і спэцназаўскіх шлемах — за тое, што мы жадалі, каб будучыя беларускія касманаўты маглі чытаць любімы верш Гагарына на роднай мове. Катрынка Сяржук Сокалаў-Воюш „Катрыншчык-італьянец сьпяваў сухотным голасам пра невядомае“. Усё. Адной фразай згадаў Уладзімер Караткевіч у рамане „Каласы пад сярпом тваім“ прафэсію катрыншчыка і празь яе — сам інструмэнт, катрынку. Створаная на пачатку XVIII стагодзьдзя ў Італіі, катрынка прайшла ўсю Эўропу і толькі ў XIX-ым зьявілася ў Беларусі, каб пасьля адносна нядоўгага йснаваньня, на мяжы 20–30-х гадоў, канчаткова зьнікнуць. Цікава, што ў савецкіх слоўніках гэтае слова паўсюль падаецца бяз прыкладаў. Слоўнік Яна Станкевіча — таксама бяз прыкладу — падае яго ў польскай форме катарынка, а слоўнікі Ластоўскага ды Некрашэвіча й Байкова катрынку ігнаруюць наагул. Чаму? Відаць, таму, што гэты інструмэнт праз усё сваё нядоўгае жыцьцё ў Беларусі так і ня стаў для нашага народу блізкім. Катрынка — падман. Беларусы ўмеюць падманваць самых сябе — гэта значыць, цешыцца ілюзіямі й спадзяваньнямі, верыць у хімэры. Але беларусы ня любяць, калі падманваюць іх. Да таго ж музыка, якая гучала з катрынкі, ніколі не была беларускай. Першая мэлёдыя інструмэнту — француская папулярная песенька „Charmante Catherine“, ад якой, дарэчы, і паходзіць назва інструмэнту. А далей у рэпэртуары — расейскі жорсткі раманс „Разлука“ ці вальс „Разьбітае сэрца“. Ці не адсюль Караткевічава „сьпяваў пра невядомае“? Каўбаса Сяржук Сокалаў-Воюш Навуковыя спрэчкі адносна паходжаньня слова „каўбаса“ можна параўнаць са спрэчкамі пра саму каўбасу. Тут і гаворка пра якасьць, і гаворка пра колькасьць, і сварка ў чэргах, і шчымлівая згадка пра мітычныя часы, калі, як той казаў, заміж замка каўбасой дзьверы замыкалі. Сярод моваў першакрыніцаў фігуруюць: украінская, турэцкая, расейская, старажытнагэбрайская, француская. Але ж мы з вамі добра ведаем, што каўбаса ў значэньні „паказчык дабрабыту“ мае савецкае паходжаньне. У часе мітынгаў канца 80-ых — пачатку 90-ых прамоўцы згадвалі каўбасу не радзей, чым дэмакратыю і свабоду. Іншыя прамоўцы называлі такіх каўбасьнікамі і казалі, што найперш трэба незалежнасьць, эканамічныя рэформы і дэмакратызацыя, якія ўрэшце і дадуць тую самую каўбасу: танную, смачную і, што самае галоўнае: яе будзе многа! Маю падазрэньне, што, нягледзячы на навуковыя спрэчкі, слова каўбаса ўсё ж уласнабеларускае. Іначай адкуль такая бязьмежная любоў беларуса да каўбасы? Ужо ў першым беларускім рамане „Золата“ Ядвігіна Ш. адзін зь беларускіх эканамічных эмігрантаў атрымаў у Амэрыцы пасылку зь Беларусі. Сярод прысланага была і каўбаса. Эмігрант зьеў каўбасу, а абалонку ад яе доўга насіў у кішэні і час ад часу настальгічна нюхаў яе, прыгадваючы родныя мясьціны. Найбольш вядомы гатунак беларускай каўбасы — гэта так званая вясковая, хатняя альбо сялянская, якую ў народзе называюць проста: пальцам пханая. Сярод іншых — крывяная, драмязоўка (альбо лівэрная)... Але нягледзячы на безьліч крамных каўбасаў, на пытаньне, якая самая смачная ў Беларусі каўбаса, кожны беларус адкажа: тая, якая з маёй вёскі. Кефір Алена Ціхановіч У гадох 70-ых фальклёрны хор з палескай вёскі паехаў у Маскву. Пасьля выступленьня вяскоўцы ўпершыню ў жыцьці вырашылі пайсьці ў рэстаран. З напояў выбралі самы недарагі і экзатычны — кефір за 8 капеек. Афіцыянт прынёс цэлы паднос нечага белага ў шклянках, і даяркі зьніякавелі — гэта было кіслае малако! Так прызвычайваліся да кефіру, які ў адрозьненьне ад сыраквашы набыў новую якасьць: ён сквашваўся ня шляхам натуральнага браджэньня, а спэцыяльным кефірным грыбком. Паходжаньне слова, як і самога напою, тлумачаць цюркскімі каранямі — кефір роднасны кумысу, словам „чыхір“ альбо „чакыр“ многія цюркскія народы называюць віно. Кефір — напой так сама дэмакратычны, як і гарэлка. Яго паважаюць пэнсіянэры, студэнты, алькаголікі. Для аматарак пахудзець ёсьць спэцыяльная кефірная дыета. Гэта калі цэлы дзень — нічога, акрамя кефіру. Заява „ўсё, пераходжу на кефір“ — адзін з шырокаўжываных спосабаў пачаць новы, здаровы лад жыцьця. Клятвы гэтыя зазвычай такія ж нямоцныя, як поліэтыленавы пакет з кефірам. Кефір распачаў цэлую сэрыю пераўтварэньняў малака ў ХХ стагодзьдзі — ацыдафілін, ражанка, ёгурт. Але застаўся ў гэтым шэрагу лідэрам. Кіно Сяржук Сокалаў-Воюш Афіцыйная граматыка слова „кіно“ не скланяе, а народ упарта цьвердзіць, што быў „у кіне". Першы сапраўдны беларускі фільм „Чужая Бацькаўшчына“ зьняў у 80-ых расеец Рыбараў. Гэта была рэвалюцыя, якой не ацанілі гледачы. Спробы нацыянальнага кіно „Альпійская баляда“ і „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ былі невыразнымі. Першы падвяла мова, а другі і наагул савецкая цэнзура схавала ад гледача. А далей усё было „як у кіне“, апафэозам якога сталіся „Дзеці хлусьні“ рэжысэра Азаронка. Нацыянальнае ж кіно здымалася на мітынгах і дэманстрацыях. У выніку сьвет пачуў пра Юр’я Хашчавацкага і Віктара Дашука. Яны распавялі пра сёньняшнюю Беларусь па-расейску, і гэта значыла, што ў ХХ стагодзьдзі „кіна, — як казалі ў маёй вёсцы, — ня будзе — кіншчык сьпіўся“. Застаецца чакаць ХХІ стагодзьдзя і згадваць Дом кіно, дзе быў утвораны „Мартыралёг Беларусі“ і БНФ. Дом кіно, што насамрэч быў Чырвоным касьцёлам. Згадваць назвы беларускіх кінатэатраў: „Масква“, „Кастрычнік“, „Піянэр“, „Перамога“, „Салют“, „Радзіма“, „Космас“, „Кіеў“, Клюб імя Дзяржынскага — уяўляеце сабе кінатэатар імя Гімлера ў Нямеччыне? У Койданаве пабудавалі сучасны кінатэатар са шкла і бэтону і назвалі „Эра“. Праз год шкло абвалілася, і койданаўцы расшыфравалі назоў: „Эта рабілі алькаголікі“. Клёцкі Рыгор Барадулін Клёцкі. Трывалая яда, калі ехаць лес валіць зімой ці касіць у прыпар. Клёцкі варылі на хаўтуры, клёцкамі паміналі Дзядоў. Показка была: чужымі клёцкамі сваіх Дзядоў памінаць. На тарку дралася бульба. Адціскалася праз суравіну. Гэтае цеста звалася „целам“. Потым рабіліся „душы“ з крышанага мяса й сала, адпаведна прысмакі, прыправы. Цела клёцкі мела форму сьнежкі, і гэткую ж форму мела душа. Душа магла быць і з кавалачка кілбасы. У цела клалі душу і кідалі ў вар. Яшчэ былі клёцкі — яны называліся сарокамі. Сарока мела падоўжаную форму, і душой быў падоўжаны кавалачак сала. Яшчэ ў сароку клалі срэбраную манэтку — каму пападзецца. Клёцкі яшчэ былі шкляныя — гэта бяз душаў — іх залівалі малаком. А клёцкі з душамі елі з поліўкай-грыбамі — духмянай і смачнай. На клёцкі пакідалі самую буйную бульбу. Памятаеце, як клёцкі не па-жаноцку хацеў зварыць дзядзька Антось з „Новай зямлі“... На малога, моцнага і не худога кажуць: як клёцка. Клёцкі з душамі як бы ўвасабляюць Зямлю з душою. Клёш Рыгор Барадулін Гэты фасон жаночае сукні або матроскіх порткаў, крой якіх шырыцца да нізу, быў у модзе да канца стагодзьдзя. Паходзіць з францускае мовы — cloche, што азначае „звон“, „звонападобны“... Дамская мода трывае даўжэй, хоць яна, натуральна, зьменлівая. Яшчэ з часінаў НЭПу — разгулу моды й дазволенай волі. Можа хто і памятае песеньку — „калі я кавалерыў, насіў я порткі клёш, капелюш саламяны, ў кішэні — фінскі нож“. Пасьля вайны хлопцы, якія адслужвалі на савецкім флёце ледзь ня „царскі тэрмін“, шыкавалі ў неймаверна разьвеяных клёшах — што называецца, „заграбалі асфальт“. І калі ў піку клёшу сталі насіць, асабліва студэнцтва, порткі-дудачкі, „дасьмілаўцы“ — гэтыя добраахвотныя паслугачы міліцыі — сантымэтрам замяралі шырыню калашынаў і распорвалі брытвамі порткі, а праз пышную шавялюру рабілі праход машынкаю ці той жа брытваю. Любая мода заваёўвае сваё права й ня дужа хоча саступаць яго. Мода як бы тая ўлада — любіць трымацца моцна. Клюб Антаніна Хатэнка Гамана, жарты і чаканьне. У позірках, у рухах, у паважнасьці таго, як рассаджваюцца людзі. Няўклюдная расхіленасьць крэслаў. Загрубелыя ад працы вясковыя рукі ня здужаюць утрымаць тую адлякаваную дошку, што мусіць быць сядалішчам. Ляскатаньне гэтых дошак, што мкнуцца вярнуцца ў выходнае становішча — да сьпінкі-апірышча. Разгуба й кпіны. Затым ціша, што запанавала пасьля першага слова. Роўненькія шэрагі аднолькава ўзрушаных людзей. Разнаколернасьць жаночых сукняў і хустаў. Урачыстая застыгласьць твараў. Далібог, што склікалі ў адно месца безьліч лялек. Цяпер кажы й паказвай, што хочаш, — прымуць на веру. Магія сходу, супольнасьці. Быццам бы на вячорках ці на сьвятах ня гэткая ж грамада зьбіралася. Але тут, у клюбе, усімі апякуецца ўлада. Нібы кожны хоць на кроплю да яе прыналежны. О, гэтая вечная прага ўладаньня, што абяртаецца рабствам. Чырвоныя лёзунгі, чырвоная разьюшанасьць перакананьняў. Захапленьне паволі зьмяняецца на абыякавасьць. Свая музыка — на чужую. Роднае слова — на прышлае. І вось ужо ў клюб ідуць ня ў лепшых строях, а ў зашмальцаванай апранцы. Не з чаканьнем цудаў, а з пляшкаю гарэлкі й поўнымі кішэнямі семак. Лузганьне, лаянка, бойка, рыпеньне заежджанай кружэлкі. Вішчаць дзяўчаты, плююцца юнакі. Лямантуюць і клянуць час бацькі. У клюбе п’яныя любошчы. Падманулі клюб пустаслоўем, і пустэльна глядзіць ён пустымі вокнамі. А жывыя сэрцы гуртуюць свае клюбы. Без улады, па душэўных парываньнях. Кок-сагыз Cяржук Сокалаў-Воюш Нават тлумачальны пяцітамовік беларускай мовы ў артыкуле пра кок-сагыз пасьля азначэньня, што гэта „шматгадовая травяністая каўчуканосная расьліна сямейства складанакветных“ і дадатку, што слова цюрскае, не падае далей аніводнага прыкладу. Няма ў выданьні і такіх характэрных для ягонага стылю вытворных: ані табе кок-сагызнага, ані кок-сагызавага. У несавецкіх, а таксама савецкіх слоўніках першай траціны ХХ стагодзьдзя аніякага кок-сагызу няма. Кок-сагыз — гэта цэлая эпоха ў разьвіцьці сельскае гаспадаркі ў Беларусі. Адкрытая ў 1932 годзе ў высакагорных далінах Цянь-Шаню, падобная да звычайнага дзьмухаўца расьліна на загад вялікага аграрніка Сталіна пачала расьці ў Беларусі. Больш за тое, пра посьпехі гэтага росту Сельскагаспадарчая энцыкляпэдыя 1951 году меркавала па дасягненьнях беларускіх калгасаў „Чырвоная зьмена“, „Ударнік“, „Перамога“, „Камсамолец", імя Варашылава і ймя Молатава. З кок-сагызу выраблялі каўчук. Каб палепшыць ураджайнасьць расьліны, тагачасныя прафэсіяналы прапаноўвалі дзьве дарогі: 1) ужываць стаханаўскія спосабы працы, 2) перайсьці на прапанаваны сельгаскамуністам акадэмікам Лысенкам квадратна-гнездавы пасеў у торфа-перагнойных гаршчэчках, пры якім расьліны, нібы тыя калгасьнікі, мусілі разьвівацца не паасобку, а групамі. Гэткім чынам спосаб іх, як адных, так і другіх, лягчэй было даглядаць... Неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна сышоў у нябыт і кок-сагыз — расьліна малакарысная і слабапрадуктыўная на беларускіх палетках. Але сьвятое месца пустым не бывае. На зьмену каралю палеткаў кок-сагызу ўжо сьпяшалася каралева палёў кукуруза. Комплекс Сяргей Дубавец Ёсьць словы, якія літаральна запаланілі беларускую мову ў апошнія два-тры дзясяткі гадоў. Ня тое што пустазельле, але й не жывыя. Вымаўляючы іх, нібы жуеш цэляфан. Адно скрыпіць. Можа, дзеля гэтага свайго трэску ды скрыпу і прыйшлі яны спачатку ў траскучыя начальніцкія прамовы, а пасьля і ў жывое маўленьне. Вось, да прыкладу, слова комплекс. Яго можна ўставіць у любую фразу, бо, лацінскае з паходжаньня, яно перакладаецца як сувязь або сукупнасьць. А сукупнасьць — яна паўсюль. Толькі вось казаць пра сукупнасьць прадуктаў у краме або сукупнасьць дзеяньняў па прыборцы кватэры язык не паварочваецца. І тут прыходзіць на дапамогу комплекс. Комплекс належыць не да словаў са значэньнем, а да словаў са значнасьцю — як тая фігура ўплыву сярод людзей. А паколькі за савецкім часам уся ўвага аддавалася не значэньню прамоўленага і зробленага, а менавіта значнасьці, дык цэляфанавае слова „комплекс“ надзвычай прыйшлося да рота. Сьвінарнікі ператварыліся ў сьвінакомплексы, захады — у комплекс мерапрыемстваў, сталі комплекснымі лячэньне і абеды. Мы аглядалі мэмарыяльныя комплексы, а пасьля кіраваліся да комплексаў спартовых. Нават зьняволеныя пачалі адчуваць комплекс віны. Гэтак моўная сынтэтыка паступова зьмяншала наш слоўнікавы запас да дзясятку штампаў, у якіх каралём выступаў комплекс. Тады і загаварылі пра комплекс непаўнавартасьці, які пазьней назавуць комплексам саўка... Комплекс служыў ілжывай прапагандзе і самападпану. У звычайнай мове гэтае слова — штучнае, несапраўднае. І ўжываньне ягонае доўжыцца датуль, дакуль мы ахвочыя падманваць сябе ды іншых. А пасьля... На такі выпадак у беларускай мове ёсьць устойлівы выраз: пазбавіцца комплексаў. Краіна Сяргей Шупа Наша краіна. Наш край. Наша старонка. Наша зямля. Краю мой родны, як выкляты Богам. Забраны край. Крывія. Крыўя. Зямля пад белымі крыламі. Бацькаўшчына. Літва. Вялікалітва. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае й Жамойцкае. Рэч Паспалітая. Беларусь. Белая Русь. Куток цемнаты. Северо-Западный Край. Заходняя Русь. Сінявокая. Шматпакутная. Партызанская. Бандыцкая. Балота. Заходнія губэрні. Усходнія крэсы. ССРБ. ЛітБел. БССР. Радзіма. СССР. РБ. СНД. Беларуская Народная Рэспубліка. Маладая Беларусь. БНР. Краіна Мараў. Краіна ў кратах. Наша Краіна. Крама Сяржук Сокалаў-Воюш Крама — слова, якое этымалягічныя слоўнікі вызначаюць як пазычаньне з польскай мовы і падаюць дату першай пісьмовай згадкі гэтага слова ў беларускіх крыніцах — 1582 год. Паводле тлумачальных слоўнікаў, крама — невялікая гандлёвая кропка. Але напрыканцы ХХ стагодзьдзя крамай пачалі называць ня толькі невялікія, але й досыць прыстойныя гандлёвыя будынкі. Такога падыходу вымагала сама мова, бо калі крама — невялікая ўстанова, тады што ж такое крамка? Што да маленькіх гандлёвых кропак, дык яны пачалі называцца крамкамі або вернутымі ў мову яткамі і новапрыдуманымі шапікамі. Крама, крамка, крамачка, крамар, крамнік, крамнічыха, крамніца, крамны, крамнае. Няма тае крамкі, каб прадаваліся мамкі. Яшчэ адно значэньне слова крама — куплёная, несамаробная тканіна. Яшчэ адно значэньне слова хаваецца ў словазлучэньні „вясковая крама“. Яна — адна з дамінантаў сельскага жыцьця. Празь ейны гарэлачны аддзел пралягаюць шляхі ў клюб, у сельсавет, да брыгадзіра, а то й да самога старшыні. Ля крамы чакаюць прывозу тавараў і абмяркоўваюць усё — ад сусьветнай палітыкі да маральнага аблічча аднавяскоўцаў. Крама — месца нараджэньня савецкіх выразаў: ушла на базу, піва нет, прыём тавараў, пераўчот, па кілаграму ў адны рукі, отпуск па талонам. Хаця гэта ўжо й ня крама, а магазын. Красоўкі Сяржук Сокалаў-Воюш Паводле народнай этымалёгіі слова красоўкі паходзіць ад краснага — прыгожага. Насамрэч назва красоўкі абавязаная сваім паходжаньнем кросу — спартоваму бегу ці гонцы па перасечанай мясцовасьці зь пераадоленьнем перашкодаў. Красоўкі прыйшлі ў жыцьцё беларусаў на зьмену кедам недзе на пачатку 80-х. Як і кожная добрая рэч, у савецкія часы красоўкі адразу сталі дэфіцытам. Колькі кросаў прабегла моладзь у пошуках гэтага тавару, колькі стаптала старых красовак, каб набыць новыя! Дэфіцытнасьць красовак падвысіла іхны статус, і шчасьлівы ўладальнік абутку нават у страшным сьне ня мог сабе ўявіць, што гэтыя зручныя чаравікі трэба ўжываць на перасечанай мясцовасьці. У красоўках ішлі на дыскатэкі і ў рэстараны, у красоўках бралі шлюб, прыходзілі ў габінэты да высокага начальства, карацей — у красоўках жылі. Красоўкі сталіся паказчыкам заможнасьці: „У цябе красачы якой фірмы?“ Прывід свабоднага рынку ў Беларусі прынёс у прыватныя гандлёвыя кропкі процьму красовак. Цяпер дэфіцытам сталіся грошы, за якія гэтыя красоўкі можна набыць. Яны прыгожыя, трывалыя і зручныя. Шкада толькі, што ў адных красоўках цывілізаванага сьвету не дагоніш. Тут трэба і красоўкі, і да красовак. Краты Аляксандар Лукашук Краты — гіерогліф свабоды. Прасьцейшы за краты толькі крыж. Ён зашыфраваны ў кратах, ці наадварот — краты зашыфраваныя ў крыжы. Краты — адна з геніяльных вынаходак чалавецтва. Прырода ня ведае кратаў, як ня ведае кола. Гэта плён чыста чалавечага розуму. Разумнае жыцьцё на іншых плянэтах, напэўна, таксама немагчымае бяз кратаў — лёгкай і эканомнай канструкцыі, якая надзейна перакрывае прастору, ня дзелячы яе намёртва, як гэта робіць, напрыклад, сьцяна. У кратах ёсьць намёк на свабоду — так барханы пустыні нагадваюць марскія хвалі. Краты ўражваюць ляканічнасьцю і выразнасьцю знаку: складзіце дзьве пары пальцаў наўскрыж — і ў Беларусі ў любым з 99 мінулых гадоў стагодзьдзя вас зразумеюць бяз словаў людзі самага рознага паходжаньня, адукацыі, але аднолькавага жыцьцёвага досьведу: непісьменны слуцкі селянін-паўстанец і акадэмік-нацдэм, верніца-баптыстка і менскі школьнік, студэнт унівэрсытэту і журналіст. Краты — мова, на якой чалавек гаворыць зь дзікімі зьвярамі і зьдзічэлымі homo sapiens. Праўда, зусім ня краты вызначаюць, хто знаходзіцца на якім іх баку — хто закратаваны, хто не. Апатэоз кратаў наступіў у ХХ-м стагодьдзі, калі за кратамі пабывала людзей больш, чым за ўсе папярэднія, разам узятыя. Краты — безумоўны сымбаль стагодзьдзя, ягоная родавая адзнака. У беларускую мову краты прыйшлі з лаціны. Статут рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, які ў 20-я гады быў надрукаваны ў Беларусі, патрабаваў, каб перад уваходам у казарму абавязкова ляжала „кратка для абціраньня ног“. Гэта ці не адзіны выпадак спробы пашырэньня сэмантычнага поля слова, якое нашае стагодзьдзе намёртва загнала ў адзін шэраг са словамі арышт, этап, кайданы, турма, саветы і, канечне, першы прэзыдэнт. Краявід Сяржук Сокалаў-Воюш Краявід — складанае слова, складаная зьява. Краявід можа быць які заўгодна: сумны, радасны, змрочны, сонечны, маляўнічы ці жахлівы. Але, нягледзячы на азначэньні, само слова краявід дадае фразе паэтычнасьці. Я хаджу закаханы ў твае краявіды — напісаў Генадзь Бураўкін. Пэйзаж, ляндшафт і малюнак (апошняе — у пераносным значэньні) — такія падае слоўнік Клышкі сынонімы да краявіду. А ў слоўніку Ластоўскага яно падаецца ў форме краёвідзь, пасьля якога чытаем сынонім: спазор. Тыпы беларускага краявіду: вясковы і гарадзкі, раўнінны і ўзгорысты, азёрны, лясны, пушчанскі. Карацей, усё як у людзей, калі не лічыць чарнобыльскага краявіду — пакінутых, разбураных і разрабаваных селішчаў, пачварных жывёлінаў, ненатуральна вялікіх расьлінаў... Краявід ня мае гаспадара. Гэты кавалак абшару мне не належыць, але захапляцца краявідам я магу. Чалавек заўсёды імкнецца ўжываць тое, што мае. Хто толькі ня зьдзекаваўся, хто толькі не зьмяняў нашых краявідаў! Войны, навалы, будаўнікі, дрывасекі, мэліяратары. Хто толькі не ўпрыгожваў іх — Боская ласка, рупнае дбайства, дойліды і садоўнікі. Кросны Рыгор Барадулін Кросны. У слове гэтым чуецца: кроза і сны. Нашыя прабабкі і бабкі, маці нашыя колькі крозаў сасьнілі, ткучы сабе пасаг доўгімі зімовымі вечарамі. А за вокнамі сутыкаліся ноч і дзень, і ткаліся суткі — палатніны вечнасьці. Усё, наагул, тчэцца ў навакольлі: і дождж, і туман, і мроіва, і сутоньне. Сумная ўсьмешка пяяла: Павучок на сьценцы Кросны — ня толькі ткацкі варштат, кажучы па-сучаснаму, але яшчэ, нейкім чынам, і — варштат друкарскі, бо ў арнамэнце былі зашыфраваныя пасланьні прашчураў. То кросны пісалі своеасаблівы красворд. У геніяльнай язычніцкай паэме Янкі Купалы „Яна і я“ асобны разьдзел: „За кроснамі": За кросны ненагляднай сесьці трэ было, А ў Максіма Багдановіча: І тчэ, забыўшыся, рука, Крозы і сны — кросны. Крупнік Сяржук Сокалаў-Воюш Шклянка мёду, шклянка вады, паўлітра сьпірытусу, чвэрць мушкатовае галкі, крышку ваніліну, лёт цынамону, пару гвазьдзікоў, цытрынавая скурка, а яшчэ розныя зёлкі ў залежнасьці ад густаў кухара. Калі трымацца вызначанай тэхналёгіі, праз гадзіну з усяго гэтага ў вас мусіць атрымацца крупнік. Пры слове крупнік бальшыня сучасных беларусаў уяўляе сабе міску варыва, якое нашыя продкі хутчэй назвалі б крупеняй. Традыцыйна ж крупнікам лічыўся апісаны алькагольны напой. Характэрныя рысы правільна згатаванага крупніку: мацунак у межах 40 градусаў, прыемны смак і непатрэбнасьць закускі. Крупнік п’ецца гарачым, ён, у адрозьненьне ад гарэлкі, не выклікае нэгатыўных адчуваньняў ні пры ягоным ужываньні, ні пасьля. Ён найбольш адбірае ў чалавека ногі, а розум пакідае чыстым і язык гнуткім. Паводле мовазнаўцаў, слова крупнік у тым самым значэньні ўжываецца ў Польшчы і на Ўкраіне, але цэнтар яго распаўсюджаньня прыпадае на Беларусь. Напрыканцы гэтага стагодзьдзя, разам з нацыянальным адраджэньнем, пачала адраджацца і традыцыя гатаваньня крупніку. Былі адшуканыя старыя рэцэпты, і моладзь у розных канцах Беларусі пачала экспэрымэнтаваць. Да традыцыйных складнікаў яна дадавала мясцовыя. У выніку полацкі крупнік адрозьніваецца ад гарадзенскага або менскага. На аснове менскага крупніку менчукі пачалі гатаваць яшчэ адзін напой — жыжаль, а на аснове полацкага, у купальскую ноч, гатуюць мясцовы паганскі напой — „Чорны Сыс“. Нацыянальная інтэлігэнцыя любіць крупнік. І ўсё ж працэс адраджэньня крупніку апошнім часам пайшоў на спад. Найбольш вінаватая ў гэтым эканамічная сытуацыя, якая ня толькі зрабіла крупнік дарагой раскошай, а і нагадала аматарам гэтага напою, што цяпер мець толькі галаву — замала. Моцныя ногі таксама вартасьць. Крыж Сяржук Сокалаў-Воюш Крыж. Ярылаў Крыж на шчыце Пагоні. Крыж нябеснай заступніцы Беларусі сьвятой Эўфрасіньні... Усё гэта — неадменныя сымбалі Бацькаўшчыны, як неадменныя праявы нашага жыцьця — крыжмы — кавалкі тканіны, на якія клалі дзіця пасьля кшчэньня, крыжавыя слупы й раздарожжы, танец крыжачок і крыжыкі — форма ўкладкі снапоў пры сушцы ў полі ці гатунак вышыўкі, а ўзор Крыжа на той самай вышыўцы, залежна ад формы — і знак агню нябеснага ці падземнага, і сымбаль сустрэчы закаханых ды пачацьця, і выява сямейнага агменю, і, урэшце — сьмерці. Крыжакі — нямецкія рыцары — частка нашае гісторыі, а крыжак і крыжовік — гэта таксама старадаўнія манэты з выявай крыжа. А да гэтага — Крыж ордэну Пагоні і Крыж Зялезнага рыцара — узнагароды Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыж Булак-Балаховіча — беларускі ордэн, які выдаваўся беспасярэдна ў часе баявых дзеяньняў. Яшчэ адно значэньне: крыж, альбо крыжавіна, — частка нашага цела. Скрыжаваць мячы, скрыжаваць позіркі, несьці свой крыж і паставіць крыж на чым-небудзь. У іншых славянскіх мовах слова Крыж гучыць падобна да беларускага. Найдалей ад нашага хіба ніжнелужыцкае — ksica і расейскае крест. Але ўсе яны, як і ангельскае cross і францускае croix, маюць тое самае паходжаньне. Культурны чалавек, прыехаўшы на Беласточчыну, ніколі не абміне Грабаркі. Так называецца найбольш шанаваная тамтэйшымі беларусамі царква, вакол якой сотні, калі ня тысячы крыжоў. Пастаўленыя рукамі вернікаў, яны — сымбаль звароту да Бога, знак чалавечае просьбы дапамагчы ў бядзе. Пра нешта падобнае кажа Зянон Пазьняк, калі прапаноўвае ўсім беларусам сьвету прынесьці са сваіх мясьцінаў свой крыж на Курапаты і гэткім чынам стварыць агульнанародны, агульнанацыянальны помнік нашай памяці, цеплыні нашых сэрцаў і нашай лучнасьці з Богам. Крыжаванка Ян Максімюк Крыжаванка належыць да тых унікальных словаў у беларускай мове, чыё публічнае зьяўленьне ў сьвеце можна вызначыць з дакладнасьцю да аднаго дня. Упершыню яно зьявілася ў беластоцкай „Ніве“ пад датай 8 студзеня 1989 году. У тым нумары беластоцкі беларускі тыднёвік на апошняй старонцы зьмясьціў гульню-задачу, у якой „фігуру зь перакрыжаванымі радамі клетак патрэбна запоўніць літарамі, так каб па вэртыкалях і гарызанталях атрымаліся пэўныя словы“ (паводле тлумачальнага слоўніка) з назвай крыжаванка. Кажучы па-ранейшаму — красворд. Дата мне помніцца, бо аўтарам як той гульні-задачы, так і ейнага назову быў я сам. Ужо тады „гарызанталі“ і „вэртыкалі“ мне былі не даспадобы, і ў сваёй крыжаванцы я заступіў іх словамі „ўпоперак“ і „ўніз“ адпаведна. Этымалёгія слова крыжаванка настолькі ясная, што й не патрабуе дадатковых тлумачэньняў. А само слова, як падаецца, настолькі простае і неарыгінальнае, што ажно дзіва бярэ, чаму ніхто раней не здагадаўся заступіць ім запазычаны праз расейскую мову англіцызм. Сутнасьць крыжаванкавай праблемы, мабыць, нельга зьвесьці толькі да беларускай разумовай ляноты. Раней папросту сваіх наватвораў у мову „не пушчалі“. Мова „ўзбагачалася“ дзякуючы „общепонятному“. Калі ў ім нешта прыдумвалі, нашы перакладалі альбо й бралі жыўцом. Гэтак было можна і нават пажадана. Набокаў у эміграцыі прыдумаў крестослов замест кроссворда. Слова, як здаецца, не прыжылося ў расейскай мове. Але недзе ў пачатку 90-х я бачыў беларускую адаптацыю наватвору — крыжаслоў. У нейкім нефармальным выданьні. Па інэрцыі, ці што… Ды наракаць няма чаго. Крыжаванка як слова прыжылася ня толькі на Беласточчыне, але і ўва ўсёй Беларусі. Іншая справа, што колькасьць людзей, якая аддаецца забаве запаўняць (на Беласточчыне сказалі б яшчэ: разьвязваць, адгадваць) крыжаванкі на беларускай мове — ня надта ўражальная. А „Ніва“ пасьля майго „гістарычнага подзьвігу“ ў 1989 годзе ўжо адзінаццаты год працягвае рэгулярна публікаваць крыжаванкі і разыгрываць кніжныя ўзнагароды сярод сваіх крыжаваньнікаў. Аднатомны тлумачальны слоўнік белмовы з 1996 году паведамляе ў прадмове, што сярод сотні ўнесеных у яго наватвораў ёсьць і крыжаванка. Але дарма шукаць гэтага слова ў корпусе слоўніка. Відаць, нехта намерыўся ўключыць, а нехта другі „не пусьціў“. Як, дарэчы, і шмат іншых, уласна беларускіх і трапных наватвораў, якія шырокім струменем шуганулі са старонак нефармальных і незалежных, а часьцяком фармальных і залежных, выданьняў у 90-ыя гады. У гэтым сэнсе — як людзі, так і мова. Усё яшчэ пад строгім наглядам… Крыўда Ігар Бабкоў Крыўда сядзела сабе ціха ў запеччы, пакуль аднойчы, у 1905 годзе, беларускія мужыкі зь верша Янкі Купалы ня згрэблі яе ў торбу і не панесьлі на худых плячах у сьвет цэлы. З тых часоў яны заўсёды разам і заўсёды ў дарозе — беларускія мужыкі і крыўда. Крыўда абяцала вызваленьне, вабіла вызваленьнем-расплатай. Крыўда сапраўды вызваляла. Напачатку ад паноў і прыгнёту (назавем гэта вызваленьнем сацыяльным), потым ад радзімы і мовы ў выніку урбанізацыі, і, нарэшце, вызваліла беларускіх мужыкоў ад іх саміх. Напрыканцы стагодзьдзя праект крыўдлівага вызваленьня скончыўся. Самы час спыніцца і агледзецца, адкінуць крыўду разам зь бядой і нядоляй. Час — узьняць, нарэшце, на свае худыя плечы праўду і волю, і ўжо нікуды больш не ісьці. Напрыканцы стагодзьдзя пакрыўджаныя мужыкі зь верша Янкі Купалы са зьдзіўленьнем і скрухай пытаюцца: „Дзе ж мой дом, дзе мой люд? Дзе Айчызна мая?“ Ксэракс Уладзімер Арлоў Ксэракс — капіявальны апарат, заснаваны на мэтадзе ксэраграфіі. Слова паходзіць ад грэцкага xeros, што значыць „сухі“. Вынайдзены 60 гадоў таму ксэракс належыць да найзначнейшых тэхнічных заваёваў ХХ стагодзьдзя. Былыя савецкія дысыдэнты сьцьвярджаюць, што менавіта ксэракс разваліў СССР. Калі капіявальныя апараты пачалі лічыць ужо не на адзінкі, а на сотні ды тысячы, тады і быў створаны дзявяты вал імёнаў, ідэяў і твораў самвыдату, супрацьстаяць якому ідэалягічныя хваляломы камуністаў ужо не маглі. У слове „ксэракс“ чуецца імя старажытнага пэрсыдзкага цара Ксэркса. Калісьці карыстаньне ксэраксам сапраўды было царскім прывілеем. Сёньня гэта амаль такая ж звыклая рэч, як пыласос або тэлефон. Ксэракс мае неаспрэчныя заслугі перад найноўшым беларускім адраджэньнем. На ксэраксе на пачатку 80-х таемна памнажаліся забароненыя тэксты Янкі Купалы і Вацлава Ластоўскага. Праз 100 гадоў пасьля Багушэвічавай „Дудкі беларускай“ адзін з нашых першых непадцэнзурных літаратурных альманахаў быў з удзячнасьцю названы „Ксэраксам беларускім". Кукуруза Рыгор Барадулін Асабліва ў паўднёвых краёх Беларусі кукуруза была кармавой расьцінай, зь яе быў багаты і спажыўны сілас. У паўночных краёх у нас кукуруза там-сям расла на гародах як нешта экзатычнае, нешта падобнае да сланечніка. За Хрушчова з кармавой кукуруза зрабілася рэзка і беспапярэчліва палітычнай культурай. На Ўшаччыне — на самай поўначы Беларусі — памятаю, пад кукурузу адводзілі бурачнішчы, лепшыя кузлачкі зямлі, бо ў нас амаль увесь падзол і камяні. Штучна выганялі кукурузу, каб на фоне яе сфатаграфаваць так званых перадавікоў і паслаць іх на Выставу дасягненьняў народнай гаспадаркі ў Маскву, а калі не ў Маскву — хоць у Віцебск. Мастак Зайцаў атрымаў высокае званьне за карціну „Наш дарагі госьць Мікіта Сяргеевіч“. Сюжэт да сьлёзаў просты — Хрушчоў стаіць у кукурузе. Мне дасюль незразумела — ці на поўным сур’ёзе, ці можа зь сялянскім зьдзеклівым гумарам пісаў Якуб Колас: Кампазытар, меней фузу — Тут слова „тромкай“ усё-ткі зьніжае патас. І ў канцы верша — таксама хітрынка нейкая: Дык гадуйся, кукурузка, Калі ў Беларусі лепшыя землі аддавалі пад „каралеву палёў“, дык у Літве Сьнечкус, сакратар ЦК, даведаўся, адкуль могуць ехаць маскоўскія камісіі — і ўздоўж тых дарог выгналі кукурузу як не да трох мэтраў, так бы мовіць — інспэктар-ахоўчую паласу. А на асноўнай зямлі сеялі тое, што радзіла спакон вякоў. І цяпер кукуруза расьце там, дзе й расла. Напамінам пра сумна-вясёлыя часіны стаяць толькі вялізныя сіласныя вежы, якія так ніколі й не працавалі — як мінарэты ў паўночных краях. А Хрушчоў атрымаў у народзе мянушку „Мікіта-кукурузьнік"... Кулак Сяржук Сокалаў-Воюш Удар кулаком аб стол — апошні вядомы нам жэст Купалы. Кулак — слова цюрскае, якое ўзыходзіць да турэцкага kol — рука. Кулак — зброя. „Ударам кулака быка валіць“ — кажуць пра дужага чалавека. Кулачны бой — ці не адзін зь першых відаў спорту ў Беларусі. Кулаком почасту вырашаюць спрэчныя пытаньні. „Ісьці на кулачкі“ — удзельнічаць у бойцы. „Ударыць кулаком аб стол“ — кажуць пра таго, хто пры дапамозе такога ўдару спадзяецца разьвязаць свае праблемы з начальствам, або пра начальніка, які хоча гэткім чынам псыхалягічна атакаваць падначаленых. Кулак — вораг савецкай улады, багаты селянін-уласьнік, які не зьмірыўся з бальшавіцкім рабаваньнем вёскі і са зброяй у руках бараніў сваё права на працу і прыстойнае жыцьцё. Трагічны кантэкст ХХ стагодзьдзя — раскулачваньне. Гэтае слова, паводле слоўнікаў, азначае пазбавіць кулакоў зямлі і сродкаў вытворчасьці. Паводле жыцьця яно азначала арышт, допыты, катаваньні, высылку або расстрэл. Культ Аляксандар Лукашук Культ — слова ня наскае, гэта лаціна, і этымалягічны слоўнік беларускай мовы сьцьвярджае, што пазычанае яно праз расейскую мову. Той, хто ведае традыцыі лаціны ў Беларусі і беларускай лацінкі, з гэтай высновы акадэмічнага мовазнаўства ня стане рабіць культу, а проста пасьмяецца. Паняцьце „культ“ зьвязанае з рэлігіяй — абагаўленьнем. Гэтае слова часьцей за ўсё гучала ў Беларусі ў сярэдзіне 50-ых, калі прапагандысты зачытвалі сакрэтны даклад Мікіты Хрушчова на ХХ зьезьдзе кампартыі: тлумачэньне зьверстваў камунізму культам адной асобы было надзвычай папулярным і эфэктыўным сродкам падмены паняцьцяў і падману народу. Удала знойдзеная формула затрымала адкрыцьцё праўды і вяртаньне справядлівасьці на дзесяцігодзьдзі — сам выраз „культ асобы“ стаўся культам. Корань „культ“ напрасткі зьвязаны з культурай, уваходзіць у розныя складаныя словы, якія існавалі адно ў савецкай мове — культпаход, культтавары, культмасавы, культармеец. Апошняе ўтварэньне ўжо зусім блізкае да „кулі“ — і хоць этымалягічна „куля“ ня мае ніякага дачыненьня да „культу“, гісторыя ХХ стагодзьдзя зьвязвае іх непарыўна. Купальле Аляксандр Лукашук Начное сьвята, калі ночы амаль няма. Cонца хаваецца на захадзе, каб празь некалькі гадзінаў выплыць на ўсходзе. Сонцастаяньне. Празрысты, нібы раса, і таямнічы, нібы туман, запавет. Слова губляецца ў глыбіні тысячагодзьдзяў. Прастадушны немец Макс Фасмэр піша, што ў гэты дзень дазвалялася купацца — адсюль і Купала. Больш асьцярожныя дасьледчыкі выводзілі Купалу ад Яна Хрысьціцеля — маўляў, гэта пераклад са старагрэцкай. Аднак дахрысьціянскае значэньне Купалы дагэтуль існуе на Палесьсі — вогнішча, агонь. Суфікс „ла“ сьведчыць пра анімізацыю назвы — Купала ня толькі агонь, але і дух агню. А Паўла Урбан, беларускі гісторык, які жыве ў Нямеччыне, выказаў здагадку, што Купала прыйшоў на Беларусь са старажытнай Індыі. Бог Крышна меў яшчэ прозьвішча „Гопала": „го“ — карова, „пала“ — абаронца, абаронца кароў. У цёплую летнюю ноч Крышна сустракаўся з пастушкамі, калі тыя, аздобленыя вянкамі, марылі знайсьці жаніха, пасланага богам. Гэтыя прыкметы можна адшукаць у абрадах беларускага купальля. У 30-я гады гэтага стагодзьдзя адна зь віленскіх газэтаў надрукавала абвестку: „Паколькі на Купальле чакаецца дождж, просім паненак і паноў беларускіх ахвіцэраў апранацца цяплей“. Аднак і надвор’е не перашкодзіла паненкам і панам імгненна паскідаць зь сябе апранахі той ноччу. У сярэдзіне 80-х у Мікалаеўшчыне Купальле сьвяткавала моладзь зь бел-чырвона-белымі адзнакамі на вопратцы: тры тузіны чалавек былі затрыманыя мясцовым КДБ і міліцыяй. Чэкісты спрабавалі арыштаваць Бога Крышну. Багі ня любяць, калі ім спрабуюць надзець наручнікі. Агонь Купалы сёньня ўсюды, дзе Беларусь. Курапаты Зянон Пазьняк Курапаты — гэта слова-сымбаль. Сымбаль страшнага злачынства расейскіх бальшавікоў супраць беларускай нацыі. Да 1988 году такога слова практычна не было ў беларускай мове. Ім карысталіся некалькі дзясяткаў чалавек вёсачкі Дроздава з дванаццаці хатаў, што ў Бараўлянскім сельсавеце пад Менскам. Калі я назваў свой артыкул пра сталінскі тэрор „Курапаты — дарога сьмерці“, я ня думаў, што ўводжу новае слова ў беларускую мову і новы тэрмін у беларускую гісторыю, бо, па справядлівасьці, павінна было б прагучаць іншае слова — Брод. Так паўсюдна называлася тое ўрочышча, дзе забівалі людзей. Але ў Дроздаве я напаткаў яшчэ адзін назоў — Курапаты, магчыма, пазьнейшы й паваенны. Слова, пачутае з вуснаў маладых хлопцаў, уразіла мяне мэтафарычнасьцю свайго сэнсу й гучаньня. Мне тлумачылі, што курапаты (ці курапаткі) — гэта белыя веснавыя кветкі, якія там на магілах растуць у траўні. Гэтыя кветкі ў Беларусі называюцца белыя пралескі, а на Віленшчыне яшчэ — курасьлепкі (бо вечарам і ў цёмнае халоднае надвор’е яны заплюшчваюцца, і як сарвеш — таксама). У іншым сэнсе курапаткі — гэта птушкі, на якіх палююць. Адсюль і выслоўе: „Пастралялі, як курапатак". Мэтафарычныя асацыяцыі слова паўзьдзейнічалі на выбар назвы артыкула пра месца расстрэлаў. Слова стала вядомае ўва ўсім сьвеце. Камуністы некалькі разоў пачыналі перагляд справы пра Курапаты, зьбіралі мяхі хлусьні, але хлусьня не дапамагала. Памятаю, адзін хлус напісаў нават успаміны, як ён вайной быццам бы праяжджаў каля Менску і добра памятае, што бачыў дарожны ўказальнік „Курапаты“. (Ува ўрочышча быў указальнік, значыцца.) Курапаты — слова-сьмерць, слова-жах, „ваше слово, товарищ маузер“, магільны помнік расейскаму камунізму. Курорт Даніл Альпяровіч „Еду на курорт“, „быў на курорце“ — гэтыя словы рэдка каму за савецкім часам удавалася вымавіць без інтанацыяў гордасьці за сябе і нейкай асаблівай значнасьці, хоць бы ўва ўласных вачах. Слова гэтае нямецкага паходжаньня (Kurort літаральна азначае „месца лячэньня“). Да паездкі на курорт рыхтаваліся, як да вясельля, — пасьлядоўна і цэлы год. Зьбіралі грошы, шыкавалі строі „на выхад“ — каб было ў чым прайсьціся ўвечары па набярэжнай — сябе паказаць, на іншых паўзірацца. Каб усё было ня горш, як гаворыцца, чым у людзей. Пры словах Ялта, Сочы альбо Алушта мроілася бестурботнае таварыства курортнікаў-хаўрусьнікаў, ласкавае, бясконцае мора, бясхмарнае неба, пальмы, рэкі смачнага таннага віна, экзатычная садавіна. Ну і, зразумела, шпаркія і салодкія заляцаньні, пацалункі пад месяцам і любосныя перамогі. Бяз бою... А пад канец — абмен адрасамі, абяцанкі пісаць і расстаньні бязь сьлёзаў і ўзаемных папрокаў. Курортнікі дзяліліся на так званых „арганізаваных“ — тых, хто прыехаў на пуцёўку ад прафкаму — і на „дзікуноў“. Арганізаваныя жылі ў санаторыях альбо пансіянатах — старанна наведвалі розныя водныя альбо гразевыя працэдуры, карацей — папраўлялі, як кажуць, здароўе. „Дзікунамі“ называлі тых, хто здымаў за рубель-паўтара на суткі ложак дзе-небудзь у альтанцы, павеці альбо нават на паддашку. А то й непадалёк ад прыбіральні. Такі курортнік выстойваў даўжэзныя чэргі ў сталоўку па сумна вядомыя катлеты з макаронамі, якія ні выглядам, ні смакам не нагадвалі ні першага, ні другога, але на жыцьцё не наракаў. Ён жа быў „на курорце“! Вось толькі раз-пораз тачыў „дзікуна“ чарвяк непакою — як „дастаць“ (хоць бы зь пераплатай) білет на зваротны шлях і ў пару патрапіць дадому. Заводзілі карысныя знаёмствы, шукалі „блат“... і знаходзілі. Успамін пра наведаньне курорту нярэдка заставаўся адным з самых моцных уражаньняў усяго жыцьця, у адным шэрагу зь першым каханьнем, службай у войску альбо, безь перабольшаньня, зь вяртаньнем з фронту. „Вось калі я быў на курорце...“, — пачынаў часьцяком мой цесьць-вэтэран знаёмую ўсім нам распавяданку-хвальбу, як яму, інваліду вайны, аднойчы далі „гарашчую“ — гэта значыць, нікім своечасова не набытую пуцёўку на курорт... Далі, між іншым, бясплатна... Кут Рыгор Барадулін Кут... Надзвычай багата сэмантычных адценьняў мае слова кут. Кут — Радзіма, родны край. „Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы...“ Дасьціпная прыказка нагадвае: „Дораг той куток, дзе адразалі пупок". Кут — пачэснае месца, звычайна пад абразамі. На кут садзяць гасьця, тым самым выказваючы яму пашану. На куце сядзяць і гаспадар з гаспадыняю. Янка Купала пісаў: „Беларусь на куце ў хаце сваёй села, чарка мёду ў руцэ, пазірае сьмела". Вясёлыя показкі падкрэсьліваюць, што „ня месца гожыць чалавека", „добраму чалавечку — добра і ў запечку, а якой благаце блага і на куце“. „Вашапрут — на кут, а добраму чалавечку — добра і ў запечку“. А папеўка радуецца: „Выпіла-закусіла, сама сябе пахваліла, захінулася ў куток, па тры чарачкі ў раток". На кут, на дзяжу садзілі маладую. На кут клалі і перад апошняй дарогай, бо мярэц таксама госьць на гэтым сьвеце, як і жывыя. Адсюль і праклён — „Каб цябе на кут абмылі!". Кут — хата, жытло. У Янкі Купалы: „За ўсё, што сёньня маю, што даў мне мой народ: за кут у родным краю, за хлеб-соль без клапот, — я адплаціў народу...". Кут — жытло не ў сваёй хаце, „сядзець кутам“ — значыць кватараваць. Кутнік — кватарант. А яшчэ кутнікі — зубы. Проста куток у хаце. „У куточку на пруточку вісяць Мэндэлевы яйцы“. Гэта — загадка пра клубок нітак. Альбо — „На ласы кусочак знойдзецца куточак“. Кут, у нейкай ступені — і мера часу. З кута ў кут — і дзень тут. Галоўнае — каб мы былі ў сваёй хаце-Беларусі гаспадарамі, а ня кутнікамі. Куцьця Алена Ціхановіч Куцьця вяртаецца з забыцьця. Магічная ячная каша, звараная на першы дзень Калядаў. Куцьця за калядным сталом галоўная, як на ўгаворах свацьця. Куцьця таксама задуманая як угавор: „Ставім крупы на пачэснае месца, каб зямля і ў новым годзе аддзячыла ўраджаем“. У куцьці рэцэпт просты — вада ды крупы, а рытуал урачысты — як сьвятое Прычасьце. Куцьцю нельга ставіць на голы стол — каб ня быць бедным. Хто хоча быць багатым — кладзе пад абрус яшчэ й сена. Куцьцю нельга не даядаць або выкідаць. Таксама ясна, што месца яе — заўсёды на покуце. Куцьця пачынае калядную вячэру, якая ў добрых гаспадароў налічвае 12 страў — столькі ж месяцаў складаюць год. Што праўда, беднасьць ці недарод дазваляюць абысьціся дзевяцьма ці сяма стравамі. Саму куцьцю ядуць з алеем ці мядовай сытой — як каму смакуе, але ня з тлушчам. Першую лыжку зачэрпвае старэйшы ў хаце і грукае ёй у вакенца: — Мароз-мароз, хадзі куцьцю есьці!
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |