A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Л
Ланцуг Анатоль Вярцінскі На ланцуг можна некага пасадзіць, скажам, мядзьведзя, і тады ён робіцца, нібы сабака, ланцужным, ручным і нават можа навучыцца танчыць. Ланцугом можна зьвязаць, у ланцугі можна закаваць, на ланцугу можна зацягнуць у які-небудзь саюз-хаўрус. І тады побач з ланцугом выстройваецца цэлы сынанімічны рад — аковы, кайданы, наручнікі. І тады паняцьце „ланцуг“ набывае сымбалічны сэнс — няволя, прыгнёт, беззаконьне, пазбаўленьне чалавека яго правоў і свабод. У Янкі Купалы мы знаходзім радкі пра кайданавыя званы, пра акоў паломаных жандара, пра ланцужны закон. У 1911-м годзе ён мажорна заклікаў: „Гэй ты, сонца, гары ад зары да зары, ланцугі распалі па ўсёй чыстай зямлі“. Кастрычніцкае сонца ланцугі распаліла, але паплечнік Купалы Якуб Колас мусіў неўзабаве прызнацца: „Кавалі другія, а ланцуг той самы, Песьні ўсё старыя, неаджытай гамы“. Трэба сказаць, што ў прылады пад назвай ланцуг ёсьць разам з названай яшчэ адна характэрная адмета — яго можна скінуць, яго можна парваць, яго можна пазбавіцца пры адпаведнай сіле духа ды пры адпаведных намаганьнях. Лапці Сяржук Сокалаў-Воюш Лапці — рэч сымбалічна-сэнтымэнтальная. Савецкая эпоха абула нашую гісторыю ў лапці, а беларуская інтэлігенцыя абула ў іх сваю любоў да народу. „А што яны нясуць на ў крыві руках, на ў лапцях нагах?“ — выгукнуў на пачатку стагодзьдзя Купала і ўвёў лапаць у шэраг адметнасьцяў беларуса. Але ўжо ў сярэдзіне стагодзьдзя адзін з герояў Коласавай „Дрыгвы“ Марка Балук крычыць: „Стой! Лапаць скінуўся!“ Гэтыя словы — пароль, пасьля якога пачынаецца кароткая сутычка арыштаваных з канвоем. Зброя апошніх пераходзіць у рукі першых. Гэта — пачатак барацьбы… З паходжаньня слова лапаць — радня лапіка. Можа, таму мы імкнемся залапіць лапцем нашае невуцтва, нашую няведу саміх сябе. Лапаць як паказальнік беднасьці робіць лапатнай гістарычную сьвядомасьць. Між тым гэты абутак быў тыповым толькі ў некаторых рэгіёнах Беларусі, і не таму, што там буяла беднасьць, а таму, што, выцягнуўшы нагу з балота, лапаць ня трэ было здымаць, каб выліць ваду. Абуць у лапці. На лапці не аб’ехаць. Плесьці кашалі з лапцямі. Лапаць знай лапця, а бот — бота, — выразы добра вядомыя, але, як і сам плецены з лыка лапаць, мала ўжывальныя. Куды часьцей ужываліся пасталы — з тоўстага скурата, копсьці — са скуры поўсьцю ўсярэдзіну, ці падшытыя скурай лабакі. Паводле спосабу вытворчасьці яны таксама лапці, паводле матэрыялу — не. Найбольш пашыраныя вытворныя — лапцюжнік, лапцюжны, лапцяваты — усе яны азначаюць: бедны, нязграбны, непрывабны, адсталы. Лапці выйшлі з моды, толькі заклік да свабоды не глядзеўся б старым і цяпер: „Стой! Лапаць скінуўся!“ Лёс Рыгор Барадулін Лёс — вышэйшая боская воля, наканаваньне, жэрабя, доля, кон, часьціна, шчасьце, шанцаваньне альбо няўдача. Слова „лёс“ запазычана зь нямецкае мовы, дзе яно так і гучыць: „лёс". Гэта лёс вядзе чалавека па жыцьці ад калыскі да дамавіны. Нараджаецца чалавек — у небе загараецца ягоная зорка. Памірае, гасьне — і зорка ягоная гасьне, зорка лёсу. У небе разгледзець зорку сваю, распазнаць па ёй свой лёс чалавеку практычна немагчыма. Па зорах хіба спрабуюць варажыць. Паркі прадуць кожнаму нітку ягонага лёсу. На далані ў чалавека лініі лёсу — як дарогі, як каляіны, па якіх едуць дні, але няма ў іх калёс, на якіх можна аб’ехаць лёс. У нашай мове варта зьняць дзьве кропачкі зь „ё“, і „лёс“ ператворыцца ў „лес“, і наадварот. У беларусаў лес — лёс. Лёс Сяржук Сокалаў-Воюш Падзеі, якія адбываюцца незалежна ад волі чалавека, зьбег акалічнасьцяў, далейшае існаваньне, будучыня і разьвіцьцё чаго-небудзь у нашай мове абазначаюцца пазычаным зь нямецкай словам лёс. У старабеларускай мове яно азначала і паперку з нумарам, якую выцягваюць у часе лёсаваньня. Сёньня ў гэтым значэньні яго замянілі словы жэрабя і жараб’ёўка. На Івейшчыне слова лёс абазначае таксама вузкі пралаз у плоце, сьцяне, зарасьцях. Лёсы на кій мераць — рабіць выбар. Лёсы зробленыя — выбар, які адбыўся. Іронія лёсу, воля лёсу. Лёсны, лёсаваць, лёсіць, залёсіць. Лёс Радзімы, лёс дэмакратыі, лёс народу. Лёсаносны, лёсавызначальны. Лёсы лепшых людзей нацыі, ахвярнік лёсу Радзімы. Лёс Беларусі, які мусіць апынуцца ў руках тых, хто сапраўды дбае пра краіну, дбае пра ейную будучыню. Лука Сяргей Дубавец Лука — гэта выгiн, згіб, паварот пакручастай ракi. На павароце пакручастай ракi звычайна ўтвараецца поплаў, лужок, які таксама называецца лукой, лукавінай. Ад прадзедаў i да сёньня на гэтых лужках беларускiя вясковыя жанчыны ладзяць увесну карагоды або таночкі, прыпяваючы: „Ой лука ж мая, лука, чаму, лука, ды ня зелена“. Такi абрад называецца „вадзiць луку“. А карагод сымбалізуе лучнасьць, злучэньне, адзiнства. Такi сэнс зафiксаваўся i ў нашых геаграфiчных назвах. Згадаем раку Случ, ад назвы якой паходзiць iмя гораду Слуцку. Ужываецца гэты корань і ў анатоміі ды заалёгіі. Памятаю перадавіцу ў даваеннай слуцкай раёнцы: „Сьвінаводы! Ударна правядзём злучку!" Паралельна ў беларускай мове жыло, разьвiвалася й пускала свае адгалiнаваньнi iмя ўласнае Лука, якое прыйшло да нас з хрысьцiянствам як iмя эвангелiста Лукi. Лукашом, напрыклад, зваўся бацька Францiшка Скарыны. У мiнулым стагодзьдзi нехта (часта думалі, што ананімны расейскі паэт) напісаў знакамітую эратычную паэму „Лука Мудзiшчаў“, якую ня так даўно ў нас перастварылі ў ананімную палітычную сатыру „Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт“. У 1930-я гады Лука Бэндэ праводзiў у беларускай лiтаратуры сталiнскую палiтыку, адным з вынiкаў якой стаў расстрэл 2 кастрычнiка 1937 году таленавiтага 28-гадовага празаiка Лукаша Калюгi. Бадай з тых часоў імя Лука або Лукаш страціла ў нас сваю папулярнасьць. Хлопчыкаў так ужо не называлі і пакуль што не называюць. Затое iмя-аснова Лукаш сёньня часта гучыць у прозьвішчах беларускай эліты ад журналістыкі, шоў-бізнэсу, акадэмічнай навукі, палітыкі... Лукашэвiчы, Лукашукi і Лукашыкі, Лукашовы, Лукашанцы... Пасьля прыходу да ўлады першага прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусi слова „лука“, зрабiўшы свой пакручасты гістарычны шлях ад беларускага фальклёру вясковага, вярнулася ў фальклёр гарадзкi, вулiчны. „Луку на муку!“ — скандуюць дэманстранты падчас апазыцыйных мерапрыемстваў. Тое, што сымбалiзавала лучнасьць людзей мiжсобку i са сваёй зямлёй, сёньня стала вобразам таго, што разлучае й сымбалiзуе аўтарытарнае беларускае кiраўнiцтва, якое ня любiць Беларусі. З двух стараславянскiх вытворных ад лукі — лучнасьці i лукаўства — сёньня ў Беларусi запанавала другое. Дарэчы, блiзкае паходжаньнем да лукi i слова лук. Лук — вядомая старажытная зброя, якую сёньня часта вырабляюць сабе беларускiя хлопчыкi, калi гуляюць у рыцараў. Лысіна Рыгор Сітніца „Як у калгасе ні працуй, а маеш чорта лысага“, — казаў раз-пораз хтосьці зь вяскоўцаў, атрымаўшы гаротныя працадні. Хто такі гэты лысы чорт, я тады ня цяміў. Бо ведаў, што лысымі бываюць вясновыя пагоркі, і жыта, і сенажаць, у якіх ад макрэчы парабіліся лысіны. Лысымі маглі быць таксама цяляты і коні, а ледзьве ня кожная другая карова звалася Лыскаю ці Лысухаю. Лысым яшчэ быў нейкі дзядзька на партрэце ў калгаснай канторы, пра якога вяскоўцы казалі, што на ягонай лысіне хоць боб малаці. Пазьней я даведаўся, што звалі таго дзядзьку Мікіта Хрушчоў. За тым часам, калі ўсім нам і ўдзень і ўноч сьвяціла ярчэйшая ад сонца лысіна колішняга правадыра сусьветнай галоты, слова „лысы“ набыло дадатковае адценьне. „На халеру ўвіхацца, калі ўсё роўна лысага пакажуць“, — гаварыў хтосьці са знаёмых будаўнікоў камунізму. „Дык што я, лысы, каб гарбаціцца задарма“, — казаў нехта іншы з гегемонаў, хаця за „лысага“, гэта значыць, за дзесяць рублёў ён мог набыць ажно дзесяць пляшак пладова-ягаднага. А тым часам міліцыянты хвацка „рабілі лысага“, зацягнуўшы ў пастарунак якога-небудзь тутэйшага хіпака. Зрэшты, мне й самому аднойчы надарылася пабыць лысым, прыкра патрапіўшы ў савецкае войска. Праз пэўны час, калі лысае сонца экс-правадыра пачало заходзіць, над нашым краем узышло адразу некалькі зыркіх галоваў, паміж сабой аднак прыкметна вылучаючы постаць Ведзьмака Лысагорскага зь ягонымі паэмамі „Сказ пра Лысую гару“ і „Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт“. Хто такі гр.В.Лысагорскі, ня высьветліла нават судовае сьледзтва. Лябірынт Уладзімер Арлоў Лябірынт — знакавае слова беларускае культуры. Цягам стагодзьдзяў беларусы ратавалі ў нябачных чужынскаму воку сховах мову, звычаі, памяць. Старажытную беларускую цывілізацыю, схаваную ад захопнікаў у полацкіх лёхах, паказаў у сваёй фантастычнай аповесьці „Лябірынты“ Вацлаў Ластоўскі. Слова лябірынт прыйшло да нас з антычнасьці. У грэцкай міталёгіі лябірынтам называлася збудаваная на востраве Крыт грандыёзная спаруда з заблытанымі хадамі, адкуль аніхто ня мог выбрацца. У лябірынце жыла крыважэрная пачвара — чалавекабык Мінатаўр, якому аддавалі на разарваньне маладых афінянаў. Першым, хто выбавіўся зь лябірынту, быў пераможца Мінатаўра Тэзэй, якому дапамог клубок нітак, падараваны герою закаханай у яго Арыяднай. Беларусь мае свае лябірынты. І легендарныя, і мэтафарычныя, і цалкам рэальныя. Найславуцейшы зь іх — Полацкі — разгалінаваная сыстэма падземных хадоў-лёхаў, якая ў сярэднявеччы злучала гарадзкія манастыры й храмы. Магчыма, менавіта там, у Полацкім лябірынце, у гады Інфлянцкае вайны зьнікла славутая Полацкая бібліятэка з кнігамі, пісанымі рукою самой Эўфрасіньні. Можа, якраз у гэтых таямнічых лёхах некалі знойдзецца неацэнны Полацкі летапіс. Існуе вэрсія, згодна зь якой у 1941 годзе зьнікла толькі копія нашае нацыянальнае сьвятыні — крыжа Лазара Богшы. А арыгінал таксама трэба шукаць у полацкіх сутарэньнях. Цяперашняя ўлада зноў асуджае беларускую культуру на напаўпадпольнае існаваньне, заганяючы яе ў сутарэньні. Ужо каторы год краіна блукае ў лябірынце, шукаючы зь яго выйсьця ў ХХІ стагодзьдзе. Лягер Сяргей Дубавец Лягер — небеларускае слова. Запазычанае за Пятром І зь нямецкай расейскае слова „лагерь“ у нас вымаўлялася як „лагер“, i ў адным шэрагу з „трапкай“ і „чаем“ служыла падставаю для пашыраных уяўленьняў савецкае намэнклятуры пра грубасьць беларускай мовы. Увогуле лягер — гэта стаянка, звычайна часовая, пад адкрытым небам і з часовым жытлом. У лягеры не жывуць, а толькі перабываюць, кантуюцца, марынуюцца, церпяць. Людзі майго пакаленьня ўпершыню сустракалі гэтае слова ў кнiгах пра амэрыканскiх пiянэраў — першапраходцаў. Пасьля мы траплялi ў пiянэрскi лягер i прыблiзна тады ж даведвалiся пра фашыстоўскiя канцэнтрацыйныя лягеры, хоць паралеляў не рабiлi. Нарэшце стала вядома і пра ГУЛАГ — сталінскую галоўную лягерную ўправу.. Памятаю, калi на ўроках аднаклясьнiца павярталася да свавольніка, якi таргануў яе за касiчку, і казала: „прыдурак лагерны“. Тады гэта разумелася як вытворнае менавiта ад лягеру пiянэрскага. Гэта пазьней вычыталася ў „Архiпэлягу ГУЛАГу“ Салжаніцына, што у сталiнскiх лягерах быў такi тэрмiн: прыдурак лягерны.. Такім чынам лягеры складаліся ў нехраналягічную пасьлядоўнасьць: фашыстоўскi канцлягер, пiянэрскi, i толькi пасьля ГУЛАГ. Лягеры перамешчаных асобаў, лягеры ўцекачоў, канцэнтрацыйныя, лягер папраўча-працоўных работ — найчасьцей у гiсторыi гэтае слова зьвязанае зь людзкiм няшчасьцем, гвалтам чалавека над чалавекам i зь няволяй. I толькi ў савецкай рэчаiснасьцi яно мусiла зьвязвацца наадварот — з маладосьцю, радасьцю, здароўем. Лягер пiянэрскi, спартовы, лягер алiмпiйскага рэзэрву. Было й пераноснае — лягер міру... Ва ўласна беларускай гiсторыi слова лягер няма. Гэта ня наша слова, якое абазначае ня нашыя рэалii, якiя цяпер сыходзяць у нябыт. Што да грунвальдзкіх ваяроў і піянэраў-першаадкрывальнікаў, дык яны застануцца ў нашых кнігах, але ставаць будуць ня лягерам, а абозам, як гэта спрадвеку і было ў Беларусі. Ленін Міхась Скобла Савецкія людзі працавалі з ранку да вечара дзеля сьветлае будучыні, а вакол гаварылі: „самы чалавечны чалавек", „жыве між нас геній", „бальшавік №1“. І людзі ведалі, што гэта — Ленін... Ён быў паўсюль. Пераступіўшы школьны парог, дзеці насілі кучаравага „юнага Леніна“ на сваіх грудзёх. Пераходзілі з клясы ў клясу зь „ленінскім гальштукам“ на шыі. А потым уступалі ў „ленінскі саюз моладзі“. Усе састарэлыя кіраўнікі дзяржавы былі „вернымі ленінцамі“. Людзей увесьчасна заклікалі „жыць і працаваць па-ленінску“. І нават сьвятло ў хатах зьяўлялася толькі дзякуючы „ленінскаму пляну электрыфікацыі“, што ўвасабляўся ў „лямпачках Ільліча“. Паэты, мастакі, рэжысэры ды ўвесь творчы люд нястомна папаўнялі „ленініяну“, запэўніваючы, што яны „зь Леніным у сэрцы“, сьцьвярджаючы — „мы — Леніна племя“, паказваючы, як „Ленін думае пра Беларусь“. Прайшоў час, і з грошай „ленінскі профіль“ прыбралі, у фальклёрным паходжаньні казкі „Ленінская праўда“ ўсумніліся. І ў трэцяе тысячагодзьдзе Ленін едзе не на легендарным бранявіку, а на трактары „Беларус“, бо на беларускіх пляцах па-ранейшаму стаяць сотні ленінаў, часам недагледжаных, з птушынымі выпаражненьнямі на лысінах — птушкі не аштрафуеш і ня кінеш у вязьніцу, як гэта сталася нядаўна з Аляксеем Шыдлоўскім, што зь сябрамі ўпрыгожыў адпаведнымі надпісамі помнік Леніну ў Стоўпцах. Што будзе з галоўным беларускім леніным на сталічным пляцы Незалежнасьці пасьля краху лукашэнкаўскага рэжыму? Хтосьці прапануе адвезьці помнік у адмысловую рэзэрвацыю, хтосьці — беражна надзець на яго клетку і ў такім выглядзе захаваць як перасьцярогу нашчадкам. І ўсё ж гэты ленін варты лепшае долі — на ім зьбярогся ад бальшавіцкага перасьледу беларускі правапіс. Падыдзіце да помніка бліжэй і прачытайце: „Наперад, пад сЬцягам ленінізму!“ Мяккі знак перажыў усе рэпрэсіі на ленінскім манумэнце пад крысом ленінскага паліто. Ліхтар Сяржук Сокалаў-Воюш „Ліхтарні блеск адкрыў на ліпе россып росаў“... Вось так на пачатку стагодзьдзя з-пад пяра Максіма Багдановіча ліхтарнямі і асфальтам, партавымі агнямі Лібавы і рамізьнікамі ўрывалася ў беларускую паэзію тэма места. Ліхтарні, ліхтаркі ці ліхтары сталіся проціпастаўленьнем лучыне, лямпе і нават чаканьню, што загляне сонца і ў наша аконца. Слова ліхтар прыйшло да нас зь нямецкай мовы, дзе яно азначала прыладу, на якую ставяць сьвечку — сьвечнік, альбо, як цяпер кажуць: падсьвечнік. У 70-х гадох у Наваполацку група студэнтаў мясцовага інстытуту выдавала непадцэнзурны рукапісны часопіс „Блакітны ліхтар“. За гэта выдаўцы досыць хутка пазнаёміліся з КГБ. Напрыканцы стагодзьдзя ліхтары сталіся ўлюбёным аб’ектам местачковых хуліганаў, якія не прапускалі зручнага моманту запусьціць у ліхтар каменем. Згаданае „загляне сонца і ў наша аконца“ зьмянілася цьвёрдым: „Цемната — друг маладзёжы“. Адзіным сьвятлом у гэтай цемры сталіся „ліхтары“ ў выглядзе сінякоў пад вачыма падлеткаў. Атрыманыя ў бойках, яны почасту зьяўляліся адзнакамі асабістага гонару. Гэта быў пачатак дэградацыі маладых беларусаў, якім усё — ад уласнага жыцьця да жыцьця Айчыны — было „да ліхтара“.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |