A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Слова Слова

За пару тыдняў да сьмерці Алеся Адамовіча мы гаварылі зь ім пра словы. На месцы таталітарнай шклаваты, дзе слова глухла і мерла, ужо было разрэджанае паветра, і словы насіла ветрам, як апалую лістоту, цудоўную і бескарысную. Навошта ён піша цяпер?

— А навошта „Свабода“ кожны дзень выходзіць у этэр?..

„Каб не забыцца хаця б пра некаторыя словы“, — толькі і знайшлося ў адказ. Спадзяюся, дасьціпны аўтар „Вандэі“ ацаніў бы ідэю „Слоўніка“ і паўдзельнічаў у яго стварэньні. Восеньню 1998-га раптам адчулася, што стагодзьдзе на сконе. У Лёндане тэрмінова дабудоўвалі Палац тысячагодзьдзя, прадбачлівыя нью-ёркцы сьпешна рэзэрвавалі столікі ў рэстаранах на год наперад, хітрыя кампутарнікі дурылі галовы ўсяму сьвету страшнымі нулямі, якія быццам перакінуць чалавецтва ў 1900 год. Мы на „Свабодзе“ вырашылі, што нішто агульналюдзкае нам не чужое, і пастанавілі зрабіць свой унёсак у агульную сумятню.

Тэрміналягічныя баталіі, спрэчкі з акадэмічнымі слоўнікамі і афіцыйнымі энцыкляпэдыямі, апэляцыі да Насовіча, Ластоўскага і Станкевіча складаюць улюбёны занятак любой групы пісьменных беларусаў за мяжой колькасьцю больш за два чалавекі. У Празе такіх было крыху больш, і моўных ідэяў, якія генэраваліся з раніцы за кавай, а ўвечары за півам, хапіла б на ўсе папярэднія стагодзьдзі таксама. Не адставалі і слухачы. Хто прапаноўваў увесьці з лаціны плюсквампэрфэкт, хто — забараніць умоўны лад як чыньнік нацыянальнай паразы. Бясспрэчнае лідэрства трымала прапанова перайменаваць краіну.

Здаецца, Сяргей Шупа першым выказаў памылковую думку, быццам рамкі аднаго слова здольныя ўтрымаць ядравую энэргію народных філёлягаў у мірным рэчышчы. У выніку гэтай неабачлівасьці і нарадзіўся „Слоўнік Свабоды“, першы з трох нашых праектаў беларускага fin de siиcle (другі — „Галасы стагодзьдзя“ — гучыць штодня сёлета; у наступным, 2001-м годзе, трыяду завершыць музычная праграма).

1 студзеня 1999 году прагучала слова „Бог“; 31 сьнежня — слова „Слова“. Адна старая кніжка сьцьвярджае, што гэта тоесныя рэчы.

Праграмы кшталту „Слова дня“ досыць папулярныя ў тэлевіктарынах, іх можна пачуць праз радыё, прачытаць у Інтэрнэце. Як правіла, яны носяць лінгвістычны характар і маюць на мэце пашырэньне моўных навыкаў. Ідэя нашага слоўніка — у падзагалоўку: „XX стагодзьдзе ў беларускай мове“.

Гадавая штодзённая перадача паводле тэхналёгіі падобная да пчалінага вульля. Паэты, настаўнікі, сьвятары, празаікі, філёзафы, гісторыкі, археолягі, барды, перакладчыкі, мастакі, журналісты, беларусы, габрэі, расійцы, украінцы, цыганы, палякі, палітычныя ўцекачы, асобы без грамадзянства, дацэнты, дырэктары, беспрацоўныя, вернікі, агностыкі, атэісты, судзімыя і не, сябры партыяў, беспартыйныя, 20-ці і 70-цігадовыя, аптымісты, рэалісты, натуральныя бляндынкі, фарбаваныя брунэткі і нават двое цалкам лысых аўтараў дзень пры дні, не зважаючы на надвор’е, настрой і перашкоды на тэлефоннай лініі, поўнілі чым Бог даў моўныя соты „Свабоды“.

Ня ўсе ячэі запоўненыя да краёў. Часам да этэру заставалася гадзіна, а слова не прыходзіла. Часам мы мелі некалькі варыянтаў аднаго слова. Некаторыя словы былі блізка, але спырхвалі, пакідаючы на мікрафоне толькі крохкую пыльцу сэнсу; іншыя прагучалі глуха і невыразна; яшчэ больш ўвогуле не патрапілі ў сьпіс. Нярэдка смак аддае горыччу — але ў каго павернецца язык назваць салодкім беларускае жыцьцё XX стагодзьдзя?

Тэкст вызначае кантэкст. „Слоўнік“ завяршаў гадзіну жорсткага інфармацыйнага этэру. Перад гэтым гучалі рэпартажы з дэманстрацыяў, мітынгаў, судоў, паведамленьні пра галадоўкі, страйкі, звальненьні, зьбіцьці. З праграмы зьніклі інтэрвію Генадзя Карпенкі, заявы Юр’я Захаранкі, тлумачэньні Віктара Ганчара — замест іх пачалі гаварыць маці і жонкі. Ці ўдовы? Словы вытанчыліся да свайго ценю. Кожны пэнсіянэр атрымліваў мільёны, але ніхто ня стаў мільянэрам; трэснула найбуйнейшае імя апазыцыі; 21 ліпеня страціла сэнс слова „прэзыдэнт“.

У апошні дзень году мы прачыталі ў этэры ўсе 365 словаў запар, гэта заняло менш за шэсьць хвілін — сэкунда на слова. Чэскі гукаапэратар пытаўся, адкуль мы так добра ведаем гісторыю яго шматпакутнай радзімы. Нельга жыць ува Ўсходняй Эўропе і ня быць крыху нападпітку, няўлад адказвалі мы.

Кожны выпуск „Слоўніка“ пачынаўся фразай „слова на дзень, для памяці і для роздуму“. Ня ведаю, што да гэтага можна дадаць.

Аляксандар Лукашук

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000