A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
М
Майстроўня Сяржук Сокалаў-Воюш Майстроўня, зафіксаваная ці ня ўсімі слоўнікамі пачатку стагодзьдзя, на канец савецкай эпохі была цалкам выціснутая майстэрняй. Да пачатку 80-ых гадоў ейнае йснаваньне трымалася хіба толькі на эміграцыйных выданьнях. Новае жыцьцё слову даў паўлегальны студэнцкі рух адраджэньня Беларушчыны. Якраз легальная частка руху і была аб’яднаная ў „Беларускую Сьпеўна-Драматычную Майстроўню“, якая ладзіла фальклёрныя сьвяты, вяла асьветніцкую працу. Гонар адраджэньня слова майстроўня належыць тагачаснай студэнтцы філфаку БДУ Ірыне Крук, якая знайшла гэтае слова ў „Беларускай Драматычнай Майстроўні“ — аматарскай тэатральнай студыі, што існавала ў Вільні ад 1922 да 1925 году, папулярызавала нацыянальную тэатральную культуру ды спыніла сваё існаваньне ў выніку рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў, а таксама праз матэрыяльныя цяжкасьці. Сярод кіраўнікоў віленскай майстроўні — імёны Арсеня Канчэўскага і Леапольда Родзевіча. Майстроўня 80-ых таксама зазнала на сабе перасьлед, цяпер ужо савецкіх уладаў, якія нават у самім слове майстроўня бачылі прыкметы нядобранадзейнасьці. У адрозьненьне ад „добранадзейнай“ майстэрні, майстроўня, дзякуючы нязвыкламу суфіксу -оў-, рабілася падазронай — больш беларускай. Макарона Сяргей Харэўскі Беларусы ведалі локшыну, але гэта была рэдкая страва, найперш з прычыны браку пшанічнае мукі. Макарона — ня локшына, ейны выраб патрабуе найлепшае мукі, тлустага малака, адмысловых апаратаў. Гэткія магчымасьці зьявіліся ў Беларусі толькі ў 60-я гады, калі запрацавалі макаронныя фабрыкі ў Віцебску, Барысаве і Слуцку. Акурат у гэты час за Беларусяй была замацаваная роля бульбянога поля СССР. Грэчка і гарох спачатку пачалі прападаць з палеткаў, пасьля з прылаўкаў. Іх замяніла макарона, паводле калярыйнасьці роўная мясу. Неад’емнай часткаю мэню стала „макарона па-флёцку“ — сумесь макароны з тушанінаю. Гэтую гіпэркалярыйную страву спажывалі цяпер ня толькі маракі з субмарынаў Запаляр’я, але й беларускія дзеці і іх бацькі. Чым бяднейшыя былі людзі, тым больш налягалі яны на гэты танны і калярыйны прадукт. Беларускі пралетарыят заўважна патлусьцеў. Сёньня беларусы забываюцца пра макарону. Айчынная — дрэннай якасьці, імпартная — дарагая. „Макарона па-флёцку“ цяпер згадваецца ў мінулым часе. На радасьць дыетолягам. Макулятура Сяргей Дубавец Макулятура — гэта скарыстаная i прызначаная для перапрацоўкi папяровая прадукцыя. Старыя газэты, непатрэбныя кнiгi, ведамасьцi, сшыткi, абгорткi зьбiраюць у стосы, перавязваюць вяроўкай i здаюць — на макулятуру. Кабета-прыёмшчыца ставiць вашыя пакункi на вагу i, падлiчыўшы на костках, расплочваецца грашыма або нейкiмi гаспадарчымi рэчамi, напрыклад, туалетнай паперай. Кожны, каму даводзiлася быць у савецкiх пiянэрах i школьнiках, ведае, што такое збор макулятуры — сапраўднае сацыялiстычнае спаборнiцтва памiж клясамi за тое, хто здасьць болей, калi дзеля перамогi ў пакункi старых часопiсаў вязалiся нават лепшыя тамы з бацькоўскай бiблiятэкi. Самыя важкiя былi, натуральна, энцыкляпэдычныя тамы. I ўсё дзеля чаго? Для хуткаплыннае славы — нейкай ганаровай граматы, якую са зьменаю пакаленьняў чакаў той самы макулятурны лёс. А што было ў тых пыльных i брудных школьных падвалах, куды першым часам звальвалi ўвесь плён сацыялiстычнага спаборнiцтва! Там, у велiзарных папяровых развалах, абавязкова корпалася некалькi постацяў зь лiку кнiжных фанатыкаў, зьбiральнiкаў карцiнак на розныя тэмы ды проста аматараў выпадковых знаходак. I знаходкi траплялiся. Сярод тонаў сшарэлых „правд“ i „известий“ абавязкова трапляўся надзвычай прыгожы глянцаваны часопiс „Америка“, якi тут жа ўпускаў цябе ў абсалютна iншы сьвет чыстых фарбаў i адкрытых пачуцьцяў. Зрэшты, i леташняя „Техника — молодежи“ зь цiкавым артыкулам пра вечны рухавiк магла здаволiць цiкаўнасьць сьледапыта... Колiшнiя друкаваныя i пiсаныя паперы становяцца макулятурай па-рознаму. Iншы раз гэта залежыць ад характару чалавека. Ёсьць такiя людзi, што ўсё жыцьцё захоўваюць любую паперку. Распавядаюць, што такiм быў Адам Багдановiч, бацька славутага паэта. Ён нiбыта перахоўваў у асабiстым архiве кожную аптэчную квiтанцыю. Сапраўды, хто ведае, калi, каму i наколькi спатрэбiцца нават ваш скасаваны тралейбусны квiток? Але найчасьцей колiшнiя выданьнi робiць макулятурай час. Праўда, i тут ёсьць свае тонкасьцi. Многiя выданьнi, якiм удалося пазьбегчы папяровай перапрацоўкі, пасьля рабiлiся бiблiяграфiчнай рэдкасьцю або нават кнiжнымi помнiкамi. Яшчэ адзiн спосаб для кнiгi i часопiса стаць макулятурай — гэта састарэць зьместам. Варта ўзяць у рукi кнiгi савецкiх iдэолягаў 30-х гадоў або матэрыялы XXIV зьезду КПСС, каб зразумець, што дух гiсторыi так i не завёўся ў iх. Падобна, што сёньня многiя беларускiя гуманiтарыi, парадкуючы свае бiблiятэкi, раз-пораз разгортваюць тую або iншую кнiжку, якая колiсь чыталася або набывалася з адчуваньнем здабытку, i... Вочы прабягаюць абзац-другi, i томiк, якi ўжо ня мае нiякага дачыненьня анi да нашага часу, анi да ўяўленьняў гаспадара, адпраўляецца ў макулятурны стос. Манкурт Ігар Бабкоў Манкурты. У сярэдзіне 80-ых, калі мы чакалі новага слова з захаду, з усходу да нас прыйшло слова „манкурты“. Гэта Чынгіз Айтматаў распавёў тады яшчэ савецкім чытачам гісторыю пра палонных, якія ня памятаюць свайго дому, не пазнаюць бліжніх, ня ведаюць бацькоў. Па-кіргіску іх звалі манкурты. Слова сталася сымбалем. Праз пэўны час усе падзяліліся на тых, хто хацеў штосьці ўспомніць, і тых, каму і так было няблага. А яшчэ празь некаторы час на дэманстрацыях натоўпы раўлі на міліцэйскія кардоны: „Манкурты, манкурты…“. Слова тады гучала як абраза, і міліцыянты сапраўды крыўдавалі, хаця пэўна не чыталі ані Айтматава, ані беларускіх паэтаў, якія праз аднаго напісалі пра манкуртаў хто вершык, а хто — цэлую паэму. Потым слова састарэла і сёньня выклікае хіба настальгію па маладосьці ў генэрацыі саракагадовых. Зрэшты, наш час не патрабуе алегорыяў. Мы ўжо высьпелі, каб ў адкрытую катаў называць катамі, а рабоў — рабамі. Марозіва Юрась Бушлякоў Замарожаны дэсэрт — марозiва — вынайшлi ў Кiтаi. І адбылося гэта за дзьве тысячы гадоў да Хрыстовага Нараджэньня. Якраз тады пачалi кiтайскiя сяляне даiць свойскую жывёлу — найважнейшы кампанэнт марозiва быў забясьпечаны. Новы прадукт упадабалi iмпэратары Кiтаю. Хронiкi данесьлi да нас зьвесткi пра баляваньнi велiчнага Нэрона — i там на сталох было ўжо марозiва. У ХVII стагодзьдзi сваiм марозiвам славiлася Вэнэцыя, у ХVIII-ым яго завезьлi ў Амэрыку. Гатуючы яго тады, малако, цукар, яйкi ды ўсялякiя прысмакi зьбiралi ў ёмiстасьць, абкружаную мешанiнай лёду й буйназярнiстае солi, i чакалi, пакуль ня ўтворыцца аднародная маса. У Беларусi марозiва пачало прыжывацца зь мiнулага стагодзьдзя. Называлi яго па-рознаму. Напрыклад, на польскi лад, лёды, або, на расейскi, марожанае. Былi вось марожанае мяса або рыба марожаная, а тут паявiлася проста марожанае. Таму рупiлiся з пачатку гэтага стагодзьдзя моватворцы беларускiя пра свой, не чужы, назоў. І ў вынiку, як былi ў нашай мове малодзiва з прадзiвам, так паявiлася ў спадзейныя 1920-ыя гады марозiва. Любiў гэтае слова Максiм Гарэцкi. Зьявiлiся й iншыя беларускiя словы абазначыць усё болей i болей ведамы ў нас ласунак — на чэскi ўзор Вацлаў Ластоўскi выштукаваў зморазь, а Янка Станкевiч без усякiх узораў, у традыцыйнай сваёй самачыннасьцi, пашыраў варыянт мярзьлёнка. Прыжылося пакуль збольшага толькi марозiва... За савецкiм часам, з аўтаматызацыяй малочнае прамысловасьцi, марозiва трывала асвоiлася сьпярша ў большых гарадох, а тады і ў меншых. Каранi пусьцiла сетка кафэ-марозiваў — пра адно з такiх пiсаў некалi ў лiрычных запiсах Янка Брыль. Марозiва прападае без маразiльнiка, таму зь вёскаю было іначай. Вяскоўцы частавалiся марозiвам, як выяжджалi ў месты, калi грошы й час заставалiся. Нехта любiў, а хто й ня вельмi... У нашыя днi ў гарадзкiх крамах прадаюць марозiва сваё i прывезенае — першае, ведама ж, таньнейшае. Яго пераважна й купляюць. Сярод назоваў марозiва я заўважыў нарэшце днямi нацыянальны — „менскае эскiмо“. Шкада толькi, што на абгортках марозiва не прынята ў Беларусi пiсаць па-беларуску. Марыянэтка Рыгор Сітніца Італьянец Марыёні, які калісьці змайстраваў ляльку для паказу тэатральнае дзеі, наўрад ці марыў патрапіць у беларускую штодзённую рэчаіснасьць. Хто з нас у маленстве ня цешыўся з марыянэткавага тэатру? О, якім цудам здаваліся нам усе гэтыя Пятрушкі, Кашчэі ды Цмокі Гарынавічы! І хто б гэта думаў тады, што тыя марыянэткавыя пэрсанажы мы пазнаем пасьля ў асобах зусім не тэатральнага кшталту? Менск, вечар, спэктакль закончаны, лялькі-марыянэткі спачываюць да іншага разу, патухаюць агні Менскага лялечнага тэатру. Але доўга яшчэ сьвецяцца вокны ў доме, што па іроніі лёсу месьціцца акурат насупраць. І хоць гэтая спаруда з надпісам „Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі“ нічым не выдае сваёй прыналежнасьці да тэатральнага сьвету, ды ў сьценах ейных вось ужо які год ладзіцца ці ня самы абсурдны марыянэткавы спэктакль стагодзьдзя. І доўжыцца дзея, і марыянэткавая пляміста-шэрая варта сустракае марыянэткавае аўто, і марыянэткі-людзі прамаўляюць не свае словы, робячы ўсё так, як загадаюць ім да часу нябачныя крамлёўска-лубянскія лялькаводы. І хоць галоўная марыянэтка і сама ўжо не свая, аднак марыянэткавыя крытыкі штодня ўсхваляюць гэты пэрсанаж у марыянэткавай прэсе, а марыянэткавая тэлевізія бясконца цягне аднастайны сэрыял, што невыносна надакучыў напаўпрытомным гледачам. Ды колькі б ні цягнуўся гэты спэктакль, а фінал усё ж немінучы. І запаліцца сьвятло, і палягуць у свае скрыні нашыя марыянэткі, і ўбачыць сьвет таемных лялькаводаў і ад душы адорыць іх сьвістам, пратухлымі яйкамі ды гнілымі памідорамі. Маска Антаніна Хатэнка Непазнавальна пазнавальнае, да болю знаёмае аблічча краіны і часу. Аблічча кожнага з нас, актораў зь вялікае ды трагічнае драмы беларускага жыцьця. Падаецца часам, што маскі прырасьлі да нашых твараў навечна і сарваць іх анікому не пад сілу. О гэты няспынны, неўтаймаваны маскарад нашага прыстасаванства! Якое даўно не ратуе, не засланяе, а ўсяго толькі надае хісткае пэўнасьці, што жывем. Прылаўчыліся. Кабеты шпарка мажуць па тварах розную гародніну і садавіну, намагаючыся захаваць маладжавасьць, а мужчынам, прынамсі бальшыні зь іх, найзручней маскавацца пад мужных ды адважных, прагна глынуўшы п’янога зельля. Хаваем, прыніжана хаваем сваю баязьлівасьць і пакору. Божа магутны! Здымі з нас гэтую агідлую маску: трэцяе ж тысячагодзьдзе падступае — дзея драмы зьмяняецца. Старыя дэкарацыі і маскі струхлелі… Маўзалей Сяргей Харэўскі У савецкі час кожны беларус дакладна ведаў сэнс гэтага слова. Словы Масква, Ленін і маўзалей завучвалі яшчэ ў дзіцячых садках. Маскоўскі маўзалей тады быў для нас адзіны ў цэлым сьвеце. Вялікая пахавальня Леніна, дзе ён ляжыць у крышталёвым саркафагу... Для дзяцей гэта было зразумела — як казка пра заснулую ў лесе цароўну. Слова маўзалей мае грэцкае паходжаньне, ім называлі самую вялікую пахавальню элінскага сьвету — цара Маўзола ў Галікарнасе. Пазьней ад назвы тае спаруды сталі называць усе вялікія пахавальні наагул... Ленінскі маўзалей пабудавалі беларусы, майстры зь вёскі Грабаўка, што на Гомельшчыне. Бадай, гэта самы вялікі помнік беларускае народнае творчасьці. І таму стаўленьне да яго ў беларусаў было асаблівае. Як пісаў Аркадзь Куляшоў: Мы не дазволілі халоднаму нябыту Беларусы вельмі раўніва пільнавалі, хто і як стаяў падчас парадаў на маўзалеі. Калі на ім паявіўся Брэжнеў, у народзе склалася прыпеўка: ...Гэта што за Бармалей У Менску зьбіраліся нават паставіць і мясцовы маўзалей Леніна, сымбалічны, у якім быў бы музэй... Пазьней маўзалеямі пачалі іранічна называць маёнткі партбосаў. А слова „саркафаг“ ужо асацыявалася не з крышталёваю труною, а з Чарнобыльскай АЭС, якую накрылі саркафагам з бэтону. Сёньня маўзалеем альбо саркафагам менчукі называюць змрочную спаруду Палацу Рэспублікі, якая паўстала пасярод сталіцы, акурат там, дзе зьбіраліся паставіць сымбалічны маўзалей Леніна. Менск Сяргей Шупа Таямніца паходжаньня назову цяперашняй сталіцы Беларусі губляецца ў далёкай смузе стагодзьдзяў. Найбольш верагоднай лічыцца гіпотэза, якая выводзіць яго ад рэчкі Менкі, што цячэ кілямэтраў за 20 на паўдзённы захад ад Менску. Форма Менск (у старым напісаньні — празь літару „яць“) захоўвалася даўгімі стагодзьдзямі — у старадаўніх летапісах, актавых кнігах і ў жывой народнай гаворцы. Аднак з наступам палянізацыі, калі старабеларуская мова ў афіцыйным ужытку была выціснутая польскай, Менск зрабіўся Міньскам. Калі дзьвесьце гадоў таму на нашыя землі прыйшла расейская акупацыя, новыя ўлады ня сталі разьбірацца ў этымалёгіі і археаграфіі, а перанялі польскі назоў. Адгэтуль узяўся Мінск. Адроджаная Беларусь на пачатку ХХ стагодзьдзя вярнула гораду старое летапіснае імя, якое пражыло ў афіцыйным ужытку дваццаць гадоў. У 1939 годзе выйшла пастанова ўладаў аб замене ў беларускай мове Менску на Мінск. Заўважым, што кошты гэтай акцыі тагачасных кіраўнікоў не хвалявалі — трэ было сьцерці з памяці людзей ненавісную нацыяналістычную форму — Менск. Гэта быў унікальны выпадак у савецкай імпэрыі. Ува ўсіх астатніх выпадках назвы гарадоў мяняліся ў расейскай мове — на нацыянальныя. Так замест Тыфлісу зьявіўся Тбілісі, замест Эрывані — Ерэван, замест Вільна — Вільнюс. У Беларусі адбылося наадварот. За апошняе стагодзьдзе горад моцна зьмяніўся. Шматлікія войны, акупацыі, рэпрэсіі, індустрыялізацыі, урбанізацыі, міграцыі татальна зьмянілі дэмаграфічнае, культурнае, моўнае, архітэктурнае аблічча Менску. Адбылася мутацыя, прадукт якой ужо натуральна завецца Мінскам. І аднак Менск жыве. У апошніх брукаваных вулках, у старасьвецкіх камяніцах, у замшэлых камянях старых могілак, у нашым болі і ў нашай надзеі. Мент Сяргей Дубавец У Краіне Саветаў усё было наадварот. Праўда лічылася паклёпам, пакупнікі існавалі для крамаў, а войска змагалася за мір. У прыватнасьці, паліцыю (г.зн. гарадзкую службу, ад грэцкага „поліс“ — места) тут называлі міліцыяй (г.зн. ваеннай, мілітарнай службай), але пры гэтым міліцыянт мусіў увасабляць у вачах народу міралюбства і гуманізм, а паліцыянт асацыяваўся з фашыстоўскімі захопнікамі і капіталістычным бяспраўем. Бадай, найбольш міралюбства міліцыі спаміж іншых рэспублік-сясьцёр культывавалася ў БССР. Памятаю, яшчэ зь дзяцінства душа не прымала пачутага ў гутарках з раўналеткамі блатняцкага слова „мент“ — выразу пагарды да ахоўнікаў парадку. Як можна было пагарджаць гэтымі дабрадушнымі дзядзямі Сьцёпамі, якія пераводзяць бабульку цераз вуліцу, а да таго ж адважна змагаюцца са злодзеямі? У каго спытаць, як прайсьці да патрэбнага месца, параіцца або нават і проста папытацца часу? Найзручней у міліцыянта. Словам, народ міліцыю паважаў, „мянтамі“ яе не называў, масава чытаў міліцэйскую газэту „На страже Октября“, пра што сьведчыў яе тагачасны наклад, і не хадзіў на чырвонае сьвятло, чым зьдзіўляў сваіх суседзяў у былым СССР. У першыя перастроечныя гады тагачасныя нефармалы любілі паўтараць, што міліцыя — з намі, бо гэта нашы, беларускія, вясковыя пераважна хлопцы. Напэўна, так яно й было. Але вось настаў кастрычнік 88-га году. Дзяды. Масавы мітынг на Маскоўскіх могілках у Менску. На сумленьні тагачаснага міністра МУС Віктара Піскарова першы развод народу зь міліцыяй, першыя сутычкі, вадамёты і сьлезацечны газ. Гэта тады да групы дэманстрантаў, загнаных дубінкамі ў поле, падбег запыханы юнак і пракрычаў слова трывогі — мянты! З таго часу экзатычнае блатняцкае слова, якое раней азначала ўсяго толькі дасьведчанасьць распавядальніка ў тэрміналёгіі крымінальнікаў, увайшло ў беларускую мову як паўнапраўная і часта ўжывальная лексэма. Мент стаў пэрсанажам нашага жыцьця. А пасьля быў Лукашэнка, які разбэхаў міліцэйскія штаты да нічым не апраўданых памераў, што прывяло да дыскваліфікацыі ахоўнікаў парадку. Пасьля былі разгоны мірных дэманстрацыяў, пабоішчы і арышты на вуліцы проста за беларускую мову або — за карыя вочы. І вось ужо сёньня нікога ня зьдзівіць выгляд міліцыянта, які ўтаропіўся ў вакно трамвая, калі побач тэрарызуе публіку п’яны бамбіза. Я бачыў, як два патрульныя ў Менску прасьледавалі міма чалавека, што ня мог падняцца зь зямлі. Але каб міліцыянт пераводзіў цераз вуліцу бабульку, я ня бачыў даўно. І спытацца ў міліцыянта, каторая гадзіна, не прыходзіць у галаву. Затое, калі мы з калегам гаворым на тралейбусным прыпынку, а міма праходзіць міліцэйскі нарад, для мяне стала зусім натуральным напаўголаса папярэдзіць сябра: асьцярожна, мянты! Мех Рыгор Барадулін Хоць прымаўка мімаходзь зазначае: „Век жыць — ня мех шыць“, але і мех шыць, каб ні зярнятка не прапаролася вострым носікам, ні цяжкое пакладзіва не прарвала яго, — трэба ўмець. Ад мяха пайшлі потым і мадэрныя сумкі, і бавулы, і розныя ахіналы. Пастухоў і вандроўнікаў мех ратаваў ад дажджу, ад морасі, ад пылу. Капюшоны ўсіх фасонаў — унукі мяха, а торбачкі — як бы дачушкі. З маленства гучыць мне весялінка: „Ажаніўся мяшок, узяў торбачку, туды-сюды павярнуў — цмок у мордачку!" Ад мяха — мяшэчнікі, тыя бедалагі, якіх голад крывавых рэвалюцыяў і войнаў гнаў па сьвеце. Пасьля вайны ўдовы — прыгоньніцы калгасаў — на сваіх плячах несьлі першы мірны ўраджай у мяхах. Мех быў адзінкай вымярэньня — мех мукі, мех жыта, мех бульбы... Падчас паўстаньняў, барацьбы беларусаў за волю мяхі, насыпаныя пяском, былі надзейнымі сьценамі змагароў. Адказная і шанавітая, так бы мовіць, пасада механошы, валачоўнікаў і скамарохаў. У паэтаў „мех“ гукае рыфму на „сьнег“ і „сьмех“. Пра недакладную многасьць кажуць — „мех з торбачкай“, пра марныя намаганьні — „чубяцца за мех, а ў мяху — сьмех“. Ён — нясумны мэтад кайнасьці: „Грэх — у мех, а сам — наверх". Завязаны пад самае горла мех нагадвае сноп. Не такая і далёкая радня — абодвум зярняты дарагія. Меч Сяржук Сокалаў-Воюш Меч — адзін з элемэнтаў нашага нацыянальнага гербу „Пагоня“ і знак вялікакняскай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Выявы мяча почасту сустракаюцца на гербах беларускае шляхты. На адным з праектаў гербу бальшавіцкай дзяржавы таксама быў меч, які быццам бы Ленін загадаў прыбраць, каб паказаць міралюбны характар бальшавікоў, маўляў — „перакуём мячы на аралы“. Скасаваны так званым правадыром меч ім жа самім і быў укладзены ў рукі ЧК, пасьля чаго гэтую зброю пачалі называць карным мячом рэвалюцыі. 70 гадоў ён лютаваў у Беларусі паводле прынцыпу „Мой меч — твая галава з плеч". Скрыжаваць мячы. Падняць меч. Прыйсьці зь мячом. Дамоклаў меч. Мечнік — службовая асоба і ганаровае званьне ў Вялікім Княстве, а таксама ваяр зь мячом і збройнік, які вырабляў гэты тып узбраеньня. Меч, мечападобны, мячовы, мечаваты. Вобраз мяча — адзін з асноўных атрыбутаў вуснае народнае творчасьці. „Я ж тых маскалёў мячом пасяку“ — сьпяваюць сьвяточнымі зімовымі вечарамі калядоўшчыкі. Мечыслаў — беларускае імя, у якім чуецца: мечаны славай альбо ўслаўлены мячом. „Біце ў сэрцы іх — біце мячамі, не давайце чужынцамі быць!“ — напісаў у вечна надзённым вершы „Пагоня“ Максім Багдановіч. Міліцыя Рыгор Барадулін Міліцыя — з лаціны, дзе militia — войска. Хадзіў анэкдот — навічку-міліцыянту заданьне: прыдрацца, прычапіцца да слупа. І той пачынае: „акапаўся, абзавёўся сувязямі, п’еш і чашачкі ўніз перакульваеш“. Самагоншчыкі падзяляліся на ўчасткі. У кожнага міліцыянта быў свой участак — „і сыт, і п’ян, і нос у табацы“. Апошнім часам міліцыянтаў трохі прылюдзілі, далі эўрапейскую форму. Але ўсё роўна — абцасы зьбітыя, на каленях — „мяшкі“, а пад вачыма — „торбы“ ад змаганьня зь „зялёным зьмеем“. Беларусь, і асабліва Менск, пераўзыходзіць самыя разьвітыя краіны па колькасьці міліцыянтаў на чалавека. Гэта ня лічачы розных АМОНаў, спэцназаў, супэрсакрэтных ахоўных органаў. Каго ад каго бароняць? Міні Сяргей Шупа Слоўца „міні-“ ўваходзіць у склад шмат якіх складаных словаў — міні-бар, міні-дыск, міні-кампутар, міні-футбол. Аднак калі сказаць проста „міні“, гэта будзе азначаць толькі адно — міні-спадніцу. Спадніца міні зьявілася пасьля аднаго з найбольшых сацыяльных выбухаў — у канцы 60-х гадоў — і сама была немалым сацыяльным выбухам. Гэта была праява сэксуальнай рэвалюцыі, якая прайшлася тады трыюмфальным шэсьцем па нашых абшарах. Міні былі выклікам шэраму пурытанству савецкага грамадзтва, дзе нават інтымныя пачуцьці грамадзянаў кантраляваліся парткамамі, прафкамамі і працоўнымі калектывамі. Міні давалі магчымасьць жанчынам адважна, агрэсыўна, безаглядна падкрэсьліць сваю жаноцкасьць, зьвярнуць на сябе ўвагу нават тады, калі ўсе іншыя сродкі не дапамагалі. Міні выклікала агульнае павышэньне колькасьці адрэналіну на душу мужчынскага насельніцтва. Цалкам магчыма, што хвалі папулярнасьці міні супадаюць у фазе з хвалямі павышэньня нараджальнасьці. Часам міні бываюць прычынаю драматычных здарэньняў, бо жанчына ў міні ў месцах аўтамабільнага руху стварае аварыйную сытуацыю. Мода на міні часам суціхала, на іх месца прыходзілі розныя мідзі і максы — але хто пра іх памятае? Міні-спадніца сталася неўміручаю і сёньня ўжо амаль не залежыць ад праяваў моды. І каб пераканацца, што беларускія жанчыны — найпрыгажэйшыя ў сьвеце, трэба выйсьці на вуліцы сьпякотным летам. Могілкі Сяржук Сокалаў-Воюш Адзінае месца на сьвеце, дзе ўсе роўныя, — могілкі. Кожны мае аднолькава зямлі. У Беларусі могілкі называюць яшчэ: могліцы, клады, пагост, цьвінтар, кладзішча. На могілкі ідуць на Радаўніцу і на Дзяды, ідуць у дні жалобы і проста, як кажуць, „да сваіх“. „Нас можа зьнішчыць толькі той, — кажа герой старажытнай легенды, — хто знойдзе і разбурыць нашыя магілы“. На адным пісьменьніцкім зьезьдзе Адам Мальдзіс распавёў, як шукаў ён на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Валынцы магілы першых беларускіх драматургаў Цяцерскага і Марашэўскага. Могілкі былі спляжаныя. Магілы раскапаныя. Чарапы павешаныя на палкі. У Полацку зруйнавалі могілкі і пабудавалі аэрадром. У Менску на месцы Старажоўскіх могілак — кінатэатар. У Віцебску на могілках зрабілі 9-павярховы дом з крамай „Дзіцячы сьвет“ і плошчу Перамогі. У 80-ыя гады беларуская моладзь у Менску праводзіла свае нелегальныя сходкі на Кальварыйскіх могілках. Там, побач з магіламі продкаў, было бясьпечна. Небясьпечна было сярод жывых. Гэтая ж моладзь ішла да забытых магіл паўстанцаў Каліноўскага на Вайсковых могілках. Пры Маскоўскіх могілках у Менску міліцыя зьбівала дубінкамі і труціла газам людзей, якія на Дзяды ў 1988 годзе ішлі да магілы Ўладзімера Караткевіча. Каб не пусьціць іх на могілкі, каб ня сталася таго, пра што бард Алесь Камоцкі — на словы таго ж Караткевіча — прасьпяваў: „Бацькі з магіл цяплом дыхнулі, каб дзецям жыць лягчэй было“. Музэй Ігар Бабкоў Для Багушэвічавага мужыка ўвасабленьнем беларускай долі быў суд. Што б ён ні рабіў, адкуль бы ён ні выходзіў і куды б ён ні скіроўваўся — ён патрапляў у суд: з адвакатамі, судзьдзямі, штрафамі, судовымі выканаўцамі. Нашаніўцы пачатку стагодзьдзя выбралі сабе іншую долю — музэй. Зь віленскага Беларускага музэю пачалося адраджэньне. Паэты, рэвалюцыянэры і дзяржаўныя дзеячы аднолькава зачаравана глядзелі на памяткі даўніны, шукаючы ў іх натхненьня і падтрымкі. Усё XX стагодзьдзе беларуская культура зьбірала гэтыя памяткі мінулага. Лепшыя нашыя кнігі — менавіта пра гэта. Нядаўна мы зразумелі, што мы жывыя і што ў нас ёсьць будучыня. Мы выйшлі на вуліцу... Вечар... Разьбітыя ліхтары... Зграі амонаўцаў адлоўліваюць апошніх дэманстрантаў. Заўтра суд. Хто будзе судзьдзямі і хто падсуднымі, мы ўжо ведаем. Мурок Валянціна Мароз Ёсьць у суворага пазычаньня зь нямецкае — мур — роднаснае беларускае мурок. Якое тым цікавае, што ня сталася звычайным варыянтам з памяншальна-ласкальным суфіксам -ок-, а зажыло самастойным жыцьцём. Мурок — ня толькі маленькі мур, а таксама такое мураванае жытло, якое чалавек вызнае за часовае. Таму ў гэтым слове чуецца адценьне несамавітасьці, непаўнавартасьці, але разам з тым і пэўнае ўдзячнасьці (служыла ж, давала прытулак!). Пры неспрыяльных варунках у мурку можна прачасаваць і ўсё жыцьцё. Але калі ўзьбівацца на што лепшае, то беларус пэўна ж памкнецца не ў раскошны мур-палац, а ўва ўтульную драўляную хату. Ці ня тое пацьвярджаюць густыя зарасьнікі нежылых катэджаў пад гарадамі ды мястэчкамі, з гарачкі набудаваныя ў часы перабудовы... Беларус дыстанцуецца і ад будынкаў-муроў — халодна-афіцыйных установаў сталінскага тыпу. Нашы вясковыя гараджане асвойвалі горад і гарадзкое жытло словам цагляны: цагляны дом, цагляная кладка, сьцены з цэглы. Мытня Уладзімер Арлоў Мытня — старажытнае беларускае слова, якое ў ягоным цяперашнім значэньні можна сустрэць ужо ў дакумэнтах часоў князя Вітаўта. Ахоўваючы эканамічную прастору Вялікага Княства Літоўскага, мытні стаялі на яго межах і тады, калі айчына нашых продкаў уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітае. На мытнях служылі мытнікі. Яны зьбіралі з падарожных адмысловую плату — мыта. Калі Беларусь апынулася ў кіпцюрох дзьвюхгаловага расейскага арла, слова мытня на два стагодзьдзі амаль цалкам зьнікла з ужытку, працягваючы існаваньне адно ў гістарычных слоўніках. Але слова гэтае выявіла дзівосную жыцьцяздольнасьць — як толькі Беларусь вярнула сабе незалежнасьць, яно загучала з вуснаў беларускамоўных дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Чуючы пры абмеркаваньні заканадаўчых актаў слова мытня, расейскамоўная камуністычная большасьць парлямэнту ўквелена круціла носам. Адзін з дэпутатаў, колішні генэрал, аднаго разу ўзьлез на трыбуну й пачаў пратэставаць — маўляў, гэтую мытню прыдумалі нацыяналісты, „іё ніхто ні панімаіт“, а асабіста ў яго, генэрала, гэтае слова выклікае асацыяцыі не зь дзяржаўнай мяжою, а з мыцьцём і лазьняй. Прамінула колькі гадоў, і словам мытня ўжо анікога ня зьдзівіш. На далёкіх ад міжнародных стандартаў беларускіх мытнях адбываюць сваю дзяржаўную службу то сонныя, як восеньскія мухі, то, наадварот, чамусьці празьмерна ўвішныя беларускія мытнікі. Яны бяруць законнае мыта, што цяпер завецца „мытным зборам“, і мыта незаконнае, што спрадвеку завецца хабарам. Лінгвістычныя ўяўленьні адстаўнога генэрала-дэпутата ўжо ніхто й не згадае, але ў нечым ён, безумоўна, меў рацыю — пасьля блізкага знаёмства зь беларускай мытняй хочацца добра памыцца. Мэгафон Сяржук Сокалаў-Воюш Мэгафон — рэч — ведаюць усе. Мэгафон — слова — далёка не. Яго почасту блытаюць з рупарам, хоць гэты галяндзкі тэрмін абазначае звычайную трубу з пашыраным канцом, якая ў сапраўднасьці — толькі частка мэгафону разам зь мікрафонам, электрычным сілкавальнікам і ўзмацняльным прыстасаваньнем. Слова мэгафон паходзіць з грэцкай мовы і літаральна перакладаецца як вялікі гук. У савецкія часы права на вялікі гук мелі толькі тыя, у чыіх руках была ўлада. Узровень гэтага гуку залежаў ад месца, якое займаў прамоўца на гіерархічнай партыйнай лесьвіцы. Магутнасьць мэгафону была максымальна дазволеным узроўнем гуку для народу. Але ўжываць гэтае прыстасаваньне народ (у асобе трэнэраў, настаўнікаў фізычнага выхаваньня або пляжных інструктараў) мог толькі ў часе спартовых спаборніцтваў ці турыстычных зьлётаў. У астатніх выпадках мэгафоны ўжывала так званая народная міліцыя. Сапраўды народным мэгафон зрабіўся толькі зь зьяўленьнем надзеі на дэмакратыю. Гэта ён узмацняў голас прамоўцаў 30 кастрычніка 1988 году. Ён заклікаў удзельнікаў на першыя мітынгі апазыцыі, стаяў у пікетах, браў удзел у фармаваньні калёнаў дэманстрантаў і праводзіў перадвыбарчую агітацыю. Зь іншага боку барыкадаў яго спрабавалі перамагчы мэгафоны абаронцаў спачатку савецкай, а потым прэзыдэнцкай улады. Гэтая вайна мэгафонаў і спарадзіла сынонім слова мэгафон — мацюгальнік. Нават у тыя часы, калі апазыцыя здолела прабіцца да мікрафонаў, мэгафон не губляў свайго значэньня. Ён стаўся сапраўдным узмацняльнікам жывога чалавечага голасу. Мэгафоны мела і мае кожная больш-менш арганізаваная група ці суполка, я ўжо не кажу пра рухі і партыі. Мэгафон — адна з тых рэчаў, якую ўдзячныя нашчадкі ўжо ў наступным стагодзьдзі маглі б ушанаваць помнікам. Мэліярацыя Валянцін Акудовіч Гісторыю Беларусі ў ХХ стагодзьдзі збольшага можна ўкласьці ў пяць словаў: „рэвалюцыя“, „вайна“, „мэліярацыя“, „Чарнобыль“ і „незалежнасьць“. За кожным з гэтых словаў стаяць апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сьцьвярджаць, што найвялікшая зь іх пазначаецца словам мэліярацыя. Пасьля мэліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі ня будзе той краіны, якую Багушэвіч назваў жаночым імем Беларусь. Літаральна за некалькі дзесяцігодзьдзяў раней сарамліва схаваная за балацінамі, хмызамі й купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як пляншэт, на якім пад транспарцір накрэсьленыя простыя лініі каналаў. Аніякі землятрус ня змог бы нагэтулькі зьмяніць ляндшафт Беларусі, як зьмяніла яго мэліярацыя... Але ж ці толькі ляндшафт зрабіўся іншым? Мэліярацыя не была адно касмэтычнай дзеяй. Не. Гэта была апэрацыя па зьмене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасьля яе завяршэньня Беларусь разьвіталася са сваёй жаночай сутнасьцю. Чалавеку мэдыцына мяняе пол ужо досыць даўно. Але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінаю. І хаця праз плястычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе пэніс, а мужчына — грудзі, але ж жаночы пэніс ня здольны апладніць улоньне, а з цыцак мужчыны ня выцісьнеш і кроплі малака для немаўляці. Напэўна, сяго-таго мае апошнія словы трохі зьбянтэжаць. Буду шчырым — мяне таксама бянтэжыць мэтафара Беларусі як жанчыны з пэнісам. Якая звонку выдае на мужчыну, але няздольная ні праліць жыцьцядайнае семя, ні прыняць яго ў сябе. І я б вокамгненна зьмяніў яе на іншую, каб празь перамену мэтафараў можна было вярнуць жыцьцядайнасьць зьнявечанаму мэліярацыяй чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь. Мэтро Зьміцер Бартосік У перакладзе з грэцкай мовы слова metropolis азначае горад-маці. Ці сталіца. Францускі выраз chemin de fer mйtropolitain, сталічная чыгунка, зь цягам часу скараціўся да проста „мэтрапалітэну“. У 1984 годзе сваё мэтро зьявілася і ў Менску. А першы ў сьвеце мэтрапалітэн быў адкрыты ў Лёндане, тады, калі пад Менскам ішлі баі паміж паўстанцамі Каліноўскага й расейскай арміяй. Цяжка спалучыць гэтыя падзеі ў адным часе: заклік „У нас няма дваран“ і абвестку „Асьцярожна! Дзьверы зачыняюцца“ — такую, здаецца, далёкую гісторыю і такі сучасны від транспарту. У ХХ стагодзьдзі мэтро разглядалася ня толькі як зручны транспарт. Гэта быў яшчэ і моцны сродак савецкай манумэнтальнай прапаганды. Ад „Плошчы Леніна“ мы праз „Кастрычніцкую“ ехалі да канечнай станцыі „Маскоўская“ і ганарыліся сваёй далучанасьцю да клюбу мэгаполісаў. Да букету менскага паветра дадаўся цёплы, смалісты пах шпалаў, а ў лексыкон менчукоў паступова ўваходзілі новыя фразы: „Сустрэнемся ў мэтро“, „Трэба пасьпець на апошні цягнік“, „Ля якой станцыі Вы жывяце?“. З набыцьцём незалежнасьці была нават ідэя, што мэтро аўтаматычна станецца прапагандыстам беларушчыны. Але станцыяў „Кальварыйская“ або „Цівалі“ мы так і не дачакаліся. Ня стала нашае мэтро й дзейснаю базаю незалежнага прафсаюзнага руху. Паводле былых савецкіх плянаў сёлета мусіла запрацаваць трэцяя, апошняя лінія. Але мэтро — штука дарагая. Асабліва пры кошце праезду ў пару амэрыканскіх цэнтаў. Можа, менавіта на трэцяй лініі мы калі-небудзь пачуем: „Станцыя „Каліноўская“. Наступная станцыя — „Плошча 25 сакавіка“. Каб ужо ніколі не праехаць паўз сваё. Мяжа Ігар Бабкоў Слова мяжа набыло сваё сучаснае значэньне толькі ў ХХ стагодзьдзі. Раней у значэньні яго ўжываліся словы „рубеж“ і „граніца“. Мяжа, паводле Ластоўскага, усяго толькі неўзараная паласа зямлі, якая падзяляе ральлю. Для сёньняшняга беларускага вуха слова мяжа гучыць амаль што трагічна. Межы Беларусі дасюль няпэўныя і неабароненыя. Мы фатальна адмежаваныя ад Захаду. На гэтым кірунку стаяць памежныя слупы й бытуюць памежнікі. Мы ўсё яшчэ знаходзім сябе на памежжы між Захадам і Ўсходам. Апазыцыя разьмежаваная. Яе лідэры абмежаваныя ў рэсурсах.. У ХХ стагодзьдзі межаў было зашмат. Іх сьціплы пералік дасюль застаецца ўлюбёным заняткам беларускай культуры. Пасьля Рыскага міру дзяржаўная мяжа прайшла па жывым целе народу. Але беларусы, маючы дасюль столькі межаў, якія падзяляюць, у глыбіні душы працягваюць марыць пра іншую мяжу — тую, што злучае, зьбірае і яднае. Менавіта пра гэтую, сабраную мяжой прастору, калісьці сказаў Ян Чачот: „Маю кавалачак зямлі, на які магу паставіць лесьвіцу ў неба“. Мяжа Сяржук Сокалаў-Воюш Мяжа. Гэтае гоцкае слова са значэньнем „той, што знаходзіцца пасярэдзіне“ ёсьць у той ці іншай форме ўва ўсіх славянскіх, а таксама балцкіх мовах. Ад пачатку 80-ых яно актыўна і пасьпяхова пачало выціскаць з нашай мовы запазычанае з расейскай граніца. Граніца здалася хутка, а вось пагранічнікі біліся да апошняга, пакуль урэшце ня выкінулі белы сьцяг перад памежнікамі. Цяпер пагранічнікі засталіся толькі ў некаторых афіцыйных пэрыёдыках ды ў лексыцы малаадукаваных людзей. Замежны, замежнік — два гэтыя вытворныя словы для савецкага ў поглядах чалавека мусілі азначаць: непажаданы, непрымальны, чужы, варожы. Для нармальнага — прымальны, магчымы, свой, сяброўскі. Адмежавацца, разьмежавацца. У нашым стагодзьдзі гэтыя вытворныя з шэрагаў гаспадарчых перайшлі ў шэрагі палітычныя. Цэлыя пакаленьні абмежаваных насельнікаў краю адмяжоўваліся ад выказваньняў сваіх нацыянальных лідэраў, ад творчасьці сваіх нацыянальных геніяў, ад сваёй гісторыі, культуры, мовы, традыцыяў, яны разьмяжоўваліся з братамі па пяры і ўяўнымі адшчапенцамі. Гэта пераходзіла межы ня толькі здаровага сэнсу, але й прыстойнасьці. Мяжа, межачка, узьмежак, межавы й памежны слупы, межавыя знакі, а таксама безьмеж, бязьмежжа, прамежкавы, прамежны — словы й выразы аднаго гнязда. Цягам ХХ стагодзьдзя межы Беларусі мяняліся некалькі разоў. Яны дзялілі краіну на Ўсходнюю і Заходнюю, яны забіралі зь ейнага складу абшары для суседзяў і потым часткова вярталі забранае. У выніку тэрытарыяльна абкрадзеная краіна знаходзіцца цяпер у межах, якія не адпавядаюць ані гістарычным, ані этнаграфічным, ані якім іншым межам беларускага народу. Затое цяпер Беларусь набыла мяжу, якой яна ня мела раней. За заходняй мяжой краіны пачынаецца цывілізаваны сьвет з усімі ненавіснымі ўладам дэмакратыямі, свабодамі і дабрабытамі. А ад сёньняшняга дня там яшчэ й пачынаюцца межы Паўночна-Атлянтычнае супольнасьці — NATO.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |