A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Н
Народ Сяргей Навумчык Найчасьцей слова „народ“ выкарыстоўваецца палітыкамі супрацьлеглых поглядаў, прычым кожны зь іх шчыра верыць у сваё права спасылацца на народ як на крыніцу ўласнае рацыі. У Менску выдаюцца „Народная Газэта“ і „Народная Воля“ — з палярна супрацьлеглым разуменьнем таго, што азначае гэтае паняцьце. Можа, народ — проста сынонім насельніцтва, якое Быкаў аднойчы назваў словам „людзтва“ — з усімі ягонымі праведнікамі і нягоднікамі, незалежнікамі і інтэгратарамі? Калі мы пагаджаемся з гэтым, то мусім прызнаць і тое, што „воля народу“ можа быць вызначаная як сярэдняе арытмэтычнае. Але з гэтага непазьбежна вынікае, што народ можа памыляцца. Другі падыход — разумець пад народам тую частку насельніцтва, якая актыўна імкнецца да пераменаў. Пад пераменамі звычайна маюцца на ўвазе незалежнасьць, дэмакратыя і рынкавыя рэформы. Менавіта такая трактоўка была пакладзеная ў назву Народнага Фронту ягонымі стваральнікамі. Доўгі час слова „народ“ спалучалася з азначэньнем „савецкі“ — і надаваліся яму самыя станоўчыя якасьці. А вось Багдановіч на пачатку стагодзьдзя прамовіў: „Народ, Беларускі Народ! Ты цёмны, сьляпы, быццам крот“... Паэты не атаясамлівалі народу і Беларусі. У „Малітве“ Арсеньневай: „Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай краіну нашу і наш народ!“. Нават граматычная форма звароту выяўляе першынство краіны („магутнай“, „шчасьлівай“), і толькі потым дадаецца — народ. Надыдзе нарэшце час, калі і дэмакратыя, і незалежнасьць з мэтаў пераўтворацца ўва ўмовы існаваньня. Магчыма, тады паняцьці „народ“ і „Беларусь“ будуць для нас непарыўныя... Нацыяналіст Рыгор Барадулін Нацыяналіст — чалавек, верны сваёй нацыі, сваёй Радзіме, свайму народу. Гэта савецка-імпэрская прапаганда зрабіла з нацыяналіста нейкае пудзіла, нейкага тэрарыста, бо ён падрываў і без таго рыхлы падмурак імпэрыі, якая займала як не шасьціну зямное кулі. Любіць сваю мову й карыстаецца ёю — нацыяналіст. Любіць, шануе й ведае сваю гісторыю — нацыяналіст. Хоча жыць у сваёй этна-дзяржаве як вольны чалавек — нацыяналіст. Савецкая прапагандовая машына перакрэсьлівала паняцьце нацыяналіст на інтэрнацыяналіст. Але інтэрнацыяналіст утвораны ад нацыяналіста. Атрымлівалася, што будавалі мост уздоўж ракі. Савецкія войскі, што падбухторвалі не адну краіну на так званую рэвалюцыю, называліся воінамі-інтэрнацыяналістамі. Пройдзе час, няхай сабе й нямала, а слову нацыяналіст будзе вернутая ягоная першапачатковая шана. Шчыры нацыяналіст перад сумленьнем чыст. Нiва Сяргей Дубавец Нiва — вельмi кароткае i вельмi невыразнае слова, у iм губляецца сэнс. Мовазнаўцам тут цяжка зачапiцца за гукi, каб растлумачыць паходжаньне слова. Нiва можа зьляцець з вуснаў у часе п’янога мармытаньня як частка папулярнага выразу „нiва-прос“. Адны этымолягi зьвязваюць нiву са словамi „нiз“ i „нiцма“. I тады паўстае цэлы шэраг прыкладаў з розных моваў, i ўсё зводзiцца да цяжкiх хваробаў i напасьцяў. Нiва — невараць, значыць, сьмерць. Iншыя этымолягi кажуць, што гук „н“ мог прышчапiцца ў працэсе таго самага мармытаньня, калi чалавечы рот сам карэктуе й спрашчае сутыкненьнi розных словаў так, як яму лягчэй вымаўляць. I тады паўстае iншы шэраг прыкладаў, дзе ўсё зводзiцца, наадварот, да рэчаiснасьцi i жыцьця. Па-беларуску нiва — гэта поле, прычым як звычайнае поле, так i поле дзейнасьцi. У другiм варыянце нiва гучыць узьнёсла. Нельга сказаць, што прафэсар Цюцюкевiч дабiўся посьпехаў у полi кардыяхiрургii. Таму кажуць — на нiве кардыяхiрургii. Памiж простым i ўскосным сэнсамi слова iснуе канфлiкт. Гэтак у рэдакцыю лiтаратурнай газэты „Наша Нiва“ часьцяком зьвяртаюцца аграрыi, абураныя тым, што газэта ня пiша „пра сяло“. Канфлiкту спрыяе i тое, што выходзяць як мiнiмум тры беларускiя газэты з падобнымi назвамi. Акрамя названай згадаю яшчэ беластоцкую „Нiву“ i прэзыдэнцкую расейскамоўную „Белорусскую ниву“, якая сапраўды пiша пра аграрныя справы. Што да абураных чытачоў „Нашай Нiвы“, дык яны й ня ведаюць, што выяўляюць тым самым сваю неабазнанасьць i неадукаванасьць. Яны забылiся, што яшчэ ў школе iм распавядалi пра першую беларускую газэту, у якой супрацоўнiчалi Янка Купала i Якуб Колас i якая стала расплодзiшчам нашага нацыянальнага адраджэньня ў ХХ стагодзьдзі. А яшчэ ёсьць савецкi джып „Нiва“ i савецкi камбайн „Нiва“. Праўда, у гэтых словазлучэньнях галоўнае слова ўсё ж ня „нiва“, а „савецкi“. Разам з краiнай, якая насiла такую назву, адыходзяць у нябыт i ейныя мэханiзмы. Савецкiя джыпы на нашых дарогах усё больш саступаюць месца проста джыпам. А ў беларускім калгасе летась зьявіўся першы амэрыканскі камбайн. Нэўтралітэт Кастусь Бандарук „Нэўтралітэт", „нэўтральны“ паходзяць з лаціны. „Нэ-ўтэр“ азначае „ні той, ні другі“, „нэўтраліс“ — які не належыць ні таму, ні іншаму. „Нэўтралітэт“ у міжнародным праве — становішча дзяржавы, якая не бярэ удзелу ў вайне на чыім-небудзь баку, ня можа быць тэатрам ваенных дзеяньняў або дысьлякацыі войскаў, а ў мірны час не ўваходзіць у ваенныя і палітычныя блёкі. Пра „пастаянны нэўтралітэт“ гаворыцца, калі дзяржава ня ўдзельнічае ў войнах, але захоўвае права на абарону, а ў мірны час праводзіць міралюбную замежную палітыку. Такой краінай мела быць Беларусь адразу пасьля абвяшчэньня сваёй незалежнасьці ў задуме далукашэнкаўскага кіраўніцтва. „Нэўтральнай“ можа быць нікім не занятая, нічыйная прастора паміж двума бакамі, зона або вада. Нэўтральным бывае сьвятло, колер або хімічны рошчын, які не дае ні лужнай, ні кіслай рэакцыі. „Нэўтралізаваць“ — гэта значыць аслабіць чый-небудзь уплыў, узьдзеяньне, напрыклад, у дачыненьні да дзяржавы, арміі, арганізацыі або канкрэтнага чалавека. У міжчалавечых адносінах нэўтралітэт тычыцца дзеяньняў, а ня думак. У думках мы заўсёды на чыім-небудзь баку. Дзейнае неўмяшаньне ў чые-небудзь справы, барацьбу або спрэчкі не заўсёды бывае дадатным і мае шэраг адценьняў. Яно можа быць выявай дальнабачнасьці, такту, бесстароннасьці, памяркоўнасьці ў ацэнках, але таксама выгодніцтва, халоднага разьліку, абыякавасьці да чыёй-небудзь крыўды або відавочнага зла. Адсюль прымаўкі „мая хата з краю — я нічога ня знаю“, „гэта мне ані баліць, ані сьвярбіць“. Неўмяшаньне ў чужыя справы можа быць спрычынена і маладушнай, баязьлівай перастрахоўкай, каб не зрабіць памылковага выбару, не пацярпець, стаўшы на пройгрышным баку. Аб гэтым у Сьвятым Пісаньні гаворыцца: „Дзеля таго, што ты цёплы, а не сьцюдзёны ані гарачы, Я выкіну цябе із вуснаў Маіх“ (Адкр. 3, 16). Нэўтралітэт добры толькі да пэўнай меры. Калі аднак сытуацыя гэтага патрабуе, трэба выразна акрэсьліцца і стаць на нейкім баку. Нябожчык Юрась Бушлякоў Нябожчык — той, хто ўжо ня мае сваёй долi на гэтым сьвеце. Нябожчык iдзе ад праславянскага *ne-bogъ, дзе гэтая другая частка *bogъ азначае долю. Словы, аналягiчныя нашаму нябожчыку, маюць заходнiя славяне, а таксама ўкраiнцы. Але беларускi нябожчык — гэта ня толькi памерлы, на нашай моўнай глебе разьвiлося ў нябожчыка шчэ адно значэньне — нейкае запрапалае некуды рэчы. Тапор мой ужо нябожчык — значыць, загубiўся і, як той памерлы, ня мае сваёй долi на гэтым сьвеце. Як герой прозы Аляксея Кулакоўскага — нябожчык Іван — усё жыцьцё марыў ён пра шчасьце, ды не дачакаўся, памёр, небарака. Нябожчыкi ў нас усе добрыя. Праўда народная сьцьвярджае, што пра нябожчыкаў ня трэба гаварыць благога. Па нябожчыках у нас галосяць — i з галашэньня, якое спрычынiў нябожчык, неўспадзеўкi бачыш, як расхiнаецца беларуская душа і вылiвае беларускiя словы. У савецкую нерэлiгiйную пару ў нашым нябожчыку па-ранейшаму, як 100, i 200, i болей год назад, чуўся Бог. І кожнага разу нябожчык прыносiў з сабою прысутнасьць Бога. Пад канец стагодзьдзя апошнюю нябожчыкаву дарогу ўсё часьцей iзноў, як i было здавён на хаўтурах, ачольвае крыж. З крыжом i ў Божай прысутнасьцi беларусы праводзяць на новую долю таго, хто пакiнуў наш сьвет. Нядзеля Валянцін Акудовіч У Бібліі сказана: „І завершыў Бог да сёмага дня справы Свае, якія Ён рабіў. І адпачываў у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх, якія рабіў“ (Быц. 2, 2). А паколькі чалавек створаны паводле вобразу і падабенства Божага, то ў сёмы дзень тыдня людзі таксама адпачываюць. Іншымі словамі, нічога „ня дзелаюць“. Адсюль і „нядзеля". Адпачывае Бог. Адпачывае чалавек. Але нехта ж мусіць рупіцца пра тварэньне быцьця ў нядзелю... Імя гэтага рупліўцы дакладна назваў Фрыдрых Ніцшэ: „Д’ябал — толькі адпачынак Бога ў сёмы дзень тыдня“. Ужо ж, напэўна, менавіта ў нядзелю, калі спрацаваны Бог суцішыўся ў ціхамірным забыцьці, д’ябал спакусіў Адама і Еву ўчыніць першародны грэх. І тады нарадзіўся чалавек. Усе мы дзеці нядзелі, і грэх наш бацька. Якраз з-за гэтага ў сёмы дзень тыдня мацней, чым звычайна, звоняць званы, і сьвятары ў сваіх казанях як ніколі палымяна заклікаюць да чысьціні і цноты. Але чалавек цнатлівы толькі ў працы, а ў нядзелю працаваць — грэх. І гэта зусім слушна, бо грэх патрабуе вольнага часу, а яшчэ — багата пладоў з дрэва спазнаньня дабра і ліха. Таму ў нядзелю на стале — і чарка, і скварка. А за чаркай і гулянка, і юр, і, здараецца, сварка. Пакуль Бог адпачывае — мы сьвяткуем нядзелю. Сьвята першароднага граху — самай вялікай падзеі з усіх, што здарыліся пасьля таго, як Усемагутны Творца аддзяліў сьвятло ад цемры. Нядзеля Анатоль Вярцінскі Нядзеля. Цудоўна рыфмуецца са словам „надзея“. Нядзеля — гэта надзея на адхланьне, адпачынак, на вольную часіну ды яшчэ, паводле даўняй народнай традыцыі, на магчымасьць хоць крыху разгавецца. Якому беларусу ня згадваецца часта з душэўнай цеплынёй коласаўская „Раніца ў нядзельку“: „Дзень быў сьвяты. Яшчэ ад раньня блінцы пякліся на сьняданьне“. Нядзелька — сьвяты дзень, а калі сьвяты дзень — кожная нядзеля, то пагатоў сьвятыя нядзеля Вербная, сьветлыя дні Пасхі і Тройцы. Ды вось сёлетні дзень Сьвятой Тройцы ня толькі ня стаў сьвяточным, урачыстым, а наадварот, зрабіўся чорным, крывавым. У апошнюю нядзелю траўня загінулі на тых самых крывавых берагах Нямігі ні ў чым не вінаватыя юнакі і дзяўчаты. Пралілася кроў і ў нядаўнюю нядзелю 17 кастрычніка, ужо на беразе Сьвіслачы, калі Марш Свабоды скончыўся гвалтам над імкненьнем людзей быць свабоднымі грамадзянамі свабоднай краіны, мець сваю нядзелю. Няма Валянцін Акудовіч Пармэнід сьцьвярджаў, што ёсьць адно тое, што ёсьць, і ніякага „няма" — няма. Але чалавек на свае вочы бачыць, як усё былое пакрысе зьнікае ў адсутнасьці самога сябе. Прычым у кожнай мове існуе слова „няма“, але, бадай, ніводнае зь іх не параўнаецца з нашым. І не сьпяшайцеся мяне ўпікаць за местачковы патрыятызм. Залішне шмат беларускае „няма“ ўвабрала ў сябе таго, што ня здарылася, не адбылося, не знайшлося. Залішне шмат у ім таго, што добра распачыналася, але зьнікла дазваньня ў невараці. Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. І цяпер мы багатыя на „няма“, як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу і, магчыма, хутка ня будзе дзяржавы. Дый пра саміх беларусаў хто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсьць, ці то іх няма? Аднак хто ведае, можа, гэтае слова ўвабрала ў сябе ня толькі нашу долю, але і наш лёс? Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца менавіта празь „няма“, якое мы выношваем усярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагодзьдзе? Колькі за гэты час вусьцішнае „нішто“ праглынула імпэрыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося. А мы, зьбіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасьцю, перакрочваем у трэцяе тысячагодзьдзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засьведчыць наша вялікае „няма“ як самы надзейны шлях праз час і быцьцё. Няміга Сяргей Шупа На Нямізе снапы сьцелюць галовамі, Стагодзьдзямі Няміга была сымбалем трагедыі. Паўзабыты боль шматвяковай менскай гісторыі, падземная рака (якую, як Стыкс, ня бачыў ніхто з сучасьнікаў), дарога сьмерці — так адгукаецца ў нашых душах слова Няміга. Напоеныя крывёю воды Нямігі стагодзьдзямі дыхалі пякельным смуродам, плодзячы немачы й хваробы. Людзі спрабавалі зь ёю ваяваць. Яе — яшчэ сто гадоў таму — здушылі ў трубах, яе засыпалі, забрукавалі, залілі асфальтам, забудавалі бэтоннымі спарудамі. Аднак яна працягвае жыць — у цемры, у падзем’і, у іншасьвеце. Яе нельга зваяваць, як нельга зваяваць Сьмерць. На полі, колішнім замчышчы, на падмурках першай менскай царквы было наладжанае шумлівае гульбішча, без агледзінаў нават на царкоўнае сьвята, калі людзі замест таго, каб супакоіцца ў душы, спакушаліся на танныя весялосьці. Праз тысячу гадоў, на захадзе ХХ стагодзьдзя Няміга зноў сабрала крывавае жніво. Нярускі Сяржук Сокалаў-Воюш Калі адна мая знаёмая напрыканцы 70-ых наведала Беласточчыну, адным з галоўных уражаньняў было наступнае: тамтэйшыя беларусы цьвердзілі, што яны рускія. „Дык вы расейцы?“ — пыталася мая знаёмая. „Не, мы не маскалі“, — адказвалі тыя. У беластоцкіх слова рускі было прывязанае да праваслаўя — рускай (але не расейскай) веры. Зусім іншае значэньне слова „нярускі“ мела ў БССР, дзе словы рускі і расеец былі поўнымі сынонімамі. „Што ты як нярускі!“ — казалі чалавеку, які рабіў нешта не паводле агульнапрынятых у пэўнай сытуацыі і ў пэўным асяродзьдзі нормаў. „Сем раз нярускі“ — характарызавалі асобу дзіўных, незразумелых паводзінаў. „Нярускім“ мог быць названы нават той, хто гаварыў па-беларуску або на трасянцы. „Гавары на нармальнам языку. Што ты як нярускі?“ — почасту чуў беларускамоўны грамадзянін ад местачковага трасяначніка. Індывід, які ўжываў згаданыя фразы, як бы адразу сам станавіўся рускім, што ў СССР азначала — вышэйшым сярод аднолькавых, лепшым сярод роўных. Слова „нярускі“ нельга перакласьці на іншыя мовы сьвету. Калі б, скажам, у той самай Югаславіі харвату сказалі: „Што ты як ня сэрб“, той бы, напэўна, з годнасьцю адказаў: „А я і ня сэрб!“ Са зьяўленьнем новых рускіх, пасьля развалу СССР, мусілі б зьявіцца і новыя беларусы. На жаль, гэтага, за вельмі рэдкім выняткам, не адбылося, а таму й няма новага нярускага, які мог бы сказаць: „Я — беларус!“
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |