A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
О
Орган Сяргей Дубавец Калі ў сярэдзіне 80-ых мне давялося працаваць у сакратарыяце газэты „Гомельская праўда“, я ня раз чуў ад рэдактара „пастановачную“ фразу: „Вы працуеце ў органе абкому партыі!“ Ключавым тут было слова орган, а сама фраза заключала ў сабе адначасова і папрок, і заклік. Орган увасабляў нечую неабмежаваную ўладу. Прычым калі орган вымаўляўся ў множным ліку, гэтая ўлада рабілася яшчэ й таемнай. Калі кагосьці забіралі органы, лёс небаракі быў незайздросны. Калі нехта працаваў у органах, ён станавіўся першым, каго баяліся, і апошнім, да каго зьвярталіся ў самай важнай патрэбе. Парадокс заключаўся ў тым, што орган абазначаў яшчэ й розныя часткі чалавечага цела. У кожнага з нас былі СВАЕ органы — зроку і слыху, нюху і дотыку. Былі таксама і полавыя органы, што ў савецкай рэчаіснасьці і сыстэме стэрэатыпаў магло зрабіць сытуацыю з удзелам слова „орган“ пікантнай. Прычым усё было ў лексычным сэнсе неяк пераблытана: органы ўтваралі арганізм, а з арганізмаў вырасталі арганізацыі... З спробаў „беларусізаваць“ орган прыгадваецца хіба што прыстаўное „в-“ на пачатку слова. Слуцкая раёнка 1937 году на першай старонцы апісвала „палавыя ворганы кныра“ — гэта была сур’ёзная асьветніцкая праца зь сялянствам, якому належала ў сьвятле рашэньняў партыйных ворганаў павялічыць пагалоўе сьвіней. Сёньня ў жывым беларускім маўленьні слова орган стараюцца пазьбягаць носьбітамі, яму на розныя лады падшукваюць заменьнікі. Дэмакратычныя газэты перасталі быць органамі пэўных арганізацыяў, органы ўлады найчасьцей называюцца ўстановамі... Хіба што ў арганізьме яшчэ пакуль падаюць прыкметы жыцьця органы нюху і дотыку.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |