A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

П

Падаткі

            Рыгор Барадулін

Падаткі... Слова гэтае наводзіла жах на кожнага чалавека, і ў першыя гады бальшавіцкай улады, і асабліва пасьля вайны 1941–1945 гадоў. Кажу „пасьля вайны“, а на думку прыходзіць, што вайна бальшавікоў з народам ніколі і не сканчалася.

Падаткіаддаваць, падаць, даніна, подаць. І міласьціна — таксама подаўка.

Падаткамі, ды такімі вялікімі, абкладаліся аднаасобнікі, саматужнікі, каб змусіць іх ісьці ў калгасны прыгон, у першабытную арцель-сябрыну. Падаткамі абкладалася ўсё — ад жывёлы да расьліны: каровы й сьвіньні, куры й трусяняты, яблыні й вішні, кусты агрэсту й клубніцаў.

За няўплату падаткаў забіралі апошнюю кароўку, карміцельку ўсёй сям’і, гаспадар якой загінуў на фронце ці ў партызанах. Хадзіў нават сумны жарт: шкілет — самы прыкладны савецкі падаткаплацельшчык, бо здаў мяса, воўну, яйцы...

Другой паводле жаху фігурай пасьля энкавэдзіста быў падатковы інспэктар. Гэта ён у суправаджэньні ўчастковага міліцыянта вёў за сабою лямант, роспач. Гэта яго клялі мёртвымі клятамі, хоць ён быў толькі выканаўца скурадзёрнай улады. І хадзіла сумная загадка: не сабакі, а брэшуць і кусаюць за пяткі. Хто? — Падаткі.


Падарожжа

            Сяргей Шупа

Падарожжа — слова кніжнае. Звычайна ніхто з нас, ні з нашых блізкіх і знаёмых у падарожжы не бывае. Звычайна мы ходзім на прагулянкі, у вандроўкі, езьдзім у паездкі, туры, ваяжы — але не ў падарожжы. У падарожжы людзі выпраўляліся даўней — для гэткіх людзей Скарына некалі выдаў „Малую Падарожную Кніжыцу“.

Прамовіўшы слова падарожжа, мы надаем апавяданьню спэцыфічны сэнс — таемны, містычны, іранічны, паэтычны. Часта гэтак называюцца кнігі: „Падарожжа ў ХІХ стагодзьдзе“ Адама Мальдзіса — пра пошукі разгубленага ў мінуўшчыне беларускага сусьвету. „Падарожжа на новую зямлю“ Міхася Зарэцкага 1929 году — пра пошукі прымроенай Беларусі, якой яна магла б быць, калі б пайшла несавецкім шляхам.

Падарожжа этымалягічна — гэта стан быцьця ў дарозе. Найбліжэй яно стаіць да польскага podrуż, на манер якога, пэўна, і было ўтворанае. І яшчэ падарожжа — знак супольнага руху: з тымі, каму з табой па дарозе. І тут, мабыць, закладзеная найглыбейшая беларуская сымболіка гэтага слова. Беларускае Падарожжа — гэта бясконцыя пошукі самых сябе ў прасторы й часе, бясконцы шлях да сваёй сутнасьці.


Падаянка

            Валянціна Мароз

Янка Брыль са слоў сталінскага вязьня Міколы Хведаровіча занатаваў такое: „Жанчыны ня толькі ехалі за мужамі ў ссылку, але і каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся, куды б яго ні перавялі. Падаянкі перадавалі“.

Слова падаянка ў Брылёвым кантэксьце — харчовая перадача вязьню, а можа й ахоўніку, каб ласкавейшы быў. У нашай мікалаеўскай гаворцы спрадвеку існавала падаянка толькі са значэньнем „хабар“ — тое, што прызначана чужому. Але за савецкім часам у вёсках стала распаўсюджвацца асуджальна-ацэначнае: „Цяперашнім часам гарадзкія дзеці летам да бацькоў прыяжджаюць аддыхаць, а зімою — падаянкі браць“. Маецца на ўвазе сала, мяса, сыр ды масла. Атрымліваецца нешта накшталт савецкае харчразьвёрсткі, толькі экспрапрыююць не наезныя чужакі, а свае крэўныя.

Падаянка пакуль знаходзіцца па-за беларускімі лексыкаграфічнымі даведнікамі. А якасьць і вартасьць гэтага шматзначнага слова паказвае на ягоную функцыянальную прыдатнасьць у сучасным беларускім асяродку. І найвыразьней бачыцца, што актуалізавацца будзе значэньне „хабар“. Бо вельмі ж увішна навучыліся беларусы прапаноўваць сваё, не адчуваючы пагрозы ад суседзяў-заграбайлаў. І дажыліся да таго, што падаянкаю ў руках пустадомка сталася сама наша Краіна-Беларусь.


Пазыкі

            Рыгор Барадулін

Пазычаць — значыцца браць у некага на пэўны час ці грошы, ці што з гаспадаркі. Але аддаць назад пазычанае — трэба. Вярнуць ці гэтулькі ж, колькі бралася-пазычалася, ці з адсоткамі — гэта ўжо як дамаўляліся. Бо: калі вінен — аддаць павінен.

У пазычанта мусіць быць на вуснах мёд, хоць на сэрцы — лёд. Як просяць, тады і жнуць, і косяць. Пазыкі ня ходзяць безьязыкі.

Пазычаць яшчэ азначае і пажадаць. Той, хто пазычаў, звычайна жадаў дабра таму, каму пазычаў. Пазыка — рэч добраахвотная. Кожны вольны пазычаць, даць у доўг нешта ці ня даць. Бо часам усё ішло бы ў згодзе з прымаўкай: аддаў рукамі, а хадзі нагамі. Хочаш займець злосьніка — пазыч грошай.

Бальшавікамі пазыка была ўзьведзеная ў дзяржаўны ранг. Называлася яна добраахвотнай, а на самой справе была абавязкова-прымусовай. Колькі за гады так званых пяцігодак было аб’яўлена дзяржаўных пазыкаў, выпушчана аблігацый! Прымушалі падпісвацца нават школьнікаў. Памятаю, як плакала мама, калі яе падпісвалі на ўвесь галодны аклад прыбіральшчыцы. Плацілі ёй нейкія 30 рублёў, і гэтыя 30 вылічваліся на працягу году.

Колькі ні пазычала савецкая ўлада — назад не вяртала. Аддавалі рукамі, а хадзіць нагамі не было куды.


Палітінфармацыя

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Палітінфармацыя — гэта казкі жыцьця.

Тлумачальны пяцітамовік беларускай мовы падае: палітінфармацыя — гэта „паведамленне пра бягучыя палітычныя падзеі ўнутрыдзяржаўнага і міжнароднага жыцця“. Гучыць бяскрыўдна, як Сі-Эн-Эн ці Бі-Бі-Сі, і таму жыхар XXI стагодзьдзя, напэўна, не даўмеецца, што палітінфармацыя — гэта час, адабраны ў чалавека дзеля добраахвотна-прымусовай палітычнай адукацыі, якая мусіла ператварыць яго ў будаўніка камунізму. У катэгорыю будаўнікоў не траплялі немаўляты і глухія пэнсіянэры. Праз катаргу палітінфармацыі праходзіла ўсё насельніцтва краіны. Палітінфармацыі чыталіся дзе заўгодна: у ленінскіх пакоях, чырвоных кутках, школах, рабочых бытоўках, на палявым стане і нават у космасе. Палітінфармацыю можна было ігнараваць, але нельга было прапусьціць. Пасьля адпаведных палітінфармацыяў увесь савецкі народ спачатку да бяспамяцтва любіў, а потым люта ненавідзеў югаслаўскага лідэра Іосіфа Броз Ціта, кітайскага Мао Цзэдуна, сваіх Цішку Гартнага, Васіля Шаранговіча, Міколу Галадзеда... Пасьля палітінфармацыяў савецкі чалавек разумеў, як і чаму апынулася ды пачало ўжываць сілу савецкае войска ў братніх Вугоршчыне (1956) і Чэхаславаччыне (1968), а таксама ў нябратнім Аўганістане. Палітінфарматары ніколі не памыляліся...

Казкі жыцьця — савецкія казкі для дарослых.


Паліцай

            Леанід Галубовіч

Слова „паліцай“ у мяне як у паэта выклікае далёкую асацыяцыю з паліцай. А вось слова „міліцыя“ асацыюецца як з дубінкай, так і з мыліцай.

Яшчэ з маленства ўбівалі ў нашыя галовы: паліцыя і паліцыянты — гэта чужое і варожае, а „наша міліцыя нас сьцеражэ“. Асабліва ў п’яных і цёмных закутках, дадаў бы я ад сябе.

Аднак і па сёньня ніхто ў маёй вёсцы ня скажа нічога дрэннага пра былога паліцая, майго далёкага дзядзьку Мікалая, што ахоўваў сваё і людзкое ад партызанскіх рабункаў. І ўсе толькі зайздросьцяць, як добра ён дажывае век у Брытанскім каралеўстве, пішучы ім лісты на іх матчынай мове, якую яны смакуюць, перачытваючы вечарамі ў хаце маёй цёткі Мані.

Сястра ж цёткі жыве ў Маскве, на Кашырскай шашы, побач з падарваным домам, і ўсё кляне тую іх міліцыю. Там жа побач, у Люберцах, служыў міліцыянтам мой колішні аднаклясьнік Валодзя. Ахоўваў не сваё і ня так, як трэба. Дык цяпер сядзіць у адной камэры са сваімі расейскімі супольнікамі.

А мае знаёмцы браты Грушы служаць у раённай міліцыі, выслужваюцца перад начальствам, хоць блізкія людзі і шэпчуцца, што хлопцы „хорам грушы абтрасаюць“: тутэйшыя, чужое абтрасуць, а сваё і затопчуць.

Карацей кажучы, паліцыя ахоўвае людзей у дзяржаве, а міліцыя — дзяржаву ад людзей. І дзе пануе закон, там паліцыя незаўважная, а дзе беззаконьне — там зь міліцыяй не разьмінуцца.

О, як я сумую па сваім далёкім дзядзьку Мікалаю…


Паляк

            Юрась Бушлякоў

Палякпольскi чалавек, у ягоным нацыянальным назове чуецца поле. Этнонiм паляк паявiўся ў далёкiм ХІ стагодзьдзi, паляк — ад poljaninъ, так зваўся жыхар Велiкапольшчы: i адтуль, дзе Познань, Быдгашч, Гнезна, шырылася імя й стала агульным назовам палякаў. Беларусы стагодзьдзямi ведалi палякаў як ляхаў — гэтае імя суадносiлася зь лядам. Ляхi — насельнiкi вольных ад лесу прасьцягаў — лядаў. Людзi зь ляскага краю сялiлiся ў нас яшчэ да Крэўскае унii. І нашыя продкi ведалi, па чым пазнаць такога чалавека. Казалi: па тым, што на чэраве ў ляха бляха. І прыглядалiся, i вучылiся ў ляхаў, напрыклад, у тых мазурскiх буднiкаў, якiя прыйшлi ў наш край на лясны промысел i асталявалiся на Палесьсi. А польская мова, займеўшы на нашай зямлi правы, насычалася сокамi мовы беларускае... І з польскiм уплывам прыбаўлялася ў нас палякаў. Аднак i даўней, i ў новыя часы нямала палякаў парабiлася зь беларусаў. У ХХ стагодзь-дзi мэтады былi або адмiнiстрацыйныя, або касьцёльныя. „Будзь паляк, як людзi, iнакш — дрэнна будзе“, — у вершы Вiнцука Адважнага крычыць гэтак жонка мужу — у заходнебеларускай вёсцы за польскiм часам iдзе перапiс... Пасьля вайны, прарэджаныя савецкiмi высылкамi, колiшнiя польскiя грамадзяне двойчы масава выяжджалi ў Польшчу. Колькi сярод тых рэпатрыянтаў было беларусаў, якiя мiж двух камунiстычных рэжымаў выбiралi польскi, нiхто дакладна ня скажа...

Гавораць, што чалавек, якi ня ведае гiсторыi, асуджаны на тое, каб перажыць яе зноў. На шчасьце, у раскiданых па краiне даўнейшых шляхецкiх вёсках нярэдка сустрэнеш людзей, якiя, цэнячы сваю польскасьць, памятаюць пра беларускую Бацькаўшчыну й не забываюцца на клопат сваiх пачцiвых папярэднiкаў — стаяць за сваю й за нашую свабоду.


Паляндвіца

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Клясычны беларускі стол. На ім, сярод іншага, бульба, хлеб, капуста, кілбасы. Асаблівае месца на гэтым стале займае паляндвіца, паляндрыца альбо паляндзьвіца. Той, хто аднойчы скаштаваў хоць бы скрылёк гэтага чырванаватага вэнджанага ці сеўранага, або, як цяпер кажуць, вяленага мяса, той пры наступнай нагодзе абярэ яго за сталом у ліку першых.

У жыцьці беларусаў паляндвіца заўсёды адыгрывала адну істотную ролю. Яна стаяла ў ліку тых нешматлікіх прадуктаў, якія былі і на магнацкім, і на шляхецкім, і на сялянскім сталах. Вось толькі багацейшыя мелі яе, калі хацелі, а бяднейшыя — на сьвята. Паляндвіцу найчасьцей ужывалі летам. Побач з кіндзюком, сеўранымі кумпякамі і кілбасамі яна лёгка дажывала да наступных Калядаў, калі зноў рэзалі вепрука, бралі паляндвіцу, салілі, націралі чоснакам, перцам ды іншымі духмянасьцямі, абвязвалі палатном і вешалі ў сухім месцы...

Паляндвіца — адзін з тых рэдкіх прадуктаў, які, патрапіўшы на гарадзкі расейскі стол, не губляў свайго беларускага імя. Чаму? Бо ніхто з нашых усходніх суседзяў гэткага ласунку папросту ня робіць. Відаць, таму памыліўся аўтар „Этымалягічнага слоўніка расейскай мовы“ Макс Фасмэр, які напісаў, што паляндвіца робіцца зь ялавічыны.

Злучыў з правінцыяй сталіцу,

На стол паклаўшы паляндвіцу, —

напісаў адзін з нашых паэтаў, і да гэтых радкоў, далібог, цяжка нешта дадаць.


Паляшук

            Андрэй Дынько

Казка пра палешукоў і палевікоў, беларускі міт пра вынаходку калёсаў і плыта, выводзіць паляшуцкі род ад старэйшага з добрых братоў, цалкам станоўчага, толькі ня кемлівага і не энэргічнага. Ён застаўся жыць у пушчы, бо стаміўся выцярэблівацца зь нетраў. Так і цяпер жывуць, — падсумоўвае казка.

Для географаў Палесьсе — гэта шырокая паласа, ад Падляшша аж пад Калугу. Калі, аднак, спытацца ў старэйшых людзей, не прыбітых той каляніяльнай мадэрнізацыяй, якую Беларусь перажыла ў апошнім стагодзьдзі, дзе жывуць палешукі, — дык пад Берасьцем адкажуць: „То там, за лісом, кулу Малурыты“. Зь берагоў Рыты вас адашлюць за Дывін, з Дывіну — над Прыпяць, і гэтак далей.

Палешукі жывуць скрозь — і нідзе. Як адзначаюць этнографы, у беларускім Заходнім Палесьсі самі сябе называюць палешукамі толькі ў пары вёсак на паўднёвай Піншчыне.

Ёсьць у слове паляшук нешта непачэснае. Нездарма апантаны ідэяй стварэньня чацьвертай усходнеславянскай нацыі авантурыст Мікола Шэляговіч пры канцы 80-ых не рашыўся выкарыстоўваць этнонім палешукі, уваскрашаючы летапісных яцьвягаў.

Калі ў Якуба Коласа дзед — жыхар зусім не паўднёвай Піншчыны — кажа: „палешукі мы, а не чалавекі“, ён, відавочна, прамаўляе, што называецца, не сваім ротам. Ён паўтарае чужыя словы, агучвае ідэалягемы калянізатараў, навязаныя тутэйшым людзям, якія зацята не хацелі сябе называць ніяк.

Паляшук, у каляніяльным значэньні гэтага слова, гэта не драўлянін, а дрыгавіч. Гэта — істота з дрыгвы, цемры, нішчымніцы. Бязмоўнае, дагістарычнае стварэньне, якое магутны асьвечаны расейскі або савецкі арол, усадзіўшы кіпцюры ў сьпіну, выцягвае з багны, пераўтварае. Мэліяруе, то бо паляпшае. Людзей на балоце прымусілі бачыць сябе нічым не адрознымі ад расейцаў. Нічым, апроч сваёй забітасьці і адсталасьці.

Акадэмічны Тлумачальны слоўнік на слова паляшук дае цудоўны прыклад з драматурга, а ў вайну — рэдактара часопіса „Партызанская дубінка“ Гурскага: „Вы — сібірак? Не. Паляшук".


Памяць

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Памяць — гэта я, і памяць — гэта мы.

Памяць, як і людзі, бывае вечнай і кароткай, маторнай і зрокавай, слабой і моцнай.

Савецкая школа ўжывала чалавечую памяць для выхаваньня будаўнікоў камунізму і таму патрабавала ведаць на памяць клятву юнага піянэра, колькасьць ордэнаў на сьцягу камсамолу, склад палітбюро ЦК КПСС, вершы пра Леніна. Але, на самой справе, гэта была антыпамяць, у якой гублялася памяць пра вартае.

У той самы час яна, як магла, вытручвала гістарычную памяць народу, выбівала з памяці ягоную нацыянальную сьвядомасьць. У выніку памяць беларуса пакрысе бяднела: зь яе выляталі несавецкія падзеі, імёны народных герояў, зь яе вылятала родная мова і нацыянальныя арыенціры. Спытайце ў беларуса, да прыкладу, якога вялікага паэта ён можа назваць без развагаў, і вы, у бальшыні выпадкаў, пачуеце імя чалавека з суседняй дзяржавы.

Адна зь першых гістарычных кніжак пра нашу гісторыю (для чытача 80-ых) называлася „Памяць пра легенды“. Аўтар, Кастусь Тарасаў, схаваўшыся за слова „легенды“, вярнуў памяць.

Кароткі пэрыяд вяртаньня памяці пасьля развалу СССР напоўніў памяць іншым зьместам і пачаў патрабаваць прыпомніць ня толькі забытае супольнае, але й прыватнае: спазнаць свой радавод, вызначыць сваё месца ў гісторыі свайго народу і адсюль — у сёньняшняй рэальнасьці.

Нашая памяць цяпер — гэта ўжо іншая памяць, памяць, у якой жывуць Бітва пад Воршай і шляхецкая вольніца, БНР і Слуцкі збройны чын, Курапаты і Чарнобыль, змаганьне за нацыянальную школу і разагнаныя ўладамі дэманстрацыі.


Парадак

            Ігар Бабкоў

У Беларусі парадак наводзілі пераважна чужынцы. Самі беларусы ўладкоўваліся і прыладжваліся, але марна. Як толькі яны вярталіся ў свой родны кут, да іх прыходзіў з захаду ці з усходу новы парадак. І ўсё даводзілася пачынаць нанава.

У выніку ў самім слове за стагодзьдзі назьбіралася столькі агрэсіі, гвалту, бязладзьдзя і беззаконьня, што ніхто зь сёньняшніх дэмакратычных беларускіх палітыкаў не адважваецца яго ўжываць. Затое ўжываюць недэмакратычныя і небеларускія.

Зрэшты, словазлучэньне „навесьці парадак“ — каляніяльная калька з расейскага палітычнага мысьленьня. У Расеі ўжо тры стагодзьдзі „парадак наводзяць“ цары і рэвалюцыянэры, камуністычная намэнклятура і посткамуністычная алігархія. Сёньня за гэтую справу ўзяліся генэралы.

У Беларусі ў хаце „прыбіраюць“ і „прыбіраюцца“, дзяржаву „выбудоўваюць“, з праблемамі „даюць сабе рады“. Таму, як паказвае практыка, чым болей у Беларусі парадку, тым менш згоды і тым больш міліцыі.


Партызан

            Міхась Скобла

Францускае слова партызан прыжылося ў беларускай мове, утварыўшы цэлы куст аднакаранёвікаў: партызаніць, партызанскі, партызаншчына...

Пасьля другое сусьветнае вайны Беларусь у „дружнай сям’і рэспублік-сясьцёр“ назвалі „рэспублікай-партызанкай".

Славуты купалаўскі верш-праклямацыя „Партызаны, партызаны, беларускія сыны…“ як бы нагадваў савецкім партызанам пра партызанаў іншых, напрыклад, пра „зеленадубаўцаў“, якія ў 20-х гадох змагаліся з бальшавікамі за адзіную непадзельную і незалежную Беларусь.

Пра савецкіх партызанаў напісаныя цэлыя бібліятэкі ўхвальных мэмуараў. Але сымбалічна, што першым партызанскім летапісцам у Беларусі выступіў небезьвядомы Цанава — наркам нутраных справаў — на чыім сумленьні тысячы бязьвінных ахвяраў.

У безьлічы мэмуарных хваласьпеваў ці не адзіным за савецкім часам дысанансам выглядае верш Ларысы Геніюш:

Партызаны ж, тыя партызаны,
Што ім сёлы, енк і боль людзкі,
толькі б мосьцік недзе быў узарваны
ды ляцелі з рэйкаў цягнікі.

Да гэтай пары ў беларускіх лясох захаваліся партызанскія зямлянкі.

А сьпелыя бары — нашы саборы,
а белакурыя гаі — нашы сьвятліцы.

І заўжды гатовыя абараніць беларусаў самаахвярныя бярозы ды сосны — партызанскія сёстры.


Пашпарт

            Алена Ціхановіч

З пашпартам беларусы сталі жыць толькі ў гэтым стагодзьдзі. Першапачаткова, у позьнім Сярэднявеччы, слова „пашпарт“ азначала дазвол на праход, праезд.

Савецкі пашпарт у 30-ыя гады пачаў уводзіцца для больш строгага парадку ўліку і кантролю. Вяскоўцам пашпартоў не давалі аж да 50-ых — тым самым калгасы трымалі іх ува ўмовах прыгоннага права.

Шматлікія пашпартысты й пашпартысткі на сваіх пашпартных сталох вялі заўзятую перакоўку усіх нацыянальных традыцыяў іменаслоўя на адзін лад: так нарадзіліся раней нечуваныя звароты „Нурсултан Абішэвіч“ ці „Ўрал Рамдракавіч“. Так і беларускі „Янка“, ці „Ян“, застаўся толькі ў песьні. Векавечныя радаводныя дрэвы пайшлі ў сукі… Як казаў паэт:

Каб не ўніжаць аўтарытэту,
Ён Рэпу справіў на Рэппо.

Савецкі пашпарт, як і мараль, меў двайное аблічча: адзін нутраны, другі — замежны. Даўно заўважана: чырвоны пашпарт памежнікі ў Эўропе бяруць, як жабу. Уладальнікі новага, сіняга пашпарту, як кажуць, „з капустаю“ на вокладцы, падарожнічаюць ня з большай прыемнасьцю. На старонках гэтага дакумэнту шукаюць ня толькі належную візу, але й дзіўны запіс: гэты пашпарт прыгодны для выезду ўва ўсе краіны сьвету. Адзін польскі памежнік, пабачыўшы гэта, заўважыў калегу: напэўна, у іх ёсьць і пашпарты, прыгодныя, каб ставіць на іх патэльні.

Пашпарт з „Пагоняй“ не пасьпеў стаць пазнавальным на межах. Але тыя, хто яго прыхаваў, берагуць для ХХІ стагодзьдзя.


Паэт

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Калі на пачатку 90-ых у Беларусь пачалі прыяжджаць дзеці нашых эмігрантаў, яны заўважылі, што паэты тут вядомыя так, як у краінах іхнага пражываньня кіназоркі альбо рок-сьпевакі. Гэта, вядома, перабольшаньне, але ў ім ёсьць рацыянальнае зерне. Цяжка адшукаць у Беларусі чалавека, які не назваў бы двух-трох майстроў нашай паэзіі. У той самы час лёгка адшукаць таго, хто блытае Купалу і Коласа альбо ніколі ня чуў пра Алеся Гаруна ці Макара Краўцова.

У той самы час, ня кожны зацяты саветчык назаве імя аўтара БССРаўскага гімну Міхася Клімковіча, гэтак сама як зацяты камуніст ня ведае, што ягоны партыйны гімн „Інтэрнацыянал“ ёсьць у беларускім перакладзе таго самага Купалы.

Паэта, паэтка, паэзія, паэтычны, апаэтызаваны. Усе яны маюць аднога грэцкага продка — слова поітіс, што больш-менш адпавядае нашаму пясьняр.


Пекла

            Міхась Скобла

У 1937 годзе рыхтавалася чарговае пісьмо Сталіну ад савецкага народу. На гэты раз правадыру білі чалом беларусы. Але іхнае прызнаньне пад пільным вокам выдавала на дывэрсію: на вялікай чырвонай кнізе золатам было выціснута „Вялікаму Сталіну ад беларускага народу“. Адпаведныя службы сьцямілі, што загаловак будзе чытацца ў Маскве, і ў саюзную сталіцу „ад“ беларускага народу не паехаў. Паехаў „от“, дзеля якога ўвесь эпічны ліст працоўных быў перакладзены на расейскую мову.

Так бацька народаў і не зазнаў нашага пекла, напісанага шасьма паэтамі і падпісанага двума мільёнамі грамадзянаў савецкай Беларусі.

Пакуль ліст выдрукавалі 20-тысячным накладам, двое з аўтараў і тысячы падпісантаў ужо сядзелі. Кожны пякельнаю працаю ў кар’еры ці на лесапавале набліжаў прыйсьце камуністычнага раю, кожнага ганялі як Марку па пекле..

Геенаю вогненай, дзе гаспадарыць пачварны Люцыпар з паплечнікамі-пякельнікамі, палохалі дзяцей і пужаліся самі. Людзі казалі: „Хто курыць — таго да пекла тураць, а хто нюхае — той сам да пекла трухае".

Адна вясковая бабулька называла могілкі раем і пра пярэбары пад вечныя сосны казала з палёгкай. А ўсё таму, што жыцьцё падавалася ёй сапраўдным пеклам..

Хапала пеклаваньня ў жыцьці. Ці не таму беларусы з асэнсаваньнем пекла ў мастацтве трохі прыпазьніліся.

Толькі ў 90-ыя гады прачыталі па-беларуску Дантава пекла, а мастак Алесь Пушкін намаляваў сваё пекла на сьценах царквы ў родным мястэчку Бабры. Вернікі засталіся задаволеныя і Таемнай Вячэрай, і выявамі апекуна храма сьвятога Міколы Цудатворцы. А вось вялікая фрэска, на якой паказаны Страшны Суд, выклікала ў настаяцеля царквы пэўную насьцярогу, дакладней, фрагмэнт фрэскі, дзе ў пекле ў адпаведнай кампаніі апынуўся чалавек — лысы, вусаты ды пры гальштуку. Той самы, што называе сябе праваслаўным атэістам.


Пераклад

            Ян Максімюк

Папрасіць „перакласьці кніжку з паліцы на стол“ можам любога чалавека, прытым з цалкавітай упэўненасьцю, што кожны раз атрымаем такі самы вынік „перакладу“, калі толькі чалавек захоча выканаць нашу просьбу. Папрасіць „перакласьці кніжку зь нямецкай на беларускую“ можам далёка ня ўсіх, а прытым без найменшага спадзеву, што вынік дзеяньняў атрымаецца аднолькавы ў кожнага перакладчыка. У гэтым сэнсе літаратурны пераклад — непаўторны, як і сам арыгінал.

Няма рэцэпту, як зрабіць добры пераклад. Усе перакладчыкі шукаюць свайго ўласнага шляху паміж полюсамі доўгага ланцужку дыхатамічных правілаў. Прыкладам: а) пераклад павінен перадаваць словы арыгіналу — пераклад павінен перадаваць ідэі арыгіналу; б) пераклад павінен адлюстроўваць стыль аўтара — пераклад павінен адлюстроўваць стыль перакладчыка; в) пераклад павінен чытацца як тэкст, сучасны эпосе аўтара — пераклад павінен чытацца як тэкст, сучасны эпосе перакладчыка; г) перакладчык можа дадаць нешта ад сябе — перакладчыку нельга такога рабіць. І так далей, і да таго падобнае.

Ясна тут адно: калі б у перакладзе ішлося пра зьмену словаў аднае мовы на словы іншае, ён наўрад ці меў бы якую-небудзь цікавасьць як для чытачоў, так і для саміх перакладчыкаў. Перакладаецца заўсёды нешта значна большае за словы, фразы й абзацы — перакладаецца сьвет, закадаваны ў адной мове, на ягоны адпаведнік у іншай мове. Дзьвюхмоўны слоўнік у гэтай працы — усяго адзін з дапаможнікаў, прытым, мабыць, ня самы важны.

Гісторыя беларускага літаратурнага перакладу — гэта ўвадначас і гісторыя інтэлектуальнага змаганьня за захаваньне свайго беларускага сьвету ў сусьвеце нацыянальных культураў. Гэта перш-наперш змаганьне за тое, каб ня зжэр беларускага сьвету сьвет расейскі. Каб ня зьнікла назусім беларуская ўражлівасьць да сусьвету, якая знаходзіць сваё выяўленьне ў самабытным беларускім слове. Каб беларусам ня трэ было шукаць адпаведнага беларускага слова праз расейска-беларускі (ці, можа, польска-беларускі альбо ангельска-беларускі) слоўнік.


Печ

            Рыгор Барадулін

Печ — бадай ці не галава ўсёй хаце, хіба што покуць можа зь ёй зраўняцца па важнасьці, але покуць — больш ганаровае паняцьце. Нездарма ж гавораць: танцаваць трэба ад печкі. Корань слова зразумелы — ад „пячы", „выпякаць“. Першаснае прызваньне печывыпечы хлеб, рознае печыва. Толькі „гад печаны“ не ад печы паходзіць.

У печы гатаваліся стравы, печ грэла хату, і ад печы ішоў цёплы дух. Печ з прыхаду нечым нагадвала чалавечую галаву: чалесьнік — чало, паднябеньне, як у роце; засланка, як даланёю, засланяла свой рот залатымі зубамі жару. Чарэнь — гэта ужо з чэравам сваяк. У пяколку ў попеле ахоўваліся гарачыя вугалькі, ад якіх курцы прыкурвалі, зь якіх будзілі агонь: падпаліць лучынай лучнік, распаліць на чарэньні ў печы.

Печка была зімовым курортам, пра гэта ў „Тарасе на Парнасе“ — Зэўс „грэў на печы стары плечы ды нешта ў барадзе шукаў“. Альбо ў народных прыпеўках: „А на печы пры лучыне дзеўкі грошы палічылі, налічылі шастака і купілі мужыка. А на печы пры лучыне маці грошы палічылі, налічылі кучку і купілі сучку“. Асучасьненая печ — гэта грубка, пазьней камін. Клалі печы печнікі, сапраўды на печы добрыя рэчы. Печ ласкава грэе і ўспаміны.


Піва

            Аляксандар Лукашук

Халоднае, сьвежае, неразбаўленае, густое, бурштынавае, бочкавае, пеннае — памятаеце рэкляму: піце піва пеннае!

Што добра пад піва? Cушаны лешчык, cалёны абаранак, вараныя ракі, сяброўская гутарка пра ўсё на сьвеце.

Піва прыдатнае для ацэнак: зь ім піва ня зварыш — не дагаворышся, не паразумеешся. А вось выправіцца „да Абрама на піва“ значыць — да праайцоў, на той сьвет. Хоць на тым сьвеце, паводле наяўных зьвестак, піва няма — там амброзія (тым, хто заслужыў). У Бібліі піва ня згадваецца ані разу, хоць у Чэхіі можна купіць куфаль з тэкстам піўнога варыянту малітвы „Ойча наш“.

Пнўніцай на пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі называлі адмысловы склеп для захоўваньня піва, квасу, малака, гародніны; піўніцы былі драўляныя і мураваныя. Піва зь піўніцы, пэўна, смачнейшае, чымся зь сёньняшняй жалезнай лядоўні.

Бровары — даўняя прыкмета беларускіх мястэчак. Неяк адзін слуцкі патрыёт хваліўся: раней казалі „піва няма, толькі слуцкае“, а цяпер слуцкае піва — самае смачнае. Піва ня ёсьць нацыянальны напой для беларусаў, як для чэхаў ці баварцаў, дзе вараць тысячы гатункаў і выпіваюць сотні літраў за год, наладжваюць піўныя сьвяты ды піўныя путчы. Але ў Беларусі апошнім часам піва становіцца прадметам нацыянальнай гордасьці: наша піва — лепшае за расейскае, смачнейшае за польскае, таньнейшае за літоўскае.

Піва — паказчык таго, што ўсё ў парадку, паціху, як цяпер кажуць — нармалёва.

Хадзем на піва!


Пляцоўка

            Анатоль Вярцінскі

Дзіцячая, будаўнічая, стартавая і пасадачная... Меншая сястра пляца. Праўда, зь іншым функцыянальным прызначэньнем.

Калі ўзяць пляцоўку дзіцячую, то ў адрозьненьне ад пляца, які мае чамусьці ўласьцівасьць ператварацца іншым разам з пляца Волі, Незалежнасьці ў пляц няволі і залежнасьці, быць месцам, дзе дарослыя дзядзькі — яны ж правадыры — праводзяць ваенныя парады ды ладзяць агляды сваіх сілаў на страх унутраным і замежным ворагам, — у адрозьненьне ад гэтага, дзіцячая пляцоўка зь яе горкамі, лесьвічкамі, карусэлямі зьяўляецца, наадварот, месцам, дзе юныя грамадзяне могуць свабодна гуляць і забаўляцца, ды адначасова атрымліваць навыкі, так бы мовіць, мірнага суіснаваньня, урокі таго, як жыць у згодзе і паразуменьні адно з адным.

Што датычыць пляцоўкі будаўнічай, то незалежна ад яе памераў і тапаграфіі, тут усё вырашае адзін чыньнік — хту будоўлю заказвае, хту праектуе, ну, і, вядома ж, хту прараб — вольны будаўнік ці раб. У першым выпадку будзе ўзьведзены трывалы ды дыхтоўны дом. У другім — пабудаваная з горам напалам якая-небудзь хаціна-камуналка, якая пры першым жа землятрусе дасьць трэшчыны або разваліцца зусім.

Пляцоўка стартавая і ўзьлётная, пляцоўка пасадачная. Яны часта не супадаюць, не атаясамліваюцца, што і меў на ўвазе народ, калі казаў: высока падляцеў, ды нізка сеў; прыехаў тузам, а паехаў з канфузам; няпраўдай можна далёка пайсьці і ўвесь сьвет абысьці, а назад, дадому зь ёй ня вернешся.


Постаць

            Леанід Галубовіч

Яшчэ зь вясковага дзяцінства помню — зіма, шарая гадзіна, а ты адзін у хаце, замкнуты знадворку, бездапаможны, галодны, сплаканы. Усё ўзіраешся ў сутоннае акно, і, вой, як ёкае тваё дзіцячае сэрца, калі раптам за шыбаю прамільгне знаёмая постаць маці або бацькі. Гэта і ёсьць твае найпершыя постаці...

Па часе давядуць яны табе, што ўсякае жыцьцё даецца з боскай ласкі. І ўжо Бог стане той тваёй патаемнай постацьцю, якая жыцьме ў табе толькі за кошт веры. І будзе велічнай нагэтулькі, наколькі моцнай будзе гэтая вера.

За згаданымі трыма зьявяцца постаці тваіх школьных настаўнікаў, якія ў сваю чаргу адкрыюць табе постаці слынных людзей навукі, культуры й гісторыі. Сярод іх будзе шмат чужых і часовых імёнаў. Такіх, як Іван Жахлівы, Сувораў, Маркс і Энгельс, Ленін і Сталін, Дзяржынскі...

І ўсё ж паступова, як з туману, пачнуць выяўляцца й свае, пасоўваючы чужых наўзбоч памяці. Так увойдуць у тваё жыцьцё Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Ларыса Геніюш, Уладзімер Караткевіч.

Больш за 40 гадоў мінула з той шарай зімовай гадзіны... І цяжка паверыць, што пішу я гэтыя словы ў Менску, у сваёй кватэры на вуліцы Кастуся Каліноўскага, што ў мяне ёсьць дачка-пяціклясьніца, зь якой можна своеасабліва пакалямбурыць наконт яе ўзаемаадносінаў з падлеткамі:

— Каго любіш? — пытаюся.

— Люблю Беларусь! — не міргнуўшы вокам, какетліва вольнічае яна.

— Тады ўзаемна, — кажу я не без іроніі, але з падтэкстам.

Так, спакваля, у чалавечым жыцьці паўстае і самая важная постаць — Айчыны.


Прамень

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Слова прамень Вацлаў Ластоўскі памылкова выводзіць ад слова прамы і падае цэлы шэраг вытворных — праменны, прамянее, прамяністы, прамяністасьць, праменьчык...

Прамень“ і „Новы Прамень“ — часопісы для моладзі, друкаваныя органы Беларускага студэнцкага зямляцтва ў Чэхаславаччыне ў 1926 годзе. Сярод аўтараў выданьня — Леапольд Родзевіч і Ўладзімер Жылка.

Прамень. Прамень сонца, думкі, сьвятла, цеплыні. Промні ад арэолу над галавой сьвятых. Промні славы. Промні вачэй каханай... Так было спрадвеку, і нават паэты ня надта адважваліся ўжываць гэтае слова ў адмоўным значэньні. Але гэта зусім не азначае, што промняў цемры, зла й нядолі не існавала.

Масьціў шляхі вялікі Ленін,
Шляхі шчасьлівіць мудры Сталін,
Каб з пакаленьня ў пакаленьне
Людзкое з путаў вызваленьне
У прамяністыя йшло далі.

Так у 30-я гады пісаў Янка Купала. Гэтыя прамяністыя далі сталіся для нашага народу ня толькі промнямі крамлёўскіх зорак ці промнямі сонца на БССРаўскім гербе, яны сталіся промнямі чарнобыльскай радыяцыі.


Прапіска

            Алена Ціхановіч

Прапіска — знак і штамп савецкага прыгоннага права, калі толькі дзяржава вырашае, дзе чалавек мае права жыць.

Дзяржаве было выгадна, каб сяляне працавалі ў калгасах за „палачкі“ — і сяляне ня мелі пашпартоў, а значыць, не маглі разьлічваць на гарадзкую прапіску. Маглі разьлічваць толькі тыя, хто прыяжджаў у горад па дзяржаўнай патрэбе — зноў жа, на цяжкую ці спэцыфічную працу. Напрыклад, у міліцыю ці ахову турмы вяскоўцаў бралі і бяруць.

Патрэбная прапіска надавала чалавеку, лічы, шляхецкую годнасьць — з-за прапіскі жаніліся і выходзілі замуж, што надзвычай пашырыла практыку шлюбаў з інтарэсам. Такія шлюбы, праўда, часта канчаліся разводам і перадзелам мэтраў. „Прайдзісьвет!“ ці „Афэрыстка!“ — неслася ўсьлед тым, хто пакідаў няшчасныя гарадзкія сем’і ля разьбітага карыта.

Зрэшты, прапіска, як і ўсё ў дзяржаве, прадавалася і куплялася. Аднаслоўныя аб’явы гучалі так: прапішу.

Нідзе не прапісаны чалавек стаў ізгоем грамадзтва. Для такіх вынайшлі спэцыяльную мянушку — бомж. У бамжы была простая дарога тым, хто меў хоць пару гадоў прапіскі „на нарах“.

Як бамжы, так і прапіска перайшлі сёньняшняй Беларусі ў спадчыну: пазбыцца і таго, і другога нялёгка. Толькі моцная эканоміка і цывілізаванае заканадаўства даюць чалавеку магчымасьць выбіраць, якое месца лічыць сваім домам.


Праўда

            Сяргей Шупа

Праўда адносная, праўда ў кожнага свая, і ў тым, што гэтыя праўды могуць адмаўляць адна адну — няма нічога дзіўнага. Абсалютнаю лічыцца ісьціна.

Праўда вочы коле“ — гэта вельмі трапна. „Праўда перамагае“ — а гэта ўжо вельмі сумнеўна.

Пакрыўджаныя, якія мараць пра тое, каб „людзьмі звацца“, заўсёды прагныя праўды і справядлівасьці. Гэткіх праўдашукальнікаў у нас звычайна лічаць дзівакамі — прагматычны розум уважае, што ўсё роўна ніякай праўды ня знойдзеш, толькі клопату набярэшся на сваю галаву.

Гэтае, здавалася б, нэўтральнае слова ў найноўшай гісторыі непазьбежна набывала сацыяльную афарбоўку. У Беларусі гэта пачалося, мабыць, з „Мужыцкай праўды“ Кастуся Каліноўскага. А ў розных савецкіх анталёгіях „Казкі народаў СССР“ беларуская народная творчасьць вельмі часта была прадстаўленая толькі адной казкай — „Ленінская праўда“. Гэткае адметна беларускае праўдашукальніцтва ўжо ня раз заводзіла наш народ у глухія куты гісторыі.

Слова „праўда“, як і даўгі шэраг іншых „гучных“ словаў — народ, памяць, радзіма, мір — было зьняслаўленае таталітарнымі рэжымамі, асабліва геаграфічна нашым — савецкім. Праўдаю звалася тое, што адпавядала патрабаваньням рэжыму, нават самая апошняя мана і хлусьня. Найяскравей гэты факт выяўляўся ў форме й зьмесьце галоўнай бальшавіцкай газэты, якая так і звалася — „Праўда“. Тое, што праўдаў шмат і ўсе яны могуць быць розныя, давалі нам зразумець і назовы шматлікіх іншых, драбнейшых газэтаў — „Камсамольская праўда", „Піянэрская...", „Мінская...", „Гродненская...", „Магілёўская...“. Былі „праўды“ і іншамоўныя — літоўская „Tiesa“ і нават орган ФРГэшных камуністаў — „Die Wahrheit“. Аднак людзі ўсё адно ведалі, што ў гэтых „праўдах“ праўды няма.

Квінтэсэнцыю таталітарнага разуменьня праўды трапна ўхапіў Джордж Оруэл. Установа, якая ў ягонай антыўтопіі займалася фальшаваньнем гісторыі і дэфармацыяй рэальнасьці, называлася Міністэрствам Праўды. Шкада, што Оруэл не дажыў да сёньняшняга дня — як бы хацелася прагуляцца зь ім па менскіх праспэктах...


Праўда

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Праўда адна, але ў кожнага свая праўда.

Праўда паходзіць ад стараславянскага слова „правъ“, якое мае безьліч значэньняў і вытворных.

У нагах праўды няма — кажуць таму, хто ходзіць у пошуках праўды.

Шукальнікі праўды найчасьцей былі першымі кандыдатамі ў турмы, на высылку, на расстрэл.

Па праўдзе кажучы, ня кожны хоча глядзець праўдзе ў вочы, бо праўда вочы колеШто праўда, то праўда

У ХІХ стагодзьдзі наш народ меў адну праўду: „Мужыцкую“. У ХХ-м стала многа маленькіх праўдаў: „Сельская праўда“ — у Жабінцы, „Дняпроўская…“ — у Дуброўне, „Дзьвінская…“ — у Дрысе, у Нароўлі — „Прыпяцкая…“, у Астраўцы — „Астравецкая…“, у Пінску — „Палеская…". „Ленінскіх праўдаў“ было дзьве: адна ў Віцебску, другая — у Ельску. Але ўсе гэтыя тутэйшыя праўды мелі за першакрыніцу адзіную — маскоўскую.

Горкая праўда, чыстая праўда, голая праўда, сьвятая праўда.

ХХ стагодзьдзе пакіне па сабе праўду пра Чарнобыль і Курапаты, пра Беларускую Народную Рэспубліку і Беларускую Краёвую Абарону, праўду пра камунізм і праўду пра РБ.

Паэты ведаюць, што рыфма адкрывае таямніцу кожнага слова… На слова „праўда“ рыфмы няма.


Праца

            Міхась Скобла

Працавіты, выпрацоўка, працоўны, беспрацоўны, супрацоўнік. А мудры Насовіч падае яшчэ з паўтузіна словаў, ад якіх нашыя вушы ўжо пасьпелі адвыкнуць: працаваньне, працаваны, працавітка і нават працавітачка — гэтак называлі маладзіцу, у якой работа спорылася ў руках і якая за бяседным сталом высьпеўвала:

Гарэлачкі, акавітачкі,

Дзеля мяне, працавітачкі

Завіхаліся людзі на ўласнай зямлі, даглядалі сваю гаспадарку, і адносіны да працы былі паважныя, самавітыя. Працуем — смак чуем, праца з балота робіць залота, праца гадуе — а лянота марнуе…

Ды зьявіліся калгасы, і час, праведзены ў полі ці на таку, стаў называцца „працадзень“. Паводле колькасьці працаднёў дзяржава вызначала, каго павесіць на дошку гонару, каго ўзнагародзіць мэдалём „За працоўную доблесьць“, а каго і зрабіць нават Героем сацыялістычнай працы.

Слова „праца“ ўваходзіла ў набор абавязковых ідэалягемаў, якімі камуністычная партыя тлуміла людзям галовы. Любы кіраўнік працоўнага калектыву мусіў мець чырвоную кніжачку за пазухай і ведаць, што і як гаварыць у мікрафон ці перад камэрай. Як той прараб зь верша раньняга Ўладзімера Някляева:

Давай пішы з абзаца, ці як у вас там звычна:

Навекі слава працы, БССР і клічнік!

Але ў адным выпадку звычайнае слова „праца“ ўсё ж заслугоўвае на вялікую літару. Гэткі назоў мела зэльвенская раённая газэта, дзе зрэдку зьяўляліся вершы Ларысы Геніюш.

Яшчэ пры жыцьці аўтаркі.


Працадзень

            Уладзімер Арлоў

Працадзень — слова, якое прысутнічае толькі ў мовах народаў былога Савецкага Саюзу і якое архіскладана перакласьці на любую мову гэтак званага далёкага замежжа.

Тлумачальны слоўнік беларускае мовы паведамляе, што працадзень — гэта адзінка ўліку працы ў калгасах, якая вызначала долю калгасьнікаў у даходах.

У творчай спадчыне песьняра сацыялістычных перамогаў Петруся Броўкі ёсьць узьнёслыя радкі:

Насыпаем сваё збожжа,
Ганарымся працаднямі.
Хутка вернецца машына
І ў наступны пойдзе рэйс.

Дзе народны паэт бачыў калгасьніка, які ганарыўся сваімі працаднямі — застаецца загадкаю. Хіба ў вар’ятні.

Вельмі часта матэрыяльным эквівалентам працадня былі нават не крыхб збожжа й ня колькі бульбінаў, а ўсяго толькі крывыя палачкі ў зашмальцаваным сшытку калгаснага „ўчотчыка“.

Але адначасна кошт працадня бываў і надзвычай высокі — за падслуханую сэксотам размову пра нішчымныя калгасныя працадні можна было атрымаць 10 гадоў сталінскіх лягераў.

Працадзень сьпісалі ў архіў сацыялістычнага будаўніцтва толькі ў 60-ыя гады. Але калі наш унікальны рынкавы сацыялізм будзе разьвівацца хуткімі тэмпамі, зноў можна чакаць увядзеньня яшчэ зусім сьвежага ў памяці беларусаў працадня, пра які прыгоннае калгаснае сялянства склала па-народнаму трапную прыпеўку:

Працадзень наш, працадзень,
Зноў у сраку цэлы дзень…


Прадразьвёрстка

            Сяржук Сокалаў-Воюш

У беларускай літаратуры ёсьць мёртвае слова „харчрасклад“, якое ў народзе заўсёды называлі „прадразьвёрсткай“. Чужая зьява — чужое слова. Нялюбыя, зьнянавідныя.

Разьвёрстка — плянавае разьмеркаваньне чаго-небудзь. Адсюль прадразьвёрстка — плянавае разьмеркаваньне прадуктаў харчаваньня, якому ў бальшавікоў папярэднічала канфіскацыя гэтых самых прадуктаў. Таму прадразьвёрстку праводзілі ўзброеныя прадатрады. У савецкай літаратуры пісалася, што гэтыя атрады складаліся з прыемных маладых людзей-рамантыкаў, якія марылі пра сусьветную рэвалюцыю і дзеля яе не шкадавалі ні сябе, ні іншых. Гісторыя ж сьведчыць, што гэтыя „рамантыкі“ пакідалі пасьля сябе галодных, знэрваваных людзей, якія нярэдка бралі ў рукі зброю і ішлі ў лес, каб адтуль давесьці рамантыкам, што жыцьцё — больш празаічная і сур’ёзная рэч. Савецкая гістарычная навука называла гэтых людзей бандытамі, а беларуская вёска чакала ад гэтых партызанаў заступніцтва.

Едзе, едзе прадразьвёрстка,
Ужо вёска блізка,
А на самым першым возе
Сядзіць камуністы.
Цьвіце, цьвіце чарамшына,
А ў ёй балахоўцы.
Парубалі прадразьвёрстку
Маладыя хлопцы.


Прайдзісьвет

            Рыгор Барадулін

Ад мамы памятаю: „Сьвет хітрасьцю пройдзеш — назад ня вернешся“.

Прайдзісьвет — кажуць на чалавека, які любіць ашукаць, абхітрыць, збрахаць, нагаварыць сем бочак арыштантаў, шмат абяцаць, але нічога ня спраўдзіць.

Раней часьцей ужывалася слова пройда, прайдоха. Чытаем у краёвым слоўніку Ўсходняй Магілёўшчыны Бялькевіча: „Ой, пройда геста баба!“. У слоўніку беларускае мовы Насовіча: „Гэты пройда ўсё знаіць. Глядзі, не кажы нічога нашаму пройду!".

Пройда яшчэ і ў значэньні „ня так перакажа“ і „прадасьць“. Зноў жа ў слоўніку Насовіча таксама пасьля пройды стаіць слова прайдзі-сьвет. Праз злучок напісана. І даецца тлумачэньне: „вопытны хітрэц, прайдоха" — „Прайдзі-сьвета гэтага нічым не спанталычыш, не спаймаеш“.

Самыя выбітныя беларускія майстры прыгожага пісьменства ўжывалі і ўжываюць слова прайдзісьвет з адмоўным адценьнем. Апошнім часам слова прайдзісьвет крыху пацесьнена словам прахвост. Прахвост ад нямецкага „des Profoss“ — асоба на вайсковых караблях, якая сочыць, каб пільнаваліся статуту, і карае парушальнікаў.

Адно слова цягне за сабою цэлы куст словаў. Блізкае да прайдзісьвета слова „баламут“. Цікава, як мяне заўсёды папраўляла мама: „не баламут, а беламут“ — гэта той, хто белае муціць.


Прыблуда

            Павал Марціновіч

Назоўнік прыблуда, бясспрэчна, славянскі. Як і бальшыня саміх прыблудаў, што стала апекаваліся на Беларусі мас-мэдыямі, асьветаю, кнігадрукаваньнем, войскам, бясьпекаю, міліцыяй.

На схіле стагодзьдзя мы перажываем зорны час прыблудаў. „Прыблуды з-пад Нявы крывавай“, — пісаў нацыянальны прарок.

Слова гэтае, аднак, напаўлегальнае. Рэпарцёр не ўжыве яго ў „Панараме“. Прыблуда ў тэлеэтэры ці ня выкліча нацыяналістычных асацыяцыяў, любы намёк на чужынскае нахабства — як жаба ў горле для тых, у каго на Беларусі рэальная ўлада.

Улада, што й сама прыблукала, прыблудзіла да гэтых асобаў выпадкова. Як дурныя і, апроч таго, чужыя грошы. Улада не тубыльцаў, улада прыблудаў.


Прыватнік

            Рыгор Барадулін

Лацінскае слова privatusпрыватны, неафіцыйны, пазбаўлены пасады, асаблівы, асабісты, хатні. Адсюль і прыватнік — самастойны, самавіты, прадпрыемец, гандляр, спэц у любой прафэсіі, які не зьвязаны зь якім бы там ні было прадпрыемствам, зь дзяржаўнай службай.

Прыватнік зазвычай выконвае індывідуальны заказ для пэўнай асобы альбо для якога калектыўнага заказчыка. Прыватнік — перш за ўсё самастойны і незалежны гаспадар. Прыватнікі, як і аднаасобнікі, саматужнікі, былі як ня першымі ворагамі калгаснага прыгоннага ладу. Прыватнікаў імкнуліся абкласьці такімі падаткамі, каб зьнішчыць іх як канкурэнтаў розным майстэрням ад дзяржавы. Бо прыватнікі дбалі пра якасьць. Часьцяком прыватнікі насілі лягерныя ватнікі, а дзяржслужбакі — кісялёвыя фракі.

У Беларусі адбылася своеасаблівая прыватызацыя. Як назваць яе — ці партызанскай, ці цыганскай, як на конскім базары? І зьявіліся нязвыклыя прыватнікі — некалькі ўладатрымцаў прыватызавалі цэлую дзяржаву. Гэта ўжо прыватнікі новага кшталту. Гэта, як некалі называлі працаўнікоў адпаведных органаў, — „людзі асобага складу“.

Прымус

Рыгор Барадулін

Нават пасьля самага багатага застольля беларусы могуць сказаць: „Піць-есьці было, толькі прымусу не было“. А прымус гэты жаданы, бо ласкавы. Гаспадары мусілі, так бы мовіць, прымушаць гасьцей болей піць, болей есьці ўгаворамі, прыгаворамі, прыбабунькамі. І Максім Багдановіч у „Вершах беларускага складу“ пісаў:

Ды красна бяседа ня ўзорамі,
А ласкавымі прыгаворамі;
Не ядвабнымі абрусамі,
А ласкавымі прымусамі.

Але словы па часе шматсэнсяцца, набываюць новыя адценьні.

За савецкім часам слова прымус набыло асноўнае значэньне. Прымушацьпрымусова заганяць у камуністычны рай. Прымусовыя мэтады, так бы мовіць, перавыхаваньня. Прымусовая праца.

І ўзьнікла новае слова — прымусоўка. Давалі, прысуджалі пэўны тэрмін прымусоўкі, працаваць за „дзякуй“, будаваць „сьветлае заўтра“.

За савецкім часам быў такі тэрмін — „добраахвотна-прымусова“. Жыцьцё, сапраўды, было, як у казцы: чым далей — тым страшней. У паэме „Над ракой Арэсай“ Янка Купала пісаў:

Але ступіў тут бальшавік —
Ён зьменіць гэты край!

Чыталася дваяка: бальшавікі прымушалі зьмяніцца ўсё. І дацягнулі шмат. І ласкавы беларускі прымус рабіўся пакараньнем, утаймаваньнем бунтоўных. Калі ўзяць беларускую абрэвіятуру, дык атрымліваецца калямбурна: прымуспры МУС, гэта значыцца, пры міністэрстве ўнутраных справаў.

Ня столькі сьмешна, колькі сумна.


Прыпынак

            Валянцін Акудовіч

У жыцьці гарадзкога чалавека, які ня мае свайго аўтатранспарту, транспартны прыпынак займае надзвычай істотнае месца. На прыпынку ля жытла ці працы чалавек бывае часьцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак псыхалягічна абжываецца як свая ўласнасьць і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэрыторыяй.

І хаця на прыпынку звычайна шмат людзей, аднак кожны зь іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязьлюднай высьпе. І дзе яшчэ, як не на прыпынку, урбанізаваны чалавек штодня далучаецца да адкрытай прасторы вялікага космасу, ад якога ўва ўсе астатнія часы яго адгароджваюць столі і скляпеньні?

У Менску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазыцыйных мітынгаў пасьля іхнага заканчэньня міліцыянты й так званыя „людзі ў цывільным“ хапалі менавіта на прыпынках або паблізу іх. Можа, гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек далей не адгароджаны ад людзей, нідзе ён нагэтулькі адзінотны, як на прыпынку.

Неяк пасьля „гарачай вясны“ 96-га году я міжволі прыслухаўся да размовы двух хлопцаў, бо яны гаварылі па-беларуску. „Дык, кажаш, на якім прыпынку цябе хапанулі?“ — запытаўся адзін. „На Чырвонаармейскай“, — адказаў другі ды ў сваю чаргу пацікавіўся: „А цябе?“ — „Аж на Варвашэні“.

Між іншым, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку, каля станцыі мэтро „Ўсход“. І я, пакуль падыходзіў тралейбус, пасьпеў падумаць: „Для многіх людзей майго пакаленьня той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці як месца першай сустрэчы з каханай. А гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць ані прыпынак „Чырвонаармейская“, ані „Варвашэні“. Бо тут іх упершыню зьняволілі за любоў да Бацькаўшчыны.


Пуга

            Леанід Галубовіч

Гнуткае ядлоўцавае пужальна, ці пугаўё з прывязанай сырамяцінай — гэта і ёсьць пуга. Што, пэўна ж, займела свой род ад слова пужаць. І хоць бальшыня з нас пужаныя, ды хочацца верыць, што ня ўсе мы запалоханыя.

Посьвіст сырамяціны помны нам, асабліва вяскоўцам, ад малых гадоў. Пужкі са сьвістам апускаліся на азадкі рагатай скаціны, на сьпіны задыханых коней, якіх прысьпешвалі балаголы, седзячы ў грузных павозках. Бо менавіта пастухі й фурманы мелі свае пугі й валодалі правамі на карыстаньне імі.

Аднак некаторыя лупцавалі бедную скаціну вельмі жорстка й беспрычынна — ці то з уласнай дурноты, ці то з плебэйскай фанабэрыі.

Так бацьку майго люта біў фашыстоўскі баўэр у Нямеччыне, а пасьля, разьюшаны ад сівухі, бацька сам няшчадна біў маю маці. Затым ужо білі мяне.

Цяпер б’юць маіх знаёмых на дэманстрацыях, і сам я, бываючы не ў гуморы, раблю прачостку сваёй шкадлівай дачцэ.

І ўжо ня важна — хто каго й чым б’е: пугаю, дубінкаю, кулаком ці абразьлівым словам.

Няўжо бяз пугі мы ня можам і ня хочам зрушвацца са сваіх месцаў? Дарма што 15 гадоў запар гаварылі нам пра свабоду й дэмакратыю. Аказалася — марна й безвынікова. Як пугаю па вадзе.

Словам, бяз пужкі ў нас зноў застой.

О, фурманы, вазьніцы, пастухі, пагоншчыкі — не выпускайце ж з рук пужак сваіх! Каб не застойваўся чалавек! І не затойваўся народ.

Доўгая і пякучая, як памяць, сырамятная пуга хай ня дасьць супыну вечнаму руху.


Путч

            Уладзімер Арлоў

Слова паходзіць ад нямецкага „Putsch“ і азначае спробу дзяржаўнага перавароту.

Пасьля няўдалага гітлераўскага піўнога путчу і прыходу да ўлады чорных палкоўнікаў у Грэцыі Заходняя Эўропа гучных путчаў ня ведала. Путчы адбываліся пераважна ў Афрыцы, Азіі ды Лацінскай Амэрыцы, дзе іх часам бывала, як грыбоў у дажджлівую восень.

Але пры канцы стагодзьдзя выявілася, што такі экзатычны плод, як путч, можа высьпець і ў нашых геаграфічных шыротах. У жніўні 1991 году на практыцы даведаліся пра путч і народы Савецкага Саюзу, які ўжо рыхтаваўся „даць дуба“.

Кажуць, у буфэце менскага Дому ўраду тады вокамгненна зьніклі гарэлка і каньяк. Зачыніўшыся ў кабінэтах, беларускае чынавенства ўсіх узроўняў сьвяткавала капцы перабудове.

Палітолягі схільныя лічыць путчам і антыканстытуцыйны лістападаўскі пераварот 1996 году ў Беларусі.

Наступствы пераможных путчаў ува ўсіх куткох сьвету аднолькавыя: захоп улады, дыктатура, рэпрэсіі, зьнікненьне актыўных апазыцыянэраў.

Путчысты панічна баяцца адзіноты. Путчысты сьняць кепскія сны. Путчысты ведаюць, што іх чакае або зьдзейсьнены былымі хаўрусьнікамі новы путч, або зьдзейсьненая народам рэвалюцыя. Вынік звычайна аднолькавы — турэмная камэра й прысуд.


Пыл

            Анатоль Вярцінскі

Чаго добрага, а пылу ў беларусаў заўсёды было досыць. Пыльныя сьцяжыны-дарогі, пыльныя пятачкі-вулачкі, пыльныя ляды, палеткі ды гэтыя самыя выратавальныя соткі.

А яшчэ беларусам пускалі слоўны пыл у вочы, пудрылі мазгі розныя дабрадзеі. Многіх сьцёрлі і ў лягерны пыл. Пыл той, тыя попел і прах балюча стукаюць у нашыя сэрцы.

Выпала на долю беларусу зьведаць больш, чым каму-небудзь, і пылу радыяактыўнага, чарнобыльскага, гэтых самых альфа- і бэта-часьцінак, так званых часьцінак гарачых. Мабыць, меў рацыю паэт, калі пэсымістычна зазначыў:

Змагацца з пылам
Тое, што быць Пірам,
Сілаў усё меней,
А пылу ўсё многа:
Пірава перамога.

Ды з другога боку, момант ісьціны надыходзіць тады, калі асядае пыл.


Пяцігодка

            Вольга Караткевіч

Пяцігодка — гэта пяць гадоў, пражываных савецкімі людзьмі за тры—чатыры гады, з усімі наступкамі ад перавыкананьня пляну.

У пяцігодцы ўсе гады аптымістычныя: трэці — вырашальны, чацьверты — вызначальны, пяты — канчальны. Пяцігодка — гэта пяцігадовы плян разьвіцьця народнай гаспадаркі, яскравы прыклад дасягненьняў савецкай генэтыкі, спалучэньне неспалучальнага — патрэбаў камуністычнага будаўніцтва і эканамічных законаў.

Камунізм ня зьнік, а перарадзіўся ў рынкавы сацыялізм. Кіраўнікі краіны зноўку гавораць пра пяцігодку. Адну беларусы ўжо перажылі. Наступная, відаць, завершыцца датэрмінова. „Хоць нашы колы ледзь рыпяць, а цягнуць воз батыры. Што скрасьці мусілі за пяць — раскралі за чатыры“, — слушна заўважыў Сокалаў-Воюш.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000