A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Р
Раб Міхась Скобла Ледзь толькі ўзяўшы ў рукі буквар, савецкі першаклясьнік чытаў па складох: „Мы-не-ра-бы“ — і выводзіў у пропісях пад дыктоўку настаўніцы тое ж самае, вывернутае на ліхі бок: „Ра-бы-ня-мы“. У падручніку па гісторыі вучань абавязкова знаходзіў выяву асілка, што ледзь ня цалкам складаўся з напружаных цягліцаў і мусіў пэрсаніфікавацца ў вачох падлетка ў раба, які рве путы. Галоўная песьня эпохі таксама пачыналася з галодных і рабоў. Пераствараючы „Інтэрнацыянал“ па-беларуску, Купала абышоўся без рабоў і аднакаранёвых словаў, і верш загучаў адчувальна выразьней, чымся ягоны расейскі варыянт: Паўстань, пракляцьцем катаваны! Але кайданы й ланцугі неўзабаве йзноў спатрэбіліся для незьлічоных ворагаў народу, што абжывалі краіну з рабаўласьніцкім ладам: архіпэляг ГУЛАГ. У першыя дзесяцігодзьдзі савецкае ўлады зьявілася цэлая плойма словаў з агульным пачаткам: рабфак, рабселькоры, рабсіла. Савецкі народ як бы паступова прызвычайваўся да слова раб. Беларусы прызвычаіліся мо больш за астатніх, бо нават скарочаную назву сваёй краіны ўпарта пішуць не Беларусь, як таго патрабуе адпаведная норма закону, а ўсяго толькі — РБ. Рада Сяргей Шупа Рада. Адно з словаў, якое вызначае цывілізацыйны кантэкст Беларусі. Слова рада — старабеларускае, запазычанае праз польскую зь нямецкай мовы. Яно прыйшло ў Беларусь у пару эўрапеізацыі, калі нашая краіна — Вялікае Княства Літоўскае — далучылася да заходняй палітычнай культуры. Галоўны кіраўнічы орган дзяржавы атрымаў назоў Рада княства. Местамі кіравалі мястовыя рады, у іх засядалі райцы на чале з бурмістрамі. Ад слова рада вытварылася шмат іншых — радзіць, нарада, парада, дарадца, раднік, радны. Даць рады, няма рады... Але нашыя старадаўнія Рады зьніклі разам з нашым Княствам. У ХХ стагодзьдзі, на зараньні новай палітычнай эпохі на нашых землях зноў узьніклі Рады — Беларускай Рэспублікі. Разам зь імі завяліся і ўсходнія адпаведнікі Радаў — Саветы. Саветы прыйшлі разам з расейскай рэвалюцыяй. Самое слова савет у расейскай мове не сваё — яно прыйшло з царкоўнаславянскай як калька з грэцкага, бізантыйскага арыгіналу. Палітычнае супрацьстаяньне Радаў і Саветаў ува ўмовах Беларусі адлюстроўвала барацьбу эўрапейскай і бізантыйскай палітычных традыцыяў. Перамагла ўрэшце другая, і таму даўгія гады ў беларускай мове панавалі Саветы. А вось нашыя суседзі гэтую барацьбу выйгралі. Украінцы і палякі ўсе саветы называлі радамі, літоўцы — тарыбамі. Толькі дысыдэнты і эміграцыя пакідалі за расейскай зьявай расейскі назоў. Тое самае адбываецца сёньня і ў нас. Усё беларускае, замежнае, усясьветнае — рады. Усё савецкае ці постсавецкае — саветы. Сёньняшні законны парлямэнт — Вярхоўны Савет Беларусі — гэта апошні атавізм савецкага ладу. Гэты назоў мае адысьці разам з стагодзьдзем, якое яго спарадзіла. А ў новым стагодзьдзі адгорнем новую старонку. Дамо рады. Радыё Рыгор Барадулін Радыё. Адрэдагаваныя хваіны з чашачкамі й дратамі прыйшлі ў беларускія месты й мястэчкі ў 30-я гады. Аблавухія чорныя грыбы рэпрадуктараў вырасьлі над пляцамі. Радыё — яно й сьпявала, яно й чытала вершы, яно паведамляла навіны, а болей за ўсё агітавала за савецкі рэжым. Гэта ж бабка казала — пры новым прыжыме. Радыё склала сур’ёзную канкурэнцыю пеўню. Па ім, па радыё вызначалі час, радыё слухалі для супакою настрою. Пра гэтае нават папеўка — „Мая мілка захварэла, ледзь нагамі рухае — толькі выйдзе на парог, радыё паслухае...“ Пасьля вайны кожнае, бадай што, трэцяе слова — радыёслоўе — было „Сталін“. Жылі бедна, бацька загінуў, а тут на ўсю сьцюдзёную хату — „Сталін, Сталін, Сталін...“ — араторыя. Мама вырывае вілку з разэткі ды толькі абрывіста: „...Сралін“. У 60-я праз тры дні паўтаралі літрадыёмантаж, названы вершам Максіма Танка „Выканана партыі заданьне“... Найвялікшай крамолай лічылася слухаць радыёгаласы — чужое радыё, якое казала праўду пра імпэрыю зла. Мацнеў ідэалягічны маразм, мацнеў прапагандысцкі голас радыё. Ажно на радыё Ўладзімеру Юрэвічу, які выдатна вёў перадачу „Жывое Слова“, дзеці прыслалі загадку: „Ня піўшы і ня еўшы, крычыць, як ашалеўшы. Хто? — Беларускае радыё". Рай Міхась Скобла Паводле ўяўленьняў старажытных беларусаў, птушкі зь першым подыхам зімы адляталі не на поўдзень, а ў вырай, у рай, апусьцелы пасьля выгнаньня Адама ды Евы. Паднябесным птушыным хорам выпраўляліся ў краіны вечнага хараства і шчасьця. У раі раскашавалі ня толькі райскія птушкі. На маляваных цыратах мастачкі Алены Кіш упоруч з экзатычнымі жывёламі паважна пахаджаюць і нашы цыбатыя буслы. Рай быў марай беларуса пра жыцьцё ў дастатку. Пра заможнага чалавека казалі, што яму рай адамкнуўся. А які-небудзь здушаны працай селянін, ідучы ў нядзелю да касьцёла ці царквы, не мінаў і карчмы, паўтараючы як апраўданьне прыказку: рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць. Рай часам здаваўся не такім ужо недаступным. Бо нават разбойніка на крыжы суцяшаў Хрыстос: „Праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са мною ў раі“ (паводле Лукі Сьвятога Дабравесьця 23:43). А Якуб Колас прызнаваўся: „Нашча чарачку кульнуць, нібы зранку ў рай зірнуць“. Ды кульнуўшы і зірнуўшы, беларус і ў Эдэмскім садзе працягваў жыць зямнымі клопатамі і звыкла задумваў беларусізацыю раю. У адваротным выпадку пагражаў пакінуць блаславёнае месца, як у вершы Ўладзімера Караткевіча: „Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой збочу я да пякельных катлоў, калі першы ж ангел на мове маёй мне ня скажа: братка, здароў“. За нейкай сваёй патрэбаю і сёньня ходзіць якая-небудзь бабулька па зачараваным коле: райгазэта, райвыканкам, райсабес. Рай і бес сутыкнуліся ў апошнім слове, а таму цяжка бабульцы дашукацца праўды. Раскоп Мікола Пачкаеў Раскоп — „месца, у якім праводзяцца археалягічныя раскопкі культурнага пласту“. Народжаныя ў абязьлічаных местах і мястэчках падсавецкае Беларусі, у раскопах мы шукалі нашага „культурнага пласту“. Тады, з-пад шуфляў, нам адкрывалася адвечнае аблічча нашага нібы зруйнаванага краю, што чакаў нас гэтак доўга, а цяпер вяртаўся нават не з падпольля, а літаральна з падзем’я. З раскопу зноў паўставалі магутныя падмуркі, карані нашае нязнанае Бацькаўшчыны — Ратуша, кляштар дамініканаў, Сьвятадухаўская царква. Тут, у Верхнім Горадзе, утварылася славутая „Талака“. Ад падмуркаў-каранёў пачыналася адраджэньне. З раскопаў мы вярнулі наш „культурны пласт“. У старасьвецкай камяніцы па вуліцы Бэрнардынскай, адпрацаваўшы ў раскопе, мы штодня складалі нашыя шуфлі — у кутку, насупраць бел-чырвона-белых сьцягоў, якія потым несьлі на Дзяды. Расхадуха Міхась Скобла Апошнюю чарку за бяседным сталом у розных народаў спрадвек называлі па-рознаму. Нашы суседзі, палякі, пілі „czapkowego“, расейцы — вялікія аматары ўкленчыць шкляному богу — пілі чарку „стрэмянную“, пры стрэмені, пасьля чаго госьць мусіў закінуць нагу на каня, пілі й „на пасашок“, стоячы на парозе. Беларусы ж апошнюю чарку ахрысьцілі бадзёрыста — „расхадуха“, і выпіўшы яе, павінны былі разыходзіцца па хатах. А паколькі ў савецкай імпэрыі час ад часу арганізоўваліся кампартыйна-паспалітыя рушэньні супраць п’янства, то слова расхадуха апынулася ў разрадзе крамольных і не патрапіла ў нарматыўныя слоўнікі. А шкада. І сёньня на дзяржаўным радыё можна пачуць саладжавую песеньку ў выкананьні псэўдафальклёрнага гурту: Чарка „на пасашок“ — на марозе кажушок, Зрэшты, і апошніх чарак можа быць некалькі. Асабліва калі сабралася добрая сябрына, не апарожнены дарэшты посуд на стале, а над душою, як гасьцінная гаспадыня, стаіць у думках прыказка: „пі ды еж, бо як памрэш — калом не ўвапрэш“. Пашануйце знаёмых, выпіце „аглаблёвую“, а калі застольле й сапраўды мае скончыцца, узьніміце чарку-„расхадуху“ за веліч і сілу беларускага духу. Ровар Ян Максімюк Нічога, што слова чужое, але як жа яно дарагое! Калі табе сем гадоў і ты дастаеш ад бацькоў сапраўдны, „дарослы“ ровар — ты ня толькі стаешся шчасьлівым уласьнікам, якому пачынаюць зайздросьціць твае бязроварныя сябрукі. Ты таксама бярэш адразу некалькі прыступак у даросласьць. Жыцьцё для цябе пачынае рухацца шпарчэй, як і ты сам у прасторы. А калі твой ровар мае лапку, на якую можаш яго абаперці і паставіць дзе заўгодна, а да таго званочак, лямпачку і дынама, а яшчэ набор ключоў у адмысловай скураной сумачцы пад рамай — немагчыма адразу й прыдумаць, чаго яшчэ можна было б жадаць. Калі б жыцьцё ўвесь час было такое, як у тыя першароварныя дні! У нас на Беласточчыне польскія ровары мелі ўсе гэтыя дадатковыя снасьці. А вось у савецкіх „вэлясыпэдах“ пад назовам „Урал“, якія таксама можна было купіць у крамах у Бельску, Гайнаўцы ці нават у Нарве, не было лямпачак, дынамаў і лапак. „Уралы“ былі таньнейшыя за польскія самакаты і лічыліся куды горшым набыткам. Нават узьнікла зьдзеклівая прысьпеўка пра кавалераў на „Ўралах“. Рэфрэн гучаў прыблізна так: „Каханая, чакай, я к табе прыеду рускім роварам „Урал“. Прыехаць на ім завідна да дзяўчыны ў суседнюю вёску яшчэ было можна, але як жа вярнуцца дахаты недзе пад поўнач? Пяшчаная разьежджаная дарога ў полі альбо лесе, зрэдзьчасу жвіроўка, у вёсках брукаванка — ня надта каб было дзе разагнацца роварам на Беласточчыне ў 60-я і 70-я гады. Дый цяпер асфальтовак пабольшала не нашмат. Але народ езьдзіў на роварах часта й густа. Ровар — аўтамашына дзятвы і бядоты. У згаданым часе аднаго й другога на Беласточчыне было адволі. Дзядулі, што помнілі „першага і другога немца“, казалі, што цяперашнія рускія й польскія ровары — гэта барахло ў параўнаньні зь нямецкімі. „Нямецкі, о-то-то быў ровар!“ — пераконвалі. Але колькі я ні прыглядаўся да іхніх самакатаў, на якіх яны езьдзілі нядзелькамі ў царкву, мне ніколі ня ўбачыўся ні адзін „о-то-то“ ровар… Мабыць, усе „о-то-то“ ровары існуюць адно ў нейчым маленстве… Розум Анатоль Вярцінскі Гэта тое, што перш за ўсё робіць чалавека чалавекам. Таму яго і вызначаюць як homo sapiens, таму мы найперш і зьяўляемся боскімі стварэньнямі. Самая сумная канстатацыя ў дачыненьні да каго-небудзь з нас: „Бог яму розуму ня даў“. Яшчэ гавораць: „Калі Бог хоча каго пакараць, ён пазбаўляе яго розуму". Праўда (гэта яшчэ адзін сумны факт), ня кожнаму дадзена жыць ды кіравацца сваім розумам. Менавіта сваім, уласным, а не чужым — пазычаным у суседа, у так званага старэйшага брата ці перанятым у наваяўленага правадыра. Розум — пільны вартавы жыцьцёвага ладу. Сон розуму нараджае пачвар. Ён, розум, супастаўляе факты, параўноўвае зьявы, асэнсоўвае досьвед, праводзіць мяжу паміж праўдай і хлусьнёй, паміж рэальнымі рэчамі і хімэрамі, робіць высновы. Розум — перадумова духоўнасьці і аснова творчасьці, стваральнай дзейнасьці. Менавіта розуму належыць галоўнае інжынэрнае правіла, згодна зь якім эканоміць можна на ўсім, акрамя падмурка. Розум, як нехта тонка заўважыў, ня будзе ставіць пытаньне: даганяць ці адставаць, разлучацца ці аб’ядноўвацца. Ён будзе выходзіць з таго, што лепей, а што горш, што дабро, а што зло. Ён з магчымых варыянтаў выбірае аптымальны. На пастамэнце помніка Пушкіну, якім маскоўская мэрыя абдарыла менскія гарадзкія ўлады, некалькі дзён красаваўся напісаны юначым почыркам крылаты пушкінскі радок: „Няхай жыве розум, хай зьнікне імгла“. Сапраўды, няхай. Рокаш Павал Марціновіч У мове ХХ стагодзьдзя рокаш — паўстаньне, мяцеж, забурэньне — слова архаічнае і досыць рэдкае. Ува ўжытак яно вярнулася зь лёгкай рукі Караткевіча. Рокаш сваім гучаньнем выклікае ў памяці ланцужок вугорскіх словаў: чардаш, Лаяш Кошут, Каспар Бэкеш і нават гуляш. Сапраўды, яно паходзіць ад назвы поля ў Вугоршчыне, на якім ладзіліся апазыцыйныя соймы. У 80-х гадох у Наваполацку малады бард-адраджэнец падказаў тутэйшаму рок-гурту як бы аднакарэнную назву рокаш. Ці не таму і гурт набыў у сваім часе вядомасьць? Юныя паэты разьвіваюць сваю этымалёгію, як у балядзе аднаго пачаткоўца „Рокаш": …І з рокатам ужо імчаць паўстанцы Спадар Станіслаў Суднік (лёс вайскоўца закінуў быў яго ў Казахстан) засноўвае там беларускамоўнае выданьне „Рокаш“. У час чужынскага зьдзеку зь беларушчыны гэта быў крык, але ня енк, што жыве Беларусь. Гэта быў выклік. Падчас новага наступу, ужо на беларускую дзяржаўнасьць і мову, спадар Суднік бярэ пад сваю апеку газэту „Наша слова“. Менскае „Наша слова“ — орган ТБМ — палкоўнічкі, аднак, пахіснулі, хістанулі, зьнішчылі. Спадар Суднік аднавіў выданьне ў Лідзе — бліжэй да прашчуравых замкаў, дзе ў змрочных лёхах колісь высьпяваў не адзін рокаш. Марудна, часам неўпрыкмет, слова набывае бунтоўнае моцы. Прыўкраснае слова рокаш.. Рубель Антаніна Хатэнка Цяпер, зблудзіўшы ў папяровай пустыні пустых „рублёў“, што мільённа задурваюць нам галовы, я мройна згадваю іншую, існую стыхію, увянчаную рублём — стыхію беларускага разнатраўя. Бухматыя купы салодкага водару — аж вінецца ў галаве — плывуць у тумановую далеч вечароў, закалыханыя задумнай песьняю. Толькі чутныя ў празрыстай цішы працяжныя жаночыя галасы: „Яне! Ты рублём добра вазок уціснуў? Каб жа мы не скаціліся!“ А рубель спрытна ўкладаецца акурат пасярэдзіне пахучага й мяккага раю і ахоўвае, беражэ раўнавагу. Звычайная жардзіна, якой падпарадкуюцца ганарыстыя снапы й залатая салома, і захмялелае буяньне ды раскоша зёлак, палеглых у спакой, каб не скаціцца, не зваліцца. Куды ж мы коцімся-валімся ўсе грамадою пад уціскам бязважкага, амаль нерэальнага „рубля"?.. Пра тое думаць ня варта! Бо ад нашага думаньня анічога тут — у прасторы „рубля“ — не залежыць. Ходзіць ды ходзіць сябе панам „рубель“, які даўно стаў голым жабраком. І да свайго аднайменьніка, што трымае копы здабытку, яму, няўклюду, і носам не дастаць! Бо грошы нашыя, зараз „рублёвыя“, — суцэльнае расьцярэб’е. І мы, блуканцы па сьвеце ў заробках, уцекачы ад „рубля“, што прыціскае да долу прыніжаньня ды зьнявагі... Як жа тут не згадаеш настальгічна-сапраўднае значэньне слова рубель — сілу, моц і ўпартасьць? Як не засумуеш па тым ладзе-складзе, калі шчыльненька, сьцяблінка да сьцяблінкі, рублём вяршыцца заможнасьць. Якую ня дай Божа растрэсьці! Гэтак, пэўна, і грошы маюць здольнасьць зьбіраць, назапашваць энэргію народу, укладзеную ў працу. Але нешта важнае, істотнае мы згубілі, растрэсьлі, калі расьцярушвае годнасьць „рубель“. Мабыць, не адчуваем тае залатое сярэдзіны, дзе чынна й горда дзеіць сваю місію рубель. Рыба Сяржук Сокалаў-Воюш Рыба — табуістычная назва больш старажытнага zъvь, якім у выніку сугучнасьці са словам „зваць" рыбакі стараліся не карыстацца. У XX стагодзьдзі рыба, а дакладней, выраз „пайсьці на рыбу“, набыў іншае табуістычнае значэньне. Выезд на рыбу для мужчынаў нярэдка азначае выезд на п’янку. З вудамі, рыбнікамі, сачкамі і іншым рыбацкім прычындальлем бяруць яны яшчэ пляшачку горкай і адпачываюць недзе на беразе возера ці рачулкі. Адпачываюць ад жыцьця, дзе ў спробе разьвязаць свае праблемы, почасту даводзіцца біцца як рыба аб лёд. Цешацца прывідам свабоды. Чуюцца як рыба ў вадзе, а сапраўдная рыба — тут ужо, казаў той, справа дзясятая. Усім знаёмыя выразы: лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Ні рыба ні мяса. Ноччу рыбу ловіць — кажуць пра дзіця, якое мочыцца ў ложак. Прысьніць буйную рыбіну — пра ўдачу. Вось і ўзьядналіся — называўся гумарыстычны малюнак у адным з нумароў газэты „Літаратура і мастацтва“. На малюнку вялікая рыбіна праглынула малую. Чытач бачыў у вялікай рыбіне Расею, а ў малой — Беларусь. Рыбак, вудаль, вудзільшчык, вудар, рыбалоў. Тыя беларусы, якія хочуць быць больш расейцамі, чым самі расейцы, кажуць: ріба. „Пайду пасматрю, какая там ріба“ — фраза, пачутая мной на полацкім базары. Тым разам рыба была прывазная — марская. Рэвалюцыя Віталь Тарас Слова „рэвалюцыя“ за савецкім часам звычайна ўжывалася побач са словам „кастрычнік“. Нагадайма, што „рэвалюцыя“ паходзіць ад лацінскага „revolutio“, што ў перакладзе азначае „абарот, пераварот“. Зьдзейсьніўшы яго, бальшавікі ахрысьцілі спакойны восеньскі месяц, калі, здаецца, прырода адпачывае, пачаткам новай эры. А каб не было сумневу, увялі дэкрэтны час і новы каляндар, паводле якога кастрычніцкая рэвалюцыя здарылася… у лістападзе. Як мэлянхалічна пісаў Купала з нагоды 10-годзьдзя ўтварэньня БССР: „Рэвалюцыя. Воля. Верх узяў пралетарый... Беларусь, як жабрачка, брыдзе зь “бежанства” хмарай“. Імем рэвалюцыі раскулачвалі й высылалі зь Беларусі ў Сібір сялянаў, зьнішчалі нацыянальную інтэлігенцыю, мову, гісторыю. Паступова рэвалюцыя зрабілася штампам — звычайным, шэрым, як той восеньскі дзень, калі масы людзей у шэрай вопратцы шпацыравалі пад чырвонымі штандарамі перад аднолькавымі трыбунамі ў тысячах аднастайных з выгляду савецкіх гарадоў. З вышыні трыбунаў масы віталі, так бы мовіць, правадыры рэвалюцыі — мажныя, пешчаныя, з азызлымі тварамі. І не было ў рэвалюцыі, як сьпявалася ў аднэй савецкай песьні, cканчэньня… Потым была „перабудова“, якую таксама называлі рэвалюцыяй. А наагул ХХ стагодзьдзе атрымалася багатым на рэвалюцыі — навукова-тэхнічную, кампутарную, сэксуальную. Савецкага Саюзу гэты рэвалюцыйны „бум“ як быццам не закрануў. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы да слова „рэвалюцыя“ дае такі прыклад з часопіса „Беларусь“: „Аўтаматы сыстэмы Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю на камбінаце“. А напрыканцы стагодзьдзя выбухнулі сьпеўная рэвалюцыя ў краінах Балтыі ды аксамітная — у Чэхаславаччыне. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Рэха Сяржук Сокалаў-Воюш Уся гісторыя продкаў рэхам адгукаецца ў нашчадках. Часам гэтае рэха прыемнае й шчаснае, а часам горкае й балючае. Рэха Полацкай зямлі. Рэха Вялікага Княства і Беларуска-Польскай канфэдэрацыі — Рэчы Паспалітай. Этапы нашае велічы, якія толькі ў выглядзе рэха дакаціліся да Расейскай імпэрыі і ейнага пераемніка СССР. Ёсьць у гэтым рэху і свая лыжка мёду, але й мёд гэты — таксама рэха. Слова рэха прыйшло да нас з грэцкай праз лацінскую й нямецкую. Там яно было эхам, але недзе на парозе Беларусі затрымцела ўсхваляванае слова і, падхапіўшы вібрант -р-, пачулася народнаму вуху як рэха. Гучнае й раскоцістае, яно даносіць да нас сьмех, сьпеў, гамонку, роспач і крык пра дапамогу. Рэха заўсёды эмацыйнае, і мне часам нават дзіўна, што яно прыжылося ў ціхмяных, параўнаўча зь іншымі — скупых на адкрытыя выбуховыя эмоцыі беларусаў. Гэта, дарэчы, чуваць ува ўласнабеларускіх адпаведніках рэха — водгуку, водгульлі, водгаласе, водгаласку, голасе, адгалоску, адгалосьсі, розгаласе, адпеве, пошчаку, водзыўках, адгуку. А вось пазычаны рэзананс гучыць больш жорстка. У рэху чуюцца брэх, грэх. У параўнаньні з расейскім эхом — мяккім, згубленым у моўных цянётах, нашае рэха напоўненае нейкім магічным унутраным зьместам. Сядзьце самотна ў пакоі і скажыце два гэтыя словы з інтэрвалам. Эхо... Рэха... А потым шчыра прызнайцеся самому сабе, якое з двух вам бліжэй, якое больш зьмястоўнае, больш глыбокае.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |