A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

С

Сабака

            Юрась Бушлякоў

Сабака — жывёлiна свойская. У незапомную пару прыручыў быў чалавек сабаку, i адгэнуль там, дзе ёсьць людзi, заўсёды знойдзецца сабака. Цi то з iранскiх, цi то зь цюрскiх моваў прабралася да нас само гэтае слова — сабака. Адзiн сабака, два сабакi — мы гаворым па-беларуску, i нас пры гэтым выпрабоўвае, як некалi пiсаў Дубавец, мужчынскi род нашага сабакi. Але ж сабака сабаку ня роўны: ня з кожнага сабачаняцi вырасьце пагрозьлiвы сабачуга. Маленькага сабачку дык аж да сьмерцi зваць будуць шчаняткам, а можа, цюцькам, цюлiкам — пяшчотна й па-свойску. І як тут не прыхiнуцца, ня зблiзiцца да чалавека? Нездарма ж кажуць, што сабака — найлепшы чалавеку прыяцель. Людзi, праўда, цi раз на нашых вачох выяўляюць сваю падступнасьць — вытнуць сабаку кiем цi вышлюць памiраць у космас. Або возьмуць iмя гэтае — сабака — i пусьцяцца ганiць iм розных нягоднiкаў, злосьнiкаў i шкоднiкаў. Пры чым тут сабака? А пры тым, што не адкажа. Словам, жывецца сабакам па-рознаму: ёсьць нешчасьлiўцы, а ёсьць i лёсiкi. У нашым стагодзьдзi беларускiя сабакi асвойталiся ў гарадзкiх кватэрах: як быў раней сабака львом на сваёй вулiцы, дык цяпер прынамсi на сваiм паверсе.

Выгадаваўшы сабаку, я добра разумею нашага Язэпа Пушчу — у варунках савецкае „свабоды“ ён пiсаў „Лiсты да сабакi". „Нашто ж мне падхалiмам быць, крывiцца i ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам?“ — такога ня скажаш першаму-лепшаму: пра гэта дзелiшся з блiзкiм. Язэп Пушча меў сябра. Сябра, якi слухае, здольны зразумець i ня ўмее выдаваць.


Савет

            Віталь Цыганкоў

Савет, пазычаньне з расейскай, якое прыйшло ў нашую мову толькі як абазначэньне ўладнай структуры, стала абазначэньнем цэлай эпохі, ладу жыцьця. „За саветамі“ — казалі і кажуць у Заходняй Беларусі, як „за немцамі“, „за палякамі“.

У слове „савет“ уся гісторыя Беларусі XX стагодзьдзя — савецкі, саветызацыя, антысавецкі, саўковы.

У беларускай рэчаіснасьці Саветы зьявіліся раней, чым у мове. У 20-ыя гады органы кіраваньня яшчэ называліся нармальным словам „рада“, а сама Беларусь была Радавая. „Чырвоным рубінам зьзяе Радавая Беларусь на мяжы СССР і імпэрыялістычнага Захаду“ — аптымістычна абвяшчаў лёзунг. Але паступова з працэсам саветызацыі жыцьця й мовы слова „савет“ выцясьняе спрадвечную беларускую „раду“. У 1927 годзе зьяўляецца газэта „Савецкая Беларусь“, а пасьля пачатку працэсаў над „нацдэмамі“ слова „рада“ ў савецкай Беларусі канчаткова становіцца сымбалем усяго антысавецкага і контрарэвалюцыйнага.

Далей гэтае выразнае разьдзяленьне толькі замацавалася і дайшло да канца 80-х, калі новыя адраджэнцы адплацілі савету той жа манэтай. Цяпер „савецкім“ падкрэсьлена называецца ўсё расейскае й савецкае паводле сваёй сутнасьці й духу, а радай — усё беларускае й міжнароднае. Так, мы кажам: Рада Бясьпекі ААН, Рада Эўропы, Рада БНР, але — Савет вэтэранаў і, на жаль, Вярхоўны Савет. Памятаю, як у 1992 годзе падчас паартыкульнага абмеркаваньня тэксту новай Канстытуцыі Станіслаў Шушкевіч пераконваў дэпутатаў: сапраўды, няма слова „советовать“ у беларускай мове, але савет настолькі замацаваўся ў нашай сьвядомасьці й рэчаіснасьці, што давайце яго пакінем. Большасьць прагаласавала за Савет — гэта было знакам, гэта было сымбалем. Беларусь і цяпер застаецца Краінай Саветаў.


Сала

            Алена Ціхановіч

Праапэравалі адну жанчыну. Сказаў ёй доктар сала ня есьці. А яна: „Нашто ж мне, доктар, тады жыць, каб скварачкі ня зьесьці?“

Бяз бульбы і бяз сала куса няма яды для беларуса", „Выпі чарку, зьеж скварку“ — у гэтым разуменьне здаровага падыходу да жыцьця.

Сала належыць рацыёну народу, які прывык цяжка і ўсмак працаваць, сытна і ўсмак пад’есьці. І заўсёды мець запас, кубелец сала, нацёртага часнаком, перасыпанага кменам і сольлю.

Сала — унівэрсальнае. На лусьце хлеба, на патэльні паміж яечняй, на ражончыку пры цяпельцы. Сала — гэта сала. Кавалак дому, узятага ў дарогу, сагрэе, накорміць, ня дасьць прапасьці. Асабліва калі дарога зьнянацку, не па сваёй волі, як высылка, этап, вайна ці турма.

Скурка ў сале, як прыпеў у песьні — скурку смаляць, шкрабуць, чысьцяць да белага, так, каб можна было і бяззубаму дзеду ці дзіцяці даць пасмактаць. Матулі сьведчаць, што многія зь беларускіх дзяцей у ліку першых фразаў гаварылі: „Дай шала".

Пра беларускіх песьняроў ходзіць такі фальклёрны жарт, дасюль не друкаваны: „Якуб Колас крычаў уголас, каб Янка Купала дастаў кусок сала".

Сала“ зразумелае абсалютна ўва ўсіх славянскіх мовах. Ягоны варыянт „sadło“ даў падставу меркаваць, што пайшло ўсё ад слова „садзіць“ — бо сала гэта тое, што садзіцца на мяса. А колькі яго села ці нарасло, мераюць пальцамі. Кажуць: такі парсюк быў, сала на тры пальцы. Хто разьбіраецца ў сале, лічыць за найлепшае сала з прорасьцю — бел-чырвона-белае.


Салавей

            Рыгор Барадулін

Салавей — маленькая шэранькая птушачка з анёльскім голасам. Салаўіны сьпеў зачароўвае, змушае забыцца на ўсё нялюдзкае і змрочнае. У няволі не сьпявае. Быццам бы, каб салавей сьпяваў і ў клетцы, яму выколваюць вочы — гэта ўжо мэтады вядомых органаў. Салавей — сымбаль паэта. Паэта ўтрапёнага, асабліва калі паэт салаўём заліваецца перад каханай, альбо салавее ад бясспаньня, шукаючы рыфму на запаветнае слова, рыфму сьвежую, сваю. Праўда, ад салаўіных гаёў у нашай паэзіі цямнее ў вачох. Салавей сьпявае песьні сьвету і людзям, а людзі, у сваю чаргу, пяюць песьні пра салаўя. Такі шчыры дуэт атрымліваецца. Песьні пра салаўя і самыя ўзвышаныя, кшталту:

Салавей, салавей — пташка дробная і гарэзьлівая,
Салавей, салавей, што на сьвеце саладзей,
Ці гарэлка, ці мядок, а ці ў дзеўкі перадок.

У „Дэкамэроне“, памятаеце, дзеўчына лавіла хлапечы салаўя, а ў часе хрэсьбіннай песьні дзед цікавіўся іншым:

А дзед бабу разуваў, пад ножачку паглядаў.
Ой, бабулька, што за зьвер, я ж баюся, каб ня зьеў,
Ці ж ты ў лесе не бываў, чорных зьвяроў не відаў,
Ты, дзядулька, не рабей, эта птушка-салавей.
Ён і сьвішча, і пяець, і спакою не даець.

А ўзгадайце аповесьць Зьмітрака Бядулі, якая так і называецца — „Салавей“. Высякаюцца лясы, алешнікі, усё цяжэй і цяжэй салаўю віць гнязьдзечка. Але трэба старацца так жыць, каб у душы салаўі сьпявалі.


Самагонка

            Рыгор Барадулін

Самагонка, саматужка, самаробка, юруха, весялуха, кустоўка. Колькі ласкавых назваў для аднаго паняцьця!

Самагонку на Беларусі гналі пры ўсіх рэжымах. Катлянку — у катлах (мела прысмак гарэлага). Паравую — спэцыяльнымі апаратамі рабілі. Каб стала чыстай, як сьляза, самагонку пераганялі праз вугаль, праз рачны пясок. У такой тонкай справе, як гнаньне самагонкі, вялікае значэньне меў зьмеявік.

Некалі камуністыя пачыналі новы рух у кустох-раёнах — скарачэньне свайго партыйнага апарату. Дык дзядок слухаў, слухаў лектара дый заўважыў: „Апарат яно скараціць можна, толькі зьмеевіка не чапайце“.

А ў кустох-пералесках кустоўку гналі. Бальшавікі выдавалі ўказ за ўказам супраць самагонкі, а людзі сьпявалі:

Самагоначку мы гонім,
Самагоначку мы п’ем,
Нам апараты разьбіваюць,
А мы новыя куем.

Глынуўшы першаку, прыгаворвалася: і сьвяты б паскакаў, каб самагонкі паспытаў. Самагонка была й застаецца самай трывалай валютай. Яе называюць вадкі даляр. Гэта самагонка падказвае словы скакухам і пяюхам:

Ашалела галава,
Ашалелі ногі,
А каб гэтай галаве
Прычапілі рогі.

Самагонка можа зрабіць каго хочаш і бедным, і багатым, і бязрогім, і рагатым.


Самазванец

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Самсон Самасуй — герой аповесьці Андрэя Мрыя „Запіскі Самсона Самасуя“ — тыповы самазванец, які суе сам сябе на кіраўнічыя пасады.

Звонку самазванцы — людзі сьціплыя. Дый навошта выхваляцца, калі плоймы падданых штодня ўзносяць цябе да нябёсаў. Але чым больш хістаецца пад нагамі глеба ў самазванца, тым часьцей ён пачынае блытаць „мы“ і „я“ — „я зрабіў“, „я задумаў“, „я вырашыў“.

У тлумачальным слоўніку беларускае мовы знаходзім вытворнае: самазванства й самазваны — той, які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званьне. „Стрэльбай грукнуў у дзьверы, — падае слоўнік прыклад з Аркадзя Куляшова, — „Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!“.


Самвыдат

            Алег Дзярновіч

Самвыдат — бяз гэтага слова немагчыма ўявіць сабе гісторыі беларускай незалежнай думкі 70–80-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Менавіта ў самвыдаце былі сфармуляваныя тыя асноўныя канцэпцыі і ідэі, якія вылучылі пазыцыі беларускага грамадзтва ў канцы 80-х — першай палове 90-х гадоў, гэта значыць у пэрыяд грамадзкага ажыўленьня і адносных свабодаў.

У беларускую мову гэтае слова прыйшло як калька з расейскага слова „самиздат“. І, у адрозьненьне ад іншых калек, „самвыдат“ — гістарычны тэрмін, i яму, відаць, і надалей гарантавана месца ў беларускай мове. Ангельцы і французы ўвогуле не перакладаюць гэтага слова і на пісьме перадаюць яго проста лацінскімі літарамі. Большая блізкасьць расейскага і беларускага словаў „издать“ і „выдаць“ паўплывала на тое, што ў нашай мове гэтае слова замацавалася ў перакладной форме.

Сам жа расейскі тэрмін „самиздат“ паходзіць ад „самому себя издать“ і характарызуе незалежную выдавецкую актыўнасьць, найперш у Маскве і тагачасным Ленінградзе, пачынаючы з 1960-х гадоў. Расейскі „самиздат“ мае багатую кніжную традыцыю, у тым ліку і перадрукаў заходніх выданьняў. Быў створаны самадастатковы арэал паралельнага мастацтва. Але ў 1982–86 гадох пад хваляй рэпрэсіяў маскоўскі „самиздат“ практычна зьнікае.

У Беларусі ж незалежная выдавецкая дзейнасьць у першай палове 80-х, наадварот, толькі актывізуецца, прычым актывізуецца праз спробы ўтварэньня пэрыёдыкаў. У папярэднія гады вядомыя асобныя прыклады выдавецкай актыўнасьці: „Блакітны ліхтар“ (Наваполацак, 1971–1974 гады, да гэтага праекту меў дачыненьне Вінцэсь Мудроў), „Мілавіца“ 1974–1976 гады (Уладзімер Арлоў), „Падсьнежнік“ 1963–1964, „Гутарка“ 1975–1976 (Мікола Ермаловіч).

А ў першай палове 80-х новыя выданьні зьяўляліся практычна кожны год. Што важна, ня толькі ў сталіцы, але ў Горадні, Маладэчне, Віцебску, Слоніме. У Беларусі ішоў адлік свайго часу, адрозны ад часавымярэньня ў Расеі ды іншых частках СССР. Нават тады гэта былі розныя краіны.

Гісторыя зноў пажартавала зь беларускім самвыдатам, ці, як яго цяпер у нас усё часьцей называюць, з пазацэнзурным друкам. У час, калі самвыдат мусіў бы сысьці з гістарычнай арэны, недзе з 1995 году ён зноў адрадзіўся ў Беларусі: як рэакцыя на ўціск свабоды слова ў розных частках Беларусі зьяўляецца ўсё больш новых незалежных выданьняў. Іхныя стваральнікі нават і ня думаюць пра афіцыйную рэгістрацыю ў бліжэйшыя часы. А фонды незалежных архіваў папаўняюцца гэтым неацэнным сьведчаньнем нашае сучаснае гісторыі. Беларусь бярэ з сабой самвыдат у ХХІ стагодзьдзе.


Самота

            Валянцін Акудовіч

Наўрад ці яшчэ ў якой мове слова „самота“ мае столькі ж, як і ў нас, сынонімаў альбо проста падобных па сэнсе словаў.

Сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласьць, смутак, жальба, шкадоба, ростань, туга, адзінота… І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося? Вось яшчэ адно — вусьціш. Гэта стан бязьмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах сьмерці і небыцьця.

Але ці можам мы з гэтага казаць, што беларуская мова — гэта мова самоты? Мяркую, што можам. І на карысьць гэтага меркаваньня ўся беларуская паэзія, у якой, калі пільна ўгледзецца, няма нічога іншага, апроч жалю, тугі, смутку.

Долю мы выбіраем самі, лёс нам наканаваны мовай. Мы ня можам быць іншымі ад таго, чым ёсьць нашая мова. І як бы калі шчасна ні склалася для Беларусі гульня гістарычных падзеяў, і на які б заможны лад аднойчы ні ўпарадкаваўся наш дабрабыт, мы назаўсёды застанемся самотным народам.

Дарэчы, калі хтосьці староньні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднай мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе хоць у якую іншую, то я зазвычай удакладняю — яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, які наканаваны ім мовай.

Але і ня трэба ганіць тых, хто эміграваў ад нас у больш утульныя лёсы. Тыя людзі хутчэй вартыя шкадобы. Бо якая гэта пакута — жыць з сэрцам, набрынялым самотай, і не знаходзіць, колькі ў той мове ні шукай, словаў, каб гэтую самоту вымавіць хаця б самому сабе.

Нездарма ў нас кажуць: лёс на кані не аб’едзеш.


Санацыя

            Міхась Скобла

Першаснае значэньне слова санацыя для беларускага вуха гучыць зьдзекліва. Дайце веры, усталяваны начальнікам польскай дзяржавы Юзафам Пілсудзкім санацыйны рэжым для беларусаў-заходнікаў мусіў азначаць „аздараўленьне“, „лекаваньне“. Санацыя павінна была палекаваць беларусаў ад беларускага слова ў школах, ад беларускае казані ў касьцёлах; мелася прапісаць занядужалым насельнікам „крэсаў усходніх“ антыбеларускія варшаўскія рэцэпты. А ў выніку — дарэшты выветрыць зь беларускіх галоваў подумкі пра беларускую дзяржаўнасьць. Вось дзе ўжо, сапраўды, „такія дактары вымуць душу без пары“!

Вернемся ў думках у Заходнюю Беларусь і пройдземся разам з паэтам Юркам Голубам па вуліцах Горадні, каб пачуць, як уначы каля кляштара пры санацыі Польшчы „зноўку гісторыя кашляе, як прамоклы падпольшчык“.

Сёньня ў будынку прыгаданага кляштара месьціцца турма, дзе эстафэту вязьняў санацыйнага рэжыму пераймаюць вязьні рэжыму лукашэнкаўскага, які сіліцца зацягнуць Беларусь на яшчэ адны, гэтым разам — паўночна-заходнія крэсы.

Сэрца Пілсудзкага пахаванае на Віленскіх могілках Роса і прадбачліва заслоненае шматтоным, таўшчэзным панцырам труніцы. На гладкай каменнай паверхні выразна відзён сьлед куляў, як пасьмяротная падзяка за санацыю.


Саюз

            Віталь Цыганкоў

Саюз непарушны рэспублік свабодных зьяднала навекі вялікая Русь“ — гэта, бадай, першая асацыяцыя, якая прыходзіць у галаву пра слова „саюз“. Пераклад гімну СССР гучыць настолькі ж ненатуральна, наколькі чужародным для беларускай мовы зьяўляецца слова „саюз“. Гэта якраз адно з тых небеларускіх па сваім паходжаньні словаў, якія займаюць неадэкватна вялікае месца ў сучаснай беларускай мове і рэчаіснасьці.

Ня менш чужародныя для беларускай дзяржаўнасьці і незалежнасьці і палітычныя зьвязы, якія называліся і называюцца словам „саюз".

Апошнімі гадамі ў „саюза“ паступова адваёўвае пазыцыі „зьвяз“, упершыню ўведзены Янам Станкевічам. Апроч таго, ужываюцца словы „злучэньне“, „таварыства“, „аб’яднаньне“, „хаўрус“, „згуртаваньне“, „суполку“, „задзіночаньне“. Як здаецца, слова „саюз“ хутка патрапіць у тую ж сытуацыю, у якой апынулася роднаснае яму па духу слова „савет“, якое цяпер ужываецца для азначэньня менавіта небеларускіх — савецкіх альбо расейскіх рэаліяў.

Савецкі Саюз застанецца „саюзам“, гэтаксама як саюз Беларусі і Расеі, а эўрапейскае аб’яднаньне нацыяў мы называем „Эўразьвязам“.


Свабода

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Свабодка, Свабоданька і Свабодачка, Слабодка і Слабада...

Добры, вольны й праўдзівы — свабодны. Злосны, паднявольны й хлусьлівы — несвабодны.

Лексыкограф Памва Бярында пісаў, што свабода — гэта вольнасьць, свабоднасьць, наслаждзеньне, любадараваньне і любачэсьце.

У 20-я гады нашага стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі вызначыў: „Свабода — свая воля, вольнасьць“, і дадаў найменьне носьбітаў свабоды: свабоднік, свабодніца.

У 70-я пазыўнымі беларускай „Свабоды“ былі радкі з Купалавага верша: „Бясьсьмертнае слова, ты, роднае слова! Ты крыўды, няпраўды змагло; Хоць гналі цябе, накладалі аковы, Дый дарма: жывеш, як жыло!“

Беларускія вернікі штодня зьвяртаюцца да Бога з адной малітвай: „Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай, краіну нашу і наш народ!“


Сельпо

            Вінцэсь Мудроў

Сельпом — слова гэтае ў гутарковай беларускай мове скланялася — называлі счарнелую, перабудаваную з кулацкай хаты гандлёвую кропку, якая адначасова была і своеасаблівым жаночым клюбам.

Жанкі штодня зьбіраліся там у чаканьні падвозу хлеба ды абменьваліся плёткамі. Дамінантнай фігурай у клюбе была загадчыца сельпа, зьвяртаючыся да якой, нават старыя цёткі ўжывалі імя па бацьку:

— А пакажы ж ты мне, Міронаўна, вунь тую адзежыну…

Прыкладна раз на месяц у сельпо прывозілі гарэлку, якую вяскоўцы ў той жа дзень і раскуплялі. Загадчыца дзеля парадку адну скрыню прыхоўвала і… пазбывалася спакою.

Праз тую гарэлку сельпо ўвесь час рабавалі, але рабілі гэта не вяскоўцы, а прышлы люд — мо якія мэліяратары ды электралінейшчыкі. Выкрадалі звычайна скрыню пітва ды кілё чакалядных цукерак на закуску.

Выпіўшы гарэлкі, рабаўнікі часьцяком тут жа і засыналі, прытуліўшы галовы да паточаных шашалем сельпоўскіх сьценаў.

З канца 60-х гадоў на вёсках пачалі ўзводзіць цагляныя крамы, але іх ужо сталі называць па-гарадзкому — магазынамі. І сельпо такім ладам разам зь селькорамі паволі сышло ў нябыт.


Сібір

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Шлях многіх беларусаў у ХХ стагодзьдзі пралёг празь Сібір. Упершыню Сібір прыгадваецца пэрсыдзкім гісторыкам ХІІІ стагодзьдзя Рашыд-ад-Дзінам. Адны навукоўцы лічаць гэтае слова мангольскім, другія — калмыцкім, якуцкім, табольска-татарскім або нават гунскім. Адныя цьвердзяць, што так называлася старажытнае насельніцтва краю, другія — сталіца тамтэйшага ханства, трэція выводзяць яго ад слова „зарасьці“ ці выразаў „вільготная мясцовасьць“ або „зьбіцца з дарогі“.

Калі Расейская Імпэрыя, а потым СССР былі турмой народаў, то Сібір — турмой турмаў. Таму нас ня цешаць зьвесткі, што ў Сібіру жывуць беларусы.

Царызм высылаў туды нашых адраджэнцаў: Алеся Гаруна, Язэпа Лёсіка. Бальшавікі адпраўлялі туды бітым шляхам Міколу Ўлашчыка, Масея Сяднёва. Празь Сібір прайшоў прэзыдэнт БНР Вінцэнт Жук-Грышкевіч.

Калі развальваўся СССР, людзі з палёгкаю жартавалі, што цяпер, калі Сібір застаўся ў іншай дзяржаве, людзей ня будзе куды высылаць. Калі кіраўніцтва РБ узяло курс на ўзьяднаньне з Расеяй, жарт пачаў траціць сэнс.

У ХХІ стагодзьдзе мы ўваходзім з пэрспэктывай працягваць асваеньне яшчэ неабжытых таёжных абшараў.

Ніколі ня бачыў чалавека, які б радасна ўсьміхнуўся пры слове „Сібір".


Скарга

            Валянцін Акудовіч

Што мы сапраўды добра ўмеем, дык гэта наракаць і скардзіцца. І так да гэтай гаротнай мовы прызвычаіліся, што цяпер ужо нават паміж сабой не гаворым, а толькі крыўдуем: на галечу, недарод, сьпёку, начальства ды іншую халеру.

Натуральна, што мы й прэзыдэнта выбіралі не па якіх там адмысловых здольнасьцях, а каб лепей за іншых умеў наракаць і скардзіцца… І не памыліліся ў сваім выбары. На каго ён толькі не крыўдаваў за пару прэзыдэнцтва — на апазыцыю, паветраныя шары, NATO, прафсаюзы, засуху, карупцыю, Пазьняка, сусьветны імпэрыялізм — усяго да ранку не перабярэш.

Але, што праўда, мы таксама гэтыя пяць гадоў у шапку ня спалі — як толькі на свайго абраньніка не наракалі, да якіх толькі міжнародных супольнасьцяў не зьвярталіся са скаргамі на яго…

Іншаземцы даюць веры нашым і нашага прэзыдэнта скаргам — абураюцца, спачуваюць, раяць. Сьмеху варта. Зрэшты, а скуль ім ведаць, што як мы спынімся наракаць і скардзіцца, дык нам адразу мову адыме. Бо на іншыя словы мы ўжо невядома калі забыліся. Засталося адно на ўсе выпадкі — скарга.


Склад

            Вінцэсь Мудроў

Адметнае месца — склад. Кожны раз, заходзячы туды, зьведваеш хваляваньне. У прыцемку таямнічымі спарудамі вымалёўваюцца груды мяхоў і цьмяна-блізкія пізанскія вежы ўбітых адно ў адно вёдраў, ільсьняцца круглявыя бакі мэталёвых бочак, тут жа над галавой вісяць хамуты, цюлькаюць вераб’і, і ў паветры пахне прэлай аўчынай і мышамі.

У склад завітваюць ня проста так, а з пэўнай мэтай, трымаючы ў потнай руцэ паперку, паводле якой можна атрымаць патрэбную рэч. Загадчык складу заўсёды бярэ гэтую паперку без задавальненьня. Ці то таму, што яму шкада разьвітвацца з майном, ці то таму, што майно тое давядзецца шукаць у бясконцых складзкіх лябірынтах. І наведнік з тае прычыны пачувае сябе ня надта ёмка.

І вось дзіва дзіўнае! Нас, беларусаў, ужо ня першы год на розныя галасы запрашаюць увайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Склад той дарэшты разрабаваны, але тое-сёе там засталося, і, убіўшыся туды, мы будзем мець дасхочу дармавой нафты, газу ды іншых даброцьцяў.

Такім чынам, складзкія брамы рассунутыя, шырокай плоймай, нібыта пара з лазьні, вырываецца парахавы дым, і загадчык складу — сівы ды прапіты дзядзька — трымае ў руцэ цяжкую завалу на знак таго, што выйсьці са складу Расейскай Фэдэрацыі нам ужо не давядзецца.


Скуранка

            Рыгор Барадулін

Скуранка. Слова ўвёў ува ўжытак кастрычніцкі пераварот 1917 году. Скуранка стала ўніформай рознага гатунку камісараў, якая іх вылучала з нармальна апранутых людзей, розьніла ды адмяжоўвала. Вядома, страх павагі не гарантуе, і тых жа пыхліва-апэрэтачных камісараў часьцяком называлі: камісраі.

Савецкая паэзія абрыфмавала скуранку, проза абманумэнталіла, драматургія абтрагeдыла. Толькі ў народзе паказалі сутнасна скуранку:

Ведаем мы камуністых,
Ведаем бальшавікоў —
Яны ходзяць у скуранках,
Дзяруць скуру з мужыкоў.

Гэта пра скуралупаў.

Мода на скураныя паліто й курткі находзіць хвалямі. Апошняя хваля з турэцкага рынку захлынула беларускія вуліцы. Слова скуранка амаль забылася, а пашырыўся назоў куртка са скуры, скураная куртка.


Соль

            Рыгор Барадулін

У беларусаў ёсьць такая загадка-прыслаўка: „І да мяса трэба закраса“ або „Недасол у місе — перасол на сьпіне“. Бяз солі ў любой страве і ў любой справе прэсна. Гэта Хрыстос сказаў апосталам: „Вы будзеце сольлю зямлі".

Спрадвеку соль у Беларусі была прывозная. Чумакавалі чумакі беларускія, па соль едучы да Чорнага мора. А як выявілася, у Беларусі сваёй солі залягала гэтулькі, што можна паўсьвету засаліць.

Шкада, што радовішчы солі знайшлі на самых багатых землях Случчыны. Па-савецку — гэта значыць, па-барбарску — пачалі здабываць соль, сапсавалі тэрыконамі прыгожыя краявіды. Ёсьць пагроза засаліць землі да Балтыі. Ужо цяпер вынайдзены савецкі гібрыд — салёная хвалёная слуцкая бэра. Ёсьць небясьпека, што пустапарожнія шахты могуць проста абрушыцца.

Засаліць бы ў бочках усіх савецкіх кіраўнікоў, што так пазьдзекваліся з багатай зямлі, каб нашчадкі памылак не паўтаралі.


Соткі

            Алена Ціхановіч

Яшчэ ў Коласавай „Новай зямлі“, якая пісалася на пачатку гэтага стагодзьдзя, беларусы мералі запаветную зямлю маргамі, крыху раней — валокамі й дзесяцінамі. Усё гэта — адзінкі яшчэ дамэтрычных сыстэмаў мераў: дзесяціна крыху большая за гектар, морг — гэта прыблізна дзьве траціны гектара.

У савецкі час ува ўжытак прыходзіць новая, драбнейшая мера — сотка, сотая доля гектара — 10 на 10 мэтраў. Але паколькі такі лапік зямлі для сялянскай нацыі — рэч несур’ёзная, слова замацавалася выключна ў множным ліку — соткі. Так пачалі называць уласныя прысядзібныя, а пазьней і дачныя надзелы, а ніяк не калгасныя. Савецкая ўлада давала ўва ўласныя рукі, як правіла, ад шасьці да пятнаццаці сотак.

Соткі — гэта працяг калектывізацыі, абезьзямельваньня гаспадара, гэта бізун і пернік усёй сацыяльнай палітыкі: нездарма стала замацаваліся выразы — прырэзаць соткі або абрэзаць соткі. Або — адабраць соткі.

На сотках і сёньня выяўляецца ня столькі сялянскасьць і працавітасьць народу, колькі яго прага да выжываньня. Жывіцца з сотак прыходзіцца ня толькі рабочым, настаўнікам ці пэнсіянэрам, але і былым старшыням Вярхоўнага Савету, чыя пэнсія чамусьці не падпадае пад індэксацыю.

Не сакрэт, што і мазалі беларускіх пісьменьнікаў нажываліся на сотках-дзялках той самай Лысай Гары, што ўвайшла ў славуты ананімны эпас 70-х гадоў. Невядомы аўтар з мноства красамоўных дэталяў апісваў пагалоўнае пісьменьніцкае захапленьне градамі. З усіх іх ён вылучае хіба толькі Яўгенію Янішчыц, пра якую кажа:

А паміж іншым, аніколі —
Ні ў сьветлых снах, ні наяву —
Ні свой палац, ні соткі ў полі
Ня лезьлі ёй у галаву.

Прападае на сотках, палівае соткі, апалола соткі, хай бы тыя соткі прапалі — гэта найбольш частотны лексыкон кожнага дня.

Соткі — гэта сынонім паняцьця „свая зямля“ для беларусаў канца ХХ стагодзьдзя.


Сочыва

            Антаніна Хатэнка

Калі па ўсёй краіне плыве водар сьліваў ды яблыкаў, што вараць гаспадыні — выплывае аднекуль зь нетраў памяці смачнае слова — сочыва. Чаму яно заблудзілася ў вякох і саступіла месца назову „варэньне“ — складана зразумець. Але „варэньне“ — усяго ж толькі нешта зваранае, яно не паўстае ўва ўспамінах сонечным бурштынавым смакоцьцем. Яно прыземленае, не надоранае магіяй пераўвасабленьня...

Затое сочыва — бруеньне, жывая сіла й гаючасьць соку, сакавіты пах і колер саду, ацяжэлага салодкім набыткам. Здаецца, і ня зваранае, не перапрацаванае тое сонца, утрыманае энэргіяй у яблыку. Здаецца, прамянее й сьвеціць радасьць ураджаю, а значыць — нараджэньня.

Але зьдзіўлёна ўспырхваюць вейкі ў гандлярак, як папытаеш сочыва — і даводзіцца даўка прамаўляць: варэньне.

Затое ўсоладзь п’юць хараство старавечных словаў маладыя павяртанцы да этнічных каранёў. Быццам бы апраўдваюць і ўваскрашаюць існыя значэньні ды гучаньні. Бывае, ганарыста залятаюць у кавярню й заказваюць — печыва! сочыва! марозіва! Пакутніца-афіцыянтка адно вачыма міргае.

Здаецца, ужо даўно нацыянальны арганізм ня здатны ператраўліваць нашае жорсткае варэннае трасянкі. А мы ўсё зацята варым, варэнім... Замест таго, каб насалоджвацца жывымі сокамі мовы ды зямлі — сочывам.


Спадарства

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Як толькі не зьвярталіся адзін да другога нашыя людзі ў гэтым стагодзьдзі. Пан і пані, васпан і васпані, сам і сама, грамадзянін і грамадзянка. У пачатку стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі пісаў: „Апошнімі часамі маецца паварот да старога „гаспадар“, як да эпітэту ў знак ветласьці“. Але прыйшлі бальшавікі са сваімі „таварышамі“, і паварот не адбыўся.

Слова спадар — старажытнае, вядомае ажно з XVI стагодзьдзя. Яго ўжо ў сярэдзіне нашага пачаў вяртаць у актыўны ўжытак Янка Станкевіч. Спадар, спадарыня, спадарскі, спадарства. Спадарыч — сын спадара, спадарычна ці спадарычня — дачка альбо проста незамужняя жанчына, у адрозьненьне ад замужняй — спадарыні.

Слова спадар паходзіць ад праславянскага *gospodarь і, апрача названых значэньняў, выступае ў нашай мове як сынонім слова Госпад. „Спадару Божа, чыстая вада твая, ачысьці цела маё грэшнае“, — чытаем у Аль-Кітабах, рэлігійных кнігах беларускіх татараў. Асабліва актыўна слова „спадарства“ і вытворныя ад яго ўжываліся ў мове беларускае эміграцыі. Савецкія пасквілянты ўжывалі і ўжываюць гэтыя словы ў іранічна-зьдзеклівым сэнсе.

Затое беларус беларуса цяпер ужо інакш як „спадар“ не называе.


Спадчына

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Спадчына — усё тое, што мы маем ці мелі.

Існае і зьнішчанае, адноўленае і створанае, прыватнае і супольнае.

Сумная спадчына, багатая спадчына, бедная спадчына, невядомая спадчына, неабжытая спадчына. У кожнага народа свая спадчына і сваё слова: па-ўкраінску спадщина, па-польску spadek, па-літоўску paveldas, па-латыску mantojums, па-расейску наследство.

Беларускае слова „спадчына“ сталася вядомае ўсяму савецкаму народу дзякуючы песьняроўскай песьні на словы Купалы. Затое пра самую сваю спадчыну большасьць беларусаў па-ранейшаму ведае зусім мала. На пачатку ХХ стагодзьдзя наш народ пачаў абжываць сваю спадчыну. Працы Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Эпімах-Шыпілы, Карскага, Янчука, Ляўданскага, Шчакаціхіна, Сэржпутоўскага паказвалі беларусу, на якой спадчыне, на якім грунце ён мусіць стаяць у гэтым жыцьці. Але гэтыя людзі былі рэпрэсаваныя саветамі, а адкрытая імі спадчына замкнёная ў спэцсховах гісторыі.

Афіцыйнай спадчынай беларусаў былі абвешчаныя толькі рэакцыйны прыгнёт з боку польска-літоўскіх феадалаў і прагрэсыўны прыгнёт з боку расейскага царызму, а таксама курная хата, лапці, каўтун у валасах і сацыялістычны росквіт. Тыя, каго такая спадчына не задавальняла, падлягалі зьнішчэньню.

Канец ХХ стагодзьдзя і развал Савецкага Саюзу адрадзілі масавую цікавасьць да спадчыны. Часопіс „Спадчына", клюб „Спадчына“, перадача Радыё Свабода „Неабжытая спадчына“ — трывалыя парасткі вяртаньня, якія пачалі адраджаць нацыянальную сьвядомасьць. Але беларусы мелі неасьцярожнасьць абраць сабе ўзрослага на савецкай спадчыне прэзыдэнта. У ХХІ стагодзьдзе краіна ўрываецца з боем за свае годнасьць, імя, права, за сваю спадчыну, у якой жыве будучыня.


Спакуса

            Рыгор Сітніца

Яшчэ ад тых часінаў, калі Адам адкусіў ад забароненага яблыка, слова спакуса неадступна перасьледуе ягоных нашчадкаў.

Спакуса вабіць няўцямную малечу цягнуць у рот усялякую бліскучую і прывабную дрэнь, спакуса кліча падлетка, навісаючы над суседзкім парканам чужымі, а значыць, і смачнейшымі яблыкамі.

Спакуса не дае заснуць палкім юначым мроям, прымушаючы гадзінамі прастойваць ля нейчага акна ці пад’езду, спакуса шчыміць пажадаю, спакуса вярэдзіць сквапнасьцю, спакуса соладка ные прагаю славы і ўлады.

Спакуса быць першым, абраным, багатым, самым галоўным, асноўным і неадольным, жаданьне валадарыць на вясковай вуліцы ці ў двары мікрараёну, панаваць сярод братвы Аўтазу, Сельгаспасёлка, Грушаўкі ці выглядаць „крутым дзедам“ у вачох казарменных салаг і духаў.

Спакуса апярэдзіць спаборніка, падставіўшы яму нагу на спартовай дыстанцыі. Ці спакуса зьняславіць суперніка, ілжыва абвінаваціўшы яго ў тым, што, не адолеўшы спакусы, нібыта скраў на пасадзе кіраўніка краіны ажно цэлую скрыню казённых цьвікоў.

Спакуса пераконваць раз-пораз у тым, хто тут гаспадар, сувора грымнуць па стале ці па вуху калгаснага трактарыста, уладна паказаўшы на дзьверы абрыдлым замежным амбасадарам, а то і ўдала скарэктаваўшы кірунак залётнага паветранага шарыка.

Спакуса кіраваць плыняй ракі ці палётам футбольнага мячыка, „чэснымі гражданамі“, „вашывымі блохамі“ ды іншым „атрэб’ем“.

Спакуса кіраваць гісторыяй, вызначаючы лёсы асобаў і лёс усяе нацыі, тым самым спакусіўшыся на ўладу, дадзеную толькі Богу.

Не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога…


Сталоўка

            Віталь Цыганкоў

Сталоўка (як сьцьвярджае тлумачальны слоўнік — прадпрыемства грамадзкага харчаваньня) зьявілася ў 20-я гады як сымбаль новага сацыялістычнага побыту. Тут няма буржуазнай эксплюатацыі, ніхто не прыслугоўвае табе за сталом, ты сам падаеш сабе ежу.

Тлумачальны слоўнік ураўноўвае словы „сталовая“ і „сталоўка“, але кожны тут пачуе і адчуе відавочныя адрозьненьні. „Сталоўка“ гучыць больш дэмакратычна. Польская „stołуwka“ падобная да беларускай, а ўкраінская „їдальня“ — да чэскай „jнdelna".

Сталоўка“ бывае школьная, студэнцкая, заводзкая, міністэрская. Сталоўкі на прадпрыемствах і ўва ўстановах былі месцам, дзе рабочыя і навуковыя супрацоўнікі праводзілі самы чаканы час працоўнага дня — абед. Цяпер у раней шматлікіх НДІ, калі яны і выжылі, сталовак амаль не засталося — гэтая плошча часьцей за ўсё здадзеная ў арэнду камэрцыйным фірмам. Амаль не засталося сталовак і на вуліцах Менску ды іншых буйных гарадоў Беларусі. Бальшыня зь іх пераўтварылася ў дарагія рэстараны або крамы.

Адзінае месца, дзе сталоўкі ня толькі захаваліся, але і часам нават палепшылі сваю якасьць, гэта дзяржаўныя міністэрствы. Першая сярод іх — у будынку Савету Міністраў — галоўная сталоўка краіны, дзе кормяць лепш за многія рэстараны.

Апошнія гады ў Беларусі, як ува ўсім сьвеце, зьявілася „сталоўка па-амэрыканску“ — Макдональдз. Праўда, выбар страваў там зусім не такі багаты…


Старасьветчына

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Старасьветчына — слова, зразумелае кожнаму беларусу. Ад яго пахне памяцьцю стагодзьдзяў, магнацкімі замкамі й палацамі, шляхецкімі маёнткамі, засьценкамі і фальваркамі, гаспадарскімі сялібамі і вясковымі хатамі. Увесь побыт продкаў хаваецца ў гэтым слове з высакароднай сівізной у валасах.

„Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выяжджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнаньня роднай старасьветчыны“, — пачынае першую ў нашай літаратуры фантастычную аповесьць „Лябірынты“ Вацлаў Ластоўскі. Гэта быў 1923 год, а ўжо праз колькі часу Андрэй Мрый укладае ў вусны бальшавіцкага кар’ерыста і недавучкі Самсона Самасуя словы пра старасьветчыну і іншае буржуйскае хаўбосьце.

Мінуўшчына, даўніна, нябыт, былое, даўняе, а агулам — больш як два тузіны сынонімаў у нашай мове знаходзім на старасьветчыну, пры ўсяго двух вытворных: старасьвецкасьць і старасьвецкі. Савецкае мовазнаўства ўвесь час імкнулася надаць слову старасьветчына нэгатыўнае адценьне. Варта пачытаць тлумачальныя слоўнікі, у якіх побач з гэтым словам знойдзеш азначэньні: не сучасны, старамодны, адпаведны свайму (не цяперашняму) часу. Але хіба не адпавядае цяперашняму часу старасьвецкая капліца, старасьвецкі парк, урэшце, старасьвецкі рэцэпт якой-небудзь стравы?..

Канец стагодзьдзя пачаў вяртаць старасьветчыне ейныя законныя правы. Праекты рэгенэрацыі старых мястэчак, аднаўленьня разбураных помнікаў, спробы вяртаньня каштоўнасьцяў, нарабаваных цягам фашыстоўскай і бальшавіцкай акупацыяў краю, пачалі ўлучаць старасьветчыну ў нашае жыцьцё, а значыць, вяртаць народу ўсведамленьне таго, што ён быў, ёсьць і будзе гаспадаром абшараў з такой сучаснай і такой старасьвецкай назвай Беларусь.


Стома

            Валянціна Мароз

Ясная прастата, відавочнасьць слоўных сувязяў, чамусьці да часу схаваных ад цябе, адкрываецца заўсёды як вялікае дзіва.

Так атрымалася са словам стома — маміным прозьвішчам, найменьнем яе немалога роду. Вельмі доўга асацыяцыі неяк зашорана скіроўваліся на адно — беларускага актора Зьдзіслава Стому: ці не зямляк, ці не сваяк?

А цяпер нават дзіўна, як гэта жылі сабе паасобку этымалягічна тоесныя — прозьвішча-намінацыя Стома ды паэтычна-кніжнае стома — „вялікая страта сілы пасьля цяжкое працы альбо душэўных мукаў“. Можна меркаваць, што іх разьядноўвала актыўная функцыянальнасьць аднакаранёвых стомленасьць, утомленасьць, натомленасьць. Вось і сучаснае беларускае грамадзтва зноў спаралізавала беспрасьветная стомленасьць — ад невырашальных праблемаў, дробязных клопатаў, распаношанае гнюсаты й хамства. Стомленасьць стамляе, ператвараючы жыцьцё ў шэры будзень.

Выйсьце ж трэба шукаць у ахвярнай стоме, празь якую мы, беларусы, нарэшце мусім дайсьці да пераможнае радасьці. Спатрэбяцца немалыя высілкі, каб выпраставаць з апатычнае стомленасьці на выратавальную стому. Бо стома — гэта стан здаволенасьці пасьля рупнае, цяжкое працы. Стома — засяроджанасьць на сабе, калі ўся істота настроеная на адпачынак дзеля вяртаньня выдаткаванае сілы-моцы. Стома навальваецца, але ня здушвае, яна ўзносіць, уздымае, растварае ў слодычы адпачынку.

Сэмантычна раскошнае ды завершанае стома змушае да рамантычна-высокага асэнсаваньня беларускага прозьвішча, да якога й ты далучаны праз свайго, хто ведае, у якім калене продка.


Страха

            Ігар Бабкоў

Чатыры сьцяны — гэта яшчэ ня ўсё. Мацуюцца бэлькі, падымаюцца кроквы, і нарэшце прыходзяць страхары са сваімі страхоўкамі ды кладуць страху. Нават калі страха новая, празь яе дыхае неба. Падстрэшша — першая прыступка да неба, блізкае і жаданае беларускае надзем’е.

Чаго толькі не захоўвалася на падстрэшшах нашых хат — кнігі, старыя газэты, непатрэбныя рэчы. У першай палове стагодзьдзя пад страху пераносілі кросны і верацёны, старую вопратку, сапсаваныя гадзіньнікі і прасы. Пасьля другой сусьветнай вайны туды патраплялі беларускія граматыкі і міжваенныя кнігі, рукапісы і цэлыя архівы.

Падстрэшшы і сталіся нашымі архівамі. Мышы і ластаўкі там былі архівістамі, кот — дырэктарам, а кроплі дажджу — наведнікамі і чытачамі. Потым усё гэта расшуквалася і рэстаўравалася, пераносілася ў музэі і прыватныя калекцыі. Мы паступова забывалі пра паходжаньне нашых скарбаў, забывалі пра страху і падстрэшша. Але варта памятаць: ад войнаў і ператрусаў, ад ідэалягічных кампаніяў і размаітых чыстак у Беларусі ёсьць свой прытулак — на падстрэшшы, бліжэй да неба.


Струк

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Струк — слова-загадка. Нягледзячы на тое, што ўва ўсіх славянскіх мовах яно гучыць амаль аднолькава і толькі ў баўгарскай і сэрбскахарвацкай мовах мае, апрача асноўнага значэньня „плод некаторых расьлінаў“, яшчэ значэньне „сьцябло, галінка“, паходжаньне яго незразумелае. Прынамсі, так цьвердзяць сур’ёзныя і аўтарытэтныя навуковыя выданьні.

Напраўду, ніводнае зь іх не фіксуе таго значэньня слова, якое бытуе ці не ўва ўсёй Беларусі. Струк — мужчынскі полавы чэлес, найчасьцей — дзіцячы. Выглядае, што якраз гэтае значэньне звузіла ўжываньне слова ў нашай тапаніміцы й антрапаніміцы.

Вытворнае ад „струк" — струкаваты — мае ў нашай мове тры тлумачэньні: які мае шмат струкоў, падобны да струка і кучаравы. З гэтым апошнім і была зьвязаная прозва бацькі Якуба Коласа — Міхала Міцкевіча, які меў кучаравыя валасы і адпаведную мянушку — Струк.

Напэўна, ад падобнай мянушкі ўтварылася некалі прозьвішча Струкаў. Рыгор Струкаў — ваенны дзеяч часоў грамадзянскай і вялікай айчыннай войнаў з-пад Вяліжу. Расеец Дзьмітры Струкаў — мастак, археоляг і пэдагог ХІХ стагодзьдзя, які ў 1864 годзе наладзіў экспэдыцыю ў Беларусь, у часе якой зрабіў безьліч замалёвак нашых мястэчак, помнікаў архітэктуры, іншых збудаваньняў, а таксама твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх і Крыж Эўфрасіньні Полацкай — адна зь нямногіх мастацкіх выяваў гэтага хрысьціянскага сымбалю Беларусі. Міхал Струк — герой мінулай вайны з Мазыршчыны.

У беларускай тапаніміцы гэтае слова досыць рэдкае. Струкачоў — вёска недалёка ад Кармы і Струкі — каля Буда-Кашалёва на Гомельшчыне.


Стрэс

            Антаніна Хатэнка

Сьцятыя вусны, сьціснутыя кулакі, сашчэпленыя сківіцы, ссунутыя пахмурыя бровы, сасьлеплыя вочы — стрэс. Растрэскваюцца маланкі стрэсу, і мы гасім іх у сабе: каб не высоўваліся. Мы, бывае, ператвараемся ў хісткія цені, здатныя адно жаліцца й стагнаць, — аберагаем ад сябе вакольле. Куды ж ужо болей — здагадваемся — ва ўстрэсеную прастору нашае Краіны? Уключаеш радыё — трасе стрэс, высьвечваеш экран тэлевізара — навальваецца стрэс, разгортваеш газэту — апынаешся ў абдоймах стрэсу. Вытрасены зьмест жыцьця, абтрэсенае, як дзічкі, хараство. Стрэс палымяным дротам абвівае цела. Стрэс, аголены боль, як выгінастая зьмяюка, прапаўзае між мною й людзьмі, мною й родам, між мною й дзяржаваю. Стрэс расшчапляецца на агністыя аскепкі, якія колка ўпіваюцца ў думкі. Стрэс выкручваецца, зьвіваецца злоснаю спружыністаю гадаўкаю, скрыўджана шыпіць і надзімаецца, адтапырыўшы ганарлівыя вусы. Пякучае драціньне стрэсу абпальвае душы. Сьвет робіцца чырвона-пагрозьлівым альбо шэра-чорным. Ад злосьці ажно зялёна ўваччу. Стрэс бязьлітасна б’е токам пагрозаў ды зманлівых абяцанак па валокнах нэрваў. Мы — Краіна пад высокаю напругаю. А стрэс пакручвае сабе хвастом ды ўладарыць — правіць шыкоўны баль нашага растрасаньня, аздобленага смакаўною трасянкаю. А як хораша стрэсу валодаць раСТРЭСенымі на маўклівыя панурыя купкі баязьліўцамі! Ці ж мы ўсе страсянутыя? Нясем жа, рассыпаем па сьвеце ўСТРЭСеныя думкі й пачуваньні — і трасемся звыкла ў калатуне. А чаго, братове, дрыжым? — каб хто спытаў… Вусаты стрэс, разьюшаны, з уздыбленаю гняўліва поўсьцю й сьмяротным шуганьнем у вачох усяго толькі навучае нас вытрасаць з вантробаў стрэс — страх быць Сабою на сваёй зямлі.


Ступа

            Рыгор Барадулін

Ступа — папярэдніца жорнаў, сродак перамяшчэньня Бабы-Ягі, правобраз ракеты. Мядзьведзь у казцы просіць яму паслаць на начлег рад каменьня, рад паленьня, зялезную ступу пад галаву.

На першы позірк, дужа ўсё проста: прадзяўбаная атворына ў калодзе ці стаўпе (адсюль можа й само слова „ступа“) ды абчасанае ўручча, якое таўкачом завецца. Але ў простасьці заўсягды адмысловасьць і дасканаласьць.

Засыпаецца зерне ў расшчэрыну ступы, і таўкач таўчэ, стэпае, ступбе, наступае. Зерне неахвотна расстаецца са сваёй унікальнай па трываласьці апраткай, зрабіўшыся голым, пачынае звацца „крупамі“. Крупы прасяныя, ячныя, груца. З круп — крупеня. Калі мала іх у катле гатуецца, кажуць: „Крупіна за крупіной ганяецца з дубіной“. Пастава маладзіцы, якая таўкла крупы, выклікала гарэзьлівыя думкі, таму і сьпявалася: „Ой ты мая Домна, прыйдзі ка мне цёмна. Твая ступа, мой таўкач, будзем крупы абтаўкаць“.

Ступа заўсягды прыходзіць на помач у гады войнаў, рэзрухаў. Паступова ступы саступілі дарогу тэхніцы, але ў музэях нагадваюць, што іхныя мірныя жаролы былі задоўга да жаролаў ракет і гарматаў, і думаецца, ня гэткі ўжо й дурны быў той дурань, што насіўся са ступаю — пра жыцьцё думаў.


Суботнік

            Рыгор Барадулін

Суботнік, калі тлумачыць даступна — савецкае прыгоннае права. Чалавек працуе пяць дзён за мітычны заробак, а ў суботу працуе зусім бясплатна.

Вось як тлумачыцца гэтае прыгоннае права ў савецкіх даведніках: „Добраахвотнае і бясплатнае калектыўнае выкананьне якой-небудзь грамадзка карыснай працы ў нерабочы час“. А вяршыняй усяго — камуністычны суботнік: „Бясплатная работа на карысьць грамадзтва ў нерабочы час, як праяўленьне камуністычных адносін да працы“.

А ўсё, здаецца, пачалося зь бервяна, якое нібыта нёс сам Ленін зь лепшымі прадстаўнікамі пралетароў.

І лягло гэтае бервяно на дзесяцігодзьдзі на плечы „гегемонаў“ і „гнілой інтэлігенцыі“. Суботнікаў было мала, яшчэ ж і нядзельнікі былі. Яны дастасоўваліся да сьвятых дзён, асабліва да Вялікадня, Тройцы, Калядаў...

Людзей саветызаваных ад вар’яцтва ратаваў хіба жарт. Быў і такі (а на суботніках працавалі „за таго хлопца“ — зноў жа, мітычнага хлопца):

Малады муж кожны раз прыходзіў дадому пад раніцу. На пытаньне жонкі „дзе быў?“ адзін адказ — „працаваў за таго хлопца“. І вось аднойчы жонка ўзяла й прыйшла пад раніцу. Муж з рэўнасьцю: „Дзе была?“ А жонка: „А сёньня той хлопец за цябе працаваў“.

Думаецца, савецкія ідэолягі ламалі галовы над тым, як бы зрабіць тыдзень васьмідзённым. Тады б ужо камунізм пабудавалі як піць даць.


Суполка

            Віталь Цыганкоў

Прыстаўка су- стварае прыцягальнае поле еднасьці, зьяднанасьці, гармоніі. Прыслухайцеся — суайчыньнік, суграмадзянін, сугучча, суладзьдзе, сумоўе, сусьвет.

У расейскай мове нічога падобнага суполцы паводле гучаньня няма, таму ў расейскамоўнай прэсе паняцьце суполка БНФ альбо не перакладаецца ўвогуле, альбо тлумачыцца як „пярвічная арганізацыя“. Прыгадваю, калі ў Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-ых адзін намэнклятурны дэпутат абурыўся, што ў законе аб меншасьцях было ўжытае паняцьце „нацыянальная супольнасьць“. „Навошта нам гэтыя суполкі ў закон уводзіць?“ — запытаўся пільны дэпутат.

Гэты эпізод зусім не выпадковы, бо слова суполка выклікала ў партыйнай намэнклятуры часоў канца СССР заканамерную і абгрунтаваную падазронасьць.

У 20-я гады суполка ўжывалася вельмі шырока. Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку прыводзіць наступныя прыклады: суполка шаўцоў, краўцоў, выдаўцоў. Суполкамі называліся нават сялянскія каапэратывы. Пры канцы 80-ых гэтае слова, зноў уведзенае ў мову маладымі адраджэнцамі, набыло трывалую рэпутацыю апазыцыйнасьці. „Майстроўня“, „Талака“, „Тутэйшыя“ — усё гэта былі суполкі, якія замацавалі за словам шлейф андэграўнду і нефармальнасьці. Давершыла карціну зьяўленьне суполак БНФ. Дый цяпер нікому ня прыйдзе ў галаву назваць суполкай калгас альбо групу чыноўнікаў, паколькі суполка — гэта аб’яднаньне вольных людзей...


Сухоты

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Cухоты. Гэтая хвароба падбіралася да беларусаў спакваля. У XIX стагодзьдзі яна забрала ад нас паэта Ўладзіслава Сыракомлю і Віктара Каліноўскага — старэйшага брата вялікага Кастуся.

У XX стагодзьдзі — Максіма Багдановіча, Івана Луцкевіча, Алеся Гаруна, Казіміра Сваяка, Алеся Бурбіса... Сьпіс можна доўжыць і доўжыць.

Сухотнік, сухотніца, сухотны. Сынонім сухотаў, якога, дарэчы, не фіксуюць шмат якія беларускія слоўнікі — тубэркулёз. Яшчэ адзін сынонім — мадуха — запісаў на Полаччыне Вацлаў Ластоўскі. У бальшыні іншых славянскіх моваў слова сухоты гучыць так, як і ў нас.

У 1928 годзе ў Менску заснаваны і дагэтуль працуе Беларускі навукова-дасьледчы інстытут вывучэньня сухотаў.

Навука цьвердзіць, што рост сухотных захворваньняў почасту зьвязаны з пагаршэньнем умоваў чалавечага жыцьця. Гэты, калі можна так сказаць, баромэтар нельга падмануць ані паказчыкамі эканамічнага росту, ані прапагандысцкай рыторыкай. Канец XX стагодзьдзя ў Беларусі адзначаецца павелічэньнем колькасьці сухотнікаў...


Сыянізм

            Віталь Тарас

Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускае мовы, „сыянізм“ — гэта „рэакцыйныя ідэалогія і палітыка яўрэйскай буржуазіі, якія адрозніваюцца ваяўнічым шавінізмам, расізмам, антыкамунізмам і антысаветызмам. Ад назвы гары Сіён паблізу Іерусаліма“.

Слова „сыянізм“ было страшнейшае за словы „нацыяналізм“ і „фашызм“, які афіцыйна быў разгромлены ў 1945-м. І ўсё з-за „бязродных касмапалітаў“ ды лекараў-забойцаў, якія хацелі атруціць таварыша Сталіна…

Ідэя барацьбы з сыяністамі ня згасла й пасьля сьмерці „бацькі народаў“. Напрыклад, у Беларусі выкрывалі прыкметы сусьветнае жыдамасонскае змовы ў нацыянальным беларускім дэкоры і нават у выявах сьняжынак, шукалі сыянісцкія матывы ў творчасьці сусьветна вядомых мастакоў Марка Шагала й Барыса Заборава. У выніку імя вялікага нараджэнца Віцебску Шагала яшчэ доўга выкрэсьлівалі зь беларускіх энцыкляпэдыяў, а Барыс Забораў апынуўся ў Парыжы.

Для дзясяткаў тысячаў нараджэнцаў Беларусі Ізраіль стаўся „новай радзімаю“. Голда Мэір, Мэнахем Бэгін, Шымон Пэрэс нарадзіліся ў Беларусі або маюць тут карані.

Што тычыць уласна сыянізму, дык пасьля стварэньня ізраільскае дзяржавы ён выканаў сваю гістарычную задачу і заняў належнае месца ў шэрагу шматлікіх „ізмаў“ ХХ стагодзьдзя.


Сэкс

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Ты ўжо рассталася з уборам
І ў ложка шлюбнае лягла,
Свой сорам, свой жаноцкі сорам,
Дрыжачая, перамагла.
Ды абясьсіленай душою
Ты можаш аднаго жадаць, —
Каб семя бурнае муское
У нетрах цела пахаваць.

Гэтак на пачатку стагодзьдзя ўводзіў тэму сэксу ў нашу літаратуру Максім Багдановіч.

А ў Савецкім Саюзе сэксу не было. Прынамсі, такі выгляд рабілі афіцыйныя асобы. На пачатку савецкай улады ў камсамольскіх асяродках ішлі вялікія спрэчкі. Больш адсталыя цьвердзілі, што каханьне мусіць быць „з чаромхай“, гэта значыць з заляцаньнямі і манерамі. Іншыя, перадавыя, выступалі за каханьне „без чаромхі“, свабоднае і без буржуазных цырымоніяў.

Па меры абуржуазьліваньня рэвалюцыйных элітаў тэма сэксу ў літаратуры пачала лічыцца непрыстойнай.

Тым часам нараджальнасьць, наяўнасьць абортаў, падпольная прастытуцыя, згвалтаваньні ды колькасьць хворых на вэнэрычныя хваробы даводзілі, што сэкс у жыцьці краіны ёсьць. Іншая справа: які…

Само слова „сэкс“ прыйшло ў нашу мову хіба ў апошняй чвэртцы ХХ стагодзьдзя. Раней ужываныя: полавы акт, полавыя зносіны, злучэньне, сусполеньне, а таксама вулічныя жарганізмы перайшлі ў шэрагі сынонімаў. Спарка, параваньне, злучка, апладненьне сталі абазначаць сэкс у жывёлаў.

У 60-х сэкс у літаратуру вярнуў Уладзімер Караткевіч („Леаніды ня вернуцца да зямлі“). Напрыканцы ХХ стагодзьдзя Рыгор Барадулін паставіў гэтай тэме і веку кропку сваім зборнікам „Здубавецьце“. А на вясельлях усё пяюць:

Гарманіст, гарманіст,
Пакладзі мяне пад ніз,
А я ўстану пагляджу,
А ці добра я ляжу.

Свабода пісаць і гаварыць пра сэкс прыйшла з развалам камуністычнай сыстэмы. Цяпер усе прызнаюць: сэкс у нас ёсьць! Як той казаў: і за гэта дзякуй.


Сьвет

            Ігар Бабкоў

Што такое сьвет, дакладна не растлумачыць ніхто.

Раней сьвет быў блізкі, далёкі і заўсёды белы. У беларускім фальклёры пайсьці ў белы сьвет — значыць пайсьці ў нікуды, не выбіраючы сьцежак, пайсьці за вачыма.

Праз слова сьвет прасьвечвае сьвятло, а таксама сьвятасьць. Гэта хіба самае прыгожае і далікатнае слова ў беларускай мове. Нездарма Стральцоў назваў сваю апошнюю кнігу „Мой сьвеце ясны“.

Але ў ХХ стагодзьдзі слова пачынае губляць свой абсяг і сваю зразумеласьць. Нашыя вочы, а значыць, і нашая мова бачаць навакольле значна больш канкрэтна й дакладна. Мы існуем у горадзе, у грамадзтве, на Зямлі, зрэшты — у сусьвеце.

Што ж ёсьць тады ўласна сьвет і ці ня зьнікне ўвогуле гэтае слова з нашае штодзённае гаворкі, застаўшыся ў слоўніках з адзнакаю „паэтычнае“ або „састарэлае“? Вядома, ня зьнікне. Гарады руйнуюцца, народы і дзяржавы нараджаюцца й паміраюць, грамадзтвы эвалюцыянуюць, а сьвет — застаецца.


Сэксот

            Аляксандар Лукашук

Гэтае слова ня мае нічога супольнага з сэксам. Сынонімы чэкісцкага скароту „секретный сотрудник" — асьведамляльнік, інфарматар, стукач, даношчык, даказчык.

Тайныя памочнікі паліцыі існуюць ува ўсіх грамадзтвах — у асноўным гэта люмпэны, асобы з крыміналізаванага асяродзьдзя, чыя дзейнасьць гэтым асяродзьдзем абмяжоўваецца. У таталітарных грамадзтвах стукачы становяцца неад’емнай часткай дзяржаўнага мэханізму.

Савецкая ўлада зрабіла данос агульнадзяржаўнай справай. Партыя абвясьціла, што галоўны вораг — унутраны. Паўлік Марозаў стаўся культавай фігурай у дзіцячым садку і школе, у чытанках і падручніках. Здрада была перакваліфікаваная ў геройства, пільнасьць абвешчаная найвышэйшым абавязкам, за данос узнагароджвалі пасадай, кватэрай, ордэнам.

Паводле некаторых падлікаў, да 3% савецкіх людзей былі тайнымі асьведамляльнікамі карных органаў; колькасьць добраахвотных памочнікаў не паддаецца падліку. Нярэдка сэксотамі станавіліся ня толькі з жаданьня выслужыцца, зрабіць кар’еру, але і пасьля запалохваньня і шантажу. У пэўным сэнсе сэксоты — самі ахвяры нялюдзкай улады.

Даношчык выклікаў агіду ў грамадзтве. У 70-ыя гады гэтую акалічнасьць скарыстаў савецкі КГБ пад старшынствам Андропава: чэкісты распаўсюджвалі чуткі пра дысыдэнтаў, быццам тыя стукачы, і такім чынам эфэктыўна разбуралі дзейнасьць групаў супраціву і кампрамэтавалі асобных дзеячаў.

У краінах Сярэдняй Эўропы пасьля падзеньня камунізму былі абвешчаныя імёны даношчыкаў, сталі вядомыя выпадкі, калі мужы даносілі на жонак, вучні на настаўнікаў, сьвятары на вернікаў, якія прыходзілі да споведзі. У Беларусі застаюцца засакрэчанымі нават прозьвішчы сталінскіх сэксотаў, ня кажучы пра навейшыя генэрацыі брэжнеўска-гарбачоўскага і лукашэнкаўскага часоў. У кніжцы „За кіпучай чэкісцкай работай“ я даў некаторыя прозьвішчы і мянушкі памагатых катаў. За некалькімі выключэньнямі, ні самі яны, ні іхныя дзеці асабліва не пакрыўдавалі. Рэакцыя грамадзтва — вяла-абыякавая.

Тыя, каму гэта баліць, у большасьці сваёй сьпяць у безыменных магілах Курапатаў, Поўначы і Сібіру. Не забудземся пра іх.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000