A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Ш

Шахматы

            Андрэй Дынько

Старая беларуская шахматная школа спаткала свой „мат“ — а мат па-пэрсыдзку і арабску значыць „сьмерць“ — пад нацысцкімі кулямі ў менскім і віленскім гета. Новых шахматыстаў разьмеркавалі ў Беларусь з Расеі ў рамках праграмы аднаўленьня разбуранай гаспадаркі. Тады ў Беларусь прыбылі гросмайстры Суэцін і Баляслаўскі, будучая віцэ-чэмпіёнка сьвету Кіра Зварыкіна, а таксама будучы міжнародны майстар Якаў Сакольскі, якому судзілася распрацаваць самы беларускі шахматны пачатак.

Калі ў сыцыльянскай абароне ці ангельскай партыі наперад сунуць пешку (якую па-беларуску, паводле Ластоўскага, можна называць таксама ніжнікам) ад слана (або вышніка), у францускай абароне — ад каралевы (або кралі), у стараіндыйскай — ад каня, але асьцярожна, на адну клетку, дык у беларускім дэбюце Сакольскага першым жа ходам пешка вырываецца ад каня аж на дзьве клеткі наперад — b4!

Дэбют Сакольскага — пачатак цалкам алягічны. Здаровы шахматны глузд патрабуе напачатку захопліваць цэнтар, а не мітусіцца на флянгах. Дэбют Сакольскага па вялікім рахунку — досыць прымітыўная пастка, разьлічаная на недасьведчанага праціўніка, які адкажа на ф’янкета белых каралеўскай пешкай, а пасьля абароніць гэтую пешку канём ды страціць яе. Два разы ў такую пастку ня трапіш. Дэбют Сакольскага — па-дзіцячаму авантурны.

Як трэнэр, Сакольскі дасягнуў большых посьпехаў, чым як тэарэтык. Ён выхаваў першага гросмайстра-беларуса, Віктара Купрэйчыка. Сьледам за Купрэйчыкам прыйшлі Барыс Гельфанд і Ільля Сьмірын. Праўда, як прыйшлі, так і пайшлі, дакладней, паехалі ў Ізраіль. Разам зь яшчэ 90 000 беларускіх жыдоў. Ні той, ні другі дэбюту Сакольскага ўжо не ўжывалі.

Купрэйчык жа заслужыў славу нашай школе шахматаў, але большасьці людзей ён памятны тым, што, адзіны зь сябраў Алімпійскага камітэту, ён наважыўся выступіць проці абраньня Аляксандра Лукашэнкі на старшыню гэтай арганізацыі ў 1997 годзе.

Жаданьне беларускага „шаха“ ажыцьцявілася, але ніхто яшчэ не абверг той праўды, што надмернае імкненьне да арыгінальнасьці ўрэшце ўсё ж вылазіць бокам, як тая пешка ў шалёным дэбюце Сакольскага.


Шлюб

            Рыгор Сітніца

У беларусаў можна шлюб узяць ці шлюбам пабрацца. Людзі нашага краю ў шлюб уваходзяць, шлюб ладзяць, да шлюбу ідуць ці, як пяецца ў даўнейшай песьні, — маладую дзеўчыну да шлюбу вядуць.

Але ў нас ніколі ў шлюб не ўступаюць, як можна, прыкладам, уступіць зьнянацку ў „законны брак“ альбо яшчэ ў штосьці больш непрыстойнае і брыдкае. Ці ж не таму на беларускім вясельлі адным за лепшых тостаў было зычаньне маладым, каб іхны шлюб ніколі не ператварыўся ў брак.

Як ні спрабую перакласьці па-беларуску расейскія „узы брака“, выходзіць зусім невясёлае — шлюбныя путы.

Бываюць шлюбы паводле каханьня ці паводле разьліку, бываюць таемныя, фіктыўныя ці авантурныя — „безь мяне мяне жанілі“. Бываюць шлюбы ўзаемна жаданыя і шчасьлівыя, няшчасныя, прымусовыя, няроўныя і нават трагічныя. Кшталтам таго, што гвалтам навязваюць чужыя аблуды сваты нашай маладой цнатлівай нявесьце-Беларусі зь перастарэлым ды невылечна-распусным і хранічна-нецьвярозым суседам-жаніхом, які даўно ні на што ўжо ня варты са сваім шматлікім пярэстым гарэмам, але ж да чужога і маладзейшага ўсё яшчэ агідна ласы.

І калі даць веры, што шлюбы вершацца на нябёсах, дык крый нас Божа ад гэткага шлюбу, за якім ужо і не хаваючыся паўстае бессаромна-пажадлівае мурло суседзкага браку, ад якога, як ведама, калі і нараджаецца нехта, дык адно нямоглыя і недаўгавечныя байструкі.


Шлях

            Сяргей Дубавец

Калі б мяне папрасілі адным словам выказаць увесь беларускі лёс зь ягоным бясконцым цярпеньнем і рэдкім шчасьцем, я б вымавіў слова шлях. Бо шлях — гэта й ёсьць лёс, які мы праходзім шляхам жыцьця або шляхам гадоў. Увесь наш досьвед і сэнс нашага руху па зямлі ўвабрала гэтае слова. Таму цэлая беларуская газэта або кніга можа называцца кароткім знакавым словам „Шлях“. Каб адчуць гэтую знакавасьць, варта параўнаць шлях з нэўтральным, амаль службовым словам дарога. Дарога вядзе да школы, а шлях — да асьветы, дарога — да лякарні, а шлях — да ацаленьня, дарога — да царквы, а шлях — да Бога. Шлях, у адрозьненьне ад дарогі, не бывае просты, кароткі або лёгкі. Ён — біты, пакручасты, Чарнобыльскі шлях.

Па беларускім бітым шляху,
Б’ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а зь ім побач
Хто?
— Беларускія сыны!

Дарогі сыходзяцца, разыходзяцца і сыходзяцца зноў, шляхі разыходзяцца назаўжды.

Калі чалавек кажа: падкажэце, калі ласка, просты шлях, — гэта значыць, што ён не адчувае розьніцы з расейскім словам „путь“. Нельга сказаць, напрыклад, пра „русский путь“, а пра „беларускі шлях“ толькі й можна гаварыць. Няма ў нас і вытворных, кшталту расейскага „путник“, бо па нашым шляху ідуць усе беларусы — падарожнікі і дамаседы, старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, багатыя і бедныя. Шлях наш — усіхны. Таму недарэчна гучаць савецкія назвы беларускіх калгасаў і раённых газэт: „Шлях Леніна", „Шлях камунізму", „Сьветлы шлях“. Як, зрэшты, і назва заходнебеларускага часопіса „Шлях моладзі".

Асабіста мне слова шлях уяўляецца дужым круглатварым і чарнабародым словам-царом, якое ўзвышаецца над сынанімічным шэрагам: дарога, тракт, шаша, гасьцінец... Шлях — вялікшы і мудрэйшы за іх.

Шмат хто кажа, што шлях беларусаў ляжыць да саміх сябе. Але ніхто ня ведае, куды ён прывядзе.


Шорты

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Шорты — ангельскае слова, якое і на мове арыгіналу, і ў перакладзе азначае кароткія нагавіцы да калена ці карацейшыя, зробленыя ў розных стылях, якія носяць у нефармальнай абстаноўцы альбо падчас заняткаў спортам.

Яшчэ гадоў з дваццаць таму пра дарослага чалавека ў шортах сказалі б, што ходзіць голы і, казаў той, як дурня абсьмяялі б. Нават на крымскія пляжы ў 30-градусную сьпёку людзі валакліся ў доўгіх нагавіцах. Што ўжо там у Беларусі, дзе сярэдняя тэмпэратура летам зазвычай і да 20 градусаў не сягае. На захадзе было ня лепш, але там усё ж хутчэй дапялі, што парыцца трэба ў лазьні, а сьмярдзець потам і наагул ня трэба.

У Беларусі ўласна шорты першымі апранулі дзеці. Але й перад тым яны насілі кароткія нагавіцы са шлейкамі праз рамёны, якія сьпераду зашпіляліся на гузік. Гэтыя нагавіцы так і называлі: штаны са шлейкамі. А яшчэ такія штаны былі часткай піянэрскай формы.

Першым дарослым чалавекам, які зьявіўся ў Беларусі ў шортах, быў будучы забойца амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэды — Лі Гарві Освальд, які жыў у Менску напрыканцы 50-ых — пачатку 60-ых гадоў. Першыя ж спробы дарослых беларусаў апрануцца ў шорты былі зробленыя хіба ў 70-ых. Тады гэтых незвычайных людзей затрымлівала, а часам і арыштоўвала, міліцыя, каб запатрабаваць апрануцца, „як людзі“. Шорты на дарослым чалавеку сталіся прымальнымі толькі ў сярэдзіне 80-ых, калі камуністычная сыстэма пачала дыхаць на ладан і айцам народу стала не да змаганьня з заходнімі ўплывамі на побыт савецкага чалавека. Яны ліхаманкава пачалі шукаць сабе месца ў новых гістарычных варунках, і знайшлі. Цяпер і яны, а многія зь іх людзі ня бедныя, ходзяць у часіну летняе сьпёкі ў кароткіх нагавіцах — шортах. Яны спрэс паслугоўваюцца замежнымі словамі тыпу сатэліт, пэйджмэйкер, біпэр, побач зь якімі шорты выглядаюць бязьвінным ягняткам.

Цяперашнія беларускія ўлады таксама нічога ня маюць супраць шортаў. Калі беднасьць і падаткі сьцягнуць з чалавека апошнія штаны — гэта будзе не канец, застануцца… шорты.


Шыпшына

            Алена Ціхановіч

У дваццатых гадох гэтага стагодзьдзя зьявіўся верш Уладзімера Дубоўкі, які назвалі прароцтвам:

О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цьвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасьцеш.

Спачатку лічылі, што тут Дубоўка ўгадаў колеры будучага БССР-аўскага сьцяга; потым — чарнобыльскую навалу. Сам аўтар перапісваў верш, мяняючы шыпшыну на лясную ружу й дамешваючы ў лірыку камуністычную ідэалёгію. Урэшце высьпеў мастацкі плод — шыпшына засталася паэтычным сымбалем Беларусі.

Недзе на ўзьлеску — недатыкальна-спакусьлівая, калючая, павабная, як незалежнасьць.

Пры дарозе — запыленая, абарваная, скораная, як прададзенае дзявоцтва.

Так і Беларусь пры дарозе эўрапейскай гісторыі — ува ўсіх на шляху: хто йдзе — залюбуецца, хто захоча — ушчыкне.

Шыпшына, ці шыпшыньнік — слова-алітэрацыя: у ім і шэпт, і шоргат, і гудзеньне пчолаў, і шына, і машына.

Шыпшына надта прыдатная для навучаньня: зь першых крокаў дзеці павінны ведаць, што ружы колюцца, зь першых беларускіх словаў — што Ш і Ч у нас заўсёды цьвёрдыя. І што гэта заўсёды мілагучна.

Менавіта таму шыпшына так разраслася ў паэзіі:

Адчыні, мая дзяўчына,
Адчыні, мая шыпшына,
Будзе добра уначы нам.


Шыць

            Алена Ціхановіч

Шыць, як жыць. Як араць ці касіць.

Наша Сора то шые, то пора“, — так у мове замавацаўся трывалы малюнак беларускага побыту, як правіла, местачковага. Прафэсійныя кравецкія навыкі найчасьцей перадаваліся ў спадчыну ў габрэйскіх сем’ях, але без уменьня шыць не пражыла ў гэтым стагодзьдзі ніводная беларуская жанчына.

Шылі, вышывалі, перашывалі, падшывалі, пераніцоўвалі... Адсюль пайшло гаваркое слова падшыванец — падлетак, які хутка расьце, чые штаны ў заплатках, надточаныя. Мала хто з падшыванцаў меў у парадку свае школьныя сшыткі. Пра лёгкую апранаху кажуць: ветрам падшытая. У папулярным фільме камплімэнт неардынарнай жанчыне гучаў так: „Вы ж у нас не з канвэеру, Вы ў нас індпашыў...“ Доўгі час перадавіц вытворчасьці прэміявалі адрэзамі на сукенку ці блюзку. Машынка „Зынгер“ у вёсцы была прадметам гонару і зайздрасьці, і не адна сям’я паехала ў Сібір проста таму, што нехта на гэтую машынку паклаў вока, а потым пацягнуў з дому раскулачаных.

Шыцьцё — залатое рамяство, але жанчыны абшываюць сябе і свае сем’і, як правіла, не ад багатага жыцьця. Швейная машынка — ня што іншае, як прыкмета натуральнай гаспадаркі. І натуральнае жаданьне многіх — вырвацца з кола гэтай неабходнасьці. У сваіх успамінах пра візыт Купалы ў Чэхаславаччыну колішняя праская студэнтка згадвае тайную просьбу Купаліхі: завядзі ты мяне ў краму, дзе можна купіць пару гатовых блюзак. У часы надыходу джынсаў мы таксама спрабавалі перагнаць Захад на швейных машынках — тады штаны-падробкі называлі самастрокамі.

Швейная тэрміналёгія пранікла ўва ўсе тэматычныя пласты мовы: як нітка за іголкай, ваду напарсткам носіць, шыта белымі ніткамі... Або — шыць справу. Тут майстрамі была пэўная катэгорыя мужчынаў, якія ўмелі іголкі заганяць пад пазногці.

У Койданаве, дзе й цяпер працуе адна з найбуйнейшых у Беларусі швейных фабрык, дзяўчат і жанчын сталі жартам абзываць шпулькамі. Так і кажуць: са шпулькай ажаніўся.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000