A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Т

Tаварыш

            Алена Ціхановіч

Са словам таварыш згадваеш пераменлівасьць моды: так бывае і ў лексыконе.

Асабліва зацёрся „таварыш“, калі стаў адзіным унівэрсальным зваротам да людзей усіх станаў. Гэта быў савецкі тытул роўнасьці, знак таго, што няма ні паноў, ні шляхты — усе таварышы. Напачатку ў гэтым быў новы смак і новы шык. Гэта было рамантычна. Паэтычна. Толькі ў Купалы гэта было „мой мілы таварыш, мой лётчык“, а бальшавіцкі трыбун Маякоўскі ўжо зьвяртаўся да новага ўдзельніка грамадзкага дыялёгу: „Ваше слово, товарищ маузер“.

Жанчыны таксама былі таварышамі. Зварот „таварыш Сакалоўская“ ўспрымаўcя, як сама Сакалоўская ўва ўборы мужчынскага пакрою.

Але кожны новы пінжак некалі становіцца старамодным. Яго даношваюць хіба тыя, каму ён асабліва дарагі. Ці — каму недаспадобы новае.

Памятаю, у час актыўнага вяртаньня да словаў спадар/спадарыня Янка Брыль падзяліўся са мною: хай сабе вяртаюцца, але навошта ж на „таварыша“ нападаць? Яго нельга выціснуць зусім. Пісьменьнік згадаў, што ў жывой народнай мове, у адрозьненьне ад афіцыйнай традыцыі, гэтае слова мае і жаночы род — таварышка, і дзеяслоўную форму — мы зь ім таварышуем.

Сёньня таварыш у савецкім пакроі, як слова-зварот, адыходзіць. Вяртаецца яго дасавецкі сэнс. Нагадаю, корань гэтага слова „тавар“ мае цюрскае паходжаньне. Аддаўна ўсе тыя, што мяняліся таварам, мелі да яго супольнае дачыненьне і ўвогуле супольную справу, былі й застаюцца таварышамі...


Талака

            Рыгор Барадулін

Цёплае слова. Наскае, даўнае. Талака — гэта сумесная праца, добраахвотная ў сваёй аснове. Талакой будаваліся беларусы. Талакой жалі й касілі. Песьня нагадвала гаспадару пра пачастунак:

Талачу, талачу — не талочыцца,
Не даюць гарэлкі — выпіць хочацца.

Гэта пра талаку вясёлыя выслоўі: згаварыўшыся й бацьку забіць можна; усім кагалам і бацька з жыгалам.

Горад Талачын на Беларусі ў гонар талакіталакой, відаць, узводзіўся.

Напярэдадні развалу савецкай імпэрыі ўзьнікла моладзевая суполка „Талака“, якая рупілася пра духоўнае адраджэньне. З „Талакі“ выйшлі выбітныя грамадзкія дзеячы, творцы літаратуры і мастацтва, уніяцкія сьвятары.


Талеранцыя

            Ігар Бабкоў

Слова талеранцыя, нібы паўлін, напоўніцу засьвяціла сваімі пёркамі адно ў эпоху Шушкевіча. Беларускі народ, які адрадзіў сваю дзяржаўнасьць, быў, відавочна, ня самым вядомым, ня самым багатым і шчасьлівым, але затое самым, самым талерантным. Слова талеранцыя было занадта прыгожае і занадта выгоднае, і таму пачало ўжывацца направа й налева з сэнсам і безь яго. Слова сталася паступова візытнай карткаю маладое беларускае дзяржавы і, як шмат хто спадзяваўся, пропускам у сям’ю вольных эўрапейскіх народаў.

Але гэтага не адбылося, і слова так надакучыла, што і яно само, і ягоны зьмест пачалі выклікаць лёгкую агіду. А з пачаткам дыктатуры яно ўвогуле сталася пустым паняткам.

У сёньняшняй беларускай сытуацыі анічога, што можна было б назваць талеранцыяй, проста не засталося. Затое пачалі набіраць вагу іншыя словы: апазыцыя, супраціў, барацьба. Валянцін Акудовіч нават напісаў эсэ „Вайна культураў як крыж на магілу талеранцыі“. А шкада, прыгожае было слова.


Талерка

            Антаніна Хатэнка

Калі вам пашчасьціла гуляць хоць раз на сапраўдным вясельлі, то, ведама ж, не забудуцца вясельныя маршы. Гэтак, бывае, ляскацяць, зьвіняць пляскатыя талеркі, б’ючыся адна аб другую, што і маршалак не перакрычыць, зазываючы да стала.

Быццам усе гукі сьвету зьбіраюцца ў мэталёвыя блішчастыя дыскі, і каму тут уздогад, што сьцішацца аркестравыя талеркі, адплывуць у памяць маршы, і застанецца сям’я сам-насам з клопатам пра іншую талерку — сваячку тых сьпеўных і вясёлых каваных віртуозам-кавалём ладкаў, — талерку, якую трэба штодня поўніць спажываю. Гэта ж колісь годна казалі ў нашых краёх: „Госьць, ня дзьміся, еж, што ў місе“. А цяперака мы паціху ўсталявалі культ вялікавяльможнай талеркі. Каб жа нашая талерка была паўнейшаю, чым суседзкая, ды смачнейшым на ёй усё здавалася.

Сышло ў нябыт „Госьць, ня дзьміся, еж, што ў місе“. Гэтак жа сышоў у нябыт гонар тых шляхетных талерак, што цяпер зіхацяць парцалянаю ў зьнямелых залях былых палацаў. Здаецца, яшчэ тыя, княжыя, выкшталцоныя талеркі памятаюць сваё паходжаньне, роўнае дарагім нашым старажытным грошам — талерам.

Затое ў нас ганарова над вокнамі пабліскваюць дыскі талерак спадарожнікавае сувязі, ды недзе пад самымі нябёсамі, кажуць, зьяўляюцца зрэдзьчасу талеркі іншаплянэтнікаў. Ім тут раскоша, сярод нашага талеркавага энтузіязму ды нязбытнай талерантнасьці.

Толькі мы не ў сваёй талерцы — у нашым часе і ў нашай краіне. Але тое нам вырашаць. Не іншаплянэтнікам.

Ніхто ж на талерачцы волі і шчасьця не падасьць.


Тарашкевіца

            Сяргей Шупа

Слова тарашкевіца няма ў Тлумачальным cлоўніку беларускай мовы. Яго няма наагул ні ў якім беларускім слоўніку, нават і ў энцыкляпэдыі „Беларуская мова“. Слова-прывід. Слова-фантом.

Разам з тым — гэта, безумоўна, слова ХХ стагодзьдзя, і абазначае яно рэальную зьяву — адзін з варыянтаў беларускай літаратурнай мовы.

Сёньняшні афіцыйны правапіс, які ўжываецца ў школах, афіцыйным друку, кнігавыдавецтве на тэрыторыі Беларусі, у супрацьлегласьць тарашкевіцы часам завецца „наркамаўкай“. Ён успрымаецца як нэўтральны, нічым не афарбаваны, усім прывычны ад школьнай лавы. Тарашкевіца сёньня — гэта знак заангажаванасьці — сацыяльнай, культурнай, палітычнай. Або таксама прыкмета нетутэйшай беларускасьці (зь іншай прасторы або зь іншага часу).

На пачатку стагодзьдзя, калі фармаваўся наш правапіс, ніякіх варыянтаў і альтэрнатываў не было. Браніслаў Тарашкевіч зафіксаваў першыя здабыткі моўнай нармалізацыі ў 1918 годзе ў сваёй „Граматыцы“. Наўрад ці ён тады мог сабе ўявіць, што ад ягонага прозьвішча празь дзесяцігодзьдзі будзе ўтворанае новае слова...

Вось жа тады — на пачатку стагодзьдзя — Тарашкевічаў правапіс быў адзіны і натуральны. Тарашкевіцай напісаная ўся клясычная беларуская літаратура — зь мяккімі знакамі пісалі Купала й Колас, Багдановіч і Гарэцкі, Жылуновіч і Чарвякоў.

Але ў 1933 годзе Савет Народных Камісараў БССР — у духу іншых павеваў таго часу — увёў дэкрэтам іншы правапіс. На той момант нэўтральным, усім звыклым быў менавіта правапіс Тарашкевіча, дапрацаваны іншымі моваведамі — Лёсікам, Станкевічам, Некрашэвічам, Байковым. Ён быў натуральны, як паветра, а ўжо на ягоным фоне новы правапіс успрымаўся як моцна палітычна афарбаваны — фактычна гэты правапіс ператварыў самабытную беларускую літаратурную мову ў нейкі беларуска-расейскі гібрыд. Аднак з часам ён стаўся звыклым і нармальным, што нямала спрычынілася да заняпаду беларускай мовы наагул. Такі стан рэчаў датрываў да нашых дзён.

На пачатку 80-х Тарашкевічаў правапіс вярнуўся зь нябыту. Тады і ўзьніклі тэрміны-антыподы — тарашкевіца і наркамаўка. Аднак антыподы яны ўяўныя: і адно, і другое — гэта ўсё беларуская мова. Настане час, калі беларуская мова зойме належнае ёй месца ў жыцьці краіны, і тады ўсе варыянты непазьбежна зьліюцца ў адзін. Толькі настане гэта, як і шмат чаго іншага, ужо ў ХХІ стагодзьдзі.


Тата

            Віталь Цыганкоў

Слову „тата“ тлумачальны слоўнік дае вельмі простае вызначэньне: „тое, што і бацька“. Вызначэньне, зь якім ніяк ня хочацца пагаджацца. Слова „бацька“ ў параўнаньні са словам „тата“ мае зусім іншую тэмпэратуру шчырасьці. Бацькам можна назваць свайго тату, але татам называюць звычайна толькі свайго бацьку. Да таго ж толькі слова „тата“ нарадзіла столькі прыгожых і ласкавых утварэньняў: татачка, татуля, татка, татулька, татуся і нават татуська.

Тата“ — слова старажытнае, як сам сьвет. У многіх мовах яно гучыць вельмі падобна: „тата“, „папа“, „дад“, „дада“ і гэтак далей. Розьніца тут такая жа, як паміж беларускім гаў-гаў і ангельскім баў-ваў... Тыя ж самыя гукі розныя народы чуюць па-рознаму. „Тата“ — гэта імітацыя першых гукаў дзіцяці: эгаістычныя бацькі чамусьці вырашылі, што першыя словы немаўляткі павінны быць „мама“ і „тата“. Хаця хто ведае, што ён там на самой справе гаворыць.

Сапраўды, розьніцы ў паходжаньні слова „тата“ ў розных мовах няма, але розьніца ў катэгорыях нацыянальнага вельмі моцная, нават сымбалічная. Паміж „папай“ і „татам“ такая ж дыстанцыя, як паміж „чашечкой кофе“ і „кубачкам кавы“. Для многіх беларусаў гэтая дыстанцыя непераадольная.


Трактарабудаўнік

            Аляксандар Лукашук

У гэтым слове можна расчуць ці ня ўсю гісторыю стагодзьдзя, якое з натужным завываньнем матораў і сінімі атрутнымі выкідамі, перамолваючы траву й падлесак, пакідаючы па сабе чорныя рваныя раны, няўмольна й бязьлітасна паўзло празь Беларусь. З усходняй сталіцы яна ўяўлялася бездаражжу, што патрабуе акультурваньня; там з ахвотай перакладалі радкі самахарактарыстыкі пра „пана сахі і касы“.

Тraho“ па-лацінску — „цягну“. Савецкі трактар цягнуў за сабою калектывізацыю з раскулачваньнем і голадам, мэліярацыю са зьнішчэньнем рэчак ды лугоў, выкарчоўваў зь вёсак будучыню і на дзесяцігодзьдзі заганяў юнакоў і дзяўчат у катушкі вечна п’яных інтэрнатаў трактарабудаўнікоў.

Хто бываў у цэхах Менскага трактарнага заводу, той не забудзе тамтэйшай мёртвай зямлі й паветра, і твары старых рабочых — зямліста-шэрыя, быццам працяг жалезных прыладаў. Трактарабудаўнік стаўся вяршыняй эвалюцыі пана сахі і касы.

Танную прадукцыю менскіх трактарабудаўнікоў ахвотна куплялі фэрмэры Азіі, Афрыкі і Амэрыкі; шмат дзе і сёньня першая асацыяцыя на слова „Беларусь“ — трактар.

Калі рабочыя заводу выбіраліся ў цэнтар, яны казалі — едзем у горад. Трактарны пасёлак з палацам культуры, стадыёнам „Трактар", бульварам трактарабудаўнікоў, парткамам на правох райкаму ўспрымаўся як гета. Тут матэрыял нацыі перамолваўся ў насельніцтва. Тут асобу прыраўноўвалі да функцыі. У такіх гета нарадзіўся моўны кентаўр — трасянка.

Я ніколі ня бачыў ніводнага чалавека ў цьвярозым стане і тым больш нападпітку, які б сказаў пра сябе „я — трактарабудаўнік“. У знакамітай піўной трактарнага пасёлку такі зварот да суседа мог бы скончыцца фатальна.

Трактарабудаўнік — кентаўр нашага стагодзьдзя, а кентаўраў, як вядома, няма.


Трасянка

            Рыгор Барадулін

Слова трасянка бярэ свой пачатак зь сялянскага побыту. Калі ўвобмаль было ласага, мурожнага ці поснага сена, яго страсалі з саломай, каб дацягнуць да травы, і елі трасянку і каровы, і коні.

Другое значэньне слова трасянка ўзьнікла ў выніку спачатку палянізацыі, а потым у асноўным як вынік павальнай русыфікацыі, асабліва за савецкім дыктатам.

З маленства помню — бабуля Маланьня кпіла з падшляхтункоў, з „пшэвруценцаў“, як яна іх называла, якія казалі: „Едэн конь бялы, а другі вараной“.

Пры камуністычным рэжыме верхнія слаі чынавенства былі завезеныя з Расеі, а сярэдні і ніжэйшы слаі русіфікаваліся саматужна. І шырылася трасянка.

Асабліва калярытная трасянка была ў чырвоных памешчыкаў. Дома іншы ў асноўным гаварыў больш-менш па-беларуску, а ўжо на нарадах — ад раёну і вышэй — стараўся „па-рюсски“. І тады перлі пэрлы кшталту „вобразна гавара“, „нада апрадзяліцца“. Слова, схопленае на ляту з вуснаў чарговага генэральнага сакратара, даводзілася да абсурду. „Образна гавара, мы праступілі да копкі бульбы“. „Образна гавара, мы зжалі азімыя“.

Трасянка была выведзеная і на ўзровень Вярхоўнага Савету. Яна пачала называцца дземянцееўкай..

Апошнім часам з вуснаў кіраўніка рэжыму прагучала адкрыцьцё, што ў Беларусі на ўрадавым узроўні — не трасянка, а новая расейская мова, яе беларускі варыянт. Тут ужо расейцам трэба сказаць усьлед за Тургеневым: „Как не впасть в отчаяние...“

Трасянка мае таварнае кляймо „Зроблена ў СССР. Рамонту не падлягае“. У нармальнай цывілізаванай дзяржаве мова асноўнай нацыі — дзяржаўная. А ў нас, пакуль дзяржава будзе нагадваць нешта стрэсенае, трасянка будзе квітнець на прасьмех адукаваных народаў. Стрэс ад камуністычнай ідэалёгіі амаль невылечны, асабліва ў нашай беларускай рэчаіснасьці.


Туалет

            Алена Ціхановіч

„Гэны генэрал прыехаў са сваім клязэтам. Шпакоўня такая, у нас на двары стаяла. Ён сядзіць, а салдат ахоўвае“, — такое было найбольшае ўражаньне ад сустрэчы зь немцамі-акупантамі адной беларускі, якая памятае вайну дзяўчынкай.

Іншая цётка, вярнуўшыся з-за мяжы, на пытаньне „што найбольш уразіла“ адказала: „Туалет. Я б хацела там памерці, на той ружовай кафлі“.

Ну што ж, цётка не такая ўжо і арыгінальная: замежныя турысты, калі траплялі ў туалеты на нашых вакзалах, таксама хацелі памерці.

Ту-а-лет — як францускі выгук вялікай сацыяльнай эвалюцыі — неяк слаба прабіваўся ў лясістую Беларусь. З усіх першасных патрэбаў тутэйшага чалавека над ім вісела і цяжэла, уважалася за галоўнае адна — патрэба працы. Лёзунг „нішто чалавечае…“ увасабляўся ў самай куртатай форме: дбмы з усіх туалетаў часьцей патрабавалі ватоўку і боты, туалетнае мыла пэрыядычна было дэфіцытам, туалетная папера нейкі час прадавалася па сьпісах — толькі для вэтэранаў.

Праўда, у СССР мільённымі накладамі выходзілі газэты. Затое грамадзкіх прыбіральняў было надзвычай мала.

Даступнасьць прыбіральні робіць чалавека лёгкім і свабодным. Недаступнасьць — ператварае задавальненьне патрэбаў у экзэкуцыю патрэбамі... Таму многіх вязьняў і затрыманых пазбаўляюць туалету. У куце кожнай турэмнай камэры стаяла і стаіць — як сымбаль бруду, пакутаў і прыніжэньня — параша.

Беларускія аўтобусы, што коцяць дарогамі Эўропы, па-ранейшаму спыняюцца ў лясках, каб пасажырам схадзіць да ветру. „Платны туалет“ застаецца страшным пудзілам.

На берасьцейскім памежжы туалеты ў цягнікох зачыняюцца на некалькі гадзінаў. Далей — залежыць, у які бок паедзеце. Там, дзе церпяць, сьмярдзіць парашай. Там, дзе паўсюль туалеты, лунае дух свабоды.


Тутэйшыя

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Слова „тутэйшыя“ „Вялікалітоўска-расійскі слоўнік“ Яна Станкевіча не падае зусім. Няма яго і ў „Расейска-крыўскім“ слоўніку Ластоўскага. Затое адзін зь першых савецкіх слоўнікаў — „Беларуска-расейскі слоўнік“ Некрашэвіча і Байкова — ужо перакладае слова тутэйшы расейскім „здешний“, а пяцітомны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы тлумачыць: тутэйшы — той, хто родам з гэтай мясцовасьці, хто жыве тут, не прыежджы, не прывазны і г.д.

Недасьведчаны чалавек можа зрабіць са сказанага выснову, што слова „тутэйшы“ — новае, і гэткім чынам трапіць у зман.

Станкевіч і Ластоўскі не фіксуюць гэтага слова з адной простай прычыны. У прадмове да мюнхенскага выданьня Купалавай драмы „Тутэйшыя“ чытаем: „...тэрмінам „тутэйшыя“ народ наш за даўгую эпоху навалы на яго нацыянальных перасьледаў і дэнацыяналізацыйных напораў з розных бакоў прызвычаіўся абазначаць самога сябе як нейкім своеасаблівым нацыянальным псэўданімам“. Урэшце, аўтар прадмовы прыходзіць да думкі, што тэрмін „тутэйшыя“ трэба ўжываць у значэньні „нацыянальнае і, шырэй, наагул ідэйнае бесхрыбетнасьці“. А вось расейскае „здешній“, паводле слоўніка таго самага Станкевіча, трэба перакладаць як туташні. Прынамсі, так яно гучыць яшчэ ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага.

Я ж закончу радкамі зь беларускай паэзіі:

Ці сэнс шырэйшы, ці вузейшы,

Шукаць адрозьненьняў дарма —

Калі ты ёсьць, і ты — тутэйшы,

То значыць, што цябе няма.


Тушонка

            Рыгор Барадулін

Тушонка — кансэрваванае тушанае мяса. Спрадвеку беларусы пасьля ўбоінаў парсюка рабілі запасы да новай навіны на старое чэрава. Тут і вэнджаныя кумпякі, і вантрабянкі, і кіндзюкі, і тушонка.

Тушонка была прыдатная ў дарогу, з тушонкай быў смачны лусьцень, які даваўся гаспадару на ворыва, на касьбу. Тушонка была адметнай закусьсю, не сварылася яна ні зь першаком, ні з куплёнкай. У паэзіі сталай рыфмай зрабілася „тушонка — самагонка“.

На памяці пасьляваеннага жыхарства самым дарагім прысмакам была амэрыканская сьвіная тушонка ў бляшанках. І так яна, сьвіная тушонка, паядналася з Амэрыкай у сьвядомасьці шмат каго, што пісьменьнік Мікола Гамолка ў сваім фантастычным па мерках 60-ых гадоў рамане так апісваў сьняданьне амэрыканскага мільянэра: мільянэр у Гамолкі еў халодную сьвіную тушонку з ускрытай бляшанкі, еў халодную, бо ня меў часу падагрэць на электраплітцы — трэ было сьпяшацца рабіць бізнэс.

У Беларусі апошнім часам тушонку закручваюць у шкляныя слоікі. Яна ідзе зь вёскі ў горад як гуманітарная дапамога сынам ды дочкам ад бацькоў. Праўда, трэба сказаць, што менее тушонкі, бо цяжка трымаць сьвіньні, няма чым карміць. „Сьвіньні зводзяцца, а сьвінства плодзіцца“.

Можна хіба рабіць тушонку з абяцанак-цацанак кіраўнікоў дзяржавы, але такой тушонкай — што закусіш? Хіба што кукіш...


Тхло

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Тхло — алегорыя нашага жыцьця ў XX стагодзьдзі.

Нарматыўнае тлумачэньне слова: тухлы, гнілы пах — тхліна. Не нарматыўнае: рыба, якая затохлася пад лёдам. Унармавана, мы — незалежная дзяржава, неўнармавана — тхло.

Зіма. Адліга. На лёдзе зьяўляецца вада. Потым раптоўны моцны мароз, які блякуе доступ паветра ў падлёдныя плыні… Рыба зьбіраецца ў касякі. Здаецца, сваёй масай яна хоча праламіць ледзяную вязьніцу і глынуць волі.

Рыбы зьбіраецца больш, а кіслароду становіцца менш. Рыба затыхаецца, тохне, дохне.

Тохнуць і дохнуць маюць тое самае паходжаньне. Яны радня словаў: дух, дыхаць.

Часам рыба і сапраўды ламае лёд і вырываецца на волю. Але што ёсьць воля на паветры для таго, у каго воля — вада і што ёсьць воля — вада, калі ў ёй немагчыма жыць…

Людзі цікуюць тхло. Там, дзе рыба не зламіла лёду, яны прасякаюць палонкі… Калі ў палонку трапляе чалавек, ён становіцца палонным. Калі з палонкі пачынае выплёхвацца мора рыбы — гэта таксама палон. Чалавек можа вырвацца са свайго палону. Рыба — не. Яна дохне. Такую здохлую на марозе рыбу можна есьці.

Але ёсьць рыба, непадуладная тхлу. Яна проста ўмарожваецца ў лёд і чакае спрыяльных умоваў.

А вось ці існуе рыба, якая паміж тхлом, умарозкай і сьмерцю выбірае сьмерць — невядома…


Тытунь

            Сяргей Харэўскі

Слова „тытунь“ паходзіць з турэцкае мовы. Гэта расьліна, зь якой вырабляюць прадукт, каб дагадзіць адной з самых старых і шкодных звычак чалавека. Менавіта з Турэччыны да нас і патрапіў тытунь, які стаўся неад’емнай часткаю мужчынскае тоеснасьці беларусаў. Яшчэ два стагодзьдзі таму падарожнікі з Расеі дзівіліся, што нашыя мужыкі не вымаюць з рота люлькі.

Пазытыўнае стаўленьне да тытуню зьмянілася ў нядаўнія часы. Чым далей адыходзілі ваенныя ўспаміны, тым больш людзей кідала паліць. Зьявілася грэблівасьць: „Усё курыш! Каб на табе поўсьць курэла...“ У 70-ыя да барацьбы з тытунём падключылася й савецкая агітацыя. „Болей курыш, менш працуеш“, — дакаралі на ўсе лады плякаты, якія навыперадкі распавядалі пра трагічныя наступствы старадаўняе звычкі... Пра шкоднасьць тытуню нарэшце дазналіся ўсе. Але ж і ў крамах яго станавілася ўсё болей. Яго вялікасьць тытунь пры ўсіх агітацыях стаў адным з асноўных складнікаў савецкага бюджэту...

У Беларусі паўсюдна расьцілі разнавіднасьць тытуню, махорку. Папулярнаю была махорка „Пяхлец“. Напоўніцу працавалі тытунёвыя прадпрыемствы ў Горадні, Менску ды Віцебску. Чаго толькі там не выраблялі — тытунь для паленьня, жаваньня, нюханьня ды розныя прэпараты... У цэнтры Менску ганарліва зіхцела шыльда крамы „ТЫТУНЬ“. Ну дзе там было не курыць!

У беларускай мове таксама ўжываецца слова таббка і вытворнае ад яго — партабак. За савецкім часам дасьціпны люд кпіў з сацыялістычнае гаспадаркі гэтак: „Дажыліся лайдбкі — ні хлеба, ні табакі...“

Сёньня свой тытунь у Беларусі амаль зьвёўся, ледзь пыхкаюць тыя фабрыкі, даўно няма ў сталіцы прыгожай тытунёвай крамы... Але тытунёвага дыму не паменела. Цяпер яго вязуць з усіх кутоў сьвету, пра што паведамляюць шматлікія рэклямы на месцы колішніх камуністычных транспарантаў: „Winston“, „Marlboro“, сумнавядомая „Magna“... Дык курыць ці не? Гэтае пытаньне прападзе, бадай, толькі разам з тытунём...


Тэлевізар

            Сяргей Шупа

Тэлевізар у беларускай хаце стаіць у найвыгаднейшым месцы, на покуці — дзе раней віселі абразы. Тэлевізар цалкам прыцягвае на сябе ўсю ўвагу. Калі раней людзі дзяліліся гэтай увагаю між сабою або бавілі час за кнігай, сёньня яны загіпнатызавана ўтаропіліся ў тэлевізар, у „яшчык“, у „мутнае вока“. Некаторыя знаходзяць у сабе сілы вырвацца з гэтай аблуды — прынцыпова не глядзяць тэлевізару або нават выкідаюць яго — часам і праз акно. Аднак такім людзям тэлевізар і так нічым бы не пагражаў.

Часта чуюцца справядлівыя нараканьні, што беларусы — дэнацыяналізаваны народ, ня ведаюць і не шануюць сваёй гісторыі, мовы, культуры. Велізарную ролю ў гэтым нацыянальным заняпадзе адыграла і надалей адыгрывае татальнае панаваньне ў тэлевізійнай прасторы Беларусі расейскіх тэлеканалаў. Яны выхоўваюць ужо трэцяе пакаленьне жыхароў Беларусі. Беларуская тэлевізія, што ніколі не задумвалася як нешта адметнае і самабытнае, выглядае як пародыя на расейскую і ніякай канкурэнцыі ёй скласьці ня можа. Нават беларускае савецкае слова „тэлебачаньне“ — гэта калька з расейскага „телевидение“, гібрыднага перакладу з заходніх моваў.

Тэлевізар заняў сваё месца ў палітычнай, сацыяльнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. На золку тэлекультуры, у 60-ыя гады, калі тэлевізары былі рэдкасьцю, суседзі й знаёмыя сыходзіліся „на тэлевізар“, прыбраўшыся, нібы ў тэатар. Тэлевізар стаў хадавым прадуктам беларускай прамысловасьці — добра купляліся нашыя „Нёманы“, „Віцязі“, „Гарызонты“. Беларуская апазыцыя марна дамагаецца часу ў тэлеэтэры, часам дзеля гэтага нават хадзілі „браць тэлевізію“, а ўлады ўпікаюць апазыцыю, што, маўляў, ёй — абы зрабіць карцінку для заходніх тэлеканалаў.

У наступным стагодзьдзі на зьмену тэлевізійнай хутчэй за ўсё прыйдзе культура кампутарная, што можа яшчэ болей паглыбіць створаную тэлевізіяй сацыяльную праблему — адчужэньне паміж людзьмі. Застаецца толькі заклікаць самых сябе і ўсіх навокал — замест тэлевізара давайце часьцей глядзець у вочы сваім блізкім.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000