A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
У
Ударнік Рыгор Барадулін Толькі людзі пачцівага веку ведаюць ці цьмяна памятаюць, што такое ўдарнік. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы, выпушчаны за савецкім часам, тлумачыць: „перадавы работнік сацыялістычнае вытворчасьці, які перавыконвае нормы“. Ударнікі былі на заводах, у калгасах, нават у літаратуры былі паэты-ўдарнікі. Ударалі па бездарожжы, па бескультур’і. Чым і па чым ударалі — гэта было няважна. Галоўнае — каб былі ўдары. Ударнікам яшчэ называлася частка затвора агняпальнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона. Пра джазавага ўдарніка размовы быць не магло. Джаз — спараджэньне капіталістычнага пекла. Такую аскоміну набілі ўдарнікі працы, што ў народзе кпілі весела: „размах рублёвы, а ўдар храновы“. З раніцы да зьмярканьня па радыё гучала: „ідуць, ідуць ударнікі камуністычных брыгад, прад імі адкрываецца шырокі далягляд“. Лірыка — падай і рыдай. У той час было такое віно „Санцадар“, мацнейшае за сонечны ўдар, дык і сьпявалі: „Не праходзіць дзень бяздарна. Санцадарна — дужа ўдарна. Мы ўсе ўдарнікі — мы санцадарнікі“. Так сьпявалі мы ў цёплых студэнцкіх кампаніях. Улётка Генадзь Бураўкін Слова гэтае прыжылося й атрымала даволі шырокі ўжытак у дэмакратычным асяродку ў апошнія гады, гады грамадзкага змаганьня за ідэі нацыянальнага адраджэньня. Яно стала своеасаблівай заменаю афіцыйнаму „лістоўка“, што азначае, як гаворыцца ў даведніках, „друкаваны або рукапісны лісток звычайна злабадзённага палітычнага зьместу“. Само гучаньне слова „ўлётка“ мне падаецца больш узьнёслым і намнога мякчэйшым, чым халоднае, строгае „лістоўка“. А калі яшчэ прыгадаць, што самым напасрэдным чынам улёткі зьвязаныя з шматтысячнымі менскімі шэсьцямі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і з апазыцыйнымі мітынгамі, — дык можна лёгка вызначыць іх прыкметнае месца ня толькі ў палітычных слоўніках нашага часу, а і ў ня надта ахайных міліцэйскіх пратаколах. І сам корань слова, паяднаны з палётам, лётам, выглядае тут у пэўным сэнсе сымбалічным. Шырока разьлятаюцца на крылах улётак і напаміны аб слаўнай гісторыі роднага краю, і сумная статыстыка пакутаў і няўдачаў сёньняшняга дня, і палымяны заклік да працы ў імя народнага шчасьця й волі. Вельмі хацелася б, каб у зусім ужо блізкім ХХІ стагодзьдзі філялягічна-рамантычнае слова ўлётка асацыявалася яшчэ й з высокім узьлётам змагарнага духу беларусаў, заслужанага аўтарытэту мілай Бацькаўшчыны. Утульнасьць Валянцін Акудовіч Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды. Насамрэч ён усюды і заўсёды прагне аднаго — утульнасьці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна бяз Бога, нехта — бяз грошай, а хтосьці — без свабоды. Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сьцежку да Бога? Падзякуе Богу за прытулак у вечнасьці. А што перадусім зробіць жабрак, калі трохі ўзаб’ецца на грошы? Прыдбае сабе катух. А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі здабудзе свабоду? Пабудуе ўласны дом. Чалавек ня птушка, ён ня любіць бясконцасьці прасторы і беспрытульнасьці волі. Таму чалавек увесь час будуе сьцены і акрэсьлівае межы. Мяжа — гэта зусім ня тое, што разьядноўвае людзей. Мяжа — гэта тое, што атуляе чалавека ад скразьнякоў бязьмежжа. Чалавек можа знайсьці сабе прытулак дзе заўгодна. Але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней, і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь. І што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не зь любові да свабоды ці зь якойсьці там эканамічнай карысьці, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларусяй ад скразьнякоў бязьмежжа. „Ура!“ Андрэй Лапцёнак Калі даведваешся пра паходжаньне слова „ура“, дык колішняя савецкая традыцыя крычаць на дэманстрацыях „Ура, таварышы!“ пачынае выглядаць недарэчнай. Слова „ура“ — цюрскае і па-нашаму азначае „бі“... „Бі, таварышы!“ — далятае з рэпрадуктараў. „Бі!“ — нясецца ў адказ голас шматтысячнага натоўпу. „Наперад!“, „За мной!“, „За Радзіму! За Сталіна!“ — дзясяткі крывавых, прымітыўных баявых воклічаў рэхам адгукаюцца ў памяці. Кіно і літаратура, ад вайны германскай да грамадзянскай, ад фінскай да аўганскай — чаргавалі велічныя камандзірскія прамовы з панурым хорам тых, што ідуць на сьмерць. „Morituri te salutant!“ — казалі калісьці рымскія гладыятары свайму імпэратару, ідучы ў бойку. „Тыя, што ідуць на сьмерць, вітаюць цябе!“ Зьмяняліся часы, не зьмяніліся людзі. Імем тырана на вуснах яны прамаўлялі вітальнае слова богу вайны. Тыя, хто выжыў, упарта цягнуць гэтыя воклічы з крывавай мінуўшчыны ў наша сёньняшняе жыцьцё, спадзеючыся павярнуць кола гісторыі, з надзеяй на выпадковы посьпех. Выклічнік „Ура!“ як баявы вокліч войскаў пры атацы чуўся скрозь, дзе ступала нага расейскага жаўнера — у Вугоршчыне, Чэхаславаччыне, Польшчы, у Аўганістане і Чачэніі… „Ура! — мы крычалі пры рашучай атацы з энтузіязмам, горача!“ — кажа знаёмы вэтэран. „Крычалі ад страху альбо каб надаць болей сьмеласьці і ўпэўненасьці!“ — прызнаецца ягоны сябра. Ад трэцяга ардэнаносца можна пачуць, што і ў першым, і ў другім выпадку слова гэта крычыцца як мага долей, пакуль хапае паветра. Таму ў асноўным чуецца толькі працяглае „А-а-а-а!“ — крык, які крычыцца зь любой нагоды. Усходнік Уладзімер Арлоў Тлумачальны слоўнік беларускае мовы паведамляе, што ўсходнік — гэта студэнт альбо навуковец, які займаецца ўсходазнаўствам. Але дастаткова пацікавіцца, хто такі ўсходнік, у першага сустрэчнага, каб пераканацца, што ў сьвядомасьці беларусаў гэтае слова мае зусім іншы сэнс. Усходнік — гэта ніякі не навуковец і не жыхар нейкага экзатычнага ўсходу, а наш брат-беларус, якому выпала жыць у той частцы краіны, што пасьля Рыскай дамовы 1921 году апынулася пад саветамі. Беларусы, што жылі недалёка ад мяжы, але ўжо з другога ейнага боку, бачылі, як усходнікі аралі калгасную зямлю трактарамі, выходзілі на палеткі прыбраныя, як на сьвята, і часта, павярнуўшыся ў той бок, куды сядае сонца, нібы па камандзе заводзілі песьню пад гармонік. Знаходзілася нямала тых, хто пазіраў на гэткае бесклапотнае жыцьцё з зайздрасьцю і таксама хацеў зрабіцца ўсходнікам. Але нікога з тых, хто ўначы пераходзіў мяжу, сваякі ўжо ня бачылі — ні на трактары, ні з гармонікам, ні наагул. Пасьля верасьня 1939 году ўсе беларусы апынуліся ў адной дзяржаве, і хутка сталася зразумелым, хто замаўляў песьні пра калгаснае шчасьце. Слова „ўсходнік“ зрабілася амаль што сынонімам чалавека незаможнага, а часам і проста галяка. Але былі і ўсходнікі іншага кшталту: прысланыя з цэнтру чэкісты, міліцыянты, кіраўнікі рознага калібру. Стаўленьне да такіх усходнікаў нярэдка ўвасаблялася ў кулі, якая помсьціла за дэпартаваных сваякоў, за разрабаваную падаткамі гаспадарку, за зьняважаную нацыянальную годнасьць. З часам выразны падзел грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў зьнівэляваўся. Але напрыканцы ХХ стагодзьдзя ўлады вырашылі нагадаць, хто ёсьць хто. Да 60-годзьдзя гэтак званага вызвольнага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь краіну абклеілі плякатамі, на якіх насельніцтва радасна вітала вызваліцеляў з усходу. Каб радасьць была яшчэ мацнейшаю, усходнікі, што цалаваліся на плякатах з заходнебеларускімі братамі, не скідалі каскаў ды моцна трымалі вінтоўкі.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |