A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

В

Вагонка

            Сяргей Харэўскі

Гэтае слова трывала ўвайшло ў беларускi лексыкон, спакваля падмяняючы слова „шалёўка“. Шалёўка — вузкiя габляваныя дошкi, якiмi абшываўся драўляны зруб, спрадвеку выкарыстоўвалася ў народным дойлiдзтве. Але да вайны яна, з-за свайго вялiкага кошту, ужывалася рэдка. Напрыклад, шалявалiся бажнiцы. Даўжэзнымi габляванымi сухiмi дошкамi. На Палесьсi ў шалёўцы шыфравалi салярныя знакi. А ў Панямоньнi шалявалi франтоны гонтаю, нiбы ў працяг страхi. Не па бярвеньні, а замест яго.

Перад вайною прыйшла вагонка — габляваныя дошкі, якiя рабiлi пры дапамозе простых станкоў. Зь любое драўнiны можна было хутка вырабiць стандартныя ў сячэньнi тонкiя дошчачкі, з пазам, якi дазваляў зрабiць шалёўку гладкай, бяз шчылiнаў. Ад пачатку гэты выраб прызначаўся для абшыўкi вагонаў, вядомых „цяплушак“, у якiх было зручна транспартаваць быдла i „ворагаў народу“ на Ўсход. У абшытых вагонкаю саставах адправілі туды тысячы беларусаў. А ў вайну тысячамі вывозілі ўжо і на Захад...

Але па вайне эстэтычныя якасьцi няякаснае драўнiны трыюмфавалi: беларускiя вёскi зьмянiлiся непазнавальна. Вагонкаю ўзялiся шаляваць усё запар, ад прызбы пад страху. Сiвыя зрубы ўбiралiся ў шаты вагонкi. За iмi можна было схаваць любыя хiбы матэрыялаў i працы. Пасьля, на той жа савецкі новы манер, хаты пачалi шчодра фарбаваць. Сялянскае жытло ад Берасьця да Смаленску стала гладкiм і стракатым.

Толькi праз паўтара дзясятка гадоў высьветлiлася, што беларускi клiмат i шашаль жаруць драўнiну, прыхiнутую вагонкаю, шматкроць хутчэй. Хаты, якiя па вайне ёю шалявалi, ужо струхнелi. Але эстэтычныя меркаваньні ўсё адно бяруць верх. „Вагонка“ перажыла ўжо і тыя вагоны, у гонар якіх была названая. Вагоны ўжо даўно не шалююць дрэвам... А ў Беларусі сёньня прадаюць „эўравагонку“, якой паслугоўваюцца найбольш заможныя беларусы. Любоў да вагонкi засталася... як напамiн пра акалiчнасьцi нашае „вагоннае“ гiсторыi. Бадай, вагонка зьнікне з нашага лексыкону толькі тады, як забудзецца СССР. І тады дошкі для абшыўкі хатаў па-ранейшаму будуць звацца проста шалёўкаю.


Вайна

            Сяргей Дубавец

Мабыць, гэта адзінае слова, якое ўражвае больш за сьмерць. Вось адчыняюцца дзьверы, уваходзіць гаспадар хаты, сядае пры стале, за якім сабралася ўся сям’я і, ня гледзячы нікому ў вочы, робіць сутаргавы выдых: вайна. Вось людзі каля радыёкропкі замёрлі і сама кропка нібы замёрла перад тым, як прамовіць гэтае даўкае слова: вайна. Вось задыханая суседка сказала, быццам заікнулася: вайна.

Першая, другая, сусьветная, айчынная, польская, фінская, паўночная, халодная, неаб’яўленая... Удакладненьні не патрабуюцца, калі яна — наша, калі — на парозе. Вайна заўсёды гучыць так, нібы штосьці замінае гаварыць. Напрыклад, пігулка валідолу пад языком. Вайна — як неасэнсаванае лапатаньне пасьля страшнага шоку, калі здаецца, што пачынаеш наноў вучыцца гаварыць, а яно ня надта выходзіць. Вайна — найстрашнейшая, калі яна гатовая стаць рэальнасьцю. Пасьля ўсё ўваходзіць у тую ваенную рэальнасьць, і вайна становіцца сынонімам жыцьця. Ну, як вы тут жывяце? Ды вайна ў нас. Вайна.

Час і сьвет падзяляюцца на даваенныя і паваенныя. Да вайны прывыкаюць. На вайне як на вайне. У вайну, вайнуху, вайнушку гуляюць хлопчыкі. Вайной дражняцца дзеці: трус, трус, беларус, на вайну сабраўся... і дарослыя — пра сварку мужыка і жонкі: вайна пасярод гаўна. Але гэта ўжо пасьля, калі вайна сканчаецца. Тыя, хто перажыў яе, на ўсё жыцьцё захоўваюць на першым месцы ў сваёй гіерархіі жаданьняў: абы не было вайны. Ужо ў іхных дзяцей знаходзяцца рэчы, важнейшыя за вайну. І тады рана ці позна настае часіна, калі гаспадар уваходзіць у хату і неслухмяным языком прамаўляе: вайна.


Вандэя

            Валянцін Акудовіч

За камуністамі кожны адукаваны беларус ведаў пра Вандэю, бо Вялікай Францускай рэвалюцыі адводзілася шмат месца ў савецкіх падручніках.

Але ніхто ня зьвязваў назвы гэтага дэпартамэнту Францыі з хоць чым у Беларусі, пакуль напрыканцы 80-х Алесь Адамовіч не назваў Вандэяй усе тыя сілы, што супрацьстаялі дэмакратычным пераменам і нацыянальнаму адраджэньню нашай Бацькаўшчыны.

Зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча слова Вандэя імгненна набыло надзвычайную папулярнасьць. Калі ў 1988 г. на Дзяды ля зачыненай брамы Маскоўскіх могілак шчыльныя шыхты міліцыянтаў з усіх бакоў сьціскалі шматтысячны натоўп, каб людзі падушылі самі сябе, то адзінае, што мы маглі тады супрацьпаставіць карнікам — гэта нястомны вокліч: „в а н д э я!  в а н д э я!  в а н д э я!“. Менавіта гэты вокліч задзіночыў натоўп у змагарнае цэлае й дапамог яму выстаяць.

Зрэшты, лёсы словаў яшчэ больш пакручастыя і непрадказальныя за лёсы людзей. І колькі б сёньня гісторыкі ні тлумачылі нейкую сапраўдную ролю гэтага заходняга дэпартамэнту Францыі ў ейным далейшым лёсе, але Вандэі, бадай, назаўсёды наканавана заставацца мэтафараю контрарэвалюцыі.


Ваўчар

            Алена Ціхановіч

Як і кожнае новае, арганічна не асвоенае слова, ваўчар ужываецца няйнакш як з агаворкай, такой папярэдняй запінкай: гэты... як яго... ваўчар. Гэтым самым той, хто гаворыць, як бы адчужае слова ад сваёй звыклай моўнай матэрыі. Як і кожнае малазразумелае слова, ваўчар паддаецца народнаму этымалягічнаму аналізу. Многім тут чуецца нешта ваўчынае.

На самой жа справе ваўчар паходзіць ад ангельскага дзеяслова vouch — пацьвярджаць, паручацца за што-небудзь. Вытворнае ад яго слова ваўчар у мове-арыгінале мае два значэньні. Гэта, па-першае, дакумэнт, які пацьвярджае права ўладальніка на атрыманьне пэўных тавараў ці паслугаў, за што, як правіла, заплочана пры папярэдняй зьдзелцы. Сынонімам яму могуць быць словы расьпіска, талён, білет. Па-другое, ваўчар — гэта і чалавек, які выпісвае або выдае такі дакумэнт. Гэтае значэньне пакуль не пазычанае.

Заўважым, што хоць ваўчар адначасна прыйшоў і ў беларускую, і ў расейскую мовы, яго ўжываньне мае пэўныя асаблівасьці. Так, у Расеі з ініцыятывы Анатоля Чубайса праводзілася ваўчарная прыватызацыя. У Беларусі прыватызацыйныя дакумэнты назвалі чэкамі, а ваўчар замацаваўся пераважна ў сфэры турысцкага бізнэсу. Таму беларускае значэньне ваўчару раўназначнае знаёмаму слову „пуцёўка“: купляючы ваўчар у турысцкай фірме, вы атрымліваеце гарантыю аплочанага начлегу і сьняданку ў адным з замежных гатэляў. Праўда, тое, што гэтыя паслугі часта таксама ўмоўныя і незапатрабаваныя — іншая размова.


Верасень

            Сяргей Дубавец

У залатым фондзе беларускае лексыкі ХХ стагодзьдзя самая яркая калекцыя — назвы месяцаў. Яшчэ на пачатку стагодзьдзя ў „Нашай Ніве“ гэтая сыстэма толькі фармавалася. Напрыклад, у 1909 годзе нумар газэты выйшаў 24 „сеньцябра“, а ня верасьня. Хоць апошняе слова было і старабеларускім, і ўжывалася ў жывой гаворцы.

Сёньня назвы месяцаў — гэта і пашыраны паэтычны вобраз, і першы ўрок беларускае мовы. Вось малое пытаецца: мама, а чаму гэты месяц называецца верасьнем? А вось грамадзянін, які запаўняе пашпартную анкету, спыняецца перад радком пра месяц нараджэньня і пытаецца ў суседа: а как будет „сентябрь“? „Кажется, верасень“, — адказвае той. А вось высокі начальнік, засеўшы над новай дырэктывай на беларускай мове, кліча ў кабінэт сакратарку: „Зіночка, — пытаецца ён, верасень — это какой месяц?“

Сымболіка дзявятага па ліку месяца — гэта плён, які выношваўся на працягу ўсяго году.

У палітычную гісторыю Беларусі ўзьяднаньне заходняй і ўсходняй частак краіны ў 1939 годзе трывала ўвайшло пад назваю верасьнёўскіх падзеяў. А 30 верасьня зьявілася на сьвет славутая пісьменьніца-мэмуарыстка Зоська ВЕРАС, якая дзень і месяц свайго нараджэньня ўдала зашыфравала ў псэўданіме.

Верасень — першы месяц восені, часам цёплы і сонечны, часам халодны і дажджлівы, а то й сьнежны. Часам у месяцы верасьні выпадае пароша, а часам ён гарыць полымем ружовых верасоў.


Вёска

            Сяргей Дубавец

Вёска — гэта беларускi сусьвет, космас. Над вёскай — вялiзнае неба. У вёсцы ёсьць усё, што можа спатрэбiцца для жыцьця. Тут працуюць — пасьвяць каровы, сьвяткуюць — калядуюць, шмат разважаюць пра жыцьцё i гоняць беларускае вiскi. Беларусы на Радунiцу едуць на магiлы дзядоў з гораду ў вёску.

У вёсцы жыве мова.

Слова вёска ў той цi iншай форме ёсьць ува ўсiх iндаэўрапейскiх мовах i азначае або селiшча, або дом, або нават горад. Лiтоўскае Вешпатiс — Госпад — мае аднолькавае зь вёскай паходжаньне. Але ўласна вёску розныя народы называюць i разумеюць па-рознаму. Напрыклад, расейскае „деревня“ — зусiм ня тое, што вёска. У расейцаў нацыянальны поступ зьвязваецца з расейскiм горадам. Пры гэтым расейцы гавораць пра „ідыятызм вясковага жыцьця“. У нас жа горад яшчэ не нарадзiўся. А той, што ёсьць, — абыякавы да беларусаў i пазначае нацыянальны рэгрэс. Сказаць пра „iдыятызм вясковага жыцьця“ па-беларуску — значыць наракаць на жыцьцё ўвогуле. „Ну ты, деревня“ — гучыць па-расейску як абраза. „Эх ты, вёска“ — гучыць па-беларуску як дакор, у якiм ёсьць любоў.

Вёска — вясёлка, вёска — вясна i восень, вёска — скала.

Армянiн Сараян казаў некалi, што ягонае сэрца ў гарах. Горы бароняць ад ворагаў i не даюць разьляноўвацца, прымушаюць цяжка працаваць i жыць у згодзе з прыродай. Вёскi — гэта горы нашай зямлi. Не выклiкае даверу сьведамы беларус, якi можа сказаць: не люблю вёскі! Гэта значыць, што ён або ўвогуле нiчога ня любiць, або — ня сьведамы беларус.

Сэрца беларуса — у вёсцы.


Віза

            Сяргей Шупа

Далі візу. Не далі візы. Увялі візавы рэжым. Скасавалі візавы рэжым. Візавая падтрымка. Віза на ўезд, транзытная, студэнцкая, працоўная, эміграцыйная, шэнгенская, разавая, шматразовая — такая музыка гучыць увушшу таго, хто выбіраецца сёньня ў вялікі сьвет.

Віза — адна з найбольш адметных зьяваў эпохі нацыянальных дзяржаваў. Віза, якая ставіцца ў пашпарце і дазваляе прыватнай асобе перасоўвацца ў падзеленай на розныя краіны прасторы — гэта натуральны спосаб самасьцьвярджэньня дзяржавы, выяўленьне яе пазыцыі ў сьвеце, павагі да сябе і да іншых.

Калі СССР адышоў у нябыт і на ягоным месцы паствараліся новыя дзяржавы, выехаць зь якіх ужо не было ніякай праблемы, — атрыманьне візы сталася прыватнай справай.

Затое сёньня вельмі важна — чый ты грамадзянін. Рэч у тым, што некаторыя краіны на знак сымпатыі і даверу да некаторых іншых зусім адмяняюць візавы рэжым. Так, беларускія грамадзяне могуць бязь візы езьдзіць па Расеі — хоць да Чукоткі, а польскія ці літоўскія — наадварот: па ўсёй Эўропе і шмат дзе яшчэ. Розьніцу адчуе той, каму даводзілася чакаць візы дні, тыдні, месяцы...


Вільня

            Сяргей Дубавец

Вiльня — сталiца Вялікага Княства Літоўскага, сэрца краю, крывіцкая Мэкка. Той, хто не вывучаў у школе паэмы Якуба Коласа „Новая зямля“, можа й ня ведаць, ШТО ў беларускай мове значыць слова „Вiльня“. На працягу апошнiх 50 гадоў замест Вільні ў сьвядомасьці беларусаў праз расейскую мову ўкаранялася лiтоўскае слова „Вiльнюс“. Гэтак крамлёўскiя ўладары ды iхныя менскiя намесьнiкi затушоўвалi наступствы сумнавядомага пакту Молатава-Рыбэнтропа. Беларусам пра сваё дачыненьне да старой сталiцы належала забыць.

У вынiку адчужэньне адбылося найперш у мове. Бо якое можа быць адчужэньне тэрытарыяльнае, няхай сабе i з памежнымi КПП, калi ад Вiльнi да Менску 180 км?! I што такое гэтыя 50 гадоў у параўнаньнi зь вечнасьцю! Вiльню апелі ў сваіх найлепшых вершах Багдановiч, Колас, Жылка, Арсеньнева, Танк... А яшчэ раней узьніклі нашы народныя песьні, прыказкі i прымаўкі. „Рабi пiльне, — казаў менскі бацька свайму недалыгу-сыну, — i тут будзе Вiльня...“ У нашым фальклёры Вiльня — гэта горад УВОГУЛЕ, гэтаксама як, напрыклад, рака ўвогуле — Дунай. Сярод старых беларускiх прыказак можна сустрэць i знаёмыя: „Не адразу Вiльня будавалася", „Язык да Вiльнi давядзе"...

Гісторыкі кажуць, што заснавалі гэтае паселішча крывічы і называлася яно адпаведна — Крывым горадам. Існуе паданьне, што тут спыняўся на начлег вялікі князь Гедымін і сасьніў сон: вялізнага жалезнага ваўка, а ў ім — мноства маленькіх ваўкоў. Паклікаў князь свайго варажбіта, і той растлумачыў сон так: на гэтым месцы мусіць паўстаць сталіца княства — Вільня. Нібыта за тое, што варажбіт рбдзіў Вільню, яго й празвалі Радзівілам... Праўда, сучасныя навукоўцы не давяраюць легендзе і выводзяць Вільню ад назваў рэчак Вяльлі і Вялейкі або Віленкі, пры сутоках якіх і быў закладзены горад.

Насуперак ранейшай прамаскоўскай палiтыцы, мы павiнны вярнуць у беларускую мову сваё слова „Вiльня“. I гэта будзе не прэтэнзія, а звычайная для сучасных моваў практыка называньня ЧУЖЫХ гарадоў, якiя маюць дачыненьне да СВАЁЙ гiсторыi й мовы. Калi лiтоўцы называюць нашыя гарады Гбрдiнасам і Наўгардэкасам, яны тым самым ня робяць тэрытарыяльнага захопу. Проста для iхнай гiсторыi, культуры й адукацыi гэта вельмi важна. Як для нас вельмi важна ня блытаць уласных школьнiкаў мудрагелiстымi вытлумачэньнямi, у якiм такiм Вiльнюсе Скарына надрукаваў першыя беларускiя кнiгi, у якiм такiм Вiльнюсе быў схоплены й павешаны Кастусь Калiноўскi, i ў якiм такiм Вiльнюсе Янка Купала рэдагаваў першую беларускую газэту „Наша Нiва", а пасьля яшчэ тлумачыць, што яны ўсе там рабiлi.

Любоў да беларушчыны немагчымая безь любовi да Вiльнi.


Волат

            Сяржук Сокалаў-Воюш

„Грады вялікія і сьцены высокія дажэ да небясі і сыны Енаковы відзелі есмо там з роду волатаў“, — пісаў Скарына ў адным са сваіх перакладаў.

Волат Адраджэньня. Волат нашай культуры. Волат духу. У нашай мове гэтае слова ўжываецца вылучна ў высокім стылі, але, паводле фальклёру, не заўсёды ў станоўчым значэньні. Нярэдка героі легендаў ці казак процістаяць Волатам, і тады ўзьнікае антаганізм Волат — Асілак, дзе апошні ніколі не бывае адмоўным пэрсанажам. Гэта можна прасачыць і на глебе паходжаньня двух словаў. Калі Волат у шмат якіх дасьледнікаў лічыцца пазычаньнем, то Асілак — адвеку наш.

Прысутнасьць Волатаў у вуснай народнай творчасьці можа паказваць на тое, што яны ў свой час адыгралі заўважную ролю ў гісторыі беларускай зямлі. Больш за тое, яны пакінулі па сабе матэрыяльныя памяткі свайго існаваньня — курганы-валатоўкі, якія часам утвараюць цэлыя могільнікі — ад двух да 20–30 і больш капцоў. Волаты, Волатава, Валатоўшчына, Валатоўкі, Волатава магіла — назвы паселішч. Міхал Валатоўскі — беларускі этнограф і краязнаўца другой паловы XIX стагодзьдзя, які вывучаў Палесьсе.

У сёньняшнім беларускім жыцьці словы „волат“ і „асілак“ — сынонімы, да якіх можна дадаць: сілач, магут, здаравяк, здаравіла, здаравец, атлет і вядома ж, стылёва зьніжанае, пераноснае — бугай.

Усе яны прайграюць Волату і Асілку ў адным: яны характарызуюць чалавека толькі зь фізычнага боку. Волат, Асілак і магут — цэлая жыцьцёвая філязофія. Ніхто зь іх не асацыюецца з грузчыкам. Нікога нельга ўявіць удзельнікам п’яной бойкі. Яны чыстыя, незаплямленыя. Яны — героі. Яны — жыцьцёва значныя адзінкі, якіх так не стае сучаснай Беларусі.


Вуліца

            Анатоль Вярцінскі

Вясковая і гарадзкая, вузкая і шырокая, простая і крывая, адкрытая, што выводзіць на выган, на дарогу, на тракт, і глухая, тупіковая, што вядзе ў нікуды. Вуліца пясчаная, пыльная або гразкая, брукаваная або пакрытая асфальтам — на чорным асфальце асабліва відаць крывавыя плямы.

Ад вуліцы згадваю неаддзельнае вясковае дзяцінства:

— Куды, сынок?

— На вуліцу

Сёньня ў гарадах моладзь на тое ж пытаньне адказвае — на вуліцу, на плошчу, на дэманстрацыю.

Улады прысвоілі сабе права вырашаць, па якой вуліцы дэманстрантам можна ісьці, а па якой нельга. І калі яны, дэманстранты, барані Бог, раптам пойдуць не па той, не па дазволенай вуліцы, ахоўнікі парадку іх могуць сустрэць дубінкамі і сьлезацечным газам.

Ёсьць такі выраз — сьвята на нашай вуліцы. Менавіта яго ўжыла тры гады таму група вядомых літаратараў і навукоўцаў, калі выступіла супраць скасаваньня нашага галоўнага нацыянальнага сьвята, зьвязанага з абвяшчэньнем Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Дык што сьвяткаваць нам, беларусам? Ці будзе на нашай вуліцы сьвята? — пыталіся аўтары артыкулу. Сапраўды, ці будзе, а як будзе — то калі і якое сьвята на нашай беларускай вуліцы?


Вусны

            Сяргей Харэўскі

„Адказваць пісьмова ці вусна?“ — пытаюцца вучні ў настаўнікаў. Калі вусна — той адказ будзе распаведзены вуснамі.

Я азёрную сінечу вуснамі лаўлю“, — пяецца ў песьні. Чаго толькі ні робіцца вуснамі — прамаўляюцца лёзунгі, шэпчуцца прапановы, смакуецца пітво і чыесьці іншыя вусны.

Ногі падкасіліся і ў мне, і ў ёй. Зьліліся вусны з вуснамі самі сабой“, — клясычныя купалаўскія радкі. Вусны зьліваюцца, дакранаюцца, датыкаюцца. Вусны гарачыя, палымяныя, прагныя. Ну, вядома ж, яны могуць быць, як маліны ці як вішні.

Ад вуснаў утварыліся і вусы. Хоць вусы — зусім не абавязковая дэталь да вуснаў. Вусьціш — найперш ціш, зьмяненьне, зьнерухомленьне вуснаў. Вусень насамрэч падобны да вуснаў сваімі плаўнымі, пераборлівымі, прагнымі рухамі па сваёй сакаўной ежы. Па вуснах заўжды смак — салоны смак крыві, салодкі смак суніцаў ці горкі смак праўды.

Па вуснах мяркуюць і пра людзей наагул. Бо вусны бываюць зычлівымі і пажадлівымі, злымі і ласкавымі, бязвольнымі і рашуча сьціснутымі. Зь іх мы чуем вітаньні і праклёны, шчырыя малітвы і шчырую ману, пустыя дэклярацыі і словы гонару. Зь іх і тчэцца нашая вусная гісторыя, заўсёды праўдзівейшая, чым гісторыя пісьмовая, бо сказанае вусна ўжо ня выправіш. Бо яе ж выслаўляюць жывыя людзкія вусны.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000