A R C H E S l o u n i k S v a b o d y № 7 (12) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


72000
» да Зьместу «

 


СЛОЎНІК СВАБОДЫ
 


 

 
Вокладка ARCHE «Слоўнік Свабоды» 7-2000. На вокладцы выкарыстана ілюстрацыя Леанарда да Вінчы з анатамічнае табліцы.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

З

Зайздрасьць

            Аляксандар Лукашук

Зайздрасьць — гэтаксама як спакуса і ганарлівасьць — суправаджае чалавека на працягу ўсёй гісторыі, ад Эдэмскага саду да Гефсіманскай гары, ад Алены, на якую паквапіліся траянцы, да Марксавай дадатковай вартасьці, якую, паводле геніяльнага выразу Шарыкава, трэба ўзяць і падзяліць.

„Пачуцьцё незадаволенасьці і раздражненьня, выкліканае перавагамі, посьпехамі, дабрабытам іншых; жаданьне мець тое, што маюць другія“, — што можа быць трапнейшым за гэтае вызначэньне бальшавізму, якое Тлумачальны слоўнік беларускай мовы памылкова дае слову зайздрасьць?

Зайздрасьць перамагла ў Беларусі на бальшавіцкіх штыхах — і замест Беларускай Народнай Рэспублікі было пабудаванае царства роўнасьці і братэрства, палітычных сынонімаў зайздрасьці. Зайздрасьць сканфіскавала заводы і зямлю, шляхту і інтэлігенцыю, культуру і прыстойнасьць.

— Прасі што хочаш, — сказаў Бог беларусу. — Дам табе, але суседу дам удвая.

— Няхай я акрывею на адно вока, — адказаў беларус.

Дадамо — савецкі беларус.

У славянскіх мовах слова зайздрасьць паходзіць ад стараславянскага дзеяслова зазьрети — убачыць, і, верагодна, заснаванае на так званым злым воку, якое можа сурочыць. Блізкае да зайздрасьці паходжаньнем і слова нянавісьць — ненавідзяць, г.зн. ня хочуць і ня могуць спакойна глядзець на тое, чаму зайздросьцяць.

Зайздрасьць — галоўная эмоцыя ХХ стагодзьдзя ня толькі для Беларусі, але Беларусь сустракае новае стагодзьдзе з зайздрасьцю ў якасьці дзяржаўнай палітыкі і ідэалёгіі. Зайздрасьць, якая ўладарыць у краіне, жадае мець маёмасьць прадпрымальнікаў, хоча, каб яе паважалі дома і за мяжой як прыстойную даму, каб яе любілі як народную ўладу.

Зайздрасьць — эмоцыя несвабоды. Усе несвабодныя зайздросьцяць свабодным, але ніколі — наадварот.


Закатваць

            Антаніна Хатэнка

Паўсюль скажуць „закацілася Сонца“ ці некуды „закаціўся мяч“, але так масава закатваюць у слоікі на зімовы схоў усялякае смакоцьце толькі на абшарах былое краіны Саветаў.

Ад сярэдзіны лета аж да глыбокае восені шпарка закатваюцца ў трохлітровікі ды меншыя іхныя браты гуркі, ягады, памідоры, грыбы ды салаты. Вясковыя хаты й гарадзкія кватэры ператвараюцца ў кансэрвавыя заводы, прапахлыя кропам, смародавым лістом ды воцатам. У гаспадыняў нарэшце на языку ня плёткі, а зацятая пахвальба ці шкадаваньне: „Я сто літраў закатала“. — „А я ўсяго толькі сорак“. І краю не відно гэтаму літражу. Мужчыны служаць аўтаматамі па закрутцы слоікаў.

З акна ў вакно перадаюцца рэцэпты, тэхналёгіі, перапазычаюцца блішчастыя накрыўкі ды прылады закатваньня.

Хітрыя майстры прыдумалі дзеля палёгкі й ашчаднасьці „раскатку“, якая дзівосным чынам вяртае скарыстанай накрыўцы былую моц і трывушчасьць. Цяпер жывуць і слугуюць накрыўкі даўгавечна — да іржавых дзіраў.

Здараецца, што закатачнае жыцьцё скаланаюць выбухі. Плады ірвуцца зь няволі, аднак гаспадары зноў і зноў нястомна закатваюць у слоікі пад шкло ўсё жывое — навыперадкі. Быццам, закатаўшы рукавы, зацята закатваюць-хаваюць няспраўджаную мару пра волю. Пра тую нязнаную волю, пры якой кожны спаўняе сваю місію: вучоны дасьледуе, мастак творыць, настаўнік навучае, доктар лякуе, а завадчанін кансэрвуе для ўсіх садавіну-гародніну... Але тое... Тое — жытка лайдакоў, а мы — „трудзяшчыеся“ — дружна закатваем усё пад шаблённыя „крышкі“.


Заклад

            Рыгор Сітніца

У беларускай мове юрыдычны тэрмін „заклад“ згадваецца яшчэ ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага. Шматлікія захопніцкія навалы, што не міналі нашага краю, надалі гэтаму слову зусім іншы сэнс, трывала замацаваўшы ў беларускай сьвядомасьці слова „закладнік".

Ісьці ў заклад, купіць на заклад, аддаць у заклад, закладваць нейкую справу. Тут дарэчы будзе згадаць і сьвята Закладзіны, калі, заклаўшы першы камень у падмурак, дужа натомленыя работнікі пачыналі імпэтна „закладаць за каўнер".

Апроч іншага, не дае пра сябе забыць і пасьпяховая закладка калгасамі фуражу, пра што рэгулярна інфармуе сваіх слухачоў беларускае савецкае радыё.

Можна было б прыгадаць яшчэ нешта, але ўсе гэтыя заклады трацяць амаль усялякі сэнс перад тым значэньнем, якое займела гэтае слова ў краіне саветаў.

Закладваючы ўласнага бацьку, можна было лёгка выйсьці ў піянэры-героі, як гэта зрабіў славуты Паўлік Марозаў, стаўшы прыкладам для кожнага савецкага дзіцяці. Заклаўшы суседа, шмат хто здолеў спатоліць уласную зайздрасьць ці адквітаць нейкую крыўду. Варта пачаць закладваць начальніка, каб куды бліжэйшаю зрабілася таемна жаданая пасада. Закладваючы з пэўнай рэгулярнасьцю, чалавек набываў шанец зрабіць сваю прыродную схільнасьць хлебнаю прафэсіяй у штаце адпаведнай установы.

Аднак, якой бы ўдалай ні аказалася гэтая кар’ера, яна проста нішто ў параўнаньні з мажлівасьцю аддаць у заклад дзеля ўласнага інтэрасу цэлую краіну, тым самым зрабіўшы закладнікамі ажно 10 мільёнаў чалавек.


Заўзятар

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Заўзятар. Гэтае слова зьявілася ў беларускай мове ў першай палове 80-ых, калі нацыянальна сьведамая моладзь пайшла на стадыёны. Ужыванае перад тым пазычанае з расейскай балельшчык аніяк ня лезла ў сыстэму мовы і вымагала як найхутчэйшай замены. Вось тады два паэты — Алег Бембель і Алесь Разанаў — прапанавалі заўзятара. Пры гэтым сама зьява заўзятарства была падзеленая на тры катэгорыі:

1. Заўзятар — той, хто арыентуецца ў спорце, чытае адмысловыя выданьні, ведае лічбы й імёны, карацей — аматар прафэсійнага ўзроўню.

2. Заўзей — той, хто ходзіць на стадыёны, ведае, што адбываецца ў спорце, але ў адрозьненьне ад заўзятара ён вылучна аматар.

3. Заўзюк — самая калярытная і небясьпечная постаць на трыбунах. Ён мала ў чым арыентуецца, почасту зьяўляецца на спаборніцтвы нападпітку. Гэта ён, заўзюк, роспачна вые, калі ягоная каманда прайграе, і дзіка трыюмфуе, калі наадварот. Яго лёгка можна пазнаць на трыбуне па адкаркаванай бутэльцы і кавалку кілбасы.

Гэты падзел на катэгорыі, як і слова заўзець (балець), у мове пакуль што не прыжыліся.

Цяпер слова заўзятар можна пачуць як з вуснаў саміх заўзятараў, так і ад тэле- і радыёкамэнтатараў, а таксама адшукаць у прэсе. Вось толькі ў слоўніках яго ўсё яшчэ няма. Зразумела, што слова заўзятар паходзіць ад заўзяты, а гэта і той, хто стала і з захапленьнем займаецца чым-небудзь, гэта і ўпарты ды напорысты.

Слова заўзяты мае бальшыня славянскіх моваў, а вось заўзятара — толькі мы.


Заходнік

            Уладзімер Арлоў

У Тлумачальным слоўніку беларускае мовы можна са зьдзіўленьнем вычытаць, што „заходнік — гэта прыхільнік заходніцтва як альтэрнатывы славянафільству“. Між тым кожнаму беларусу вядома, што заходнік — гэта чалавек, якому пашчасьціла жыць на той частцы Беларусі, куды бальшавіцкія парадкі прыйшлі толькі ў верасьні 1939 году. Доўгі час пасьля гэтак званага вызвольнага паходу Чырвонай арміі слова „заходнік“ у партыйна-савецкім лексыконе азначала чалавека нядобранадзейнага, гатовага ў любы момант здрадзіць сьветлым ідэалам сацыялізму ды схаўрусавацца з клясавым ворагам. Каб заходнікі мацней палюбілі родную савецкую ўладу, іх дзясяткамі тысячаў вывозілі ў сібірскія і казахстанскія лягеры. Адных — за тое, што багацей жылі, другіх, як Натальлю Арсеньневу, — за тое, што пісалі вершы пра Беларусь, а не пра БССР, трэціх — проста за тое, што скоса пазіралі на прысланае Масквой начальства.

Тым часам для паспалітых жыхароў усходняе Беларусі слова „заходнік“ на колькі дзесяцігодзьдзяў сталася сынонімам чалавека заможнага і грунтоўнага. Калі ўсходнікі аддавалі дачку замуж за заходніка, лічылася, што дзеўцы пашанцавала. „У нас хлеб з кавалачкам сала, — з зайздрасьцю казалі на спустошанай калгасамі памежнай Полаччыне, — а ў іх, заходнікаў глыбоцкіх, — сала з кавалачкам хлеба“.

Напрыканцы ХХ стагодзьдзя колішняга падзелу грамадзтва на ўсходнікаў і заходнікаў нібыта не адчуваецца. Але на захадзе краіны па-ранейшаму жывуць лепей. Там чысьцейшыя ды ўтульнейшыя гарады і мястэчкі, там багацейшыя вёскі, дый самі людзі самавіцейшыя. Як казалі калісьці камуністычныя прапагандысты ды агітатары: „Вот оно, тлетворное влияние Запада".


Заходнік

            Рыгор Барадулін

Змалку памятаю, як лавілі рыбу прыладай, якая называлася „заходнік“ — літаратурна прынятая назва „таптуха“.

З пасьлявайны памятаю таксама іншае значэньне слова „заходнік“ — жыхар так званых заходніх вобласьцяў Беларусі, якія ў 1921 годзе бальшавікі без удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў Рызе аддалі пад Польшчу. І ў верасьні 1939 году на штыхах Чырвонай арміі адбылося ўзьяднаньне Беларусі, нават Беласточчына ўвайшла ў склад БССР.

Тады Янка Купала пісаў: „Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі, больш з табою ўжо ніколі я не разлучуся“. Сапраўды не разлучалі, калі сьведамых беларусаў, заходнікаў, везьлі ў Сібір разам з усходнікамі. Сапраўды, як заходнікам-таптухай, заганялі ў сьветлае камуністычнае заўтра.

Была зьнішчаная створаная з падтрымкі Масквы Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі. Абрэвіятура КПЗБ чыталася з трагічнай іроніяй — камэра папярэдняга зьняволеньня Беларусі. Пасьля вайны давынішчалася беларуская інтэлігенцыя — настаўніцтва, духавенства. Гаспадароў, якія ў бальшавікоў зваліся кулакамі, раскулачвалі, высылалі. А на месца заходнікаў засяляліся ўсходнікі з Расеі, з усходняй Беларусі.

Недзе да канца 70-ых гадоў сакратарамі райкамаў ды абкамаў, іншымі намэнклятурнымі работнікамі назначаліся вылучна ўсходнікі — заходнікам не давяралі.

Цяпер фармальна няма мяжы між заходнікамі і ўсходнікамі, але ў душах яна яшчэ доўжыцца. Заходнікі — большай эўрапейскай арыентацыі, заходнікі болей верныя беларушчыне. Толькі час і свабода сьціраюць межы ў душах.


Зацьменьне

            Аляксандар Лукашук

У дзень зацьменьня ўсе позіркі скіраваныя на Сонца.

Кароткі момант адвечнага суіснаваньня сьвятла й ценю, калі той становіцца гаспадаром, перамагае і захоплівае тэрыторыю сьвятла.

Апошняе ў ХХ стагодзьдзі астранамічнае зацьменьне ў Беларусі цягнулася каля дзьвюх хвілінаў. Увогуле, найдаўжэй Месяц можа засланіць Сонца толькі на сем з паловаю хвілінаў. У беларускім жыцьці ХХ стагодзьдзя, наадварот, гэтаксама коратка, як мусіць доўжыцца зацьменьне, панавала сьвятло — спачатку Беларускай Народнай Рэспублікі, потым новай незалежнасьці пачатку 90-х. На беларусаў доўгі цень у ХХ стагодзьдзі падаў адразу зь дзьвюх суседніх сталіцаў — з Усходу й Захаду.

Але Сонца ці цень — выбар, які ўвесь час стаіць і перад самой Беларусяй. Уся краіна — як прыродны асяродак крата, зь якім на пачатку стагодзьдзя параўнаў свой народ паэт. „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ“ — яшчэ адзін паэтычны голас зь цемры, адтуль, дзе няма Cонца. „На прастор, на шырокі разлог выхадзі, мой народ, грамадою“ — заклік трэцяга нацыянальнага клясыка, таксама зьвернуты ў царства змроку, падзем’е.

Толькі на вольнай арбіце нябеснае цела не залежыць ад чужога ценю.

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асьляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.

Да Сонца — нацыянальная задача стагодзьдзя.


Зацяжка

            Антаніна Хатэнка

Здаўна кажуць: адклад ня йдзе ў лад — і гэта чыстая праўда. Зацягнуць якую справу — азначае почасту ня выканаць яе ўвогуле.

Хіба што ў абутковай справе зацяжка сама сябе спраўджвае. Бо гэтак завецца дзея нацягваньня і замацаваньня матэрыялу на калодцы. Тут пасьпешлівасьць зусім недарэчы.

Затое які рытм, якую хуткасьць вястуе млявае, запаволенае слова, калі называе падзеньне парашутыста пры зацяжным скачку. Уяўляеце?

Зацяжка, бывае, надараецца і ў лёце паміж зямлёй і небам.

А што ўжо казаць пра нашае запаволенае беларускае жыцьцё, у якім, здаецца, зусім спынілася цяга. Аднак дарма мы пра сябе гэтак мяркуем. Быццам ня лёсы цягнем на плячох, а суцэльныя цягучыя зацяжкі. Ого, які нораў выяўляе ў нацыі яе пераклятасьць — зацяжка! Якая даўкая зацяжка тытунём! Як шыпяць па-гадзючы, лямантуюць і скрыўджана вырачана жаляцца кабеты ў слынных на ўвесь сьвет чэргах ды аўтобусах-тралейбусах. Век бы не падумаў: зацяжкі на калготах ды панчохах здатныя разварушыць нашых невідушчых мужчынаў. Тых зграбных ножак, усхваленых Барадуліным, прыкмеціць няма часу, няма й моцы. Затое як заверашчыць каторая маладзіца! Гэткае ўражаньне, што жаночы віскат ад зацяжкі толькі й нагадвае нашым зьніякавелым мужчынам, што яшчэ ёсьць тут, у Беларусі, і другая палова чалавецтва — жанчыны, што вечна мрояць пра каханьне і вечна хочуць прыгожа апранацца, не баючыся зацяжак ні на калготах, ні ў жаданым лёсе-шчасьці.


Званіцa

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Званіцы — архітэктурныя дамінанты колішніх беларускіх мястэчак і вёсак. Сваёй вышынёй іх не маглі перавысіць ні коміны кацельняў — дамінантаў савецкага краявіду, ні — тым больш — помнікі правадыру, ні курганы славы. Сустракаліся, напраўду, коміны і вышэйшыя ад званіцаў, але нават самы зацяты бязбожнік наўрад ці мог бясконца глядзець на іх, калі недзе побач вабіла й песьціла вока незвычайная вежа, зь якой некалі чуўся мэлядыйны звон.

Відаць, званіцы адрывалі эпахальныя бальшавіцкія думкі ад матэрыяльнага і нагадвалі пра Бога. Таму бальшавікі высылалі ці вынішчалі званароў, разбуралі званіцы. Замест іх яны ўвялі пралетарскія „званіцы“ ў выглядзе папярэчнай бэлькі, на якую быў навязаны кавалак чыгуначнай рэйкі, — дэталь БССРаўскай эстэтыкі.

Слова званіца паходзіць ад слова звон, праславянскага, а паводле некаторых дасьледнікаў нават індаэўрапейскага слова.

Слоўнік Станкевіча падае форму званьніца (празь мяккае падвойнае -н-), а слоўнік Некрашэвіча і Байкова піша, як і мы цяпер, — званіца.

Глядзіць са сваёй званіцы — кажам мы, калі чалавек ацэньвае нешта аднабакова, са свайго пункту гледжаньня, са сваім разуменьнем. Між тым, у гэтым выразе схаванае тое адмоўнае, якое магло б стаць для нашага народу дадатным, калі б мы сябе і сьвет навучыліся бачыць са сваёй Беларускай Званіцы...


Згода

            Віталь Цыганкоў

Згода. Для многіх палітычна актыўных людзей і цяпер слова „згода“ асацыюецца са Станіславам Шушкевічам.

У 1991 годзе, калі была створаная Партыя Народнай Згоды, адным зь яе арганізатараў, паміж іншых, быў і Аляксандар Лукашэнка. Цяпер мала хто памятае той факт, як, зрэшты, і самую партыю, якая зьлілася з сацыял-дэмакратамі.

З аднаго боку, народ марыў аб згодзе. „Жыць у згодзе". „Згода будуе, нязгода руйнуе“. Так і чуецца — абы не было вайны. Але з другога боку, „згодныя, як два каты ў адным мяшку".

Так да канца і не прыжылося слова „згода“ ў беларускім грамадзтве.


Змагар

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Слова змагар — уласна беларускае. Яго ня маюць ані палякі, ані ўкраінцы, ані расейцы. Змагар не падобны ані да расейскага барца, ані да польскага bojownikа.

Змагар — слова, якое цягам усяго ХХ стагодзьдзя лунае ў беларускім паветры і не знаходзіць сабе прытулку. Мы дапасоўваем яго да розных прозьвішчаў, ставім яго побач з сапраўднымі патрыётамі, але, як толькі наважваемся перанесьці гэта на паперу, змагар зьнікае. Іншая справа — множны лік: змагары. Іншая справа — словы з таго самага гнязда: змаганьне, змагацца, змагарна. „Змагарныя дарогі“ — назваў сваю кнігу канадыйскі беларус Кастусь Акула. „Мы — хлопцы гартаваныя, мы — волі змагары“, — пісаў у адным зь вершаў Міхась Машара. „Змаганьне“ — называлася газэта, якая выходзіла ў Вільні ў 1923–24 гадох. Сярод аўтараў выданьня — Макар Краўцоў, Янка Пачопка, Уладзімер Самойла.

Ад вялікага да сьмешнага — адзін крок. І вось ужо савецкія слоўнікі прыдумалі змагара за мір, змагара за справядлівасьць. Пэўна, што ня Быкава, не Адамовіча, не Караткевіча мелі на ўвазе яны...


Знак

            Антаніна Хатэнка

Здаўна-спрадаўна на крывіцка-ліцьвінскіх абсягах верылі ў важкасьць ды моц знаку: ці то звыш, ад Божае сілы, ці ад зямное, рэчаіснае будзённасьці, гэтаксама ня складзенае з выпадковасьцяў. Гэтак і цяпер: нешта адбылося нязвыклае — выварожваюць: добры то знак ці благі. Хто лічыць гэтую таемную веру прымхамі, хто — кантактам з Вышняю мудрасьцю. Гэтак альбо йнакш, а знакі нам усё роўна зьнекуль падаюцца, і адкаснуцца ад іх ды пазбыцца нават няверца ня надта патрапляе. Паспрабуй, прыкладам, ня зважыць на кукарэканьне-сьпяваньне курыцы. Продкі меркавалі, што яно вястуе блізкую сьмерць у радзіне. Альбо калі птушка ў вакно б’ецца: з таго сьвету, кажуць, нехта дабіваецца, пра нешта папярэджвае. А кот мыецца — гасьцей чакайце. Зязюля — гады нам лічыць. Знакаў — процьма: толькі разгадвай…

Надараецца сустрэць знакі й больш глябальныя, вяшчунскія: калі ўся, здаецца, прырода, усясьвет намагаюцца адкрыць нашую душэўную відушчасьць. Згадваюць, што ў травеньскі дзень няміскае трагедыі гэтаксама быў знак: у Петрапаўлаўскай царкве паблізу бядотнага пераходу апоўдні чуўся немы голас, ад якога ў жудасьці прыгнуліся ніц і сьвятары, і вернікі. Ці то перасьцярожна кленчылі, ці раскайна… Але ж ні да кога з тых, хто ў пару Сашэсьця Духу Сьвятога — на Тройцу — буйна гуляў у атачэньні пяці храмаў, голас не прыйшоў. Пэўне, знакі зьяўляюцца, калі мы гатовыя іх прыняць ды зразумець. Расчытаць іхны векавечны шыфр.

Але ж даліся нам, цывілізаваным невукам, у знакі гэтыя дзядоўскія павер’і. Мы цяпер хіба што й ведаем знакі нотныя, матэматычныя, карэктарскія, хвабрычныя альбо хвірмовыя. Ды яшчэ знакі адрозьненьняў — усялякія нашыўкі, пагоны, бэджы, што падвышаюць статус нашых асобаў, вылучаюць нас сярод іншых. Надзвычай любім, праўда, знакі нагародаў — зіхоткія — ды вадзяныя знакі — бачныя адно на прасьвет. Дый ня дзіва: дзяржаўныя знакі якасьці, пашаны гэтаксама павыдумляныя, каб нас удала падзяліць — на Выгодных і Не. Быццам няякасная праца — увогуле праца… Затое ходзячы й жывучы пад знакам недарэчных ідэяў ды лёзунгаў, гуртуючыся ў знак чужапаклонства, галасуючы ў знак згоды, мы ўшчэнт вынішчылі мяккі знак — лагодную адметнасьць нашае мовы й характараў. Ажно давялося Сержуку Сокалаву-Воюшу пісаць паэму-ўхвалу ці рэквіем „Мяккі знак“. Ды мы самі застаемся залішне мяккімі, ня маючы ў гэтым аніякіх знакаў прыпынку, не зважаючы на дарожныя знакі гісторыі. А між тым і знакі Задыяку, і народныя знакі-коды нашага бытаваньня ў Сусьвеце чакаюць, пакуль мы ўбачым, пачуем іхны дасыл. Пакуль адолеем знак бяды над лёсам, што спакваля ўрастае ў нашую сьвядомасьць радзімым знакам, — знак чорнае былі духу й памяці.


Золата

            Сяргей Харэўскі

На вырабы з гэтага зіхоткага жаўтаватага мэталу ў Беларусі ставяць кляймо з выяваю зубра. І гэтае золата лічыцца адным зь лепшых у сьвеце. Золата патрапіла ў наш край разам са славянамі. Упрыгожаньні зь яго цаніліся, бо атаесамляліся з бляскам сонца. Аднак жа ў Беларусі золата ніколі не здабывалі. Мо таму беларусы ставяцца да яго абстрактна. Як да выпадковасьці. „Залатая ліхаманка“ для беларускага вуха — экзотыка зь дзіцячае літаратуры. Гэтак, ні багомленьня, ні грэблівасьці. Золата сабе й золата.

Беларусы шануюць у золаце хіба ягоную эстэтыку, чыстую, рэдкую, няўлоўную. Ці ня ў кожнага беларускага паэта мы сустрэнем радок пра золатаЗолата прамянёў, золата валасоў, золата восеньскага лісьця. Але, бадай, нічога пра мэтал, за які нехта можа гінуць.

Залатыя словы — трапныя й важкія. Залатое сэрца — бескарысьлівае й чыстае, бяз плямінаў іржы. Залаты чалавек — фамільярнасьць у дачыненьні да чалавека з залатым сэрцам.

Золата шырэй увайшло ўва ўжытак беларусаў па вайне. Яно стала даступным у выглядзе пярсьцёнкаў ды завушнічак, якія раней насілі хіба што паны альбо цыганы. Золата стала таньнейшым, бо яго здабывалі на Калыме, усяго толькі коштам вязьняў, між якіх былі й беларусы. Многія праз тое золата не вярнуліся дахаты.

Матчына залатая жуковінка. Даўно ня ношаная, амаль новая. Самая дарагая рэч у хаце. Рэліквія.

Пазьней, на мяжы 80-х гадоў, у моду ўвайшлі залатыя зубныя пратэзы. Беларусы ўстаўлялі сабе фіксы з дарагога мэталу, ня ведаючы, куды ж, апроч уласнага роту, укласьці заробленыя грошы.

Сёньня золата здабываюць не гаротныя беларусы-нявольнікі, а велізарныя беларускія „Белазы“, якія вернуць вечную мерзлату недзе ў далёкай Якуціі.

Золата — гэта надзея. Як пісала Ларыса Геніюш:

Квадраты дзён,
запоўненыя працай,
між імі — сонца залаты прасьвет.

А яшчэ золата — гэта крыж на тарчы ваяра з нашае Пагоні. Гэта сымбаль недасягальнае чысьціні Крыжа Сьвятое Эўфрасіньні Полацкай. Рэчы не для штодзённага ўжытку. Золата.


Зона

            Сяргей Дубавец

Слова „зона“ належыць да групы звышадкрытых, „крэпкіх“ словаў, якія сярод іншых вылучаюцца сваёй аголенасьцю і таму звычайна разбураюць эстэтыку беларускага верша і прозы. Падобна як ненарматыўная лексыка. Гэта зьвязана з агульным спэцыфічным стаўленьнем да эротыкі, як да нечага непрыстойнага, распуснага і заганнага. Узбуджэньне эрагенных зонаў у краіне, дзе „сэксу няма“, магло сьведчыць толькі пра адно — пра вашу глыбока схаваную шпіёнскую сутнасьць. Румянец сораму афарбоўваў шчокі…

Звышэмацыйная зона прыйшла ў беларускую мову з расейскай, выцесьніўшы свае словы — кола, прасьцяг, абшар, пас або пояс, якія не вытыркаюцца з агульнага эмацыйнага поля мовы.

Зона, якая асацыюецца з турмой, Чарнобыльскай катастрофай і ваеннымі канфліктамі, за савецкім часам, як і многае тады, набывала адваротную эмацыйную афарбоўку. У пасьпяховага кіраўніка ўсе справы знаходзіліся „ў зоне асаблівай увагі“, сацыялістычнае спаборніцтва мела занальную структуру, гарадзкія паркі на турыстычных схемах называліся „зонамі адпачынку“, а возера Нарач — „курортнай зонай“. Зэкі адкідаліся з зоны, на якой адбывалі тэрмін, і траплялі ў зону асаблівай увагі. Адрозьнівалі зоны паводле прыназоўнікаў: у зоне і на зоне.

Няма сумневу, што з пашырэньнем беларускае мовы, дакладней кажучы — эмацыйна неафарбаванай лексыкі, якога беларуская мова разам з мовамі разьвітых эўрапейскіх краінаў выразна адрозьніваецца ад расейскай, і што, у сваю чаргу, сьведчыць пра дэмакратычны ўнутраны патэнцыял народу, слова „зона“ застанецца ў нашым лексыконе адно гістарычным знакам катастрофы і акупацыі.


Зорка

            Алена Ціхановіч

Сёньня я адгарнула тры беларускія эвангельлі і пераканалася, што ўва ўсіх трох перакладчыкаў — Луцкевіча, Сёмухі й Станкевіча — менавіта па зорцы мудрацы, ці магі з усходу, даведаліся пра нараджэньне Хрыстова. Пабачыўшы зорку на небе, яны прыйшлі пакланіцца нованароджанаму цару юдзейскаму.

Зорка ў беларусаў ахоплівае сваім зьзяньнем і царкоўную, і нябесную, і паэтычную сфэры. Згадаем „Зорку Вэнэру“ Максіма Багдановіча, „Зорачкі“ Сяргея Новіка-Пяюна, „Гэта ты, мая зорка ясная“ Адама Русака. „Засьвяціла зора“ — гэта праходзіць праз увесь фальклёр.

Зора — гэта першасны, больш старажытны варыянт, які, побач з гвездай, належыць усім славянскім мовам. Адметнае хіба што тое, як па-рознаму разьмеркаваліся іх сынанімічныя спэктры ў гэтых мовах. Так, у чэскай zora азначае толькі ранішнюю зорку, а hvezda ахоплівае ўвесь лексычны рад: гэта і нябеснае сьвяціла, і геамэтрычная форма, і выдатны чалавек, славутасьць.

У беларускай, наадварот, слова зьвязда сваімі сёстрамі-зоркамі як бы адціснутае на край небасхілу. Найперш, „зьвязда“ зьвязваецца з тытулам найстарэйшай беларускай газэты савецкага часу. З 1917 году закладзеная ў Менску бальшавікамі газэта выходзіла па-расейску пад назвай Звезда. У 1924 годзе выданьне стала беларускім, у назьве „Звезда“ зьмянілася „Зьвяздой“. Практычна кожнае пакаленьне і чытачоў, і журналістаў газэты вярталася да спрэчкі пра вартаснасьць гэтай назвы. Адна з высноваў, да якой прыходзілі кожны раз — што слова гэтае існавала ў сваёй нішы сэпаратна й незалежна ад бальшавіцкага ўтварэньня.

У многіх гаворках зьвязда супернічае са словам зорка, напрыклад, у называньні таго самага каляднага рыштунку, зь якім прынята хадзіць шчадраваць. Такая зьвязда, ці зорка, звычайна была саламяная, шасьці- або васьміканцовая, яна чаплялася на высокі шасток. У фальклёрных тэкстах ёсьць і спэцыяльная назва для тых, хто ходзіць па хатах пад такой зьвяздой,зьвездары..

Добра, калі ў мове, як і на небе, словы вяжуцца ў сузор’і.


Зубр

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Беларусь на мапе, у тых межах, у якіх яе акрэсьлілі й пакінулі нам у спадчыну бальшавікі, нагадвае зубра.

Зубр у якасьці аднаго з сымбаляў Бацькаўшчыны пачаў фігураваць толькі ў ХХ стагодзьдзі, гэта значыць у той час, калі сама жывёла стала рэліктам і пароду трэ было штучна аднаўляць. Мала які народ у сьвеце чуўся б маральна здаровым, калі б ягоны сымбаль жыў у запаведніку, няхай сабе й такім цудоўным, як Белавеская пушча.

Затое зубр цудоўна пасуе нам у якасьці ілюстрацыі да сучаснага стану грамадзтва. Ён, як дзьве душы Максіма Гарэцкага, традыцыйны і накінуты звонку, ён гаспадар лесу, і ён — знак індустрыйнай дзяржавы. Але гэта — толькі ўражаньне, бо ў сапраўднасьці беларусы і не гаспадары, і індустрыі ня маюць.

Як зьдзек, выглядае зьніклы зубр заміж традыцыйнага аленя на гербах Горадні й Гарадзенскай губэрні часоў Расейскай імпэрыі.

Літаратура ХХ стагодзьдзя ня надта цікавілася зубрамі. Калі хто і апеў гэтую жывёлу, дык Уладзімер Караткевіч. Ён жа ўвёў ува ўжытак і яшчэ адно, пераноснае значэньне слова зубр — чалавек, які ўпарта трымаецца сваіх адсталых поглядаў. На шчасьце, гэткае значэньне не надта каб прыжылося. І зубрамі мы ўсё ж хутчэй назавем Сапегу, Багушэвіча, Крэчэўскага, а нават і самога Караткевіча, чым таго ж Лукашэнку.

У прыродзе зубр жыве 35–50 гадоў. Ягоны названы брат, беларускі цяжкавагавы аўтамабіль „Зубр“, столькі не працягнуў. Ён выйшаў з ужытку й зьнік з рэальнага жыцьця. Як зьніклі зь яго многія так званыя „дасягненьні Савецкай Беларусі“ зь ейнымі зубрамі ад палітыкі, эканомікі ці культуры.

А вось новых нацыянальных зуброў у грамадзкім жыцьці дзяржавы канца гэтага стагодзьдзя назаве стагодзьдзе наступнае.


Зуброўка

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Зуброўка — духмяная трава, якая расьце ў лясох і на лугавінах — атрымала сваю назву праз тое, што яна — улюбёная ежа волатаў беларускага лесу: зуброў. А яшчэ яна — араматычны сродак, які ўжываецца для... Напэўна, кожны жыхар Беларусі мог бы скончыць гэтую фразу, нават не падумаўшы, што апрача гарэлкі зуброўкавы водар можна знайсьці ў старых рэцэптах пірагоў, печываў і іншых прысмакаў. Пахам зуброўкі дыхалі закаханыя ў вечаровых стагах, але пра яго чамусьці ніколі не пісалі паэты.

Укінутая ў гарэлку жоўтая або зялёная сьцяблінка зуброўкі ператварае яе ў трунак найвышэйшай якасьці. Напой „Зуброўка“ — сувэнір зь Беларусі, які вязуць нашыя суайчыньнікі, едучы куды-небудзь у замежжа. Гэткім чынам, „Зуброўка“ — гэта ў пэўным сэнсе візытоўка Беларусі.

„Вось сымбаль твой, забыты краю родны“, — выгукнуў словамі Багдановіча адзін мой знаёмы, уздымаючы над галавой фірмовую пляшку. „А што? — адказаў другі. — Ня трактар жа „Беларусь“ везьці ў падарунак“.

Налепка на „Зуброўцы“, як правіла, упрыгожаная выявамі зуброў, і неабазнаны чалавек можа зразумець гэта як намёк: зубры ядуць гэтую траву, і яны моцныя. Хочаш быць моцным — пі „Зуброўку“. Між тым гатунку зуброўкі, які ідзе на выраб гарэлкі, зубры не ядуць. Яны любяць іншую зуброўку, якая, хаця і аднэй сям’і з гэтай, але такога паху ня мае.

У 70–80-я гады „Зуброўка“ ўжывалася як падмазка перад хабарам, а то й як хабар. Яе скрынкамі выстаўлялі для ўсялякіх праверак, рэвізіяў і ўрачыстых сустрэчаў так званых патрэбных людзей. Кіраўнікі рознага кшталту і розных узроўняў, едучы на паклон хто ў Менск, хто ў Маскву, везьлі яе з сабой і гэткім чынам залагоджвалі справы, атрымлівалі ўзнагароды або „ярлыкі на княжаньне“.

Зуброўка“ і сапраўды магла б стаць каралевай беларускіх напояў, як „Бехераўка“ ў чэхаў, „Пярцоўка“ ў украінцаў, ці каралём, як „Рыскі бальзам“ у латышоў... Але ня стала...


Зьнічка

            Сяржук Сокалаў-Воюш

Нараджэньне чалавека запальвае ў небе зорку, кожная сьмерць — зьнічку. Згарэў, як зьнічка, — кажуць пра чалавека, што пражыў нядоўгае жыцьцё і памёр хутка й прыгожа.

Зьнічка — зорка ў часе падзеньня — адна з самых цікавых і прыгожых касьмічных зьяваў. Паводле слоўніка Насовіча, зьнічка яшчэ — беспрытульны агонь і нават асоба, што зьяўляецца ненадоўга.

Паўлюк Багрым — літаратурная зьнічка XIX стагодзьдзя і адначасна нязгасная зорка паэзіі. Цэлыя сузор’і зьнічак-талентаў расстраляныя і закатаваныя сталінцамі і фашыстоўцамі.

Мігнецца стужка агнявая —
То зьнічка згасьне залатая, —

пісаў Якуб Колас.

Зьнічка — дачка Зьніча, паганскага вечнага агню. Агонь гэты мелі ўсе славяне, а зьнічку — толькі мы.

Жнівень і верасень — самыя зьнічкавыя месяцы ў Беларусі. Нягледзячы на халодныя ночы, закаханыя ў гэты час саграюць адно аднаго ня толькі абдымкамі ды пацалункамі. Яны глядзяць на зорнае неба і, пачуўшы сваю прысутнасьць у сусьвеце, саграюцца сьветлымі думкамі пра вечнасьць каханьня.


Зямля

            Ігар Бабкоў

Зямля — гэта тое, што ў нас пад нагамі, і тое, што мы маглі б бачыць з космасу. Зямля дзеліцца на тэрыторыі, пляцоўкі, надзелы. Але застаецца адзінай і непадзельнай.

Зямля заўсёды сырая, але часам гарыць пад нагамі ў акупантаў. Зямля — тое, што нас носіць пры жыцьці, і тое, куды мы кладземся пасьля сьмерці.

Зямля вельмі старая. Яна старэйшая ня толькі за асобнага чалавека, але і за ўсё чалавецтва. Калісьці празь мільярды гадоў яна астыне, і тады чалавецтва будзе вымушанае шукаць сабе новую зямлю. Пра гэта будуць складацца легенды, міты, пісацца раманы і паэмы.

І, магчыма, тады адзін з гісторыкаў, які будзе займацца далёкім і дзіўным ХХ стагодзьдзем, прыгадае паэму Якуба Коласа „Новая зямля“. І хаця шмат што з дэкарацыяў эпохі будзе ўжо незразумелым, шмат якія дэталі прыйдзецца тлумачыць у камэнтарах дробным шрыфтам, сама гісторыя пра пошукі кавалка сваёй зямліцы застанецца блізкай і актуальнай.

Бо і тая зямля, што ў нас пад нагамі, і тая, што абарочваецца вакол сонца, адная і тая ж зямля.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 7 (12) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн і майстраваньне: mk
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 29-12-2000