A R C H E | S l o u n i k S v a b o d y | № 7 (12) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Ж
Жорны Уладзімер Арлоў Жорны, або ручны млын — адна з найгалоўнейшых вынаходак чалавека. Дзякуючы жорнам людзі атрымалі хлеб. Некалі жорны былі амаль у кожным беларускім сялянскім двары, займаючы пачэснае месца ў сенцах ці ў самой хаце. За дзень на каменных жорнах можна было змалоць тры пуды жыта. У гады калектывізацыі ў незаможных вёсках, што стаялі на пяшчаных полацкіх землях, гаспадароў жорнаў, выконваючы разнарадку, часта запісвалі ў кулакі. Васіль Быкаў згадваў пра аднавяскоўца, які, каб уратавацца ад Сібіры, прынародна разьбіў свае жорны на панадворку. Удзень расколатыя камяні-жарнавікі ляжалі навідавоку, а па начах гаспадары-суседзі скручвалі іх дротам ды ўпотай малолі зерне. Энцыкляпэдыя этнаграфіі Беларусі сьцьвярджае, што жорны захоўваліся ўва ўжытку да 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя, але гэта ня так. Нягледзячы на велічныя посьпехі савецкага народу ў камуністычным будаўніцтве, яшчэ напрыканцы 60-х, бавячы лета ў роднай мамінай вёсцы на Шклоўшчыне, я шмат разоў уласнаручна круціў бабуліны жорны. У далёкіх лясных вёсках, дзе жыве дзясяткі два старых, дзе найбліжэйшая крама за дзесяць кілямэтраў, а аўталаўка з хлебам прыяжджае раз на пару тыдняў, жорны й сёньня ратуюць беларускага селяніна. Апошні раз жывыя жорны мне выпала бачыць у забытай Богам і ўладаю расонскай вёсачцы на мяжы з „братняй“ Расеяй. „Галасавалі, дзетка, за таго лукашонка, а цяпер во гора сваё на жорнах мелем“, — сказала старая кабета зь некалі блакітнымі вачыма. Размова адбывалася летась. Значыцца, энцыкляпэдычны артыкул пра жорны вымагае напрыканцы стагодзьдзя істотнага ўдакладненьня. Журналіст Аляксандар Лукашук Элегантнае, вытанчанае, густоўнае — наўпрост з Парыжу. Францускае слова з коранем „дзень“, якое толькі на пачатку ды напрыканцы стагодзьдзя мела рэальнае значэньне ў Беларусі. 10 гадоў нашаніўскае пары перад саветамі і 10 гадоў незалежнага друку пасьля іх прыходу плюс пару дзесяцігодзьдзяў калатнечы за Польшчай у Заходняй Беларусі, ды шматлікія эмігранцкія выданьні ў Амэрыцы, Эўропе і Аўстраліі, ды самвыдат — няшмат, хаця ня так і мала. Журналістыка журчыць, часам бярэ на сябе ролю журы, жартуе з агнём і вучыць не журыцца. У Беларусі ўлада й журналісты, як казачныя ліса й журавель: што добра аднаму, не пасуе другому. Журналістыка пад прымусам ідзе мэтастазамі, чарнее, курчыцца й гіне: урадавыя ордэны на афіцыйных газэтах і ў афіцыйных журналістаў — трупныя знакі прафэсійнае зьнявагі. Белыя плямы, глушылкі, драконаўскія суды, штрафы й закрыцьці — прафэсійныя ўзнагароды беларускае незалежнае журналістыкі. Журналістыкі не бывае без свабоды; у ХХ стагодзьдзі свабода немагчымая без журналістаў. Жыды Сяргей Шупа У канвэнцыях клясычнага правапісу („тарашкевіцы“) і ў жывой беларускай мове дасавецкага часу гэтае слова было адзіным назовам народу, лёс якога за стагодзьдзі супольнага жыцьця цесна пераплёўся зь беларускім. У гэтым сэнсе Беларусь належала таму самаму эўрапейскаму арэалу, што й Польшча, Літва ды іншыя краіны Ўсходняй Эўропы, дзе словы Żyd, Žydas ня маюць ніякага абражальнага або адмоўнага адценьня. Гвалтоўная русыфікацыя падсавецкай Беларусі надала беларускаму слову жыд зусім іншае гучаньне — у расейскамоўным кантэксьце яно ўспрымаецца гэтаксама, як і адпаведнае расейскае, безумоўна абразьлівае, слова. Апошнімі дзесяцігодзьдзямі вяртаньне да клясычнага, несавецкага варыянту беларускай мовы зноў паставіла пытаньне аб статусе слова жыд — аб тым, як вярнуць яго ўва ўжытак, ня крыўдзячы самых прадстаўнікоў гэтага народу. Праблемай найчасьцей паўставала тое, што апошні раз замена савецкага яўрэй на несавецкае жыд адбылася ў надзвычай трагічны для нашых народаў час другой сусьветнай вайны, што не магло не выклікаць у сёньняшніх людзей балючых асацыяцыяў. З другога боку, успрыманьне гэтага слова залежыць і ад таго, кім лічыць нас, беларусаў — асобным усходнеэўрапейскім народам (як палякі або літоўцы) або нейкімі „малодшымі братамі“ расейцаў і мову нашую — толькі адгалоскам расейскай з усімі яе сэнсавымі асацыяцыямі. Гэтая дылема, аднак, дагэтуль застаецца нявырашаная, а прыхільнікі клясычнага правапісу часта, каб пазьбегнуць канфрантацыі, ужываюць словы гэбрай, гэбрайскі. Слова жыд загінула ў полымі Галакосту, слова яўрэй — на руінах савецкай імпэрыі. „Вы ўскрэсьнеце, Жыды, усьлед за Беларусяй“, — спадзяваўся Янка Купала ў 1919 годзе. Гэтаму прароцтву не было наканавана збыцца. Другая сусьветная вайна ў Беларусі забрала ў нябыт цэлы культурны кантынэнт беларускага жыдоўства (задумаемся, чым рэальна напоўненая вядомая ўсім формула „кожны чацьверты“). Гэты кантынэнт зьнік, як Атлянтыда. Ягонымі спадкаемцамі застаемся мы ўсе. Жылплошча Сяргей Харэўскі Па вайне забесьпячэньне масаў жыльлём стала магутнай псыхатэрапіяй для панішчаных гарадоў і вёсак. За тлумам новабудоўляў забываліся жахі вайны і Курапатаў. Пад фанфары перарэзваліся чырвоныя стужкі, і на вачах у зьняможанага народу паўставалі дамы-палацы. Тады будавалі на шырокую нагу. Пра нарматывы кватэрных плошчаў ня дбалі. 12 дадатковых мэтраў абавязкова выдзялялася для кандыдатаў хоць якіх навук. А для дактароў ці для творчых работнікаў мусілі прыдаваць па 20 мэтраў. Гэтая вынаходка Сталіна трывала да канца СССР. Неўзабаве, праўда, высьветлілася, што новых палацаў на ўсіх ня хопіць. Давялося ўводзіць нарматывы. За Хрушчовым яны склалі 6 мэтраў на чалавека, якіх, на думку савецкіх гігіеністаў, мусіла хапіць савецкаму чалавеку для здаровага сну пасьля цяжкага працоўнага дня. Праўда, жылплошчай звалася не агульная плошча кватэраў, а толькі плошча пакояў, тая, дзе можна было ставіць ложкі або сэрванты. Неўзабаве прыйшла яшчэ адна праблема — як стрымаць рост гарадоў. Тады прыдумалі наступную норму — лішнія 12 мэтраў трэ было шукаць таму, хто жадаў атрымаць блаславёную гарадзкую прапіску. Дзеля атрыманьня жылплошчы пайшлі ў ход шлюбы, народзіны і разводы. Жылплошча — гэтае слова штодня гучала на розныя лады ў судах, міліцыі, ЗАГСах. Адна з галоўных мэтаў савецкага чалавека — жылплошча... Ня блытаць з жыльлём!
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 7 (12) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com |