A R C H E S k a r y n a № 8 (13) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


82000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

ЮРЫ АНДРУХОВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 6-2000.

   Мінулыя нумары:

   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юры Андруховіч
 
Малая інтымная
урбаністыка

1.

Любая сучасная мапа засьведчыць, што Львоў знаходзіцца на поўнач і крыху на захад ад Івана-Франкоўску, дзе я жыву. Кіеў, у сваю чаргу, — на поўнач і ў значнай меры на ўсход. Але адным з вынікаў другой сусьветнай вайны сталася тое, што для падарожных франкоўцаў абодва месты ляжаць нібыта на адной лініі. Прычына гэтаму — зруйнаваны (ужо й ня ведаю кім — немцамі ці расейцамі) чыгуначны мост цераз Днестар. Таму, насуперак геаграфіі, пасажырскі цягнік №203 Івана-Франкоўск—Кіеў спачатку адхіляецца на паўночны захад ад месца канцавога прызначэньня. У Львоў ён прыбывае надвячоркам, пасьля першых трох гадзінаў рэйсу. Амаль усе выходзяць на пэрон, яшчэ адносна сьвежыя й неагрэсіўныя. Тыя, хто пачаў адразу пасьля Франкоўску, дакупляюць алькаголь і вакзальныя харчы. Іншыя таксама запаўняюць паўзу чым-небудзь карысным — прымаюць або аддаюць перадачы, ладзяць сабе кароткачасовыя спатканьні, дыхаюць невагонным паветрам. Да Кіева шчэ дванаццаць гадзінаў шляху, што само па сабе ня так ужо і блага.

Па гэтай лініі, Франкоўск—Львоў—Кіеў, я рэгулярна курсую ці не зь сямнаццаці год. Не сумняюся, што ў яе межах я некалькі разоў аб’ехаў Зямлю па экватары. Але гэтая лінія для мяне ляжыць ня толькі ў прасторы.
 

лідэр новае ўкраінскае літаратуры, аўтар трох паэтычных зборнікаў і трох раманаў, укладальнік некалькіх анталёгій сучаснае ўкраінскае літаратуры. Аглядальнік аддзелу культуры газэты „День“. Жыве ў Івана-Франкоўску. Апошняя кніга — зборнік эсэ „Дэзарыентацыя на мясцовасьці“ (Лілея-НВ, 2000). Эсэ друкуецца з ласкавага дазволу рэдакцыі ўкраінскага часопіса „Критика“ і аўтара.
   

Мае яна таксама й часавае вымярэньне. Львоў быў першым у сьвеце местам, куды я аднойчы падаўся з дому. Быў пачатак ліпеня, каля пятай раніцы, я ледзьве дачакаўся на мокрай ад расы прывакзальнай траве цягніка — ня кіеўскага, а з Рахава. Ён яшчэ нядаўна ехаў праз горы, пра што сьведчылі ня толькі заінелыя дахі вагонаў, але й вялікая колькасьць карпацкіх цыганоў ува ўсіх без выключэньня тамбурах.

Малюнак сьвету складаўся ў дасканалую цэласьць. Ледзьве жывы ад старасьці цягнік з гор, магнэтычная блізкасьць Цэнтру Эўропы, Галіччына за вокнамі, чатырохгадзіннае расхістваньне мандражу ў самім сабе, урэшце — прыбыцьцё: усё, з трамваямі, брукоўкай, псэўдагатычнай Альжбэтай ды шэрагам псэўдагатычных камяніцаў на Гарадзецкай, сьведчыла пра дасягненьне мэты (Эўропа! культура! воля! кайф!).

Гэтага хапіла надоўга — на пяць год і болей. Менавіта таму я часам знаходжу падставы называць сваё юнацтва „львоўскім“. Я разумею, наколькі гэта адказна. Сотні тысячаў людзей пражываюць свой час і месца, нават не заўважаючы, што гэта, па-першае, юнацтва, а па-другое, што яно львоўскае. Галоўнае, я ня здольны даходліва растлумачыць староньняму, у чым ягоныя асаблівасьці, чым яно такое адметнае. Згадваюцца толькі бэзавы кіпень, пляшка чарніла на Высокім Замку, панарама старых дахаў і муроў, а таксама музыка, напрыклад, „Джэтра Тал“, хаця пры чым тут яна?

Усё гэта вельмі непераканальна, усё гэтае „львоўскае юнацтва“, я згодны. Аднак гэта, прынамсі, штосьці — у параўнаньні з „кіеўскай маладосьцю“. Бо апошняя — проста здань, якую я няясна бачыў скрозь колькігадовы сон, дый так і ня здолеў зразумець, ці то яна намагалася прывабіць мяне, ці то запалохаць, ці то проста бяз пэўнае мэты дыхала ў твар перагарам — а можа, як выказаўся б хтосьці з больш радыкальных за мяне „майстроў слова“, — сьмерцю духоўнай.

Таму няма сэнсу надалей спыняцца на гэтым.
 

 
   

2.

А што ж усё-ткі з тым львоўскім юнацтвам?

Перш за ўсё яно мела горкі прысмак. Гэтае пачуцьцё завецца расчараваньнем. Вельмі добрае пачуцьцё, страшэнна плённае й глыбока творчае, як сьцьвярджаюць вядомыя мне аўтары „выхавальных раманаў“. Расчараваньне ўзьнікае на той невядомай мяжы, дзе адбываецца сутыкненьне ўяўнага з рэальным. А паколькі гэтая мяжа й насамрэч нябачная, то і расчараваньне часам можа непрыкметна ператварыцца ў захапленьне, і наадварот.

Уяўнае места Львоў ляжала на маляўнічых зялёных пагорках, цалкам зьберагаючы архітэктоніку й архітэктуру места яшчэ, мабыць, сярэднявечнага. З расчыненых вокнаў там нон-стоп лілася клявэсынная музыка або прынамсі добры сымфа-рок, а дзяўчаты з доўгімі валасамі й вянкамі на галовах чакалі мяне ў траве паблізу фантанаў. Ва ўяўным Львове размаўлялі толькі па-ўкраінску, хіба што старыя ведзьмакі й чараўніцы дазвалялі сабе якую-небудзь лаціну ці грэцкую. Там кожны ведаў на памяць вершы Антоныча, вандроўныя мэнэстрэлі штовечар давалі канцэрты проста на вуліцы. Пад местам была разгалінаваная сыстэма капальняў і лёхаў, там захоўваліся невычэрпныя запасы віна, золата, тканінаў і старадрукаў. Увогуле гэта было места бясконцай таямніцы, і таямніцай пахлі яго жанчыны, расьліны, дажджы. Я ведаў, што львоўская рэчка схаваная пад зямлю, але ў ёй вадзіліся сапраўдныя атлянтычныя вугры, паколькі фактычна места ляжала ў Атлянтычнай зоне сьвету, цалкам магчыма, што й на марскім узьбярэжжы.

Рэальны Львоў адсоткаў на дзевяноста зь нечым складаўся з жахлівых перадмесьцяў і новабудоўляў. Нагрувашчаньне прамысловых тэрыторыяў, хаос фабрычна-станцыйных закануркаў, аднастайныя спальныя раёны, збудаваныя ў сямідзясятых і пазьней, жалезабэтон, панэлі, смурод і скрыгат зубоўны. Фатальная бездапаможнасьць гарадзкіх уладаў у справах вады, каналізацыі, транспарту. З адчыненых вокнаў калі й далятала нейкая музыка, дык толькі савецкая эстрада, расейскай мовы ў горадзе аказалася страшэнна многа. Але яшчэ горшым было тое, што носьбіты ўкраінскай амаль бяз вынятку ўяўлялі сабой тупое й пасіўнае сяло. Студэнты ўнівэрсытэту ўсім сваім выглядам, узроўнем разьвіцьця й спосабам жыцьця нагадвалі хутчэй выхаванцаў якога-небудзь імбэцыльнага пэтэвэ. А так званая нацыянальная інтэлігэнцыя дэманстравала цуды вернападданства й сэрвілізму, усю сваю ўкраінскасьць сублімуючы ў раскормленыя морды й вышываныя кашулі. Усё гэта разам стварала найпаскуднейшую з усіх вядомых мне гіпастазіяў саўка — саваукр.

Таму мне не заставалася нічога іншага, акрамя веры ў нейкі паралельны Львоў. Час ад часу гэтае места пасылала мне сыгналы пра сваё існаваньне. Гэта мог быць цень нейкага нетутэйшага й несучаснага пэрсанажа з пакінутай птушынай краіны ў прапахлых адкідамі галерэях старога места. Магла быць зьвестка пра чарговы палітычны працэс, левую мастацкую выставу, рок-опэру „Стэпан Бандэра“ або сустрэчы дзяцей-кветак у Сьвятым Садзе. Прагляд фільму Таркоўскага, шпацыры па Лычакоўскім цьвінтары, паўночнае зьбяганьне ў цемрадзь са схілаў Высокага Замку — усё гэта магло спрацаваць на карысьць іншага Львова. У хвіліны найцяжэйшых ювэнільных катастрофаў мне дастаткова было прыйсьці сярод ночы на Рынак з пачатай пляшкай, а то й безь яе.

Самае цікавае, што як толькі маё львоўскае юнацтва скончылася, я патрапіў-ткі ў самы вір гэтага таемнага Львова, у густую, прасякнутую віном, бяссоньнем, каханьнем і вільгацьцю атмасфэру. Я змог пераканацца, што ўсе мае здагадкі былі недарэмныя. І хаця „Вуйки“ ўжо ня гралі, Калінец ужо не пісаў, а Чубай ужо ня жыў, я адчуў-ткі пэўную прыналежнасьць да львоўскіх містэрыяў.

Якраз тады я змушаны быў вярнуцца ў родны горад, размазваючы па ўсіх сваіх нататніках гэтую жыцьцёвую паразку і рыхтуючыся да максымальна магчымага супрацьстаяньня бязглуздай рэшце жыцьця.

Дрэнна, што амаль нічога з таго, што ўяўлялася, не збылося. Добра, што ўсё склалася менавіта так.
 

 
   

3.

Добра, што я жыву ня ў Кіеве. Добра, што гэта была толькі здань маладосьці. Таму я яго й ня ведаю. Магчыма, я толькі штосьці здагадваюся пра яго. Але для мяне гэтае места пачынаецца а палове на сёмую раніцы, калі я выходжу з вагона і чую — у твар і ў сьпіну — заклікі, ад якіх нічога добрага чакаць не даводзіцца: „Мушчіна, таксі недорага!

Найгалаўнейшай асаблівасьцю Кіева шмат якія мае знаёмыя лічаць неўкраінскасьць места. Вядзецца перш за ўсё пра моўную сытуацыю, якая, пачынаючы зь дзевяноста першага ці нават зь дзевяностага году, усё ж, на мой погляд, знаходзіцца ў стане пэрманэнтнага маятнікавага ваганьня ў абодва — украінскі й расейскі — бакі. Але ня толькі пра яе.

Кіеў наагул знаходзіцца ў зоне нейкіх іншых „неўкраінскіх“ мэнтальна-псыхалягічных уплываў. Нават стоадсоткавае ўкраінства з больш ці менш аддаленых мястэчак і сёлаў, што ўвесь час паджыўляла Кіеў, ня здолела яго зьмяніць. Наадварот — Кіеў зьмяняў тое ўкраінства. Найбольш адчувальная праява гэтага — поўная мэханістычнасьць кіеўскага гарадзкога існаваньня. У адрозьненьне ад усіх іншых эўрапейскіх сталіцаў, у Кіеве няма „сьвята, якое заўжды з табой“ — насуперак фармальнай насычанасьці гарадзкога існаваньня разнастайнымі народнымі гуляньнямі. Маштабны рух бястварых чалавечых плыняў, узаемная насьцярожанасьць, ізаляванасьць, падрыхтаванасьць да барацьбы, агрэсіі, адсутнасьць імправізацыі, весялосьці духу і гульні ў людзкіх стасунках — усё гэта дазваляе вызначыць насельніцтва Кіева як вялізарную хаатычную зборку чужых і непатрэбных адно аднаму людзей. Не, у Кіеве й блізка няма той нясьцерпнай лёгкасьці быцьця, якой так багата ў Парыжы, Празе, Бялградзе ці нават у Нью-Ёрку. Быцьцё важкаватае, жыцьцё мешкаватае, калі дазволіце мне тут зьвярнуцца да нескладанага рыфмаваньня. Час ад часу прарывам на паверхню глыбока схаванага людзкага выступае хіба што футбол, аднак гэты чыньнік настолькі неістотны й зьменлівы, што ня мае ніякай рэальнай вагі.

Мой сябра Юры Пазаяк, здаецца, можа са мною не пагадзіцца. Яму вядомы іншы Кіеў, нейкія цалкам экзатычныя анклявы, унутраная прыхаваная местачковасьць са сваімі рэальнымі рытмамі, кодэксамі самаўпарадкаваньня і мовай, перш за ўсё Яўбаз. Я веру ня столькі яму, колькі ў тое, што яму трэба верыць. Інакш нікому з нас ня вытрымаць сам-насам з гэтым — не, не Малохам — мотлахам.

Для мяне Кіеў — гэта выспы ў акіяне, шчэптачкі людзей, што тут жывуць, раскіданыя па рэдакцыях, студыях, памяшканьнях і кавярнях — тыя, што гадамі й дзесяцігодзьдзямі супрацьстаяць кіеўскай мэханістычнасьці й застаюцца жывымі людзьмі. Паміж імі вялізныя адлегласьці, пераадолець якія можа толькі мэтрапалітэн. Фактычна мае маршруты — гэта рух ад адной схованкі да другой, такім чынам, Кіеў — гэта насамрэч зь дзясятак мініятурных фартэцыяў. Выхад на паверхню вельмі непажаданы і надзвычай небясьпечны. Ён дапускаецца толькі дзеля папаўненьня запасаў алькаголю. Навокал блукаюць монстры зь перакрыўленымі мордамі і плямкаюць штосьці малазразумелае на сваёй паўмове.

З усіх роляў, якія мы змушаныя граць у сваім жыцьці, мне больш за ўсё падабаецца роля апавядальніка. А з гэтага вынікае, што мова — менавіта мова, а не пісьменства, менавіта вуснае маўленьне — мае для мяне надзвычайную значнасьць. Ня менш люблю я і слухаць іншых: як хто гаворыць на гэтым сьвеце і што ён грузіць. У сваіх шматдзённых вечарова-начных адысэях па сьцякляшках ды кнайпах я гатовы выслухаць усіх — пажмяканых жыцьцём алкашоў, абшарпаных спартоўцаў і бізнэсоўцаў, артыстаў і артыстак, вясёлых бандытаў, сэнтымэнтальных прастытутак, сабачых сыноў, сучых дачок, увесь гэты люд, які часам памылкова называюць народам. Я, Патрыярх Бу-Ба-Бу, бяз гэтага не магу. Гэта нармальна, так заўсёды бывае ў Франкоўску ці ў Львове, у Кракаве, Празе, Бэрліне такое таксама здаралася. Але ў Кіеве гэта амаль немагчыма: мае анёлы-сябры выторгваюць мяне з кожнага выпадковага знаёмства — за кожнай размовай, кожным выхадам на паверхню хаваецца небясьпека, гэта жахлівая рызыка, гэта сканчаецца, як мінімум, праламанай галавой (я ўжо бачу свае выбітыя зубы на кіеўскім асфальце). Наўкола нас нядобры акіян, кажуць мае сябры.

Таму ў Кіеве пісьменьнікі сябруюць толькі зь пісьменьнікамі. Або, як ім здаецца, з Богам размаўляюць. Бо што застаецца?
 

 
   

4.

Добра, што я жыву ня ў Львове. За гады маёй адсутнасьці праблемы водазабесьпячэньня ў ім так, здаецца, і ня вырашылі. Хаця наагул жыцьцё ў Львове зрабілася за апошні час адчувальна прыямнейшым: нават у нашых хранічна неспрыяльных для кожнай прыватнай ініцыятывы абставінах яна, ініцыятыва, здолела што-нішто зьмяніць у гарадзкім побыце й ляндшафце. Але добра, што я жыву ня ў Львове, бо прыемнасьць ня мае для мяне такога ўжо вялікага значэньня.

З пачатку дзевяностых Львоў лічыўся местам, якое дэградуе. Пра гэта сьведчыў нават выгляд: паступовае разбурэньне вуліц і будынкаў, абваленыя гаўбцы й ляпніна, цемрадзь, вільгаць і холад, заваленыя брудам і сьмецьцем падворкі. Львоў літаральна канаў, ператварыўшыся ў суцэльны вакзал, гэткую базу для далейшае перавалкі праз заходнюю мяжу Ўкраіны сьціжмаў эсэнгэўскага насельніцтва ў трусовых шапках і спартовых аднастроях.

У той самы час са Львова зьехала (зьяжджае, зрэшты, і дасёньня) багата „людзей дзевяноста другога цягніка“. (Ёсьць такая катэгорыя напаўкіеўцаў-напаўльвавянаў.) Большая іх частка зрабіла выбар — прынамсі часовы — на карысьць Кіева. Львоў проста на вачах страчваў людзей маладых, здольных, плястычных, разумных. Самі яны абвінавацілі ў такім сваім выбары ідыёцкія мясцовыя ўлады, хаця мэркантыльныя перадумовы такой міграцыі ўвогуле былі зразумелыя й бачныя няўзброеным вокам. У Кіеве іх чакалі нашмат вышэйшыя аклады й бліскучыя кар’еры (асоба з вышэйшай адукацыяй і вольным валоданьнем дзяржаўнай мовай магла ўвечары заснуць пэрспэктыўным журналістам, а прачнуцца ўранку якім-небудзь віцэ-прэм’ерам, або, прынамсі, ягоным сакратаром, што, па сутнасьці, адно й тое ж). Некаторыя зь іх нясьмела матывавалі пераезд і неабходнасьцю „хоць неяк украінізаваць Кіеў“, але з такіх часьцей за ўсё сьмяяліся — і мелі, дарэчы, рацыю.

Увогуле, акрэсьлілася своеасаблівае замкнёнае кола — Львоў дэградуе, бо адтуль уцякаюць найлепшыя людзі, а найлепшыя людзі ўцякаюць, бо Львоў дэградуе.

Насамрэч, як засьведчылі наступныя гады, Львоў аніяк не дэградуе. Ён і не прагрэсуе ў пэўным сэнсе, гэта таксама праўда. Львоў кансэрватыўны паводле сваёй прыроды, вось у чым справа. У Львове заўсёды застаецца прыблізна аднолькавая колькасьць свалаты, вар’ятаў, патрыётаў, грамадзянаў, мяшчанаў, багемы, тумкалаў, маскалёў — словам, усіх катэгорыяў насельніцтва. То бок яны зьберагаюцца ў прыблізна сталых прапорцыях. Гэта дазваляе Львову заўсёды быць самім сабой, нават у часова разладжаным стане.
 

 
   

5.

„У Львове кажуць, нібыта паэт К. страшэнна абразіўся на цябе“, — паведаміў мне як заўжды прыкрую навіну адзін экзэгет. „Бо ў Львове ўвогуле кажуць“, — адказаў на гэта я. У Львове кажуць, нібыта дачка доктара Ц. паехала нараджаць у Амэрыку. У Львове кажуць, нібыта зубны доктар Ш. вырывае ў мерцьвякоў залатыя каронкі. У Львове кажуць, нібыта Я. сьпіць з Б., а Х. з П. У Львове кажуць, нібыта Ч. падабаюцца хлопчыкі. У Львове кажуць, нібыта на вэрнісажы Ю. былі канапкі з дустам. У Львове кажуць, нібыта ў Р. вылазяць апошнія валасы — напэўна, завёў каханку. У Львове кажуць, нібыта К...цкія на мінулым тыдні не зьяўляліся ў царкве. У Львове кажуць, нібыта Гэты купіў кватэру, Той — рызэншнаўцэра, а Гэная — увогуле жыдоўка. У Львове кажуць.

Для таго, каб зразумець значнасьць чыньніка „кажуць“ для Львова, трэба памножыць ягоны эфэкт на палітычную й экзыстэнцыйную несвабоду ўсіх папярэдніх эпохаў, асабліва апошняй. На атмасфэру даносаў, фальсыфікацыяў, вылоўліваньня душаў. Так, менавіта ў Львове ўпершыню сказалі, нібыта Дз. пакаяўся, Дж. адрокся, а І.Х. укрыжавалі. Дзякуючы гэтаму места выжыла й зьберагло сябе ў найцяжэйшыя часы. Львоўскія чуткі й пагалоскі — гэта такі спосаб узаемнай падтрымкі. Бо сапраўдныя львавяне — гэта вялікая сям’я, la familia, мафія, дзе ўсе падтрымліваюць адно аднаго сваім несупынным пляткарствам, цікаўнасьцю, зайздрасьцю, нянавісьцю, што мяжуе зь любоўю, навязьлівай увагай. Ён шалёна жывучы, гэты Львоў, нездарма ж ён зь сямейства кашэчых.

Львоў назірае за табой, або хутчэй глядзіць на цябе, як вядомая ніцшэўская прорва. Ад яго не схаваеш нічога — гэта цудоўны дэтэктар, гэта амаль дэтэктыў, з-пад чыёй увагі ня выпадзе ў сфэры татальна прыхаванага ні нацыянальная здрада, ні самая звычайная распуста, ні нават найменшае махлярства падчас гульні ў брыдж. Толькі вось яшчэ што: Львоў усё прабачае. Бо ў вялікай сям’і рознае здараецца. Таму насамрэч гэта ніякая ня прорва, а такая сабе грамадзкая яма, супольная нізіна, перапоўнены выпарэньнямі чалавечага цяпла гістарычны адстойнік.

А што ў Кіеве? Абыякавасьць? Ніхто нічога не жадае ведаць? Унутранае шамаценьне маленькіх асяродзьдзяў усярэдзіне іх мініятурных фартэцыяў?
 

 
   

6.

Я не люблю Кіева, пісаў я каля двух год таму. Тады ў мяне былі на гэта свае асабістыя падставы — гэты горад па-зьвярынаму забіў майго сябра. Папраўдзе, такая гісторыя магла здарыцца і ў якім іншым месьце, у іншай краіне, магчыма, і на іншай плянэце. Але разам з тым гэта было настолькі па-кіеўску, гэтае забойства, гэтая бязглузьдзіца, гэтая сьмерць зь нічога!

Так, менавіта зь нічога. У Кіеве заўсёды адчуваеш гэтае Нішто — яно беспамылкова вылучае з чалавечай чарады ўсіх іншых, непадобных, прыглядаецца да іхняй жэстыкуляцыі, прыслухоўваецца да мовы, вышуквае душэўныя зрухі й найменшыя зьмены настрою. Вядзецца не абавязкова пра зьнішчэньне гэтых іншых — перш за ўсё, напэўна (калі мне дадзена разумець гэтыя рэчы), пра іх абясшкоджаньне ці, лепш сказаць, утаймаваньне. Яно бярэ іх пад нагляд і ўжо не выпускае з поля зроку — да апошняга іхняга подыху. І калі казаць пра прорву, дык гэта яна.

Тым ранкам я толькі прыехаў у Кіеў і ўсюды мяне чакалі справы, пільнавалі дамоўленасьці, я лётаў, высалапіўшы язык, ужо з восьмай, каб пасьпець з абяцанкамі-цацанкамі хаця б напалову. Прыблізна а дзявятай мяне засьпела жахлівая вестка, далей я ішоў ужо па інэрцыі, бо, па вялікім і адзіным рахунку, пасьля такіх вестак уся штодзённая мітусьня адразу страчвае сэнс. Але я пераадольваў неверагодныя кіеўскія адлегласьці — магчыма, гэта быў спосаб самаабароны або ілюзія ўцёкаў. Так ці іначай — я зьяўляўся з-пад зямлі ў розных месцах, дастаткова ўзаемна аддаленых. І ўсюды я бачыў адно й тое ж: гандаль мясам з вулічных латкоў. Гэта быў нейкі дзень мяса ва ўсім Кіеве — каля станцыяў мэтро, імправізаваных кірмашоў, на сходах, у сквэрах і нават у дварах нейкія людзі прадавалі мяса з абабітых белай бляхай, падобных да каталак сталоў, секлі кавалкі, трушчылі косткі, над імі луналі восы, мухі й таполевы пух, быў чэрвень, была ліпкасьць і духата, сьмяротны кіеўскі пыл вісеў у паветры й асядаў на яткі, на мёртвыя тушы, на твары гандляроў і пакупнікоў, але ўсе яны працягвалі нетаропка й мэтадычна рабіць сваё — секлі, важылі, прынюхваліся і прыцэньваліся.

Мне здаецца, гэта быў гумар. Такім чынам Нішто проста жартавала. Гэта была такая кінастужка з нагоды сьмерці майго сябра. Нішто дасягнула сваёй мэты, калі прыблізна праз тыдзень пасьля гэтага ў мяне нібыта сама па сабе напісалася фраза: „Я не люблю Кіева“.
 

 
   

7.

Аднак я мушу туды езьдзіць — гэта непазьбежна, гэта, як я ўжо пісаў, істотная частка майго жыцьця, дарога ад Франкоўску да Кіева з абавязковым прыпынкам у Львове.

Тым разам усё было прыблізна гэтаксама, хаця нечаканае пахаладаньне адчулася ўжо на львоўскім пэроне, і з-за гэтага я ня змог выпаліць спакойную цыгарэту ў таварыстве нейкіх малазнаёмых землякоў з суседняга вагону. У цягніку я амаль што адразу паклаўся спаць, бо ведаў, што мяне падымуць ужо а пятай — перад Кіевам яшчэ трэ будзе прыбраць у вагоне. Правадніца й насамрэч не дазволіла мне вылежвацца, раўнуўшы на вуха жахлівае словаспалучэньне „мушчіна, пад’ём!“. Фасфарычныя лічбы на маім гадзіньніку сьведчылі пра тое, што зараз безь пятнаццаці пяць. Сьцяўшы зубы й кленучы гэты найгоршы зь сьветаў, я вылез з-пад шыняля на холад. Цяжэй за ўсё было адмыць тамбур зь безьліччу бычкоў, што папрымярзалі да сьлізкай, у крывавых згустках, падлогі. Я згадаў, што дзесьці пасьля першай з тамбура даляталі гукі нейкай бойкі. Не пашчасьціла, думаў я сабе. На сральнік пайшло вёдраў з восем ледзяной вады. Пры гэтым мне заміналі іншыя пасажыры, нейкія цёткі ў пуховых хустах і крыклівыя вэтэраны з ордэнскімі планкамі. Калідор я панічна дамываў, ужо калі цягнік запавольваў хаду на станцыі Кіеў-Цэнтральны.

У Кіеве было цёмна, але я інстынктыўна адчуў, куды трэба рухацца, каб патрапіць у памяшканьне вакзалу. Па дарозе мяне спынялі таксісты, яны чапляліся за локці й за крысьсе дажджавіка, пстрыкаючы запальнічкамі мне ў твар. Дарэчы, гэта маглі быць і не таксісты. Прабіўшыся скрозь іхнія шэрагі, я патрапіў-ткі ў залю чаканьня, але там было столькі сьмярдзючых бамжоў, калекаў, цыганятаў і вар’ятаў, што я змушаны быў разьвярнуцца яшчэ з парога, як толькі згледзеў бандыцкага выгляду міліцыянта, які недвузначна рушыў мне насустрач.

Я памятаў, што наперадзе надзвычай насычаны дзень у Кіеве: жывы этэр на тэлебачаньні, паседжаньне рэдакцыйнай рады, да якога я не пасьпеў перагледзець найважнейшыя паперы, вырашальная для мяне размова з галяндзкім аташэ па-ангельску ці па-нямецку, каардынацыйны камітэт з усімі яго ўнутранымі інтрыгамі, мой аўтарскі вечар у Доме настаўніка і ўсякае такое іншае. Таму я павінен быў хаця б крыху давесьці сябе да ладу пасьля таго немагчымага цягніка. Гэта можна было зрабіць толькі ў грамадзкай прыбіральні, аднак вялізарная літара М, на заклік якой я кінуўся, аказалася ўваходам у мэтрапалітэн. Чарга па жэтоны рухалася настолькі павольна, што я пасьпеў заўважыць, як у ёй трацяць прытомнасьць цяжарныя жанчыны, як сноўдаюць кішэньнікі (іх было зь дзясятак, і адзін зь іх па-змоўніцку паказаў мне нож, калі нашыя позіркі выпадкова сустрэліся), нарэшце, як разьюшаная касірка праз ваконца касы торкнула алоўкам проста ў вока нейкаму прычэпліваму кліенту. Той закрыў рукамі твар, паміж пальцаў выцякала яго вока. Аднекуль ягоны твар здаўся мне знаёмы. Бадай што мы ехалі ў адным цягніку.

Ужо на эскалятары я зразумеў, што пасьпяшаўся — якраз у гэтыя ранішнія гадзіны ў кіеўскім мэтро адбываюцца аблавы. І насамрэч — унізе эскалятар кантралявалі некалькі бамбізаў у бушлатах. Колькі гаротнікаў яны ўжо схапілі ў войска. Я пачаў пасьпешліва згадваць, у якія гады знаходзіўся на дзейнай службе, каб хоць што-небудзь ім сказаць. Зрэшты, гэта, як мне распавядалі, ня дужа дапамагае. Заставаўся адзін выхад — разьвярнуцца й бегчы па эскалятары наверх, супраць руху ягоных сходаў. У нейкіх фільмах я такое бачыў, таму вырашыў, што гэта рэальна.

Нерэальным было іншае: прадзерціся скрозь гэтую гурму, скрозь людзей зь іхнімі целамі й адзежай, скрозь мыліцы, куксы, фіксы, растапыраныя пальцы, разяўленыя ляпы, скрозь мяшкі, поўныя ліпкага мяса, скрозь цьвёрдае халоднае паветра. У тое імгненьне я вырашыў, што больш ніколі, ніколі не паеду ў Кіеў, і адначасова зьявілася жахлівае ўсьведамленьне таго, што ўжо занадта позна для такога кшталту абяцанак.

„Пасажыры, уставайце, праз гадзіну Кіеў“, — ня дужа злосна сказала правадніца. Я вярнуўся ва ўласнае цела, нібыта ў сваё купэ. Было ўжо цалкам сьветла, гадзіньнік паказваў палову на шостую.

Найбольшы кайф ад страшных сноў — калі прачынаешся. Ты ведаеш пра гэта, Кіеў.

З украінскай пераклаў Андрэй Скурко паводле часопіса Критика 4/2000 г.
з ласкавае згоды аўтара і выданьня.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 8 (13) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн mk, майстраваньне Макса Маскалёва
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 16-01-2001