A R C H E S k a r y n a № 8 (13) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


82000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

СЯРГЕЙ АСТРАЎЦОЎ
Вокладка ARCHE Skaryna 8-2000.

   Мінулыя нумары:

   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сяргей Астраўцоў
 
Танк, Ленін і Ажэшка зь Міцкевічам.
Аб трох гарадзкіх краявідах.

1. Беласток

Я стаяў на мосьце і глядзеў, як набліжаецца, праходзіць пада мной і зьнікае ў цемры цягнічок на Беласток. Па-за калючыя драты, у Эўропу, якая тады была схаваная для нас і недаступная. Цягнічок быў абцяты — адзін-два вагоны — і напаўпарожні. Часы трывалі нецікавыя, генсэкам быў Чарненка. Позьняя сьцюдзёная восень 1984-га. Я, як здавалася, выразна адчуваў прысмак славутага раману, хаця прачытаў яго значна пазьней. Тады, як ні дзіўна, хапала ўжо самой назвы. Маім міністэрствам праўды стала рэдакцыя з надзвычай напружанай, нэрвовай атмасфэрай. Заставалася адно ўвечары а шостай гадзіне, адразу пасьля рэдакцыйных сьценаў, пачакаць на мосьце замежнага цягніка. Ён хадзіў побач з нашым будынкам, усяго мэтраў за пятнаццаць-дваццаць. Але з майго першапавярховага вакна ня быў відзён, бо рэйкі ляжалі ў глыбокай цясьніне, пракапанай у пагорку.

Я стаяў на мосьце і не ўяўляў, каб трапіць па-за калючы дрот, з ночы ў дзень. Але дачакаўся-такі. Не адразу. Спачатку ў рукі траплялі выпадковыя паасобнікі беластоцкай „Нівы“, якую я чытаў у рэдакцыйнай шуфлядзе, каб не трапляла на чужыя вочы. Наіўная кансьпірацыя была абумоўлена сьвядомасьцю таго, што пасьля салідарніцкіх падзей газэта польскіх беларусаў трапіла ў сталіцы БССР у „спэцхран“. (У 1979-ым я ўпершыню ўбачыў яе ў чытальнай залі БДУ, быў уражаны й зачараваны моваю і вольным стылем публікацый, ейнай несавецкасьцю.) Налета памёр Чарненка, а — праўдападобна — у траўні ў нашай рэдакцыі нечакана зьявіўся Мікола Гайдук, тады намесьнік рэдактара той самай „Нівы“. Здаецца, беластачане прыехалі на машыне. Іх вельмі цікавілі розныя рэчы, якія ў пасьлявайсковастановішчнай Польшчы былі дэфіцытам. Напрыклад, млынок на каву, шуканы М.Гайдуком, зь якім мы якраз і пазнаёміліся. Млынкоў, зрэшты, не было і ў нашых крамах.
 

журналіст, празаік, жыве і працуе ў Горадні. Аўтар кнігі прозы „Цэнзарскія нажніцы“ (Горадня—Беласток, 1999).
   

Увесну 1988-га распачалася моцная „адліга“. Беластоцкі цягнік раптам ператварыўся ў ланцуг вагонаў, перапоўненых пасажырамі. Быў атрыманы дазвол езьдзіць па запрашэньнях. На вакзале, на вуліцах і ў крамах запанавала польская гамонка. Назад цягнік вырушаў, перапоўнены „Рубінамі“ ды іншымі вялікімі каляровымі савецкімі тэлевізарамі. Палякі выграбалі ўсю электрапабытовую тэхніку, апроч хіба лядоўняў. Затым паехалі нашы. Масава. З пылазборнікамі, прасамі і дзіцячымі роварамі. Ад продажу тэлевізара на беластоцкім рынку можна было атрымаць несусьветныя грошы. Квітнелі, хто меў за калючым дротам сваякоў. Але сапраўды шалёна зарабілі тыя, хто з гандлю тэлевізарамі зрабіў бізнэс. Тады для гараджан стварылі чэргі, каб набыць які-небудзь „Гарызонт“. Адна зь невыгодаў памежнага гораду.

На пачатку таго халоднага ажыятажна-тэлевізарнага лета ў нашую рэдакцыю прыйшлі два запрашэньні зь беластоцкага, на сёньня задушанага канкурэнтамі, Kurjera Podlaskiego. Гэтая недзяржаўная газэта адзначала сваё 5-годзьдзе. О, прысмак свабоды! Жыцьцё ў цалкам эўрапейскім гатэлі, іншанесавецкая рэдакцыя, зусім не савецкая газэта. Разьняволеныя па-заходняму журналісты. На першай старонцы зьверху генэрал Ярузэльскі ў піначэцкіх акулярах, зьнізу — фігурыстая нудыстка з пляжнага конкурсу прыгажосьці. Абеды ў рэстарацыі, дзе замест савецкага афіцыянта — вышкалены кельнэр. Азёрны шынок з паляўнічымі стравамі. Спэктакль тэатру А.Вянгеркі на вольным паветры — у скансэне. У летнім амфітэатры канцэрт польскіх зорак. Упершыню паездка ў Варшаву, бачаную датуль толькі з вокнаў вюнсдорфскага і бэрлінскага цягнікоў. Маршалкоўская! Нас шчодра прымалі, навіна — выдалі кішаньковыя! Дзякуй польскім калегам. Хаця, калі шчыра, Kurjer дзеля скандальнага попыту дапускаў абразьлівыя для мясцовых беларусаў дыскусіі. Падобныя, зрэшты, пачаліся потым і ў савецкіх газэтах.

Што яшчэ? Салодкасьць уласнага — першага разу ў жыцьці — маўленьня па-польску. Набытая на кірмашы кніжка Сакрата Яновіча ў польскім перакладзе. Знаёмства з самім пісьменьнікам, якога на адлегласьці я вельмі цаніў тады. Сам факт ягонага існаваньня па-за межамі беларускай савецкай літаратуры. Да ночы мы пілі ў ягонай кватэрцы гарбату. Я прывёз яму кнігі ад Дануты Бічэль-Загнетавай і Аляксея Карпюка. Падораная Яновічам з подпісам кніжка і выданьні з прысмакам небясьпечнасьці — эмігранцкія. Знаёмства ў рэдакцыі „Нівы“ з галоўным рэдактарам Віталём Лубай і Міхасём Хмялеўскім. Кілішак за сустрэчу ў рэдактарскім кабінэце. Госьці зь Беларусі тады для іх яшчэ былі рэдкасьцю.

Доўгі напаўпусты зелянковы цягнік „Варшава—Беласток—Масква“. Доўгае чаканьне на мяжы, пакуль заменяць эўрапейскія колы на савецкія. Знарочысты грукат па даху вагона падкаваных памежніцкіх ботаў. „Калі ласка, назад за калючы дрот!“ А ў галаве вобразы Беластоку — высозная нейкая канструктывісцкая вежа касьцёла сьвятога Роха, зграбная ратуша пад дахоўкай, брук, іншыя старасьвецкія камяніцы, крамы, поўныя прысмакаў, якіх не было ў нас, кава розных гатункаў. Я вёз распушчальнай, вельмі гаркавай і смачнай, чэскага вырабу, і кітайскай гарбаты. Незвычайнай, як на нас тадышніх, абавязаных піць грузінскую, краснадарскую і азэрбайджанскую першага гатунку.
 

 
   

Да апошняга часу я наведваў Беласток гады ў рады, але кожнага разу адзначаў істотныя зьмены, поступ. Гэта пагатоў заўважна яшчэ, відавочна, і таму, што Горадня і Беласток амаль аднолькавыя паводле насельніцтва. Вельмі хутка з тамтэйшых рынкаў зьніклі раскладанкі з крамнінай, якія апынуліся ў нас. Пераяжджаючы польскую мяжу, робішся адразу сьведкам росквіту бізнэсу. У кожнай вёсцы паўсюдна рэклямныя шчыты. Беласток імі ўвогуле перасычаны. Горадня з пункту гледжаньня вулічнай рэклямы — мёртвы горад, а дарога да мяжы — быццам глухменна-лясная. Апроч рынкаў, кідаюцца ў вочы велізарныя беластоцкія крамы-гуртоўні, усё новыя і новыя. Ня горад, а вялізны склад „каляніяльных“ тавараў. Беластачанам самім ніколі ня выпіць гэтулькі кавы і піва, не знасіць тых джынсаў і чаравікаў, скуранак і дублёнак. Беласток для Горадні — гандлёвая сталіца, як Вэнэцыя калісьці для ўсяе навакольнае Эўропы.

Мы застаемся побач у глыбокай правінцыі. За апошнія шэсьць гадоў мы затрыманы, вернуты ў савецкі час. Беластоцкае радыё даўно зрабілася 24-гадзінным, адчынілася рэгіянальная тэлестудыя, якая працуе цэлы дзень. У горадзе выходзяць штодня тры тоўстыя каляровыя газэты. Дзясяткі друкарняў і выдавецтваў, у якіх выдаюцца нават мастацкія альбомы найлепшай якасьці. Даўно існуе сымфанічны аркестар, які гастралюе ў Парыжах. У Беластоку жыве нямала пісьменьнікаў, у нас — адно паэты. А як мне падабаюцца напакаваныя да столі сапраўднай літаратурай, а ня „рэкамі крыві“, беластоцкія кнігарні!

Гарызантальнасьць Беластоку мяне супакойвае. Вуліца Ліпавая, Рынак Касьцюшкі. Стары горад сапраўды Стары. Без хрушчовак, настаўленых нахабна сярод камяніц. Камяніцы падкрэсьлена палепшаныя, а ня так, як у нас, дзе яны ператвораны ў шэрыя, безаблічныя, ніякія. Каб не адрозьніваліся ад мёртвай савецкай забудовы. Палац Браніцкіх — сапраўдны барочны палац — „падляскі Вэрсаль“, а ня наш Новы каралеўскі замак, перароблены звонку ў абкам, казарму. За посткамуністычны час у горадзе, бедным на помнікі, зьявіліся тры — Папу Рымскаму, Пілсудзкаму і замардаванаму спэцслужбамі ксяндзу Папялушку. У нас паставілі адну-адзіную галаву Міцкевіча. Дзякуючы беларускім палякам і варшаўскім гарадзкім уладам. Нашыя ўлады, прыняўшы рашэньне наконт помнікаў Каліноўскаму і Багдановічу, моўчкі адмовіліся яго выконваць.

Паводле старажытнасьці, Магдэбургскага права, паводле былой каралеўскай значнасьці Горадня, безумоўна, пераўзыходзіць Беласток, у якім да таго ж няма ніякага Нёмана. Але звонку яна даўно страціла сваю перавагу. Як цяперашнія беларускія грошы, зь якіх Шура Балаганаў выкінуў рыцара. Велізарны Ленін, зялёны танк на высокім пастамэнце, які сувора сустракае ўсіх, хто прыяжджае з-за мяжы і які ўвесь час з павагаю фарбуюць нанова-назялёна плюс чырвоныя зоркі на баках. Ужо ў гады існаваньня РБ у горадзе стварылі цэлы савецкі бранятанкавы музэй. Беластоцкі танк, адзін-адзіны, ціхамірна стаіць у сквэры, размаляваны падлеткамі.

У роднай краіне ніхто ня мог якасна склеіць маю кнігу — 545 старонак, мае „Цэнзарскія нажніцы“. Каб яна не рассыпалася, давялося выдаць яе ў Беластоку. Цяжка вазіць праз калючыя драты, адзін паасобнік важыць ледзьве не кіляграм. Ёсьць у ёй і адно беластоцкае апавяданьне — „Пакой на дзьве асобы“, якое мае прысмак 1988 году.

 

 
   

2. Горадня

Упершыню Горадня паўстала ў маёй сьвядомасьці хвілёва, калі я вучыўся ў апошніх клясах прыбалтыйскай дзесяцігодкі. У школе раптам вывесілі чырвоны транспарант зь беларускім надпісам. Гэтак віталі настаўніцкую дэлегацыю гарадзенцаў. Брат аднаклясьніка паехаў вучыцца ў гарадзенскі мэдінстытут. Пазьней, толькі трапіўшы ў войска, я нечакана пасябраваў з гарадзенцам яфрэйтарам Рудневым, які быў ужо „дзедам“. Стоячы на варце, я чытаў на чырвоных цаглінах вайсковых складоў ягоныя надпісы Grodno. Мы зь ім слухалі „Pink Floyd“, які аднолькава багомілі, і часам пілі ў салдацкай чайной чорную каву з шакаладам. У астатнім нічога ідылічнага тады не было.

Сонечны летні дзень. Я стаяў каля вежаў з байніцамі Брыгіцкага касьцёла і дзівіўся: як такі горад маглі пакінуць беларусам, якія традыцыйна „нічога ня маюць“? Першае знаёмства з Горадняй. Велізарныя касьцёлы. Статуя Хрыста. Пешаходная вуліца, забудаваная старымі камяніцамі. Брук з кляймом яшчэ польскага магістрата. У кватэрцы ў двары Базыльянскага кляштара польскі фільм па тэлевізары. Узгадалася: сталічнікі любяць браць сюды камандзіроўкі, каб паглядзець у гатэлі варшаўскую тэлепраграму. Незабыўны новы прысмак. Пачуцьцё радасьці ў грудзях ад гораду.

Я заўжды марыў жыць у горадзе, у якім вялікая рака.

Літаратурны музэй. Знаёмства з гаспадыняй — Данутай Бічэль-Загнетавай. Ля ног — сабака Бонка пароды „колі“. Бюст Элізы Ажэшкі з польскага часу. У доме Ажэшкі ў пакоі з камінам піша на машынцы свае кнігі Аляксей Карпюк, якому вельмі не падабаецца, калі адцягваюць ягоную ўвагу ад друкаваньня. Крэсла Васіля Быкава ў рэдакцыі, і думкі: як ён тут вытрымліваў? Адкрыты пазьней пакой-музэй Зоф’і Налкоўскай. Бібліятэка імя акадэміка Карскага, які напісаў „Беларусаў“. І ўсё ж пісьменьнікі тут асабліва не жылі. Прыяжджаў да вайны Віткацы. Потым — Караткевіч, які запамінаў камяніцы, нават абмацваў муры, натхняўся. І які назваў горад аднойчы Кладнам. Назвай чэскага шахцёрскага, амаль учэцьвера меншага, места. Паэтка параўноўвала пісьменьніка з апосталамі, статуямі якіх быў аздоблены фасад езуіцкага касьцёла.

Мяне не пакідала зьдзіўленьне, што тут не пасяляюцца раманісты, Вальтэры Скоты. Я хадзіў паміж камяніц, спускаўся пад адзіным у краіне арачным мостам да Нёмана і зьдзіўляўся, што ў горадзе не нараджаліся празаікі. Зь першых амаль дзён я пачаў спрабаваць напісаць апавяданьне паводле гісторыі зьнішчанай Фары Вітаўта. У друкарні, у няўтульных пакойчыках „начной рэдакцыі“, паміж чытаньнем газэтных аркушоў, выдумляў на кавалках шэрай паперы сваю вэрсію. Апавяданьне канчаткова стала называцца „Фэрарскі мармур“. Позьняя сьцюдзёная восень і вельмі халодны сьнежань. Як мне тады здалося, мужчыны тут па-заходняму болей хадзілі пад капелюшамі, чымсьці па-сталічнаму — у вушанках. Яшчэ адно тадышняе ўражаньне: чырвоныя сьцягі на псэўдарускім праваслаўным саборы 7 лістапада. „Партыйна-гаспадарчы актыў“ у Сэнатарскай залі Новага замку. На браме — сьфінксы. Я вярнуўся тады ў рэдакцыю і напісаў невялікае апавяданьне, можа нават абразок, які не захаваўся.

Экзатычна чыталася на баках аўтобусаў назва канцавога прыпынку — Фолюш. Тамака мне потым пачаткова і давялося жыць.

Горад падзелены на дзьве часткі ракою. Заходняя — больш савецкая, без помнікаў, увогуле „спальная“, безаблічная. А Фолюш — старое ўрочышча за Нёманам. На рацэ Ласасянцы, якая плыве з Польшчы, разбураны млын. У мінулыя часы там стаяла сукнавальня. У 80-ыя гады Фолюш быў зграмаджаньнем вялікай колькасьці танкаў. Пазьней — месцам стварэньня 1-ай Беларускай брыгады, якой, зрэшты, быў пакінуты савецкі парадкавы нумар. На Фолюшы ў мяне напісалася прынамсі адно апавяданьне — „Дождж“.
 

 
   

Іншасьць, несавецкасьць польскага тэлебачаньня. Яно ўжо тады паказвала нармальныя заходнія фільмы, а таксама агульнавядомы цяпер сэрыял „Сёгун“ і нудотную „Нявольніцу Ізаўру“, і яны былі вельмі папулярныя. Дарэчы, гарадзенцы адразу пачалі называць свае дзялкі „фазэндамі“. Памятаецца прэцэдэнт з „Апошнім танга ў Парыжы“, паказаным ноччу. На Варшаўскае ТБ паступілі абураныя лісты, што падобныя фільмы несумесныя з каталіцкасьцю палякаў. Але для мяне найбольшым задавальненьнем было глядзець „лісту пшэбояў“ — гіт-парад. „Maanam“ з Вольгай Яцкоўскай-„Корай“, „Lady Pank“ з Панасевічам і Барысевічам, „Lombard“ з Малгажатай Астроўскай, нарэшце, „Kombi“. Ах, якія зусім не замежныя прозьвішчы! Іхнія песьні мне падабаліся надзвычай. Дый хіба мне адному? Увесь горад быў сьпісаны гэтымі назвамі. Плюс некаторымі іншымі. Напрыклад, беластоцкім Rezerwat-ам. Праз некалькі гадоў побач з маім домам выступілі „Lombard“ — „Droga pani z telewizji“, „Mam dosc!“ і „Lady Pank“ — „Mniej niz zero“ i „Zabic strach“. Затым прыяжджаў яшчэ „Kombi“, які выканаў песьню, прысьвечаную быццам бы Горадні, выклікаўшы эўфарыю ў залі. „Maanam“ не прыехаў, але яго я люблю найболей дагэтуль. У балядах Коры сустракаюцца каты, якія мне таксама даспадобы. Кора — па-грэцку значыць „дзяўчына“, як звычайна тлумачыць яна сама, бо мае грэцкія карані.

Варта сказаць, што я ніколі стала ня жыў на ўсход ад Менску, а далей за Воршу ня езьдзіў. Я быў пазбаўлены традыцыйна моцнага ў нас уплыву расейскай літаратуры, а таксама і беларускай савецкай. Замест гэтага я набываў іншы культурна-эстэтычны досьвед праз польскае тэлебачаньне, радыё і газэты. Мне было малацікава, што робіцца ў Менску або Маскве. Мяне цікавілі варшаўскія навіны, беластоцкія. Я слухаў беларускую радыёпраграму зь Беластоку „Пад знакам Пагоні“, калі менскія газэты на Пагоню і беларускія сымбалі вылівалі свае жоўць і ваніты. Прарыў аблогі. Гастролі польскіх тэатраў. Спэктаклі на мове арыгіналу. Спачатку Славамір Мрожак. Паказ польскіх фільмаў безь перакладу ў новым занёманскім кінатэатры. Богдана Парэмбскага, які, здаецца, потым экранізаваў у нас Караткевіча. Ягоная „Polonia Restytuta“ сваім часам зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражаньне.

Рэдакцыя жыла іншым, не маім жыцьцём. У перапынку ўсе накіроўваліся ў навакольныя сталоўкі, каб па-сапраўднаму, з поўным наборам страў пад’есьці. Я ішоў туды, дзе можна было хуценька выпіць хоць якой-небудзь кавы. Астатні час бадзяўся па кнігарнях. Кніг цяпер зашмат, некаторыя мне не патрэбны. Але я не шкадую, што не купіў сабе лішніх чаравікаў альбо дэфіцытных джынсаў. Разгляданьне і купля кніг — гэта быў тады мой паратунак ад абагульненьня пад адным азначэньнем „рэдакцыйны калектыў“. Апавяданьні я таксама часта пісаў за рэдакцыйным сталом, замест нецікавых карэспандэнцый. З рэдакцыі можна было ўцячы ня толькі ў кнігарню. Часам я даходзіў да Станіславова (сёньня ў межах гораду), дзе захаваўся двухпавярховы каралеўскі палац, перад якім дзеля прыгажосьці паставілі бюсьцік нейкага Ціміразева ці то Мічурына. Амаль адразу мне трапілася кніжка Дына Буцаты. Канечне, ён працаваў у „Corriere della Sera“, але я імкнуўся адчуць падабенства. Асабліва калі прачытаў ягоны раман „Il deserto dei Tartari“. Тамтэйшая крэпасьць і мая рэдакцыя былі падобныя.

Існавалі таксама іншыя магчымасьці ўцёкаў. Ліставаньне з Дубаўцом. Ён сядзеў у такой жа рэдакцыі, але наўскасяк краіны — у Гомелі. Мы спрабавалі па абзацы пісаць супольнае апавяданьне, карыстаючыся з паслугаў пошты. А часам дамаўляліся на сустрэчу раніцай у Вільні. Ішлі ў Стары горад, праходзілі пад Вострай Брамай, пілі каву, зьядалі традыцыйныя сасіскі і ехалі на ўскраіну да Зоські Верас. Значна пазьней пачала выходзіць „Пагоня“, і мне давялося яе рэдагаваць. Але не было адметнай канцэпцыі выданьня і журналісцкіх сілаў. Восем гадоў таму ў сталіцы мы сядзелі з Дубаўцом і прыдумлялі гэтую самую канцэпцыю. Ён прапанаваў зрабіць газэту рэгіянальным аглядам „Вільня—Горадня—Беласток“, забясьпечыў здымкамі з партфэлю „Нашай Нівы“ і напачатку нават быў прадстаўніком „Пагоні“ ў Вільні. Цікавы, але кароткі час. Ён прыяжджаў у Горадню, мы пілі каву. Дамаўляліся сустрэцца „на паўдарозе“ ў нашым Парэччы, якое тады яшчэ было станцыяй „літоўскай чыгункі“, і абмеркаваць газэтныя справы на возеры. Ах, якое возера! Не атрымалася. Там цяпер памежная зона ўвогуле.

За Нёманам я пажыў мала. Атабарыўся потым надоўга на вуліцы генэрала Дамброўскага. Маленькая цесная кватэрка. Поле, лес і Крэйдавыя горы — урочышча, Нёман. Літаратары звычайна жывуць тут, ува ўсходняй частцы гораду. І Быкаў жыў калісьці, і Карпюк. З Карпюком рэальна ў мяне адбылася толькі адна-адзіная размова. Побач з нашай самай вялікай кнігарняй, улетку. У яго ў руцэ была сетка з прадуктамі. Ён нечакана загаварыў да мяне сам, сказаў, што чытаў мае апавяданьні, што яны яго зацікавілі і што ён мне жадае плёну. А неўзабаве ён памёр. Так і застаўся бяз подпісу ягоны двухтамовік, набыты мною... Я ўсьвядоміў, што ён перадаў мне правы быць пісьменьнікам гэтага гораду.

Жыву сёньня побач з Гарадніцай, пабудаванай калісьці каралеўскім старостам Антоніем Тызэнгаўзам. Непадалёк ад месца, дзе стаяла карчма „Галеча“. На адной вулічцы з помнікам Элізе Ажэшцы, які я памылкова назваў у сваіх „Цэнзарскіх нажніцах“ бронзавым. Я нідзе гэтак доўга ня жыў, як у Горадні. Апошнія 16 гадоў я хаджу па яе вуліцах. Пра іх я напісаў „Старамесцкія апавяданьні“.

 

 
   

3. Менск

Калісьці мне вельмі падабаўся Мінск, які ніхто тады бадай не наважыўся б называць Менскам. Альбо не дадумаўся б. Падабаўся па-сталічнаму і па-хатняму. Як не магла б падабацца мне чужая Масква, якой трызьнілі да апошняга часу мільёны беларусаў. Менску я ўжо не цярплю даўно, ён стаў для мяне ўвасабленьнем савецкага гораду, Масквою меншага памеру. А некалі быў двума дамамі-вежамі, „вакзальнай брамай“ зь вельмі вялікай цукеркі-„Камунаркі“. Файным цыркам, дзе ў перапынках прадаваўся sladoled, „салодкі лёд“, як прапанавала ў 20-ых сталічная тэрміналягічная камісія. Ня ведаючы наперад, што сёньня беларускія пісьменьнікі будуць ужываць расейскае або ўкраінскае слова, часам — польскае. Чэская zmrzlina пакуль у беларускую мову ня трапіла. Так і не палюбілі нічога свайго. Лёды я таксама не люблю, як любіў у маленстве.

Насупраць турмы, праз вуліцу, я аднойчы якраз і нарадзіўся ў нашай тады яшчэ даволі ўтульнай сталіцы І зьезду РСДРП. Днямі быў у Менску. Вечар, ліхтары гараць, рух машын. Каля Чырвонага касьцёла. Падумалася яшчэ раз: ня можа вялікі горад, на галоўным пляцы якога стаіць вялікі каталіцкі храм, а ня псэўдамаскоўскія цыбуліны, быць не эўрапейскім, заставацца па-за Эўропай.. Але застаецца, прынамсі ўпарта вешае сабе на грудзі шыльду гораду губэрнскага. Спыняю сябе на думцы, што нецікава мне пісаць пра горад, які застаўся для мяне ззаду, у архіве. Хай сабе і родны, які падабаўся вакзальным пляцам, Домам ураду, стадыёнам, прафсаюзнымі калёнамі, цыркам, Круглай плошчай. Але, бадай, найболей — менавіта Чырвоным касьцёлам. Думаецца, што ён гэтаксама падабаўся і нашым Машэравым, інакш не захаваўся б. Сваёй гонкасьцю і зграбнасьцю падабаўся. Эстэтычным выглядам, сваёй эўрапейскасьцю. Дынаміт бо ўжо падрыхтавалі. Нашую ж Фару Вітаўта родная савецкая ўлада не пашкадавала. Як на мяне, і сёньня Чырвоны — самы зграбны паміж менскіх пабудоў.

Мяне цягнула ў Менск, куды я прыяжджаў спачатку з захаду, потым з поўначы, „Чайкай“. Вабілі праспэкты і музыка „Песьняроў“. „Дом грампласьцінкі“. Шмат агнёў увечары. Што там магло падабацца? Трубачкі з крэмам, торт „Менскі“ з грыбкамі і гарою земляных арэхаў, цана якога не зьмянялася гадоў дваццаць пяць? У маіх апавяданьнях няма такога гораду. Сустракаецца часам толькі назва „Горад-Герой“. Горад, які не выклікае практычна ніякіх эмоцый, пачуцьцяў. Моцных. Часам — абыякавасьць. Альбо нават лёгкую раздражнёнасьць. Стаміўся ад яго, палюбіў іншы. Зьмяніў. Гэтак, як зьмяняюць краіну. Хаця зь ім зьвязана шмат добрага. Напрыклад, тут была набыта машынка, каб друкаваць тэксты. Тутака пачала зьбірацца мая хатняя бібліятэка. У Серабранцы, якую я не цярпеў. Давялося пажыць непадалёк ад дому, дзе пазьней жыў Арлоў. І дзе калісьці быў модны дыска-бар „Купалінка“. Мой вайсковы прыяцель сэржант Уласенка выпісваў нам паперкі на звальненьне, і мы ўдвох зь ім ехалі праз увесь горад на Серабранку. Пілі каву, спрабавалі пісаць кінасцэнар і раз-другі танчылі ў купе з астатнімі наведнікамі. Сярод публікі, апроч нас, з пагонамі нікога болей не было. Мы зь ім штосьці пачыналі пісаць, у казарме, газэту выпусьцілі, якая не спадабалася моцна нашаму Богдану-камузводу — сарваў са сьцяны. Але чым не спадабалася, ужо ня памятаю. У войску пачаў я чытаць паважную літаратуру. Займаўся англійскай, бо думаў пра моўны інстытут. Пачаў друкавацца ў армейскай газэтцы, пайшоў на журфак.

Павучыўся крыху, адчуў смак да антычнай літаратуры, дзякуючы Лапідусу. Неўзабаве са свайго войска амаль адначасова прыйшлі Гермянчук з Дубаўцом. Год 1981. Маўленьне па-беларуску. Кніжкі з прысмакам забароненасьці. Альбо фатакопіі. „Калосьсе“, „Лябірынты“, Калубовіч, „Люстрадзён“. Філярмонія, камэрная і арганная музыка. Радзей — тэатар. Кінатэатар „Навіны дня“, пра які ўжо забылі. „І ўсё-ткі я веру...“ і гэтак далей. Таркоўскі. Вялікае ўражаньне ад паказу заходненямецкіх фільмаў з сынхронным перакладам. „Зьняважаная годнасьць Катарыны Блюм“, „Шкляная клетка“... Канцэрты. „Арсэнал“, „Машына часу“. Праца ў заводзкай шматтыражцы на адзін заробак з Герменчуком. Публікацыі ў „ЛіМе“ і „Голасе Радзімы“. Суботнік у Траецкім. Кнігарня „Вянок“. Вялікі макет унівэрсытэцкага гарадка: „Сам таварыш Машэраў падбаў“, хаця таго ўжо не было на сьвеце. Месца, здаецца, дагэтуль не забудавана — на праспэкце Скарыны насупраць „Усходу“. Жыцьцё на Каліноўскага і Ракасоўскага. Перакапаныя маркшэйдэрамі вуліцы.

Вайсковая катэдра, вывучэньне схільнасьцяў натаўскай ваеншчыны. Падрыхтоўка да ролі гарматнага мяса. Настаўнікі тлумачылі: мотастралковага ўзводу, якім кожны з нас павінен будзе некалі камандаваць, павінна хапаць, згодна з савецкімі нормамі, на 15 ці 20 хвілін атакі. Пры канцы ўсяго — вайсковыя зборы і падрыхтаваны мною па іх выніках альманах вайсковае творчасьці „Набойні“.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 8 (13) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн mk, майстраваньне Макса Маскалёва
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 16-01-2001