A R C H E S k a r y n a № 8 (13) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


82000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE Skaryna 8-2000.

   Мінулыя нумары:

   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Віктар Гарабец
 
Вайна — вядомая
й невядомая

Манаграфія беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча пабачыла сьвет у выдавецтве „Навука і тэхніка“ як выданьне навукова-папулярнае. Аднак, як сьведчыць практыка, падзел працаў на „навуковыя“ і „навукова-папулярныя“ ў гістарычнай навуцы досыць умоўны і часьцяком не паказвае на меншую ці большую навуковую вартасьць, а вызначаецца нечым іншым, напрыклад, сьціпласьцю аўтараў альбо — наадварот — яе адсутнасьцю. У дадзеным выпадку, відаць, акурат сьціпласьць прымусіла сп. Сагановіча назваць „навукова-папулярнай“ сваю манаграфію, якая мае ўсе неабходныя элемэнты навуковай працы. А можа, аўтар пакінуў сабе магчымасьць вярнуцца да тэмы, каб дапрацаваць яе з выкарыстаньнем арыгінальных архіўных матэрыялаў: манаграфія грунтуецца толькі на зьвестках, пададзеных у апублікаваных гістарычных крыніцах.

Аб’ектам дасьледаваньня сп.Сагановіча сталіся падзеі расейска-польскай вайны 1654–1667 гадоў, што разгортваліся на беларускіх землях. Аднак, нягледзячы на рэгіянальную скіраванасьць працы, яна, несумненна, зацікавіць і ўкраінскага чытача, прынамсі зь некалькіх прычын. Па-першае, гэтая вайна была справакаваная падзеямі ўва Ўкраіне, па-другое, украінскія казацкія войскі бралі ў ёй актыўны ўдзел, і, па-трэцяе, ход баявых дзеяньняў у Беларусі істотна ўплываў на ўкраінскія справы. Акрамя таго, падрыхтаванаму чытачу, які ўжо меў магчымасьць азнаёміцца з дадзенай праблемай у інтэрпрэтацыях прадстаўнікоў розных школ і напрамкаў, у гістарыяграфіях украінскай, польскай ды расейскай, будзе цікава зірнуць на яе „беларускімі вачыма“, вачыма тых, хто воляй лёсу стаўся, так бы мовіць, „аб’ектам“ прыкладаньня мілітарных намаганьняў перапоўненых пасіянарным запалам суседзяў.

Трэба адзначыць, што ў савецкія часы беларуская гістарыяграфія ў асноўнай сваёй масе тыражавала пастуляты афіцыйнай гістарычнай навукі, прычым часта рабіла гэта ў надзвычай гіпэртрафаваным, а таму — даволі гратэскавым выглядзе. Чаго, напрыклад, вартая канцэпцыя Л.Абэцэдарскага, які разглядаў расейскую экспансію на беларускія землі скрозь прызму спрадвечнага імкненьня беларускага народу да ўзьяднаньня з братнім расейскім народам, а актыўнасьць казакоў на Беларусі матываваў памкненьнямі ўкраінскай старшыны ўсталяваць на тэрыторыі Паўднёва-Ўсходняй Беларусі фэўдальна-прыгоньніцкія парадкі. Толькі з пачаткам 90-х гадоў, дзякуючы намаганьням М.Ткачова, В.Мялешкі, Г.Сагановіча і іншых, пазначылася выразная тэндэнцыя да перагляду ўсталяваных стэрэатыпаў.

Таму ня дзіўна, што ў рэцэнзаванай працы сп.Сагановіч падыходзіць да асьвятленьня вайны не з параднага боку — як да спосабу рэалізацыі „спрадвечнай мары“ беларусаў, якія нібыта бачылі ў падпарадкаваньні цару адзіна магчымы рэальны шлях свайго вызваленьня ад нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, а з пункту гледжаньня цалкам прыроднага, гуманістычнага, агучанага ў свой час яшчэ Плютархам: Вайна — зло... Нездарма ж эпіграфам да ўступнай часткі кнігі беларускі дасьледчык абірае красамоўныя словы сучасьніка падзеяў Вэспасіяна Кахоўскага: Вайна крывавая, несправядлівая, без прычыны і аб’яўленьня (с.5), а галоўную задачу дасьледаваньня бачыць у тым, каб паказаць рэальнае аблічча той вайны, засяродзіць увагу на самым малавядомым — ходзе падзеяў на Беларусі, лёсах карэннага жыхарства, а таксама на месцы вайны 1654–1667 гг. у беларускай гісторыі (с.7).

   

 
Акрэсьленыя задачы аўтар рэалізуе ў лягічна пабудаваных разьдзелах-нарысах, назва кожнага зь якіх гаворыць сама за сябе: „Напярэдадні“, „Нашэсьце“, „Пад уладаю „вызваленцаў“ і інш.

Дасьледуючы перадумовы зьяўленьня акупацыйных войскаў на беларускай зямлі („Сия, — паводле вызначэньня цара Аляксея Міхайлавіча, — благого дела...“), аўтар дэталёва разглядае вайсковую й дыпляматычную падрыхтоўку Масквы, падае параўнальную характарыстыку мабілізацыйнай гатоўнасьці царскай арміі й войскаў Вялікага Княства Літоўскага („Напярэдадні“, с.8–13). Аналізуючы прычыны непадрыхтаванасьці Вільні да вайны з Масквой, ігнараваньня кіраўніцтвам Вялікага Княства ваеннай пагрозы з Усходу, сп. Сагановіч акцэнтуе ўвагу на канфлікце літоўскага польнага гетмана, прэтэндэнта на булаву вялікага гетмана князя Януша Радзівіла й караля Рэчы Паспалітай Яна Казімера. Аднак дасьледчык крыху спрашчае сутнасьць дадзенага канфлікту, зводзячы яго прычыны да сэпаратысцкіх памкненьняў князя, які ў прысутнасьці манарха кідаў польскім сэнатарам абразьлівыя рэплікі, кшталту: Прыйдзе час, калі палякі да дзьвярэй не патрапяць — праз вокны выкідваць будзем! (с.12). Разам з тым беларускі гісторык нічога ня кажа пра рэлігійныя матывы паводзінаў Радзівіла, які, як вядома, быў прызнаным лідэрам літоўскіх дысыдэнтаў. Якраз канфэсійныя матывы абумовілі ягоную прагу ня столькі адарваць Вялікае Княства ад Кароны, колькі пасадзіць на трон манарха-некаталіка (а менавіта аднаго з прадстаўнікоў трансыльванскай княскай дынастыі). Аўтар слушна зьвяртае ўвагу чытача на тое, што Януш Радзівіл меў апанэнтаў ня толькі ў асобе караля, але й сярод прадстаўнікоў магнацкіх клянаў-канкурэнтаў у самой Літве, і гэта таксама вельмі нэгатыўна адбівалася на баявой гатоўнасьці літоўскага войска.

У наступным разьдзеле кнігі — „Нашэсьце“ (с.14–27) — сп. Сагановіч займаецца дасьледаваньнем мілітарных аспэктаў пачатковага пэрыяду вайны. Выказанае ім у папярэдняй частцы кнігі меркаваньне пра недастатковы ўзровень мабілізацыйнай падрыхтаванасьці літоўскіх войскаў тут даволі пераканальна ілюструецца хронікай вайсковых няўдачаў сярэдзіны — другой паловы 1654 году: стратай замкаў, паразамі ў бітвах, у тым ліку й разгромам пад Шапялевічамі 24 кастрычніка 1654 году, пасьля якога армія Вялікага Княства спыніла сваё існаваньне (с.18).
 

 
   

Даволі нязвыклаю ўкраінскаму чытачу можа падацца ацэнка дзейнасьці на беларускіх землях 20-тысячнага казацкага корпусу пад кіраўніцтвам северскага гетмана Івана Залатарэнкі. Аўтар зьвяртае ўвагу перш за ўсё не на хуткасьць руху войскаў, а на спусташэньне земляў, якое было вынікам гэтага руху (с.19–20).

Увогуле трэба адзначыць, што ў сваёй кнізе сп.Сагановіч робіць націск менавіта на гуманітарным аспэкце праблемы, таму й спыняецца так падрабязна на жорсткасьці акупацыйных войскаў і вялізнай колькасьці ахвяраў сярод тутэйшага насельніцтва. Дарэчы, зьвяртае на сябе ўвагу й тая акалічнасьць, што дасьледчык, які цалкам слушна не дае веры паведамленьням царскіх ваяводаў пра колькасьць зьнішчаных войскаў праціўніка („прыпіскі“ і ў тыя часы былі звычайнай справай), безаглядна прымае інфармацыю пра „ратныя“ дзеі маскоўцаў падчас сутыкненьняў з цывільным насельніцтвам, у якой, несумненна, таксама была доля пахвальбы.

„Гурманы“ вайсковае гісторыі знойдуць у дадзеным разьдзеле й пэўныя цікавосткі, што тычацца абаронных дзеяньняў беларускіх месьцічаў. Так, напрыклад, падчас абароны Смаленскага замку жыхары гораду, ужо ня маючы пад рукамі ні каменьня, ні вару, скінулі на ворага дзьве калоды з пчоламі, і тыя загналі царскіх ваякаў назад у шанцы, чым дапамаглі адцягнуць на нейкі час захоп фартэцыі (с.23).

Надзвычайна важныя для разуменьня лёгікі разьвіцьця вайскова-стратэгічных падзеяў на Беларусі і разважаньні сп.Сагановіча што да палітычных аспэктаў вайны, пададзеныя ў наступным разьдзеле кнігі — „Пад уладаю „вызваленцаў“ (с.28–33). Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, што ўрад Аляксея Міхайлавіча прагнуў як найхутчэй інкарпараваць акупаваныя беларускія землі, ператварыўшы іх у правінцыі Маскоўскай дзяржавы. Паколькі афіцыйны курс Масквы быў скіраваны на палітычнае замацаваньне краю з праваслаўным насельніцтвам, на захопленых тэрыторыях захоўвалася магдэбурскае права, шчодра раздаваліся жалаваныя й ахоўныя граматы мясцовай „прысяжнай“ шляхце (то бок той яе частцы, якая склала прысягу на вернасьць маскоўскаму манарху). Асабліва настойліва дэкляраваўся клопат усходняга праваслаўнага цара аб Праваслаўнай Царкве. Праваслаўным парафіям і манастырам перадавалася маёмасьць і культавыя збудаваньні, што раней належалі каталікам і ўніятам, якім увогуле забаранялася прылюдна адпраўляць свае рэлігійныя патрэбы: „костелом не быть, а петь в домех“... „униатам не быть“... „жидом в Белоруссии не быть и жития никакого не имети“ (с.28).

Адначасова сп. Сагановіч зьвяртае ўвагу на той відавочны з пункту гледжаньня дакумэнтальных сьведчаньняў факт, што палітычныя дэклярацыі маскоўскай улады ўва ўмовах вайны нярэдка разыходзіліся з сапраўдным станам рэчаў. Так, аўтар падае багата прыкладаў таго, што гвалт, учынены царскімі вайскоўцамі, быў скіраваны ня толькі супраць іншаверцаў, але й супраць праваслаўнага беларускага насельніцтва (с.30–31).
 

 
   

Як асаблівую вайсковую й палітычную сілу на акупаванай тэрыторыі аўтар выдзяляе казакаў — украінскіх і беларускіх. Галоўнай мэтай украінскай старшыны ў Беларусі, на яго думку, было падпарадкаваньне паўднёва-ўсходніх яе раёнаў сваёй юрысдыкцыі. Неабходнасьць такога кроку дыктавалася тым, што палітычная праграма Багдана Хмяльніцкага нібыта прадугледжвала стварэньне дзяржавы ў межах Кіеўскай Русі (с.32, 62). Калі апошняе сьцьверджаньне выглядае крыху гіпэрбалізаваным, дык тэза адносна намераў украінскай казацкай старшыны замацавацца ў згаданым рэгіёне й тым самым узмацніць гетманат як палітычна, так і эканамічна, мае пацьверджаньні ў крыніцах і ўжо неаднаразова выказвалася ўва ўкраінскай гістарыяграфіі. Ацэньваючы тактыку Івана Залатарэнкі, аўтар прытрымліваецца погляду Амяльляна Тралецкага, Івана Крып’якевіча, Міхайлы Грушэўскага ды іншых гісторыкаў, што бачылі ў дзеяньнях наказнога гетмана перш за ўсё мэтанакіраваную рэалізацыю палітыкі тагачасных кіраўнічых сілаў Гетманшчыны, а менавіта: стварэньне ў паўднёва-ўсходняй Беларусі ўласьцівага Ўкраіне палкова-соценнага ўладкаваньня ды ўтрыманьне рэгіёну пад уладай гетмана (с.32).

Разьвіваючы гэтую думку далей, сп. Сагановіч робіць выснову, што ўжо з самага пачатку беларускай кампаніі казацкія палкі, згодна з плянам ураду Хмяльніцкага, павінны былі ня столькі дапамагаць маскоўскім ваяводам, колькі інсьпіраваць паўстаньні беларусаў і гуртаваць іх вакол казацкіх палкоў (с.32). На маю думку, такі погляд даволі сумнеўны, бо адбівае рэаліі не пачатковага этапу кампаніі, а ўжо той яе стадыі, калі выявіліся разыходжаньні ў бачаньні царскім і гетманскім урадамі палітычнай будучыні паўднёва-ўсходніх ваколіцаў Беларусі.

Вайсковым аспэктам наступнага этапу вайны, што пачаўся ўвосень 1654 году, прысьвечаныя чарговыя разьдзелы — „Апошняя кампанія Радзівіла“ (с.34–39) і „Государев поход“ 1655“ (с.40–54). Аналізуючы ход апошняй кампаніі вялікага літоўскага гетмана Януша Радзівіла, сп. Сагановіч вызначае тыя чыньнікі, што, з аднаго боку, зрабілі магчымай наступальную апэрацыю восені 1654 — зімы 1655 гадоў, а зь іншага — перашкодзілі замацаваць дасягнутыя посьпехі. Значная ўвага аддаецца тут марным спробам Радзівіла ды польнага гетмана В.Гасеўскага захапіць Магілёўскі замак, які на працягу студзеня-красавіка 1654 году абаранялі казакі Івана Залатарэнкі. Зьвяртаючы ўвагу на адсутнасьць у дзяржаўным скарбе грошай на ўтрыманьне наёмнага войска (вызначаная соймам 1654 году колькасьць — 15 тысячаў — так і не была набраная), аўтар неаднаразова зьвяртае ўвагу на нізкую баявую гатоўнасьць шляхецкага рушэньня і на наяўнасьць у Радзівілавых аддзелах значнай колькасьці беларускіх сялянаў. Уласна, дзьве згаданыя акалічнасьці, як вынікае з кантэксту дасьледаваньня, і сталіся галоўнымі прычынамі неэфэктыўнасьці дзеяньняў літоўскай арміі. Хаця тут, дзеля справядлівасьці, варта было б адзначыць і тое, што аддзелы Івана Залатарэнкі таксама фармаваліся не на прафэсійнай аснове і пераважную іх большасьць складалі не казакі, а паказачаныя ўкраінскія сяляне або ўчорашнія земляробы з паўднёва-ўсходніх беларускіх паветаў. Такім чынам, прычыну, відаць, трэба шукаць у іншым.
 

 
   

Сагановіч адзначае таксама, што да спусташэньня беларускіх земляў падчас вайны прыклалі руку й польскія жаўнеры, прысланыя на дапамогу літоўскаму войску. Нізкі маральны дух арміі абумовіў зьяўленьне ў жаўнерскім асяродзьдзі бунтарскіх настрояў, прывёў да рабункаў шляхецкіх маёнткаў, сядзібаў і нават каталіцкіх касьцёлаў (с.43).

Значнае месца ў кнізе адводзіцца рэканструкцыі ўзаемаадносінаў Рэчы Паспалітай са Швэцыяй, умовам падпісанай Радзівілам з прадстаўнікамі швэдзкага караля Карла Х Густава Кейданаўскай дамовы, а таксама грамадзкай думкі на Літве аб гэтых прашвэдзкіх захадах (с.43–44, 47–49). Дарэчы, тут гаворка йдзе ўвогуле пра Вялікае Княства Літоўскае, тады як было б цікавей даведацца пра стаўленьне да згаданых падзеяў шляхты ўласна беларускіх земляў.

У наступным разьдзеле — „Вакол Віленскага замірэньня“ (с.55–69) гаворка йдзе пра складаныя дыпляматычныя пэрыпэтыі ў Вільні восеньню 1656 году, што адбываліся на тле пэрманэнтных вайсковых апэрацыяў літоўскіх, маскоўскіх і ўкраінскіх фармаваньняў на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра ня менш значныя палітычныя перагрупаваньні. Аналізуючы часовы Віленскі мір, Генадзь Сагановіч зьвяртае ўвагу на неадназначную рэакцыю шляхецтва Рэчы Паспалітай, і асабліва Вялікага Княства, на яго падпісаньне, адзначае пачатыя ім перагрупаваньні палітычных сілаў у рэгіёне.

Украінскага чытача ў гэтым разьдзеле зацікавіць перш за ўсё погляд беларускага гісторыка на прычыны ўскладненьня ўкраінска-расейскіх стасункаў. Аўтар знаходзіць разыходжаньні як вайскова-стратэгічнага характару — аднаасобны выбар Масквой тэатру баявых дзеяньняў, так і палітычнага — ігнараваньне царом казацкіх прэтэнзіяў на беларускія землі (с.62). Пры гэтым, на маю думку, недастаткова акцэнтуецца адрознасьць поглядаў цара і ўкраінскага гетмана на пытаньне часу і ўмоваў замірэньня з польскім каралём, дзе, відаць, крыўся яшчэ адзін надзвычай важны штуршок да пагаршэньня ўзаемаадносінаў паміж Масквой і Чыгірынам. І хаця аўтар адзначае, што Віленскае замірэньне значна ўскладніла становішча ўкраінскіх казакаў у Беларусі, бо для Масквы іх вайсковая дапамога страціла сэнс (с.64), аднак ігнараваньне матываў віленскага водападзелу перашкодзіла прасачыць у кнізе прычыны трансфармацыі паводзінаў казацкіх аддзелаў у паўднёва-ўсходняй Беларусі. У дадзеным кантэксьце цяжка пагадзіцца са сьцьверджаньнем сп. Сагановіча, нібыта толькі ўпартасьць новага казацкага атамана Івана Нячая перашкодзіла спробам палкоўніка Ждановіча (колішняга палкоўніка кіеўскага. — В.Г.) вывесьці казацкія залогі зь беларускіх паветаў (с.64). Заўважу, што Ждановіч, падчас супольнага з расейскім афіцэрам М.Сіўковым разгляду скаргаў маскоўскіх ваяводаў на злоўжываньні Нячая, прадстаўляў інтарэсы Багдана Хмяльніцкага, а яны ня розьніліся ад палітыкі, якую праводзіў казацкі палкоўнік. Прызначаючы яго на месца памерлага ад раны Залатарэнкі, гетман, дарэчы, упершыню тытулаваў Нячая „палкоўнікам беларускім“, такім недвухсэнсоўным спосабам засьведчыўшы сваю пазыцыю наконт палітычнай будучыні паўднёва-ўсходняй Беларусі.

Даволі контравэрсійным падаецца й тлумачэньне сп. Сагановічам сутнасьці Радноцкай дамовы 1656 году — якраз яе, відаць, ён мае на ўвазе, калі кажа пра пагадненьне паміж швэдзкім каралём Карлам Густавам, трансыльванскім князем Георгам Ракочы і Багданам Хмяльніцкім, да якога дайшло на пачатку 1657 г. (с.65). Перш за ўсё варта адзначыць, што ў працы над умовамі пагадненьня, акрамя прадстаўнікоў швэдзкага караля й трансыльванскага князя, бралі ўдзел і паслы ад Літвы (дакладней — ад прашвэдзкага сэгмэнту ейнага палітычнага істэблішмэнту), тады як інтарэсы Войска Запароскага на перамовах у Радноце прадстаўленыя не былі. Таму тут можна весьці гаворку толькі пра салідарнасьць ураду Хмяльніцкага з намерамі фундатараў дамовы пачаць супраць Кароны Польскай узброеныя дзеяньні, што абмяркоўвалася падчас двухбаковых украінска-швэдзкіх і ўкраінска-трансыльванскіх перамоваў. Цяжка пагадзіцца й з тым, што Вялікае Княства Літоўскае, Галіцкая Русь і Мазовія аддаваліся князю Ракочу (с.65).
 

 
   

Калі ацэнка вонкавапалітычных рэаліяў у „Невядомай вайне“ ўтрымлівала пэўныя недакладнасьці, то аналіз сп. Сагановічам нутраных аспэктаў вайны — нашмат больш зьмястоўны і імаверны (разьдзел „Акупанты і партызаны“ с. 70–82). Аўтар, у прыватнасьці, адзначае, што Віленскае замірэньне паміж Маскоўскім княствам і Рэччу Паспалітай мала што зьмяніла ў становішчы мірнага насельніцтва Беларусі, якое й надалей цярпела ад маскоўскіх гарнізонаў, ад казакаў, ад швэдаў, а ў дадатак — і ад сваіх здэмаралізаваных жаўнераў... (с.70). Грунтуючыся на словах літоўскага канцлера Альбрэхта Радзівіла, сп. Сагановіч сьцьвярджае, што ў тыя часы слова „жаўнер“ было сынонімам слова „рабаўнік“.

Аналізуючы прычыны актывізацыі партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі, аўтар вызначае шэраг абставінаў, што спрычыніліся да гэтага. Перш за ўсё ён акцэнтуе ўвагу на злоўжываньнях царскіх войскаў на чале з ваяводамі, якія насилством ночью на маетности шляхетские и на крестьянские дворы... находят и наезжают и огнем жгут и до смерти побивают (с.71); дэталёва характарызуе канфэсійную палітыку расейскай улады, што выклікала хвалю абурэньня сярод каталікоў і ўніятаў; уважліва аналізуе прымусовыя дэпартацыі мясцовага насельніцтва ў Расею. У прыватнасьці, рэканструяваная дасьледчыкам карціна людалоўства, шырока практыкаваная „вызваліцелямі“ на беларускіх землях, выглядае асабліва ўражальна, востра дысануючы з дагэтулешнімі тлумачэньнямі дзеяньняў царскіх войскаў як сяброўскай і бескарысьлівай дапамогі сваім братам. Генадзь Сагановіч аргумэнтавана даводзіць, што гаворка йшла не пра асобныя злоўжываньні царскіх ваяводаў на захопленай тэрыторыі, а пра мэтанакіраваную палітыку, санкцыянаваную царом і патрыярхам. Так, на яго думку, акурат царскі загад ад 30 ліпеня 1654 году паклаў пачатак распрацоўцы цэлай заканадаўчай базы, на падставе якой палонных пачалі ператвараць у прыгонных, а патрыярх у 1655 годзе адкрыта падтрымаў намеры сьвецкай улады перасяліць на зьнелюднелыя абшары Маскоўскай дзяржавы 300 тысяч палонных беларусаў (с.31, 74–75).

Разглядаючы ўздым руху супраціву, аўтар зьвяртае ўвагу на тое, што спачатку найбольшай актыўнасьцю вызначаліся партызанскія аддзелы на поўначы і ўсходзе Беларусі — у Віцебскім, Полацкім, Магілёўскім, Мсьціслаўскім і Смаленскім паветах, а пачынаючы з 1656 г. цэнтар партызанскай барацьбы перамясьціўся ў раёны, кантраляваныя палкоўнікам Нячаем. Паводле назіраньняў сп. Сагановіча, толькі адзін партызанскі аддзел насамрэч падпарадкоўваўся казацкаму палкоўніку, а астатнія толькі зваліся „сотнямі Нячая“, на самой справе ня маючы да казакаў ніякага дачыненьня (с.76–77). На жаль, у кнізе няма адказу на пытаньне, чаму так сталася. З пункту гледжаньня папярэдніх разьдзелаў, дзе аўтар не шукаў адрозьненьняў паміж дзеяньнямі ўкраінскіх казакаў і царскіх ратнікаў, наадварот — падкрэсьліваў іх падабенства ў адносінах да мясцовага насельніцтва, нечаканае аб’яднаньне беларускіх партызанаў з казакамі падаецца алягічным. Гэтаксама павярхоўна, без дэталёвага аналізу прычынаў і ходу падзеяў, сп. Сагановіч характарызуе грамадзкае супрацьстаяньне ў краі, абапіраючыся на адзіную працу В.Мялешкі „Грамадзянская вайна (1655–1658) [„Навіны Беларускай акадэміі“, 1992, 26 чэрв.]“, а гэтага відавочна замала. Асобнага дасьледаваньня варты і ўдзел „прысяжных“ сялянаў у баявых дзеяньнях на баку маскоўскага цара — яно дапаможа раскрыць яшчэ адну трагічную старонку беларускай гісторыі XVII стагодзьдзя.

Пераход стратэгічнай ініцыятывы ў рукі камандаваньня літоўскай арміі сп. Сагановіч (разьдзел „Пералом“, с.83–105) зьвязвае з актыўнымі мабілізацыйнымі захадамі ўраду Рэчы Паспалітай, у выніку чаго колькасьць наёмнага войска ў Кароне ў 1658–1659 гадах павялічылася да 36 тысяч, у Вялікім Княстве — да 20 тысяч, што дало найбольшы колькасны паказьнік за ўсю вайну. Падкрэсьлена, што тады ж, у выніку шэрагу падзеяў, істотна пагоршыліся вайсковыя пазыцыі Расеі, якія расхістваліся актывізацыяй партызанскага руху ў Беларусі, антымаскоўскім выступам гетмана Івана Выгоўскага, патрэбай утрымліваць значныя вайсковыя сілы на швэдзкім фронце (с.85). Асаблівае значэньне аўтар надае перамозе Выгоўскага пад Канатопам улетку 1659 году, дзе былі разьбітыя найлепшыя царскія войскі (с.86). Згаданы разьдзел месьціць таксама істотныя дэталі з гісторыі абароны казакамі Нячая Старабыхаўскага замку ў ліпені—сьнежні 1659 году (с.86–87). Несумненна, для ўкраінскага чытача будзе цікавым і апісаньне падзеяў пачатку 1660-х на Піншчыне — як працяг сюжэту з прызнаньнем у сярэдзіне 1657 годзе мясцовай шляхтай зьверхнасьці ўкраінскага гетмана (пра гэта ў свой час бліскуча напісаў Вячаслаў Ліпінскі).
 

 
   

З ухваленьнем у кастрычніку 1659 году гетманскім урадам Юр’я Хмяльніцкага і прадстаўнікамі маскоўскага цара новых Пераяслаўскіх артыкулаў, што прадугледжвалі вывад казацкіх войскаў зь Беларусі й адмову надалей ад якіх-колечы прэтэнзіяў на яе з боку старшыны, а таксама пасьля захопу ў сьнежні таго ж году Старабыхаўскага замку, украінскі фактар страчвае свой беспасярэдны ўплыў на разьвіцьцё беларускіх падзеяў. Але апасродкавана лёс беларускіх і ўкраінскіх земляў застаўся цесна пераплеценым, бо вайна працягвалася. Так, бліскучая перамога польска-літоўскіх войскаў пад Ляхавічамі 28 чэрвеня 1660 году, якая, на думку аўтара, паклала пачатак пералому ў вайне (с.94–95), выклікала ў расейскага камандаваньня жаданьне рэваншу, якое мелася рэалізавацца падчас паходу князя В.Б.Шарамецева на Валынь увосень таго ж году.

Аналягічнае пачуцьцё ўзаемазалежнасьці гістарычных лёсаў двух суседніх народаў узьнікае й падчас чытаньня наступных разьдзелаў манаграфіі — „Змарнаваныя шанцы“ (с.106–119) і „Андрусава“ (с.120–129). Аналізуючы характар ваеннага супрацьстаяньня першай паловы — сярэдзіны 1660-х, сп. Сагановіч больш дэталёва спыняецца на матывацыі, падрыхтоўцы й ходзе паходу Яна Казімера на Левабярэжную Ўкраіну восеньню 1663 году, а таксама на ўдзеле ў ёй літоўскіх войскаў на чале з польным гетманам Міхайлам Пацам і польным пісарам Аляксандрам Палубінскім. Прычыну змарнаваньня Рэччу Паспалітай апошняга шанцу адолець Расею аўтар бачыць, перш за ўсё, у абвастрэньні ўнутраных супярэчнасьцяў у дзяржаве, у зьяўленьні канфэдэрацыяў у рэгулярным войску, у адмове жаўнераў выконваць загады караля й гетманаў. Ход і рашэньні сойму 1661 году, на якім не было аддадзена належнай увагі пытаньню выплаты запазычанасьці войску, затое багата часу пайшло на марныя спрэчкі пра элекцыю новага манарха яшчэ пры жыцьці Яна Казімера ды на абвінавачваньні літоўскіх магнатаў у карупцыі — усё гэта, на думку аўтара, сталася прычынай тых няўдалых вынікаў вайсковай кампаніі польска-літоўскай дзяржавы (с.106–107, 110, 118). Разглядаючы міжнародныя аспэкты падпісаньня Андрусаўскага замірэньня 1667 году, аўтар падкрэсьлівае, што яно канчаткова парушыла балянс сілаў ува Ўсходняй Эўропе на карысьць Маскоўскай дзяржавы. Апошняя па выніках вайны 1654–1667 гадоў дасягнула вяршыні рэгіянальнай магутнасьці, тады як Рэч Паспалітая, наадварот, ужо ў Андрусаве падпісала сабе прысуд (с.129). Між іншым, захоўваючы вернасьць абраным акцэнтам, сп. Сагановіч больш увагі аддае не тэрытарыяльным зьменам або памерам грашовых укладаньняў, а праблеме вяртаньня на бацькаўшчыну захопленых у палон беларусаў і разрабаваных культурных каштоўнасьцяў (с.125–128).

Тэма чалавечых пакутаў, якімі мірнае насельніцтва расплацілася за ваяўнічасьць уладароў, прычым не абавязкова ўласных, дамінуе і ў апошнім разьдзеле „Забвенну і непамятну?“, дзе аўтар падсумоўвае вынікі свайго дасьледаваньня. Паводле ягоных падлікаў, колькасьць насельніцтва тагачаснай Беларусі за гады вайны зьменшылася з 2 млн. 900 тыс. чалавек да 1 млн. 350 тыс., то бок на 53%, а гарадзкога насельніцтва ацалела яшчэ менш — толькі 45%. Дэмаграфічныя страты беларусаў, як падкрэсьліваецца ў кнізе, пераўзыходзяць па памерах нават аналягічныя паказьнікі найбольш зьнішчальнай з тагачасных войнаў — Трыццацігадовай. Так, на асабліва пацярпелых нямецкіх землях колькасьць насельніцтва зьменшылася на 66%, тады як у Мсьціслаўскім павеце гэты паказьнік дасягае 71,4%, у Аршанскім — 69,3%, у Полацкім — амаль 75% (с.130). Акрамя велізарных чалавечых ахвяраў вайна, паводле падлікаў сп.Сагановіча, амаль поўнасьцю зруйнавала эканоміку (у Віцебскай эканоміі, напрыклад, доўгі час заставаліся неапрацаванымі 74% ворных земляў, у Прапойскім і Крычаўскім староствах адпаведна — 73 і 72%), канчаткова й незваротна пакінула ў мінулым міжканфэсійную цярпімасьць; падштурхнула мясцовую арыстакратыю да вырачэньня сваёй „беларускасьці“ (с.131–133).

Такім чынам, кніга Генадзя Сагановіча поўнасьцю зьмяняе стэрэатыпны погляд на „невядомую вайну“ 1654–1667 гадоў як на „вызвольную“. Па-іншаму прымушае яна зірнуць і на ўдзел украінскіх казакаў у беларускіх падзеях, пераконваючы, што далёка не заўсёды мэта можа адпавядаць сродкам яе дасягненьня. Вайна — гэта перш за ўсё пакуты, і менавіта такой яна паўстае з манаграфіі Генадзя Сагановіча.

З украінскай пераклаў
Андрэй Скурко паводле
Українського Гуманітарного Огляду, выпуск 3.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 8 (13) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн mk, майстраваньне Макса Маскалёва
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 16-01-2001