A R C H E S k a r y n a № 8 (13) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


82000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

САКРАТ ЯНОВІЧ
Вокладка ARCHE Skaryna 8-2000.

   Мінулыя нумары:

   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Сакрат Яновіч
 
Дастаеўскі Беларусі

Vasil Bykaŭ: „Ściana“, tłum. Czesław Seniuch, Jan Maksymiuk,
wyd. SETPro, Białystok 1999.


У беластоцкім выдавецтве „SETPro“ выйшла кніга „Ściana“, у якую ўвайшлі некалькі дзясяткаў новых апавяданьняў і навэляў, выдатна перакладзеных Чэславам Сэнюхам і Янам Максімюком.

Быкаў ужо ў гадох, але дагэтуль прадукцыйна працуе на ніве літаратуры, дарма што адчуў патрэбу пакінуць бацькаўшчыну, якая знаходзіцца пад уладай д’ябальскага рэжыму Лукашэнкі. Сьпярша ён разам з жонкай знайшоў прытулак у Фінляндыі, а пасьля ў Нямеччыне. Гэты былы лейтэнант дывізіённай артылерыі часоў апошняй вялікай вайны, які цудам уратаваўся ад цяжкіх ранаў на палёх бітваў у Вугоршчыне і Аўстрыі, дэбютаваў толькі на пачатку 60-ых, маючы амаль сорак гадоў. Гэтаму, безумоўна, паспрыяла славутая адліга. Каб не яна, то, магчыма, ён бы і ня ўзяўся за пяро.

Чаму? Бо пачаўшы пісаць раней, Быкаў ня меў бы ніякіх шанцаў апублікаваць свае творы. Больш за тое, гэта б пагражала высылкай у сібірскія лягеры. Быкаў проста арганічна ня зносіць брахні, ідэалягічнага зглумленьня чалавечай асобы, адыходу ад маральнасьці. У сваіх творах ён выяўляе праўду аб вайне, вядомай яму з уласнага досьведу. Адзіны пазытыўны герой у яго — жаўнер, ублытаны не па ўласнай волі ў экстрэмальныя сытуацыі і па сутнасьці гамлетаўскія дылемы.
 

кіраўнік культурнага асяродку Villa Sokrates у Крынках (Беласточчына). Эсэіст, празаік, выдавец альманаха „Annus Albaruthenicus“, суаўтар „Czasopisa“. Апошнія кнігі Сакрата Яновіча — „Запісы веку“ („Бібліятэка „Белавежы“, 1999) і кніга разважаньняў пра гістарычны лёс Беларусі, пабудаваная ў выглядзе дыялёгу з журналістам Юркам Хмялеўскім „Nasze tysiac lat“ (Таварыства беларускіх журналістаў у Польшчы, 2000). Сярод апошніх публікацый — прадмова да „ARCHE-Панславізм: думка і злачынствы“ і эсэ „Ўсе мы патроху жыды“ ў „ARCHE-Габрэйскі нумар“. Артыкул перакладзены з ласкавай згоды аўтара паводле „Gazety Wyborczej“.
   

Так пра вайну ў Савецкім Саюзе да яго ніхто не пісаў. У модзе былі творы з панарамным ахопам, з паказам штабаў, гераічных камандзіраў і палітрукоў з жаўнерамі ў якасьці фону. Зь цягам часу ўтварылася плынь пад назвай „літаратура акопнай праўды“, якая вызначалася тым, што дзеяньне твораў перастала абмяжоўвацца штабнымі памяшканьнямі і апісаньнямі ваенных баталіяў, а аўтарская ўвага стала сягаць да „засраных акопаў і завашыўленых зямлянкаў“.

Быкаў пайшоў далей. Ён засяродзіўся на „атаме вайны“, гэта значыць на долі асобнага жаўнера; часам таксама на яго беспасярэдніх начальніках, на сэржантах і лейтэнантах, якіх спасьцігла тая ж самая бяда. Штабныя ж работнікі — гэта іншы сьвет, для якога вайсковыя нізы — нішто.

У сваіх мастацка-літаратурных аналізах Быкаў дасягае ўнівэрсальнага вымярэньня — якое грамадзтва, такая і армія.

Калі чытаеш аповесьці Васіля Быкава, узьнікае ўражаньне, што пэрыпэтыі вайны ў іх — гэта нешта другараднае, матэрыял, які аўтар найлепш ведае і якім можа найлепш пакарыстацца пры ўзьвядзеньні архітэктуры твору. Хай гэта „Здрада“, „Праклятая вышыня“ або „Пастка“, „Дажыць да сьвітаньня“ або „Мёртвым не баліць“...
 

 
   

Ня толькі цэнтральныя ўлады абвінавачвалі пісьменьніка ў ачарненьні рэчаіснасьці. У Беларусі Быкаў таксама ня меў апірышча, бо, ня лічачы адзінкавых выпадкаў, тут так і не сфармаваўся дысыдэнцкі рух. Пісьменьніка падтрымлівалі маскоўскія лібэралы, пераважна з асяродзьдзя слыннага некалі літаратурнага часопіса „Новый Мир“, рэдагаванага Аляксандрам Твардоўскім, які публікаваў забароненыя ў Менску тэксты вялікага беларуса. Трэба пры гэтым адначасна сказаць, што тады Быкава амаль імгненна перакладалі і выдавалі таксама і ў Польшчы, дзякуючы захадам і аўтарытэту такіх пісьменьнікаў, як Віктар Варашыльскі, Анджэй Дравіч або Ян Гушча. Нягледзячы на сапраўды сусьветную вядомасьць, стаўленьне да Васіля Быкава ў даперабудоўныя часы з боку ўладаў вагалася ад непрыязнасьціда падлабуньваньня, бо ўлады стараліся аблашчыць пісьменьніка і выкарыстаць для сваіх патрэбаў. Але неўзабаве зьявіўся Гарбачоў са сваёй утопіяй рэфармаваньня нерэфармавальнага камунізму, наданьня нялюдзкаму ладу людзкага аблічча; тады Быкаў пачаў уголас прамаўляць як пісьменьнік і чалавек. Ён стаў сумленьнем беларускай нацыі, знакавай постацьцю — як той, хто ніколі не выракаўся праўды ні словам, ні справай.

На жаль, БССР, перайменаваная ў незалежную Рэспубліку Беларусь пасьля распаду СССР, стала не дэмакратычнай дзяржавай, а нечым накшталт аскепка імпэрыі. Савецкая намэнклятура, перажыўшы часовыя паразы, поўніцай утрымала тут уладу і спрыяла ўзьнікненьню аўтарытарнага рэжыму. Яго ўзмацненьне адбылося пяць гадоў таму і дасягнула кульмінацыі ў сэрыі палітычных забойстваў, мэтай якіх было аслабленьне апазыцыі. У дадзены момант шмат яе лідэраў апынуліся на эміграцыі, у тым ліку і ў Польшчы. Быкаў знайшоў прытулак сьпярша ў Скандынавіі.

У гэтым кантэксьце знамянальнае значэньне мае выезд зь Беларусі старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Някляева сьпярша ў Варшаву, а потым у Гельсынкі. Някляеў ня быў у апазыцыі, аднак ня змог вынесьці антыбеларускага курсу Лукашэнкі, накіраванага на поўнае зьнішчэньне беларускай мовы і грунтаванай на ёй нацыянальнай культуры. Гэты парадокс, што беларуская дзяржава імкнецца да падрыву беларушчыны, то бок да самаадмаўленьня, з гледзішча нармальнага розуму цяжка вытлумачыць. Дзяржава, якая намагаецца стаць калёніяй іншай дзяржавы? Стала марыць аб тым, каб перастаць быць самой сабой?! Незалежнасьць, за якую іншыя народы пралівалі кроў пакаленьнямі, для Беларусі стаецца каменем на шыі? Як жа гэта растлумачыць? Хваробай?

Быкаў у нядаўным інтэрвію, апублікаваным у „Gazecie Wyborczej“, поўніцца нядобрымі перажываньнямі і інтуіцыямі. Памятаючы свае шматлікія размовы з Васілём, — і трыццаць гадоў назад, і ўсяго пару, я ведаю, што ён ніколі ня меў ілюзіяў наконт homo sovieticus’a, бо, нягледзячы на ўсе спробы ідэалізацыі, дасканала ведаў яго. Быкаў паводзіў сябе быццам Міцкевіч у Расіі, не даючы сябе маральна зьнішчыць.

Быкаў дасьледуе прычыны гэткага лёсу Беларусі і беларусаў, дзякуючы чаму ўсё часьцей у яго творчасьці зьяўляецца партызанская тэматыка, менш знаёмая яму з уласнага досьведу. Зьяўляецца таксама гістарычная, паўстанцкая тэматыка, зьвязаная зь няўдалай спробай пабудовы беларускай незалежнасьці пасьля першай сусьветнай вайны. Пісьменьнік мае тую перавагу над любым палітыкам і любым прэзыдэнтам, што не палітыка вызначае яго месца ў гісторыі. Калі сярэдні паляк пазірае цяпер на мінуўшчыну вачыма Генрыка Сянкевіча, то звычайны беларус, безумоўна, ня будзе на яе глядзець вачыма прэзыдэнта (ня той талент і ня тая магія слова).
 

 
   

Згаданая „Ściana“ — збор напісаных апошнім часам твораў, выданьню якога ў Менску паспрыяла патрыятычнае асяродзьдзе, — зьмяшчае ў сабе атляс беларускіх нягодаў. Мэтафарай гэтых нягодаў служыць фінал аднайменнага твору, у якім вязень заўзята бурыць каменную сьцяну, каб нарэшце вырвацца на волю, але аказваецца, што ён апынуўся на турэмным дворыку, паблізу ад шыбеніцы. „Жыцьцё ў турме, як і сьмерць, ня мела сэнсу“, — канстатуе аўтар. Чалавек завіс у касьмічным вакууме, у якім яго проста няма, дарма што ў зямных умовах ён жыве, есьць і дыхае, і нешта там бачыць.

Гістарычная драма Беларусі і беларусаў, стала прысутная ў прозе Быкава, не прыводзіць да таго, што яго творчасьць стаецца малазразумелай для іншых. У рэчаіснасьці ўсё наадварот. Пісьменьнік выяўляе гэтую драму ня столькі праз палітычныя рэаліі, колькі праз асэнсаваньне чалавека як такога. Кранальную сцэну калектыўнага самагубства беларускіх паўстанцаў са слуцкай брыгады дваццатага году, пасьля прайгранай бальшавікам кампаніі, пісьменьнік прадстаўляе без гістэрыі („На чорных лядах“). Трагедыя адбываецца спакойна, можна сказаць — разважліва і лягічна. Без узьнёслых жэстаў, па-сялянску, прадметна. У мяне гэта выклікала асацыяцыю са сьмерцю маёй бабулі — днём раней яна дала сям’і апошнія распараджэньні і, спраўдзіўшы, што іх зразумелі правільна, неўзабаве ціхенька памерла. Гэткая сьмерць не была канцом сьвету.

Быкаў не выносіць ілюзіяў, і дзеля гэтага ён зусім непрыдатны да прапагандысцкага выкарыстаньня. Дарма што яго тэксты ня маюць займаючага дыханьне дзеяньня, яны чытаюцца запоем. Бо яны — захапляльнае падарожжа ў глыб чалавечай душы, выяўленьне яе шторазу іншых краявідаў. Яго можна назваць „Дастаеўскім беларускай літаратуры“, але настолькі своеасаблівым, што яго цікавіць не псыхалёгія літаратурнага героя наагул, не барацьба дабра са злом, а выяўленьне велічы і ўвадначас подласьці ў маленькім чалавеку, уцягнутым у колы гісторыі. Усё пачынаецца неўспадзеўкі. Жыў-быў сабе маленькі чалавек, які збольшага трымаўся дзесяцёх запаведзяў, хутчэй інстынктыўна, дзякуючы натуральнаму маральнаму закону. І зьнячэўку яго ўпіхнулі ў вір часу і эпохі, якую ён, як правіла, не да канца разумее. Увогуле ён зьбіты з панталыку, а калі і паддаецца злу, то зусім не з разьліку: ён проста не вытрымлівае. І што выходзіць? Пры сутыкненьні індывіда са злом часьцей прайграе першы. У індывідуальным вымярэньні пераадоленьне зла дабром канчаецца на крыжы. Таму дабро вымагае ахвярнасьці, адданасьці. І ў гэтым палягае ўнівэрсальная драма Беларусі — у яе сумленнай бясьсільнасьці перад д’ябальскай сілай. Аднак так не павінна быць у будучыні. Вось мая рэфлексія.

Учытваючыся ў „Ścianę“ Васіля Быкава, з кожным наступным тэкстам трапляеш не ў дэпрэсію, а наадварот: узрастае прага ачышчэньня. Акурат у гэтым месьціцца незапатрабаваная прыцягальнасьць, сіла самога дабра як антыпода антычалавечых паводзінаў літургіі Зла. Мы ля сьцяны, бы сыны Ізраілю.

Тэкст перакладзены паводле Gazety Wyborczej
з ласкавай згоды аўтара.

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 8 (13) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн mk, майстраваньне Макса Маскалёва
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 16-01-2001