A R C H E S k a r y n a № 8 (13) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


82000
» да Зьместу «

 


Скарына
аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі


 

 
Вокладка ARCHE Skaryna 8-2000.

   Мінулыя нумары:

   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Юрась Лаўрык
Даведнік з памылкамі
 
Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагодзьдзя: Жыцьцярысы. Мартыралёгія. Успаміны / нав.-рэд. савет: У.Конан (адк. рэд.) і інш. — Менск — Мюнхен: Беларускі Кнігазбор, 1999. — 752 с., іл.

Першае ўражаньне, якое гэтая кніга на мяне зрабіла, я б ахарактарызаваў адным словам: „Нарэшце!“ Грунтоўны даведнік, энцыкляпэдычна сьціслыя і багатыя на фактаграфію артыкулы, дыхтоўная аправа — гэта, здаецца, якраз тое, чаго ўжо даўно чакалі чытачы. У сам-раз паставіць на паліцу... і болей не чапаць — каб не псаваць гэтага першага ўражаньня. Бо як толькі возьмешся прыглядацца да артыкулаў з калівам увагі, ажно вока пачынае рэзаць ад шматлікіх недапрацовак, недакладнасьцяў і проста памылак (пра культуру мовы ўвогуле ня згадваю). Вока спатыкаецца яшчэ перад тым, як дойдзеш да артыкулаў: дастаткова кінуць позірк на бібліяграфічнае апісаньне ды анатацыю на адвароце тытульнага ліста, каб ужо расхацелася чытаць далей. Апісаньне не адпавядае прынятым у Беларусі нормам: 1) і на тытульным лісьце, і на вокладцы брак прозьвішча аўтара-ўкладальніка, а выданьне апісана „пад аўтарам“, і нават без кантовых дужак; 2) падзагаловак, які выдрукаваны на тытульным лісьце дастаткова вялікімі літарамі, каб ня быць незаўважаным, папросту зыгнараваны; 3) абсяг зьвестак пра рэдактуру не аддзелены касой рыскай і таму стварае ўражаньне падзагалоўка; 4) назвы замежных месцаў выданьня, якія ў апісаньні не павінны скарачацца, тут скарочаныя, і замест „Мюнхен“ мы бачым толькі „Мюн.“ — паспрабуй здагадайся, пра што гамонка — Мюнхен, Мюнстар ці, можа, Мюндэн, што ў Гановэры? Няблага — на 4 радкох ажно 4 недакладнасьці?! Пры тым, што выданьне мела адмысловага „рэдактара-бібліёграфа“! (Гл. усё той жа адварот тытульнага ліста.) Але йшчэ ня ўсё — анатацыя. Цытую: „Беларускі хрысьціянскі рух налічвае не адно стагодзьдзе“. Цікава, якую зьяву папярэдніх стагодзьдзяў (г.зн., ХІХ, XVIII, а мо нават XVII з XVI?) можна характарызаваць як „беларускі хрысьціянскі рух“? І ці ўзаемазамяняльныя гэта паняцьці: „беларускія рэлігійныя дзеячы“ і „беларускі хрысьціянскі рух“? Тэрмін „рэлігійны“ ахоплівае значна больш шырокі кантэкст, чым „хрысьціянскі“; дый увогуле, пры такой назьве ў кнізе мусяць быць зьмешчаныя пэрсаналіі рабінаў ды імамаў зь Беларусі, чаго, аднак, не назіраецца. Цікава таксама, чаму выданьне, якое мае ўсе рысы навукова-даведачнага (а да таго ж і ў тэксьце далейшай Прадмовы некалькі разоў названае даведнікам — гл. напрыклад, с.IX), адрасавана толькі „для шырокага кола чытачоў“ і на апошняй, „выдавецкай“, старонцы названа навукова-папулярным? Можа, якраз у прадбачаньні жорсткай крытыкі што да навуковасьці працы? Але, зрэшты, і навукова-папулярнае выданьне павінна абапірацца на факты і не скажаць рэчаіснасьці.
 

   

Хтосьці, магчыма, будзе наракаць, што я закідаю аўтару правіны бібліёграфа. О.К… Пяройдзем да аўтарскіх матэрыялаў. Тут памылак і недакладнасьцяў ня меней (пры некаторых пэрсаналіях, да слова, я налічваў іх часам больш за дзясятак на артыкул). Прабягуся, аднак, хуценька па самых відавочных, бо калі пералічваць і абгрунтоўваць усе, дык можа атрымацца том, таўсьцейшы за рэцэнзаваны.

Ужо на першай старонцы Прадмовы чытаем: „Іншыя, да прыкладу, артадаксальная каталіцкая групоўка У.Рыжага-Рыскага на эміграцыі, бачылі выйсьце ў стварэньні беларускай артадаксальнай каталіцкай Царквы-Субожні, незалежнай ад Ватыкану, а праз гэта — і ад уплыву польскага каталіцызму“ (с.VII выданьня). Я вымушаны тут закінуць аўтару ня толькі брак абазнанасьці ў элемэнтарных панятках, зьвязаных з хрысьціянскімі інстытуцыямі, але і недастаткова крытычны падыход да вывучанага матэрыялу. „Субожня“ Рыжага-Рыскага — гэта адна вялікая афёра, пакліканая задаволіць ягоныя ўласныя амбіцыі. Бачачы экумэнічныя і ўнійныя тэндэнцыі, што пашыраюцца ў сучасным сьвеце, ён вырашыў выкарыстаць іх у сваіх інтарэсах, ды яшчэ ў мэтах большае прыцягальнасьці для беларусаў-эмігрантаў падшыў гэтую ідэю патрыятычнымі лёзунгамі. Назва ягонае „царквы“ — гэта награмаджэньне словаў, якія нічога ня значаць. Калі мы кажам: „Каталіцкая Царква“, мы маем на ўвазе канкрэтны фэномэн, рэлігійную арганізацыю ўва ўсёй поўні ейнага фізычнага і містычнага быцьця; з усёй ейнай гіерархіяй, традыцыяй і дагматыкай (у т.л. першынством Рыму). Тое самае датычыць і Царквы Праваслаўнай, назву якой Рыжы-Рыскі таксама ў сваёй мяшанцы выкарыстоўваў, перарабляючы яе на заходні манер: „артадаксальная“. Ня маючы дачыненьня да гіерархіі ніводнай з названых цэркваў, ён сам абвясьціў сябе арцыбіскупам. Трэба заўважыць, што, нягледзячы на рознагалосьсе ў шэрагу пытаньняў, абедзьве названыя царквы прызнаюць адна за адной Апостальскую Пераемнасьць, якая выражаецца ў тым, што сапраўднымі лічацца толькі тыя сьвятарскія сьвячэньні, якія ўдзяліў законна пастаўлены біскуп. Сьвятарскіх сьвячэньняў Рыжаму-Рыскаму ўдзяліў пратэстанцкі пастар(!), які ня меў для гэтага аніякіх паўнамоцтваў; пра арцыбіскупскае высьвячэньне ж увогуле лепей прамаўчаць, як, зрэшты, і пра „дактрыну“, у якой намяшана ўсё, што толькі магчыма: ад тэзаў, запазычаных у кальвіністаў ды польскіх старакатолікаў, і аж да элемэнтаў паганства. Да слова, ніжэй, ужо ў артыкуле пра Рыжага-Рыскага, сустракаюцца „пэрлы“ ня меншае „каштоўнасьці“. Цытую: „Са студзеня 1960 г. усклаў на сябе абавязкі апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў“. Тэрмін „апостальскі візытатар“ ужываецца на азначэньне нерэзыдэнцыйнага каталіцкага гіерарха, якому Апостальская Сталіца — то бо Рым — надала права кіраваньня памеснай Царквой. Як жа прыватная асоба можа сама ўскласьці на сябе гэтыя абавязкі? А тым болей асоба, якая ня мае правадзейных высьвячэньняў? Асоба, якая да таго ж увогуле не знаходзіцца ў еднасьці з Рымам?

Гэтаму артыкулу яшчэ шмат чаго можна закінуць, але не выдаецца слушным выдаткоўваць на вышэйменаваную асобу столькі часу ды месца. Заўважу толькі, што калі аўтар упарта хоча лічыць Рыжага-Рыскага „рэлігійным дзеячом“ — гэта ягонае аўтарскае права, але ён нясе адказнасьць за пададзеную інфармацыю і абавязаны ацэньваць яе сумленна і крытычна.
 

 
   

Вяртаючыся зноў да Прадмовы, зазначу, што яна насоўвае і шэраг іншых заўвагаў. Па-першае, пры аглядзе гістарыяграфіі пытаньня аўтар гаворыць пра постсавецкі пэрыяд фактычна толькі тое, што „ажывілася рэлігійна-выдавецкая дзейнасьць, разьвіваецца пэрыядычны друк“ (с.VІІІ). Між тым за апошняе дзесяцігодзьдзе зьявілася даволі шмат публікацыяў, у рознай ступені зьвязаных з тэмаю, у пэрыядычных і непэрыядычных выданьнях. Здаецца, было б усё ж варта, хай бы і вельмі коратка, пазначыць, ці ведае іх аўтар ды ці зьвяртаўся да іх, а калі не, дык чаму. Зрэшты, на том выданьня „Памяць“, прысьвечаны Валожынскаму раёну, ён спасылаецца — але толькі ў прыартыкульных крыніцах ды ў сьпісе пры канцы кнігі. Аднак пра тое, што некалькі артыкулаў па тэме было зьмешчана, напрыклад, у томе „Памяці“, прысьвечаным Браслаўскаму раёну, няма аніводнай згадкі.

Па-другое, гаворачы пра падрыхтоўку працы, аўтар зазначае, што „шырока выкарыстоўваўся вопыт аналягічных навукова-канфэсійных выданьняў (чаму ня „досьвед“? і што значыць выраз „навукова-канфэсійныя выданьні“?), якія выйшлі за апошнія 30 гадоў у Германіі…, Польшчы…, Латвіі…“. Аднак выкарыстаньне гэтага досьведу ня надта заўважна, а на дадатак аўтар урэшце прызнаецца, што „пры напісаньні біяграфічных артыкулаў… кіраваўся мэтадычнымі прынцыпамі… даведніка „Беларускія пісьменьнікі. Бібліяграфічны слоўнік“ (с.VІІ–ІХ). Дык у чым жа гэты „вопыт“? Зрэшты, мэтадалёгія ў даведніку „Беларускія пісьменьнікі“ сапраўды распрацавана вельмі добра, дык тым болей незразумела, чаму аўтар не скарыстаў зь яе ў большай ступені і ня вылучыў асобна пасьля біяграмы апроч „крыніцаў“ таксама і творы апісванай асобы ды літаратуру пра яе — гэта значна ўзбагаціла б даведнік і спрасьціла карыстаньне ім. Або можна было, паводле „Encyklopedii Katolickiej“, на досьвед якой аўтар сярод іншых замежных даведнікаў спасылаецца (і якой, дарэчы, на момант выданьня рэцэнзаванае працы выйшла ўжо ня 2 тамы, а 6), даць асобным параграфам разгляд творчасьці асобы. Вельмі кепска, што аўтар таксама ня ведае іншых польскіх энцыкляпэдычных выданьняў (сярод іх, напрыклад, выдадзеная некалькі гадоў таму ў Кракаве „Encyklopеdia wiedzy o jezuitach“), якія маглі б вельмі прыдацца як у сэнсе мэтадалягічным, так і фактаграфічным. Што да прыартыкульных „крыніцаў“, дык аўтар, на жаль, нават не адрозьнівае крыніцаў ад літаратуры, а мяшае ўсё ў адну кучу — такі падыход ставіць пад сумнеў ягоны прафэсіяналізм.
 

 
   

Па-трэцяе, шмат пытаньняў выклікаюць катэгорыі адбору пэрсаналіяў і разьбежнасьць паміж дэкляраванымі крытэрамі і прадстаўленымі пэрсаналіямі. Так, на с.ІХ напісана: „Пры адборы пэрсаналій да біяграфічнага разьдзела аўтар улічваў наступнае:

1) ступень заангажаванасьці асобы ў беларускі хрысьціянскі рух;

2) зьмест і характар яе нацыянальна-рэлігійнай дзейнасьці;

3) удзел у рэлігійных і культурна-грамадзкіх арганізацыях, партыях і акцыях;

4) рэдагаваньне і выданьне [па-беларуску на азначэньне гэтага працэсу ўжываецца слова „выдаваньне“] рэлігійнай пэрыёдыкі і кніг царкоўнага зьместу [à propos: што маецца на ўвазе пад выразам „царкоўны зьмест“?];

5) супрацоўніцтва з рэлігійным і сьвецкім пэрыядычным друкам, выдавецкімі таварыствамі і суполкамі;

6) міжканфэсійныя кантакты;

7) у выпадку духоўных асобаў — удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцьця вернікаў-беларусаў праваслаўнага, пратэстанцкага і каталіцкага веравызнаньняў [вельмі цікава, да якога з тых вызнаньняў аўтар аднёс згаданую „Субожню“ Рыжага-Рыскага?], пасьлядоўнае выкарыстаньне беларускай мовы ў богаслужэньнях і набажэнствах [якая, дарэчы, тэрміналягічная розьніца паміж дзьвюма апошнімі назвамі? Бо паміж „імшой“ і „літургіяй“ яна навідавоку, а вось паміж „багаслужэньнем“ і „набажэнствам“ хоць забі — ня бачу!].

Дык вось, чамусьці ў біяграфічнай частцы няма сьвятара, дзейнасьць якога адпавядала, бадай, усім гэтым крытэрам, — нябожчыка а. Яна Матусевіча. Апошнія гады ён жыў у Менску, так што сабраць матэрыялы пра яго не было б вялікай праблемай. Аднак ён не згаданы. У той ці іншай ступені датычыць гэта і такіх, напрыклад, пратэстанцкіх дзеячаў, як Э.Сабіла або Ю.Рапэцкі, якія ў дадзены даведнік не ўвайшлі „з тэхнічных прычынаў“ (с.ХІ), а таксама некаторых іншых. У той жа час да беларускіх дзеячаў, біяграмы каторых у даведніку прадстаўленыя, залічаюцца часам вельмі сумнеўныя постаці, як, напрыклад, біскуп Зыгмунт Лазінскі — паляк па паходжаньні і па самасьвядомасьці, які праводзіў у кіраваных ім дыяцэзіях выразную антыбеларускую палітыку! Будучы біскупам Менскім, ён зьбіраўся забараніць выкананьне душпастырскіх абавязкаў кс. Гадлеўскаму за сказаную ўва Ўжанцы падчас адпраўленьня там імшы казань па-беларуску. У выніку гэтага а. Гадлеўскі мусіў пераводзіцца ў Віленскую дыяцэзію ў падначаленьне да больш лібэральнага біскупа-летувіса А.Матулевіча. Ужо як біскуп Пінскі кс. Лазінскі забараняў клерыкам-беларусам Пінскае сэмінарыі чытаць „Хрысьціянскую Думку“, якую дасылаў туды зь Вільні кс. Адам Станкевіч. На 2-м унійным спатканьні ў Пінску ў 1931 г. той жа бск. Лазінскі галасаваў супраць прыняцьця рэзалюцыі, каб да кожнага народу (у тым ліку і да беларусаў!) сьвятары зьвярталіся ў мове гэтага народу. Ці можна пасьля ўсяго пералічанага ўважаць кс. З.Лазінскага за беларускага дзеяча? Я вельмі сумняюся…

Першы біяграфічны артыкул прысьвечаны а. Фабіяну Абрантовічу (с.3–4). Ужо дэфініцыйная частка змушае мяне пачаць „чапляцца да словаў“. Ці слушна ставіць у адзін шэраг і пералічваць праз коску настолькі розныя катэгарыяльна рэчы: „… архімандрыт, місіянэр, манах-марыянін, доктар філязофіі, магістар тэалёгіі, рэлігійны і культурна-грамадзкі дзеяч…“ (с.3). Усё зьмяшана: пасада, род заняткаў, навуковая ступень, характарыстыка дзейнасьці; і як вынік — дзіўная трасянка назваў і разбудаваны да немагчымасьці чытаньня сказ. Ды каб толькі тое! „Каталіцкі сьвятар усходняга абраду…“ — якога канкрэтна? Бо ў сьвеце існуе больш за 20 усходніх абрадаў, і добрая палова з цэркваў, дзе яны ўжываюцца, знаходзіцца ў еднасьці з Рымам. Зрэшты, для Беларусі гэта можа б і сышло, бо ў нас усё ж усходнія каталікі адно бізантыйскага абраду, але калі на тытульным аркушы пазначана як месца выхаду нашае кнігі „Менск-Мюнхен“, дык трэба ўжо падыходзіць да справы з эўрапейскімі меркамі, бо ў эўрапейскай літаратуры на гэткія рэчы заўсёды зьвяртаецца ўвага. Але нават і тое, што ён быў сьвятаром усходняга абраду, таксама ня цалкам адпавядае сапраўднасьці, бо ён большую частку свайго жыцьця належаў да абраду лацінскага, а ўсходні прыняў толькі з прычыны накіраваньня ў Харбін на місію да расейцаў (першую сваю бізантыйскую літургію ён адслужыў за чатыры месяцы перад ад’ездам).
 

 
   

Але іду далей: „…доктар філязофіі, магістар тэалёгіі…“ — вядома ж, немагчыма атрымаць доктарскую ступень, ня маючы магістрату, а як ён сьвятар, дык ужо напэўна рабіў магістрат з тэалёгіі — нашто тады паўтарацца? Альбо, калі ўжо так карціць папералічваць болей тытулаў, дык трэба было тады ўзгадаць і тое, што ён атрымаў і ступень кандыдата багаслоўя ў Санкт-Пецярбурскай Каталіцкай Акадэміі. „…тэарэтык… беларускага вуніяцтва“. У якой канкрэтна працы ён будаваў тэорыю беларускага ўніяцтва? Я, напрыклад, такое працы ня ведаю і, больш таго, перакананы, што а. Абрантовіч напэўна тэарэтыкам беларускага ўніяцтва ня быў. І, дарэчы, што канкрэтна ён зрабіў для грэка-каталіцкае царквы ў Беларусі? Ну і нарэшце, а. Фабіян Абрантовіч быў арыштаваны не „савецкімі органамі бясьпекі“, а немцамі — пры спробе нелегальнага пераходу мяжы — і толькі пасьля быў выдадзены бальшавікам.

А. Канстанцін Маскалік (с.115). Пры ўсёй маёй павазе да а. Кастуся не магу згадзіцца, у прыватнасьці, з тым, што ён названы ў дэфініцыйнай частцы публіцыстам. Уся ягоная дзейнасьць на Radio Vaticana заключалася ў дыктарскай працы ды зрэдчасу ў перакладаньні афіцыйных матэрыялаў з італьянскай мовы на беларускую. Рыхтуючы газэту „Źnič“, ён; выконваў толькі тэхнічныя працы і не напісаў аніводнага артыкулу — дык пра якую публіцыстычную дзейнасьць гамонка? Багата ў біяграме і іншых „ляпаў“. У 1945 г. ён скончыў школу падафіцэраў, што не адзначана. Ён не „пачаў вучобу ў мясцовым [г.зн., рымскім?!] калегіюме“ ў 1947 г., а паступіў у Грэгарыянскі ўнівэрсытэт (Gregorianum) і жыў падчас вучобы ў Collegium Russicum — студэнцкім інтэрнаце для клерыкаў, рыхтаваных з разьлікам на працу ў Расеі (да слова, памылка з калегіюмамі для рымскіх клерыкаў праходзіць чырвонай ніткай празь вялікую колькасьць біяграмаў). Ён не „падтрымліваў цесныя кантакты зь вядомым сьвятаром П.Татарыновічам“, а працаваў пад ягоным непасрэдным кіраўніцтвам на Radio Vaticana. Урэшце, біяграма заканчваецца сказам пра ягоную дзейнасьць на гэтым Радыё, але не згадана, што ён там працаваў толькі да сярэдзіны 80-х; пра далейшае ж ягонае жыцьцё і працу ў Каталіцкіх Місіях у Лёндане ды Парыжы таксама няма ні слова.

Кс. Уладзіслаў Чарняўскі (с.213). Гэтым разам памылак крыху меней, але затое якія! „Пасьвячэны ў сьвятары 24.9.1953(?)“, але „напрыканцы кастрычніка 1944 г. адправіў першую сьвятую мшу ў Крэве“! І далей: „Адпраўляў набажэнствы і адначасова вучыўся ў духоўнай каталіцкай сэмінарыі“. Як ён мог выконваць абавязкі сьвятара ў Каталіцкай Царкве, ня маючы высьвячэньняў, для мяне застаецца тайніцай. І тут аўтара не апраўдвае тое, што пасьля даты сьвячэньняў стаіць маленькі пытальнік — пытальнікі ставяцца, калі аўтар ня мае магчымасьці ўдакладніць інфармацыю. Тут жа ў самім артыкуле напісана, што а. Уладзіслаў „выконвае сьвятарскія абавязкі ў Беларусі ў мястэчку Вішнева Валожынскага раёна“. Можна было б зьезьдзіць — не далёкі жа сьвет! — ці хаця б напісаць. Найболей уражвае тое, што не сказана галоўнага пра беларускую дзейнасьць кс. Чарняўскага — што, напрыклад, яшчэ ў 1968 годзе а. Уладзіслаў напісаў адкрыты ліст да польскага япіскапату ў абарону беларускасьці Каталіцкае Царквы ў Беларусі, або што ён перакладчык Старога Тэстамэнту на беларускую мову (значная частка ягонага перакладу, як даходзяць чуткі, ужо „вісіць“ у Інтэрнэце, а „Кніга Роду“ апублікавана нават друкам).
 

 
   

З увагі на аб’ём часопіса я разгледзеў тутака толькі тры артыкулы. Але я сьвядома выбіраў іх з пачатку, сярэдзіны і канца біяграфічнага разьдзелу, каб паказаць, што ўся даведачная частка прасякнутая фактаграфічнымі і тэрміналягічнымі памылкамі наскрозь.

Мушу таксама „прайсьціся з частым грэбнем“ па кампазыцыйных характарыстыках выданьня. Кнізе яўна бракавала добрага рэдактара, які б давёў яе да ладу. Структура, напрыклад, для мяне абсалютна незразумелая. Ці сапраўды варта было зьмешваць матэрыялы, якія настолькі розьняцца па сваім характары — энцыкляпэдычныя біяграмы, публіцыстыку, дакумэнты? Ствараецца ўражаньне, што гэта зроблена толькі з увагі на аб’ём — так бы мовіць, „дзеля таўшчыні тому“. Напэўна, было б лепей зрабіць з гэтага ўсяго дзьве асобныя кнігі — хай сабе і значна танчэйшыя, ці прынамсі (што, зрэшты, мне таксама ня надта падабаецца) два тамы аднаго выданьня. У адной кнізе трэ было б даць пэрсаналіі з дадаткам статыстычных і дакумэнтальных матэрыялаў, у другім жа — той перадрук публікацыяў з эмігранцкае і заходнебеларускае пэрыёдыкі, што запаўняе сабой увесь другі разьдзел. Першая кніга тады была б выразна навукова-даведачнай, другая ж — хутчэй папулярнай.

Да таго ж, што да трэцяга разьдзелу выданьня, дык ён перапоўнены аднатыпнымі факсыміле выпісаў з мэтрыкаў, пасьведчаньняў і г.д. Тут ужо трэба было або абмежавацца ўзорнай ілюстрацыяй аднаго дакумэнту пэўнага тыпу, або публікаваць дакумэнты, датычныя ўсіх сьвятароў (што, зрэшты, павінна было б выліцца ў шматтомнае выданьне, але, прынамсі, зрабіла б дакумэнты даступнымі для навуковай працы). Той жа варыянт, які мы маем зараз, на жаль, ізноў выклікае думку аб жаданьні аўтара „і рыбку злавіць, і ног не замачыць“.

Дзіўныя рэчы адбываюцца з прыартыкульнымі фатаграфіямі асобаў. Аўтар парупіўся знайсьці здымкі памерлых дзеячаў, але партрэты шэрагу тых, што яшчэ жывуць і чые фатакарткі здабыць зараз — невялікая праца, чамусьці ў кнізе адсутнічаюць, як, напр., а. С.Жалезьняковіча (с.71), а. Р.Сасны (с.175), кс. Ул.Чарняўскага (с.213). Прычым гэта не праява аўтарскай пазыцыі — не падаваць партрэтаў жывых асобаў — бо шмат зь іх (напр., кс. Завальнюка — с.77, М.Матрунчыка — с.118 і інш.) усё-ткі апублікавана. Няўжо б тыя, „беспартрэтныя“, адмовілі б пераслаць якую-небудзь фатаграфію, калі б аўтар зь імі скантактаваўся? Дый, зноўкі, і жывуць яны недалёка — хто ў Польшчы, хто ў Беларусі — няцяжка зьезьдзіць, бо не Амэрыка ўсё ж. Іншая прэтэнзія да партрэтаў — крытэр адбору. Здаецца, было б слушней даваць здымкі ў тым веку, у якім чалавек болей зрабіў, або ў якім ягоны твар найболей пазнавальны. Тут жа побач зь біяграмамі шэрагу асобаў пададзены іхныя фатаграфіі ў „сэмінарыйным веку“, што неяк не стасуецца з доўгім пералікам імі зробленага. Растлумачыць гэта недаступнасьцю пазьнейшых здымкаў таксама ня надта выпадае, асабліва ў выпадку, напр., такіх асобаў, як кс. Казімер Кулак (с.94) або а. Аляксандар Надсан (с.129).

Відавочна, што аўтар выдаткаваў (так і карціць напісаць „змарнаваў“, але гэта, бадай, было б замоцна сказана) колькі год карпатлівай працы, каб сабраць і сыстэматызаваць такі вялікі па аб’ёме фактаграфічны матэрыял, разабрацца ў літаратуры прадмету, сабраць дакумэнты. Шкода, аднак, што ён не паклаў яшчэ пару год, каб усё гэта належным чынам апрацаваць ды звэрыфікаваць, як гэта выпадае зрабіць дбайнаму дасьледчыку. Бо ў выніку даведнік атрымаўся ня надта прыдатны нават „для шырокага кола чытачоў“, ня кажучы ўжо пра навукоўцаў ды выкладчыкаў, якія перадусім маюць патрэбу ў такім выданьні. Увогуле, падсумаваць усё вышэй сказанае мне хацелася б словамі, якімі ахарактарызаваў пару стагодзьдзяў таму вядомую працу Каратаева расейскі навуковец — І.А.Бычкоў. Ён піша, што аўтар бібліяграфіі старадрукаў „довольно много поработалъ при его (Описанія славяно-русскихъ книгъ) составленiи; но, къ сожалhнію, трудъ этотъ выполненъ не съ тою добросовhстностью и тщательностiю, какія необходимы въ подобнаго рода работахъ; въ немъ встречается много такихъ ошибокъ и недостатковъ, которые лишаютъ его значенiя вhрного руководителя въ историко-литературныхъ занятiяхъ“ (Цыт. паводле: Владимировъ П.В. Доктор Франциск Скорина. (Спб), 1888. с.ХХVІ.). Шкода таксама, што дактары навук Ул.Конан і А.Мальдзіс, імёны якіх, як сяброў Навукова-Рэдакцыйнае Рады, значацца ў кнізе, у адрозьненьне ад свайго расейскага калегі, не паставіліся належным чынам да сваіх абавязкаў (можа, прывычка быць „вясельнымі генэраламі“ прывучае думаць пра свой навуковы аўтарытэт як пра нешта незварушнае і непрамінучае?).

Напрыканцы артыкулу мушу прызнаць, што нягледзячы на ўсе хібы каратаеўскага „Описанiя“, да ягонае бібліяграфіі дасьледчыкі зьвяртаюцца дагэтуль. Мабыць, так жа будзе і з рэцэнзаванай кнігай, балазе, пакуль нічога больш сур’ёзна і прафэсійна падрыхтаванага мы ня маем. Але хацелася б, вядома, каб хутчэй ужо яно зьявілася…

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
 
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 8 (13) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Дызайн mk, майстраваньне Макса Маскалёва
Copyright © 1998-2001 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 16-01-2001