A R C H E | S k a r y n a | № 8 (13) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
РЫЧАРД ПАЙПС | |||||
|
Рычард Пайпс
|
прафэсар гісторыі Гарвардзкага ўнівэрсытэту, дасьледуе гісторыю і культуру Расеі. |
Расія традыцыйна аддавала велізарную ўвагу сваёй вайсковай магутнасьці, асабліва пасьля таго, як атрымала ядравую зброю, пры дапамозе якой магла трымаць увесь сьвет у страху. Сёньня расійскую ядравую зброю практычна немагчыма выкарыстаць у баі, і гэтая вайсковая магутнасьць мала што значыць. Мала што значыць сёньня і колькасная чалавечая вайсковая сіла. Расія змагла выйграць другую сусьветную вайну таму, што не вагаючыся ахвяроўвала людзьмі. Колькі людзей загубіла Расія ў вайне зь Нямеччынай — гэта ж нешта нялюдзкае! Але расійскаму ўраду было ўсё роўна. Насамрэч Расія сёньня — не вялікая дзяржава. Ёсьць факты, якія гэта ілюструюць. Паводле некаторых падлікаў, валавы нацыянальны даход Расіі ў 1999 годзе складзе каля 100 мільярдаў даляраў. Магчыма, гэта недаацэнка. Але нават калі гэтая лічба складае 200 ці 250 мільярдаў — гэта вельмі мала. Параўнайце, капіталізацыя адной зь вялікіх карпарацыяў ЗША — карпарацыі OPMA — складае 226 мільярдаў. Абарачэньне маскоўскай фондавай біржы да жнівеньскага абвалу складала 105 мільёнаў даляраў. Гэта можна параўнаць з троххвілінным абарачэньнем нью-ёрскай біржы. Усё гэта надзвычай дзіўна для вялікай краіны. Пры такой беднасьці Расія ня можа быць вялікай дзяржавай, яна можа толькі рабіць выгляд, што яна вялікая дзяржава. Расія вельмі залежыць ад замежных інвэстыцыяў і пазык. А пасьля дэфолту 98-га году замежны капітал ня хутка сюды прыйдзе; на Захадзе лічаць, што Расія сапраўды вельмі бедная краіна, няўдалая для інвэстыцыяў, што ў яе слабая фінансавая сыстэма. Расія можа зарабіць статус вялікай дзяржавы толькі тады, калі яна ўпарадкуе ўласны дом. Расія павінна адмовіцца ад сваіх імпэрскіх амбіцыяў, яна ўжо больш не імпэрыя, хаця мэнталітэт Пятра Першага тут усё яшчэ прысутны. У Расійскай імпэрыі ёсьць унікальныя рысы, і яна адрозьніваецца ад вялікіх імпэрыяў Захаду. Калі ў XVI стагодзьдзі пачалася заходняя імпэрская экспансія, калі быў адкрыты Новы Сьвет, калі ў Індыйскі акіян скіраваліся экспэдыцыі, у эўрапейскіх краінаў ужо было сфармаванае разуменьне сваіх нацыянальных інтарэсаў. Брытанія ўжо была Брытаніяй, Галяндыя — Галяндыяй, Партугалія — Партугаліяй... Калёніі аддзяляліся ад мэтраполіі акіянамі... У Расіі ж з геаграфічных прычынаў разьвіцьцё імпэрыі, разьвіцьцё нацыянальнай дзяржавы адбывалася інакш. Іван IV заваяваў Казань, Астрахань, усталяваўся лад шматнацыянальнай дзяржавы, і пры гэтым расійскія калёніі межавалі з Расіяй. У адрозьненьне ад Захаду, дзе існавала ўсьведамленьне, чым ёсьць мэтраполія, а чым калёнія, у Расіі такога разуменьня не існавала. Мэтраполія і калёніі — гэта было нешта зьмяшанае. Дарэчы, у 50–60-я гады ад расійцаў можна было пачуць меркаваньні, што Расія зусім не імпэрыя, што яны жывуць на гістарычнай тэрыторыі, населенай рознымі нацыянальнасьцямі. Гэты “зьмяшаны” мэнталітэт існуе і дагэтуль. |
І яшчэ — пра расійскі нацыяналізм. Безумоўна, там, дзе людзі выбіраюць дэмакратыю, узьнікае размова пра нацыянальную самасьвядомасьць, пра нацыянальную дзяржаву. Але ў нацыяналізьме ёсьць два варыянты: ён можа быць эксклюзіўным і можа быць інклюзіўным. Эксклюзіўны азначае, што мы, чальцы гэтай этнічнай групы, выключаем усіх астатніх са свайго кола і пазіраем на іх зьверху ўніз. Гэта такая разнавіднасьць нацыяналізму, якая прыводзіць да ксэнафобіі, да шавінізму. А яднальны, інклюзіўны нацыяналізм (яго можна назваць яшчэ патрыятызмам) — гэта гордасьць за сваю грамаду, за тое, што вы працуеце на дабро гэтай грамады. Я мяркую, што расійскі нацыяналізм — пераважна эксклюзіўны, выключальны. Тут выключаюць усіх чужых, і гэта прыводзіць да ксэнафобіі, з прыкладамі якой мы ўвесь час сутыкаемся. Тут і наступствы таго, што пракідалася пры Сталіну, калі расійская нацыянальная гордасьць трансфармавалася ў ксэнафобію. Рэч у тым, што гэта не патрыятызм. І я ня ведаю, як з падобным можна справіцца — хіба толькі супольнымі намаганьнямі інтэлігенцыі, інтэлектуалаў. Бо так званая расійская гордасьць грунтуецца на нянавісьці да іншых. Неабходна адмаўляцца ад гэтай спадчыны камунізму, падцінаць яе глыбознае карэньне. Гляньце, хто б ні прыйшоў да ўлады ў Расіі — усё тыя ж царысцкія сымбалі: дзьвюхгаловы арол, сьцяг... Шмат гарадоў, вуліцаў былі перайменаваныя, але шмат чаго і засталося. Ленінскі праспэкт, Кастрычніцкая плошча з помнікам... Пецярбургу вярнулі ранейшую назву, Ленінградзкая вобласьць засталася. Пакуль яшчэ жывыя сымбалі старога рэжыму, людзі ня могуць мець выразных уяўленьняў, і яны не дасягнуць нічога пазытыўнага. Камунізм быў разбуральным пэрыядам; стагодзьдзі, затрачаныя на стварэньне грамадзянскай супольнасьці, пайшлі, так бы мовіць, на глум. Усе грамадзкія сувязі былі ператвораныя ў вэртыкальныя. Дарэчы, гэта тлумачыць, чаму распалася сама камуністычная партыя... У 1917-м годзе, вы памятаеце, цар адрокся і краіна распалася. Гэта немагчыма для дэмакратычнай краіны, бо там існуюць моцныя гарызантальныя сувязі, зьмена ўраду не прыводзіць да распаду краіны, і не даводзіцца пачынаць усё з нуля. Я мяркую, што найважнейшае заданьне для Расіі — пабудова юрыдычнай сыстэмы, судовай сыстэмы. Нармальная судовая сыстэма сёньня ў Расіі не працуе. Калі нехта тут у вас пазычае грошы і падпісвае адпаведную паперу, але даўгі не вяртае, то вы ня можаце зьвярнуцца ў суд, як гэта робяць нават у азіяцкіх краінах, а йдзяце да мафіёзных структураў. Урад таксама ня дзеіць згодна зь літарай закону. Няма прававой аховы інвэстыцыяў. Ствараецца такі клімат, у якім ня можа быць сацыяльнага адзінства, мала даверу паміж грамадзянамі і ўрадам і вельмі невялікі ўзровень даверу паміж грамадзянамі. На практыцы выходзіць, што кожны сам за сябе. Але адначасна існуе спадзяваньне, што ўрад будзе бараніць інтарэсы народу. Аднак на гэта ў Расіі спадзявацца нельга! |
У сёньняшняй Расіі сярод актыўных палітыкаў няма ніякага кансэнсусу, згоды няма нават у тым, каб Расія захавалася і працьвітала. Існуе велізарная колькасьць партыяў, і яны пераважна абслугоўваюць эгаістычныя памкненьні сваіх лідэраў. Такія партыі — не канкурэнты, яны ворагі адна адной. На Захадзе ж партыі канкуруюць, а не варагуюць міжсобку. Дазвольце мне выказаць спачуваньне, што Расія яшчэ не пераадолела гэтыя заганы. Я разумею, што выслухоўваць гэта ад замежніка не заўсёды прыемна. Але мяне цікавіць ня столькі мінуўшчына і цяпершчына, колькі будучыня. Пра будучыню, на жаль, сёньня ў Расіі дбаюць мала. Тут, як і раней, любяць наракаць на іншых. Памятаю, я быў шакаваны, калі прачытаў, што дзьве траціны расійцаў вераць, нібыта Злучаныя Штаты давалі эканамічную дапамогу, каб загубіць Расію. Гэтая ідэя ня мае ніякага дачыненьня да праўды. У Злучаных Штатаў, як і ў кожнай краіны, ёсьць свае інтарэсы. Але існуе велізарная розьніца паміж доўгатэрміновымі і кароткатэрміновымі інтарэсамі. Расія пад уплывам свайго гістарычнага досьведу ўсё яшчэ працягвае думаць пяцігодкамі, кароткімі пэрыядамі. Мы, дзякуючы нашай гісторыі, думаем нашмат большымі пэрыядамі. Калі скончылася другая сусьветная, мы пачалі дапамагаць Эўропе паводле пляну Маршала. І мы стварылі ў Эўропе сваіх канкурэнтаў. І мы ня хочам губіць Расію, мы ня хочам эксплюатаваць Расію. Няхай, у тым ліку і ў выніку нашай дапамогі, яна стане нашым канкурэнтам. Але Расія, на жаль, усё яшчэ перабывае пад уплывам ілюзіяў вялікай дзяржавы. Адзіны вораг Расіі — гэта самі расійцы. Я вельмі спадзяюся, што расійцы гэта зразумеюць, і тады яны пачнуць рухацца ў кірунку, неабходным для працьвітаньня Расіі. І ня будуць лаяць іншых, што яны нічога не зрабілі, і, магчыма, стануць аддаваць перавагу ня пляшцы гарэлкі, а разумным дзеяньням. Паводле Index on Censorship. — 9 / 1999.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 8 (13) – 2000 |
|
Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com |