A R C H E | S k a r y n a | № 8 (13) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Надзея Садзікава
|
Золак ХХІ стагодзьдзя адзначаны надыходам новай „новай хвалі“. Чытэльная (папулярная) сучасная літаратура стала іншай. І асноўны сэнс гэтай новай рэальнасьці пралягае не на звыклых паралелях пошуку формаў, ён паўстае з паралелі, якая адсякае галаву чытаючага суб’екта ад яго тулава, ад его страўніка, ад яго ног, ад зямлі… Аб тым, што рэчаіснасьць цалкам адлюстраваць немагчыма, вядома ўжо даўно, і ня толькі пісьменьнікам. Паспрабуй апісаць ня самае складанае — наведваньне якога бутыку і купляньне простай майкі па цане, роўнай цане пятнаццаці маек у звычайнай краме. І адразу зразумееш — ня так усё проста ў нашым жыцьці. А калі прыгледзецца больш уважліва, дык зразумееш, што a priori зразумелых рэчаў засталося ня так і многа. У філязофскім сэнсе можна зазначыць, што аб’ектыўна рэальнай („правільнай“) рэальнасьці да агіднага мала. У адной краіне, у адным і тым жа горадзе і доме, у той самы час людзі ўспрымаюць навакольную дзейснасьць ня проста па-рознаму, а супрацьлегла. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова апынуцца ў „не сваёй“ рэфэрэнтнай групе. Адразу ўзьнікае шмат нечаканых пытаньняў. „Не жыву, а мучуся“, — даверліва паведамляе немаладой жанчыне сівы дзядзька. А побач маладзён: „Думаю, як бы ўкрасьці, бо так не пражыць“. Наступны кажа: „Узяў шклопакетаў на сем штук баксаў“. А сусед яму: „Жонка толькі сына ў школу — і адразу ў Інтэрнэт“. А бабуля насупраць: „Гэта ж усё надвор’е гэтае праклятае. А ЯМУ ж так цяжка, так цяжка. Я ўчора як у тэлевізары бачыла, дык плакала. А апазыцыя зноў будзе зра аплёўваць“. Найбольш адчувальны да зьменаў у паветры крымінальны элемэнт дакладна акрэсьліў месца рэчаіснасьці ў жыцьці. Рэальна зараз можна толькі „трапіць на бабкі“. Усё астатняе — суб’ектыўна, а значыць, нерэальна. Па сутнасьці, спосаб успрыманьня рэчаіснасьці — гэта і ёсьць тое, што аб’ядноўвае сучасных людзей у суполкі, групоўкі й зьвязы. |
А што ж на ўзроўні літаратуры? Тутака ўсё яшчэ больш заблытана. Палюбоўна разышліся толькі пэрыядычныя выданьні. Спрошчана кажучы, будаўнікам першых пяцігодак — „Народную Газету“, вясковай інтэлігенцыі — „Звязду“, нацыяналістам — „Нашу Свабоду“. Падзяліць мастацкую літаратуру, кіруючыся прынцыпам: кожнаму сваю рэчаіснасьць — аказалася немагчымым. Абазначыўся парадокс. Незалежна ад матэрыяльнага статусу, наяўнасьці ў сям’і рэпрэсаваных грамадзян і герояў сацыялістычнай працы, а таксама „чыста рэальных“ элемэнтаў кола найбольш папулярнай літаратуры апынулася ўва ўсіх сацыяльных праслойках прыкладна адным і тым жа. Жанчыны з задавальненьнем чытаюць А.Марыніну, С.Шэлдана, Б.Картленд. Мужчыны з асалодай паглынаюць кнігу за кнігай пра „Сьляпога“ і „Шалёнага“. Студэнты адгароджваюцца ад сьвету фантастыкай альбо яе больш вытанчанай адменай — клясыкай. Тонкая праслойка інтэлігенцыі (таксама рознага матэрыяльнага статусу) захапляецца „містыкай“, псыхалёгіяй альбо чымсьці кшталту „Жыцьця самурая“ і „Хазарскага слоўніка“. Калі прыгледзецца да пададзенага вышэй спрошчанага пераліку папулярнай літаратуры, няўзброеным вокам відаць, што творы гэтыя ўсе звышнерэалістычныя — сапраўды „віртуальныя“. Відавочная ж іх папулярнасьць сьведчыць толькі пра тое, што сучасны чалавек імкнецца пагрузіцца ў „другую“ рэальнасьць, і чым глыбей, тым лепей. |
Пасьпяховае стварэньне „свайго сьвету“ на старонках літаратурнага твору ўва ўсе часы было атрыбутам „якаснай“ літаратуры. Але чытач успрымаў „свой сьвет“ як такі, што існуе ці існаваў дзесьці некалі ці магчымы пры некаторых абставінах. Гісторыі пра зьнесеную ветрам цывілізацыю М.Мітчэл, пра скошаны, як каласы пад сярпом, сьвет „рыцараў і загадкавых дам“ У.Караткевіча, пра ўзьняты зь нябыту востраў Крым В.Аксёнава — літаратура такога кшталту. У адрозьненьне ад іх творы, на якія цяпер назіраецца сапраўдны чытацкі бум, не пакідаюць у чытача пэўнасьці ў існаваньні такіх герояў і такіх абставін. І калі жанчыны і заліваюцца сьлязьмі ад „мыльнякоў“, калі яны і захапляюцца спн.Каменскай з дэтэктыўнага сэрыялу Марынінай, усё роўна не пакідае ўражаньне, што робяць яны ўсё гэта неяк ненатуральна і нейкая частка падсьвядомасьці вельмі цьвяроза тлумачыць вышэйшым мазгавым цэнтрам: „Так, гэта казка, але яна патрэбная табе. Ну, яшчэ крышачку праглынем і пойдзем жыць у рэальнасьці далей“. Майстры слова, што спрадвеку будавалі „свой сьвет“ у літаратуры, карыстаючыся ня толькі дакладнымі вобразамі матэрыяльных рэчаў, але ў вялікай ступені — цікавымі абагульненьнямі, парадаксальнымі высновамі, нечаканай і непаўторнай інтэрпрэтацыяй падзей, насяляюць сучасную „віртуальную“ літаратуру нерэальнымі пэрсанажамі, якія дзейнічаюць у нерэальных абставінах і зьдзяйсьняюць немагчымыя ўчынкі. На гэтым прынцыпе пабудаваны амаль што ўсе „жаночыя“ любоўныя раманы і сучасныя дэтэктывы. Людзі рознага сацыяльнага статусу і ў розных краінах уцякаюць у віртуальныя абшары ня толькі Інтэрнэту, але і літаратуры, ТV і какаінавых кушчаў. Сацыяльныя вытокі попыту на „іншую рэальнасьць“ (галеча, эканамічны заняпад) відавочныя, і мы ня будзем засяроджвацца на іх, бо гэта кожны дзень робяць радыё й ТV. Але існуюць і іншыя. Сацыёлягі адзначаюць, што чалавек няўхільна „сыходзіць з рэальнасьці“ — і з гэтым зьвязаная празьмерная залежнасьць ад тэлевізіі. Людзі як бы „шостым пачуцьцём“ вызначаюць хісткасьць „рэальнай“ рэчаіснасьці і даволі балюча рэагуюць на яе. Экранная жа рэальнасьць здаецца ім больш зразумелай і больш пасьлядоўнай. Але і тут у „попыце“ адбываюцца зьмены. Людзям усё больш патрэбны творы ня проста максымальна „віртуалізаваныя“, але тыя, што абмяркоўвалі б з чытачом ці гледачом сваю ўласную і жыцьця наагул „віртуальнасьць“. Аб тым, што „страта пачуцьця рэальнасьці“ — сацыяльны фэномэн і людзі жадаюць, каб зь імі пра гэта размаўлялі, сьведчаць, напрыклад, шумныя камэрцыйныя посьпехі стужкі „Матрыца“ братоў Энды і Лары Вачоўскіх, праекту „Догма“ Ларса фон Трыера і іншых дацкіх рэжысэраў, апошнія раманы Віктара Пялевіна, раман Мішэля Ульбэка „Элемэнтарныя часьцінкі“, стужка „Шчасьце“ амэрыканскага рэжысэра Тода Солондца. Стужка „Матрыца“, „віртуалізаваны“ доказ нерэальнасьці звыклага для чалавека сьвету, складае супрацьлегласьць „Догме “, у якой праз адмаўленьне актораў ад грыму і прафэсійных кінакамэраў ідзе пошук ці доказ існуючай рэальнасьці. Стужка „Шчасьце“, паказаная на леташнім Маскоўскім кінафэстывалі, прыцягнула ўвагу ня толькі сваёй тэмай („адчуваньне тупіка, гідкасьці навакольнага асяродзьдзя“), але і тым, што амаль паўтарыла сюжэтныя ходы раману Мішэля Ульбэка „Элемэнтарныя часьцінкі“. І гэта пры тым, што стваральнікі ня ведалі пра існаваньне адзін аднаго. Раман Мішэля Ульбэка „Элемэнтарныя часьцінкі“ выйшаў у 1998 годзе ў Францыі і меў ня проста камэрцыйны і інтэлектуальны посьпех, а выклікаў сапраўдны бум. Замежная крытыка пісала аб рамане „Элемэнтарныя часьцінкі“, што „ягоны посьпех заснаваны не на літаратурнай навізьне. Гэта даволі традыцыйная проза, але яна пра „гэта“ — страту пачуцьця рэальнасьці. Пра тое, што кожны адчуваў сам у сабе, адчуваў і лічыў сябе ненармальным і непаўнавартасным… адзіным, хто не ўсьміхаецца ўва ўсім парыскім натоўпе. Прачытаў і зразумеў, што ён не самотны…“ |
Разглядаючы пытаньне, як і чаму зьмяняецца сучасны чалавек, як ён шукае прытулку ў навакольным жыцьці, нельга не зазначыць, што ня толькі шэраг прычынаў, якія ўмоўна можна назваць „сусьветным прагрэсам“, нішчаць старую мэнтальнасьць, але й зьмены ў мэнтальнасьці людзей, у сваю чаргу, разбураюць „стары“ парадак сьвету і падштурхоўваюць навуковы ці сусьветна-сацыяльны прагрэс. Таму на „віртуальных“ абшарах рэальнасьці ТV і літаратуры цяпер адбываюцца вельмі сур’ёзныя працэсы. Менавіта на іх ствараецца „рэальнае жыцьцё“. Наша з вамі жыцьцё. Іншымі словамі, узрослая ў апошні час значнасьць і прыцягальнасьць „віртуальнага сьвету“ прывяла да таго, што ён моцна ўплывае на рэальнасьць, якая пачынае ня толькі здавацца, але й існаваць такой, якой яе бачыць большасьць. У якасьці прыкладу ўзгадваюцца словы аднаго расейскага псыхоляга (таксама „новай хвалі“) аб тым, што расейскі рубель будзе заставацца „драўляным“ і ня вылузаецца з інфляцыі да таго часу, пакуль большасьць насельніцтва будзе лічыць яго „драўляным“. Фэномэн новай паралельнай рэальнасьці, якую ствараюць інфармацыйныя струмені Інтэрнэту и ТV, і ўзьнікненьне з гэтай прычыны складанасьцяў з „адчуваньнем рэальнасьці“ (або „пачуцьцём жыцьця“) у сучаснага чалавека ўсё часьцей называюць як прычыну росту нематываванай жорсткасьці, наркаманіі, алькагалізму й іншых знаёмых праблемаў. Знаёмых і нам, беларусам, хоць наша краіна быццам бы і рухаецца „сваім“ кірункам. На самой справе, кірунак у інфармацыйна-інтэграваным сьвеце ўва ўсіх адзін, і памыляцца наконт гэтага ня варта. |
Можа так здарыцца, што пісьменьнік, імкнучыся толькі да самарэалізацыі празь літаратурны твор, міжволі аказваецца „цаглінай і шрубкаю“ вялізнага і страшнага будынку „віртуальнай“ рэчаіснасьці. Красамоўным прыкладам і зрэзам літаратурнага жыцьця стаў нумар часопіса „ARCHE“ „Паталёгіі грамадзтва“. У нумары прадстаўлены два мэмуарна-дакумэнтальныя творы і некалькі мастацкіх апавяданьняў пісьменьнікаў розных пакаленьняў. Да таго ж, сама тэма паталёгіі надзвычай удзячная для таго, хто ўзяўся разьмяжоўваць сапраўднае і штучнае, рэальнае і „віртуальнае“. „Бронікі, альбо Навэля пра каня“ Вячаслава Адамчыка — удалы прыклад знаёмай і трывалай рэалістычнай прозы, па-мастацку выверанай і грунтоўнай. Але ў рэчышчы нашай размовы прыцягвае ўвагу іншае. Раптам сярод апавяданьня ўзьнікае пытаньне: „Дзе гэта ўсё здараецца? Хто гэтыя людзі?“ Рэалістычная проза пачынае пакідаць уражаньне лістоў ці хронік з Марсу. Чаму гэта адбываецца? Відавочна, таму, што пачуцьці адмаўляюцца зноў адгукацца і рэагаваць пэўным чынам на жорсткасьці вайны. Ейныя „паталёгіі“ здаюцца ўжо не такімі паталягічнымі, як сучаснае жыцьцё, а жахі — ужо не такімі жахлівымі. Клясычны рэалізм — гатунак фантастыкі. Сівы неадукаваны беларус у „шарачковых портках з латкамі на каленях“, вобраз якога столькі разоў адбіваўся ў нашай сьвядомасьці і павінен быў выклікаць адпаведныя эмоцыі… Хто ён зараз? Ён — Бэтмэн нашага мастацтва, асоба, здаецца, менш рэалістычная за якога-небудзь Дамавіка Ненатольнага. Стваральнік Дамавіка Адам Глёбус прадстаўлены ў рубрыцы „Аўтапартрэты“ навэляй „Выдавец“. Упэўнена можна сьцьвярджаць, што гэтая навэля мае найпростае дачыненьне да сучаснай „віртуалізаванай літаратуры“, што, без сумневу, вельмі радасна. Як ні дзіўна, усе пададзеныя аўтарам пэрсанажы, пры іх спрэчным існаваньні насамрэч, пакідаюць пачуцьцё сапраўднай рэальнасьці. Усе гэтыя „дамавікі“ — сэксуальна незадаволеныя і прагныя грошай паўдуркі-аўтары, сквапны злыдзень-выдавец — гэта асобы, якія існуюць і не існуюць адначасна. Яны — нашы добрыя знаёмыя, мутанты, узьніклыя як вынік спалучэньня ўціску грамадзтва і ўзьлёту прыватнай сьвядомасьці. Яны — сон розуму і знакавыя пэрсанажы нашага часу. А зараз зьвернемся да іншых аўтапартрэтаў. Дакумэнтальна-мастацкае апавяданьне „Вясельле на хутары“ Алеся Кавальчука і „Чарнавікі“ Славаміра Адамовіча аб’ядноўвае тое, што яны створаныя на падставе рэальных падзей. Аўтары не зьмянялі ні імёнаў, ні прозьвішчаў герояў. Яны будавалі „свой сьвет“ з фактаў сапраўднага жыцьця. Атрымаўся парадокс. „Праўда жыцьця“ зь „Вясельля на хутары“ зрабілася падманам і не ператварылася ў літаратуру. А падман, альбо міт, у мэмуарах сп. Адамовіча не зрабіўся „праўдай жыцьця“. Як здарылася, што „Вясельле на хутары“ з дакумэнтальнымі партрэтамі знаёмых і, магчыма, цалкам праўдзівымі дыялёгамі не пакідае пачуцьця „пазнаваньня“ і „сапраўднасьці“? Зразумела, мастацкія недахопы, нуднае чытаньне і г.д. Але што гэта значыць? Вось героі бясконца п’юць гарэлку, шалёна радуюцца, што знайшлі пачак „Космасу“. А вось гаспадар хутару выграбае з падпечча дзесяць вёдраў птушынага гаўна… Ці было гэта на самой справе? Цалкам верагодна, што было. Вось кампанія, анансаваная як літаратурная й нацыянальная эліта, ніводнага слова ня кажучы пра літаратуру, абмяркоўвае польскія кірмашы, дзяльбу кватэраў у Саюзе пісьменьнікаў, сэксуальныя вычварэньні блакітных у прыбіральнях Камароўскага рынку. Было? Цалкам верагодна, што было. Але па-ранейшаму хочацца сказаць: усё адно не падобна! А значыць, і не было. Па-першае, сьвядомасьць адмаўляецца ідэнтыфікаваць гэтае кола асобаў з элітай. А па-другое, міжволі насоўваецца думка, што пісьменьнік не зацікавіў і не пераканаў аўдыторыі таму, што ніякімі сродкамі не стварыў чытачу новай, асабістай рэальнасьці. А рэальнасьць гэтая тчэцца ня толькі з пляшак, утульных матрасаў і старых „пазікаў“, але і з абагульненьняў і высноваў. Чытач патрабуе. Пісьменьнік абавязаны даць. Павінны быць узьнёслыя словы, жарты, рыцары нацыянальнага адраджэньня і каханкі, каханкі… „Іх ёсьць у мяне“ — адказаў Славамір Адамовіч. „Чарнавікі“ — працяг даволі ўдалай спробы стварэньня вобразу плейбоя, гэтым разам на падставе пададзенай у „адпаведным сьвятле“ анталёгіі ўласнага інтымнага жыцьця. Зьмяшчэньне твору на старонках часопіса, прысьвечанага паталёгіям, тлумачыцца, відавочна, тым, што аўтар зь нейкай прычыны не абцяжарваў сябе пошукамі псэўданімаў для апісаных ім жанчын. Голая праўда мусіла дадаць твору вагі. Але нельга ўтрымацца і не заўважыць, што „паўната вобразу“, тым ня менш, была трошкі сапсаваная. Сапраўднай „віртуалізацыі“ пашкодзіла псэўдадакумэнталізаванасьць. Цытаваньне зь лістоў каханак фразаў кшталту „ты не имеешь права играть в этой стране роль эмоционального стимула“ характэрнае, хутчэй, для няўпэўненых у сабе мужчын. Плейбоі ж, наадварот, павінны ведаць, што ўсе каханкі і заўсёды ў пэўны пэрыяд адносін пішуць тое, што хочуць прачытаць на другім баку. Але што яны пішуць потым… Урэшце, плейбоі не павінны пакідаць у жаночай часткі аўдыторыі ўражаньня, што „пасьля пятага заходу“ жанчына ўсё ж засталася незадаволенаю. Міт павінен быць мітам. Толькі тады ён — „праўда жыцьця“. Паняцьці „веру — ня веру“ ў дачыненьні да мастацкага твору апошнім часам пахіснуліся. Чытач, як і ў любую эпоху пераменаў у масавай сьвядомасьці, пачынае ня верыць у тое, у што яму спрадвеку верылася, і, наадварот, прагне і з задавальненьнем спажывае тое, што ляжыць недзе паміж рознымі рэальнасьцямі жыцьця, паміж ягонай і аўтарскай фантазіяй, паміж небам і зямлёй. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і літаратуры чытач прымярае да сябе розныя бакі рэчаіснасьці, як розныя апраткі. Ен думае, кім яму быць: Бэтмэнам ці Дамавіком, Братам-2 ці Кінг-Конгам-3. І калі раптам дапусьціць, што асноўнымі прасторавымі і матэрыяльнымі катэгорыямі сучаснай беларускай літаратуры будуць заставацца вёдры птушынага гаўна, а часавымі — пахмельныя раніцы беларускай інтэлігенцыі, застаецца ня выключанай магчымасьць бясконцага адбіваньня гэтых архетыпаў на нашым сапраўдным жыцьці. Пэрспэктыва, згадзіцеся, жахлівая.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 8 (13) – 2000 |
|
Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com |