|
|
Варшаўскі акцэнт
Гуляю па рынкавым Пляцы.
Ад маладога тлуму
Старога Места
стамляюся
ды йду
ў рудыя прысады
Гданьскай узьбярэжнай
пасядзець у самоце
пракаветных шляхцянак,
а яны абмяркоўваюць
Чэся зь Нясьвіжу,
як ён зь імі танчыў
на астатнім балі на Вавэлі,
зачапляюць і Яна,
які ў Вільні зблытаў
„кракавяка“ з тутэйшым „мікітам“,
потым згадваюць Зосю,
якая нядаўна дазналася,
што ўсё ж ейны Мірак
ня ўцёк у Парыж з Малгажатаю,
а застаўся ў Катыні...
Наўмысны акцэнт
іх заходне-краёвай гаворкі
надае маім мроям
нясьпешную рытміку руху,
бязмэтна заходжу
ў Дом літарацкі,
у якім сёньня чэсьцяць
красамоўнага пана Ружэвіча,
а ён адмаўляецца
чытаць свае вершы,
няўжо адчувае,
пра што ў гэтай залі
выпадковая
думаю я
ім забытаю
мовай Статуту.
|