A R C H E M e d y c y n a № 9 (14) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


92000
» да Зьместу «

 


Мэдыцына
 


 гісторыі

 
Вокладка ARCHE Skaryna 9-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

ЯнКакупала
Сага пра „Пагоню“ 

Два з паловай тысячагоддзі таму горны рэгіён Македонія быў заселены каржакаватымі нашчадкамі колісь магутных кельтаў ды хударлявымі даўгалыгімі прыхаднямі з Эгейскага ўзбярэжжа і Адрыятыкі. Тут існавала мноства малых дзяржаваў, што часам складаліся з аднаго-двух селішчаў (не заўжды буйных) і больш ці менш урадлівай зямлі ў іх ваколіцах, за валоданне якой амаль штогод выбухалі войны.

У адзін з такіх гарадоў-дзяржаваў — Пелу — і прыбылі ўлетку 430 году да Нараджэння Хрыстова некалькі незвычайных вандроўнікаў на белых конях, у выцвілых ад пякучага горнага сонца плашчах.

Той, хто ачольваў атрад, быў выгнанцам — былым атэнскім стратэгам Пэрыклам. Абурэнне грамадзянаў гораду цяжкім характарам і жорсткай палітыкай вялікага дыктатара дасягнула крытычнага пункту. І яны пастанавілі — нягледзячы на яго эфектныя вайсковыя перамогі, нягледзячы на манументальны Парфэнон, узведзены па яго ініцыятыве — пазбавіцца гэтага чалавека, што кіраваў імі на працягу дваццаці чатырох год. І ўжо зусім не малады, пакрыты шматлікімі баявымі шнарамі, атрыманымі пры абароне вялікага і прыгожага, але такога няўдзячнага гораду, Пэрыкл быў вымушаны сысці. З невялічкім скарбам, у суправаджэнні адданых рабоў.

У знак салідарнасці да саноўнага выгнанніка далучыўся — са сваімі рабамі і пляменнікам-падлеткам Анаксымэнам — яго трыццацігадовы сябра Гіпакрат, знаны атэнскі лекар, што вёў свой род ад славутага Асклепія-Эскулапа ды ўзгаданага ў Гамэравай „Іліядзе“ лекара Махаона.

Па прапанове Пэрыкла сябры рушылі на поўнач — туды, адкуль калісьці прыйшлі да Атэнаў ваяўнічыя продкі дыктатара, — і неўзабаве апынуліся ў Пэле — македонскім горадзе, якім кіравала маладая і прывабная царыца — цнатлівая Праксавія.

Праксавія нямала чула пра Пэрыкла, а таму з вялікай павагай паставілася да старога воя і яго спадарожнікаў, паклапацілася, каб ні ў чым у іх не было нястачы і каб атрымалі яны ў яе горадзе-дзяржаве надзейны прытулак.

У хуткім часе паміж сівым Пэрыклам і квітнеючай Праксавіяй пачалося каханне. Апошняе каханне Пэрыкла. Адзінае і непаўторнае каханне Праксавіі.

Уладарка Пэлы зацяжарыла. Пэрыкл неадкладна пераняў на сябе частку яе кіраўнічых абавязкаў, а таксама дэталёва распрацаваў вайскова-палітычную дактрыну дзяржавы і ўжо збіраўся прыступіць да яе рэалізацыі, калі ў горадзе з’явілася прадстаўнічая дэлегацыя з Атэнаў. Абяскроўленая без Пэрыкла пэрліна Элады цярпела паразу за паразай у Пэлапанэскай вайне, і яе дэмаралізаваныя грамадзяне заклікалі выгнанага стратэга вярнуцца ды выправіць жахлівае становішча, для чаго не паленаваліся накіраваць за легендарным воем тузін дастойнікаў ды сорак вазоў дароў.
 

 - беларускі пісьменьнік з гомельска-аршанскага рэгіёну. У „ARCHE-Постмадэрнізм" быў надрукаваны яго аповед „Сага пра Кліменкаў".
   

Пэрыкл перадаў падарункі каханцы, паразмаўляў сам-насам з кожным з дастойнікаў і прыняў рашэнне вяртацца. Пакінуўшы цяжарную жонку на догляд Гіпакрату, стратэг накіраваўся ў горад сваёй славы, каб сплаціць яму свой апошні, як высветлілася пасля, абавязак. Ён узначаліў атэнцаў і паспеў істотна ўзняць баявы дух свайго народу для змагання з захопнікамі, але не здолеў спыніць эпідэміі чумы, ахвярай якой паў і сам.

Пачуццё віны за загубленага сябра ахапіла Гіпакрата. З тым большай адказнасцю падышоў ён да нараджэння дзіцяці заўдавелай Праксавіяй. І хоць народжаны ў Пэле пад пільным наглядам найвялікшага з жывых лекараў сын Пэрыкла Піліп так і не пабачыў бацькі, затое яму было наканавана стаць заснавальнікам Македонскай дынастыі і Македонскай велічы.

Але перад гэтым яму давялося стаць поўным сіратой. Несуцешная Праксавія бязмерна пакутавала, сумуючы па адзіным у жыцці і — трэба ж! — заўчасна памерлым каханым. Калі ў яе безнадзейна скончылася малако, каб карміць Піліпку грудзьмі, яна адчула сябе свабоднай і прыняла смяротную атруту.

Шок саманадзеянага Гіпакрата, які так цвёрда верыў у сваю лекарскую сілу, быў бязмежным. Праз некалькі дзён жальбы і смутку, агаломшаны ды ссівелы, у суправаджэнні адно неабходнага мінімуму рабоў ён выправіўся ў вандроўку па Эладзе, каб суняць пакутлівае пачуццё ўласнае віны. Тое падарожжа зацягнулася на некалькі дзесяцігоддзяў, аж да канца жыцця лекара. У Пэлу ён не вярнуўся.

Абавязкі галоўнага медыка Пэлы прыняў на сябе малады, але ўжо досыць кампетэнтны, з пэўным досведам практычнай работы, Анаксымэн.

Пэрыклаў Піліпка з малых год праяўляў моц духу, глыбокі розум ды лісіную хітрасць. Тэкстам, па якім хлапчук вучыўся пісьму, стала бацькава аб’ёмная вайскова-палітычная дактрына. І ўжо ў чатырнаццаць юны ўладар перайшоў ад тэорыі да практыкі.

Войны першага македонскага Піліпа не заўжды былі пераможнымі, але, калі ў дваццацідвухгадовага цара нарадзіўся нашчадак, які атрымаў імя Тымандр, яго дзяржава ўжо ахоплівала тэрыторыю, роўную славутай выспе Лесбас.

Піліп Першы загінуў, як і належыць вою, на полі бітвы, маючы за плячыма сорак два гады жыцця, дзяржаву памерамі ў паўтара Лесбаса і дваццацігадовага нашчадка.

Нашчадак не вызначаўся ваяўнічым норавам, але, згодна з дзедавай дактрынай, вымушаны быў абвяшчаць і весці войны з суседзямі.

* * *

У другой палове 384 году да Нараджэння Хрыстова ў дасведчанага і ўжо немаладога прыдворнага лекара Анаксымэна нарадзіўся сын Арыстотэль. За два гады ў дыктатара Тымандра з’явіўся на свет хлопчык, якога назвалі ў гонар дзеда Піліпам. Арыку і Піліпку было наканавана стаць сябрамі маленства, партнёрамі ў гульнях, ад якіх яны не стамляліся.

Калі Тымандрыйчыку споўнілася сем гадоў, а Анаксымэнчыку дзевяць, сябры захапіліся краязнаўствам. Прыхапіўшы пару ўзброеных рабоў, хлопчыкі накіроўваліся ў самыя розныя куточкі Тымандравай дзяржавы, цешылі вока мілымі вобразамі роднага краю, начавалі пад адкрытым небам ля разложыстых вогнішчаў ды даўніх муроў, і ложкам ім была зямля, а покрывам — сціплыя плашчы вандроўнікаў.

Уранні сябры выконвалі гімнастычныя практыкаванні, дасканаліліся ў класічнай барацьбе і іншых дужаннях, у бойцы на мячах і кіданні дроцікаў, выкарыстоўваючы верных рабоў у якасці ахоўнікаў, трэнераў, спарынг-партнёраў ды рухомых мішэняў. Жыхары навакольных македонскіх вёсак кармілі іх сырам і вінаградам, паілі казіным малаком са свежаспечанымі аўсянымі аладкамі.

Нярэдка разам з хлапчукамі выпраўляўся і трэнер македонскай алімпійскай зборнай, нястомны Папандопл. Яго прафесійным абавязкам было адшукваць у глыбінцы маладых перспектыўных атлетаў, і ён падыходзіў да гэтай задачы з усёй адказнасцю. У сустрэтых селішчах ладзіліся розныя спаборніцтвы з дысцыплін, што ўваходзілі ў алімпійскую праграму.

Пасля кожнай чарговай вандроўкі Арыстотэль і Піліп абавязкова завітвалі ў Пэльскую лазню, гаспадар якой, мажны і добразычлівы Фэрапонт, неўзабаве стаў іх добрым сябрам. Фэрапонта ў Тымандравай сталіцы любілі ўсе. Ён не меў ні жонкі, ні дзетак, а таму ўсю цеплыню душы аддаваў любімай працы і свайму сабаку Рыфу, з якім хлапчукі таксама пасябравалі.
 

   

* * *

Так прайшлі пяць год здаровага і поўнага падзеямі жыцця. Здавалася, не засталося ніводнага кутка ў Македоніі, дзе б не ступала нага Піліпкі і Арыка, ніводнага вялікага дрэва, куды б яны не ўтыркалі дроцікаў, на якім не рубілі б мячамі галінкі і на якім не адпрацоўвалі б удараў нагамі. Пэўныя ўлюбёныя мясціны наведваліся па некалькі разоў у розныя поры году. Але аднойчы квітнеючай вясной 370 году — тым разам трэнера алімпійскай зборнай з імі не было — чарговая экспедыцыя прывяла хлапцоў да незвычайнай пячоры за небяспечным горным перавалам. У пячоры жыў варажбіт.

Худы басаногі даўгабароды дзядок, апрануты ў пацёртую мядзведжую скуру, чакаў гасцей. Птушкі і зоркі, камяні і расліны ўжо на працягу тыдня сігналізавалі яму сваімі толькі нямногім зразумелымі знакамі пра надыход моманту, калі павінна здарыцца падзея эпахальна вялікая, вызначальная для дзесяткаў і соцень будучых пакаленняў. Месца гэтай падзеі было вядомае папярэднікам варажбіта яшчэ задоўга да таго, як ён тут пасяліўся. Але яны — папярэднікі — проста ведалі, што тут падзея адбудзецца, ім не выпала шчасця перажыць таго пераломнага моманту, калі сюды прыйдуць тыя, каму наканавана распачаць новую эпоху.

І варажбіт шаптаў бясконцыя заклінанні-формулы над рытуальным вогнішчам, якое не павінна было згасаць ужо на працягу дзесятка пакаленняў, якое палілі ранейшыя носьбіты і хавальнікі таемных ведаў.

...У той дзень на ўзыходзе сонца пячору наведала сініца. Лясная птушка, пэўна, сама не разумеючы як, апынулася над заснежаным горным перавалам і, заляцеўшы ў зусім незнаёмую шчыліну, трапіла да святога вогнішча — Зніча, бачыць які сініцам даводзілася яшчэ радзей, чым людзям. Узрушана ціўкнуўшы, крылатае стварэнне пранеслася да выйсця на вольнае паветра і знікла там, але мудры дзядок зразумеў — вось яно!

Варажбіт няспешна выйшаў з пячоры, разаслаў неапрацаваную воўчую скуру, сеў на яе, склаўшы ногі накрыж, і стаў назіраць за наваколлем.

Блізка паўдня вочы ягоныя разгледзелі чатырох чалавек — двух дарослых і двух юнакоў, нават, хутчэй, дзяцей, якія паволі набліжаліся. Нарэшце, людзі таксама заўважылі дзядка ў мядзведжай скуры і паскорылі хаду.

Яшчэ да вітання з прыхаднямі кемлівы варажбіт вызначыў, што кіруе групай самы малы. Іншы хлапец, падобна, яго сябра, а дарослыя — усяго толькі рабы. І, павітаўшыся па-македонску, стары не стаў запытваць ні пра імёны, ні пра штось іншае — ён проста звярнуўся да Арыка і Піліпкі, не сумняваючыся, што робіць правільна. Яны зразумелі і рушылі да ўваходу ў пячору. Варажбіт сказаў яшчэ некалькі слоў — і Піліпка загадаў рабам заставацца звонку.

Па жэсту старога хлапцы наблізіліся да Зніча, прыселі на разасланыя дыванкі з заечых скурак і падрыхтаваліся слухаць. Дзядок прызямліўся насупраць на скуру воўка і загаварыў. Ён мовіў спакойна, але цвёрда, без вялікіх паўзаў, ведаючы: часу засталося мала — менавіта столькі, колькі трэба, каб перадаць веды многіх тысячагоддзяў будучым уладарам.

Але гэтыя ўладары былі яшчэ дзецьмі. І варажбіт пачаў з казак.

Чырванашчокі Калабок-Сонца ўцёк ад сваіх стваральнікаў — трохаблічнага і трохгаловага Бацькі-Змея ды трох маці — Маці-Зямлі, Маці-Вады і Маці-Паветра — і рушыў у вандроўку па небе. І адразу ж на пачатку шляху сустрэў ён Усход-Зайца, а затым Поўдзень-Мядзведзя, а затым Захад-Воўка і смяяўся з іх усіх і кпіў з іх пачварнага выгляду ды няўклюднасці. І так ён прайшоў амаль усё неба і сустрэў Поўнач-Лісу і стаў смяяцца з яе. Але сказала Поўнач-Ліса, што не чуе Сонца-Калабка і не бачыць яго, бо і бачыць і чуе слаба. І наблізіўся да Поўначы-Лісы Калабок, каб пабачыла яна яго прыгажосць ды дасканаласць, каб пачула ягоныя кпіны. І з’ела Поўнач-Ліса Калабка-Сонца.

 

А быў у Поўначы-Лісы сябра Кот-Месяц Тэўтат — гаспадар ночы. Ліса распавяла ўсім звярам пра яго магутнасць, і тыя сталі прыносіць яму ахвяры. Кот таямніча пасміхаўся і з’ядаў усе ахвяраванні, набіраючы магічную моц і прымушаючы рухацца воды мораў і акіянаў. Паўсюль, дзе з’яўляўся Кот-Тэўтат, неспакойным рабілася жыццё. І таму трывожыліся зверы, апроч Лісы, калі ён з’яўляўся, і баяліся яго пакрыўдзіць, а Воўк падоўгу спяваў сытаму Кату сумныя песні.

Але яшчэ трывожней рабілася ўначы, калі Кот знікаў. Цемра зацягвала свет, і рабілася жудасна і няўтульна. І звяры прыносілі новыя ахвяры, каб Тэўтат вярнуўся. І ён вяртаўся, схуднелы, з нязменнай патаемнай усмешкай. І з’ядаў ахвяраванні і набіраў вагу...

 

Апроч ненажэрнага Месяца-Ката — гаспадара ночы — існаваў і дзённы месяц — Месяц-Конь. На ім ездзіў па небу з бліскучым мячом бог агню і навальніцы Тараніс — жорсткі і справядлівы.

Нікога і нічога не баяўся Тараніс, нікому не дараваў подласці і падману, хцівасці і ляноты, пільна глядзеў, каб паўсюль яго і ягонага каня шанавалі ды палілі святыя вогнішчы — Вечныя Знічы. Паратунку для здраднікаў не было — Тараніс заўсёды кідаўся за імі ў пагоню і насцігаў здрадніка маланкай альбо ствараў таму ілюзію ўратавання, але рабіў далейшае жыццё настолькі пакутлівым, што смерць падавалася лепшым выйсцем. У рэшце рэшт здрайца альбо рабіў сабе смерць, альбо прагна шукаў смерці, цяпер ужо жаданай...

 

Далейшага Піліпка не чуў. Сон змарыў будучага магутнага ўладара, і пакуль яго старэйшы сябра Арык прагавіта ўбіраў у сябе незвычайныя і новыя веды, македонскі прынц мірна сапеў, зрэдку падрыгваючы рэлаксаванымі цягліцамі.

А варажбіт усё казаў і казаў. Пра ар’яў, якія прыляцелі на Зямлю шмат тысячагоддзяў таму з Зор Вялікай Мядзведзіцы на дзівосных металічных вазах, што самі, без коняў, пераносіліся па небе; пра тое, як арыі заснавалі на Поўначы магутныя ды прыгожыя дзяржавы. Пра ледавік, які знёс з зямной паверхні ўсю арыйскую цывілізацыю і вымусіў тых, хто выжыў, доўга блукаць, шукаючы паратунку і свабоднай, прыдатнай для жыцця зямлі. Пра раку Інд, дзе рэшткі ар’яў нарэшце знайшлі сталы прытулак і здолелі пабудаваць новыя магутныя дзяржавы з прыгожымі гарадамі. Пра магутных кельтаў, якія, калі ледавік сышоў, першымі з ар’яў вярнуліся на прарадзіму, у Еўропу, і занялі ўсе найвышэйшыя кропкі яе паверхні; пра яшчэ магутнейшую квітнеючую Атлантыду, што знікла пад хвалямі Акіяну па той бок таямнічых Гераклавых слупоў; пра нашчадкаў атлантаў, барбараў ды семітаў, і іх крывавыя войны з ар’ямі, пра гераічнага правадыра ар’яў Арыймана і гераічнага правадыра семітаў Армузда... Вечар змяніла ноч, надышоў ранак...

Калі сон пакінуў Піліпку, і ён расплюшчыў вочы, Арык і стары сядзелі моўчкі ды глядзелі на яго. Хлопец рэзка падхапіўся, адчуваючы, што, пэўна, праслухаў нешта надзвычай неабходнае, і адчуваючы віну за гэта.

— Вас чакаюць вялікія справы, — мякка прамовіў варажбіт, — я перадаў тое, што мусіў перадаць. У належны час і адпаведным людзям. Цяпер — наспеў час для ахвяраў Богу Таранісу. Я пакажу, як гэта рабіць правільна. Пасля вы сыйдзеце і ніколі... — ён зрабіў паўзу, каб упэўніцца, што яго словы ўспрынятыя хлапцамі з усёй сур’ёзнасцю, — ніколі сюды не вернецеся.

Стары працягнуў Піліпу невялічкую напаўпустую біклагу.

— Гэтае віно дай сваім рабам! Але перад тым спусціцеся на два стадыі да ручая, абмыйцеся і разамніце суставы. Да Тараніса трэба звяртацца чыстымі і бадзёрымі.

Хлопцы выйшлі з пячоры. Сонца новага дня набліжалася да зеніту. З супрацьлеглага боку неба спакойна пазіраў амаль поўны Месяц.

Стомленыя чаканнем рабы сустрэлі Піліпку і яго сябра з непрыхаванай палёгкай і з яшчэ большай палёгкай рушылі прэч ад пячоры і яе дзіўнага гаспадара. Пасля абмывання Піліп загадаў абодвум ахоўнікам выпіць змесціва біклагі. Наступны загад — вяртацца да пячоры — быў нечакана ўспрыняты амаль з радасцю, а ля яе ўваходу дзецюкоў апанавала сапраўдная эйфарыя. Схапіўшыся за рукі, яны затанчылі, час ад часу натхнёна выкрыкваючы: „Та-а-та-та! Та-та-та! Та-а-та-та! Та-та-та!“

Стары выйшаў з пячоры, задаволена хмыкнуў і паклыпаў да ручая на абмыванне. Вярнуўшыся, паклікаў македонскага княжыча ўнутро да канфідэнцыйнай размовы. І размова гэтая не была ні кароткай, ні лёгкай.

Сонца дасягнула найвышэйшай кропкі, калі Піліп выглянуў з пячоры і загадаў заходзіць астатнім. У руцэ яго чарнеў вастраносы камень, апрацаваны чалавекам, падобна, яшчэ шмат стагоддзяў таму.

Разасланых скур ля Зніча ўжо не было. Варажбіт выглядаў урачыста, яго, як і прымлелых рабоў, апанавала эйфарыя. Ён нешта хутка шаптаў, паступова ўзмацняючы голас. Піліпка падпусціў ахоўнікаў да старога, і тыя, здзіўлена лыпаючы вачыма, замерлі, захопленыя чароўнасцю плыні незвычайных незразумелых словаў.

Варажбіт жэстам загадаў рабам наблізіцца да агню і адсунуўся ўбок. Голас яго гучаў манатонна і цвёрда. Здавалася, у адно зліліся галасы ўсіх тых, хто шаптаў у гэтай пячоры заклінанні да яго. Раптам стары ўзняў правую руку, і ў той жа момант Піліп (хлопчык, па сутнасці, зусім дзіцянё Піліпка) шырока размахнуўся і нанёс праваму з рабоў, што стаялі наперадзе, удар вострым камянём у карак. Раб бразнуўся тварам у вогнішча.

Аслупянелы Арык чакаў, што другі раб зробіць хаця б спробу ўратавацца. Але той зачаравана пазіраў на дзядка і, здавалася, зусім не звярнуў увагі на смерць калегі. Піліпка зноў шырока размахнуўся і выцяў раба пад карак. І той таксама ўпаў у агонь тварам.

Што рабіць далей, стары паказваў на мігі, безупынна вымаўляючы магічныя формулы. Усё часцей і часцей гучала імя Тараніса і мантра „Та-а-та-та! Та-та-та!“, усё хутчэйшым рабіўся рытм маўлення варажбіта. Ён схапіў бліжэйшага да сябе раба за рукі і кіўком загадаў, каб хлопчыкі зрабілі тое ж з нагамі небаракі. Цела было акуратна ўскладзена на Вечны Зніч у позе зародка.

Затым тая ж аперацыя была зроблена і з целам другога прыбітага. Былыя ахоўнікі і абаронцы Піліпкі ляжалі цяпер амаль упрытык, спінамі вонкі, іх лізала полымя. Па пячоры разносіўся жахлівы задушлівы пах.

Але кульмінацыя рытуалу была наперадзе. Не спыняючы мантраў, гаспадар капішча паслядоўна кінуў у Зніч дыванкі з заечых скурак (на якіх яшчэ нядаўна сядзелі Арык і Піліпка), затым воўчую скуру (на якой нядаўна сядзеў ён), пасля ўвайшоў у агонь сам і сеў на палаючых рабоў, склаўшы ногі накрыж. Мядзведжая скура на ім адразу ж задымілася. Пах гарэлай поўсці, здавалася, перабіў астатнія пахі.

Эйфарыя між тым перакінулася на Піліпку, і ён, распяваючы „Та-а-та-та! Та-та-та! Та-та-та-Та-ра-ніс!“ і размахваючы чорным вастраносым камянём, якім наносіў рытуальныя ўдары ззаду, з падскокамі затанчыў вакол вогнішча.

Дзядок яшчэ нейкі час сваімі крыкамі ў гонар Тараніса падаваў з полымя й дыму прыкметы жыцця. Нарэшце выканаўцам рытуальнай песні застаўся толькі Піліпка. На нейкае імгненне ён спыніўся, і агаломшаны трайной ахвярай Арык убачыў у вачах малодшага сябра злавесныя агеньчыкі.

„Ён ведае, што праспаў найважнейшыя веды, а таму адчувае ўва мне найнебяспечнейшага канкурэнта, — здаўмеўся мудры юнак. — Трэ ўцякаць, іначай буду трупам“.

Калі македонскі царэвіч ізноў увайшоў у экстаз і закалаўроціўся вакол заваленага трупамі Зніча, Арыстотэль вышмыгнуў з пячоры і пабег. Піліп яго не пераследаваў — рытуал неабходна было давесці да завяршэння.
 

   

* * *

Глыбокай ноччу ў дзверы старога Анаксымэна — галоўнага медыка Тымандравай Македоніі — ціха, але настойліва пастукалі. Арык не рызыкнуў рабіць гэтага раней: шматлікія сексоты Тымандра маглі настукаць цару пра тое, што ён вярнуўся без Піліпкі — і тады наступствы маглі б быць фатальнымі. Уначы ж быў хоць нейкі шанец прайсці незаўважаным. Дзякуй лёсу, якраз тады, калі юнак з’явіўся ля сцен Пэлы, вартаўнікі начнога гораду былі цалкам паглынутыя гульнёй у косці, і Арыстотэль здолеў паспяхова, хоць і разадраўшы да крыві далоні і каленцы, пераадолець гэтую зусім не простую перашкоду на шляху дахаты.

Анаксымэн няшмат пачуў ад сына, але і пачутага было дастаткова, каб зразумець: вернецца Піліпка ці не вернецца — заставацца ў Пэле Арыку больш чым рызыкоўна.

Яшчэ да світанку былі сабраныя найбольш неабходныя рэчы. Перад выездам стары лекар наведаў палац Тымандра. Ахова палаца прызвычаілася да візітаў Анаксымэна ў любы час (тая вялікая перавага, якую дае найлепшае ў дзяржаве веданне медыцыны), а таму і гэтым разам не надта здзівілася. Праўда, здзівіўся сам дыктатар, калі яго пабудзілі і даклалі пра візіт лекара, але прыняць Анаксымэна пагадзіўся.

Апошнія гады македонскі ўладар меў сур’ёзныя праблемы з мужчынскай сілай, а казаць пра гэткае ў прысутнасці падначаленых для мужчыны заўжды няёмка і ганебна — мусіць, сказваецца біялогія: важаку чарады, які не можа авалодаць саміцай, ужо не быць важаком. Таму размовы з Анаксымэнам на гэтую тэму вяліся заўжды толькі сам-насам, а паведамленне пра толькі што створаны пасля многіх бяссонных начэй сродак для ўзмацнення мужчынскай сілы (што было няпраўдай) было прынятае за чыстую манету.

Для большай пераканаўчасці стары медык прамовіў клятву Гіпакрата. Наіўны Тымандр, выхаваны ў атмасферы шчырасці і спагады, нязменнай павагі навакольных да яго ўласных надзённых патрэбаў, меў асаблівы сентымент да клятваў, тым больш да такіх урачыстых і шматслоўных, а таму, расчулены, не вагаючыся, прыняў сродак (а насамрэч — моцнае снатворнае) з Анаксымэнавых рук. Неўзабаве Пэрыклаў унук праваліўся ў глыбокі эратычны сон. Лекар жа, пакапаўшыся ў бялізне, выцягнуў адтуль жмут ключэй — галоўных ключэй Пэлы — і накіраваўся наўпрост да дзяржаўнага скарбу.

Пара ахоўнікаў ля дзвярэй скарбасховішча вітала старога лекара радаснымі воклічамі — стары заўсёды знаходзіў цёплыя словы нават для самых простых са свабодных грамадзян Тымандравай Македоніі. Так было і гэтым разам. Анаксымэн распачаў зычлівую размову пра жыццё-быццё і праблемы здароўя, а затым, прычакаўшы зручны момант, адначасова, з дзвюх рук, увагнаў пад рэбры абодвум суразмоўцам дроцікі. Смерць напаткала няшчасных амаль імгненна.

Са скарбу ён забраў акурат столькі золата, колькі мог вынесці зусім не малады, але дужы чалавек сярэдняга целаскладу. Кожнаму з наступнай пары ахоўнікаў, якая сустрэлася яму на выхадзе з палаца (гэта былі адборныя, загартаваныя ў баях галаварэзы), Анаксымэн папросту ўручыў некалькі залатых ды загадаў забіваць любога, хто ўбачыць працэсію са зліткамі па дарозе да яго дому.

Дзякуй лёсу, жыхары гораду ў бальшыні спалі, і забітых па дарозе назбіралася не болей за пяць-шэсць чалавек, сярод якіх аказаўся гаспадар гарадской лазні зычлівы Фэрапонт, што спяшаўся на месца працы, трэнер македонскай алімпійскай каманды нястомны Папандопл (які, каб не выбіцца з рэжыму, уставаў да світанку) і некалькі рабоў, пасланых выканаць бытавыя даручэнні сваіх гаспадароў.

У доме Анаксымэна ўсё было гатова да ўцёкаў. Некалькі коней са скарбам на спінах, тузін узброеных рабоў, жонка і сын...

Ахова гарадской брамы (чацвёра аматараў гульні ў косці) была панішчана яшчэ да таго, як паспела ўзняць трывогу. Перад тым, як назаўсёды пакінуць мілы горад, Анаксымэн падсунуў пад аднаго з забітых жмут ключэй ад дзяржаўнага скарбу. Яны больш не былі патрэбныя вялікаму лекару.

Першыя промні сонца асвяцілі муры Пэлы і твары ўцекачоў. Над даляглядам з другога боку яшчэ быў бачны поўны Месяц-Конь...
 

   

* * *

Піліпка забавіўся ў пячоры да таго часу, калі згаслі апошнія вугалькі Зніча... Попелам стала ўсё: і верныя рабы, і мудры варажбіт, і ўсе яго апрацаваныя скуры. Фінальнае для гэтага капішча ахвяраванне вялікаму Таранісу здзейснілася. Цяпер Дух Зніча павінен быў перайсці да македонскага прынца, і цяпер ужо яму і яго нашчадкам належала несці яго далей, шануючы суровага і бязлітаснага Тараніса.

Хлопчык выйшаў з прапахлай дымам пячоры і з асалодай удыхнуў свежае паветра. Ён прайшоў абрад ініцыяцыі і ведаў: цяпер яго лёс — не проста стаць уладаром Македоніі. Ён павінен і здолее стаць уладаром усяго Пэлапанэса, усяе Элады!

Навокал ляжала глыбокая ноч. Месяц зрабіўся зусім круглым і ляніва пазіраў на падуладны яму свет, злёгку асвятляючы сонную зямлю.

Піліпу ж спаць не хацелася ўвогуле. Ён адчуваў перапоўненасць нейкай незнаёмай моцай, няўрымслівай воляй ды магутнасцю.

Царэвіч у апошні раз паглядзеў на чорную пашчу пячоры, павярнуўся і, не аглядаючыся і не спыняючыся, рушыў у напрамку Пэлы.

Край сонца ўжо выглянуў з-за далягляду, калі Піліп наблізіўся да муроў роднага гораду. За невысокім хмызняком усяго ў нейкім стадыі ад яго паказалася гарадская брама, і хлопец спыніўся ля хмызоў, каб справіць малую патрэбу. Далейшыя падзеі прымусілі затрымацца і нават схавацца..

З брамы адзін за адным выслізнулі семнаццаць вершнікаў, сярод якіх прынц пазнаў Арыка, яго маці і двух вояў з палацавай аховы. Апошнім на вараным жарабцы выехаў стары Анаксымэн.

Зачыніўшы браму, лекар выцягнуў аднекуль невялічкую біклагу, сербануў сам і аддаў дапіваць мужным воям. Захопленыя зусім неблагім віном, тыя не заўважылі (затое Піліпка бачыў гэта вельмі ясна), як пляменнік Гіпакрата нізка нахіліўся з сядла ўбок, засунуў пальцы ў рот і званітаваў на зямлю.

Калі пустую біклагу вярнулі гаспадару, Анаксымэн падаў загад, і група шпаркай рыссю рушыла дарогаю прэч ад Пэлы.

Перачакаўшы, пакуль кавалькада не знікла ўдалечыні, Піліп шпаркім упэўненым крокам накіраваўся да брамы роднай сталіцы. Што адбылося далей з Анаксымэнавым аддзелам, ён ужо не пабачыў.

А адбылося наступнае. Толькі Пэла знікла з далягляду, як адзін з былых палацавых ахоўнікаў на поўным скаку бразнуўся з сядла ў дарожны пыл. Другому паваліцца з каня дапамог Арыстотэль. Як і Тымандр, мужныя воі атрымалі снатворнае і, натуральна, яны ўжо не разумелі таго, што з імі рабілі былыя хаўруснікі. Іх залатыя зліткі паехалі далей разам з сям’ёй Анаксымэна, а лёс ваяроў, якіх неўзабаве пад канвоем даставілі ў Пэлу, калі надышла часіна справядлівага пакарання, вызначыў Піліп, намовіўшы бацьку не забіваць здрайцаў проста так, а прынесці ў ахвяру Таранісу. Так яны сталі першымі ў македонскай сталіцы ахвярамі кельцкаму богу агню і навальніцы.

* * *

Анаксымэн намагаўся нідзе не затрымлівацца. Найлепшым варыянтам для сям’і ён лічыў Атэны і, адпаведна, туды скіраваў свой невялічкі аддзел. Стомленыя і загнаныя коні пры першай жа магчымасці замяняліся свежымі, на што лекар спусціў усю маёмасць, апроч рабоў, зброі і залатовак. Не грэбаваў ён і звычайным рабаўніцтвам на дарозе. У выніку гэтых сутычак аддзел паменшаў напалову, але ў рэшце рэшт дасягнуў гораду, дзе Анаксымэн нарадзіўся і грамадзянінам якога меў поўнае права быць, дзе жыла плойма яго сваякоў і дзе яшчэ жылі людзі, з якімі ён сустракаўся змалку.

З Арыкам, народжаным у іншым горадзе, было складаней. Каб дамагчыся для яго правоў грамадзяніна, бацьку давялося пазбавіцца амаль усяго золата, прыхопленага з македонскага скарбу. Але ў выніку справа была вырашана станоўча. Падкупленыя атэнскія алігархі аднагалосна пацвердзілі факт нараджэння Арыстотэля ў Атэнах і замацавалі гэта надпісам на гліняных табулах.

Атрымаўшы грамадзянства, Арыстотэль паступіў у элітарную філасофскую школу Плятона, паспяхова засвоіў увесь спектр выкладаных там дысцыплін і ў рэшце рэшт рэзюмаваў: „Плятон мне сябра — ды праўда даражэйшая“. Што ёсць праўдай, Арык зразумеў яшчэ побач з першым сваім сябрам ў пячоры самаахвярнага варажбіта ў гарах Македоніі.

* * *

У дзень пасля прыняцця эліксіру мужчынскай моцы Тымандр здолеў прачнуцца толькі апоўдні. За той час яго дванаццацігадовы нашчадак Піліпка паспеў спыніць распачатую ў Пэле паніку з нагоды разрабавання дзяржаўнага скарбу і жахлівых забойстваў народных улюбёнцаў — трэнера алімпійскай зборнай, нястомнага шукальніка талентаў і гарачага патрыёта бацькаўшчыны Папандопла ды гаспадара лазні, зычлівага і сумленнага Фэрапонта.

За нейкія пару гадзін па сваім вяртанні хлопец зарганізаваў конную пагоню за дзяржаўнымі злачынцамі і сам памчаўся на белым кані наперадзе паўсоценнага аддзелу, размахваючы над галавой мячом.

Даволі хутка аддзел Піліпа натыкнуўся на заснулых у пыле вояў-здраднікаў. Іх звязалі, кінулі ўпоперак сёдлаў і адканваявалі ў сталіцу, а царэвіч македонскі з большай часткай аддзелу памчаўся далей.

Мусіць, пагоня магла б скончыцца і пакараннем Анаксымэна, каб не вайна. Адразу ж за межамі Тымандравай Македоніі былы галоўны лекар разрабаваў караван са спецыямі, якія везлі ўладару суседняй краіны Яныцы Максымілу. Пацярпелыя пазналі Анаксымэна і даклалі пра інцыдэнт вярхоўнаму ўладцу. Амбіцыйны Максыміл без адвалокі зажадаў распачаць з Пэлай вайну. А тут на яго тэрыторыі з’явіўся яшчэ і Піліпка з узброеным аддзелам...

Карацей, замест пераследу Анаксымэна Піліпу давялося ўступіць ва ўзброеную барацьбу з воямі Яныцы, а папросту — з янычарамі.

Баявы хрост дванаццацігадовага хлопца прайшоў паспяхова. Яго вайсковая групоўка з годнасцю і невялікімі стратамі была вымушаная вярнуцца на тэрыторыю ўласнай дзяржавы. Распачалася працяглая вайна з фанабэрлівым суседам.

Да вечара таго ж дня Тымандр канчаткова ачомаўся, адклікаў Піліпку назад у палац, загадаўшы вывучаць вайскова-палітычную дактрыну атэнскага прадзеда, і ўзначаліў сваё войска сам. Праз тыдзень баявых дзеянняў Яныца была захопленая і далучаная да Тымандравай Македоніі. Дыктатар Максыміл зрабіў сабе смерць.

Янычарская маёмасць істотна кампенсавала страты дзяржавы, нанесеныя Анаксымэнам і здраднікамі з палацавай аховы. Пасля працяглых інтэнсіўных допытаў былыя ахоўнікі прызналіся ў забойстве ўлюбёнцаў македонскага народу — алімпійскага трэнера і гаспадара лазні. За гэта іх склалі на ахвяру Таранісу.
 

   

* * *

Глыбокае вывучэнне Пэрыклавай дактрыны пераканала Піліпа ў немэтазгоднасці рэзкага ўвядзення культу Тараніса сярод народаў, што прывыклі шанаваць алімпійскіх багоў. Неабходна было рабіць узважаныя крокі. І першы вялізны крок быў здзейснены адразу па смерці Тымандра.

Пры ўсёй сваёй ваяўнічасці і маладосці, Піліп не мог не разумець важнасці для Элады грашовых адносін. Таму, стаўшы ўладаром Македоніі, ён адразу ж загадаў адліць манеты, на якіх Тараніс на белым кані скакаў над Сонцам: неабходна было закласці ў масавую свядомасць разуменне перавагі найвышэйшых цнотаў — ваяўнічасці і справядлівасці, увасобленых у Таранісу, і працалюбства ды настойлівасці, увасобленых у дзённым Месяцы-Кані — над саманадзейным бляскам Сонца-Калабка. Імя Піліпа — Другога Піліпа Македонскага — таксама прысутнічала на манетах — у рэшце рэшт, менавіта на яго яшчэ ў дванаццацігадовым узросце сышоў магутны дух кельцкага бога агню і навальніцы.

У адпаведнасці са стратэгічнымі інтарэсамі дзяржавы, жонкай Піліпа стала Алімпіяда — атэнянская дзяўчына з алігархічнай сям’і, не па гадах развітая і разважлівая. Неўзабаве нарадзіўся сын Аляксандр.

Калі Аляксандру мінула сем год і паўстала неабходнасць у мудрым і кампетэнтным настаўніку, Піліп без ваганняў прыняў рашэнне — Арыстотэль. Хто, як не сябра дзяцінства, мог данесці да македонскага нашчадка ўсё багацце ведаў і веліч справядлівага Тараніса?!
 

   

* * *

Далейшаму прысвечаны незлічоныя стосы кніжак і рукапісаў. Дарослы Аляксандр уступіў у цяжкі канфлікт з бацькам, і на яго манетах Тараніса не было. Быў толькі Месяц-Конь, увасабленнем якога на зямлі і ў Македоніі стаў услаўлены фальклорам і літаратурай Буцафал.

Тым не менш, аналіз ускосных фактаў сведчыць: Піліпёнак атрымаў ад Арыстотэля базавую частку ведаў, у якія таго пасвяціў апошні варажбіт Македоніі. Воі Аляксандра прагнулі і пераможна дасягнулі кельцкай прарадзімы на рацэ Інд. Адтуль шлях быў адзін — вяртанне. Для Піліпёнка недастатковае шанаванне Тараніса скончылася страшнай і пакутлівай заўчаснай смерцю.

* * *

А семя, пасаджанае варажбітом, дало багатыя ўсходы. Праз стагоддзі выявы справядлівага Тараніса — белага вершніка на белым кані — пачалі адбіваць на манетах многіх дзяржаваў, ім упрыгожылі рыцарскія, гарадскія і дзяржаўныя гербы; па ўсім свеце людзі, ставячы конныя статуі сваіх нацыянальных герояў, увасаблялі такім чынам і вобраз Тараніса.

Так яно доўжыцца і дагэтуль — трыумфальнае шэсце магутнага Тараніса!

Так ён і скача праз вечнасць — у няспынным руху, з узнятым мячом адвагі і справядлівасці!

 
   
Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 9 (14) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 02-02-2001