A R C H E M e d y c y n a № 9 (14) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


92000
» да Зьместу «

 


Мэдыцына
 


 Мэдыцына

 
Вокладка ARCHE Skaryna 9-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Віталь Кошалеў
Патагенэз беларускага мэнталітэту

Чаму ж ты не ўстаеш,
К волi светлай ня йдзеш?
Цi ты волю забыў?
Цi ўжо выбiўся зь сiл?

Уладзiмер Жылка

Брак уласнае волі спрэс спараджае гатовасьць выконваць волю чужую, быць госьцем у сваёй хаце. І гэтае бязвольле з радасьцю апяваюць госьці-гаспадары, рэцытуючы панэгірыкі беларускай лагоднасьці, памяркоўнасьці, рахманасьці ды талерантнасьці. Дзе межы гэнае талерантнасьці? Дзе шукаць ейныя карані?

Нашы ўсходнія суседзі традыцыйна захапляюцца лагоднасьцю ды рахманасьцю так званых „малочисленных народов Севера“, а заходнія вандроўнікі па акіянскіх прасторах — тымі ж якасьцямі тубыльцаў з выспаў Палінэзіі...

Можа, мэнталітэт (і ягоныя вонкавыя праявы) залежыць ад зямлі, дзе жыве народ? Ці праўда, што „відаць, пракляцьця знак ляжыць на нас ад роду, і таму так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі...“?
 

 — кандыдат мэдычных навук, дацэнт.
   

Сярод нашых суседзяў эўраазiятаў (так яны цяпер сябе клiчуць) найпапулярнейшай зьяўляецца канцэпцыя этнагенэзу, прапанаваная выбітным гісторыкам i фiлёзафам Львом Гумілёвым, паводле якой за аксыёму прыймаецца наяўнасьць у нацыі жаданьня (патрэбы, волi) да актыўнай чыннасьцi, да дзеяньняў, накiраваных на пашырэньне арэалу свайго iснаваньня коштам iншых этнiчных групаў. Наяўнасьць гэнае „нацыянальнае сiлы волi“ аўтар канцэпцыi называе ПАСЫЯНАРНАСЬЦЮ.

Узровень пасыянарнасьці, паводле Гумілёва, залежыць перш за ўсё ад веку нацыі, які Гумілёў вылічвае адмысловым чынам, даказваючы, што (1) выразная пасыянарнасьць — знак маладосьці этнасу; (2) кожны народ, як мітычны волат-Антэй, сілкуецца ад сваёй зямлі, але ня кожнаму яна дае патрэбны ўзровень энэргіі. Моц агрэсіўнае волі ў стасунку да суседзяў залежыць яшчэ і ад ляндшафту, які нейкім містычным чынам уплывае на фармаваньне нацыянальнага характару. Пэрыядычныя ўсплёскі праяваў нацыянальнае сілы волі, пасыянарнасьці Гумілёў тлумачыць падвышэньнем касьмічнай актыўнасьці (зьвязаным, хутчэй за ўсё, з узмацненьнем унутрысонечных тэрмаядравых працэсаў), якое выводзіць з раўнавагі шматлікія народы, прымушае іх ствараць наднацыянальныя канглямэраты, якiя ў рэшце рэшт мадыфікуюць сусьветны status quo.

Гэтая канцэпцыя этнагенэзу хоць і не выходзіць за межы расейскай імпэрскай традыцыі, але выразна адрозьніваецца ад прымітыўных ідэалягічных мітаў мінулых часоў спробаю комплекснага аналізу гістарычных матэрыялаў у сукупнасьці з вывучэньнем біясацыяльных і нават касьмічных уплываў на фармаваньне той мазаікі падзеяў, якая потым будзе названая гісторыяй: на паўстаньне і заняпад імпэрыяў, на ўзвышэньне і гібель народаў.

Падвышэньне ўзроўню пасыянарнасьці можна параўнаць з такімі прыроднымі працэсамі, як раптоўнае зьяўленьне ордаў саранчы — зьява, незразумелая дагэтуль, бо саранча — гэта не адмысловы від інсэктаў, а забурэньне іх звычайнага пасьлядоўнага разьвіцьця, калі на стадыі пэўнай лінькі лярвы звычайных стэпавых конікаў атрымліваюць магчымасьць хуткага нястрымнага распладненьня, прычым нашчадкі „пасыянарных“ стэпавых конікаў маюць разьвітыя крылы і бязьмежны апэтыт, зьбіваюцца ў шматмільённыя плоймы ды адмыслова мадыфікуюць навакольнае асяродзьдзе, асабліва яго сельскагаспадарчы складнік.

Наконт веку нацыяў, мусіць, можна спрачацца вечна, бо той жа аўтар лічыць беларусаў рэліктавай нацыяй, якая засталася некранутай з часоў „шматковай імпэрыі Рурыкавічаў“ (выслоўе Ф.Энгельса) і дажывае свой старэчы век з ласкі суседзяў. Але, калі браць за пункт адліку часы ВКЛ ці БНР, можна адстойваць процілеглы пагляд, уважаючы наш народ за „гістарычнае немаўля“, якое агрэсіўныя суседзі хочуць задушыць яшчэ ў люльцы. Таму пакінем гэныя выразна палітызаваныя забаўкі-ламігалоўкі аматарам гістарычнай матэматыкі ды матэматычнай этнаграфіі і разгледзім той складнік пасыянарнасьці, які з прычыны сваёй аб’ектыўнасьці можа аказацца прыдатным для аналізу.

 
Уплыў ляндшафту

Празь якія мэханізмы матэрыяльнага кшталту навакольле можа ўплываць на мэнталітэт? Л. Гумілёў піша: „Разнастайнасьць ляндшафтаў Эўразіі дабратворна ўплывала на этнагенэз яе народаў. Кожнаму знаходзілася прымальная і мілая яму мясьціна: расейцы абжывалі даліны рэк, фіна-вугорскія народы і ўкраінцы (беларусаў ён рэдка згадвае самастойна, бо ня вельмі іх адрозьнівае ад украінцаў ці называе іх літоўцамі — В.К.) — водаразьдзельныя прасторы, цюркі і манголы — стэпавую паласу, а палеаазіяты — тундру“1.
 


1 Л.Гумилёв. От Руси к России. Москва, 2000, с. 292.
   

Усе ведаюць, як моцна адрозьніваюцца тэмпэрамэнты горца-джыгіта і жыхара балотных раўнінаў. Але няўжо „дзеці гораў“ больш трывалыя ў барацьбе за собскія інтарэсы ды ўласную годнасьць толькі з тае прычыны, што вiдалі горных вяршыняў выклiкаюць болей паэтычных пачуцьцяў, а іхны дом — іхная цьвярдыня ў літаральным сэнсе слова? Так ці йнакш, нашыя суайчыньнікі вызначаюцца паталягічнай, можна сказаць, талерантнасьцю ды бязьмежным пэсымізмам таксама і ў параўнаньні з народамі раўнінаў, нашымі суседзямі.

Успомнім клясыка, Янку Купалу:

Шумныя бярозы
  Пабяліў мароз,
Хацеў бы я плакаць,
  Дый ня маю сьлёз;
Хацеў бы я пецi
  Аб сваёй бядзе,
Дый мне сэрца ные,
  Песенька ня йдзе...

Гэты ж аўтар ці не наўпрост абвінавачвае ў сваім дрэнным гуморы родны краявід ды прыроду:

Невясёлая старонка,
  Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
  Птушкі — дрозд ды гусь.
Поле — горы ды каменьне,
  Потам зьліта ўсё,
Сенажаць — адно карэньне,
  Сівец ды куп’ё.

Ну, нараканьне на неўрадлівасьць глебы — традыцыйная сялянская тэма... Ну, можа, Янка ды Сымонка нечым і завінаваціліся перад паэтам; але якую загану могуць хаваць у сабе птушкі?! Гусям, як мы ведаем, пашчасьцiла выратаваць Рым, а дразды праз шмат гадоў на ўвесь былы Саюз ССР рэклямаваліся як „певчие избранники России“.

Дык можа, наш мэнталітэт не дае нам магчымасьці іншымі вачыма глянуць на родныя краявіды? Мо пасыянарнасьці горцаў хапае і на тое, каб разабрацца з прыхаднямі-гяурамі, і на тое, каб сьпяваць песьні аб прыгажосьці свайго краю, дзе камянёў шмат болей, чымся на нашых палёх? Можа, прычына ня вонках, а ўнутры?

Гэта ўжо мэдычная тэма. Нездарма кажуць: „Нуда горша за каросту“, што ў перакладзе з агульналюдзкай мовы на мэдычны жаргон азначае: „Дэпрэсіўна-фрустрацыйныя адхіленьні эмацыйнага стану суб’ектыўна ўспрымаюцца пацыентамі значна больш цяжка, чымся сьверб скуры ў выніку яе паражэньня Scabies vulgaris“.

Але зноў жа, чаму менавіта апяваньне дэпрэсіўных і фрустрацыйных станаў — улюбёная тэма беларускай паэзіі?

Чаму прадстаўнікі розных народаў па-рознаму рэагуюць на стрэсы: адны змагаюцца да апошняга, а іншыя дранцьвеюць, толькі пачуўшы імя ворага?

Лэслі Дж. Дэ Грут (Leslie J. De Groot), эндакрыноляг сусьветнага ўзроўню, у сваёй манаграфii (Endocrynology, Phyladelphia, 1989) пiша: „Востры стрэс у вялiкiх жывёлiн стымулюе функцыю тарковiцы (шчытападобнай залозы), у малых жывёлаў назiраюцца выпадкi iнгiбiцыi тыроiднай чыннасьцi“.
 


   

 
Ёд і мэнталітэт

З усіх мікраэлемэнтаў засяродзім пакуль што ўвагу толькі на ёдзе, бо менавіта пра яго пішуць: „Чорныя плямы ёдавага дэфіцыту расьсеяныя па ўсёй плянэце“2. На вялікі жаль, да гэтых плямаў належыць і Беларусь. Далей дазволю сабе абмежавацца цытатамі. „У абшарах ёдавага дэфіцыту асабліва часта адзначаюцца знакі біялягічнага звырадненьня, недаразьвітасьці арганізму, розных спадчынных звыродзтваў, выкліканых, відавочна, дысфункцыяй ДНК“3. Іншая цытата: „Асаблівасьці характару людзей у зоне ёдавага недабору:

1) адсутнасьць рухавасьці поцягаў (подвижности влечений) і афэкту (узрушаньня);

2) афэктыўныя (пачуцьцёвыя) выбухі назіраюцца зрэдку; найчасьцейшай афэктыўнай рэакцыяй зьяўляецца страх, які ўзьнікае падчас сутыкненьня з усім, што новае, нязвыклае“4.

Карацей кажучы: „А лiтвак тут чувэ, нох фар дэр авэйрэ“ (лiтвак каецца, яшчэ не зграшыўшы) — прымаўка зь мясцовага габрэйскага фальклёру, якая яшчэ раз даказвае, што навакольнае асяродзьдзе мадыфiкуе стыль паводзiнаў тутэйшага люду незалежна ад паходжаньня.

Далей „Клiнiчная эндакрыналёгiя“ безэмацыйна працягвае:

„3) У раньнім веку ўзьнікаюць незваротныя псыхічныя парушэньні, якія вядуць да крэтынізму...“5

Адразу трэба зацемiць, што нельга блытаць дыягназ крэтынiзму з варыянтамi алiгафрэнii: дэбiльнасьцю, iмбэцыльнасьцю ды iдыятызмам. Слова „крэтын“ утварылася ад францускага „chrétien “, што лiтаральна азначае „хрысьцьянiн“ цi „падобны да Хрыста“. Да хворых на крэтынiзм ставiлiся з пэўнай павагай, бо ў старажытнай Эўропе лiчылася, што людзi, адзначаныя гэтай хваробай, нясуць на сабе знак Божы, бо, маючы характар адкрыты ды памяркоўны, настолькi простыя ды шчырыя, што ня здатныя нават на грэх. Выкарыстоўваць бясхiтраснасьць Божых абраньнiкаў у карысьлiвых мэтах лiчылася вялiкаю ганьбаю.

Шкада, што гуманiстычныя прынцыпы Сярэднявечча не выкарыстоўваюцца ў міждзяржаўных стасунках цяпер, калi пад бразгатаньне блiскучых шкляных пацерак так званай iнтэграцыi на вачах усяго сьвету беспардонна рыхтуецца лiквiдацыя старажытнага, хай сабе i „рэлiктавага“ этнасу тырэапатаў.
 







2 В.О.Мохнач,1974, цыт.паводле:
В.И.Смоляр. Гипо- и гипермикроэлементозы, Киев, 1988.



3 В.И.Смоляр. Гипо- и гипермикроэлементозы, Киев, 1988.








4 Клиническая эндокринология. Руководство для врачей. Под ред. проф. Н.Т.Старковой. Москва, 1991.










5 Тамсама.
   

Сучасныя дасьледчыкi адзначаюць, што i цяпер „Рэспублiка Беларусь, паводле зьвестак Сусьветнай арганiзацыi аховы здароўя, належыць да краiнаў зь лёгкай i сярэдняй ступеньню ёднага недахопу“. I, як i раней, „ёдны недахоп нясе шкоду здароўю чалавека ў некалькiх кiрунках, найважнейшым зь якiх зьяўляецца эндэмiчны вальляк (зоб) i парушэньне нармальнага разьвiцьця мазгоў“6.

Значны недабор ёду дэфармуе ня толькі шыю хворага — праз разьвіцьцё вальляку, але і псыхічна-эмацыйную сфэру чалавека.

Узьдзеяньне паталёгіі на арганізм пачынаецца яшчэ ў чэраве маці. Дзеці вельмі ўразьлівыя на недахоп гэтага складніка ў вадзе ды ежы.

 
Ёд i дзецi

Нармальная штодзённая патрэба чалавека ў ёдзе (мг/дз):

Немаўляты................................50–80
Дашкольнiкi............................100–120
Школьнiкi................................140–200
Дарослыя................................180–200
Цяжарныя, кармiцелькi..........230–260

Галоўны дзіцячы эндакрыноляг нашай краіны доктар Клаўдыя Радзюк у сваім інтэрвію „Белорусской деловой газете“ гаворыць: „Паводле меркаваньня экспэртаў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, недахоп ёду зьяўляецца найболей распаўсюджанай прычынай разумовай адсталасьці, запабегчы якой можна толькі праз своечасовае лекаваньне. Я думаю, што нашая так званая „памяркоўнасьць“ у пэўнай ступені — стан паталягічны“ (БДГ, 20 сакавіка 2000 г.).
 










6 Т.Мохарт, Н.Грыневiч. Ёдны недабор i здароўе. Менск, 1999.
   

 
Ёд i геаграфiя

Беларусь разам з Папуа-Новай Гвінэяй, Эквадорам, Гімалаямі, Уралам, Мары-Эл, альпійскімі абшарамі ды Карпатамі пазначаецца як біягеахімічная „правінцыя“7. Зонавыя біягеахімічныя правінцыі, бедныя на ёд (і кобальт), месьцяцца на водападзелах рэк; на ўзвышаных раўнінах; у лясістых мясцовасьцях; на тарфяніста-багністых ды падзолістых глебах.

Усе гэтыя характарыстыкі дакладна адпавядаюць геаграфічнай сытуацыі нашай краіны. У сваёй „Геаграфіі Беларусі“8 Аркадзь Смоліч паўтарае іх амаль слова ў слова: і пра водападзел, які йдзе акурат празь сярэдзіну нашага краю, і пра глебы...

Так і ўспамінаецца купалаўскае: „Паміж пустак-балот беларускай зямлі...“, а Аркадзь Смоліч яшчэ й дадае: „Беларуская раўніна сярод эўрапейскіх раўнінаў ёсьць найвышэй паднятаю. Тады як Бэрлін падняты над роўнем мора на 15 сажаняў, Варшава на 52, нават наш Пінск падняты над роўнем мора на 67 сажаняў, а Магілеў на 84... Найвышэйшы пункт у Беларусі — Лысая Гара, падняты на 161 сажань“9. Вось жа, увесь набор мікраэлемэнтаў (а перадусім ёд ды кобальт, якіх мы маем найменей) разам з вадой сьцякае адсюль да мораў.

А мо штосьці ўсё-ткі застаецца хоць у нашых падземных водах? Адказ можна адшукаць у „Большой медицинской энциклопедии10. Ён, на жаль, несуцяшальны. Беларусь на схематычнай мапе падземных мінэральных водаў СССР выглядае амаль як белая пляма — гэткі бледна-салатаваты колер сьведчыць, што нашыя падземныя воды ўтрымліваюць менш за 50 г/л мінэралаў. Дый тое — пераважна звычайная соль (NaCl). А зь ёдам, кобальтам, кальцыем, фосфарам, медзьдзю ды борам — цяжкавата.

А мо і нічога. Мо неяк бязь ёду жыць можна. Жылі ж людзі. Але як жылі? На мапе культураў бронзавага веку11 толькі заходнія крэсы Беларусі ды сярэднедняпроўскі абшар могуць пахваліцца знаходкамі матэрыяльных знакаў культур бронзавага веку. А на большай частцы нашага краю гэты вельмі значны для іншых народаў пэрыяд не пакінуў аніякіх сьлядоў, хоць у папярэднія часы нэаліту сьведчаньняў людзкога існаваньня (знаходак каменных прыладаў) — шмат. Потым адразу пачынаецца „жалезны век“. Мусіць, нашыя продкі, таксама як і мы, ня надта сьпяшаліся за прагрэсам — бронзавыя вырабы лічылі ня дужа патрэбнымі ды ў пошуках собскіх шляхоў разьвіцьця не зьбіраліся ісьці ўсьлед за тагачасным „цывілізаваным сьветам“.

Нездарма польскі гісторык Уладыслаў Грабеньскі яшчэ ў 1910 годзе пісаў: „Славянін жыў з дня ў дзень, не клапоцячыся пра дзень заўтрашні. Усё гэта стварала цяжкасьці ў аб’яднаньні плямёнаў, якія ў сваёй раздробненасьці не праяўлялі дастатковай сілы падчас сутыкненьняў з ворагамі. Таму славяне аж да ІV стагодзьдзя былі ў няволі ў скіфаў, сарматаў, вандалаў, готаў, гунаў, а потым жылі пад ярмом авараў, франкаў, немцаў, баўгараў, вугорцаў і нарманаў.
 







7 БМЭ, т. 6, с. 878. Москва, 1958.







8 Аркадзь Смоліч. Геаграфія Беларусі. Вільня, 1923; Менск, 1993.











9 Тамсама.








10 БМЭ, т. 18, с. 607–610. Москва, 1960.










11 БелСЭ, т. 2, с. 402–403. Менск, 1970.
   

Славянін, цяжкі на пад’ём ад прыроды, зь цяжкасьцю прыймаўся за энэргічную дзейнасьць, затое лёгка паддаваўся апатыі, хоць і не губляў добрага стану духу нават у няшчасьці, чаму і атрымаў ад немцаў мянушку нявольніка, які танчыць (sclavus saltans)“12.

Падобныя зьвесткі сустракаюцца і ў сучасных расейскіх славянафільскіх публікацыях — калі такім крыніцам увогуле можна даваць веры. Напрыклад, аўтар кнігі „За други своя, или Всё о казачестве“, апісваючы сцэну продажу палонных на рынках Усходу, сьцьвярджае: „Калі палонных выводзілі на пляц для продажу, гандляр вельмі гучна выкрыкваў, што выстаўленыя нявольнікі найноўшыя, простыя, няхітрыя, каралеўскага (г.зн. польскага, літоўскага ды ўкраінскага) народу, а не маскоўскага, які лічыўся на Крыме „хітрым“, падступным, здольным да ўдалых уцёкаў і з гэтае прычыны быў адносна танным“13.

Найменьні „славянін“ і „нявольнік“, на вялікі жаль, праз стагодзьдзі ішлі поруч. У ангельскай мове слова slave азначае „раб“, „нявольнік“, як і ў нямецкай — Sklave, у лацінскай — sclavus.

Але недахоп уласнае волi, пэўная iнэрцыйнасьць думак i дзеяньняў, гатовасьць падпарадкавацца чужым загадам не заўжды разглядалiся як адмоўныя якасьцi. Такое спалучэньне рысаў характару з посьпехам выкарыстоўвалася вайсковымi кiраўнiкамi ўсіх часоў i народаў. I мiлiтарная гiсторыя пакiдае нам упэўненасьць у тым, што абсалютна адмоўных рысаў характару не йснуе — часам лёгкі недабор ёду дае магчымасьць лепей, не нэрвуючыся, трываць цяжкасьці жыцьця, у прыватнасьці — вайсковай службы. Мілітарная гісторыя сьвету захавала подзіў продкаў і сучасьнікаў з вытрываласьці шатляндзкіх жаўнераў-наймітаў, швайцарскіх гвардыстаў, прускіх грэнадэраў, латыскіх стральцоў, дэсантнікаў Віцебскай дывізіі. Гэта ўсё людзі з папуляцыяў, якiя жывуць на абшарах, дзе фіксуецца пэўны недабор мікраэлемэнтаў, у прыватнасьцi — ёду.

Дык можа, большасьць нашых праблемаў зьвязана менавiта зь недаборам ёду?
 







12 Владислав Грабеньский. Исторія Польскаго Народа. Санкт-Петербург, 1910.













13 За други своя, или Всё о казачестве, Москва, 1993.
   

 
Наступствы недахопу ёду (вальляк)

Чыннасьць тарковіцы (glandulae thyreoideae, шчытападобнай залозы) уплывае на кшталтаваньне характару індывідуума (жывёлы альбо чалавека), а ўрэшце — на мэнталітэт папуляцыі. Парушэньне чыннасьці тарковіцы вядзе да зьніжэньня імунітэту аж да выразнага імунадэфіцыту14.

Калі ёду не стае, арганізм кампэнсуе яго малую канцэнтрацыю павелічэньнем ёмістасьці ды памераў органу, які гэны ёд утрымлівае. Разьвіваецца эндэмічны вальляк, бо амаль увесь ёд канцэнтруецца ў шчытападобнай залозе. А ўжо гэтая залоза і ўплывае на абмен тлену (О2, кіслароду), водны і вугляводны абмен, сынтэз бялку і тлушчаў.

I тут мэдычныя энцыкляпэдыi зьмяшчаюць шэраг ня вельмi суцяшальных для нас зьвестак: „У жыхароў мясцовасьцяў, эндэмічных на недахоп ёду, пагаршаецца электрычная актыўнасьць галаўных мазгоў“. Далей — болей: „Для зьяўленьня праяваў эндэмічнага вальляку можа быць дастатковым знаходжаньне ў „вальляковым агмяні“ на працягу некалькіх месяцаў“15.

Аказваецца, калі нават да нас прыб’ецца мурын з Афрыкі ці Амэрыкі, дык праз пару месяцаў ён можа захварэць на „беларускі мэнталітэт“, які, як вядома з пашыранага жарту, праяўляецца ў „агульнай млявасьці ды абыякавасьці да жыцьця“. Тое самае (толькі іншымі словамі) сьцьвярджаюць сур’ёзныя мэдычныя крыніцы.

Штодзённая практыка гэта пацьвярджае. На прыёме ў лекара іншаземцы (пераважна менскія студэнты, што паходзяць з краінаў Афрыкі, Азіі ды Лацінскай Амэрыкі, якія, натуральна, ня маюць аніякай генэтычнай сувязі зь Беларусьсю), найчасьцей без усялякага адмысловага збору анамнэзу, самастойна распавядаюць, што менавіта „агульная млявасьць“ — іхная галоўная турбота. Ды яшчэ: калі яны выбіраюцца да радзімы на вакацыі, зь іх увесь час пасьміхаюцца сябры і сяброўкі, строячы кпіны пераважна ў тым сэнсе, што ўсю іх былую моц, жвавасьць ды імпэт адабралі беларускія дзяўчаты.

Гэтая нованабытая на Беларусі „памяркоўнасьць“ асабліва пужае бацькоў студэнтаў зь Менску, і матулі вельмі часта запрашаюць мясцовых аўтарытэтаў у справах акультызму, каб „зьняць сурокі“.
 







14 Клиническая эндокринология. Руководство для врачей. Под ред. проф. Н.Т. Старковой. Москва, 1991.

















15 Там сама.
   

Дый ня дзіўна, што стан прыбышоў зь біягеахімічных правінцыяў выклікае турботу матак, якія расцэньваюць залішнюю „рахманасьць“ і „лагоднасьць“ уласных дзяцей няйначай як праявы хваробы. Менавіта так гэтую сытуацыю разглядалі і разглядаюць эндакрынолягі. Ф.Краўс, Р.Гірш (1910) пісалі:

„У вальляковых мясьцінах крэтынізм сустракаецца эндэмічны; такім чынам ужо сама гэтая акалічнасьць паказвае на ўнутраную сувязь вальляку і крэтынізму. Калі ў дарослага наступае поўнае альбо частковае парушэньне чыннасьці тарковіцы, дык гэтыя парушэньні выяўляюцца ў псыхічных зьявах дэпрэсіўнага кшталту, у агульнай цягліцовай слабасьці, рэўматычных болях, зьніжэньні разумовых здольнасьцяў ды інш. Хворыя часта самі заяўляюць, што „іхны характар папсуўся“. Яны шмат у чым нагадваюць жывёлу ў стане зімовага засонку“16

Сам вальляк — ня кара нябёсаў, а абарончая рэакцыя арганізму на недабор ёду — гіпэрплязія. Найвыразьней гіпэрплязія тарковіцы заўважная ў нашых жанчын незалежна ад іхнага этнічнага паходжаньня. (Мэдычнай нормай лічыцца стан, калі тарковіца ня толькі нябачная вокам, але яе нават нельга намацаць падчас дасьледаваньня.)

 
Жанчына й вальляк

Спачатку разам з павелічэньнем залозы адзначаюцца элемэнты яе звышчыннасьці (гіпэрфункцыі): рухавасьць эмацыйнага складніка характару, багацьце псыхічнай сфэры, актыўнасьць вэгетатыўнай нэрвовай сыстэмы (так званае „граньне вазаматораў“): „румяніцца як красна дзеўка“, плюс характэрны выгляд твару — заўжды бліскучыя вялікія вочы (элемэнты экзафтальму). Усё гэта спрычыняецца да надзвычайнай прыгажосьці й прывабнасьці беларускіх жанчын. Але нішто не даецца дарма. Кожны орган, які доўга працуе на мяжы магчымасьцяў (а менавіта так можна ахарактарызаваць узровень абменных працэсаў у гіпэрплязаванай тарковіцы), адносна хутка „стамляецца“. Надыходзіць заняпад ягонай чыннасьці, поўная процілегласьць першай фазе — гіпафункцыя. Гэта азначае паступовае разьвіцьцё гіпатырэёзу.

 
Гiпатырэёз

Вось яго праявы:

1) хуткая зьнямогласьць;
2) замаруджанасьць рухаў, нэўрапсыхічных працэсаў;
3) санлівасьць;
4) азябласьць, зьніжэньне тэмпэратуры ды сухасьць скуры;
5) запоры;
6) ломкасьць пазногцяў, валасоў;
7) хрыпатасьць голасу, няўцямнасьць гаворкі;
8) разьвіцьцё атэрасклерозу, сардэчнай недалужнасьці і атлусьценьня;
9) зьніжэньне памяці і інтэлекту;
10) зьніжэньне тонусу сымпацыйнай нэрвовай сыстэмы, рэфлексаў, слыху;
11) зьніжэньне чыннасьці шкарупы надныркавых залозаў (cortex glandulae suprarenalis);
12) зьніжэньне патэнцыі і полавага поцягу;
13) заўчаснае старэньне.

Дастаткова параўнаць выгляд нашых 60-гадовых „жэншчын“ з выглядам заходніх 80-гадовых турыстак, жвавыя купкі якіх поўняць усе куткі сьвету. На жаль, гэты кантраст часта ўспадаў на вока кожнаму з нас.

Недахоп ёду ў мужчынаў праяўляецца меней выразна. Калі ў папуляцыі на аднаго прадстаўніка моцнай паловы з праявамі гіпэртырэёзу прыпадае 8 жанчын з такімі праявамі, значыцца, эндэмія ў гэтай мясцовасьці можа лічыцца лёгкай; калі суадносіны хворых мужчынаў і жанчынаў роўныя 1:5 — агмень эндэміі клясыфікуецца як сярэдні; калі суадносіны 1:3 — гэта цяжкая эндэмія.
 















16 F.Kraus, R.Hirsch. Organotherapie. Berlin, München, 1910.
   

 
Харч i тарк

Але гэта яшчэ ня ўсё. Аказваецца, існуюць мясьціны, дзе ўсе пералічаныя праявы гіпатырэёзу фіксуюцца нават тады, калі ў навакольнай прыродзе ёду дастаткова. Такія зоны зарэгістраваныя ў Эквадоры.

Мэханізм разьвіцьця праяваў гіпатырэёзу там зьвязаны з блёкам абмену ёду ў самой тарковіцы. Рэчывамі, здольнымі загамаваць абмен, ёсьць параамінасаліцылавая кісьля, вініл-тыяксазалідон (vinil-tioxazolidon), гойтрын (goitrin) ды іншыя.

Рэч у тым, што жыхары гэтых мясьцінаў харчуюцца пераважна расьліннай ежай з групы крыжакветкавых (бручка, капуста), якая ўтрымлівае актыўныя струмагены (рэчывы, якія выклікаюць вальляк). Павышаныя канцэнтрацыі струмагенаў утрымліваюць таксама шпінат, соя, кукуруза.

Вальляк можа разьвівацца нават у дзяцей, якія харчуюцца малаком кароваў, якіх кармілі капуснымі храпкамі: гэта — уплыў тыяцыянатаў (tiocyanates).

Даволі сумная атрымліваецца карціна, калі прыгадаць, чым харчуецца нашае насельніцтва ўсю зіму. Пасьля гэтага ня хочацца нават успамінаць, што блёк тарковіцы можа быць выкліканы радыёактыўным ёдам — менавіта такім, безьліч малекулаў якога выкінуў у нашае неба выбух Чарнобыльскай АЭС.

Не хацелася б на такой пэсымістычнай ноце заканчваць разважаньні пра мэдычныя аспэкты беларускага мэнталітэту.

Дык ці ёсьць выйсьце з гэтае сытуацыі? Якім чынам можна паменшыць адмоўныя эфэкты, празь якія недахоп ёду ўплывае на здароўе і мэнталітэт нацыі, а ў канцавым выніку — на сытуацыю ў грамадзтве?

 
Што рабіць?

Што рабiць, каб выправiць альбо хоць бы не пагаршаць сытуацыю, бязглузда харчуючыся струмагенамi?

— Пазьбягаць надмернага ўжываньня белакачаннай капусты, хрэну, салаты, кукурузы, салодкай бульбы, соі, якiя зьмяшчаюць гэтыя шкодныя рэчывы.

— Ужываць ваду, якая не зьмяшчае забруджаньняў жывёльнага ды хімiчнага паходжаньня: нiтратаў, тыяцыянатаў, высокiх канцэнтрацыяў кальцыю.
 

   

— Памятаць, што пэўныя лекi таксама блякуюць чыннасьць тарковiцы: мэрказалiл, пэрхляраты, солi лiтыю, сульфанiламiды17.

— Нельга забывацца на тое, што патрэба ў ёдзе значна падвышаецца ў пэрыяд полавага дасьпяваньня, цяжарнасьцi ды кармленьня грудзьмi.

Е.Палякова (Медицинский вестник, 24 жнiўня 2000 г.) пiша: „Недастатковае ўжываньне ёду жанчынай, якая рыхтуецца стаць маткаю, выклiкае незваротныя парушэньнi мазгоў у плода, што ўрэшце замаруджвае ды зьнiжае разумовае i фiзычнае разьвiцьцё дзiцяцi, а iншым разам выклiкае цяжкую разумовую адсталасьць — крэтынiзм.

Паводле зьвестак Сусьветнай арганiзацыi аховы здароўя на Беларусi назiраецца ёдны дэфiцыт сярэдняй ступенi. Што да рэкамэндацыяў, паводле якiх кожны нованароджаны павiнен атрымлiваць 40 мкг ёду штодзённа, дык толькi 6% дзяцей атрымлiваюць з малаком мацi гэтую норму ёду, астатнiя практычна пазбаўленыя гэтага мiкраэлемэнту“. Ёдны дэфiцыт выяўляецца амаль у 81% дзяцей i падлеткаў Беларусi.

Цi вiдаць дзесьцi сьвятло ў канцы тунэлю?

З увагі на тое, што ёдны недахоп выклікае нэгатыўныя наступствы як для здароўя людзей, так і для нацыянальнай бясьпекі, разьвязаньне праблемы вымагае мэдычнага і сацыяльна-палітычнага падыходу.

1) Мэдычны падыход — ёдаваньне прадуктаў харчаваньня.

Часьцей за ўсё ёд дадаецца да солі (часам — да вады), але яшчэ са школы мы памятаем, што ёд — такое хітрае рэчыва, якое зь цьвёрдага стану адразу ўзганяецца да стану газу і адлятае ў касьмічныя прасторы сусьвету. Беларускі звычай хаваць соль пра запас (на выпадак чарговай вайны) у значнай ступені перакрыжоўвае надзеі на вялікую эфэктыўнасьць гэтай формы прафіляктыкі. Трэ дадаць, што тэрмічнае ўзьдзеяньне на ёдаваную соль дадаткова скарачае колькасьць ёду, зьвязанага з прадуктамі харчаваньня. Ёсьць напрацоўкі ўкраінскіх мэдыкаў адносна спробаў ёдаваньня расьліннага алею: ёд больш трывала зьвязваецца з гэтым прадуктам, які зазвычай спажываецца за досыць кароткі тэрмін.

На Беларусі існуе служба супрацьвальляковых дыспансэраў, якая б магла больш актыўна займацца ня толькі назіраньнем за кантынгентамі з паталёгіяй тарковіцы, але і прафіляктыкай гэтай паталёгіі. Галоўным накірункам мусіць быць прафіляктыка раку шчытападобнай залозы, які звычайна разьвіваецца паралельна з утварэньнем вузлоў у хворым органе. Для ўзмацненьня службы, безумоўна, патрэбныя грошы, якіх на мэдыцыну традыцыйна не стае.

2) Сацыяльна-палітычныя захады.

Сучасная палітыка „беларускіх“ уладаў накіраваная на ліквідацыю нацыянальнага імунітэту, на ліквідацыю нацыі пад начэпныя мэлёдыі „славянскіх базараў“, папсовых і палітычных. Узор вырашэньня сацыяльных праблемаў, якія ўзьнікаюць у краінах, што воляю лёсу месьцяцца ў бедных на мікраэлемэнты біягеахімічных зонах, прапануюць Швайцарыя ды Андора, якія сутыкаюцца з падобным да беларускага мэнталітэтам сваіх грамадзянаў. Гэтыя краіны здаўна маюць самыя жорсткія ў Эўропе патрабаваньні да працэсу натуралізацыі (г.зн. да працэсу прыняцьця іншаземцаў у сваё грамадзянства). Апроч таго, зараз Швайцарыя плянуе абмежаваць колькасьць іншаземцаў, якім дазволена сталае жыхарства і праца ў краіне (да 18% ад агульнай колькасьці насельніцтва). Прыняцьце такога modus vivendi ёсьць цалкам натуральны захад, бо для памяркоўных народаў вельмі важна пэўным чынам імунізавацца ад залішняй пасыянарнасьці актыўных, а часам проста галодных суседзяў. Але гэта — толькі тэарэтычная прапанова, якую ажыцьцявіць яшчэ цяжэй, чымся замену ёдаваньня солі на ёдаваньне алею.
 



17 Т.Мохарт, Н.Грыневiч. Ёдны недабор і здароўе. Менск, 1999.
   
Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 9 (14) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 26-01-2001