A R C H E | M e d y c y n a | № 9 (14) – 2000 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
|||
|
Ігар Сарокін
|
— наваполацкі пісьменьнік і журналіст. Сталы аўтар „Калосься“, „Нашай Нівы“, „Крыніцы“. |
Нэўратычныя парушэньні альбо непрымальныя для грамадзтва дзеяньні зазвычай выклікаюцца пэўнымі праблемамі, зь якімі чалавек сутыкаецца ў сваім жыцьці. Характарызуючы такія праблемы, варта адзначыць наступнае: існуюць праблемы, якія былі, ёсьць і будуць на любым этапе разьвіцьця чалавечай супольнасьці, спрадвечныя праблемы накшталт канфлікту паміж бацькамі ды дзецьмі ці нешчасьлівага каханьня. У той жа час існуюць спэцыфічныя для пэўнага грамадзтва праблемы, якія абвастраюцца ў часы сацыяльных і іншых ломак. Цяжка даць тлумачэньне таму факту, што ў аднаго чалавека нэўратычныя парушэньні доўжацца некалькі дзён, а ў іншага — некалькі месяцаў ці нават гадоў. Бальшыня дасьледаваньняў імкнецца спасьцігнуць прычыны псыхічных захворваньняў. Цягам апошніх 10 гадоў навука значна пасунулася наперад у спробах зразумець функцыяваньне галаўных мазгоў. Сканаваньне мэтадам ядрава-магнэсавага рэзанансу (ЯМР) дае дэталёвую інфармацыю аб структуры мазгоў, выяўляе фізычныя анамаліі й пухліны. З распрацоўкай мэтаду пазытронна-эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ) зьявілася магчымасьць атрымліваць трохмерныя малюнкі працуючых мазгоў. Выяўленыя адхіленьні дазваляюць зь вялікай верагоднасьцю дыягнаставаць шызафрэнію альбо хваробу Альцгеймэра. Тым ня менш этыялёгія псыхічных захворваньняў дагэтуль цалкам ня высьветленая. Калі гаварыць пра шызафрэнію, дык рызыка захварэць на яе залежыць ад таго, колькі вашых сваякоў і хто менавіта хварэлі ці хварэюць на гэтую хваробу: — калі сярод вашай радні не было хворых на шызафрэнію, ваш шанец захварэць на яе складае 1%; — калі на шызафрэнію хворы адзін з вашых сваякоў другой ступені сваяцтва (стрыечныя брат ці сястра, бабуля ці дзядуля ды інш.), ваш шанец захварэць на шызафрэнію складае прыблізна 2%; — калі хворы сваяк першай ступені (адзін з бацькоў, брат ці сястра), ваш шанец захварэць на шызафрэнію павялічваецца да 10%; — калі хворыя абодва бацькі, ваш шанец — блізу 40%; — калі хворы ваш аднаяйкавы блізьнюк, у вас шанец блізу 50%. Калі хворыя некалькі сваякоў, верагоднасьць захворваньня можна вылічыць шляхам складаньня адсоткаў. Напрыклад, калі хворы ваш бацька (10 адсоткаў) ды стрыечны брат (2 адсоткі), дык ваш шанец захварэць складае прыкладна 12%. У грамадзтве існуе шмат забабонаў ды прымхаў што да псыхічных хваробаў і пацыентаў псыхіятрычных лякарняў. Напрыклад: — Псыхічная хвароба ўзьнікае ў асобы, якая зашмат займаецца разумовай дзейнасьцю. Аднак у сапраўднасьці шызафрэнія ўзьнікае прыкладна ў 1 адсотка чалавечай папуляцыі сьвету незалежна ад выхаваньня, рэлігіі, адукацыі, сацыяльна-эканамічнага стану і расы. |
— Псыхічнае захворваньне ўзьнікае ў асобаў, якія ня маюць полавага жыцьця. Адпаведна, полавае жыцьцё ўважаюць за сродак прафілактыкі псыхічных захворваньняў. — Псыхічнае захворваньне варта лекаваць з дапамогаю сьвятара ў царкве. — Псыхічнае захворваньне найлепш лякуюць бабкі-шаптухі. На жаль, навуцы дагэтуль невядомыя мэтады, якія б дазвалялі поўніцай вылечыць чалавека ад шызафрэніі ці сур’ёзных парушэньняў настрою. Псыхіятры могуць у шмат якіх выпадках зрабіць праявы захворваньня мякчэйшымі. — Псыхічныя захворваньні заразьлівыя. Псыхічныя захворваньні не заразьлівыя. Ад чалавека, зь якім вы бавіце разам час ці п’яце з адной шклянкі, вы не заразіцеся псыхічным захворваньнем. Можна пачувацца ніякавата побач з чалавекам, які ня ў стане лягічна думаць ці зразумела гаварыць, але ж пасьля вяртаньня ў асяродзьлзе псыхічна здаровых дарослых людзей гэтая ніякаватасьць зьнікае. Гэта ўсё адно, што бавіць час зь дзіцем: хоць вы пачынаеце глядзець на сьвет дзіцячымі вачыма, гэта ж ня значыць, што вы адменіцеся ў малое. — Псыхічна хворыя асобы агрэсіўныя. Людзі з псыхічным захворваньнем, у сваёй большасьці, не агрэсары й не забойцы. Агрэсіўныя паводзіны сярод псыхічна хворых сустракаюцца не часьцей, чымся ў папуляцыі ў сярэднім. Большасьць псыхічна хворых, наадварот, трымаецца вельмі ціха й адасоблена. — Псыхічна хворыя — благія ды злосныя людзі. Людзі з псыхічнымі захворваньнямі ня злосныя. Тое, што чалавек захварэў псыхічна, зусім ня сьведчыць пра тое, што ён ці ягоная сям’я зрабілі нешта кепскае альбо што яны кепскія людзі. Захварэць псыхічна — гэта такое ж няшчасьце, як нарадзіцца з схільнасьцю да цукроўкі, хваробы сэрца ці раку. Ці ёсьць прычына саромецца, калі якая-колечы з гэтых хваробаў зьявілася ў сям’і? Аднак сваякі псыхічна хворых часьцяком саромеюцца. Каб ставіцца да псыхічна хворых са спагадаю, варта зразумець, што яны зусім ня ў стане кантраляваць свае перажываньні, якія нясуць ім пакуты. Думкі й пачуцьці хворых нелягічныя й непрадказальныя. Яны баяцца сваіх хваравітых адчуваньняў ня менш, чымся мы баімся іхных учынкаў. Жыцьцё гэтых людзей асабліва ўскладняецца неразуменьнем і нецярпімасьцю грамады. Звычайна іх баяцца, пазьбягаюць альбо зьневажаюць. Самота, ізаляцыя і дэпрэсія робяцца другаснымі праявамі хваробы, несучы хвораму яшчэ больш пакутаў. |
Разгляд праяваў некаторых псыхічных хваробаў варта пачаць з найбольш цяжкога псыхічнага захворваньня. Прыкмета шызафрэніі — разладжаньне думаньня, няздольнасьць лягічна й рэалістычна думаць і выказваць свае думкі, перабываньне ў пэўныя пэрыяды разьвіцьця хваробы ў псыхатычным стане. Псыхатычным ёсьць стан, калі чалавек няздольны адрозьніць свае фантазіі альбо пэўныя нутраныя перажываньні ад рэальнасьці. У хворага ў псыхатычным стане праяўляюцца адзін ці больш з трох асноўных сымптомаў: галюцынацыі, трызьненьне ды разладжанасьць думаньня. Фармальна для дыягностыкі шызафрэніі неабходная наяўнасьць трох крытэраў: — перабываньне ў псыхатычным стане ня менш за шэсьць месяцаў; — значныя парушэньні ў ладзе паводзінаў, калі чалавек ня ў стане працаваць, браць удзел у сацыяльным жыцьці, часам нават клапаціцца аб забесьпячэньні ўласных жыцьцёвых патрэбаў; — немагчымасьць растлумачыць узьнікненьне хваравітых сымптомаў арганічнымі фактарамі. Галюцынацыя — якое-любя адчуваньне, ня выкліканае вонкавымі ўзьдзеяньнямі. Кожнае з нашых пяцёх пачуцьцяў — зрок, слых, нюх, смак, дотык — можа быць крыніцаю галюцынацыяў. Хворы можа чуць галасы, што не існуюць, бачыць тое, чаго няма, адчуваць пахі, якіх ніхто, апроч яго, не адчувае ды г.д. Вельмі істотна, што хворы ўспрымае галюцынацыі гэтак жа рэальна, як вы — гэты тэкст. Слыхавыя галюцынацыі ўзьнікаюць у хворых на шызафрэнію найчасьцей. Часам галасы гучаць зьдзекліва ці зьневажальна, часам прымушаюць рабіць непрымальныя ў грамадзтве альбо небясьпечныя ўчынкі, часам выклікаюць сьмех. Хворыя саромеюцца альбо баяцца сваіх галюцынацыяў. Іхнае жыцьцё надзвычай цяжкое, бо яны мусяць увесь час шукаць спосабы спалучэньня зьместу галюцынацыйных перажываньняў з рэальным станам рэчаў. Напрыклад, голас можа пераконваць сына ў тым, што бацька хоча яго атруціць, хоць гэтая інфармацыя цяжка спалучаецца з рэальнымі цёплымі адносінамі паміж бацькам і сынам. Трызьненьне — гэта фальшывае перакананьне. Шмат хто з хворых на шызафрэнію ўпэўнены, што з экрану тэлепрыймача людзі зьвяртаюцца беспасярэдне да іх. Хворыя шчыра перакананыя ў тым, што для людзей здаровых ёсьць відавочная бязглузьдзіца. Звычайна хворыя ўпэўненыя ў тым, што людзі, нават самыя блізкія, імкнуцца зрабіць ім шкоду. Шмат у каго з хворых трызьненьне мае рэлігійны зьмест. Тым, хто кантактуе з гэткімі хворымі, варта ведаць, што спробы пераканаць іх у памылковасьці іхных меркаваньняў бясплённыя, як марнаю была б спроба пераканаць кожнага з нас, здаровых, у тым, што мы — гэта ня мы, а нехта іншы. Псыхічна хворы з разладжаньнем думаньня ня ў стане думаць лягічна. Думкі псыхатычных хворых пераскокваюць з адной зьявы на іншую бязладна й бессэнсоўна. Псыхатычны ровень парушэньня думаньня — значнае зьмяненьне працэсу думаньня на працягу досыць доўгага часу, што адрозьнівае парушэньні думаньня псыхічна хворых ад парушэньняў, якія ўзьнікаюць шмат у каго з псыхічна здаровых людзей у стрэсавай сытуацыі. Разладжаньне думаньня ня ёсьць нешта сталае. Часам хворы можа разважаць вельмі добра й нават уражваць глыбінёй разуменьня сутнасьці зьяваў. Эмацыйную сфэру хворых на шызафрэнію нехта параўнаў з рэччу, вырабленай із шкла ды сталі, з увагі на тое, што гэтыя хворыя часам выяўляюць надзвычайную чульлівасьць, а часам — эмацыйную халоднасьць, няздольнасьць да спачуваньня. Неадэкватнасьць эмоцыяў выяўляецца таксама ў тым, што пачуцьці хворага часам не адпавядаюць зьместу таго, аб чым ён гаворыць, напрыклад, хворая жанчына можа сьмяяцца, распавядаючы аб сьмерці каханага. Эмоцыі мяняюцца бяз дай прычыны. Суразмоўцу бывае незразумела, што выклікала сьмех ці сьлёзы хворага. Эмацыйная лябільнасьць часам зьнікае, каб праз колькі тыдняў ці месяцаў зьявіцца зноў. Кожны з нас можа прыгадаць кагосьці са сваіх прыяцеляў, хто часам зьдзіўляе пераменлівасьцю настрою. Перамены ў настроі чалавека ня рэдкасьць, але ж гэта зусім ня тое, што хваравітае разладжаньне настрою. Апошняе выяўляецца ў афэктыўных прыступах, падставовымі сымптомамі якіх служаць такія зьмяненьні настрою, калі ён то празьмерна высокі (маніякальны), то занадта прыгнечаны (дэпрэсіўны), ці вагаецца ад адной скрайнасьці да іншай. Хваравітыя эпізоды зьмяняюцца пэрыядамі нармальнага настрою. У розных людзей розная клінічная карціна хваравітага стану, розная працягласьць ды частасьць эпізодаў. Падчас дэпрэсіі парушаюцца сон ды апэтыт. Чалавек страчвае цікавасьць да жыцьця, здольнасьць працаваць. У думаньні пераважаюць развагі аб уласнай вінаватасьці, нікчэмнасьці. Хвораму цяжка засяродзіцца, запамінаць. Чалавек пакутуе ад пачуцьця ўласнай нястаннасьці (anaestesia dolorosa psychica). Пакуты робяцца цяжкімі да такой ступені, што зьяўляюцца думкі аб самагубстве ды спробы іхнай рэалізацыі. У стане маніі настрой падвышаны да такой ступені, што чалавек пачынае паводзіць сябе неадэкватна. Працягласьць сну скарачаецца да 2-3 гадзінаў. Зьмяняецца апэтыт, назіраецца злоўжываньне алькагольнымі напоямі. Мова робіцца шпаркай, патаснай, чалавек гамоніць безь перапынку, сьпявае, піша й дэклямуе вершы. Думкі пераскокваюць з адной тэмы на іншую, увага няўстойлівая. Думаньне часам паскараецца да такой ступені, што маўленьне робіцца бязладным. Чалавек выдаткоўвае шмат грошай на непатрэбныя рэчы, раздае грошы і маёмасьць іншым людзям, пачынае весьці бязладнае полавае жыцьцё. Часам хворыя выказваюць ідэі ўласнай вялікасьці, усемагутнасьці. Парушэньні настрою маюць розную ступень цяжкасьці. Некаторыя хворыя зь нязначнымі разладжаньнямі маюць магчымасьць атрымліваць лекаваньне амбуляторна. Больш сур’ёзныя настроевыя парушэньні лякуюцца ў псыхіятрычных стацыянарах. Самагубства — форма паводзінаў сацыяльна-псыхалягічна дэзадаптаванай асобы ўва ўмовах неразьвязальнага канфлікту. Аб існаваньні гэткага канфлікту можа ніхто не здагадвацца, і часам самагубства чалавека можа быць нечаканым нават для блізкіх сваякоў. Іншыя ж сем’і ня могуць пазбавіцца страху перад чарговай спробаю самагубства сваяка. Сярод псыхічна хворых частасьць самагубстваў у 12 разоў вышэйшая, чымся ў папуляцыі ўвогуле. Блізу 10 адсоткаў хворых на цяжкія псыхічныя парушэньні ўрэшце робяць сабе сьмерць. Калі самагубства псыхічна здаровых асобаў бывае нечаканым для тых, хто іх ведаў, дык самагубства псыхічна хворых для спэцыяліста больш зразумелае. Суіцыд можа быць зьдзейсьнены ў моц псыхатычных парушэньняў, напрыклад, у пэрыяд цяжкой дэпрэсіі з ідэямі вінаватасьці, ці пад уплывам галюцынацыяў, што маюць характар загаду. Некаторыя з псыхічна хворых зьдзяйсьняюць самагубства, бо пачуваюцца нешчасьлівымі ў сваім становішчы: яны ўсьведамляюць сваю хваробу, разумеюць, што іхнае жыцьцё — пакута для іх саміх ды сваякоў, што хвароба гэтая будзе доўжыцца гадамі. Іншыя хворыя робяць сабе сьмерць ненаўмысна, імкнучыся адно зьвярнуць на сябе ўвагу спробаю суіцыду. Яны гінуць ад нешчасьлівага выпадку, прыняўшы завялікую дозу таблетак альбо перарэзаўшы сабе вены. Запабегчы гэтаму можна было б праз шпіталізацыю, якая прынесла б хоць часовае зьмякчэньне сымптомаў хваробы. Дзеяньні такіх хворых абумоўленыя тым, што, перапоўненыя пакутлівымі перажываньнямі, яны ня ў стане шчыра папрасіць аб дапамозе1. Самагубства блізкага сваяка, які быў псыхічна хворым, цяжка пераносіцца ягонай сям’ёй ды блізкімі. Звычайна назіраецца пачуцьцё віны й шкадаваньня, бо ня ўсё было зроблена, каб прадухіліць сьмерць. Колькі людзей лічаць сябе вінаватымі ў зьдзейсьненым самагубстве! Але ж малаверагодна, каб хто-колечы зь іх мог нешта зьмяніць. Канчатковы выбар належыць таму, хто зьдзяйсьняе самагубства, на яго ж кладзецца і адказнасьць. Калі чалавек захоча памерці, ніхто ня здолее яго спыніць. Часам факт самагубства выклікае ў сваякоў самагубцы гнеўныя пачуцьці. Гэты гнеў можа скіроўвацца на псыхіятраў, якія ня здолелі забясьпечыць лепшае лекаваньне і догляд, ці на самога хворага, бо сваім учынкам ён стварыў для іх новыя праблемы. Ува ўзьнікненьні гнеўных пачуцьцяў няма нічога дзіўнага, бо, сьцьвердзіўшы сваім учынкам сваё права выбару, самагубца заразом прадэманстраваў няздатнасьць іншых кантраляваць падзеі. У той жа час сваякі самагубцы могуць адчуваць палёгку, бо яны ўжо былі стаміліся жыць побач з хворым ды дзяліць ягоныя пакуты. |
1 Паводле статыстычных зьвестак за 1991–97 гг., у Менску агульная колькасьць самагубстваў за год значна павялічылася ў параўнаньні з 1991 г. Найбольш самагубстваў у Менску было ў 1994 г. (416 выпадкаў, альбо 25 на 100 тыс. насельніцтва). Аналягічная сытуацыя назіраецца й пры аналізе ўва ўзроставых групах. Колькасьць няўдалых спробаў самагубства (парасуіцыдаў) значна павялічылася ў параўнаньні з 1993 г. Найбольш парасуіцыдаў было ў 1995 г. (1213, альбо 72 на 100 тыс. насельніцтва). Гэтая тэндэнцыя назіраецца як у дарослай, так і ў падлеткавай узроставых групах. Паводле статыстычнай інфармацыі аб узроўні суіцыдных паводзінаў насельніцтва ў Беларусі даводзіцца канстатаваць, што пачынаючы ад 1994 г. Менск заняў сваё месца сярод гарадоў з высокім роўнем суіцыдных паводзінаў насельніцтва. |
Паводзіны псыхічна хворага чалавека тлумачацца ня толькі характарам псыхічных парушэньняў, але й тым, як ён успрымае сымптомы сваёй хваробы, свой незвычайны й цяжкі стан. Толькі зрабіўшы спробу зразумець пакутлівыя перажываньні псыхічна хворага, толькі праз спагаду можна палепшыць дачыненьні паміж здаровымі і хворымі. Трывога, страх ды разгубленасьць. Каб зразумець гэтыя пачуцьці псыхічна хворага чалавека, трэба памятаць аб ірацыянальнасьці, непрадказальнасьці ягонага нутранага сьвету. Дзіўныя галасы раптам прапануюць рабіць нешта бязглуздае. Часам думкі лятуць зь неймавернай хуткасьцю, часам нібыта зьнікаюць, пачуцьці мяняюцца, палохаючы сваімі калейдаскапічнымі зьменамі. Псыхічны хаос і бязладзьдзе выклікаюць трывогу, страх, разгубленасьць. Адных гэта вымушае шукаць цішыні й спакою, бо ў атачэньні вялікай колькасьці людзей яны адчуваюць яшчэ большую трывогу ды страх. Іншыя спрабуюць пазбыцца нутранай сумятні й неспакою, знайсьці паратунак у гучнай музыцы, у вялікіх кампаніях. З прычыны нутранага хаосу хвораму часам цяжка адказаць нават на простыя пытаньні. Сапраўды, нават на простае пытаньне „Як маешся?“ псыхічна хвораму чалавеку цяжка даць адназначны адказ, бо ён засяроджаны на тым, што іншым незразумела альбо што для іх неістотна. Для большасьці з нас жыцьцё складаецца з адносна простых рэчаў; у мітусьні на працы й дома мы не паглыбляемся ў разважаньні аб сутнасьці зьяваў жыцьця. Для некаторых хворых гэтыя разважаньні — асноўная форма псыхічнай чыннасьці. Празьмерная засяроджанасьць на тым, што незразумела іншым, няздольнасьць дапасаваць свае паводзіны да сацыяльных нормаў, часам безразважнасьць ды імпульсіўнасьць робяцца прычынамі іхнай адзіноты. Хворыя на шызафрэнію асабліва пакутуюць ад адчуваньня таго, што іхнымі думкамі, пачуцьцямі ды адчуваньнямі нехта кіруе. Хворым здаецца, што іхныя думкі ведамыя ўсім праз гіпноз, тэлепатыю, тэлевізію ці кампутарныя тэхналёгіі. Чалавек ня здольны ўсьвядоміць, дзе канчаецца ён і пачынаюцца іншыя. Яму здаецца, што ягоныя думкі гучаць у выказваньнях іншых людзей, а ён сам разумее думкі іншых. Адказ на пытаньне, хто ж стварае гэтую блытаніну, здаецца яму відавочным. Хворы знаходзіць схаваны сэнс у словах і дзеяньнях тых, хто знаходзіцца побач зь ім, у тым, што чуе праз радыё ці тэлевізію; яму здаецца, што гэтыя людзі адмысловым чынам кіруюць ім. Спробы нейкім чынам упарадкаваць сваю псыхічную дзейнасьць, знайсьці паратунак ад таго, што палохае, часам вядуць да стварэньня больш ці менш складанай сыстэмы рытуалаў. Выкананьне гэтай сыстэмы дае пачуцьцё бясьпекі, хоць часта ўскладняе й бяз гэтага няпростае існаваньне хворага ў сям’і. Цяжкая дэпрэсія пазбаўляе чалавека энэргіі, волі да жыцьця. Падняцца раніцаю з ложка, адзецца, паесьці становіцца для хворага на дэпрэсію непасільнай задачай. Жыцьцё траціць сэнс. Хворы ўпэўнены, што мусіць адно несьці пакараньне за свае памылкі ў мінулым. Псыхічныя захворваньні па сваёй прыродзе цыклічныя. У адных хворых пагаршэньне стану працяглае й цяжкое. У іншых выпадках хворы то пачуваецца лепей, то сымптомы вяртаюцца. Сваякам трэба навучыцца радавацца пэрыяду паляпшэньня і, па магчымасьці, цярпліва пераносіць пэрыяд пагаршэньня. Ня трэба злавацца на хворага за тое, што ягоны стан зноў пагоршаў. Доўгатэрміновая пэрспэктыва для людзей, хворых на цяжкое псыхічнае захворваньне, на жаль, нярадасная. Спасярод хворых на шызафрэнію блізу 1/3 хворых, у якіх сымптомы шызафрэніі прысутныя больш за 2 гады, да некаторай ступені захоўваюць здольнасьць жыць і працаваць у грамадзтве. 1/3 частка хворых страчвае працаздольнасьць, мацней пакутуе ад праяваў хваробы й сацыяльнай ізаляванасьці, але ў той ці іншай ступені захоўвае здольнасьць жыць у грамадзтве. 1/3 частку хворых хвароба цалкам пазбаўляе гэтай здольнасьці. Першая траціна хворых большую частку часу можа жыць бязь лекаў, некаторыя нават ня мусяць вяртацца ў лякарню, могуць самі сябе абслугоўваць і нават выконваць нескладаную працу. Тым ня менш яны адчуваюць сымптомы хваробы і няздольныя вярнуцца да той сама якасьці жыцьця, што й да хваробы. Жыцьцё другой траціны хворых у большай ступені атручваецца хваробаю. Гэткія хворыя маюць патрэбу ў рэгулярным прыёме лекаў ды пэрыядычнай шпіталізацыі ў псыхіятрычныя стацыянары. Сымптомы хваробы то слабеюць, то ўзмацняюцца, але прысутнічаюць увесь час. У апошняй траціны хворых хваравітыя сымптомы значныя, устойлівыя і слаба рэагуюць на мэдыкамэнтозную тэрапію. Большую частку жыцьця ад пачатку захворваньня гэтыя людзі мусяць праводзіць у псыхіятрычным стацыянары. Для хворых на афэктыўныя разладжаньні пэрспэктыва лепшая. Блізу 80 адсоткаў хворых добра рэагуюць на так званыя нарматымікі — прэпараты літыю, карбамазэпіну, вальпроевай кісьлі. Для астатніх 20 адсоткаў прагноз несуцяшальны. Хоць немагчыма з упэўненасьцю вызначыць, у якую з памянёных групаў патрапіць канкрэтны хворы, але існуюць наступныя заканамернасьці працяканьня хваробы: — тых, хто вёў здаровы лад жыцьця, хвароба звычайна нявечыць у меншай ступені; — хвароба звычайна мае лягчэйшыя наступствы, калі яна пачалася ў больш ці менш сталым веку; — прагноз хваробы спрыяльнейшы, калі пачатак захворваньня нечаканы, калі сымптомы ўзьнікаюць нібыта як рэакцыя на стрэс. Хвароба, верагодна, будзе мець больш цяжкія наступствы, калі сымптомы ўзьнікаюць паступова, бяз дай прычыны; — адсутнасьць сярод сваякоў хворых на цяжкія псыхічныя захворваньні дае надзею на тое, што псыхічныя парушэньні ў выніку ўзьніклай хваробы будуць ня надта цяжкімі; — спачуваньне й падтрымка ў сям’і паляпшае якасьць жыцьця хворага; — адсутнасьць сымптомаў, якія маглі б прывесьці да небясьпечных ды антысацыяльных паводзінаў, сьведчыць на карысьць добрага прагнозу.
|
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 9 (14) – 2000 |
|
|
Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com
Web-майстар: mk |