A R C H E M e d y c y n a № 9 (14) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


92000
» да Зьместу «

 


Мэдыцына
 


кніга

 
Вокладка ARCHE Skaryna 9-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Лілія Сазанавец 
Мадонна 
Мастацка-біяграфічны аповед 

...13 чэрвеня 1943 году ў Васілішках, што непадалёк ад Ліды, Юльян Саковіч, на той час адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі, і ягоны сябра і паплечнік Леанід Маракоў, брат вядомага беларускага паэта Валерыя Маракова, былі застрэленыя проста на вуліцы невядомым забойцам. Загінуў таксама падлетак, які быў разам з імі на месцы трагедыі. Найбольш праўдападобна, яны былі забітыя баевіком Арміі Краёвай.

Гісторыя не павінна мець нічога супольнага з ідэалогіяй. Яна павінна толькі канстатаваць факты. На жаль, гісторыя была, ёсць і, напэўна, будзе залежаць ад таго, у якім накірунку ў дадзены момант рухаецца грамадства. Другая сусветная вайна, пра якую напісаныя цэлыя тоны малых і вялікіх кніг, мемуараў, дакументальных і мастацкіх твораў, да сёння застаецца зусім невядомай вайною. Невядомымі застаюцца лёсы і роля ў гэтай вайне сотняў беларускіх сыноў і дачок, якія не былі савецкімі партызанамі, а таму не мелі права, каб пра іх ведалі нашчадкі. Такім невядомым заставаўся Юльян Саковіч. Невядомым ён быў для гісторыкаў, пісьменнікаў, проста для грамадства. Але ён не быў невядомым для сваіх блізкіх, людзей, якія заставаліся ў цені гісторыі, але якімі надзвычай цікавіліся спецслужбы.

Наша гісторыя будзе пра самага блізкага чалавека для Юльяна Саковіча, пра яго жонку. Яна была разам з ім у самы адказны і небяспечны для яго час. Яна была разам з ім жывым, яна засталася з ім пасля яго трагічнай гібелі — бо для яе ён быў жывым заўсёды. Імя гэтай жанчыны — Вольга Саковіч.

* * *

Абухаўшчына — вялікая вуліца ў перадваенным Маладэчне, дзе пасяліўся бацька нашай гераіні Аляксей Пагуда.

Аляксей Пагуда, чалавек пісьменны, на той час даволі адукаваны, не толькі сам быў беларусам па паходжанні ды па светаўспрыманні. Дзяцей сваіх ён таксама выхоўваў як беларусаў.

Вось у такім асяроддзі нарадзілася і вырасла Вольга.

Нашае знаёмства з Вольгай пачнецца ў 1935 годзе. Пачнецца з амаль што дэтэктыўнай гісторыі.

Канец жніва. На ток у Пагудаў звезена амаль усё збожжа. Пасля цяжкай сялянскай працы, якая заўсёды бывае пры канцы лета, у часе жніва, сям’я Пагудаў збіраецца адпачываць. Ужо павячэралі. Маці збірае са стала брудны посуд, бацька чытае пры акне газету. Вольга вырашыла сёння раней легчы спаць, бо надта натамілася, пакуль звозілі з поля снапы на ток. Старэйшы Пагудаў сын Іван падняўся з-за стала, паведаміў, звяртаючыся да бацькі:

— Пайду начаваць на ток. Надта ж ужо горача ў хаце.

Бацька не пярэчыў, маці ж не прамінула заўважыць:
 

 — беларуская пісьменьніца і журналістка. Працуе ў Вільні сакратаркай Cтаршыні Вярхоўнай Рады XIII скліканьня Сямёна Шарэцкага. Вучыцца ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Родам зь Ліды. Арыштоўвалася ўладамі ў часе выкананьня абавязкаў сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі па падпольных выбарах прэзыдэнта ў 1999 годзе.
   

— Вазьмі коўдру. А то пад раніцу змерзнеш, ночы ўжо халодныя.

Іван пайшоў. Бацька яшчэ трохі пачытаў, але ўжо добра зашарэла, і ён пачаў уладкоўвацца спаць. Маці ўсё яшчэ тупала каля печы. Вольга ўжо амаль задрамала, калі нечакана ледзь не падскочыла ў ложку ад мацерынага воклічу:

— Божухна! Што гэта?! Наш ток гарыць!

Вольга не памятала, як апынулася ў двары. У адным споднім у двор выбег і бацька. На вуліцы ўжо добра сцямнела, але ў двары ў Пагудаў было светла, нібы днём. Зырка, амаль без дыму, гарэў ток. Чулася мернае патрэскаванне добра высахлай саломы. Жоўтыя языкі полымя падымаліся роўна, высока, нібы свечкі, да чорнай зеўры ночы.

Некалькі імгненняў бацька стаяў і, нібы зачараваны, пазіраў, як ненажэрны агонь з’ядае ягонае дабро. Калі ачмурэнне трошкі прайшло, ён ухапіў Вольгу за плячук, крыкнуў ёй проста ў твар:

— Бяжы на плошчу. Няхай звоняць трывогу!

Вольга з усіх ног кінулася ў цемру ночы. Званарня, якая знаходзілася на плошчы, побач з касцёлам, у гэты час была зачынена. Ключы ад яе захоўваліся ў касцёльнага старасты. Вольга кінулася да дзвярэй касцёла, з усіх сілаў пачала барабаніць у дзверы. Адчыніў ён сам ксёндз Завадскі.

— Чаго шуміш? — незадаволена запытаў ён у дзяўчыны.

— Там пажар! — ад хвалявання голас у Вольгі перарываўся. — Наш ток гарыць! Трэба званіць, клікаць людзей на дапамогу!

— Усяго толькі ток? — хмыкнуў ксёндз. — Ток — гэта не хата. Ідзі, дзяўчо, дахаты. Я не дам ключа і не буду трывожыць люд з-за такой драбязы. З Божай дапамогай вы патушыце пажар і самі.

Вольга не адразу зразумела, што ёй не дазволілі паклікаць людзей на дапамогу. „Няўжо гэта праўда?! Няўжо гэта ксёндз так гаворыць?! Чаму ён не дазволіў паклікаць людзей?“ Некалькі хвілін дзяўчына стаяла перад зачыненымі дзвярыма і не верыла, што такое магчыма. Яна не магла зразумець чалавечай чэрствасці ксяндза Завадскага. Нарэшце да яе дайшло, што дапамогі не будзе. Сарвалася з месца і кінулася ў бок сваёй хаты.

Ток дагараў. На тым месцы, дзе яшчэ з паўгадзіны таму стаяла будыніна току, заваленая снапамі са збожжам, зараз свяцілася не надта вялікая кучка вясёлых вугольчыкаў. Каля вогнішча тоўпіліся суседзі з бліжэйшых хатаў. Яны ўжо не завіхаліся з вёдрамі, бо тушыць не было чаго. Практычна ўвесь Пагудаў ураджай быў знішчаны.
 

 
   

Вольга не пазнала сваёй маці. Растрапаная ды расхрыстаная, яна сядзела на калодзе непадалёку ад касцярышча і ціха падвывала, ухапіўшыся за свае сівыя валасы. Каля маці сядзеў Іван і моўчкі гладзіў яе па худым плечуку.

— Глядзі, Волечка, каб маці не здурнела, — падышла да Вольгі суседка.

— А што здарылася? — нічога не магла ўцяміць дзяўчына, сэрцам адчуваючы, што маці так перажывае не таму, што згарэў ток.

— Іван жа казаў вам, што пойдзе начаваць на ток, праўда, — пачала распавядаць суседка, — вось маці твая і кідалася ў агонь. Думала, што сын яе гарыць там разам са збожжам. Ледзь утрымалі мы яе. Крычала надта моцна. Баюся я, каб з галавою ў яе што не здарылася. А як Іван заявіўся ў двор, дык яна зусім памяшалася. Думае, што гэта не Іван, а ёй толькі падаецца.

У Вольгі раптам нешта пахаладзела там, дзе сэрца. Тады гэтае нешта, халоднае, нібы лёд, паплыло кудысьці ўніз, да пятак. Толькі зараз дзяўчына ўспомніла, што Іван сапраўды меўся начаваць на таку. Сілы ўмомант пакінулі яе, і яна ледзь здолела запытаць у суседкі:

— Дык яго не было на таку?

— Не, дзякуй Богу, не было. Ён пайшоў у чытальню, ды там і затрымаўся, на шчасце. Прыбег сюды, як ужо агонь бушаваў на ўсю моц.

Маці тады адыходзіла ад перажытага шоку вельмі доўга. Толькі праз некалькі тыдняў яна нарэшце трохі супакоілася ды пачала адпускаць ад сябе Івана. Дагэтуль увесь час трымала яго за руку і ціха плакала, верачы і не верачы, што сын жывы.

...Бацька абышоў пагарэлае. Раптам ён нахіліўся, выцягнуў з-пад груды абгарэлага ламачча нейкую анучу. Уважліва разгледзеў яе, памацаў, подбегам кінуўся да людзей.

— Гляньце, гэта ж пінжак Сакалоўскага! Як ён тут апынуўся?

Сакалоўскі жыў непадалёку. Уважаў сябе за паляка і часцяком спрачаўся з Аляксеем Пагудам наконт палітыкі. Маўляў, беларускай нацыі ўвогуле не існуе. Ёсць толькі „крэсы всходне“, дзе жывуць не беларусы, а палякі. Толькі некаторыя з іх, такія дурні, як Пагуда, ходзяць у праваслаўную царкву ды лічаць сябе нейкімі беларусамі. Зразумела, што ў Сакалоўскага самога не хапіла б розуму так разважаць, але ён хадзіў пры касцёле, дапамагаў ксяндзу Завадскаму ў розных гаспадарчых справах і слухаў, што той кажа.

— Гэта ён цябе падпаліў, Аляксейка! — упэўнена заявіла суседка.

Не пагадзіцца з ёю было цяжка. На месцы злачынства застаўся доказ. Пазней сам Сакалоўскі прызнаўся, што сапраўды меў такі вялікі грэх на душы. Але гэтае прызнанне будзе пазней, калі стане зразумелым, што вось-вось Маладэчна стане савецкім. Людзі тады чакалі бальшавікоў — хто з надзеяй, хто з недаверам, а хто і са страхам. Вось тады, перад самым прыходам Саветаў, Сакалоўскі сам заявіцца да Пагудаў ды папросіць прабачэння за тое, што зрабіў. Паведаміць ён таксама, што не са зла так зрабіў і не па сваёй ініцыятыве. Падпаліць ток яго падбухторыў ксёндз Завадскі, які моцна ненавідзеў Аляксея і нават не стараўся схаваць сваёй нянавісці. Зразумела, што ён не даваў Сакалоўскаму выяўнага загаду падпаліць Пагудаў ток, гэта было б занадта небяспечна, а ксёндз быў чалавек асцярожны і зусім не дурны. Але ён не раз намякаў, што было б нядрэнна, каб боская кара звалілася на галаву гэтага „камунякі“, як ён называў Аляксея. Сакалоўскі тады палічыў, што менавіта ён павінен здзейсніць гэтую „боскую кару“.
 

 
   

* * *

Перад Аляксеем Пагудам, як выраслі дзеці, паўстала нялёгкае пытанне: што рабіць далей, куды накіраваць іх, каб і вучонымі сталі, і сваёй беларускасці не страцілі. Ён баяўся, што дзеці падчас навучання апалячацца, але ягоныя перажыванні былі дарэмнымі. Дзеці яго засталіся беларусамі, хоць і здолелі атрымаць зусім нядрэнную для тых часоў адукацыю. Іван стаў лекарам, а Вольга — настаўніцай.

Спачатку была гімназія ў самім Маладэчне. Вучыцца там было нялёгка. І не таму, што Вольга мела нейкія цяжкасці з навукай: нараканняў на яе вучобу быць не магло. У гімназіі цяжка было іншае. Да вучняў-беларусаў часцяком ставіліся з пагардаю не толькі іншыя гімназісты, але і настаўнікі. Вольга таксама паспытала польскай „ласкі“. Аднойчы выкладчык балюча выцяў яе па руцэ. Пэўны час там быў даволі вялікі сіняк. Вольга так і не зразумела, за што яе пакаралі. Яна была гордай дзяўчынай, такой, якой яе выхоўваў бацька. Зразумела, што вучыцца далей у польскай вучэльні ёй не хацелася, хоць вучыцца ўвогуле — гэта была яе найвялікшая мара. З прычыны таго, што ўсе блізкія навучальныя ўстановы былі польскімі, здавалася, што перад ёю толькі дзве магчымасці: альбо ўвогуле не вучыцца далей, альбо працягваць трываць польскі здзек. Так падавалася на першы погляд. Але не знаходзіць толькі той, хто не шукае. Невялічкі выбар усё ж быў.

Бацька Вольгі вырашыў паслаць дачку вучыцца ў Заходнюю Ўкраіну. Заходняя Ўкраіна, як і Заходняя Беларусь, належала тады Польшчы, але нягледзячы на жорсткі ўціск з боку польскіх уладаў, украінцы ўсё ж вылучаліся вальнадумствам і захоўвалі астраўкі сваёй нацыянальнай адметнасці. Невядома, ці бацька сам дайшоў да такой думкі, ці хто яму гэта падказаў, але восеньскім ранкам трыццаць шостага году Вольга, нязграбнае баязлівае дзяўчо-падлетак, выправілася ў сваё першае падарожжа.

Вольга паехала ў Крэмянец, гарадок паміж Роўнам і Львовам. Тут яна паступіла ў педагагічную вучэльню. Вучылася добра, амаль на адны „пяцёркі“, толькі з так званых „прадметаў артыстычных“ чамусьці мела „чацвёркі“. Напэўна, занадта сціплай была і саромелася паказаць свае здольнасці, а яны, безумоўна, былі. Старанную вучаніцу хутка заўважылі. Праз некаторы час ёй прызначылі стыпендыю, што сярод студэнтаў няпольскага паходжання было рэдкай з’явай. Каб заслужыць стыпендыю, трэба было паказаць значныя поспехі. Акрамя стыпендыі, Вольга знайшла яшчэ адну крыніцу сродкаў да пражыцця: яна атрымала месца памочніка выхавацеля ў інтэрнаце. Вучыцца і адначасова працаваць было цяжкавата, але затое Вольга не галадала. Часы тады былі цяжкія, з дому ёй дапамагчы маглі мала чым.

Толькі тут, у гэтай педвучэльні, Вольга да канца ўсвядоміла сваю беларускасць. У вучэльні дзяўчына пасябравала з некалькімі ўкраінцамі, такімі ж студэнтамі, як і яна сама. Адзін з іх, па прозвішчы Лаўрыненка, неяк запытаў у яе:

— А ці ведаеш, Вольга, што вас, беларусаў, пад палякамі ажно тры мільёны?

Магчыма, Лаўрыненка сапраўды проста хацеў пацікавіцца, ці ведае пра гэта Вольга, але для яе гэта было нібы гром з яснага неба. Няўжо сапраўды гэтак шмат беларусаў вымушаныя трываць польскую акупацыю? Упершыню яна зразумела, што і яна сама, і яе сям’я таксама жывуць пад чужынцамі. Вольга маўчала, не адказвала на пытанне сябра, бо адказаць ёй не было чаго. Сапраўды, яна, да свайго сораму, ніколі раней не задумвалася над такім сваім жыццём. Лаўрыненка ж працягваў далей:

— Вы, беларусы, занадта талерантныя. Гэта шкодна, і ў першую чаргу для вас саміх. Трэба адваёўваць сваю свабоду. Калі трэба, нават сілаю. Украінцы ваявалі і адваявалі сабе некаторыя свабоды: цяпер мы маем, хоць і няшмат, украінскія школы. Ці маеце вы свае школы?

Яна чакала і лекцыяў некаторых выкладчыкаў. Напрыклад, лекцыяў выкладчыка Вясленкі. Аднойчы той выклікаў цэлы фурор на сваіх занятках. Ён нечакана для ўсіх прачытаў верш забароненага Івана Франка. Верш называўся „Каменяры“. Там былі словы, якія моцна ўразілі Вольгу, засталіся ў яе памяці на ўсё жыццё: „...У падзямеллі чуюць сваю лепшую долю...“.

Пасля таго, як Вясленка прачытаў гэты верш, у аўдыторыі спачатку ўсталявалася мёртвая цішыня. Кожны па-свойму ўспрыняў гэтую незвычайную смеласць выкладчыка. Адны ледзь стрымліваліся, каб не заапладзіраваць. Вольга, зразумела, была ў ліку такіх студэнтаў. Іншыя, іх была большасць, страшэнна напалохаліся. Яны ж слухалі гэтую крамолу. Раптам іх нехта пачне падазраваць у нелаяльнасці да ўладаў! Адна студэнтка-істэрычка нават страціла прытомнасць ад таго, што ў польскай вучэльні асмельваюцца чытаць такія вальнадумныя вершы, ды яшчэ хто — выкладчык!
 

 
   

* * *

Вось з такім нацыянальным запалам Вольга вярнулася ў Маладэчна. На той час у Маладэчне было не так шмат адукаваных людзей, таму Вольга без асаблівых цяжкасцяў змагла ўладкавацца ў школу. Нарэшце збылася яе даўняя мара — яна стала настаўніцай.

Спачатку ёй прызначылі найменшы заробак, усяго толькі дваццаць пяць злотых. Але Вольга апантана ўзялася за працу. Забылася пра ўсе забавы, пра ўсе гулянкі, чым выклікала вялікае незадавальненне ў сваёй найлепшай сяброўкі Зіны, якой цяпер не было з кім хадзіць на танцы.

— Ну што ты ўсё карпіш ды карпіш над кнігамі, — наракала сяброўка, — хопіць, адвучылася ўжо. Трохі адпачні ад навукі. Ты ж маладая дзяўчына. Глядзі, маладосць праляціць, нібы адзін дзень, і ты станеш нікому не патрэбная.

Вольга толькі адмахвалася ад Зіны. Яна хацела працаваць, хацела быць настаўніцай! І цяпер у яе была такая магчымасць. Яна прагла працы і ніяк не магла наталіць гэтую прагу. Пра кавалераў ёй тады неяк не думалася. Магчыма, таму што не сустрэўся яшчэ на яе шляху той, хто стаў бы часцінкай яе самой.

І Вольга працавала, працавала, працавала. І яе старанні зусім нечакана для яе самой былі заўважаныя адміністрацыяй школы.

Неяк у настаўніцкі пакой прыбегла задыханая дырэктарская сакратарка. Пашукала вачыма сярод прыціхлых настаўнікаў. Спыніла свой позірк на Вользе.

— Проша, пані Вольга, да пана дырэктара.

Вольга, зразумела, захвалявалася. Як не сваімі нагамі ішла яна да дырэктарскага кабінету. „Няўжо звольняць?“ Вольга разумела, што становішча яе ў школе занадта хісткае, каб быць упэўненай у заўтрашнім дні. Ёй надзвычай падабалася ў школе, але не ад яе залежала, колькі такая праца зможа працягвацца. Кожны дзень Вольга з радасцю ішла на ўрокі, але недзе ў глыбіні душы заўжды чакала, што ёй паведамяць: сёння яна ў школе апошні дзень.

Сакратарка асцярожна прычыніла за Вольгай дзверы, і дзяўчына засталася сам-насам з дырэктарам. Вось так блізка Вольга бачылася з ім другі раз. Дагэтуль ёй давялося быць у гэтым кабінеце толькі аднойчы, тады, калі яе прымалі на працу. Дырэктар адклаў убок нейкія паперы і ветліва запрасіў:

— Проша, пані Вольга, прысядзьце.

Яна прысела на краёчак крэсла. Дырэктар загаварыў:

— Я ад самага пачатку назіраю за вашай працай, шаноўная пані. Я задаволены вамі, надзвычай задаволены. Прызнаюся, за ўсе гады майго кіравання гэтай школай у мяне не было яшчэ гэткай руплівай настаўніцы, як вы.

Дырэктар трохі памаўчаў, нібы хацеў падрыхтаваць Вольгу да нейкай значнай навіны.

— Я прыняў вас на працу, пані Вольга, і прызначыў вам заробак у дваццаць пяць злотых. Гэта нядрэнны заробак, але я падумаў і вырашыў, што вы заслугоўваеце пяцідзесяці злотых.

Вольга не паверыла сваім вушам. Пяцьдзесят злотых! Такія грошы атрымлівалі ў школе адзінкі. Гэта былі выкладчыкі з вялікім вопытам, з добрымі ведамі, і, зразумела, — палякі. Яна аніяк не пасавала да гэтае катэгорыі.

Наступнага дня ў школьнай канцылярыі выдавалі заробак настаўнікам. Насупраць свайго прозвішча ў ведамасці Вольга сапраўды ўбачыла суму ў пяцьдзесят злотых. Але пабачылі гэтую лічбу і іншыя. І менавіта з гэтага дня пачалося спачатку тайнае, а пасля і яўнае цкаванне „хлопкі“, якой плацілі больш, чым „гжэчным паненкам“. Часцяком Вольга чула, як за яе спіною шапталіся, прытым знарок так, каб яна чула, што пра яе гавораць. Напэўна, калегі хацелі выклікаць яе на сварку. Вольга маўчала, рабіла выгляд, што нічога не чуе і не заўважае, але зноў з невыноснай выразнасцю адчула сябе чужынкай. Радасць ад працы аказалася зусім нядоўгай.

Пра Вольгу не толькі шапталіся. На яе пачалі скардзіцца дырэктару. То яна на хвіліну спазнілася на ўрок, то, наадварот, затрымала вучняў на некалькі хвілін больш. Да Вольгі на ўрокі пачалі наведвацца розныя інспектары. Гэта нервавала яе, яна хвалявалася і пачынала рабіць памылкі. Зараз Вольга ўжо не адчувала такой асалоды ад сваёй працы. Раніцаю яна ўжо не ўскоквала з ложка, як раней, не бегла ў школу, нават не паснедаўшы як след, чым заўсёды непакоіла маці, якая кожную раніцу крычала ёй наўздагон:

— Паеж, як чалавек! Нікуды не дзенецца твая школа!

Зараз Вользе штораніцы даводзілася прымушаць сябе падняцца з ложка ды выправіцца ў школу. Той агеньчык, які гарэў у яе душы яшчэ месяц таму, згас. Гэта заўважыла Зіна, але гэтым разам яна не стала ні пра што дапытвацца ў сяброўкі, бо адчувала, што з той здарылася нешта сур’ёзнае. У такі час лепш не лезці ў душу.

Так працягвалася недзе з паўгода. Сітуацыя ў школе ўсё больш накалялася. Вольга не магла бачыць твары сваіх калегаў. Яны, у сваю чаргу, у спакоі яе не пакідалі. Выжыванне Вольгі са школы працягвалася, і небезвынікова. Дырэктар ужо не ўсміхаўся ёй здалёк, а толькі суха вітаўся пры сустрэчы. З дня на дзень Вольга чакала якога-небудзь скандалу. Праца настаўніцы, аб якой яна гэтак марыла, стала ёй зусім не ў радасць.

Трэба было нешта вырашаць, бо так не магло працягвацца бясконца. Вольга думала, як знайсці выйсце з такога становішча, і прыйшла да адзінай высновы: ёй трэба вучыцца далей. Яна з сумам успамінала тыя шчаслівыя часы, калі вучылася ў педагагічнай вучэльні. Успамінала свае размовы з сябрамі, мілага сэрцу Вясленку. Гэта былі шчаслівыя часы, і Вольга вырашыла іх паўтарыць, хоць і мела вельмі мала надзеі, што ёй гэта ўдасца. Але трэба было некуды з’ехаць з Маладэчна, бо тут ёй ужо не было чым дыхаць. І Вольга паехала ў Вільню паступаць ува ўніверсітэт.

Яна вырашыла вывучаць біялогію. Вольга вельмі любіла кветкі ды іншыя расліны, умела іх даглядаць, адчувала іх душу. Таму тут пытанняў быць не магло: яна будзе біёлагам. Увосень 1938 году Вольга стала студэнткай універсітэту Сцяпана Батуры.

Яна на ўсё жыццё запомніла тое першае пачуццё, якое авалодала ёй, калі яна ўпершыню пераступіла парог гэтай легендарнай навучальнай установы. Здавалася, што ўсе тыя барадатыя, збольшага ў акулярах, разумныя дзядзькі з партрэтаў у калідоры строга глядзяць толькі на яе, Вольгу. Якой студэнткай яна будзе ў гэтым універсітэце? Ці здолее не зганьбіць славу ўсіх тых, хто вучыўся тут да яе?

З хваляваннем і прыемнай трывогаю яна распачала новы этап свайго жыцця. Віленскі этап. Сюды, у Вільню, Вольга ехала з надзеяй атрымаць тут найлепшую адукацыю, навучыцца пераадольваць усе перашкоды, якім наканавана паўстаць на яе жыццёвым шляху. Вольга тады падумаць нават не магла, колькі іх будзе, гэтых выпрабаванняў!
 

 
   

* * *

Віленскі ўніверсітэт тады збіраў пад сваім дахам лепшых беларускіх студэнтаў ды выкладчыкаў, што жылі не толькі ў самой Вільні ці паблізу. Сюды прыязджалі лепшыя людзі з іншых гарадоў Заходняй Беларусі. Некаторыя заставаліся тут працаваць, некаторыя — займаюцца творчасцю, бо лепшай творчай базы, чым у Вільні, цяжка тады было знайсці. Тут, у Вільні, Вольга ўпершыню пачула вершы Максіма Танка, ужо тады вядомага заходнебеларускага паэта.

Вучоба ва ўніверсітэце была значна цяжэйшай, чым у педвучэльні. Яно і зразумела: якіх спецыялістаў меўся ўніверсітэт выпускаць са сваіх сценаў, такія і патрабаванні ставіў да сваіх студэнтаў. Вольга і тут, як у педвучэльні, была вельмі рупліваю студэнткай. Яна ставілася да навукі надзвычай сур’ёзна. Збольшага вучоба давалася ёй без асаблівых цяжкасцяў. Не заладзілася нешта чамусьці толькі з хіміяй. З цяжкім сэрцам чакала Вольга іспытаў з гэтага прадмету, перад самым іспытам дзень і ноч аддавала студыям, намагалася запомніць мудрагелістыя формулы. Вучыла, вучыла, а калі закрывала падручнік, як на злосць, не магла ўспомніць большасць з іх. Ну што за навала! Хоць плач!

Аднойчы надвячоркам у нядзелю напярэдадні іспыту да Вольгі забеглі калегі-студэнты. Вольга і ў Вільні вельмі хутка знайшла сабе сяброў. Яна мела добры, спагадлівы характар, таму, напэўна, да яе і цягнуліся людзі.

— Што ты ўсё грызеш гэтую хімію? Хадзем з намі на Замкавую гару. Надвор’е такое цудоўнае! — намаўлялі сябры.

Надвор’е сапраўды было цудоўным. Стаяў пачатак лета. Усё цвіло, буяла ў квецені. Ад пахаў, што насіліся ў паветры, кружылася галава. Гаспадыня, у якой кватаравала Вольга, таксама далучылася да прапановы студэнтаў:

— Ідзі, любачка, трошкі пагуляй. Хіба ж так магчыма — цэлымі днямі сядзець над кнігамі? Ператомішся, захварэеш яшчэ, крый Божа!

Не хацелася Вользе адрывацца ў такі адказны час ад вучобы, але яна сапраўды адчула, што вельмі стамілася і больш не можа займацца. Дый у сяброў таксама заўтра іспыт, але ж яны ўсё-ткі наважылі развеяцца.

Замкавую гару яны абышлі ўдоўж і ўпоперак. Вярталіся дамоў позна, амаль уначы. Вольга не чула ног ад стомы. Зняла чаравікі, узяла ў рукі падручнік зненавіджанай хіміі, прылегла, не распранаючыся, на ложак. Збіралася чытаць усю ноч, яна ж яшчэ столькі павінна вывучыць! Прачытала колькі радкоў і адразу правалілася ў моцны, здаровы сон. Калі прачнулася, ранішняе сонейка ўжо на ўсю моц пякло шчаку, павернутую да акна. „Божухна, сёння ж іспыт, а я не падрыхтавалася!“

Вольга падхапілася з ложка, ліхаманкава пачала прыводзіць сябе ў парадак. Пачуўшы, што кватарантка прачнулася, у пакой асцярожна ўвайшла гаспадыня.

— Аж я ўжо пачала баяцца, Волечка, каб з табою што нядобрае не здарылася, — прамовіла яна, — усё спіш ды спіш. Я ўжо некалькі разоў падыходзіла да твайго пакою, слухала, ці прачнулася ты. Ніколі ж гэтак доўга не спала!

Вольга не слухала гаспадыню, дрыжачымі рукамі складала ў сумку падручнікі. „Я ж збіралася ўчора яшчэ гэтулькі займацца, але праспала, гультайка, усю ноч праспала!“ Наракаць яна магла толькі на сябе самую — „двойка“ ёй сёння гарантаваная!

Але дзіва — як толькі яна, усхваляваная, напалоханая ды сярдзітая сама на сябе, увайшла ў аўдыторыю, выцягнула білет ды пачала рыхтаваць на яго адказ, высветлілася, што яна ўсё ведае. Адразу выплылі з памяці ўсе патрэбныя формулы, і задачу Вольга таксама рашыла. Вольга выводзіла на аркушы паперы формулы і не верыла, што гэта яна сама піша. Нібы нехта вадзіў яе за руку, упэўнена запаўняючы белае поле паперы...

Віленскі перыяд жыцця быў для Вольгі адным з найцікавейшых, але надзвычай непрацяглым. Толькі адзін год ёй давялося вучыцца ва ўніверсітэце. Прыйшоў фатальны для Заходняй Беларусі трыццаць дзевяты, пачалася другая сусветная вайна. Польшча ваявала з фашысцкай Нямеччынай. Дакладней, на тэрыторыі Польшчы тады ўжо гаспадарылі фашысты. У Маладэчна, як і ў іншыя гарады і вёскі Заходняй Беларусі, прыйшлі войскі Саветаў. Прайшлі чуткі, што на тэрыторыі Беларусі будуць адчыняцца беларускія навучальныя ўстановы; школы таксама стануць беларускімі. Вольга вырашыла вярнуцца дамоў. Яна будзе працаваць у школе, а вучыцца можна завочна ў Менску, які зараз ужо не быў замежжам.
 

 
   

* * *

Але павучыцца ў Менску Вользе не давялося. Працы было столькі, што навуку прыйшлося адкласці на пазнейшы час. Вольга пайшла працаваць настаўніцай у школу, як і хацела. Тое, што ёй адразу прапанавалі месца, не было дзіўным. Яна не паспела яшчэ ачомацца ад пераезду, як да яе забег знаёмы па прозвішчы Кізік, які ўжо паспеў уладкавацца школьным інспектарам, і проста запатрабаваў, каб яна неадкладна ішла на працу ў школу. Адукаваных спецыялістаў было надзвычай мала, асабліва настаўнікаў. Многія са старых спецыялістаў, напалохаўшыся новай улады, з’ехалі ў Польшчу ці яшчэ куды, дзе не было вайны. Трэба было вучыць новае пакаленне моладзі зусім новых прынцыпаў жыцця. Якія гэта былі прынцыпы, слаба ўяўлялі сабе нават такія „падкаваныя“ людзі, як Кізік. Але ўсе старанна рабілі выгляд, што добра разумеюць пастаўленую перад імі задачу. У той час, які пасля нехта назаве першымі Саветамі, яшчэ шмат што дазвалялася, яшчэ можна было думаць.

Многія старыя педагогі выехалі з Маладэчна, але і не ўсім тым, хто застаўся, новая ўлада давярала. Не ўсе яны ўважаліся за прыдатных да выхавання новай савецкай моладзі. Вользе такі давер аказалі.

Вольга з вялікім энтузіязмам узялася за справу. Яна літаральна днявала і начавала ў школе. Праз некалькі месяцаў яе нават зусім нечакана выбралі старшынёю прафсаюзнага камітэту школы. У той час ў школах, на заводах, нават у лякарнях стваралася шмат розных камітэтаў. Вольга не мела намеру займацца нейкімі грамадскімі справамі, яна лічыла, што гэта можа пашкодзіць яе настаўніцтву. Акрамя таго, яна паняцця не мела, як гэта робіцца. Спрабавала адмовіцца, але гэта было немагчыма. Кізік, які яе прапанаваў, настойваў:

— Не хвалюйся, Вольга, у цябе ўсё атрымаецца, а мы дапаможам. Не забывай, што ты цяпер жывеш у Савецкай Беларусі.

Вольга не зразумела тады, чаму Кізік гэтак настойліва падкрэсліваў, што яна жыве ў Савецкай Беларусі, але займацца прафсаюзнымі справамі ў рэшце рэшт пагадзілася. Тым больш што, як потым высветлілася, праца гэтая не надта адрывала яе ад асноўнага занятку — настаўніцтва.

Савецкая ўлада не падавалася надта небяспечнай да таго часу, пакуль непасрэдна з ёю не сутыкнешся. Не думала Вольга, што і ёй самой давядзецца з гэтай уладай сутыкнуцца. Упершыню Вользе давялося паспытаць усе „даброты“ новай улады праз некалькі месяцаў пасля таго, як яна стала кіраваць прафсаюзнымі справамі ў школе. Неяк у настаўніцкую, дзе тады сядзела Вольга ды перагортвала падручнік — рыхтавалася да наступнага ўрока, — уляцеў, нібы вецер, усё той жа Кізік. Ён апошнім часам не хадзіў, а лётаў, гэтак шмат справаў павінен быў рабіць адначасова. Убачыў Вольгу адну ў настаўніцкай, узрадаваўся:

— Вось ты мне і патрэбная. Толькі што патэлефанавалі з міністэрства. Трэба ехаць у Менск на рэспубліканскую прафсаюзную канферэнцыю. Ад нашай вобласці (Маладэчна тады было абласным горадам) паедзем ты ды я. Рыхтуйся, будзеш рабіць даклад.

— Які даклад? — не зразумела Вольга.

— Які, які? — незадаволена скрывіўся Кізік. — Даклад на канферэнцыю. Напішы пра ўсе нашыя прафсаюзныя справы. Ты ж у нас прафсаюзны кіраўнік.

Кізік пайшоў, пакінуўшы Вольгу ў разгубленасці. Яна ў той дзень правяла яшчэ два ўрокі, але з галавы яе не выходзіў той даклад. Як яго пісаць? На што трэба звярнуць увагу? Вольга дагэтуль ніколі яшчэ не пісала такіх справаздач, пагатоў для рэспубліканскай канферэнцыі.

Пасля вячэры, якая тым вечарам не лезла ёй у горла, яна засела ў сваім пакоі перад чыстым аркушам паперы. Праца над дакладам чамусьці не клеілася. Не адзін аркуш быў падраны ды кінуты ў сметніцу. Урэшце Вольга вырашыла зусім не пісаць гэты даклад, а проста скласці невялікі план ды тэзы па кожным ягоным пункце. Гэта сапраўды было добрым рашэннем, бо праца адразу пайшла зусім іншым чынам. Праз гадзіну ўсё тое, пра што яна збіралася напісаць, было акуратна выкладзена на паперы. З чыстым сумленнем Вольга легла спаць.

На канферэнцыю трэба было ехаць назаўтра раніцаю. Ехалі цягніком. Вольга глядзела ў акно. Ёй падабалася назіраць за краявідамі, што ўвесь час змяняліся за акном. Кізік пачуваўся неяк неспакойна. Усё круціўся на канапе, ніяк не мог уладкавацца. Нарэшце не вытрымаў, звярнуўся да Вольгі:

— Ты, гэта, Вольга, даклад напісала?

— Ага, — проста адказала дзяўчына.

— То дай зірнуць.

Вольга выцягнула з сумачкі тоненькі вучнёўскі сшытак, падала Кізіку. Таму хапіла некалькі хвілін, каб прачытаць Вользіна „сачыненне“. Кізік застаўся надзвычай незадаволеным.

— Хіба гэта даклад?! Ты што, не разумееш, куды мы едзем? Гэта ж канферэнцыя на найвышэйшым узроўні! А ты замест грунтоўнага дакладу нейкую несур’ёзную пісульку зрабіла. Каб ведаў, сам бы ўсё напісаў. Ноч не спаў бы, але б зрабіў.

Вольга не на жарт спалохалася. Ёй вельмі не хацелася падводзіць Кізіка.

— А што ў маім дакладзе нядобрага? — яна была гатовая паслухацца любой парады і выправіць усё, што спатрэбіцца.

— Клею мала, — няўцямна адрэзаў Кізік.

На гэтым іх размова скончылася. Больш, ажно да самага Менску, яны не размаўлялі. Кізік не хаваў свайго незадавальнення Вольгай, яна ж перажывала, як выправіць даклад і якога клею ў ім не хапае.

Нарэшце Менск. Яны выйшлі на чыгуначным вакзале.

— Пойдзем туды, — паказаў пальцам у бок нейкіх вялікіх будынкаў Кізік, — для нас падрыхтаваныя пакоі ў гатэлі „Беларусь“.

Гатэль уразіў Вольгу сваёй велічынёю і нязграбнасцю. Гэта не Вільня. Тут не адчувалася ніякга архітэктурнага стылю. Проста будынак, дзе трэ было скласці рэчы ды пераначаваць. У пакоі, дзе мелася гэтымі днямі жыць Вольга, ужо была нейкая жанчына. Яна ветліва адказала на прывітанне і зноў паглыбілася ў чытанне сваёй газеты.

Вольга акуратна размясціла свае нешматлікія рэчы ў шафе, затым прылегла на ложак. Хацела трошкі адпачыць з дарогі, але сон не ішоў. Не давалі спакою думкі пра гэты злашчасны даклад. З паўгадзіны Вольга варочалася з боку на бок, пакуль суседка не звярнулася да яе:

— Прабачце, што турбую вас, але мне здаецца, што вас нешта непакоіць.

Невядома чаму, але Вольга адразу адчула давер да гэтай незнаёмай жанчыны. І распавяла ёй пра свой клопат з дакладам. Яна не толькі распавяла, але і паказала жанчыне свой сшытак. Тая ўважліва прагледзела Вользіны запісы.

— Так, ваш калега мае рацыю, — сказала яна, — з такім дакладам на канферэнцыі, зразумела, паяўляцца нельга.

— Але як яго выправіць? — адчаю Вольгі не было межаў. — Я не магу ні да чога лепшага дадумацца. У галаве нібы ўсё складаецца гладка і добра, а напісаць на паперы чамусьці не выходзіць.

— А вы паспрабуйце распавесці мне ўсё, што прыйшло вам у галаву, — прапанавала суседка, — я паслухаю і, можа, нечым дапамагу.

Вольга пачала свой расповед. Яна гэтак увайшла ў ролю, што напрыканцы свайго імправізаванага дакладу нават ускочыла з ложка. Яна з запалам расказвала гэтай жанчыне пра ўсе справы, якія праходзілі ў іх у школе. Жанчына слухала вельмі ўважліва і не перабівала. Пасля таго як Вольга скончыла сваю прамову, суседка зноў прапанавала:

— А цяпер напішыце ўсё тое, што зараз мне расказалі.

Вольга схапіла асадку, сшытак і надзіва хутка ўсё напісала. Словы самі клаліся адно за адным на паперу, і было нават незразумела, чаму раней у яе нічога не выходзіла. Пакуль Вольга пісала, жанчына не прамовіла ані слова, зноў узяўшыся за сваю газету. Нарэшце справа была паспяхова скончаная. Шчаслівая Вольга працягнула спісаны сшытак суседцы.

— Вось, гатова.

Тая ўважліва ўсё прачытала, па некалькі разоў вярталася да ўжо прачытанага. Пасля вярнула Вользе сшытак, сказала:

— А цяпер вы мне яшчэ раз пачытайце гэта ўголас.

Вольга пачала чытаць. Жанчына калі-нікалі перапыняла яе і рабіла заўвагі:

— Вось тут папраўце. Вось гэта трэба выкрасліць. А вось тут дапішыце.

Праз паўгадзіны Вольга ўжо перапісвала нанава адкарэктаваны матэрыял. Позна ўначы жанчыны пажадалі адна адной „Дабранач!“, і суседка пагасіла святло ў пакоі. Раніцай Вольга прачнулася, зірнула на суседні ложак і ўбачыла, што тае няма. Ложак быў акуратна засцелены, на стале засталася ляжаць учорашняя газета, якую гэтак уважліва чытала незнаёмка, але самой яе не было. Яна з’ехала, гэта было відавочна, бо ў шафе не было яе паліто. Вольга толькі цяпер успомніла, што яны нават не пазнаёміліся і што яна так і не падзякавала гэтай незвычайнай жанчыне за дапамогу.

Пакуль Вольга гарэла ад сораму, у дзверы далікатна пастукалі. На парозе стаяў акуратна выгалены ды прыбраны Кізік.

— Мы з табою трошкі зарана прыехалі, — паведаміў ён, — канферэнцыя толькі заўтра, а сёння мы вольныя. Давай, збірайся. Трошкі прагуляемся. Я табе Менск пакажу.

Менск Вользе зусім не спадабаўся. Тут не было, як у Вільні, старых, прыгожых муроў, ад якіх так і дыхала гісторыяй. Здавалася, што ўсе ў гэтым горадзе занятыя толькі будоўляй. Паўсюль стаялі рыштаванні, былі раскіданыя вялізныя груды нейкага друзу ды смецця. Усюды грымелі малаткі ды чуўся мат будаўнікоў. Учора прайшоў дождж, і пад нагамі амаль паўсюль стаяла балота. Часцяком на шляху сустракаліся вялікія брудныя лужыны. Вольга пашкадавала, што згадзілася на гэтую экскурсію, але маўчала. Найбольш ёй было шкада сваіх новых белых чаравікаў.

Яны ўжо больш за паўгадзіны ішлі нейкімі вузкімі вулачкамі. Што тут можна было ўбачыць цікавага, Вольга не разумела, але паслухмяна ішла побач з Кізікам, маючы спадзеў, што ён сапраўды цяпер пакажа ёй нешта цікавае. Калі-нікалі ім прыходзілася праціскацца паміж плотам і чарговай вялізнай лужынай, ушыркі на ўсю вуліцу. Кізік галантна прапускаў у такіх выпадках даму наперад. Калі яны ў чарговы раз абыходзілі такую лужыну, Вольга, выбраўшыся нарэшце на больш-менш сухое месца, азірнулася і з жахам убачыла, што Кізіка побач з ёю няма. Як няма і іншых людзей. Толькі адна яна пасярод бруднай вуліцы, ды з усіх бакоў ці то недабудаваныя, ці то напаўразбураныя дамы. Нідзе ані душы. Вольгу ахапіў страх. Як яна адсюль выберацца і куды знік Кізік?

Самае дзіўнае, што Вольга зусім не памятала, як яны трапілі на гэтую вуліцу і як адсюль дабрацца да гатэлю. Яна была настолькі незадаволеная гэтым шпацырам, настолькі незадаволеная Кізікам, які выбраў акурат гэты машрут, што зусім не звяртала ўвагі на тое, у які бок яны ідуць. І вось цяпер яна апынулася адна пасярод гэтай дзіўнай і нейкай надзвычай непрытульнай вуліцы і зусім не ведала, куды ісці. Заставалася яшчэ загадкай, куды гэтак нечакана знік Кізік. Вольга стаяла каля плоту і ледзь не плакала ад злосці на Кізіка і на самую сябе. Засталася б лепш у гатэлі, дык не стаяла б цяпер, нібы слуп, на гэтай вуліцы.

Вольга пачала бездапаможна азірацца па баках і надзвычай узрадавалася, калі ўбачыла, як з нейкага двара насустрач ёй выйшлі двое людзей. Гэта былі два маладыя мужчыны. Вось хто зараз ёй падкажа, як выйсці да гатэлю! Вольга радасна кінулася насустрач незнаёмцам і раптам спынілася. На тварах гэтых людзей яна нечакана ўбачыла нешта такое, што трошкі яе напалохала. Не, яны зусім не былі падобныя да нейкіх бандытаў, і апранутыя былі прыстойна. Але выраз іхніх твараў быў нейкі незвычайны. Гэты выраз палохаў. Не, Вольга не будзе да іх звяртацца па дапамогу. Яна і без гэтых людзей знойдзе дарогу да гатэлю. Гэта ўсё ж горад, а не пустыня! Зараз яна сама куды-небудзь выйдзе, вуліца ж не бясконцая. Ёй трэба толькі выбрацца адсюль, а потым яна зарыентуецца. А гэтыя людзі няхай сабе ідуць сваёй дарогай.

Незнаёмцы параўняліся з Вольгай, моўчкі павярнуліся і сталі паабапал яе. Яны не падштурхоўвалі яе, не чапляліся за рукі, яны проста ішлі побач, але Вольга з жахам зразумела, што яна мусіць ісці туды, куды накіроўваюцца гэтыя людзі. Са страху яна не магла вымавіць ані слова. У галаве круцілася толькі адна думка: калі б іх нехта ўбачыў цяпер, што б падумаў? Падумаў бы, напэўна, што яна шпацыруе па гэтай бруднай вуліцы ў суправаджэнні сваіх сяброў. Але ж яна нават не ведае, што гэта за людзі і куды яны яе вядуць!

Вось гэтак моўчкі яны збочылі ў нейкі завулак, пасля ў двор. Вольга не магла зразумець, чаму яна не супраціўляецца, чаму яна нават не крычыць і не кліча на дапамогу. Яна адчувала, што з ёю цяпер можа здарыцца нешта жудаснае, але чамусьці моўчкі ішла побач з гэтымі людзьмі і нават не спрабавала выратавацца. Што з ёю здарылася, яна не разумела. Было такое адчуванне, што яна проста спіць і сніць жудасны сон. Вось зараз яна прачнецца і ўсё сакончыцца! Але сон не канчаўся. Яны спыніліся перад будынкам з разбітымі шыбамі. Адзін з канваіраў адчыніў дзверы і ўвайшоў унутр. Другі злёгку падштурхнуў туды ж і Вольгу.
 

   

Сэрца ў дзяўчыны шалёна калацілася, ногі былі нібы драўляныя. Языку ў роце не хапала месца. Раптам надзвычай захацелася піць, але папрасіць вады ў гэтых людзей яна не рашалася, як увогуле не рашалася пакуль што вымавіць хоць слова.

Яны апынуліся ў невялікім пустым пакоі. У гэтым пакоі таксама нехта нешта рамантаваў. Уся падлога была засыпаная нейкім друзам, які пахрустваў пад нагамі. Толькі гэтае пахрустванне было чуваць у гулкай цішыні пакою. Пасярэдзіне стаяў вялікі запылены пісьмовы стол. Гэты стол выглядаў пасярод гэтага пустога пакою неяк дзіўна і нават страшнавата. За яго ўсеўся адзін з незнаёмцаў. Другі застаўся стаяць за спінаю ў Вольгі. Яна адчувала ягонае дыханне на патыліцы. Ёй гэта было надзвычай непрыемна, але яна зноў прамаўчала.

— Даклад! — загадаў той, што сядзеў за сталом.

— Што? — не зразумела Вольга.

— Сшытак! Дур-ра!

Вольга дрыжачымі рукамі расшпіліла сумачку, выцягнула адтуль сшытак з дакладам, працягнула незнаёмцу. Той схапіў сшытак, накінуўся на яго, нібы галодны звер на здабычу. Пасля выцягнуў з кішэні аркуш паперы, асадку, пачаў нешта таропка перапісваць сабе на гэты аркуш з Вользінага сшытка. Рухі ў гэтага чалавека былі нейкія нервовыя, і гэтая нервовасць яшчэ больш палохала Вольгу. Яна маліла Бога, каб не страціць прытомнасць тут, у гэтым пакоі. Чалавек перапісаў, пагартаў яшчэ раз сшытак, нават патрос яго, нібы нешта шукаў і не мог знайсці. Рабілася ўсё моўчкі, без адзінага слова. Вольга толькі паціху трэслася ад страху і неразумення таго, што з ёю робіцца. Чым мог так зацікавіць гэтых людзей яе даклад? Адкуль яны ўвогуле ведалі, што яна павінна рабіць нейкі даклад? Што ім ад яе трэба?

Нарэшце незнаёмец адкінуў сшытак убок, падскочыў, нібы на спружынах, нешта прамармытаў свайму сябру, і яны хуценька зніклі. У змрочным пакоі засталася адна Вольга. Некалькі імгненняў яна проста стаяла і нечага чакала. Чаго, і сама не ведала. Магчыма, яна не верыла яшчэ, што яе незвычайныя канваіры сапраўды сыйшлі. Ёй здавалася, што яны зараз вернуцца ды заб’юць яе. Так працягвалася некалькі хвілін, але Вольга часу не заўважала. Ёй здавалася, час увогуле спыніўся. Нарэшце яна выйшла з гэтага здранцвення. Азірнулася па баках. У пакоі сапраўды, акрамя яе, больш нікога не было, толькі адзінокая муха звінела недзе пад столлю. На стале ляжаў яе сшытак. Менавіта гэты сшытак вярнуў яе да рэчаіснасці. Дзяўчына схапіла сшытак і з ўсіх ног кінулася прэч з памяшкання. Куды бегчы, яна не ведала, але бегла, не спыняючыся, па лужынах, па гурбах друзу. Ёй увесь час здавалася, што нехта за ёю гоніцца і вось-вось дагоніць. Але азірнуцца назад яна не мела сілы.

Нарэшце гэтая жудасная вуліца скончылася. Вольга куляю выскачыла на іншую, шырокую ды светлую, па якой, пазвоньваючы, ішлі адзін за адным вагоны трамваяў. Дзяўчына ў запале бегу ледзь не збіла з ног нейкага паджылага, інтэлігентнага выгляду, мужчыну з бародкай.

— Ой! — вырвалася ў яе.

— Ціха, ціха, — ласкава праваркатаў нізкім прыемным басам мужчына, — гэтак можна і пад машыну трапіць.

Вольга спынілася і змагла нарэшце трохі перавесці дух. Мужчына стаяў і з усмешкай пазіраў на яе. Некалькі хвілін Вольга толькі цяжка дыхала. Гаварыць яна не магла. Калі трошкі супакоілася, спытала ў мужчыны з бародкай:

— Ці не падкажаце, як прайсці да гатэлю „Беларусь“?

— Падкажу, — весела адказаў мужчына, — ідзіце проста па гэтай вуліцы. Толькі ідзіце ходнікам, пад машыны не кідайцеся. Калі дойдзеце да канца вуліцы, павярніце налева. І вы амаль адразу за паваротам убачыце свой гатэль.

Вольга падзякавала і пайшла, стараючыся, сапраўды, ісці як мага спакайней. Хоць гэтая вуліца была зусім не страшная, не такая, з якой яна толькі што выбегла, але Вольга ледзь стрымлівалася, каб зноў не пабегчы. Ёй вельмі хацелася як мага хутчэй трапіць у свой гатэльны пакой і пра ўсё падумаць. Што ж гэта з ёю толькі што здарылася?!

І толькі перад самымі дзвярамі гатэлю яна нечакана ўспомніла пра Кізіка. Куды ж ён усё-такі знік? Няўжо і з ім здарылася нешта нядобрае? У трывожным прадчуванні Вольга подбегам кінулася на другі паверх гатэлю, дзе пасяліўся Кізік. Нават забылася ў дзверы пастукаць, адразу расчыніла іх ды ўскочыла, усхваляваная, у пакой.

Кізік быў там. Сядзеў за сталом, адзін у пакоі. Убачыў Вольгу і неяк збянтэжыўся. Ускочыў з табурэта, на якім сядзеў, абцягнуў сваю трошкі караткаватую куртачку.

— Гэта ты? — неяк дзіўна запытаў ён у Вольгі. Ён нібы не верыў, што бачыць яе перад сабою.

— Дзе ты падзеўся? — ледзь стрымлівалася, каб не расплакацца, дзяўчына. — Ты ведаеш, што са мною здарылася? На мяне напалі нейкія незнаёмыя людзі. Думала, што заб’юць!

— Дык не забілі ж, — паспрабаваў неяк кісла і няўпэўнена пажартаваць Кізік.

— Не забілі, не забілі, але як я напалохалася! Чаму ты мяне кінуў?

— Я цябе кінуў? Гэта ты некуды падзелася! А я цябе і не думаў кідаць! У мяне матузок развязаўся на чаравіку. Я нахіліўся яго завязаць, а як падняўся, дык цябе і следу няма. Я глянуў туды, глянуў сюды — цябе нідзе не відаць. Падумаў, што ты ўкрыўдавала на мяне за гэтую экскурсію ды рашыла вярнуцца ў гатэль. У цябе ж характар — о-ё-ёй! Я агледзеўся вакол, цябе не знайшоў ды таксама вярнуўся сюды. Чаму ты мяне не папярэдзіла, што вяртаешся? Я так хваляваўся, калі ўбачыў, што цябе няма! А даклад ты хоць не згубіла?

Вольга спачатку хацела распавесці Кізіку, што якраз праз гэты злашчасны даклад яна і пацярпела, але чамусьці стрымалася. Яна была так радая, што выратавалася сама і што з Кізікам, дзякуй Богу, нічога не здарылася, што не заўважыла ў той момант некаторых недарэчнасцяў у яго паводзінах. Яна не звярнула ўвагі на тое, што яны з Кізікам аніяк не маглі размінуцца на той бруднай вуліцы. Няхай ён сапраўды нахіліўся, каб завязаць матузок, але згубіць Вольгу са зроку ён не мог аніяк. Вуліца, тая жудасная вуліца, была роўная, нібы нітка. Вярнуцца назад Вольга магла толькі мінаючы Кізіка. Калі ж яна азірнулася, то гэта якраз ягоны след прапаў, а не яе. Акрамя таго, Вольга ж не казала яму, што яна выпадкова ўзяла з сабою на шпацыр сшытак з дакладам, а не пакінула яго ў гатэльным пакоі. Адкуль Кізік мог ведаць пра сшытак? Паводзіны Кізіка былі незразумелымі, але пра гэта Вольга ўспомніць значна пазней, тады, калі навучыцца бачыць небяспеку... У той дзень яна яшчэ гэтага не ўмела. Таму яна папіла разам з Кізікам гарбаты і вярнулася ў свой пакой, радая, што ўсё нарэшце скончылася. Заўтра канферэнцыя.

 

Заля, у якой адбывалася канферэнцыя, была перапоўненая самым разнастайным людам. Былі тут і дамы, безумоўна, гарадскія, былі і дэлегаты сялянскага выгляду. Яны трошкі бянтэжыліся сярод незнаёмых людзей, бездапаможна азіраліся па баках ды шукалі сабе кампанію такіх, як яны самі, прасцейшых людзей. Паступова ўсе рассаджваліся па сваіх месцах ды ціха перамаўляліся. Чакалі, калі ў залю ўвойдзе прэзідыум. Нарэшце ўсе падняліся, запляскалі ў далоні. З бакавых дзвярэй на сцэну адзін за адным пачалі ўваходзіць абраныя ў прэзідыум. Кізік нахіліўся да Вольгі, тлумачыў:

— Вось гэта Ўралава — міністр асветы, а вось гэта Лонгін — старшыня ЦК прафсаюзаў.

Ён паказваў ёй яшчэ шмат на каго, але Вольга нават не здолела адразу ўсіх запомніць. Найбольш яе ўразіла Еўдакія Ўралава. Ад гэтай жанчыны нават здалёк цягнула ўладарнасцю. Міністрам асветы Ўралава стала надоўга — ажно да сорак сёмага году. Праўда, якім чынам яна выконвала свае абавязкі ў гады вайны, заставалася загадкай. Практычна ўсё сваё жыццё гэтая жанчына займала ў Менску кіраўнічыя пасады. Пакінуўшы міністэрскае крэсла, яна стане намеснікам Старшыні Рэспубліканскага Таварыства па распаўсюджванні палітычных і навуковых ведаў. Да канца пяцідзесятых, амаль дзесяць гадоў запар, Уралава будзе намеснікам Старшыні Савету Міністраў БССР. Зразумела, у той дзень Вольга нічога гэтага яшчэ не ведала, дый сама Ўралава не ведала, якім чынам складзецца яе далейшы лёс, але тое, што яна — жанчына ўладарная, не выклікала сумневу ўжо тады.

Пачалася канферэнцыя. Спачатку з дакладам выступіў Лонгін, пасля слова пачалі даваць прадстаўнікам абласцей. Вольга ўважліва слухала ўсіх выступоўцаў. Недзе пасля трэцяга па чарзе да яе нарэшце дайшло, якога „клею“ ад яе дакладу дабіваўся Кізік. Усе прамаўлялі ўзвышана, праз слова ўсхвалялі Сталіна ды меншых рангам начальнікаў. Пра прафсаюзныя справы амаль нічога і не гаварылася, толькі хвалы ды абяцанні зрабіць усё, каб Савецкая краіна як найхутчэй збудавала светлую будучыню, камунізм.

Якое шчасце, што ёй, Вользе, напаткалася тая жанчына і дапамагла напісаць такі даклад, як мае быць! Толькі зараз Вольга з усёй выразнасцю ўцяміла, у якую небяспеку яна магла трапіць са сваім ранейшым дакладам. Безумоўна, той даклад з гэтай трыбуны чытаць было нельга.

Нарэшце Вольга пачула сваё прозвішча. Яе запрашалі для выступу на трыбуну. Яна паднялася са свайго месца, азірнулася на Кізіка. Той быў бледны, твар яго раптоўна пакрыўся буйнымі кроплямі поту, хоць у залі было хутчэй халаднавата, чым горача. Вольга пайшла да сцэны, у душы баючыся, што яе не будзе відаць з-за трыбуны. Яна была зусім невялікага росту. Некалькі разоў падчас свайго выступу дзяўчына азіралася на Ўралаву. Тая слухала ўважліва, нават напаўабярнулася да прамоўцы, колькі разоў згодна хітнула галавою. Кізік у залі проста цвіў ад задавальнення. Ён таксама сачыў за рэакцыяй у прэзыдыуме.

Калі Вольга вярнулася на сваё месца, Кізік узрушана паціснуў ёй руку.

— Малайчына! Найлепшая прамова! Але ж гэта не тая, што ты мне паказвала ў цягніку.

— А я новую напісала, — спакойна адказала Вольга.

— Можа, табе нехта дапамог? — дапытваўся Кізік.

— Ды не, сама напісала, — адказала Вольга. Яна нават не ведала, як завуць тую жанчыну, што дапамагла ёй напісаць гэты даклад, таму вырашыла пра яе нічога не гаварыць. Акрамя таго, ёй не вельмі хацелася адкрывацца перад Кізікам. Яна яшчэ трохі злавала на яго за тое, што ён яе ўчора кінуў на той жудаснай вуліцы.
 

 
   

* * *

Вайна ў Маладэчна прыйшла нечакана. Над Беларусяй натужна загулі цяжкія нямецкія бамбавікі; параненыя, галодныя, разгубленыя салдаты Чырвонай Арміі паступова адыходзілі на Ўсход. Заходнюю Беларусь, якая яшчэ не зусім была паспела прызвычаіцца да савецкай улады, займалі нямецкія войскі.

Прыход нямецкіх войскаў у Маладэчна амаль нічым не адрозніваўся ад прыходу сюды трохі раней Чырвонай Арміі. Як і тым разам, жыхары гарадка ціха стаялі за сваімі платамі, пазіралі на чарговых „вызваліцеляў“ і гадалі, як ім будзе пажывацца пры новай уладзе.

Але вайна вайною, а кожны займаўся сваімі справамі. Стаяла лета, трэба было працаваць у полі, бо ні немцы, ні бальшавікі з лыжкі нікога карміць не збіраліся.

Адным жнівеньскім вечарам да Пагудаў асцярожна пастукалі. Сямейнікі трывожна пераглянуліся. Хто б гэта мог быць у такую пару? Каб хаця ж не які ліхі чалавек! Да жыхароў часта тады стукаліся чырвонаармейцы, што адсталі ад сваіх і якіх яшчэ не вылавілі немцы. Чалавека, безумоўна, трэ было схаваць, выратаваць, але пры гэтым уся сям’я трапляла ў страшэнную небяспеку, бо немцы не цырымоніліся: стралялі ўсіх.

Вольга з бабуляй якраз ставілі ў печ хлеб. Заставалася апошняя булка. Цэлы дзень сёння Вольга разам з астатнімі жала жыта. Пад вечар памылася, вымыла галаву. Зараз валасы яе былі накручаныя на папільёткі. Ногі, абутыя ў атопкі ад старых валёнкаў, гарэлі, бо былі паколатыя іржышчам па самыя калені.

У хату ўвайшлі трое: усё той жа Кізік, Чарняўскі, таксама знаёмец Пагудаў, і яшчэ адзін чалавек, якога Вольга не ведала. Ясна, што акурат на гэтага чалавека яна адразу і звярнула ўвагу, бо двух астатніх яна ведала як аблупленых. Першае, што заўважыла тады Вольга ў абліччы гэтага чалавека — гэта два рады роўных белых зубоў. Такіх роўных ды белых яна ніколі раней не бачыла. Акрамя таго, у незнаёмца была вельмі прыемная ўсмешка. Ад гэтай усмешкі проста цяжка было адвесці позірк. Госці прайшлі ў пакой. Бацька зрабіў знак маці, каб сабрала чаго-небудзь на стол. Бацька не здзівіўся гасцям. Вользе нават падалося, што ён іх чакаў. Тут толькі Вольга спахапілася, што ў яе на галаве папільёткі, а на нагах старыя атопкі. Божа, які жах! Перад чужымі людзьмі ў такім выглядзе! Яна ўпотайкі зірнула на незнаёмца. Той усміхаўся. Дзяўчына стрымгалоў кінулася ў сваю бакоўку, на хаду раскручваючы папільёткі.

Аб чым госці гаварылі з бацькам ды братам Іванам, Вольга не ведала. Калі яна выйшла са сваёй бакоўкі, яны ўжо збіраліся пайсці. На развітанне незнаёмец зноў ёй усміхнуўся. Вольга сумелася пад яго пільным позіркам і чамусьці адчула нейкае дзіўнае хваляванне. Яна баялася, што яе хваляванне заўважаць родныя, але ўсё ж не ўстрымалася і запытала ў брата, хто ён такі — гэты незнаёмец.

— Гэта Юльян Саковіч, — адказаў брат з відавочнай павагай і дадаў трошкі незразумела, — ты пра яго яшчэ пачуеш!

Больш пра Юльяна яна не распытвала, але ўвесь час думкі пра яго нечакана з’яўляліся і не хацелі сыходзіць з галавы. На другі дзень да іх зноў забег Кізік. Чым цяпер, у пару вайны, займаўся Кізік, Вольга дакладна не ведала, але ён зноў, відавочна, быў чалавекам надта занятым, бо і цяпер не хадзіў, як усе звычайныя людзі, а толькі бегаў. Гэтым разам Кізік забег да Пагудаў, каб паведаміць Вользе:

— А ты Саковічу надта спадабалася!

— Адкуль ты ведаеш? — спытала Вольга, трошкі злуючы на Кізіка за бесцырымоннасць, але адначасова і хаваючы ад яго, што гэтая навіна ёй прыемная.

— Сам казаў, — проста павёў Кізік. — Сказаў, што яму спадабалася адна сялянка, а потым, што сялянка — гэта ты.

Твар у Вольгі ўспыхнуў полымем. „Усё ж такі заўважыў, нягоднік, учора яе папільёткі і паколатыя іржышчам ногі!“.

 

Пасля той нечаканай сустрэчы Вольга і не думала нават, што ёй давядзецца сустрэцца з Юльянам яшчэ раз. Не думала, што лёс увогуле звядзе іх разам. Яна ведала, што Юльян не жыў тады ў Маладэчне, ён жыў у Менску, такім чынам, верагоднасць сустрэцца зноў была вельмі малая, хоць недзе ў глыбіні душы Вольга марыла аб новай сустрэчы. Відаць, марыла аб ёй не толькі яна.

Вольга здагадвалася, што Юльян займае нейкую высокую пасаду. Ясная рэч, ніхто пра гэта з ёю не гаварыў, але ёй даводзілася чуць калі-нікалі размовы паміж братам Іванам і ягонымі сябрамі. Юльян, відаць, меў нейкае да іх дачыненне. Вольга лічыла, што яна не надта добра разбіраецца ў палітыцы, тым больш цяпер, калі разбірацца ў ёй было проста небяспечна, але ж яна і не была зусім наіўным дзяўчом. Тое-сёе ведала, аб нечым магла здагадвацца. Здагадвалася яна, што і яе брат, і Юльян займаюцца беларускімі справамі. Гэта вельмі непакоіла Вольгу, хоць, безумоўна, і выклікала павагу. Сама Вольга не займалася гэтымі справамі, яна ніякіх братавых даручэнняў не выконвала. Той, вядома, проста не хацеў ублытваць яе ў свае небяспечныя справы. Вольга і не настойвала. У той час яна была ўпэўненая, што палітыка — гэта справа разумных мужчынаў, а людзі, якія займаюцца палітыкай — гэта незвычайныя, таленавітыя, амаль легендарныя людзі. І да такіх людзей яна інтуітыўна залічала Юльяна, пра якога не пераставала думаць.

Побач з такім чалавекам, як Юльян, павінна быць і жанчына, вартая яго. Ніякім чынам Вольга не магла падумаць, што такой жанчынай стане яна сама... Юльян, відаць, не жартаваў, калі казаў, што яму спадабалася яна, Вольга. Юльян на той час быў ужо дарослым чалавекам, ён так ці йнакш знайшоў бы нагоду, каб зноў сустрэцца з ёю. Але невядома, калі б гэта здарылася. Ды нездарма кажуць: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.
 

   

 

Стаяла першая восень вайны. Аднойчы да Пагудаў прыбег Кізікаў бацька. Усхвалявана паведаміў, што немцы арыштавалі яго сына. Яго ўзялі разам з іншымі, каго абвінавачвалі ў дзеяннях супраць нямецкай улады. Якія дзеянні ўчыніў яго сын супраць немцаў, старэйшы Кізік не ведаў. Ён быў у страшэннай роспачы і прыбег да Пагудаў, бо не ведаў, да каго яшчэ можна звярнуцца па дапамогу. Калі немцы некага арыштоўвалі, выратаваць вязня было амаль што немагчыма...

...Раніца. Вольга бачыць, як вуліцаю ідуць эсэсаўцы. Паглядаюць на вокны хатаў. Прайшлі паўз дом Пагудаў. Раптам адзін з эсэсаўцаў вяртаецца. Абыходзіць вакол дома. Вольга сэрцам адчула, што гэты эсэсавец шукае яе. Яна прабегла паўз здзіўленую бабулю, забегла ў самую дальнюю каморку. Прычыніла за сабою дзверы, прыхінулася да сцяны, пачала прыслухоўвацца да таго, што робіцца ў доме. Сэрца калацілася недзе ў горле.

Эсэсавец увайшоў у дом. Па гуку яго гулкіх крокаў Вольга здагадвалася, што ён зазірае ў кожны пакой. У галоўным пакоі ён перамовіўся колькімі словамі са сваімі суайчыннікамі — немцамі. У Пагудаў, як і ў многіх іншых маладэчанцаў, жыў тады немец — палкоўнік Эдмунд Флокерц.

Эсэсавец абышоў увесь дом, але ў каморку, дзе хавалася Вольга, на шчасце, не зазірнуў. Калі ён пайшоў, Вольга яшчэ колькі хвілін не верыла, што ён сапраўды сышоў. Пасля яна выйшла са свайго сховішча, зноў глянула ў вакно. Убачыла, як вуліцаю немцы вялі мясцовага хлопца, прозвішчам Нехвядовіч. Хлопец гэты быў сляпы на адно вока, надзвычай спакойны і не ўяўляў ніякай небяспекі для нямецкіх уладаў, але яго ўсё ж арыштавалі. Побач з Вольгай каля акна стаяў і Флокерц. Ён таксама бачыў, як па вуліцы вялі Нехвядовіча.

— Караць трэба толькі вінаватых, — заўважыў Флокерц, а Вольга не зусім зразумела, да каго ён звяртаецца: да яе, да сваіх падначаленых, што знаходзіліся ў гэтым пакоі, ці да сябе самога.

Праз імгненне да Пагудаў у дом уляцела заплаканая, напалоханая суседка Ганэцкая.

— Божухна, што ж гэта робіцца?! — лямантавала яна ды заломвала ў адчаі рукі. — Забралі Фаму, павялі невядома куды!

Усе Пагуды — то бок жаночая палова сям’і, бо ні бацькі, ні Івана на той момант дома не было — пачалі супакойваць суседку ды распытваць, што здарылася. Калі Вользіна маці трошкі яе супакоіла, Ганэцкая распавяла падрабязнасці таго пагрому, які адбыўся ў яе доме. У хату ўварваліся некалькі эсэсаўцаў, пачалі шукаць сына Шурыка. Навошта ён ім спатрэбіўся, бацькі, зразумела, не ведалі. Немцы перакапалі ўсю хату, залезлі нават у падстрэшша. Шурыка, дзякуй Богу, дома тады не было. Раз’юшаныя няўдачай немцы схапілі напалоханага, дрыжачага Фаму, Шурыкавага бацьку.

Пасля стала вядома, што ўсіх, каго схапілі ў той страшны дзень, расстралялі ды закапалі ў вялізнай брацкай магіле на могілках. Калі праз некалькі дзён Вольга разам з сяброўкай Зінай ішлі каля могілак, яны з жахам убачылі, што ўвесь пясок на могільніку быў прамочаны крывёю тых няшчасных ахвяраў. Пазней Вольга даведаецца, што ў той дзень немцы хапалі тых, хто быў занесены ў так званы спіс на ліківідацыю. У тым спісе была і яна, Вольга. Былі ў тым спісе і яе брат Іван, і бацька. Але іх тады не было дома, а Вольгу не знайшлі. Магчыма, гэтаму паспрыяў і Флокерц...

Таму, калі да Пагудаў уварваўся Кізікаў бацька з весткаю пра арышт сына, усім было зразумела: калі хлопца не вызваліць з палону, яго расстраляюць. Трэба яго вызваліць, але як гэта зрабіць? Некалькі гадзін запар абмяркоўвалі самыя розныя планы выратавання. Падкупіць ахову было немагчыма, бо лагер, дзе трымалі вязняў, быў ачэплены эсэсаўцамі. З гэтай сама прычыны ўцячы Кізік, безумоўна, не мог. Вольга прапанавала звярнуцца па дапамогу да Флокерца, але Іван не пагадзіўся.

— Флокерц не карыстаецца сярод сваіх вялікай павагай, — паведаміў Іван, — яго самога маюць ледзь не за адшчапенца. Ён нам нічым не дапаможа.

Пасля працяглых спрэчак вырашылі, што Вольга разам з Зінай паедуць у Вілейку да гебітс-камісара. Да немцаў без пачастунку хадзіць было нельга. Узялі курыцу ды колькі яек. Вольга трошкі ведала нямецкую мову, яна павінна была весці перамовы. Зіна, як больш смелая ды какетная, павінна была, у выпадку патрэбы, уздзейнічаць на немцаў сваёй прыгажосцю.

Сяброўкі выправіліся ў Вілейку. Што чакае іх там?

Яны без асаблівых цяжкасцяў трапілі ў будынак, дзе ў той час знаходзіўся гебітс-камісар. Відаць, курыца і яйкі сваю ролю адыгралі. Акрамя таго, дзве беларускія дзяўчыны, адна з якіх нядрэнна размаўляла па-нямецку, а другая толькі шчыра ўсміхалася немцам, не выглядалі для іх вялікай небяспекай. Адразу ў кабінет да гебітс-камісара дзяўчат, вядома, не пусцілі. Нейкі нямецкі службовец пацікавіўся ў іх, якую справу яны маюць да пана гебітс-камісара.

Er ist mein Gelibter,* — адказала Вольга.

Немцы засмяяліся. Адзін з іх нават падышоў да Вольгі бліжэй, паляпаў яе па плячы.

Gut, gut!** — пахваліў ён невядома за што дзяўчыну. І тут толькі яна здагадалася, чаго смяяліся немцы. Яна ж так хвалявалася, што адказала зусім не тое, што хацела. Сваім гэлібтам, безумоўна, яна мелася назваць Кізіка, а не гебітс-камісара. Вольга страшэнна сумелася, але нечакана гэтая яе памылка нават аказалася карыснаю.

Пасля таго, як немцы ўволю насмяяліся, адзін з іх правёў дзяўчат у кабінет да гебітс-камісара. Той спачатку ўважліва выслухаў іх, пасля доўга аб нечым раіўся са сваім падначаленым. Яны гаварылі паміж сабою вельмі ціха і вельмі хутка. Вольга не паспявала зразумець, пра што ідзе гаворка. Нарэшце гебітс-камісар звярнуўся да Вольгі:

— Значыць, вы жадаеце, каб мы вызвалілі вашага сябра, нейкага Кізіка?
 

* — Ён мой каханы (ням.)






** — Добра, добра (ням.)
















   

Вольга моўчкі хітнула галавою на знак згоды.

— Нават не ведаю, чым вам дапамагчы, шаноўная. У нашых паперах запісана, што ваш сябра быў дэпутатам пры Саветах. Гэта значыць, што ён быў камуністам. Ён — вораг нямецкай улады. А ворагаў мы караем.

Вольга кінулася апантана абараняць Кізіка, пераконваць немца, што яе сябра ніякі не камуніст.

— Што вы, гер афіцэр, — упэўнівала яна немца, — мой сябра ніколі не быў камуністам. Ён проста працаваў інспектарам у аддзеле адукацыі. Ён жа не быў вінаваты ў тым, што прыйшла савецкая ўлада, а працаваць трэба пры любой уладзе, ці не так? Я вас запэўніваю, што мой сябра ніколі не стане замінаць нямецкай уладзе!

Вольга размаўляла з гебітс-камісарам па-нямецку, Зіна практычна нічога не разумела, але не пераставала ўсміхацца памочніку гебітс-камісара. Раптам і гэта дапаможа! Напэўна, Вольга ўсё ж здолела пераканаць немца, што Кізік не вораг нямецкай улады, бо праз нейкі час яна пачула загад вызваліць Кізіка і яшчэ некалькі чалавек, за якіх яна таксама мела смеласць папрасіць. На развітанне гебітс-камісар паціснуў ёй руку і паведаміў:

— Я вызваляю гэтых людзей выключна таму, што за іх папрасіла такая цудоўная пані.

 

Такім вось амаль неверагодным чынам Вольга выратавала Кізіка, але не ведала, што наклікала бяду на сваю ўласную галаву. Немцы зацікавіліся яе асобай і даведаліся, што яна працавала ў савецкай школе. Дайшло да іх і тое, што яна была прафсаюзным сакратаром у гэтай школе. Гэта стала падставаю для таго, каб Вольга зноў трапіла ў лік тых, каго нямецкія ўлады завочна выраклі на смерць. Папаўзлі чуткі, што немцы рыхтуюць новыя спісы. Вольга, праўда, пра гэта яшчэ не ведала. Яна рэдка выходзіла на вуліцу (маці баялася, каб у такі трывожны час з ёю чаго не здарылася), а брата тады не было ў Маладэчне. Таму для яе стала поўнай нечаканасцю вестка ад яе былого вучня па прозвішчы Асіповіч. Хлопец забег да яе дамоў, проста з парогу паклікаў дзяўчыну на вуліцу і там ціха ёй паведаміў:

— Вам трэба ўцякаць, Вольга Аляксееўна. Вы ў спісе на арышт!

Ён асцярожна перадаў Вользе нейкую паперку і знік у цемры вуліцы.

Вольга разгарнула паперку. На сваё здзіўленне і таемную радасць яна ўбачыла, што гэтая цыдулка была ад Юльяна. „Мая даражэнькая, — пісаў ён сваім хапатлівым почыркам, — будзь гатовая. Я прыеду!“. Вольга не зусім зразумела тады, да чаго яна павінна быць гатовай. Яна бачыла толькі гэтае цудоўнае слова „даражэнькая“, і нязвыклае хваляванне прыемна запаланіла яе сэрца. У гэтым хваляванні яна нават забылася пра папярэджанне Асіповіча.

Вольга вярнулася ў дом. Нешта незвычайнае, напэўна, адбівалася на яе твары, бо гэта адразу заўважыла Зіна, якая тады якраз завітала была да сяброўкі.

— Што з табою? — пацікавілася яна ў Вольгі. — Ты свецішся, нібы яснае сонейка.

— Так, нічога асаблівага, — не стала тлумачыць падрабязнасці Вольга. Яна не хацела раскрываць сваю тайну нават найлепшай сяброўцы.

Дзяўчына ўзяла нейкую кнігу з паліцы, паклала туды Юльянаву цыдулку. Зіна заўважыла гэтую маніпуляцыю.

— Што гэта? Нейкая цыдулка? Ад каго? — дапытвалася яна.

— Ад вучня майго, — адказала Вольга, — так, дробязь.

Па настроі сяброўкі Зіна зразумела, што тая хоча застацца адна, і хутка выправілася дамоў. Ды і каменданцкая гадзіна ўжо надыходзіла.

Вольга, як толькі Зіна пайшла, яшчэ некалькі разоў запар перачытала дарагую ёй цыдулку. Перачытвала яна яе і на наступны дзень. Але праз дзень цыдулка некуды знікла. Вольга добра памятала, што напярэдадні паклала яе, як звычайна, у кнігу. Назаўтра паперкі ў кнізе не было. Куды яна магла падзецца, Вольга не ведала. Страта цыдулкі непрыемна ўразіла дзяўчыну. Яна нібы страціла не шматок паперы, а нешта дарагое ёй. Было прыкра, але хутка Юльян сам заявіўся да Вольгі.

Гэта здарылася праз некалькі дзён пасля таго, як Асіповіч папярэдзіў яе аб небяспецы. Стаяў канец кастрычніка. Ужо добра бралася на восень. Вечарамі моцна халадала. Вольга якраз варушыла вугольчыкі ў грубцы ў сваім пакоі, калі ў дзверы нечакана пастукалі. Яна не ведала, хто мог прыйсці ў такі позні час, але раптам у яе моцна забілася сэрца. На парозе стаяў Юльян і ўсміхаўся ёй сваёй незвычайнай усмешкай.

— Збірайся, — прамовіў Юльян, — толькі рэчаў ніякіх з сабою не бяры. Проста апраніся ды выходзім.

Вольга не стала нічога дапытвацца. Хуценька накінула на плечы палітончык, усунула ногі ў боцікі. Вось яна і гатовая. На вуліцы іх чакалі нейкія незнаёмыя хлопцы. Яны моўчкі ішлі ззаду за Юльянам і Вольгай ажно да самага чыгуначнага вакзалу.

Калі выйшлі на вуліцу, Юльян ціха спытаў:

— Ты атрымала маю цыдулку?

Вольга толькі моўчкі хітнула галавою. Яна не стала паведамляць Юльяну, што цыдулка некуды знікла. Не хацела турбаваць яго, да таго ж баялася пакрыўдзіць такой сваёй няўважлівасцю.

— Мне паведамілі, што табе пагражае небяспека. Тваё прозвішча занесенае ў спіс на арышт! — не ўстрымаўся Юльян. — Але мы цябе выратуем. Цяпер ты будзеш жыць у Менску, там табе будзе больш бяспечна.

Вольга, вядома, не магла нават уявіць, якая небяспека ёй пагражае, але яна верыла Юльяну. Калі ён мяркуе, што ёй нешта пагражае, значыць, так яно і ёсць.
 

 
   

* * *

Яны не адразу паехалі ў Менск. Па дарозе заехалі ў Радашкавічы, дзе жыла ўдава Браніслава Тарашкевіча. Тая вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла Юльяна. Кінулася да яго, як да роднага, расплакалася: недзе знік яе сын. Яна вельмі хвалявалася. Юльян яе супакойваў, казаў, што нічога дрэннага з ім не здарылася і што ён хутка з’явіцца, хоць Вольга па яго вачах бачыла, што Юльян таксама вельмі ўстрывожаны. Матчына сэрца не падманула. Сын Тарашкевічаў тады загінуў.

Нарэшце Вольга з Юльянам апынуліся ў Менску. Вырашылі, што пакуль Вольга застанецца жыць у Юльянавай кватэры. Ён баяўся пасяліць яе недзе ў іншым месцы. У першы ж вечар, калі Вольга, яшчэ саромеючыся ў чужой кватэры, адчувала сябе трошкі няёмка, Юльян пасля непрацяглага маўчання раптам спытаў у яе за вячэраю:

— А чым ты хочаш займацца?

Вольга не чакала такога пытання, але адказ чамусьці сам у яе вырваўся:

— Я хачу быць настаўніцай.

Дзіўна, але Юльян нібы чакаў такога адказу.

— Добра. Заўтра раніцай пойдзеш на працу. У Менску ўжо ёсць адна беларуская школа. Там няма выкладчыка нямецкай мовы. Як ты, валодаеш трохі?

Вольга адказала, яшчэ не зусім верачы ў сур’ёзнасць прапановы:

— Так, трохі ведаю. Магу нават збольшага гаварыць па-нямецку.

— Вось і добра.

Вольга, вядома, не чакала, што лёс яе павернецца такім чынам. Усю ноч яна не спала, успамінала перажытае напярэдадні, хвалявалася перад заўтрашнім днём. І вось ён, яе першы ўрок у Менску. Перад вачыма Вольгі зусім незнаёмыя твары. Як яны, гэтыя дзеці, паставяцца да сваёй новай настаўніцы? Вольга пачала ўрок. Вельмі хвалявалася, голас трохі дрыжэў. Яна сама гэта адчувала, але справіцца са сваім хваляваннем пакуль што не магла. Нечакана дзверы расчыніліся, і на парозе ўзніклі трое: Юльян, дырэктар, з якім Вольга раніцай ужо пазнаёмілася, і немец, які, напэўна, кантраляваў гэтую школу. Вучні, усе як адзін, паўскоквалі са сваіх месцаў. „Heil Hitler!“ — у адзін голас дружна гаркнулі яны прывітанне. „Heil!“— адказаў немец і павярнуўся да Вольгі. Тая нечакана адказала:

— Жыве Беларусь! — і сама спалохалася сваіх слоў, бездапаможна глянула на Юльяна.

Той пахвальна хітануў галавою, немец усміхнуўся, павярнуўся ды выйшаў з класа. Увечары, калі Юльян з Вольгай вярнуліся дамоў, Юльян распавёў, што яны, перад тым як зайсці ў клас, хвілін пяць стаялі пад дзвярыма і слухалі, як Вольга праводзіць урок. Юльян за яе вельмі хваляваўся, але немцу спадабалася новая настаўніца, а яе прывітанне — найбольш.

Гэты перыяд у жыцці Вольгі стаў самым значным, самым трывожным, самым шчаслівым і самым няшчасным. Менавіта тут, у Менску, яна стала жонкай Юльяна. Іх збліжэнне адбывалася даволі цяжка. Безумоўна, яны ўжо кахалі адзін аднаго. Кахалі яшчэ з той, першай сустрэчы. Але ж яны не маглі вось гэтак адразу кінуцца адзін аднаму на шыю. Вольга дык і ўвогуле не магла сама зрабіць першы крок, таму што была жанчынай, ёй гэта зрабіць не дазваляла прыродная сціпласць. Акрамя таго, яна ўсё ніяк не магла паверыць, што такі чалавек, як Юльян, можа пакахаць яе, такую простую і зусім звычайную дзяўчыну.

Але Юльян пакахаў яе. Вольга была той жанчынай, якую ён чакаў і гэтак доўга шукаў. І самы звычайны чалавек, і самы выбітны шукаюць таго адзінага, хто ім патрэбны больш за ўсё. Больш за кар’еру, больш за матэрыяльны дабрабыт. Вольга для Юльяна і стала той адзінай. Але Юльян баяўся ў гэтым прызнацца і самому сабе, і Вользе. Найперш ёй, Вользе.

На час сустрэчы з Вольгай тым жнівеньскім вечарам Юльян быў ужо далёка не хлапчуком. Ён меў больш за трыццаць гадоў. За плячыма ў яго быў вялікі багаж, і жыццёвы, і палітычны. Калі б Юльян быў простым чалавекам, якіх тысячы, дык нават розніца ў веку паміж ім і Вольгай яго б, зразумела, зусім не стрымлівала. Справа была ў іншым. Юльян не хацеў для Вольгі таго небяспечнага, неспакойнага жыцця, якое лёсам было наканаванае яму самому.

У кастрычніку 1941-га году, у той самы час, калі Юльян ратаваў Вольгу ад немінучай гібелі ў Маладэчне, яго ў Менску прызначылі начальнікам Адміністрацыйнага аддзелу Беларускай Народнай Самапомачы (БНС).
 

 
   

 

Як ні хавалі Юльян і Вольга адно ад аднаго свае пачуцці, як ні адцягвалі яны тое, што павінна было здарыцца, гэта ўсё роўна здарылася. Ні вайна, ні палітычная барацьба не змаглі перашкодзіць каханню. Прырода жыве паводле сваіх законаў. Юльян і Вольга сталі мужам і жонкай.

Вечарамі, застаўшыся сам-насам, яны часта проста размаўлялі. Юльян з недаверам ставіўся да каталікоў, незалежна ад таго, беларусамі яны былі ці палякамі. Юльян часта казаў, што толькі зусім нямногія беларусы-каталікі сапраўды дбаюць пра Беларусь.

— Той не беларус, — казаў Юльян, — хто лапай хрысціцца.

Недавер да каталікоў можна было патлумачыць тымі абставінамі, якія склаліся ў сям’і Юльяна. Яго маці была каталічкай, і не простай каталічкай, а фанатычнай, бацька ж яго быў праваслаўным. Аднаму Богу вядома, чаму фанатычная каталічка згадзілася выйсці замуж за праваслаўнага хлопца, але шлюб іх адбыўся. І была дамова, што ўсіх сыноў яны будуць хрысціць у праваслаўнай веры, а дачок — у каталіцкай. Такое становішча ў сям’і не магло не паўплываць на самасвядомасць Юльяна. Тым не менш ён меў шмат сяброў і сярод каталікоў. У тым змаганні за Беларусь веравызнанне значэння не мела.

 

Такім было жыццё Вольгі і Юльяна ў Менску. Вольга не ўсё ведала з таго, чым займаўся Юльян, і не належала да ніводнай нелегальнай арганізацыі, якой кіраваў альбо якую арганізоўваў Юльян са сваімі сябрамі. Вольга была проста каханай жанчынай. Гэтага ёй было дастаткова. Тым больш што хутка ў яе з’явіліся новыя клопаты.

Неяк вечарам — было ўжо даволі позна — Вольга і Юльян вячэралі ўдваіх. Нечакана Вольга адчула нейкую незразумелую млявасць. Раптоўна пацямнела ў вачах. Пальцы аслабелі, і лыжка са звонам пакацілася па падлозе. Вольга спалохалася. Што гэта з ёю? Такога ніколі раней не здаралася! Праз імгненне млявасць адышла. Вольга ўздыхнула вальней. Хацела нахіліцца, каб падняць з падлогі лыжку. Юльян ласкава затрымаў яе руку.

— Ціха, ціха, — прамовіў ён, — не рабі рэзкіх рухаў. Не хвалюйся, даражэнькая, ты зацяжарала.

Сапраўды, як гэта яна сама не здагадалася, што ў яе арганізме пачаліся нейкія змены. Яна ўжо другі тыдзень адчувала, асабліва раніцай, што ёй неяк нядобрыцца. Але Вольга не надавала гэтаму значэння. Думала, што трохі прастыла. Яна была гэтак радая, што побач з ёю Юльян, што яна мае магчымасць кожны дзень яго бачыць, кожны дзень мець такое шчасце, што ёй нават у галаву не прыходзіла: яна можа стаць яшчэ шчаслівейшай. У яе будзе дзіцятка!

— Я цябе вельмі прашу, Вольга, — казаў Юльян, — беражыся! Крый Бог, каб нешта здарылася з табою ці з нашым маленькім!

Хуткае нараджэнне дзіцяці — гэта было і велізарнае шчасце для іх абодвух, і яшчэ адно выпрабаванне. Вольга разумела, што час зараз надзвычай небяспечны, кожная хвіліна можа кардынальна змяніць жыццё. Не час быў для кахання, для сямейнага шчасця, але сэрца не пытаецца: час ці не час. Вольга ў тыя кароткія імгненні шчасця, што былі падораныя ёй лёсам, забывала і пра вайну, і пра тое, што наўкола — амаль адны ворагі. Кожная хвіліна была цэлым багаццем.

Юльян жа адчуваў яшчэ больш складаныя пачуцці. Ён быў значна старэйшы, ён быў мужчынам, і ён нёс адказнасць і за яе, Вольгу, і за іх будучае дзіця.

Юльян кахаў Вольгу так, як можа кахаць дарослы мужчына: раз і назаўсёды. Ён хаваў ад Вольгі тое шчасце, якое запаланіла яг, калі ён даведаўся, што хутка стане бацькам. Гэта была яго найвялікшая мара. Гады ішлі, ён заставаўся адзінокім, а яму так хацелася, каб яго шыю абнялі маленькія, такія родныя ручкі, ручкі яго дзіцяці. Юльян марыў аб сваім бацькоўстве, але зараз, калі мара гэтая вось-вось павінна была здзейсніцца, ён стаў баяцца гэтага. Як вопытны палітык і вопытны змагар, Юльян не мог не разумець, што тая справа, якой ён зараз займаўся, можа загубіць яго ў кожны момант. Што тады будзе з яго сям’ёй? Але іншым чынам ён жыць не мог, і іншым шляхам пайсці таксама не мог.

Немцам не патрэбная была цалкам незалежная Беларусь. Над Юльянам навіслі чорныя хмары небяспекі. Усе даносы на яго ўважліва, з нямецкай педантычнасцю ды акуратнасцю праглядаліся і падшываліся ў асабістую справу яго нямецкім начальствам. Справа з кожным днём станавілася ўсё больш грубой. Немцы больш не давяралі Юльяну Саковічу, але пакуль што і не знішчалі яго. Яшчэ не прыйшла пара, каб проста так яго знішчыць: занадта значнай асобай паспеў ён стаць за кароткі час сваёй працы ў Самапомачы. Юльян здагадваўся, што яго чакае расправа. Пачаўшы займацца нелегальнай дзейнасцю яшчэ ў юнацтве, ён паспеў навучыцца прадчуваць небяспеку. Трывожнымі прадчуваннямі ён не дзяліўся ні з кім: ні з Вольгай, каб не напалохаць яе ў тым стане, у якім яна зараз была; ні з адным са сваіх лепшых сяброў і паплечнікаў Леанідам Мараковым, хоць той і сам пра ўсё здагадваўся, бо такая ж небяспека навісла і над ім самім.

...Адбывалася чарговае паседжанне ў камісарыяце, на якое былі запрошаныя ўсе чыны нямецкай адміністрацыі. Быў там і Кубэ — апальны гаўляйтар. Юльян Саковіч надзвычай узрушаны рэпрэсіямі супраць беларускага насельніцтва. Нервы напятыя, што струны. Юльян не вытрымлівае і пачынае на нямецкай мове лаяцца з найбольш агрэсіўнай часткай нямецкай адміністрацыі. Нямецкую лаянку ён перамешвае з добрым славянскім матам. Немцы яго зразумелі. Зразумелі ўсё: і нямецкую мову, і беларускую. Гэта было ўжо занадта. Нахабны беларус, якому нямецкая ўлада аказала такі давер, занадта распусціўся. Такога немцы дараваць не маглі. Проста ў залі паседжання Юльян быў арыштаваны на пяць сутак за парушэнне субардынацыі. Гэта быў першы крок на шляху да гібелі. Юльян ужо тады быў упэўнены, што больш не вернецца з турмы да Вольгі і да маленькай дачкі, якая на той час ужо паспела нарадзіцца і радавала бацьку сваёй бяззубай усмешкай. Але тым разам Юльян яшчэ вярнуўся. Ён адседзеў свае пяць сутак і прыйшоў дамоў. Яшчэ не настаў час яго знішчыць, але і пакідаць яго ў Менску было непажадана. Юльян гэта разумеў і сам першы зрабіў захады, каб уратаваць калі не сябе, дык хоць сям’ю. Ён вырашыў, што будзе лепш, калі яны пераедуць жыць у Маладэчна. Цяпер Менск і Маладэчна памяняліся ролямі: раней Менск уратаваў Вольгу ад гібелі, зараз больш бяспечным месцам для яе было Маладэчна. Яна зноў апынулася ў бацькоўскай хаце. Родныя сцены на гэты раз далі прытулак не толькі ёй, але і яе сям’і.

Сам Юльян яшчэ лічыўся на пасадзе ў Менску, але жыў разам з Вольгай у Маладэчне. Тыя некалькі месяцаў пасля пераезду ў Маладэчна сталі найшчаслівейшымі ў жыцці Вольгі. Яе бацькі добра прынялі Юльяна. Яны бачылі, якое шчасце свяцілася ў вачах дачкі, бачылі, з якой любоўю ставіцца Юльян і да жонкі, і да дачкі, і радаваліся за яе.

Юльян усёй душою цешыўся са свайго сямейнага шчасця, першага і апошняга. Бацькі Вольгі дзівіліся той пяшчоце, якую Юльян, загартаваны ў палітычным змаганні мужчына, знаходзіў для сваёй маленькай дачкі. Побач з ёю ён быў зусім іншым чалавекам. Кудысьці знікала суворасць, напружанне. З дачкою ён быў проста добрым, пяшчотным бацькам.

Адразу пасля нараджэння маленькай Волечкі было заведзена, што купалі яе толькі ў прысутнасці Юльяна, і ён браў самы непасрэдны ўдзел у гэтай справе. Бацька Вольгі толькі ўсміхаўся такім дзівацтвам зяця. У беларускіх сем’ях не было прынята, каб мужчына хадзіў каля дзяцей. Гэта была выключна жаночая справа, мужчыны мелі шмат іншых турбот. Юльян жа Волечку купаў кожны дзень. Часам здаралася, што ён доўга недзе затрымліваўся, прыходзіў час купання, а яго ўсё не было. Маці Вольгі, шкадуючы ўнучку, якую трэба было класці спаць, настойвала на купанні без Юльяна. Дзяўчынку купалі, кармілі і клалі спаць. Заяўляўся Юльян.

— Ну што, будзем купаць дачушку? — бадзёра пытаўся ён у родзічаў.

І яны не асмельваліся адабраць у яго тую маленькую радасць, якая ў яго яшчэ была. Ён так ніколі і не даведваўся, што дзіця ўжо выкупанае. Зноў маці Вольгі даставала з печы чыгунок з цёплай вадою. Прыносілі з сенцаў начовачкі. Маленькую Волечку купалі яшчэ раз, чым яна была надзвычай задаволеная.

Неяк у нядзелю Юльяну не трэба было нікуды спяшацца. Надзвычай рэдкімі былі такія хвіліны, калі ён меў магчымасць заставацца разам з сям’ёю. Яны сядзелі разам з Вольгай на канапе. Юльян зняў з рукі гадзіннік.

— Гэта не звычайны гадзіннік, а іменны, — распавядаў Юльян, — я атрымаў яго яшчэ ў Віленскай беларускай гімназіі за поспехі ў вучобе. Прайшло гэтулькі гадоў, дзе ён толькі ні быў, гэты гадзіннік, у якія толькі абставіны ні трапляў, а я яго яшчэ ніводнага разу не рамантаваў.

Раптам маленькая Волечка, якая дагэтуль спакойна сядзела на бацькавых руках і нават трошкі прыдрамала, выхапіла з рук бацькі гадзіннік і з усяе сілы кінула ў кут. Ад гадзінніка ў розныя бакі пасыпаліся дэталькі. Вольга знямела: гэта ж рэліквія, талісман! Юльян некалькі імгненняў няўцямна пазіраў на тое, што яшчэ зусім нядаўна было яго гадзіннікам, а зараз стала грудком непатрэбнага друзу, а пасля зарагатаў. Ён рагатаў гэтак моцна, што з кухні прыбегла напалоханая маці Вольгі. Яна даўно ўжо не чула смеху ад свайго зяця.

— Паглядзіце, якая моцная ў мяне дачка! — усклікнуў Юльян і высока падкінуў пад столь Волечку, якая таксама ажно залівалася сваім дзіцячым шчаслівым смехам.
 

 
   

 

Гэта быў апошні раз, калі Юльян бавіў час разам з сям’ёю. Праз некалькі дзён ён вярнуўся ўвечары пахмурны, нейкі нават счарнелы, нібы ноч. Узяў на рукі Волечку, доўга прыціскаў яе да грудзей, цалаваў то ў адну пульхную шчочку, то ў другую. Хаваў ад жонкі твар, але яна заўважыла, як па мужавай шчацэ павольна пацякла буйная сляза. Сэрца трывожна затрымцела: нешта здарылася! Юльян моўчкі перадаў дачку на рукі Вользе, трошкі памаўчаў, нібы не асмельваючыся нешта паведаміць. Пасля ціха прамовіў:

— Мяне пераводзяць у Ліду. Заўтра раніцай еду. Ты збяры мне ў валізу тое-сёе.

— А я? — ледзь не шэптам запытала Вольга. Нейкая незразумелая трывога запала ў душу. Юльян часцяком кудысьці ездзіў, але ніколі яшчэ Вольга так за яго не трывожылася, хоць кожны раз ён вельмі рызыкаваў.

— Ты з Волечкай пакуль што застанешся тут, у бацькоў. Я, як толькі ўладкуюся, адразу забяру вас, а пакуль што там няма дзе жыць, — Юльян намагаўся гаварыць спакойна, але гэта яму не вельмі ўдавалася.

Вольга моўчкі хітанула галавою ў знак таго, што ўсё зразумела, і пайшла прасаваць ды складваць у чамадан Юльянавы кашулі.

Ён паедзе! Яна застанецца адна! Колькі часу ёй давядзецца быць без Юльяна? Тыдзень? Месяц? Вольга не ведала, што застанецца без яго на ўсё астатняе жыццё. Лёс рыхтаваў ёй расстанне з каханым чалавекам назаўсёды.

Юльян прысеў за стол, задумаўся, пасля пачаў нешта хуценька пісаць. Асадка толькі мільгала ў ягоных пальцах. Закончыў, перачытаў, звярнуўся да Вольгі:

— Я заўтра паеду. А гэтую паперку пакладу ў шуфляду. Ты, Волечка, заўтра, калі я ўжо паеду, пачытай яе. Гэта важна.

Вольга моўчкі пагадзілася. Гаварыць яна не магла. Слёзы душылі, не давалі вольна дыхаць.

Пасля настала ноч. Апошняя ноч, калі яны былі разам.
 

 
   

* * *

Назаўтра, калі Юльян паехаў, а Вольга разам з маці ўволю наплакаліся, нават не ведаючы, чаго яны плачуць, Вольгу раптам нібы працяло: яна ўспомніла пра тую паперку, якую ўчора напісаў Юльян. Што гэта за паперка? Можа, там нейкія важныя даручэнні, а яна забыла пра яе! Дрыжачымі ад хвалявання рукамі яна выцягнула з шуфляды невялікі белы чатырохкутнік. Разгарнула. Тое, што там было напісана, нібы маланкай ударыла яе. Невідушчымі вачыма Вольга хвілін дзесяць няўцямна пазірала на чорныя хуткія літары.

„Тэстамэнт. На выпадак маёй смерці спадчына.

Я, Саковіч Юльян, знаходзячыся ў добрай памяці і па добрай волі, у выпадку маёй смерці аддаю ў спадчыну 40 гектараў зямлі, якія належаць мне ў фальварку Баўдуры, а таксама ўсю маю рухомую і нерухомую маёмасць маёй дачцы Маланцы (хрышчанай Вользе). Да дасягнення ёю паўналецця распараджацца маёй маёмасцю даручаю маёй жонцы Вользе Пагудзе.

Маладэчна                                 9 чэрвеня 1943 году“

 

На жудасны вокліч Вольгі з кухні прыбегла маці, з вуліцы ўскочыў у хату напалоханы бацька.

— Што здарылася? — захвалявалася маці. — Дзе Волечка?

Яна кінулася да ложка, дзе мірна пасопвала яе ўнучка. Убачыла, што з унучкай усё ў парадку, абвярнулася да дачкі.

— Волечка, дачушка, што здарылася? Скажы нам, дачушка! — трэсла яна за плячук бледную, не падобную да самой сябе Вольгу.

— Мама, — ледзь здолела вымавіць Вольга, — я больш ніколі не ўбачу Юльяна!

— Што ты такое гаворыш, дачушка! — паспрабавала супакоіць яе маці. — Чаму гэта ты яго больш не ўбачыш? Праз нейкі тыдзень прыедзе, забярэ вас з Волечкай. Ён жа цябе гэтак любіць!

Вольга не слухала таго, што казала ёй маці.

— Вось, глядзі, што ён мне пакінуў, — яна працягнула маці тэстамэнт.

...Калі ў хату раптам забегла напалоханая Зіна і адразу з парогу паведаміла: „Юльяна больш няма!“, Вольга нечакана спакойна адказала: „Я ведаю“. Праўда, пасля яна не памятала, што ў той дзень прыбягала Зіна і што яна першая прынесла гэтую жудасную вестку, як і не памятала Вольга свайго адказу сяброўцы.

Вольга была ў нейкім незразумелым стане. Тыя падзеі засталіся ў яе памяці не суцэльным шэрагам, а бязладнымі кавалкамі. Вольга то ўспамінала, то зноў забывала падрабязнасці таго жудаснага часу. Вось Зіна паведамляе ёй пра тое, што Юльян загінуў, вось нейкія людзі аб нечым перамаўляюцца з бацькамі Вольгі. Вось ёй дапамагаюць сабрацца, яна едзе ў цягніку. Едзе на пахаванне каханага чалавека. Побач з ёю дзве сястры Гурыновічаў, сяброў Юльяна. Яны, гэтыя маладзенькія дзяўчаткі, ні на хвіліну не пакідаюць Вольгу адну. Зіны побач няма. Яна не паехала разам з сяброўкай, каб падтрымаць яе ў гэты цяжкі час. Шмат пазней яна патлумачыць гэта тым, што яе папярэдзіў Стэфан, каб яна ні ў якім разе не ехала ў Ліду на пахаванне. Там, казаў Стэфан, яе могуць забіць. Зіна не паехала, хоць Вольга доўгі час думала, што яна была побач. Вольга перыядычна трызніла ў той час, таму ў памяці яе засталіся толькі кароткія эпізоды. Шмат пра што яна змагла ўспомніць толькі з дапамогай сяброў.

 

...Яны прыехалі ў Ліду. Дабраліся да могілак, дзе святар ужо чытаў памінальную малітву. Вялікая брацкая магіла. Тры дамавіны. Каля дамавінаў Леаніда Маракова і хлопчыка, што быў разам з Юльянам і Леанідам у тую жудасную хвіліну, калі з-за вугла, па-зладзейску, іх расстраляў польскі тэрарыст, галосяць родныя. Сясцёр Гурыновіч папярэдзілі, каб яны не падпускалі блізка да Юльянавай дамавіны Вольгу. Тое, што на пахаванні прысутнічае Юльянава жонка, ведалі лічаныя людзі. Яе прысутнасць старанна хавалі ад старонняга вока. Забойцы былі побач.

Вольга чула жалобны гул званоў, плач, гоман людзей, бачыла нечыя твары. Раптам у вачах пацямнела, усё некуды паплыло: паплыла царква, дрэва, прыхінуўшыся да якога яна стаяла, паплыў людскі натоўп. Калі яна расплюшчыла вочы ды падняла галаву, натоўпу вакол ужо не было. Яна ўбачыла, што сядзіць на нейкай лаўцы, злева ад яе вялізная гара — насып на брацкай магіле, крыж. Насупраць яе стаіць хлопчык і ўважліва зазірае ёй у твар. Хлопчык заўважыў, што Вольга апрытомнела, прамовіў:

— Пайшлі, цёця.

Вольга не ведала, што гэта за хлопчык, куды ён яе запрашае. З цяжкасцю яна разумела, дзе знаходзіцца і навошта. Яны пайшлі па нешырокай сцяжынцы, якая падзяляла могілкі амаль што на дзве роўныя часткі. Выйшлі за вароты, перайшлі на другі бок вуліцы. Зайшлі ў нейкі двор. У хаце, у зусім незнаёмых Вользе людзей, адбывалася памінанне яе мужа і ягоных таварышаў, што загінулі разам з ім.

Вольга вярнулася назад у Маладэчна. Зноў цягнік, зноў побач Гурынавічанкі. Дома Вольга ўбачыла чорную хустку на галаве ў маці, апухлы ад слёз твар. Бацька маўчаў, толькі мацней прыціскаў да грудзей маленькі жывы камячок, сваю ўнучку. Яны нічога не распытвалі ў Вольгі. Яна таксама маўчала, не вымавіла ані слова, вярнуўшыся у родную хату. Моўчкі пайшла ў свой пакой, які яшчэ некалькі дзён таму быў не толькі яе, але і Юльянавым. Маці паціху ўвайшла ў пакой услед за Вольгай, разаслала ложак.

— Паляжы, дачушка, адпачні, — скрозь слёзы прапанавала яна сваёй змарнелай, няшчаснай дачцы.

Тая паслухалася, прылегла. Але сон не ішоў. На сэрцы ляжаў велізарны камень. Ён не даваў дыхнуць. У галаве стаяла пустэча: ані думак, ані ўспамінаў. Маці прынесла з кухні талеркі, падсунула бліжэй да ложка зэдлік:

— Паеж, дачушка. Змарнела як!

Вольга моўчкі адвярнулася да сцяны. Так і ляжала да вечара, не павярнулася нават тады, калі маці паднесла да яе малую Волечку.

Пяць сутак Вольга ляжала моўчкі, ні да кога не паварочвалася, ні на што не рэагавала. Яна сама нібы памерла разам з Юльянам. Яна не спала, нічога не ела, адмаўлялася нават ад вады. Не плакала, хоць маці колькі разоў падыходзіла да яе, упрошвала:

— Паплач, дачушка, стане лягчэй.

Вольга, магчыма, і рада была б паплакаць, але ж дзе ўзяць тыя слёзы? У душы ўсё нібы высахла і ажно пякло ў грудзях страшэннай горыччу. Бацькі пачалі ўжо моцна хвалявацца за здароўе дачкі: каб хаця чаго не здарылася ўжо з ёю самой! Маці і ўпрошвала яе што-небудзь з’есці, падняцца з ложка ды выйсці на вуліцу падыхаць свежым паветрам. На вуліцы так хораша! Упрошвала патрымаць на руках малую Волечку, спадзявалася, што хоць дзіця верне Вольгу да жыцця. Пасля маці пачала нават лаяць Вольгу: ці ж мажліва гэтак перажываць! Юльяна ўжо не вернеш, а ёй жа трэба жыць, гадаваць дачушку. Вольга ніяк не рэагавала на ўпрошванні бацькоў. Як яны не разумеюць, што жыцця без Юльяна проста не можа быць?! Быў Юльян, было і жыццё, а зараз як можна жыць без яго?!

Увечары на пятыя суткі ляжання ў ложку, калі Вольга ўжо амаль што і не разумела, што з ёю здарылася, калі ад голаду і пакутаў яна ўвесь час траціла прытомнасць, яна раптам вельмі выразна пачула асцярожны стук у вакно. Вольга лёгка паднялася з ложка, хоць дагэтуль не магла ўжо без дапамогі маці нават павярнуцца на іншы бок, пайшла паўз здзіўленых бацькоў, якія тым днём амаль што не адыходзілі ад яе ложка. Лёгка, нават не хістаючыся, нібы й не страціла столькі сілаў, Вольга падышла да акна. Адхінула фіранку. Там, за акном, стаяў Юльян і, як заўсёды, усміхаўся ёй сваёй незвычайнай усмешкай, якая так падабалася Вользе. Юльян быў такі, я заўсёды. Незвычайным быў толькі апрануты на ім светлы гарнітур. Вольга дакладна памятала, што такога гарнітура ў Юльяна ніколі не было. Ён увогуле апранаўся надзвычай строга.

Вольга гэтак узрадавалася, што зноў бачыць Юльяна, ёй так шмат трэба было яму распавесці! Але яна не паспела нічога яму паведаміць. Юльян першы звярнуўся да яе. Ён ласкава прамовіў:

— Не перажывай больш, Вольга. Гадуй нашую дачушку. А са мною ўсё добра.

Сказаў і знік, за акном засталася толькі чорная летняя ноч. У шыбу паціху пастуквала галінка старой грушы. Збіралася на навальніцу. Недзе далёка паблісквалі маланкі. Вольга стаяла каля акна і дапытліва ўглядалася ў цемру, але Юльяна там больш не было. За яе спіною моўчкі стаялі бацькі. Яны назіралі, як дачка чамусьці ўглядалася ў цемру, але турбаваць яе пытаннямі не асмельваліся.

Вольга нарэшце адвярнулася ад акна, захінула фіранкі і звярнулася да маці:

— Мама, дай чаго павячэраць.

Трэба было жыць. Яна выхапіла з рук агаломшанага бацькі сваю Волечку і пачала апантана яе цалаваць. Юльян не пакінуў яе адну, ён пакінуў ёй Волечку.
 

 
   

* * *

Так пачалося жыццё Вольгі без Юльяна. Яна паднялася нарэшце з ложка, зноў пайшла працаваць у гандлёвую школу, дзе пачала была выкладаць нямецкую мову адразу пасля таго, як яны з Юльянам і дачушкай вярнуліся дамоў у Маладэчна. Першыя дні працы былі надта цяжкімі. Усе ўжо ведалі, якое няшчасце напаткала Вольгу, усе ёй спачувалі. Акрамя таго, многія ведалі і самога Юльяна. Вольга чытала спагаду ў вачах сваіх вучняў, у вачах выкладчыкаў, у вачах дырэктара школы. Гэта адначасова і ўсцешвала яе, як цешыць кожнае шчырае спачуванне, і прыносіла ёй нясцерпны боль, таму што нагадвала пра яе страшную страту.

Не было, напэўна, такой хвіліны, каб Юльян сышоў з яе памяці. Чым бы яна ні займалася, ён знаходзіўся побач. Але зараз памяць аб ім была спакойнай, яна не раніла душу так, як раней. Для ўсіх Юльян загінуў, а для Вольгі ён быў жывы, толькі цяпер жыў у яе сэрцы. І туды, дзе быў зараз ён, яна не дапускала нікога старонняга.

Праз некаторы час Вольга атрымала ліст з Юльянавых Баўдуроў. Да Вольгі звяртаўся бацька Юльяна. Ён называў яе дачкою і запрашаў прыехаць пагасцяваць у Баўдуры. Пасля непрацяглых роздумаў яна вырашыла, што паедзе ў Баўдуры, хоць гэта было небяспечна. Вайна ж яшчэ не скончылася. Вольга адчула, што ёй вельмі трэба пазнаёміцца з Юльянавым бацькам. Дарэчы, бацька быў практычна адзіным чалавекам, пра якога Юльян успамінаў і пра якога ён часцяком распавядаў Вользе.

 

Цягнік у Баўдурах прыпынку не меў. Толькі трошкі сцішыў хаду. З вагонаў трэба было выскокваць проста на хаду. Вольга скокнула і ледзь не вывіхнула нагу. Ёй яшчэ ніводнага разу дагэтуль не даводзілася скакаць з цягніка, калі ён не стаіць, а рухаецца, няхай сабе і павольна. Паднялася, абтрэсла з каленяў пясок. Нагу, дзякуй Богу, не вывіхнула. Агледзелася па баках. Юльянаў бацька ў лісце прыблізна апісаў ёй, як знайсці фальварак. Яна і пайшла ў тым накірунку, куды, як меркавала, трэба было ісці. Па дарозе нагнала вялізны воз, нагружаны сенам. Так і ішлі некаторы час па пыльнай дарозе: яна і конь, што цягнуў цяжкі воз. Таго, хто высіўся ўгары на сене, яна не бачыла. Чалавек да яе таксама не адзываўся. Гэтак і падыйшлі моўчкі да варотаў. Чалавек зрабіў спробу саскочыць, бо вароты ў двор былі зачыненыя, але Вольга апярэдзіла яго, адчыніла. Насустрач ёй з хаты ўжо спяшаўся Юльянаў бацька. Падыйшоў, абняў, прыціснуў да грудзей.

— А ты такая, як цябе апісваў Юльян, — у голасе бацькі выразна чуліся слёзы, — прыгожая. Ну, заходзь, дачушка, у хату.

Дагэтуль Вольга ўсё ж не была ўпэўненая, ці правільна яна зрабіла, што вырашыла наведаць Баўдуры. Зараз яна зразумела, што не памылілася. Тут жыў бацька Юльяна, і ён не падаўся ёй чужым чалавекам. Яна адразу адчула, што ён для яе і Волечкі будзе родным. Гэта быў бацька Юльяна, а значыць, і яе. Гэта быў дзядуля Волечкі.

Іншая справа была Юльянава маці. Захінутая з ног да галавы ў нейкае чорнае даўжэзнае адзенне, жанчына гэтая не падышла блізка да Вольгі, не абняла, толькі прамармытала нешта незразумелае на Вользіна прывітанне. Ужо сутонела. Падыходзіў час на вячэру. Сабралася ўся даволі вялікая сям’я. За сталом панавала нейкая гнятлівая атмасфера.

Маці Юльяна спачатку моўчкі жавала, пасля зусім нечакана, прынамсі, для Вольгі, адклала ўбок лыжку і аб’явіла, ні да кога не звяртаючыся:

— Ён быў супраць касцёлу, таму пан Бог пакараў яго такой смерцю!

Гэта было так нечакана, што Вольга не адразу ўцяміла: маці гаворыць пра свайго сына, пра Юльяна? Ніколі яшчэ нішто так не здзіўляла яе, як тое, што зараз выказала Юльянава маці. Няўжо маці можа такое гаварыць пра свайго сына, да таго ж пра нябожчыка?! Вольга ва ўсе вочы глядзела на яе, яна чакала нейкага тлумачэння. Але маці больш нічога не казала. Яна зноў працягвала сваю вячэру. Вольга не адводзіла вачэй ад маці, а бацька і ўсе астатнія, наадварот, паапускалі галовы яшчэ ніжэй у свае талеркі, хутчэй запрацавалі лыжкамі. Няёмкасць за сталом стала ўжо проста матэрыяльнаю. Есці ды ўвогуле сядзець за гэтым сталом Вольга не мела больш сілы. Яна паднялася, падзякавала за вячэру і выйшла ў двор. Ёй тэрмінова трэба было глынуць свежага паветра. Вольга стала на ганку, глянула на зорнае неба. Недзе там міргае ёй зорка, якою стаў зараз Юльян. Ляснулі дзверы, побач з ёю спыніўся Юльянаў бацька. Закурыў.

— Ты, дачушка, моцна не наракай на маці. Не думай, што яна такая чэрствая. Яна любіла Юльяна, вельмі любіла, як і кожная маці любіць сваё дзіця. Гэта ўсё ксёндз. Карыстаецца яе горам ды ўбівае ёй у галаву розную бязглуздзіцу. А яна нібы розумам кранулася, нічога зараз у хаце не робіць, усё ў касцёле прападае. Мы ёй усе зараз як чужыя. Не таму Богу молімся. Не разумее, бедная жанчына, што Бог адзін. Не караў ён Юльяна, а наадварот, я ведаю, што мой сын — герой, — бацька ледзь стрымліваў слёзы.

— Я заўтра паеду дамоў, — ціха паведаміла Вольга, — паеду да Волечкі.

— Я цябе падвязу да цягніка, — прапанаваў бацька.

Пасля ён трошкі памаўчаў і неяк вінавата папрасіў:

— Дазволь мне, як управімся з работай, прыехаць да цябе, паглядзець на ўнучку.

Гэта ўжо было невыносна. Вольга кінулася на грудзі гэтаму чалавеку, і яны доўга і ціха плакалі.

Трэба было яшчэ адну ноч і цэлую раніцу заставацца ў гэтым доме. Вольга старалася пазбегнуць размоваў з Юльянавай маці, асабліва пасля такога яе выказвання. Вольга адначасова і шкадавала гэтую жанчыну, і аніяк не магла ёй дараваць таго, што рэлігійны фанатызм яна паставіла вышэй за мацярынскія пачуцці. Вольга не хацела ніякай размовы са сваёй свекрывёю, тая таксама не выказвала вялікай цікавасці да нявесткі, але размова ўсё ж адбылася. Назаўтра раніцай, калі Вольга збіралася ад’язджаць дамоў, да яе раптам падышла Юльянавай маці з нейкім кошыкам у руках.

— Перадай гэта маёй унучцы, — папрасіла яна неяк вінавата, — і не крыўдуй на нас.

— Дзякуй, — шчыра адказала Вольга і пацалавала маці ў шчаку. Зараз у яе душы засталася толькі шкадоба да гэтай няшчаснай жанчыны.

Воз паціху зарыпеў у бок чыгуначнай станцыі. Бацька засяроджана аб нечым маўчаў. Вольга таксама нічога не гаварыла. Хутка яны прыехалі на чыгуначную станцыю. Калі цягнік адыходзіў, бацька зноў абняў Вольгу.

— Калі, не дай Божа, будзе бяда якая ці патрэба, заўсёды звяртайся да нас. Мы ж самыя блізкія сваякі з табою. Я заўсёды ведаў, што мой Юльян ніколі не памыляецца. Не памыліўся ён і ў табе, дачушка.
 

 
   

* * *

Немцы адыходзілі. Да Пагудаў прыбягала па некалькі разоў на дзень суседка і паведамляла, які горад ці мястэчка ўжо зноў пад Саветамі. Адкуль яна ведала апошнія навіны, было невядома, але яе навіны адпавядалі рэчаіснасці.

Нарэшце і Маладэчна пакінулі апошнія нямецкія вайсковыя часткі. У горад увайшлі савецкія вайскоўцы. Іх радасна віталі. Людзям надакучыла штодзённая і штоночная трывога, надакучыла чужая нямецкая мова. Пасля доўгай вайны яны спадзяваліся, што зараз прыйдзе мір, свабода і спакой.

Гандлёвую школу, у якой апошнім часам працавала Вольга, зачынілі. Моладзь, што там вучылася, засталася пакуль што без занятку, як без занятку аказаліся зараз і выкладчыкі гэтай школы. Некаторыя з іх паехалі разам з немцамі. Хадзілі чуткі, што пры Саветах ім заставацца небяспечна. Прапаноўвалі з’ехаць і Вользе, але яна адмовілася. Тут яе бацькі, тут магіла Юльяна. Акрамя таго, яе сям’ю зноў напаткала вялікая бяда: некуды знік Іван, брат Вольгі. Амаль год ад яго не было аніякіх вестак. Апошні раз Вольга бачыла брата, калі адзначалі сорак дзён па Юльяну. А пасля ён нібы ў ваду кануў: няма ні почуту. Маці ўся, гаротная, спакутавалася ад чакання. А Івана ўсё не было. Вольга не ведала дакладна, чым ён займаецца. Ведала толькі, што ён меў нейкае дачыненне да той справы, якой займаўся і Юльян. Магчыма, Іван служыў беларускай справе сваёй прафесіяй: ён жа быў лекарам.

Вольга не паехала разам з сябрамі. Яна вырашыла заставацца ў Маладэчне. Меркавала жыць тут увесь час, але лёс распарадзіўся іначай. Ёй зноў прыйшлося ўцякаць са свайго роднага гарадку і зноў уначы, як тады з Юльянам.

Вайна скончылася. Усталёўвалася новая ўлада. Спадзяванні тых беларусаў, якія радасна сустракалі савецкія войскі, спраўджваліся не заўсёды. Зноў папаўзлі чуткі, што некаторых з тых, хто працаваў пры немцах, ужо арыштоўваюць. Праўда, з калегаў Вольгі, якія працавалі разам з ёю ў гандлёвай школе, пакуль нікога не забралі. Ніхто не прыходзіў і да Вольгі. Усё было ціха, таму Вольга думала, што гэтыя чуткі, магчыма, — проста страхі напалоханых людзей, якія яшчэ не забылі вайну і смерць на кожным кроку. Акрамя таго, Вольга была ўпэўненая ў тым, што ні яна, ні Юльян нічога дрэннага не зрабілі. Наадварот, яны марылі аб шчасці ды свабодзе свайго народу, беларусаў. Няўжо за гэта можна кагосьці караць?!

 

Тым днём Вольга вярталася дамоў з крамы, куды хадзіла па хлеб. Доўга давялося прастаяць у чарзе, пакуль атаварыла карткі. Вольга не любіла стаяць у чарзе. Натоўп, сваркі, якія амаль заўсёды чамусьці ўспыхвалі тут без дай прычыны — усё гэта не толькі раздражняла Вольгу, ёй рабілася фізічна млосна. Калі Вольга, нарэшце выйшла на свежае паветра, у яе ажно закруцілася ў галаве. Ад паветра, што напаўняла цеснае памяшканне крамы, у якую людзей набівалася, нібы селядцоў у бочку, зусім няцяжка было і прытомнасць страціць. Вось у такім трошкі затлумленым стане яна павольна ішла па вуліцы, накіроўваючыся дамоў. Не спяшалася, хацела ўволю падыхаць свежым паветрам. Павярнула на сваю вуліцу. Да роднага дому заставаліся лічаныя крокі. Вольга не заўважыла, як побач з ёю праехала машына, дакладней, проста не звярнула на яе ўвагі. Машыны на вуліцах Маладэчна ў той час ездзілі, хоць і не надта часта. Нічога дзіўнага ў тым, што Вольгу абагнаў аўтамабіль, не было. Але раптам каля яе шчакі нешта пранізліва прасвістала. Вольга спачатку нават не адчула болю, толькі шчацэ стала горача, а пасля па ёй нешта пацякло. Абцершы гэтае нешта і глянуўшы на руку, яна ўбачыла, што рука ў крыві. Адкуль, што здарылася? Вользе і ў галаву не магло прыйсці, што ў яе толькі што стралялі і толькі цудам яна засталася жывой. Машына, з якой стралялі, даўно ўжо знікла з вачэй, а Вольга ўсё стаяла пасярод вуліцы і не магла крануцца з месца. У той момант яна нават і не думала пра тое, што стралялі акурат з машыны. Яна гэтак напалохалася, што ўвогуле не мела сілы пра нешта падумаць. І толькі дома, калі ўвайшла ў хату ды напалохала сваім скрываўленым тварам родных ды Зіну, якая якраз завітала да сяброўкі, Вольга зразумела, што палявалі на яе менавіта з той машыны. Першай да такой высновы прыйшла, як заўсёды, Зіна.

— У цябе стралялі! — без усялякага сумневу канстатавала яна, выціраючы сяброўцы скрываўленую шчаку. — Стралялі з той машыны.

Толькі з гэтага дня Вольга пачала па-сапраўднаму баяцца.
 

 
   

 

Пасля таго падарожжа да Юльянавых сваякоў Вольга больш ні з кім з іх не сустракалася. Не было нагоды, дый чым ёй маглі дапамагчы гэтыя людзі, якім самім патрэбная была дапамога. Над імі ж таксама навісла пагроза, як над сваякамі „ворага народу “. Але менавіта ад сям’і Саковічаў прыйшла Вользе дапамога. Лістападаўскай ноччу ў Маладэчна прыехаў стрыечны Юльянаў брат Аляксандр. Дагэтуль Вольга ніводнага разу яго не бачыла, але ведала пра яго, бо Юльян некалькі разоў пра яго ўзгадваў. Аляксандр прыехаў, каб вывезці Вольгу з дачкою ў Літву, у Гялву. Літва на той час таксама была ўжо савецкай, але Аляксандр меркаваў, што там, па першым часе, Вольга будзе ў большай бяспецы. Заставацца надалей у Маладэчне ніяк не выпадала. Вольгу чакаў або лагер, або смерць. Савецкая ўлада не даравала правіны перад сабою і значна меншым „злачынцам“. Жонку Саковіча савецкая ўлада магла толькі знішчыць.

* * *

Літоўская Гялва дала прытулак дзвюм Вольгам, самым блізкім жанчынам Юльяна Саковіча. Вольга-старэйшая праз некаторы час уладкавалася ў школу.

Ішоў час. Вольга працавала. Дачушка падрастала і ўсё больш рабілася падобнай да Юльяна. Вольга замуж больш не выйшла і не збіралася гэтага рабіць, чым нямала здзіўляла і сваіх сваякоў, і Зіну, і проста знаёмых. Яны яе не разумелі, а Вольгу надзвычай раздражнялі іх допыты: чаму яна, такая прыгожая, адукаваная жанчына, настаўніца, не імкнецца знайсці сабе кавалера. Нават маці, якая звычайна добра разумела Вольгу, у гэтым пытанні далучылася да ўсіх астатніх. Маўляў, Вольга не павінна сябе хаваць раней часу. Прыкра было тое, што ніхто з блізкіх аніяк не мог зразумець, што Вольга зусім сябе не хавае, проста яна не можа быць побач з іншым чалавекам, не з Юльянам. Вольга спачатку намагалася патлумачыць гэта, але, сутыкнуўшыся некалькі разоў з тым, што яе проста не разумеюць, кінула гэтую справу. Цяпер, калі ў яе дапытваліся, чаму яна не выходзіць замуж — а прэтэндэнтаў на яе руку ставала, — яна проста адмоўчвалася або кідала ў адказ якую-небудзь нязначную фразу.

Вольга разумела, што сяброўка і родныя хочуць ёй толькі дабра. Не дзеля простай цікаўнасці задавалі яны такія балючыя пытанні, ранячы яе ў самае сэрца. Проста яны аніяк не маглі ўцяміць, што ў жыцці Вольгі ўжо было каханне, няхай сабе такое кароткае і няшчаснае — яно ў той жа час было і такім шчаслівым.

 

Жыццё як быццам пачало паціху наладжвацца. Паступова забываліся ўсе тыя перажыванні, якія, здавалася, не пакінуць сэрца ніколі. Але пакуль чалавек жыве, лёс рыхтуе яму ўсё новыя і новыя выпрабаванні. Новая неспадзяванка напаткала Вольгу неўзабаве пасля яе перасялення ў Літву. Зусім выпадкова яна пачула ў настаўніцкай размову паміж сваімі калегамі. Адна з настаўніц распавядала сяброўцы, што ў іхнім мястэчку з’явіўся новы жыхар. Гэта зусім не зацікавіла б Вольгу, якая ўжо даўно заўважыла, што лепш ведаць менш і чуць менш, пагатоў калі гутарка не тычыццца цябе самой. Дый што цікавага магло быць у тым, што ў мястэчку пасяліўся новы лекар? У той час шмат людзей пераязджала з месца на месца, абжывала новыя сядзібы. Пасля вайны ўсё моцна перамяшалася. Але раптам Вольга пачула тое, што ўразіла яе і напоўніла яе збалелае ў апошні час сэрца надзеяю.

Да яе нечакана звярнулася адна з настаўніц:

— Вольга Аляксееўна, а вы нічога не чулі пра нашага новага лекара? — запытала яна ў Вольгі, — кажуць, што яго прозвішча Пагуда. Магчыма, гэта ваш сваяк?

Вольга не памятала, якім чынам яна апынулася каля дзвярэй амбулаторыі. На дзвярах ужо вісела шыльда: „Пагуда Іван Аляксеевіч“. Няўжо брат знайшоўся?! Вользе надзвычай хацелася ўляцець у гэты пакой, за гэтыя дзверы, каб абняць брата, якога яна так даўно не бачыла, якога яна так даўно шукала, што ўжо пачала была страчваць надзею калі-небудзь яго знайсці. Але яна прымусіла сябе стрымацца. Аддыхалася, паправіла прычоску. Не хацелася выглядаць перад братам недагледжанай, раскудлачанай. Адчыніла дзверы. Перад ёю за сталом сядзеў зусім незнаёмы чалавек у белым медычным халаце. Глянуў на Вольгу, ветліва запрасіў:

— Заходзьце, калі ласка.

Але Вольга як стала ў самых дзвярах, гэтак там і застыла. Яна не магла зрабіць ані кроку. Гэта быў не яе брат! Але ж трэба было неяк патлумачыць гэтаму чалавеку сваё ўварванне ў ягоны кабінет. Вольга памалу, нібы на чужых нагах, падышла да стала. У той момант яна, напэўна, сапраўды выглядала на моцна хворую.

— На што скардзіцеся? — запытаў лекар, схіліўшыся над нейкімі паперамі на сваім стале. Пасля, зноў жа, не пазіраючы на Вольгу, павярнуўся да шафы, дзе былі складзеныя медычныя карты ўсіх жыхароў мястэчку.

— Як ваша прозвішча?

— Пагуда, — ледзь здолела прашаптаць Вольга. Яна яшчэ зусім не адыйшла ад моцнага хвалявання. — Пагуда Вольга Аляксееўна.

— Як? — ажно падскочыў са свайго месца лекар. — Пагуда?!

Ён раптам моцна захваляваўся. У яго відавочна задрыжэлі рукі, твар спачатку пачырванеў, пасля кроў адхлынула, і лекар зрабіўся белы, нібы папера. Што яго так напалохала? Вольга пазірала на гэтага чалавека, які за нейкае імгненне нават неяк пастарэў, і раптам ёй стала страшэнна душна ў гэтым даволі прахалодным кабінеце. Яна намацала краёчак табурэткі і асцярожна прысела. Лекар глядзеў у яе картку, але Вользе чамусьці падавалася, што ён нічога там не бачыць. Некалькі разоў лекар нібы рабіў спробу нешта сказаць, але спыняўся на паўслове. Гнятлівае маўчанне доўжылася некалькі хвілін. Нарэшце лекар усё ж загаварыў. Пытанне далося яму з відавочнай цяжкасцю.

— А вы даўно тут жывяце? Нарадзіліся ж, пэўна, не тут. Тут, кажуць, шмат прыезджых.

Вольга і чакала гэтага пытання, і пабойвалася яго, як і сам гэты незнаёмы лекар, але адказала, нечакана для сябе самой, спакойна:

— Так, я сюды прыехала. Амаль што ўсе спецыялісты ў гэтым мястэчку нетутэйшыя. Я дык раней у Маладэчне жыла.

— У Маладэчне? — у лекара быў такі выгляд, быццам медычная дапамога была ўжо патрэбная яму, але ён мужна працягваў размову.

— А на якой вуліцы вы там жылі?

— На Абухоўскай.

Лекар ускочыў, расчыніў фортку, хоць у пакоі хапала свежага паветра. Трохі пастаяў каля акна, павярнуўшыся да Вольгі спінаю.

— Вось дзіва, у нас з вамі аднолькавае прозвішча, — лекар спрабаваў сказаць гэта бадзёра, але ў яго не надта добра атрымалася, — такая прыемная нечаканасць. Я таксама з Маладэчна. Гэта трэба ж так: жылі ў адным горадзе, мелі аднолькавае прозвішча, нават на адной вуліцы жылі, а сустрэцца давялося толькі тут.

Лекар яшчэ доўга пра нешта гаварыў. Ён ужо не стараўся схаваць хваляванне. Ён распавядаў пра Маладэчна, пра гандлёвую школу (праўда, не паказваў, ці ведае, што там працавала Вольга). Яна з жахам чакала, калі ён пачне пытацца пра Юльяна. Але, на шчасце, пра Юльяна ён не абмовіўся аніводным словам. Лекар гаварыў, а Вольга слухала, не перапыняла яго, нават не сказала яму, што ў Маладэчне з прозвішчам Пагуда жыла толькі іх сям’я. А на Абухоўскай вуліцы яна ведала кожную курыцу, і гэтага лекара ніколі там не бачыла.

Лекар памераў Вользе ціск, пацікавіўся, ці баліць ёй галава. На развітанне выпісаў рэцэпт. У Вольгі ад хвалявання і ўсяго толькі што перажытага сапраўды трохі разбалелася галава і нават падвысіўся ціск.

Вольга паволі, ледзь перастаўляючы ногі, нібы яна была не маладая, поўная жыцця жанчына, а старая, стомленая бабуля, сунулася ў бок школы. „Божа літасцівы, што яны зрабілі з маім братам?“

Яна нікому не сказала пра сваю сустрэчу з лекарам. На пытанне калегаў, ці гэта яе сваяк, адказала, што не бачыла яго, бо яго не было ў лякарні. А сама да канца ўрокаў, а пасля і дома ніяк не магла супакоіцца. І паводзіны гэтага чалавека, яго відавочны страх перад Вольгай, і тое, што ён носіць імя яе брата, амаль не пакідалі сумневу: брата ў Вольгі больш няма! Гэты чалавек проста скарыстаўся з яго дакументаў. Навошта яму гэта было трэба, Вольга не ведала, і няведанне яшчэ больш палохала. Што будзе зараз з ёю, з яе дачкою? „Ах, Юльяне, як мне патрэбная цяпер твая дапамога! Твая парада!“

Вольга не ведала, што ёй цяпер рабіць. Тое, што яна трапіла ў вялікую небяспеку, не выклікала сумневу. Але як ратавацца?! Трэба недзе схавацца, але дзе? Бацькі заставаліся ў Маладэчне, куды ёй вяртацца было нельга. Дый чым яны маглі ёй дапамагчы? Самі кожны дзень чакалі арышту. Сяброўка Зіна на той час ужо апынулася ў лагеры. Ёй прыпісвалі здраду Радзіме. Аляксандр, той, што прывёз Вольгу сюды, з’ехаў у Польшчу і там некуды знік, ужо даўно не даваў аб сабе аніякага знаку. Вольга не ведала, дзе яшчэ ёй схавацца ад савецкіх асабістаў. Хавацца больш не было дзе. Яна ўсё ж на ўсялякі выпадак сабрала ўсё самае неабходнае. Раптам прыйдзецца зноў некуды ўцякаць! Але гэтым разам уцякаць ёй не давялося. Назаўтра, калі яна прыйшла ў школу, там ужо абмяркоўвалі апошнюю навіну: нечакана некуды з’ехаў новы лекар. Не паспеў і тыдня адпрацаваць у іхнім мястэчку. Пэўны час Вольга яшчэ была ў трывожным чаканні: калі па яе прыйдуць? Але ніхто не прыходзіў. Паступова яна супакойвалася, жыццё вярталася на звыклыя рэйкі. Штораніцы Вольга ўваходзіла ў школьны клас, праводзіла ўрокі, вадзілася найбольш са сваімі вучнямі (апошнім часам яна старалася як мага менш бываць у настаўніцкай, там яна зараз чамусьці пачувалася не вельмі ўтульна).

Асабісты не прыйшлі тады па Вольгу, хоць яна іх чакала і была гатовая да іх прыходу маральна. Прыйшлі ж яны тады, калі яна перастала іх чакаць. Ужо ішоў 53-ці год, год смерці Сталіна. Вольга з дачкою жылі пры школе, займалі невялікі пакойчык. Спачатку ў школу прыехаў нейкі інспектар. Сядзеў у дырэктара цэлы дзень, нібыта правяраў нейкія паперы. Настаўнікі, напалоханыя і прыгнечаныя гэтым непажаданым госцем, толькі паціху перашэптваліся. Час быў такі, што з’яўленне інспектара магло шмат нашкодзіць кожнаму з іх, нават найлепшаму. Вольга, як толькі ўбачыла інспектара, адразу адчула: ён прыехаў па яе. Яна чула перашэптванні настаўнікаў, бачыла, якія яны напалоханыя, але не магла паведаміць ім, што гэтым разам яны могуць не палохацца. Інспектару трэба было толькі яе, Вольгу. Ёй ніхто нічога не паведамляў, яе не выклікалі ў дырэктарскі кабінет, жыццё цягнулася як звычайна, але яна была ўпэўненая, што гэтым разам не памылілася. З ёю такое здаралася: адчуванне бяды апярэджвала самую бяду.

Інспектар паехаў тым жа днём, але ягоны ад’езд спакою Вользе не прынёс. Яна амаль не спала ўначы. Наступным днём у іх школу заявіўся яшчэ адзін наведнік, таксама нібы школьны інспектар. Гэты аказаўся выкшталцоным дыпламатам. Адразу запрасіў Вольгу ў кабінет дырэктара. Ветлівы, прыемны ўва ўсіх адносінах чалавек. Усміхнуўся Вользе, калі тая ўвайшла.

— Прысядзьце, калі ласка, Вольга Аляксееўна, — ласкава запрасіў інспектар. Дырэктар у сваім кабінеце адчуваў сябе за госця.

Інспектар, які не назваў сябе, невядома нават, ці прадставіўся ён дырэктару, гартаў школьны журнал, у якім Вольга пазнала журнал свайго класа.

— Вас хваляць, шаноўная Вольга Аляксееўна, — інспектар не рабіў доўгіх уступаў, — хваліць і кіраўніцтва школы, і вашыя калегі, і вучні. („Калі гэта ты паспеў пагутарыць з вучнямі“, — падумалася Вользе.) Гэта вельмі добра. Нам патрэбныя добрыя настаўнікі. Я вельмі задаволены вашай працай, задаволена вамі і кіраўніцтва ў Міністэрстве асветы. Думаю, што вы заслугоўваеце ўзнагароды. Так што збірайцеся, Вольга Аляксееўна, паедзем разам са мною ў Вільню, у міністэрства.

Што магла адказаць Вольга гэтаму чалавеку? Што яна не хоча нікуды ехаць з ім? Яна сапраўды гэтага не хацела, але адмаўляцца не выпадала. Ён не рабіў ёй прапановы, нават і не пытаўся пра яе жаданні. Ягоны тон не пакідаў няпэўнасці: ён павінен прывезці Вольгу ў Вільню, і ён гэта зробіць.

Вольга выйшла з кабінету дырэктара, накіравалася ў свой пакойчык. Не ведала, што ўзяць з сабою. Узяла толькі дакументы ды фотаздымак маленькай Волечкі. Вельмі хацелася ўзяць яшчэ і фотакартку Юльяна, але яна перасіліла сябе і не ўзяла. Насіць з сабою ягоную картку было небяспечна. Акрамя таго, Вольга проста баялася, што гэтую картку ў яе могуць забраць. Вольга пацалавала Волечку, папрасіла прыбіральшчыцу, якая калі-нікалі прыглядвала за дзяўчынкай, каб забрала Волечку да сябе, пакуль яна не вернецца. Прыбіральшчыца адказала:

— Не хвалюйцеся, Вольга Аляксееўна. З Волечкай усё будзе добра. Глядзіце, каб з вамі чаго не здарылася, — і гэтая паджылая жанчына чамусьці заплакала.

Вольга не ведала чаму, але ёй таксама горкі камяк засціў горла. Калі яна выходзіла з будынку школы, у школьным двары сабраліся ўсе: і настаўнікі, і прыбіральшчыцы, і нават школьны вартаўнік. Вокны школьнага будынку не маглі змясціць дзіцячых твараў, што папрыліпалі да шыбаў. Усе маўчалі, толькі, ужо сядаючы ў машыну, Вольга пачула голас вартаўніка:

— Яна больш не вернецца!
 

 
   

* * *

Машына спынілася каля будынку Міністэрства асветы. Яе суправаджальнік ціха, напаўголасу перамовіўся аб нечым з чалавекам у вестыбюлі, які, відавочна, іх чакаў. Пасля вярнуўся да Вольгі, прапанаваў:

— Пройдзем, Вольга Аляксееўна, у аддзел кадраў.

Яны спусціліся ў нейкае падвальнае памяшканне. Інспектар звярнуўся да супрацоўніцы:

— Знайдзіце, калі ласка, асабовую справу Вольгі Пагуды.

Супрацоўніца чамусьці вельмі напалохалася, калі пачула гэтае прозвішча, пачала дрыжачымі рукамі перабіраць карткі, адсоўваць ды зноў засоўваць нейкія шуфляды. Нарэшце знайшла патрэбныя паперы, працягнула іх інспектару, які, у адрозненне ад гэтай супрацоўніцы, зусім не хваляваўся, а спакойна чакаў. Інспектар забраў паперы, і яны разам з Вольгай падняліся на другі паверх, доўга ішлі цемнаватым калідорам міністэрства. Нарэшце спыніліся каля дзвярэй, на якіх не было ніякай шыльды. У гэтым пакоі, куды інспектар запрасіў увайсці Вольгу, было яшчэ двое маўклівых людзей. Адзін з іх адразу ўзяў асабовую справу, пачаў чытаць. Вольга з жахам падумала, што такое з ёю ўжо здаралася. Тады, у Менску.

Інспектар выцягнуў з шуфляды аркуш паперы, звярнуўся да Вольгі:

— Запоўніце, калі ласка, Вольга Аляксееўна, гэтую анкету.

Вольга зірнула на аркуш. Гэта была звычайная анкета, якія даводзілася запаўняць даволі часта. Надта папулярнымі ў тыя часы былі самыя розныя анкеты. Як даволі смела жартавала адна з Вользіных калегаў, кожны мусіў быць пісьменнікам і ўмець прыгожа пра сябе расказаць, каб спадабалася чытачу — спадабалася настолькі, каб той не знайшоў у анкеце нічога дрэннага. У такіх анкетах звычайна трэба было пазначаць звесткі пра месца працы, пра сям’ю, пра нацыянальнасць, партыйную прыналежнасць. Шмат чаго дзяржава праз гэтыя анкеты хацела даведацца пра свайго грамадзяніна — каб вырашыць, чаго гэты грамадзянін заслугоўвае: узнагароды ці пакарання.

Вольга адказала на ўсе пытанні анкеты. У графе пра сямейны стан напісала, што яна незамужняя, мае дачку. Калі яна адказала на ўсе пытанні анкеты і намерылася перадаць яе інспектару, паперку з яе рук перахапіў адзін з тых людзей, што сядзелі разам з імі ў пакоі. Вольга нічога не сказала, яна ж і сама адчувала, што галоўныя ў пакоі — якраз гэтыя маўклівыя людзі.

Чалавек уважліва прачытаў усё тое, што напісала Вольга, моўчкі перадаў паперу другому. Вольга адчула, як смяртэльны холад падступае да напалоханага сэрца. Нездарма яе анкетай гэтак падрабязна цікавяцца! Яна пачала ліхаманкава ўспамінаць, ці не напісала там чаго непатрэбнага.

Невядомыя людзі падняліся, адзін з іх ветліва прапанаваў Вользе:

— Пройдзем з намі.

— Куды? — не зразумела Вольга.

Той нічога не адказаў, а толькі моўчкі хітнуў галавою некуды ўглыб калідора. Так Вольга трапіла туды, куды ўвесь апошні час баялася трапіць. Зрэшты, Вольга ведала, што рана ці позна там апынецца. Яе зноў завялі ў нейкі кабінет. Інспектара, што прывёз яе сюды, у кабінеце не было, як не было і тых двух маўклівых маладых людзей, што так уважліва чыталі яе анкету. Зараз насупраць яе сядзеў зусім іншы чалавек, таксама малады і таксама прыемнага выгляду. Гэты чалавек не хаваў, што ён — супрацоўнік КГБ і што ён павінен дапытаць Вольгу. Ён так і паведаміў ёй — дапытаць. Праўда, не стаў удакладняць, з якой нагоды, а Вольга не стала ў яго цікавіцца, баючыся сваімі пытаннямі наклікаць на сябе яшчэ горшую бяду.

Чалавек выцягнуў з шуфляды нейкую папку і паклаў туды анкету. Вольга паспела заўважыць, што ў гэтай папцы ляжаць паперы не толькі на яе, але і на яе сваякоў. Зверху яна ўбачыла прозвішча бацькі.

Пачаўся допыт. Следчы першым чынам высветліў, ці сапраўды яна Вольга Пагуда, хоць было відавочна, што ён добра ведае, хто перад ім.

— Скажыце, калі ласка, чым вы займаліся падчас вайны? — гэта было першым пытаннем следчага, якое датычыла сутнасці справы.

— Я працавала ў школе, гадавала дачку, старалася неяк выжыць, — Вольга з усяе сілы намагалася не паказаць свайго хвалявання.

Следчы таксама відавочна хаваў свае пачуцці ад Вольгі. Таму, напэўна, практычна не падымаў твару ад папераў, нават калі нічога там не пісаў.

— Вам вядома што-небудзь пра Беларускую Незалежніцкую Партыю?

Пытанне было зададзенае такім тонам, што ў Вольгі нават сумневу не ўзнікла: гэты чалавек цудоўна ведае пра БНП усё, нават тое, што практычна ўсе паседжанні БНП адбываліся на той кватэры, дзе яна жыла разам з Юльянам. Адмаўляць тое, што яна ведае пра БНП, было бессэнсоўна.

Вольга як мага больш спакойна адказала:

— Я чула пра гэтую партыю.

Яна чакала, што следчы пачне дапытвацца пра кіраўніцтва БНП, пра Юльяна, але той чамусьці не стаў гэтага рабіць.

— Вы былі сябрам гэтай партыі? — запытаў ён.

— Не, — адказала Вольга, адчуваючы нават нейкую палёгку ад сваіх адказаў. Яна не падманвала следчага. Сапраўды, яна не была сябрам БНП.

Следчы, відаць, быў задаволены адказамі Вольгі. Ён не стаў дапытвацца, чаму яна не ўваходзіла ў БНП. Размова паміж імі адбывалася трошкі незвычайная. Адказы Вольгі былі надзвычай нешматслоўнымі. Найчасцей яна адказвала толькі „так“ ці „не“, тым не менш следчы пасля кожнага яе адказу засяроджана пісаў нешта ажно хвілін дзесяць. Следчы пісаў, а Вольга мусіла была моўчкі сядзець насупраць, чакаць наступнага пытання ды прыслухоўвацца да гукаў, што чуліся за сцяною. Нарэшце следчы скончыў пісаць ды зноў звярнуўся да Вольгі.

— Ці былі вы дэлегатам на з’ездзе БНП?

— Не, — адказала Вольга. Яна была настолькі напалоханая, што з цяжкасцю магла гаварыць. Язык не хацеў слухацца, вусны не расшчапляліся. — Я ж не была сябрам БНП, таму і дэлегатам быць не магла.

Вольга пачынала нервавацца. Цяпер пытанні пра БНП палохалі яе не менш, чым гукі за сцяною. Яна ўвесь час чакала пытанняў пра Юльяна. Але следчы цікавіўся пакуль што больш агульнымі рэчамі, што тычыліся БНП.

— Значыць, вам невядома, колькі дэлегатаў прысутнічала на з’ездзе?

— Не, невядома.

— Добра, — пагадзіўся следчы і зноў пачаў нешта пісаць сваім дробным хуткім почыркам. — А што вам вядома пра з’езд у Вільні, які адбыўся недзе пад восень 1944 году? — працягваў цікавіцца следчы.

Гэтым разам Вольга шчыра здзівілася пытанню. У 1944 годзе яна ўвогуле не ведала, што дзеялася ў свеце. Яна ўжо год жыла без Юльяна. Вольга тады практычна не сустракалася ні з кім з былых Юльянавых паплечнікаў, пагатоў большасці з іх ужо і не было ў Маладэчне. Хто з’ехаў за мяжу, хто загінуў, хто хаваўся ад савецкіх карных органаў, бо немцы тады ўжо адышлі, а Саветы ледзь не адразу пачалі шукаць тых, хто, на іх думку, супрацоўнічаў з немцамі. Такім чынам, Вольга сапраўды нічога не ведала пра гэты з’езд у Вільні, а вось следчага надзвычай цікавіў акурат ён.

— Ну як жа вы нічога не ведаеце? — здзіўляўся следчы. — Гэта быў такі важны з’езд. На ім прысутнічала амаль 5000 дэлегатаў. На гэтым з’ездзе, паводле некаторых звестак, вырашана было адлучыць Беларусь ад Савецкага Саюзу. Ці так гэта?

— Вы нашмат больш за мяне ведаеце пра гэты з’езд, — у гэтым пытанні Вольга вырашыла сваіх пазіцый не аддаваць, а быць цвёрдай, бо яна казала праўду. Цяжка ёй было б толькі хлусіць, нават гэтаму следчаму. — Пра гэты з’езд упершыню я чую ад вас.

— Добра, пакінем гэты з’езд, калі вы пра яго нічога не ведаеце. Вы, Вольга Аляксееўна, жанчына разумная, інтэлігентная. Сустракаліся, напэўна, з многімі людзьмі, — перайшоў на іншую тэму следчы, — ці ведалі вы такога Яна Станкевіча?

Вольга ведала Яна Станкевіча, ён некалькі разоў заходзіў да Юльяна. Яна Станкевіча ведалі практычна ўсе, хто, як і Юльян, змагаўся за Беларусь у часе вайны. Станкевіч Вользе падабаўся. Адчувалася, што гэта надзвычай разумны і прыстойны чалавек. Юльян жа ад яго быў проста ў захапленні.

„Калі гэты гэбіст цікавіцца Станкевічам, — падумалася Вользе, — значыць, ні ў якім разе не варта нешта пра яго гаварыць. Скажаш, на тваю думку, нешта вельмі добрае пра чалавека, а яму пашкодзіш“. Вольга ўжо ня раз упэўнівалася, што ў савецкай улады былі іншыя меркаванні наконт таго, што добра і што дрэнна, чым у звычайных людзей.

Яна не ўмела ілгаць, але цяпер у яе не было іншага выйсця. Яе адказ следчаму быў такі:

— Не, я ніколі не сустракалася з гэтым чалавекам.

— Але ж вы ведалі, хто ён такі?

— Я чула пра яго.

— Ад каго?

— Не памятаю ўжо. Здаецца, у гандлёвай школе нехта пра яго гаварыў.

Вольга казала няпраўду, але следчы яе праглынуў ці зрабіў выгляд, што праглынуў. Ён нешта напісаў, пасля ўзяў іншую папку, пагартаў яе, пачытаў. Нарэшце зноў звярнуўся да Вольгі, надзвычай напалохаўшы яе сваім пытаннем:

— А што вы можаце паведаміць нам пра Саковіча?

„Вось яно! Пачалося!“ Сцяна насупраць, ад якой Вольга чамусьці не магла адвесці вачэй, некуды паплыла. У вачах заскакалі жоўтыя і зялёныя матылькі. Нарэшце яны зацікавіліся Юльянам. Можа, проста маўчаць?! А раптам яе пачнуць біць, як тых людзей, што крычаць за сцяною?! Ці вытрымае яна?! Вольгу ніхто ніколі не біў ні ў дзяцінстве, ні пасля. Яна не ведала, ці здолее вытрымаць боль. Але пра Юльяна яна не скажа нічога.

— Што вы можаце паведаміць нам пра Аляксандра Саковіча, вашага мужа? — удакладніў следчы, які не падымаў галавы ад сваіх папераў і не бачыў, як напалохаў Вольгу сваім папярэднім пытаннем.

Калі папярэдняе пытанне выклікала ў Вольгі ледзь не шок, то гэтае яе здзівіла і нават развесяліла, калі магчыма было ўвогуле весяліцца ў такім стане. Аляксандр ніколі не быў яе мужам і не збіраўся ім быць, як і Вольга не мела намеру выходзіць за яго замуж. Аляксандр проста быў чалавекам, да якога Вольга магла звярнуцца па дапамогу.

— Аляксандр Саковіч ніколі не быў маім мужам, — адказала Вольга, — я не замужам.

— Значыць, Аляксандр Саковіч не з’яўляецца вашым мужам? — дапытваўся следчы. — Але ж нам вядома, што ён вам даводзіцца нейкім сваяком, хоць вы і настойваеце, што ён вам не муж. У вашай дачкі прозвішча Саковіч, гэта так?

— Так, — Вольга старалася гаварыць як мага спакайней, але сілы ўсё больш і больш пакідалі яе маленькае, зусім нямоцнае цела, — у маёй дачкі прозвішча Саковіч. Аляксандр Саковіч — наш далёкі сваяк.

— Ваш сваяк Аляксандр Саковіч з’ехаў з тэрыторыі Савецкага Саюзу. Нам вядома, што ў яго засталася нейкая маёмасць у нашай краіне, прынамсі, засталася зямля. Вы ж ведаеце, Вольга Аляксееўна, што ў нашай краіне цяпер актыўна ўтвараюцца калгасы. Людзі з ахвотаю ідуць у калгасы, але павінны добраахвотна аддаць туды сваю маёмасць, у тым ліку і зямлю. Дык вось, на зямлі Аляксандра Саковіча цяпер няма гаспадара, і мы не можам утварыць там калгас, як належыць. Яго зямля знаходзіцца якраз пасярод калгаснай зямлі і замінае калгаснікам, — пасля такога працяглага ўступу следчы нарэшце прыступіў да галоўнага, — ці не маглі б вы нам паведаміць, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр і як з ім можна звязацца?

Вольга не вагалася ні хвіліны, адказала адразу:

— Я паняцця не маю, дзе зараз знаходзіцца Аляксандр. Я не падтрымліваю з ім аніякай сувязі.

— Але ж вы не выключаеце магчымасці, што ён можа вас калі-небудзь наведаць. Напрыклад, ён захоча наведаць сваю пляменніцу, вашую дачку, — разважаў следчы, — у нас да вас, Вольга Аляксееўна, ёсць невялікая просьба. Калі Аляксандр Саковіч раптам наведае вас, патэлефануйце, калі ласка, вось на гэты тэлефон. Трэба неяк дапамагчы калгаснікам.

Следчы працягнуў Вользе кавалачак паперы і падняўся з-за стала.

— А цяпер я выпішу вам пропуск. Вы можаце быць свабоднай.

Вольга не адразу зразумела сэнс яго апошніх слоў. Няўжо яе выпускаюць з гэтага жудаснага месца?! Можа, гэта нейкая правакацыя? Вольга чакала, што следчы засмяецца і паведаміць ёй, што ён пажартаваў, ён не адпускае яе, а арыштоўвае, як тых людзей, галасы якіх яна чула за сцяною і якіх ён назваў „ворагамі народу“. Але вось яна ўжо ідзе побач з маўклівым незнаёмым чалавекам, якому следчы даручыў правесці яе да выхаду. Гэты чалавек моўчкі адчыняе перад ёю адны дзверы за другімі.
 

 
   

Нарэшце яна апынулася на вуліцы. Спынілася пасярод тратуару і колькі хвілінаў не магла зразумець, у які бок ёй трэба. У вачах было цёмна, нібы ў яе раптам пагоршыўся зрок. У людзей, што праходзілі паўз яе па ходніку, яна не магла разгледзець ані твараў, ані вопраткі.

Так яна стаяла, пакуль не зразумела, што трэба як мага хутчэй бегчы далей ад гэтага месца. Яна ледзь і не пабегла, прынамсі, ішла вельмі хутка. Ёй было ўсё роўна, куды яна ідзе, толькі б далей адсюль. Вольга ішла, не звяртаючы ўвагі на тых, каго мінала яна сама і хто мінаў яе. Але раптам яна выпадкова глянула на той бок вуліцы і ўбачыла, што паралельна ёй з гэткай жа хуткасцю рушыць нейкі малады чалавек. Ён быў адзін на тым баку, таму і прыцягнуў яе ўвагу. Вольга спынілася, трохі пастаяла, каб перавесці дых, чалавек спыніўся таксама. Жанчыну працяў жах. Яна не ведала, што рабіць далей. Відавочна, што ўцячы ад гэтага чалавека ёй не ўдасца. Дый навошта ўцякаць?! Што трэба ад яе гэтаму чалавеку? Мажліва, трэба было б падыйсці да яго ды запытаць, чаму ён крок у крок ідзе за ёю. Але Вольга не магла падыйсці да яго. Яе самым вялікім жаданнем было, каб гэты чалавек проста збочыў на іншую вуліцу і ніколі больш ёй не спаткаўся. Але чалавек працягваў ісці туды, куды ішла Вольга. І яна ішла, у глыбіні душы дзякуючы лёсу, што зараз не ноч, а раніца (асабісты пратрымалі Вольгу цэлыя суткі). Так і дайшла яна ў суправаджэнні ці то вартавога, ці то наглядальніка ажно да самага вакзалу.

Да аўтобуса дадому заставалася яшчэ больш за паўгадзіны. Як перажыць гэтыя паўгадзіны? Калі ўжо пад’едзе гэты аўтобус, колькі часу яна павінна яшчэ чакаць, калі ўбачыць, нарэшце, сваю Волечку? Вольга агледзелася па баках. Яе пераследнік кудысьці знік альбо хаваўся недзе так, што Вользе не было відаць. Ну і добра! Няхай сабе назірае за ёю, але так, каб яна яго не бачыла, бо на гэта ў Вольгі не было ўжо сілаў. Вольга прысела на лаўку ў самы куточак. Яна ні пра што не думала. Ні думак, ні нават пачуццяў у яе ўжо не заставалася. З гэтага напаўнепрытомнага стану яе вывеў нечый голас. Яна не адразу зразумела, што насупраць яе стаіць і нешта ёй кажа Колас, знаёмы яшчэ з Маладэчна святар.

— Вольга! Якім лёсам?! — радасна шчабятаў Колас. — Па справах у горадзе ці проста так?

„Каб ты ведаў, па якіх я тут справах!“ — падумала Вольга, але адказаць нічога не паспела. Колас падхапіў яе пад локаць, падвёў да рога нейкага будынку, агледзеўся па баках і па-змоўніцку прашаптаў:

— А ў мяне для цябе, Вольга, ёсць сюрпрыз.

Ён палез у кішэню пінжака, выцягнуў адтуль нейкую паперку.

— Гэта прасілі табе перадаць.

Вольга разгарнула паперчыну. Гэта была нейкая цыдулка.

„Вольга!
Прыходзь сёння да аўтобуснага прыпынку ў сем гадзін вечара. Мне трэба нешта табе паведаміць. Аляксандр!“.

Вольга зноў згарнула аркушык, працягнула яго назад Коласу.

— Гэта памылка. Гэтая цыдулка не мне, — паведаміла яна.

— Як не табе? — шчыра здзівіўся Колас. — Табе! Ад Аляксандра!

— Я не ведаю аніякага Аляксандра! — Вольга не змагла схаваць у сваім голасе адчаю. „Што трэба ад мяне ўсім гэтым людзям?!“

Яна павярнулася і пайшла ад Коласа, не аглядалася і не бачыла, што ён рабіў і куды пайшоў. Вольга не ведала, ці сам Аляксандр напісаў гэтую цыдулку. Яна ніколі не бачыла яго почырка. Але яна была ўпэўненая, што ён сам аніяк не мог перадаць гэтую цыдулку Коласу. Аляксандр яго ледзь ведаў. Што азначала гэтая цыдулка? І раптам нечаканая думка працяла яе наскрозь: паміж цыдулкай і допытам была непасрэдная сувязь. Вольгу хацелі арыштаваць, але, напэўна, у следчых не было на яе дастаткова матэрыялаў. Таму ёй паспрабавалі наладзіць сустрэчу з Аляксандрам, якога, відавочна, ужо залічылі ў ворагі народу. Ці адбылася б гэтая сустрэча, калі б Вольга на яе пагадзілася, і хто б на яе прыйшоў, зразумела, заставалася загадкай.

Вольга падышла да касы, каб купіць білет дадому, але не змагла прамовіць ані слова. Адкрывала толькі рот, але язык яе не слухаўся. Касірка вырашыла, што яна нямая, і падала ёй аркушык паперы і аловак. Вольга напісала, куды ёй трэба ехаць. Нарэшце яна села ў аўтобус. Раз-пораз пазірала ў акно, ўсё яшчэ не верыла, што яна свабодная і едзе дамоў, да дачкі. Дарога цягнулася як ніколі доўга. Нарэшце аўтобус спыніўся ў мястэчку, дзе яна жыла. Насустрач Вользе бегла Волечка. Светлыя коскі, старанна заплеценыя прыбіральшчыцай, трапяталіся ззаду за спінаю...

 

Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 9 (14) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 03-02-2001