A R C H E M e d y c y n a № 9 (14) – 2000
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


92000
» да Зьместу «

 


Мэдыцына
 


 гісторыі

 
Вокладка ARCHE Skaryna 9-2000. На вокладцы выкарыстаныя фотаздымкі Алены Адамчык.

   Мінулыя нумары:

   Скарына (8-2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6-2000)
   Глёбус
   Скарына
(4-2000)
   Габрэі
   Скарына
(2-2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Андрэй Захаранка
Кроніка аднае аблогі 
Апавяданьне 

Чацьвер, 12 чырвеня

Першыя прамянi сонца борзьдзенька зьлiзалi з пажухлае травы драбнюткiя зьнiчкаватыя кропелькi расы, зьнiшчаючы нават успамiн аб кароткай, нiбыта прымроенай прахалодзе ночы. Кволае зелянiстае жыта, крыху спачылае за некалькi ратавальных гадзiнаў цемры, iзноў схiлiла свае па-дзявочаму пекна прыбраныя галовы, i лёгкi подых яшчэ соннага ветрыка пацягнуў да чалавечага жытла тонкi салодзiсты пах жытняга мора.

Балкевiч ляжаў на сваiм няўтульным вузкiм ложку, падабраўшы каленi ды пакутлiва вырашаючы, прамінуў ён празрыстую мяжу памiж сном i яваю, цi не. Чуйным вухам ён ужо лавiў прыглушаныя гукi нябачнага ранiшняга жыцьця невялiчкага мястэчка, дзе кватараваў полк. Далёкiя галасы гарластых рудых пеўняў мяшалiся з пранiзьлiвым жаночым лямантам ды разважлiвым роўным рыпеньнем калодзежнага калаўрота. Нейдзека зусiм блiзка ля вакна, напэўна, хаваючыся ў цень разлапiстых векавых лiпаў, што тулiлiся да памаляванага ў жоўты колер дому з паўкруглаю шкляною вэрандаю й дзiкiм вiнаградам над уваходам, гучна рыкнула карова. Балкевiч расчуў нават яе шумнае дыханьне й шоргат саскубанай травы.

Сьветлая бацькоўская сядзiба. Ласкавае сонейка толькi-толькi ўзьнялася над празрыстымi зялёнымi шапкамi шляхетных ясеняў. Стары дом з чырвоным дахам, высокiмi вокнамi й шырачэзным гаўбцом-аранжарэяй яшчэ хаваецца ў iх прыемны цень. Сёньня мацi йзноў сама зьбiрае на сьнеданьне, i ад гэтага ягонае сэрца замiрае ў чаканьнi маленькага сьвята.

Утульная вузкая сьцежка, абсаджаная з абодвух бакоў сакавiтымi бэзавымi курчынамi, што часам зьлiваюцца вярхамi, ствараючы зялёны цянiсты тунэль, бяжыць наўпрасткi да звонкiх удараў агромнiстага кавадла. Бацька ў жоўтым скураным хвартуку вынырвае зь нiзенькiх дзьвярэй кузьнi, хапае яго ў свае моцныя, чорныя ад вугальля й дыму рукi ды падкiдае так высока ў ранiшнi чырвеньскi блакiт, што замiрае сэрца. А потым сьмяюцца ўсе — i ён, i бацька, i цагляная кузьня, i смарагдавае кусьце бэзу. Старая цётка Анэля працягвае панiчу вялiзны глiняны кубак тлустага сырадою...

Прыгожая салодкая мроя растала ў прасторы, расьсечаная йрваным сьвiстам сырамятнае пастуховае пугi. Карова за вакном хуценька патупала вон ад жоўтай хаты з вэрандаю, гаспадыня за сьценкаю загрукатала посудам, нехта нябачны на другiм баку шырокае местачковае вулiцы пачаў гучна й шчыра лаяцца. Высокi гiстэрычны голас доўга і роўна бэсьцiў некага цi, можа, нешта, ажно пакуль ня сьцiх дзесьцi за хатамi. З усяе тырады толькi адно слова адарвалася й нiбыта зажыло ўласным жыцьцём, павiснуўшы ў распаленым сонцам паветры, — „сьпёка“.

— Сьпёка... — уголас прамовiў Балкевiч i зразумеў, што прачнуўся.
 

   

Ён сеў на ложку, зьвесiўшы босыя ногi на брудную падлогу. Ява была куды менш прыемнаю, чымсьцi ягоныя сонныя мроi. Дзень здаваўся яму вядомым наперад з усiмi дробязямi. Зараз ён будзе пiць гэтую жудасную паходную каву, гартаючы старонкi сто разоў перачытанага ўдоўжкі і ўпоперак старога рамана, калi толькi гаспадыня не запросiць на румяныя салодкiя аладкi з маслам ды гарбатай... Потым лянотна пасунецца ў стайню. Шыхтаваньне, ранiшнi агляд, расклад на сёньня, бессэнсоўны афiцэрскi сход у палкоўнiка. Потым... Гэткiм чынам падобныя адзiн да аднаго, нiбы местачковыя маладзiцы, днi цягнулiся дурным цугам ужо другi месяц. А тут яшчэ гэтая сьпёка! Але каб абурацца, патрэбныя былi сiлы, а марнаваць iх на гэткую няплоднасьць Балкевiчу не хацелася. Ён, скрывiўшы твар, шырока пазяхнуў, пацёр далоняй лоб ды стаў шукаць вачыма цяжкія, ненавiсныя гэткаю гарачынёю боты.

Хуткае звонкае цохканьне капытоў па хвалiстым местачковым бруку прарэзала ранiшнi спакой, нiбы вузкае шпажнае лязо цёмную ваду соннага ляснога возера, не парушаючы ягонае нерухомасьцi й задуменьня. Абвостраны бясконцай сумнай аднастайнасьцяй слых iмгненна выхапiў новы гук. Балкевiч, якi гэтым часам ужо раўнаў на грудзях скураную вайсковую партупею, раптам са зьдзiўленьнем заўважыў, што ягонае сэрца забiлася мацней i нават на нейкi момант замёрла дыханьне.

„Ну, вось! — падумаў ён, кiваючы галавою ды саркастычна гледзячы на сваю цыбатую паставу ў мурзатае люстра. — Дажылiся! Зьдзiчэў ужо так, што на конскi тупат сэрца выскоквае. Яшчэ пару месяцаў гэткае вайны — усе тут паненкамi паробiмся“.

Ён заклаў рукi за сьпiну й моўчкi рушыў па пакоi, злуючы на самога сябе, бо нiчога не выходзіла. Нутраная барацьба цягнулася шчэ колькi ймгненьняў, але нарэшце Балкевiч кiнуў дурныя высiлкi, апусьцiўся ў глыбокую рыплiвую фатэлю й дазволiў усёй сваёй iстоце аддацца цiкаўнасьцi.
 

   

Было чуваць, як добра падкаваны, вiдавочна, вайсковы конь сьцiшыў хаду, зьвярнаючы з гарачага ўжо бруку на зжаўцелую траву й наблiжаючыся да дому зь дзiкiм вiнаградам. Гучна рыпнула сядло, вершнiк борзьдзенька саскочыў ля самае сьцяны й нецярплiва грымнуў дзьвярыма. На нейкi момант павiсла напружаная цiшыня. Потым унiзе нешта голасна прагаварыла гаспадыня, i нарэшце сталi чутныя хуткiя крокi на лесьвiцы. Балкевiч падабраў вусны й доўгiм шляхетным пальцам пачухаў брыво, мiжволi дзiвячыся з дакладнасьцi ўласнага прадчуваньня. У дзьверы гучна пастукалi.

— Калi ласка! — гаспадар пакою закiнуў адну нагу на другую й, кiваючы носцам запыленага чорнага бота, пiльна ўтаропiўся ў нiзкiя шчылiстыя дзьверы.

— Капiтан Балкевiч? — нiзка прыгiнаючы галаву, у пакой прасунуўся маладзенькi афiцэр са штабу. — Вам загадана зьявiцца да спадара палкоўнiка!

Балкевiч спакойна й неадрыўна глядзеў проста ў твар афiцэру. Той вокамгненна злавiў пагляд, засмуцiўся й пачаў зацiкаўлена вывучаць звыш як сьцiплы iнтэр’ер пакою, нэрвова перамiнаючыся на даўгiх ды тонкiх нагах. У невялiчкае бруднае акенца капiтанскага жытла з роўным гудзеньнем бiўся таўсты чорна-жоўты чмель, а на суседнiм дварышчы флегматычна лязгаў сонны сабака. Капiтан маўчаў.

— Да спадара палкоўнiка? — прамовiў ён нарэшце, калi няёмкая паўза зацягнулася.

— Так, спадар капiтан! Праз паўгадзiны! — жвава адгукнуўся наведнiк.

— Цуд-доўна... — расьцягнута падоўжыў сваю гульню Балкевiч, зьдзекваючыся ня столькi з прыслужлiвага штабнога афiцэра, якiх ня вельмi паважалi „сапраўдныя ваякi“, столькi з самае зьявы вайсковае дысцыплiны. Мiнула некалькi маўклiвых iмгненьняў, як ён раптоўна адчуў сьлiзкую хвалю агiды з уласных паводзiнаў, роўна як i з гэтае дурное чалавечае гіерархii. Гульлiвы настрой кудысьцi зьнiк, капiтан сьцiснуў далонямi лоб ды коратка й шчыра выгукнуў:

— Прабачце... Дзякую...

Афiцэр выйшаў, а гаспадар адкiнуўся ў фатэлi, стомлена гледзячы ў заседжаную мухамi, даўно ня беленую столь.

Балкевiч высьцягнуўся й сьцiшана адрапартаваў. Палкоўнiк марудна й нiбыта зь неахвотаю адарваўся ад раскiданых на стале аркушоў. Нейкi час ён невiдушча глядзеў на вiзытора, i па выразе ссохлага, зьлёгку маршчаватага твару было вiдаць, што ягоныя думкi ўсё яшчэ блытаюцца нейдзе пасярод сакрэтных, надзвычай важных папераў. Першымi аджылi маленькiя бляклыя вочы, колер якiх заўсёды нагадваў Балкевiчу каламутную ваду ў ставе недалёка ад стайнi, пры якой месьцiлася ягоная сотня. Яны хутка й холадна ўсьмiхнулiся.

— Сядайце! — палкоўнiк сухою рукою паказаў на крэсла ля вакна, упёрся локцямi ў стальніцу й, счапiўшы пальцы, на момант узьняў твар, нiбыта наважваючыся распачаць размову. Балкевiч спакойна згатаваўся слухаць. Палкоўнiк загаварыў няроўным знэрваваным голасам, якi выдаваў крыўду, бяссоньнiцу й схаваную чорную мэлянхолiю. Ягонае ссохлае дробнае цела непрыгожа й злосна засоўвалася па даўгiм пакоi, засьцячы адзiнае высокае вакно. Кароткiя словы зрывалiся з тонкiх жорсткiх вуснаў, i здавалася, што аб iх можна балюча пабiцца, калi ў пару не адысьцi ўбок.

Усе ведалi, што палкоўнiк з паходжаньня — князь. Маўклiвая бездань часу, што стаяла памiж колiшнiм маладым вытанчаным наступнiкам вядомага роду й сёньняшнiм падобным да адладжанага мэханiзму ваякам, мiжволi прымушала паважаць гэтага чалавека зь лёсам, ахутаным таямнiцай. Нешта казалi аб нейкiм паўстаньнi, заўчасна памерлай паненцы — цi то каханцы, цi то жонцы, — ды двох эўрапейскiх унiвэрсытэтах. Але дакладна нiхто нiчога ня ведаў. Зразумела было толькi тое, што сёньняшнi палкоўнiк — адно чалавек вайны. Вайна была яму мэтаю, сэнсам ды спосабам жыцьця ў гэтым сьвеце. Калi ён зьяўляўся на штодзённым афiцэрскiм сходзе не ў гуморы, прыдзiрлiвы й скандальны, скрыўджаныя дурнымi ўеднымi заўвагамi афіцэры злосна жартавалi: „Iзноў сасьнiў, што вайна скончылася!“ Але, хутчэй за ўсё, гэтак яно й было. Жыцьцё без вайны губляла для яго ўсялякi сэнс, ператваралася ў тупое жывёльнае йснаваньне. Усе добра памяталi, як у дзень, калi распачалася гэтая Грамадзянская, ён казённым коштам частаваў увесь полк францускiм шампанскiм, ды ўпершыню, мажлiва, за ўсю гiсторыю ягонага палкоўнiцтва гралi вайсковыя музыкi.

Усё гэта пранеслася ў галаве Балкевiча, пакуль ён слухаў простыя ды ясныя, нiбы пiсталетны стрэл, словы палкоўнiка. А зь iх вынiкала, што нейкi стары ягоны супольнiк зрадзiў Вялiкай iдэi й вырашыў выйсьцi з вайны, распусьцiўшы хаўрусьнiкаў ды схаваўшыся з рэштаю людзей i сям’ёю ў радавым замку. З гэтае нагоды сотня гвардзейскага капiтана Балкевiча павiнна заўтра зраньня зьняцца з кватэраў, рушыць да камянiцы й любым коштам прымусiць зраднiка ў шэраг, або...

Штабны афіцэр з павагай праводзiў капiтана з палкоўнiцкiх апартамэнтаў. Балкевiч нехапатліва скочыў на свайго самлелага сьпёкаю гнедага й вольна рушыў шырокай, зьбiтай конскiмi капытамi сьцежкай. Яна вiлася няроўнай зьмейкай сярод пабiтых маланкамi ды пасохлых ад гарачыні клёнаў ды вязаў, што зялёным рэдутам абкружалi сьвежы зруб зь нiзкiм пакрытым шэраю дранкай дахам, дзе месьцiўся штаб.

Балкевiч спакойна глядзеў уперад з выглядам чалавека, спазналага заканамернае, прадчуванае шчасьце. Ён ведаў, што сёньня яму будуць зайздросьцiць. Ого! Атрымаць гэтакi загад пасьля шматтыднёвага чаканьня! Ну й няхай! Усё, мiж iншым, правiльна. Капiтан усьмiхнуўся й ледзь крануў круглыя конскiя бакi сталёвымi астрогамi.
 

   

Пятнiца, 13 чырвеня

Першыя ружовыя промнi асьцярожна лiзнулi халодны фiялет яшчэ начнога неба, калi сотня капiтана Балкевiча кранулася зь месца. Старая графская кастэля — мэта сёньняшняга маршу — месьцiлася ўсяго за некалькi дзясяткаў мiляў ад мястэчка ў самым сэрцы велiзарнае Пушчы, i капiтан плянаваў ужо ўвечары стаць лягерам недалёка ад яе сьценаў. Доўгая сьпёка павiнна была падсушыць збалацелы, вiльготны лес, што давала шанец яго сотні пераадолець адлегласьць дастаткова хутка. Да таго ж стомленыя аднастайнасьцяй гусары гатовыя былi сунуцца куды заўгодна, толькi б разарваць нуднае кола бязьдзеяньня.

Добра наежджаная пыльная дарога шырокай шэрай зданьню ўзьнiкала зь цемры й пакорлiва клалася пад хуткiя конскiя ногi. Халодная перадранiшняя цiшыня зьдзiўленай нерухомасьцяй абхiнала мешанiну прыглушаных гукаў — мяккага тупату капытоў, цiхага конскага храпу ды засяроджанага пакерхваньня вусатых вершнiкаў. Пакiнутае ў выгнутай сярпом лагчыне мястэчка яшчэ зрэдку нагадвала пра сябе далёкiм сонным сабачым брэхам.

Мiнула пара гадзiнаў маўклiвага маршу, калi разам з чырвоным сонечным кругам наперадзе ўзьнiк нарэшце зубчасты край Пушчы. Незаўважна зьмянiўся краявiд. Усё часьцей звыкламу да паўцемры воку сталi трапляцца высьветленыя цёплай чырваньню круглыя прыдарожныя лiпы, адзiнокiя бярозы ды дзе-нідзе раскiданыя купiны лазы. Яшчэ колькi хвiляў мернага рыпеньня сёдлаў ды зьвяканьня цугляў — i акуратная калёна дужых зухаватых ваяроў збочыла са зручнага шырокага гасьцiнца, наўскос перасекла спаленую сонцам рудую сенажаць i схавалася пад важкiя шаты лесу.

Балкевiч заплюшчыў вочы, паволi ўдыхаючы густы, крыху вiльготны водар сьвежай лясной зелянiны. Прызвычаеныя да пыльнае шэрасьцi пачуцьці з натугай пагаджаліся вызнаць сапраўднасьць навакольнае харашыні. Капiтан крыху пацягнуў лейцы, прымушаючы паслухмянага гнедага сьцiшыць хаду й збочыць. Прасека зрабiлася вузейшай, i таму калёна расьцягнулася ў даўгi ланцуг. Балкевiч спынiўся на невялiчкай палянцы, моўчкi прапускаючы прыцiхлых ад нечаканага ляснога хараства гусараў. Сонца ўжо добра ўзьнялося й трусiла сваё агнiстае праменьне на сонную Пушчу.

Балкевiч сьцебануў па гладкiм конскiм крупе й рушыў вузкай сьцежкай за апошнiм вершнiкам, калі той ад’ехаўся мэтраў на дзесяць. Над галавою ў няроўных прагалах зiхацеў блакiт з рэдкiмi празрыстымi аблокамi, падобнымi да малака, разьлiтага па чыстай рачной вадзе. Здавалася — дастаткова працягнуць руку, каб схапiць iх далоняй. Капiтан на момант падняў галаву, гледзячы ў нечакана блiзкае неба, i зноў невiдушча ўтаропiўся ў пругкiя конскiя вушы. Трывожныя думкi й старыя балючыя ўспамiны зароiлiся ў галаве. Што ўяўляе зь сябе ён, капiтан Балкевiч, у свае дваццаць дзевяць? Той самы Балкевiч, што яшчэ пяць гадоў таму шчыра расьсьмяяўся б з кожнага, хто паспрабаваў бы напрарочыць яму, эстэту й фiлянтропу, вайсковую кар’еру! Але ж вось ён пры поўным рыштунку і ўласнай коннай сотнi шпацыруе раўнаць зь зямлёю непадатлiвую шляхецкую камянiцу. Сто чалавек штодзень глядзяць яму ў рот, гатовыя выканаць любы ягоны загад, а сам ён з пакорлiвасьцяй вышкаленага каня згатаваны цягнуць у жыцьцё вар’яцкiя йдэi старога вар’ята-палкоўніка!

Спачатку было цяжка, потым зрабiлася страшна, потым стала цiкава, i нарэшце, калi ўсё пайшло, як па наежджанай каляiне, — абыякава. I што цяпер? Цяпер гэтая дурная Грамадзянская, iдыёцкая й марудная, калi кожны палкоўнiк марыць зьвесьцi на скон iншых ды стацца Адзiным. Цяпер — ён iзноў нясьпешкi едзе па старой Пушчы, каб выканаць чарговы бессэнсоўны крывавы загад i, мажлiва, сустрэць сваю сьмерць.

Успамiн пра сьмерць, нiбыта пякучы ўдар далоняй па твары, спынiў шалёны карагод думак. Нiбы зь якога дзiўнага чараўнiцтва на душы паўстала густая дзiкая цiшыня. Сьмерць!

Анi больш, анi менш, як лягiчнае, заканамернае й неабходнае заканчэньне любога чалавечага жыцьця. Гаспадыня, перад якою роўныя ўсе — i паэт, i халаднакроўны злачынца, i абдраны вулiчны жабрак, i ён, гвардзейскi капiтан Балкевiч.

Балкевiч ехаў, прыглушаны ўласнымi думкамi, раз-пораз выхоплiваючы вачыма важкiя, навiслыя па-над прасекаю яловыя лапы, высокiя, рудыя, мiтусьлiвыя мурашнiкi цi абернутыя навальнiцай агромнiстыя ствалы з вывернутым угару карэньнем. Але для яго, цалкам паглынутага нябачнаю працай нутранога пачуцьця, рэчы зьнешнiя пакiдалi толькi форму, дастойную адно хуткага пагляду. Вар’яцкi Сусьвет! Недарэчнае, сьмешнае чалавецтва! Кожны шугаецца аднае думкi пра сустрэчу зь Ёй. I сваiм бессэнсоўным, нягодным спудам толькi наблiжае гэты ў нечым сьвяточны й абсалютна непаўторны момант. Адзiнае, што можна згатаваць да тае стрэчы, калi проста паважаеш сябе, — спакойнае, разьмеранае чаканьне!

Балкевiч падняў галаву, зьдзiўлены й нечакана акрылены сваiм адкрыцьцём. Здавалася, што жыцьцё зноў набыло нейкi сэнс.

Было ўжо зусiм цёмна, калi ў шэрым прагале наперадзе зачарнелi няпэўныя сiлуэты замкавых вежаў. Сьвятло ў адзiным жаўклявым акенцы цьмяна блiшчэла сярод замёрлых муроў. Замак спаў. У цемры дзiка вухала сава. I людзям, i коням хацелася аднаго — хаця трохi спачыць. Густы купаваты алешнiк хаваў ад пiльных вачэй з кастэлi даўгую вузкую лагчыну збоч ад прасекi. Туды й рушыла маленькае стомленае войска. Прагрэтае за дзень паветра цёплаю коўдрай пакрывала росную зямлю. Засынаючы, Балкевiч нязвыкла мроiў шаўковiстыя дзявочыя косы зь белымi рамонкамi й белы туман над зарослым пругкiм аерам ставом.
 

   

Сыбота, 14 чырвеня

Вузкiм ружовым паском сьвяцiўся ўсход. Празрысты золак незаўважна, але ўпарта адцiскаў важкую алеiстую цемру кудысьцi за вялікiя дрэвы. Нерашуча й перарывiста сакатаў адзiнокi конiк на крывой алешыне. Балкевiч прачнуўся, нiбы крануты за плечы маленькаю нябачнаю рукою, колькi часу нерухома глядзеў на рэдкiя бляклыя зоры на сьсiнелым нябёсным адхоне й нарэшце сеў, пацiраючы далоняй крыху зацеклую шыю. Недалёка рыпнуў ботамi вартавы, перакладаючы ў руках важкi карабiн, за сьпiнаю трывожна захраплi конi. Капiтан зь сiлаю заплюшчыў вочы, патрусiў галавой i з кароткiм шумным выдыхам скiнуў зь сябе апошнiя рэшты сну. Галава была ясная й лёгкая, некалькi гадзiнаў на гаючым лясным паветры цалком прагналi стому мiнулага дня.

Вялікі вецер узьняўся над гонкiм гаманлiвым лесам, горнучы да зямлi ягоныя ганарыстыя, упартыя шчыкi, але чамусьцi амаль не кранаючы росны дол, па якiм ужо совалiся, нiбы мурашы, занятыя ранiшнiм клопатам сонныя гусары. I векавая Пушча, i маленькая чалавечая грамада ад самага ранку жылi сваiм жыцьцём, зусiм непадобным мiж сабою, але аднолькава напружаным i трывожным.

Балкевiч, седзячы верхам, з лагоднаю ўсьмешкай агледзеў прасторную зялёную лагчыну, раскiнутых на сьвежай траве гусараў, што, сьнедаючы, прыцiшана, але вольна й весела гаманiлi, гладкiх расцугляных коней на ўзьлеску, i рашуча выехаў на жаўклявую пяшчаную стужку дарогi. Конскiя капыты адразу загрузьлi ў цёплы цякучы пясок, гнеды незадаволена заматаў галавою, выгнуў шыю й рыўкамi крочыў наперад. Мiнуўся пукаты ўзгорак, дарога весела пабегла ўнiз па адхоне, а вачам адкрылiся, нарэшце, асьветленыя касымi ранiшнiмi прамянямi замкавыя муры.

Няроўны чатырохкутнiк старавечнае кастэлi стаяў на невысокiм круглявым узвышшы, амаль з усiх бакоў уцiснуты лесам. Напэўна, калiсьцi ён меў аднолькава магутныя сьцены ўкруг, быў абведзены шырокiм ровам з адмысловым пад’ёмным мостам. Сёньня ж з усяе былое недасяжнасьцi засталіся толькi два перабраныя муры й трох’ярусная ўязная вежа на рагу. Балкевiч хмыкнуў, зазначыўшы ў думках, што сур’ёзна бараніць гэтай руіны наўрад цi можна. Рысяй вярнуўшыся да начнога лягера, Балкевiч загадаў перакрыць усе мажлiвыя падыходы да замка заставамi, коратка накiдаў старшыням плян на дзень i з трыма харужымi хутка ад’ехаў у бок чырвоных муроў.

Гучны стукат у старыя шэрыя дубовыя дошкi быў пачуты не адразу, цi, мабыць, з тога боку ня вельмi сьпяшалiся адчыняць маленечкае глядзельнае вакенца на абкаванай мэталёвымi пасамi важкай браме. Вочы, што блiснулi нарэшце з-за кратаў, поўныя дзiўнай сумесяй высакароднасьцi, страху й нянавiсьцi загнанага ў кут зьвера, у маўчаньнi перабягалi з капiтана на ягоных сударожнiкаў.

— Гэта замак графа...? — запытаўся Балкевiч, вытрымаўшы даўгую паўзу. Твар у акенцы моўчкi сьцьвярджальна пакiваў.

— Калi ласка, перадайце лiст спадару графу й скажэце, — капiтан працягнуў вынятую з халявы капэрту, — што я буду чакаць ягонага парлямэнцёра з адказам празь дзьве гадзiны... каля вунь тога крыжа.

Балкевiч крыху павярнуўся ў сядле й паказаў рукой на сьвежы дубовы крыж ля дарогi мэтраў за дзьвесьце ад брамы.

— I яшчэ... Маё ймя — капiтан Балкевiч. Перакажэце гэта графу, — у роўным голасе праскочыла засмучэньне й сардэчная стома. Вартаўнiк зачыніў акенца, вiзыторы, рэзка завярнуўшы коней, рушылi прэч.

Чысты сухi пясок зь лёгкасьцяй паддаваўся рыдлёўцы. Гусары жартавалi й сьмяялiся зь дзiвоснае ветлiвасьцi тутэйшых мясьцiнаў, а раскiданыя стрэлкамi траншэi на пяць дзясяткаў стралкоў ды пукатыя рэдуты для артылерыi расьлi, нiбы самi сабою. Сорак чалавек схавалiся ў недалёкiм векавым ельнiку, гарматы пасталi на свае месцы, жаўнеры ў чаканьнi прылеглi на сьвежы пясок. Балкевiч дастаў гадзiньнiк — да сустрэчы пад крыжам заставалася амаль тры чвэрткi гадзiны — нецярплiва кашлянуў i лесам паехаў укруг замку.

Тое, што адкрылася вачам гусарскага старшынi са схаванага лесам тылу цаглянага чатырохкутнiка, было жахлiвейшае за ўсе прадчуваньнi. Будынiна, звонку сапраўды падобная да старога замку, з адваротнага боку выглядала хiба што на ўтульны фальварачак. Тонкiя тынкаваныя сьцены, лёгкi чарапiчны дах, шырокiя вокны зусiм нiзка над зямлёю... Балкевiчу адразу ж уявiлася, як славутыя старыя ваяры ягонага iмклiвага рэзэрву ўвальваюцца, абдзiраючы ружовыя фiранкi й куляючы вядзерцы з кветкамi, у гэтыя сьветлыя вокны, расчыняюць пыльнымi ботамi дзьверы жаночых спалень ды са стрэламi й грукатам вернуцца на зялёны нутраны двор. Зрабiлася агiдна й сорамна. Капiтан надзьмуў шчокi й шумна, павольна выпусьцiў зь лёгкiх паветра. Апошнiя рэшткі iмпэту зьнiклi, нiбы ранiшняя раса ў гарачых прамянях сонца. Трэба было вяртацца, i Балкевiч, тузануўшы конскiя бакi абцасамi, рушыў па зарослай сьцежцы сярод высачэзных гонкiх ясеняў.

Парлямэнцёр зьявiўся рыхтык у пару. Невялiкiя паўкруглыя весьнiцы на браме на момант расчынiлiся, прапускаючы ягонае хударлявае цела, i хуценька вярнулiся ў пачатковы стан абароны. Невысокi чалавечак амаль не хаваў сваёй узрушанасьцi. Ён напружана абвёў круглымi вачыма паўсталыя шэрагi траншэй, нiзка апусьцiў галаву й з адчаем рушыў уперад. Прымаючы з маленькiх рук ружовую капэрту зь пячаткай, Балкевiч убачыў у ягоных шэрых разумных вачах стому.

— Дзякую. Вы можаце вярнуцца ў замак, — холадна прагаварыў капiтан, хаваючы пагляд.

Чалавек яшчэ раз абвёў сумным позiркам варожыя ўмацаваньнi й асьцярожна пайшоў назад, уцягваючы галаву ў плечы. Калi дзьверы зачынiлiся за ягонай сьпiнай, Балкевiч, нiбы агоўтаўшыся, хуткiм рухам зламаў пячатку й разгарнуў графскi лiст. Роўныя прыгожыя радкi пакрывалi крыху шурпатую паверхню паперы шляхетнымi завiткамi.

„Вельмiшаноўны спадар Балкевiч! Шчыра ўдзячны за перададзены Вамi лiст ад спадара палкоўнiка. Мушу, аднак, зазначыць, што ўсе запрапанаваныя iм варыянты я лiчу непрымальнымi, а аднойчы вырашанае мною ня маю ахвоты перайначваць. Усе заўвагi датычна мажлiвых наступстваў зразумеў цудоўна, але гэта нiчога ўжо ня зьменiць. Што тычыцца асабiста Вас, дык Вы, наколькi я разумею, салдат i павiнны выконваць загад. З павагаю, граф...“.

Балкевiч хвiлiну маўчаў, заплюшчыўшы вочы, потым павярнуў галаву да замерлых у чаканьнi афiцэраў i мовiў: „Пачынайце!“

У жоўтых траншэях нiбы надзiмаўся пругкi шар напятага чаканьня, якi нарэшце лопнуў рэзкiм выбухам гучнага залпу. Воблачкi белага едкага дыму ўзьнялiся над зямлёю, з шоргатам пасыпалiся аскепкi старой тынкоўкi з замкавых муроў, са звонам абрынулася ўнiз разьбiтае шкло. Ашалелая цiшыня на момант абгарнула падрапаныя муры. Але ўжо праз iмгненьне, быццам сухi гарох, пасыпалiся кароткiя злосныя стрэлы.

Кастэля адказала не адразу, павольна, але зь нейкаю незразумелаю годнасьцяй. Было вiдаць, што нешматлiкiя стральцы няроўна рассыпалiся па ацалелых ад часу вузкiх байнiцах уздоўж муроў ды на апошнiм паверсе прыземiстае шасьцiкутнае вежы. Раз-пораз ледзьве заўважнае празрыстае воблачка ўзьнiкала зь цьмянага праёму, і куля ўзрывала жоўты пясок на пукатым бруствэры. Але няпрошаным гасьцям шэнцiла куды часьцей.

Балкевiч стаяў, счапiўшы рукi на поясе й перабягаючы поўным нутраною скрухай позiркам то на ўжо пабiты сьвiнцом, нiбы зморшчаны твар старога замку, то на сваiх малайцоў, то на закiданую пяском траву пад нагамi. Ад пачатку ён цешыў сябе цьмяным спадзевам, што некалькi дзясяткаў хвiлiнаў спорнае стралянiны будзе досыць, каб прымусiць ганарлiвых абаронцаў усьвядомiць нарэшце няроўнасьць сiлаў ды капiтуляваць. Але мiнаў час, усё меней жывога месца заставалася на зьнявечаным замкавым чале, а нябачныя стральцы, лiк якiх, адчувалася, ужо добра паменеў, працягвалi з зайздроснаю ўпартасьцяй улiваць гук сваiх стрэлаў у агульную кананаду. Здавалася, нiбы параненае кволае кацяня шчэрыць тонкiя белыя зубкi й адчайна сіпіць, зацiснутае ў кут агромнiстым ваўкарэзам. Капiтан адчуваў, што паўсталая яшчэ ад раньня нутраная сардэчная няўтульнасьць цяпер усё болей разьлiваецца па душы, робячы пакутаю кожнае ймгненьне.

— Спадар капiтан? — асьцярожны чысты голас маладога харужага загучаў з-за пляча Балкевiча. Капiтан з пытаньнем у паглядзе зiрнуў на афiцэра.

— Рэч у тым, што ранiцой, вяртаючыся з заставы, — было вiдаць, што маладзён крыху нэрвуецца, вiдавочна, няўпэўнены, што ён пачуе ў адказ, — я меў прыгоду бачыць тыльны бок замку. Там зусiм тонкiя сьцены й вялiкiя вокны. Я падумаў, калi б пару дзясяткаў чалавек...

— Вы ўжо маеце загад? — спакойна перабiў яго Балкевiч.

— Так, але...

— Значыцца, выконвайце яго, — капiтан гаварыў роўна й ветлiва. Але ўсе ў сотнi добра ведалi, што за вонкавай мяккасьцяй хаваецца мэталёвая настойлiвасьць. Харужы высьцягнуўся й подбегам рушыў да сваёй траншэi.
 

   

Да Балкевiча неўзабаве падбег артылерыйскi старшыня, выслухаў, схiлiўшы галаву, загад, казырнуў i борзьдзенька пашыбаваў да рэдутаў. Празь некалькi хвiлiнаў да звыклае ўжо мешанiны няроўнага грукату дадаўся зусiм новы важкi гук. Цяжкiя гарматы падалiся, вязнучы коламi ў пяску, крыху назад, а два круглыя парожнiя ядры, апiсаўшы парабалу над мёртваю прасторай памiж замкам i ўмацаваньнямi нападнiкаў, ляснулiся ў нябачны нутраны двор. Нешта гучна трэснула, страшна заiрзалi конi, на момант прыпынiлiся стрэлы з круглых байнiц вежы.

Тое, што адбылося наступнаю хвiлiнай, потым надоўга засела ў памяцi бывалых ваякаў. Нават увечары, лежачы вакол начных вогнiшчаў, старыя салдаты й маладзенькiя афiцэры ўзгадвалi гэтую падзею, ня ведаючы, зь якога боку падысьці да яе з ацэнкаю.

На нейкi момант бясконцая нiтка стралянiны парвалася, пакiнуўшы ў паветры нязвыклую пустату. Празь некалькi ймгненьняў яна павiнна была абрынуцца новаю хваляй сухога грукату. Але раптоўна прасторай запанаваў чалавечы голас. Моцны вецер прынёс ягоны гук ад параненай чырвонай вежы. У вялiзнай аконнай нiшы высокага другога паверху зьявiлася дужая мужчынская пастава.

— Стойце! Не страляйце хаця хвiлiну! Паслухайце! — гукнуў чалавек зь сiвою барадой, у белай кашулi, вайсковых портках i старых ялавых ботах.

На кароткі момант ён замоўк, хутка абводзячы гарачым позiркам гусарскiя шэрагi й мiжволi сьцiскаючыся ў чаканьнi стрэлу. Але стрэлу не было. Чалавек, акрылены цiшынёю, схапiўся за рэшты колiшнiх кратаў праваруч ад сябе й пасунуўся блiжэй да краю.

— Я хочу, каб вы ведалi! Нас засталося зусiм мала. Але гэта наш выбар. Нiхто ня здолее адабраць ад нас волю! Вы прыйшлi сюды, каб прымусiць нас жыць, як хочаце вы. Але ведайце! Пакуль тут застанецца хаця адзiн жывы чалавек, вам ня ўдасца забраць нашую свабоду й наш замак! Мы не збаялiся сьмерцi, мы... — ён крыху нахiлiўся наперад, i было добра вiдно, як напялiся жылы на ягонай моцнай шыi i як буйнымi кроплямi коцiцца па маршчаватым твары пот. На момант перарваўшыся, ён зноў набраў поўныя грудзi паветра. Але раптам грымнуў стрэл. Адзiнокi й нiкiм не чаканы. Стары рыўком павярнуў галаву на гук, што прыляцеў адкульсьцi з-за рэдутаў, скалануўся, i ўсе ўбачылi, як па ягоным зьбялелым твары прабегла горкая прыгожая ўсьмешка, а па белай кашулi пачалi паволi расплывацца чырвоныя плямы. Вузлаватая рука кiнула сваю апору, спрабуючы закрыць iрваную дзiрку ў грудзях, стары згубiў раўнавагу й тузануўся наперад. У жахлiвай напятай цiшынi ягонае цела паляцела ўнiз i важка ўпала на дол за некалькi мэтраў ад брамы. Ён ляжаў унiз тварам на жаўклявым пяску дарогi, i жыцьцё павольна пакiдала ягонае дужае цела.

— Та-а-тка-а! — жудасны жаночы крык прарэзаў цiшыню й прымусiў паўсталых у поўны рост гусараў адарваць пагляды ад пляцоўкi перад брамаю.

Тонкая дзявоцкая пастава маланкава зьявiлася ў ваконнай нiшы з рэштамi старых кратаў. Прыгожыя сьветлыя косы зьбiлiся набок, поўныя жахам вочы дзiка блiшчэлi. Яе хутка адцягнулi ад акна, але высокi напяты болем голас прымусiў усiх, нарэшце, схамянуцца.

Стары вусаты салдат зусiм недалёка ад скамянелага Балкевiча гучна плюнуў, вылаяўся й злосна стрэлiў, не прыкладаючыся, кудысьцi ў рэльефную выяву графскага герба на вежы. Няроўным залпам адгукнулiся астатнiя, i кананада iзноў павiсла ў паветры. Але цяпер стралялi без iмпэту, зь неахвотаю й абы як.

Душа Балкевiча разрывалася ад жахлiвага болю. Ён ня чуў стралянiны, ня бачыў нiчога, акрамя распластанае фiгуры ля брамы. Няўцямнаю галавою ён хутчэй адчуваў, чым разумеў, што адбываецца нешта страшэннае, тое, чаго не павiнна было адбыцца. I вiною гэтаму — акурат ён. Але чаму? I што рабiць? На гэтыя пытаньнi адказаць ён ужо быў ня ў стане.

— Спадар капiтан, прабачце, але людзi дагэтуль без абеду, стамiлiся. Цi не загадаеце Вы... — ратавальны голас гаспадарчага старшынi вырваў Балкевiча з палону пачуцьцяў. Ён пiльна паглядзеў афiцэру ў твар, нiбы старому раптоўна сустрэтаму сябру.

— Канечне загадаю! Зараз жа ўсё спынiць i адвесьцi людзей у лягер. Нешта са мною сталася... — услых заключыў Балкевiч i стомлена сеў на зямлю.

Сiняя паўцемра спусьцiлася на дол. У нязвыклай цiшынi гучна стракаталi конiкi. Гусары тулiлiся да вогнiшчаў, ратуючыся ад камарэчы, што немавед адкуль зьявiлася ў цёплым нерухомым паветры, i ўголас гаманiлi. Балкевiч устаў i, склаўшы за сьпiнаю рукi, паволi рушыў па роснай траве. Думкi зноў, хаця й ня гэтак змрочна, як удзень, вiлiся ў яго галаве. Здарэньне са старым упарта не хацела пакiдаць яго ў спакоi. Навошта ён палез на вакно? Няўжо яны сапраўды згодныя памерцi, адстойваючы сваё права не ваяваць? Чаму стары граф не захацеў удзельнiчаць у вайне, калi ваююць усе? Цi гэта сам граф у белай кашулi памiраў каля ўваходу ўва ўласны замак? Адказу не было. Балкевiч сам не заўважыў, як выйшаў на дарогу й пайшоў у напрамку да замку.

Вартавы спынiў цьмяную постаць рэзкiм воклічам, але пазнаўшы ў прыцемку самога капiтана, сумеўся й саступiў убок. У некалькiх сотнях мэтраў чарнела вежа. Балкевiч добрую хвiлiну глядзеў на яе, а потым, нiбы нешта задумаўшы, рашуча рушыў наперад. Ягоныя ногi вязьлi ў цёплым пяску, з кожным крокам вежа нiбы сама сунулася яму насустрач. Стала вiдаць ужо тое самае вакно, а ён усё йшоў і йшоў. Засталося ня болей за дзясятак крокаў. Балкевiч паволi апусьцiў пагляд i ледзьве ня ўскрыкнуў. Застылае цела ўсё яшчэ ляжала зямлi. Холад прабег па сьпiне, зрабiлася суха ў роце, гучна застукала сэрца. Напэўна, там за брамаю чакалi больш позьняга часу, каб забраць свайго героя. Крыху супакоiўшыся, капiтан прысеў, аглядаючы сiвую галаву, дарагую прыгожую кашулю, моцныя шырокiя далонi... Чамусьцi ўзгадалiся ўчорашнiя думкi аб сьмерцi, i ён мiжволi ўзьняў позiрк на замерлую вежу. Але там было цiха. Балкевiч уздыхнуў, падняўся ды патупаў уздоўж высокае аблупленае сьцяны з шэрымi хвалiстымi валунамi пасярод чырвонае пальчаткi.

Ён iшоў, удыхаючы празрыстую цiшыню. Сьцяна скончылася, і Балкевiч завярнуў за ейны востры рог. З правага боку маўклiва стаяў лес, зь левага цягнуўся роўны шэраг цёмных вакон палаца. Капiтан крочыў, раз-пораз кратаючы пальцамi пабеленую тынкоўку. Вокны блiскалi мертваю пустатою, але раптам... Балкевiч хутчэй зьдзiўлена, чым спуджана спынiўся. Адно акенца жыло. У глыбiнi пакою рухаваю гарачай плямаю гарэла сьвечка. Капiтан ня здужаў пераадолець нечаканага парыву i асьцярожна прытулiўся да шкла, заглядаючы ўнутро. Утульны пакой хаваў свае таямнiцы ў цемры, i толькi адзiн куток асьвятляўся полымем. Балкевiч сьцёр далоняй смугу, што зьявілася на шкле ад ягонага дыханьня, i разгледзеў невялiчкi старадаўнi абразок на сьценцы, сьвечку ў мядзяным сьвечнiку на стале й маленькую дзявочую фiгурку, што ўкленчыла перад высьветленым агнём лiкам. Капiтан сеў на вiльготную зямлю, прытулiўшы галаву да цёплае сьцяны. На цёмным небе высыпалi буйныя ясныя зоры.

* * *

У нядзелю пятнаццатага чырвеня асабiстым загадам гвардзейскага капiтана Балкевiча аблога графскага замку была зьнятая. А ўжо ўвечары ягоная сотня вярнулася ў мястэчка на старыя кватэры. Праўда, сам капiтан зьнiк. Наладжаныя пошукi нiчога не далi.

Жывое зялёнае гольле схiлялася над вузкай лясной дарогай. Задумлiвы гнеды паволi тупаў па роўным жоўтым пяску. Чалавек у вайсковым вольна сядзеў у сядле, спакойна гледзячы кудысьцi ўдалячынь. Першыя цёплыя промнi ранiшняга сонца зьнiчкамi сыпалiся на вiльготны росны дол. Пачынаўся новы дзень.

 
   
Галасуй за ARCHE :)

br.by
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 9 (14) – 2000

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатkу СТАРОНКІ


Рэдаkцыя: analityka@yahoo.com   Web-майстар: mk
Copyright © 1998-2000 ARCHE "Пачатаk" magazine
Апошняе абнаўленьне: 03-02-2001