Ігар Бабкоў. Уяўляючы імперыю: Аляксей Міллер і новая імперская гісторыяграфія
by абдзіраловіч · 18.12.2019
Миллер А. Империя Романовых и национализм: Эссе по методологии исторического исследования. - М.: Новое литературное обозрение, 2006. – 248 с.
Адна з апошніх кніг Аляксея Міллера магла б быць цікавая беларускаму чытачу ў самых розных кантэкстах.
Вядома, перш за ўсё ў змястоўным (дысцыплінарным): Міллер адзін з першых і найбольш цікавых расейскіх гісторыкаў постсавецкага часу, які ў межах гісторыі расейскай імперыі заняўся яе заходнімі ўскраінамі і такім чынам ўварваўся ў сферу інтарэсаў беларускай і ўкраінскай (а таксама польскай і часткова літоўскай) гісторыяграфіяў. Вядома, гэтае ўварванне адноснае: Міллер займаецца менавіта імперскай гісторыяй другой паловы дзевятнаццатага стагодздзя, часам, калі беларуская і украінская гісторыі хаця й з’яўляліся часткай гісторыі імперыі, але не супадалі з ёй напоўніцу. Часам, калі протанацыянальныя эліты шукалі іншыя генеалогіі і будавалі іншыя праектнасці. У гэтым сэнсе побач з імперскімі ідэямі, праектамі й ідэнтычнасцямі паўставалі контр-дыскурсы, альтэрнатыўныя праекты, іншыя ідэнтычнасці. Беларуская й украінская гісторыяграфіі бяруць гэтую альтэрнатыву, гэтую іншасць у якасці асноўнай лініі, абгрунтоўваючы свой выбар як генеалагічна (імперскі фактар – досыць позні і знешні), так і тэлеалагічна (калі мы маем сёння незалежныя Беларусь і Украіну, дык значыць тая, альтэрнатыўная лінія перамагла і гісторыкі з поўным правам могуць лічыць яе асноўнай.) Тым ня менш, які-колечы выбар асноўнага вектара маргіналізуе іншыя вектары развіцця.
Міллер адзін з нешматлікіх расейскіх гісторыкаў, які ўсведамляе гэтую дылему: пры гэтым яго цікавіць ня толькі гістарычная рэальнасць дзевятнаццатага стагодьдзя, з сутыкненнямі нацыянальнага і імперскага, канфліктам прота-нацыянальных элітаў, канкурэнцыяй праектаў – але і сённяшнія практыкі пісання гісторыі, сённяшнія палітыкі памяці ў рэгіёне, якія рацыяналізуюць тое, што адбылося, рэтраспэктыўна надаючы яму тую пэўнасць, непазбежнасць, асноўнасць, якая не была бачная з перспектывы самога часу.
Адна з асноўных тэмаў у даследчым дасье Міллера — гістарычнае раздарожжа 19 стагодздзя з праектам “вялікай рускай нацыі”, праектам, які – і тут Міллер дастаткова шчыры – так і не рэалізаваўся ў гісторыі. Яго аналізу прысвечаная папярэдняя кніга аўтара “Украінскае пытанне ў палітыцы ўладаў і ў расейскім публічным меркаванні”. У ёй Міллер паспрабаваў разгледзець палітыку імперскіх уладаў у дачыненні да заходніх ускраінаў не проста як натуральныя практыкі русіфікацыі і нацыянальнага прыгнёту, але і як рацыянальны праект канструявання новай імперскай нацыі (рускай), які быў больш складаным, чым этнічна расейскі, але і больш натуральным і зразумелым для расейскага грамадзтва, чым проста супольнасць народаў імперыі. Паводле Міллера, за гэтым праектам стаялі дастакова рацыянальныя практыкі рэалізацыі імперскай улады. І менавіта гэтая рацыянальнасць імперыі дазваляе не выключаць еўрапейскі усход дзевятнаццатага стагодьдзя з агульных працэсаў еўрапейскай мадэрнасці, сьпісваючы яго на адсталасць, расейскую (альбо усходнееўрапейскую) ментальнасць ці на што іншае з “арыенталістычнага” тлумачальнага набору.
Так, імперскія практыкі як практыкі рацыянальныя – менавіта гэта выдзяляе Міллера з шэрагаў расейскіх гісторыкаў, якія займаюцца гістарычнай унікальнасцю імперыі. Якія, звяртаючыся да падзейнай, палітычнай альбо сацыяльнай гісторыі Расейскай імперыі, і нават да гісторыі ідэяў у Расейскай імперыі, — адасабляюць – і гэтым самым этнізуюць, нацыяналізуюць свае аб’екты. У выніку гісторыя адной з самых касмапалітычных імперыяў напісана з этнацэнтрычных пазіцыяў, як гісторыя асобнага выпадка.
У “імперыі Раманавых…”
Міллер працягвае разглядаць азначаныя сюжэты. Але пры гэтым аўтар называе сваю новую кнігу метадалагічнай. І зусім не таму, што сама кніга абяцае нам метадалогію ў традыцыйным сэнсе, у якасці набора пэўных нормаў, правілаў, рэкамендацыяў. Метадалогія па Міллеру – гэта таксама не прыадкрыванне “кухні гісторыка”. Гэта хутчэй рэфлексіі з сферы “палітыкі веды”, — спроба разабрацца, як тое, што гаворыць і піша гісторык звязана з тым, адкуль ён гэта гаворыць. І якія наступствы гэтага прамаўлення з пэўнай пазіцыі альбо пэўнага мейсца.
Першы раздзел Гісторыя расейскай імперыі ў пошуках масштаба і парадыгмы пачаткуе палеміку з тым, што Міллер называе нацыянальнай парадыгмай пісання гісторыі і з тым, што звычайна абазначаецца як рэгіянальны падыход. І адзін і другі ў дачыненні да імперскай гісторыі 19 стагодздзя паводле Міллера аперуе канцэптамі больш позняга перыяду (перыяду нацыянальных праектаў, альбо перыду новага геапалітычнага і геакультурнага падзелу імперыі, новых рэгіёнаў) і спрабуе знайсці ў тагачаснай рэальнасці тое, чаго там яшчэ не было. Сваю метадалагічную прапанову Міллер называе сітуацыйным падыходам і яна палягае (у ідэале) у максімальным набліжэнні да самой рэальнасці, у пошуках рэальнасці як такой. Другім аспектам сітуацыйнага падыходу Міллер лічыць магчымасць убачыць сітуацыю з розных перспектываў, даць голас розным бакам гістарычнага сутыкнення.
Два наступныя тэксты “Русіфікацыя ці русіфікацыі” і “Ідэнтычнасць і лаяльнасць у моўнай палітыцы” выступаюць як узоры рэалізацыі сітуацыйнага падыходу. Яны будуць асабліва цікавыя беларускаму (і украінскаму) гісторыку, бо праблематыка каланізацыі і русіфікацыі сталася адной з асноўных тэмаў і адной з базавых матрыцаў беларускага і украінскага гістарычнага наратыву 19 і 20 стагодздзяў. Міллер у гэтых работах спрабуе паказаць разнастайнасць імперскіх стратэгіяў у моўным пытанні (у залежнасці ад рэгіёна і канкрэтнага народу). Далей, як мы маглі б чакаць зважаючы на метадалагічнае крэдо аўтара, Міллер мусіў бы звярнуцца да розных бакоў, розных суб’ектнасцяў, зрэшты — розных рэальнасцяў. Бо ясна, што нават рэальнасці у якіх жылі (на адной і той жа тэрыторыі) шляхецкі паўстанец, праваслаўны святар, прысланы з цэнтральных губерніяў, беларускі вясковец, прадстаўнік імперскай адміністрацыі, гэбрайскі местачковец, — нават рэальнасці былі рознымі.
Але якраз такі ў гэтым аспэкце кніга Міллера расчароўвае. Прынамсі беларускага даследчыка, які займаецца дзевятнаццатым стагодьдзем. Расчароўвае не проста татальнай неабазнасцю ў беларускай і (у меньшай ступені) украінскай гісторыяграфіях, татальнай адсутнасцю спасылак на працы беларускіх і украінскіх (за рэдкім выключэннем) гісторыкаў. Расчароўвае якраз прынцыповым нежаданнем даць голас іншаму, прыняць і паспрабаваць зразумець іншую суб’ектнасць, інсшую даследчую (а нават і культуную) перспектыву. Пасля пахвалы разнастайнасці ( у сваёй першай, метадалічнай частцы), пасля тонкай дыскваліфікацыі сваіх калегаў з нацыянальнага і рэгіянальнага лагераў, Міллер у сваіх рэальных практыках пісання гісторыі пераўтвараецца ў банальнага апалагета ліберальнай імперыіі, які ў рэтраспектыўнай вайне рэальнасцяў спрабуе навязаць 19 стагодздзю толькі адну рэальнасць – рэальнасць імперскай адміністрацыі і яе практыкаў.
Менавіта гэта дазваляе прачытваць кнігу Міллера не толькі ў дысцыплінарнай перспектыве, але і як сімптом пэўных працэсаў, што адбываюцца ва Усходняеўрапейскай гуманітарыстыцы (і шырэй, ва ўсходнееўрапейскім мысленні пасля камунізма). Гэты другі кантэкст больш масштабны, але й больш спекулятыўны, — кантэкст фармавання новага вобразу Усходняй Эўропы, паўставання а часам і сутыкнення новых ідэнтычнасцяў, кантэкст канкурэнцыі новых ідэяў і тлумачальных стратэгіяў. Менавіта гэты, другі кантэкст самы спрэчны, але й самы цікавы.
Звяртаючыся да яго, мы маглі б высунуць наступную гіпотэзу. Недзе ад канца 90-х гадоў мінулага стагодьдзя мы назіраем пэўныя канцэптуальныя зрухі ў расейскай гуманістыцы і, магчыма, па ўсім расейскім культурным полі. Гэтыя зрухі можна апісаць як пераарыентацыю ад універсалісцкай (і ў той жа час ізаляцыяністскай) парадыгмы Расея – Захад (з адпаведнымі пошукамі сусветнай місіі Расіі) на спробы размяшчэння расейскай гісторыі (і рэальнасці) у макрарэгіёне Усходняя Эўропа. Магчыма гэтая пераарыентацыя звязаная з правалам як інтэгратыўнай так і радыкальна альтэрнатыўнай стратэгіяў у дачыненні да Захада. У часы пост-посткамунізма Расея засталася не толькі без унівэрсальнай місіі савецкага перыду, але нават і без рацыянальнасці – тыпу паводзін, які б дазваляў гібрыдызацыю заходніх стратэгіяў, як гэта адбылося на Далёкім Усходзе, які ўрэшце рэшт знайшоў сваю мадэрнасць.
Адсутнасць гэтага і прывяла да вяртання на рэгіянальны, нацыянальны і нават лякальны ўзроўні. У дачыненні да усходнееўрапейскіх суседзяў гэта азначае не проста пільнае ўгляданне ў новапаўсталыя нацыянальныя наратывы, аналіз новых суб’ектнасцяў. Расея не проста зноў адкрывае для сябе Усходнюю Эўропу. Як праект, як дыскурс. Яна пачынае шукаць сябе ва Усходняй Эўропе. А гэта значыць пачынае работу з гістарычным архівам, спрабуе каталагізаваць спосабы і віды сваёй прысутнасці ў рэгіёне – што амаль аўтаматычна значыць і магчымасці дамінацыі. Не толькі эканамічна альбо палітычна, але й інтэлектуальна.
Адзін з фрагмэнтаў альбо сымптомаў гэтай тэндэнцыі бачны ў паўставанні новай імперскай гісторыяграфіі.
Фармальна пад новай імперскай гісторыяграфіяй мы можам разумець з’яўленне групы гісторыкаў, якія займаюцца гісторыяй расейскай імперыі, альбо нават больш канцэптуальна імперскім вымярэннем гісторыі Расеі. Такое з’яўленне новага даследчага кірунка (як зрэшты і высоўванне праблематыкі імперыі на першы план) магло б быць шараговай падзеяй, калі б ня некалькі абставінаў.
Самі гэтыя гісторыкі актыўна перакрочваюць дысцыплінарныя межы і ўступаюць у дыскусыі па агульным пытаннем рэгіянальнай значнасці. Яны вядуць актыўную палітыку веды: фармуюць вобраз рэгіёна, экстрапалюючы структуру імперскага свету на іншыя эпохі, спрабуючы рэабілітаваць імперскасць як для самой Расеі, так – і гэта больш істотна – для ліберальнага Захаду.
Гэтае новае канцэптуальнае адкрыццё імперскасці адбываецца ў іншых абставінах, у новай эпосе і звязана з пэўнымі канцэптуальна-метадалагічнымі зрухамі. У творах новай імперскай гістарыяграфіі перад намі ня проста падзейная гісторыя. Новыя гісторыкі шукаюць рацыянальнасць імперыі і ў гэтым сэнсе імкнуцца ўпісаць рэгіён (рэтраспектыўна) у матрыцу еўрапейскай мадэрнасці. Іх базавая тэза палягае на тым, што імперыя і праект мадэрнасці зусім не супярэчаць адно аднаму. Больш за тое: у сучасную пост-мадэрную эру “імперская рацыянальнасць” паводле іх можа зноў стаць актуальнай. Ва ўласна расейскім жа кантэксце яна (імперская рацыянальнасць) дазваляе спадзявацца на пэўную логіку і стратэгію дзеянняў ва ўмовах няпэўнасці расейскага нацыянальнага праекту.
У кантэксце гэтых працэсаў кніга Міллера цікавая як сымптом і як прыклад новай імперскай гісторыяграфіі за работай. Гісторыяграфіі, якая не проста займаецца гісторыяй імперыі (экстрапалюючы вольна ці нявольна вобраз імперыі й на савецкія часы), але й спрабуе навязаць пэўныя імперскія схемы і стэрэатыпы сваім пост-імперскім альбо посткаляніяльным суседзям.
Такім чынам, можна было б сказаць, што новая імперская гісторыяграфія функцыянуе ў некалькіх кантэкстах, на розных узроўнях.
У плане “глябальным” – у свеце вытворчасці і спажывацьня веды на ўзроўні глябальных рэпрэзентацый – новая імперская гісторыяграфія імкнецца пераадолець комплекс ускраіны альбо перыферыйнасці расейскай гісторыі і знайсці за ёй (у ёй) сістэму рацыянальнасці, а не рускую ідэю альбо місію.
У плане рэгіянальным – уступаючы ў спрэчку па Сярэдняй і Усходняй Эўропе – новая імперская гісторыяграфія імкнецца супрацьстаяць “арыенталізацыі” гэтага рэгіёну і ў той жа час рыхтуе новыя імперскія стратэгіі дамінацыі – маргіналізуючы традыцыі Сярэдняй Эўропы, прадстаўляючы іх як лакальныя і неіснуючыя, альбо стыгматызуючы як “этнічныя” альбо нацыяналістычныя”.
У плане Беларусі й Украіны – новыя імперскія гісторыяграфы з аднаго боку імкнуцца пераадолець традыцыйныя імперскія і савецкія стэрэатыпы, з другога – так і не выходзяць за межы традыцыйнай імперскай карціны свету, у якой беларускае і украінскае паблажліва разглядаецца як этнічнае, лякальнае і перыферыйнае адхіленне ад праўдзіва расейскага, — цэнтральнага, дамінантнага, а цяпер яшчэ і лібэральна-імперскага.